Шаланда А.І матэрыялы па даследванню радаводу І гербу




Дата канвертавання16.03.2016
Памер88.57 Kb.
Шаланда А.І
Матэрыялы па даследванню радаводу і гербу

Ядкоўскіх у фондах ГДГАМ

Сярод збораў Гарадзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея адным з найбольш каштоўных з’яўляецца рукапісны фонд, які ахоплівае дакументы ХVІ–пачатку ХХ ст. з матэрыяламі па гісторыі, генеалогіі, геральдыцы і сфрагістыцы беларуска-літоўскай шляхты Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (ВКЛ) і Рэчы Паспалітай. Нашу ўвагу прыцягнулі паперы, звязаныя тым або іншым чынам з родам заснавальніка і першага дырэктара Гарадзенскага музея Юзафа Ядкоўскага (1890–1950), якому, дарэчы, і належыць галоўная заслуга ў пошуку і збіранні вышэйзгаданай рукапіснай спадчыны.

Вядома, што нарадзіўся Ю.Ядкоўскі ў Горадні (20/ХІІ 1890 г.) у сям’і Юзафа і Зоф’і Занеўскай. Жонкай яго была Галіна Баброўская, з якой ён меў адзіную дачку Эльжбету [1, s.258–259]. На жаль, больш даўняя гісторыя Ядкоўскіх пакуль не зацікавіла гісторыкаў і краязнаўцаў. Няма, наколькі вядома аўтару, і дакладнага радаводу нават той галіны роду Ядкоўскіх да якой належаў Юзаф. У той жа час, Ядкоўскія – старажытны шляхецкі род, які вядомы ў ВКЛ з канца ХV ст. Так, яшчэ ў 80–90 г. ХV ст. верагоднаму заснавальніку роду “Ейдку” вялікім князем літоўскім у Расіенскай воласці Жамойці быў наданы “чоловек Буйвид [2, слп.80]. Паводле ж рэестру 1528 г. войска ВКЛ нейкі Пан Юри Едко мает ставити двадцать девять коней[3, с.38], што сведчыць аб яго заможнасці. Некалі ўласнае літоўскае імя “Едка” ці “Ёдка” паступова ператвараецца ў прозвішча. Тыя, што аселі ў Лідскім павеце, захавалі яго ў першапачатковай форме – Ёдкі. Гэты род з польскім гербам “Ліс” быў зацверджаны ў шляхецтве расійскім Дэпартаментам Герольдыі ў 1845 г. [4, s.15].

У Гарадзенскім павеце нашчадкі Едкі вядомы з першай паловы ХVІ ст., але іх прозвішча на беларускі манер гучала ўжо як “Едкович”. У 1539–1540 г. у земскім Гарадзенскім судзе разглядалася справа гаспадарскага баярына “Степана Едковича”. Паводле скаргі нейкага Шымана Рымовіча: “…он перенемши мене, едучи мне з ярмарку з Одельска, на дорозе в ночи збил и зранил… [3, Т.17, с.333]. 2 ліпеня 1558 г. ліст Балтрамея Юр’евіча яго зяцю Станіславу Мікалаевічу Эйсымонту ў якасці сведкі падпісаў “Миклаш Едкович” [3, Т.21, с.342]. Гэта найбольш раннія, вядомыя нам, прадстаўнікі Ядковічаў з Гарадзенскага павету. Іх родавым гняздом былі Ёдкавічы ці Ёдкі ў Красніцкай воласці [5, s.4, 8]. Паводле попісу войска ВКЛ 1567 г. 2 кастрычніка запісаўся Бенадыкт Амброжеевич з Юдкевич конь, п[а]нц[и]р, пр[илбица], рогати[на] [2, слп.684]. Прывязка яго да Юдкавічаў ці Ёдкавічаў дазваляе меркаваць, што і ён належаў да згаданага роду.

З паланізацыяй роду прозвішча Ядковічаў набывае форму Ядкоўскі (“Jodkowski”). Паводле “квітацыйнага” лісту ад 31/ХІІ 1678 г. Станіслаў Караль Ядкоўскі скарбнік дэрпскі з жонкай Барбарай Раднеўскай прадалі сваю частку маёнтку Прыстань Костыкі за 7500 злотых польскіх Паўлу Андрэю Ялозе падчашаму аршанскаму [6, а.1–1 адв.].1 Згаданы маёнтак ляжаў у Ашмянскім павеце і належаў бацькам жонкі Станіслава Ядкоўскага [6, а.2–2 адв.]. Гэта сведчыць, што шлюб часта быў адной з галоўных прычын міграцыі шляхты ў іншыя паветы ВКЛ [4, s.15].

Адзначыць трэба тытул дэрпскага скарбніка, якім карыстаўся Станіслаў. У ХVІІІ ст. вядомы нам толькі тры прадстаўнікі роду Ядкоўскіх якія займалі нейкія пасады і карысталіся тытуламі: у 1709 г. Стэфан – енерал Яго Каралеўскай Міласці Гарадзенскага павету, у 1733 г. Аляксандр – гараднічы і суддзя каптуровы таго ж павету, і ў 1764 г. Юры – таксама гарадзенскі каптуровы суддзя [3, Т.7, с.222, 293, 465]. Такая рэдкасць, а таксама даволі не высокая ступень згаданых тытулаў сведчыць на карысць паступовага маёмаснага і палітычнага заняпаду роду, выкліканага моцным разгалінаваннем Ядкоўскіх. Паводле попісу войска ВКЛ 1765 г. з ваколіцы Ёдкавічы Гарадзенскага павету Ядкоўскія2 выставілі атрад колькасцю 37 чалавек, з якіх 26 былі на конях, а астатнія пешшу, пры гэтым сярод апошніх Антоні, Мацей і Ваўжынец Ядкоўскія былі нават без зброі [3, Т.7, с.421–422]. Акрамя гэтага з суседніх ваколіц: Заневічаў3, Сезяневічаў, Гліндзічаў і Мацеёўшчыц, Эйсымонтаў, Котры і Каменскай парафіі запісаліся яшчэ 8 Ядкоўскіх – конных 5, пешых 3 [3, Т.7, с.417–421, 423]. Сярод іх без зброі быў толькі пешы Мікалай Ядкоўскі з Заневічаў.

Негледзячы на збядненне роду ў ХVІІІ ст. Ядкоўскія, тым не менш, прымаюць удзел у палітычным жыцці краіны – у 1764 г. пратэст супраць пастаноў Гарадзенскага павятовага сойміку падпісалі з групай шляхты Мацей, Антоні і Юры Ядкоўскія [3, Т.7, с.224]. Паводле спісу шляхцічаў­-уладальнікаў маёнткаў у Гарадзенскім павеце, які быў складзены ўжо пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у 1796 г., у ваколіцы Гліндзічы быў спадчынны маёнтак Антонія, у ваколіцы Ёдкавічы – спадчынныя маёнткі Тадэвуша, Аляксандра і зноў Антонія Ядкоўскіх, а ў ваколіцы Кулікі быў маёнтак, узяты ў пасагу Антоніям Ядкоўскім4 [7, а.8 адв., 11 адв., 13].

У выніку моцнага разгалінавання роду, паўтору адных і тых жа імёнаў (у вышэй згаданым попісе войска ВКЛ 1765 г., напрыклад, Станіславаў было 5 чалавек, з якіх двое для адрознення падаюцца з прыдомкамі Ляховіч і Тамкевіч, Юрыяў – 6, з якіх адзін таксама Ляховіч, Антоніяў – 4, Юзафаў – 3 і г.д.) скласці дакладны і поўны радавод Ядкоўскіх без дадатковых матэрыялаў немагчыма. Таму, тыя дакументы, якія захоўваюцца ў фондах ГДГАМ будуць карыснымі для далейшага вывучэння генеалогіі гэтага роду.

Храналагічна яны ахопліваюць перыяд з канца ХVІ–па другую палову ХІХ ст. і раскладаюцца на дзве групы: 1 – крыніцы, якія маюць прамое дачыненне да Ядкоўскіх і 2 – крыніцы ўскосныя. Да першых, якія закранаюць перыяд ад пачатку ХVІІІ да другой паловы ХІХ ст., адносяцца:



  1. 1709 Ліст “вызнаны” Паўла Ядкоўскага і яго жонкі Марыяны Занеўскай для Андрэя Сезянеўскага, у якім прызнаецца моц прадажнага лісту на нейкія землі ў Гарадзенскім павеце. Сярод сведкаў падпісаўся Крыштаф Ядкоўскі [8].

  2. 1775 24/VІІІ Выпіс з кніг гродскіх Гарадзенскага павету з рэляцыйным квітам енерала ЯКМ Вінцэнта Маліноўскага аб дастаўцы позваў у суд групе шляхты, у тым ліку і Станіславу Ядкоўскаму ў Ёдкавічах, па скарзе Тадэвуша Сезянеўскага [9].

  3. 1777 3/Х Выпіс з кніг гродскіх Ваўкавыскага павету з рэляцыйным квітам енерала ЯКМ Гарадзенскага павету Якуба Кулікоўскага па судовай справе Тадэвуша Сезянеўскага з групай шляхты з ваколіцы Міткевічы, сярод якіх згадваецца Станіслаў Ядкоўскі, аб грунтах маёнткаў Бурнева і Сезяневічаў [10].

  4. 1778 26/І Ліст­-абвестка гродскага суда Гарадзенскага павету па вышэй згаданай справе. У прыпісцы, зробленай енералам Гарадзенскага павету 11 ліпеня 1778 г., сцвярджаецца, што сёмая копія абвесткі была дастаўлена пану Станіславу Ядкоўскаму ў ваколіцу Ёдкавічы [11].

  5. 1778 8/VІІ Выпіс з кніг гродскіх Ваўкавыскага павету па той жа справе са згадкай Станіслава Ядкоўскага [12].

  6. 1778 13/VІІ Выпіс з кніг гродскіх Гарадзенскага павету з рэляцыйным квітам енерала ЯКМ аб дастаўцы судовай абвесткі групе шляхты, у тым ліку і Станіславу Ядкоўскаму5 па справе Тадэвуша Сезянеўскага [13].

  7. 1787 27/VІ Выпіс з кніг земскіх Гарадзенскага павету з лістом прадажным Станіслава6 і Адама Крыштафовічаў Ядкоўскіх, жонкі Станіслава Ганны Антушэўскай і іх родных сясцёр Кацярыны і Марыяны Крыштафовічаўнаў Ядкоўскіх на палову маёнтка Сезяневічы Гарадзенскага павету для Юзафа Глябовіча Сезянеўскага ад 1742 14/VІ. З яго вынікае, што бацька Ядкоўскіх Крыштаф7 меў жонку Палонію з Сезянеўскіх, па якой, а таксама па сваіх памерлых дзядзьках Яне і Адаме Андрэевічах Сезянеўскіх, яны атрымалі палову маёнку Сезяневічы. Варта адзначыць, што ліст Ядкоўскіх быў напісаны ў Ёдкавічах адным са сведкаў, бо самыя яны былі непісьменныя [14].

  8. 1791 23/ІV Ліст застаўны Міхала Юзафавіча Сезянеўскага пану Адаму Казімеравічу Ядкоўскаму і яго жонцы Кацярыне Панцэвіч на ніву грунту аромага поля названую Сезянеўшчызна. Сведкамі былі Міхал і Мацей Ядкоўскія [15].

  9. 1810 1/ХІІ Выпіс з кніг земскіх Гарадзенскага павету са скаргай шляхты ваколіцы Сезяневічы на графа Міхала Дзяконьскага і Стэфана Багдановіча па захопу апошнімі выгана і сенажацяў. Сярод падаўшых скаргу быў Міхал Ядкоўскі [16].

  10. 1841 Ліст “пленіпатэнцыйны” Казімера Сезянеўскага для сястры Разаліі замужам за невядомым з імя Ядкоўскім [17].

  11. 1843 16/ХІІ Пасведчанне для Мацея ці Матвея сына Адама Ядкоўскага аб тым што, ён шляхціч і не можа быць абкладзены падушным падаткам. У дакуменце паведамляецца, што “Гродненскаго уезда парафии Эйсымонтовской, по ревизской сказке первоначальной в сем крае переписи 5/1795 г./ при околице Иодкевичах Малых под № 1 Адам Яковлев8 сын Иодковский 46 л[ет]. Его жена Тереса 40 л[ет], их дети: сын Киприян 11 л[ет], дочь Мариянна 5 л[ет] и под № 2 Адам Иванов Иодковский 40 л[ет]. Его жена Анна 28 л[ет] на лицо в числе шляхте /дворян/ записанными состоят…” [18, а.1].

  12. 1875 23/ІХ Пастанова “Гродненского уездного присутствия” аб адтэрміноўцы вайсковай службы шляхціча Ўладзіслава Варфаламея Пятровіча Андрэевіча9 Ядкоўскага “как единственному способному к труду сыну при отце, так же к труду способных братьях моложе 18-ти лет” [19, а.1].

  13. 1882 ?/ХІ Прашэнне шляхты – жыхароў Гродзенскай губерніі і павета ваколіцы Малыя Ёдкавічы па справе аб спрэчным выгане з мяшчанамі ваколіцы Станевічы. Сярод падаўшых прашэнне былі “дворяне”: Іван Іванавіч, Казімер Станіслававіч і Пётр Міхайлавіч Ядкоўскія, а таксама ўжо “мещане”: Ксаверы Станіслававіч, Антон Міхайлавіч і Каміл Андрэевіч Ядкоўскія. У дапісцы ад 27/ХІ 1883 г. падаецца спіс асоб, дзе згадваюцца: Міхаіл, Казімер, Іван, Ксаверы, Антон, Станіслаў, Каміл, Людвік і Тэрэса Ядкоўскія. У дапісцы ад 1/V і 17/ХІ 1884 г. яшчэ раз згадваецца Пётр Міхайлавіч Ядкоўскі, у запісе ад 28/VІ 1884 г. – Ксаверы, а 22/ХІ таго ж году – Пётр Антонавіч Ядкоўскі [20].

Да другой групы мы адносім дакументы, у якіх Ядкоўскія выступалі ў якасці сведак у розных прадажных, застаўных і іншых лістах. Усе матэрыялы паходзяць з Гарадзенскага павету і ахопліваюць канец ХVІ–другую палову ХVІІІ ст. У выніку іх прагляду склаўся наступны спіс асоб:

  1. Аўгуштын Янавіч Ядковіч (“Едкович”) – сведка Крыштафа Габрыялавіча Эйсымонта, да ліста якога ад 15/VІ 1594 г. ён прыклаў сваю пячатку з гербам: на тарчы месяц дагары рагамі, над ім шасціпраменная зорка, ініцыялы “В[?]”, “І[odkowski]”10 (Гл.мал.) [21, а.1 адв.]. Перад намі – польскі герб “Ляліва”, якім карысталіся гарадзенскія Ядковічы ці Ядкоўскія, прычым у польскіх геральдычных крыніцах пад гэтым гербам такога роду няма [22, s.92]. Больш за тое, вядомы геральдыст ВКЛ ХVІІ ст. Войцах Каяловіч Ядкоўскіх адносіў да іншага польскага гербу “Налуч”, праўда, вядомая яму галіна жыла ў Менскім павеце [23, s.176]. Калі яшчэ згадаць Ёдкаў гербу “Ліс”, то можна казаць аб такой з’яве ў геральдыцы Ядкоўскіх як шматгербавасць.

  2. Якуб Зыгмунт Ядкоўскі11 ў якасці сведкі падпісаў 6/І 1629 г. застаўны ліст Астафія Курча упіцкага старосты, але пячатку не прыклаў [24]. Цікава, што яго імя і прозвішча ў тэксце дакументу падкрэслена чырвоным алоўкам. Магчыма, Юзаф Ядкоўскі, праглядаючы ліст, такім чынам адзначыў свайго далёкага продка.

  3. Мікалай Ядкоўскі – сведка ў застаўным лісце Андрэя Карася ад 1637 г. [25].

  4. Станіслаў Ядкоўскі ў якасці сведкі быў ужыты ў дакуменце ад 9/І 1763 г.[26].

  5. Міхал Ядкоўскі сведка ў застаўным лісце Адама Эйсымонта ад 19/ІV 1768 [27] і ў іншым дакуменце ад 10/ІХ 1770 г. [28].

  6. Станіслаў Ядкоўскі можа той, што і пад № 4, а можа іншы – як сведка згадваецца ў лісце ад 26/І 1778 г. [29].

Такім чынам, прыведзеныя дакументы і матэрыялы даюць шмат інфармацыі для даследавання гісторыі, генеалогіі і гербу роду Ядкоўскіх. Пэўныя высновы можна зрабіць ужо зараз. Па-першае, род гэты літоўскага паходжання і каталіцкі па веравызнанню, што падцвярджае меркаванне польскага даследчыка Я.Якубоўскага [5, s.4, 8]. Па-другое, Ядковічы ці пазней Ядкоўскія, гняздом якіх ў Гарадзенскім павеце была ваколіца Ёдкавічы, належалі да польскага гербу “Ляліва”. Па-трэцяе, у выніку моцнага разгалінавання Ядкоўскія ў Гарадзенскім павеце хутка збяднелі, здрабнелі і згубілі палітычнае значэнне ў краіне. Больш таго пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, частка з іх не змагла падцвердзіць у Расійскай імперыі сваё шляхецтва, а таму была запісана ў мяшчане. Відаць, калі зыходзіць з таго, што Юзаф Ядкоўскі нарадзіўся ў Горадні, да апошніх належалі і яго продкі.

Літаратура і крыніцы:



  1. Polski słownik biograficzny.– Wrocław­-Warszawa-Kraków, 1964–1965.– 638 s.

  2. РИБ.– Спб, 1910.– Т.27.– 872, 150 с.; – Пгд, 1915.– Т.33.– 1378 с.

  3. АВАК: В 39 т.– Вильна, 1865–1915.– Т.7, 17, 21, 24.

  4. Ciechanowicz J. Jodko vel Jotko // Magazyn Wileński.– № 3-4.– 1997.– S.15.

  5. Jakubowski J. Powiat Grodzieński w w. XVI: mapa w skali 1:40000 (z tekstem).– Kraków, 1934.– 16 s.

  6. НГАБ у Гродне, ф.№ 1663, воп.1, спр.786.

  7. НГАБ у Гродне, ф.№ 92, воп.1, спр.254.

  8. ГДГАМ, КП № 8732/1.

  9. ГДГАМ, КП № 8732/2.

  10. ГДГАМ, КП № 9217/1.

  11. ГДГАМ, КП № 8732/3.

  12. ГДГАМ, КП № 8732/4.

  13. ГДГАМ, КП № 8732/5.

  14. ГДГАМ, КП № 8732/6.

  15. ГДГАМ, КП № 8732/7.

  16. ГДГАМ, КП № 8732/8.

  17. ГДГАМ, КП № 8732/9.

  18. ГДГАМ, КП № 27479.

  19. ГДГАМ, КП № 27475.

  20. ГДГАМ, КП № 27478.

  21. ГДГАМ, КП № 8732/10.

  22. Góryzński S., Kochanowski J. Herby szlachty polskiej.– Warszawa, 1992.– 175 s.

  23. Kojałowicz Wijuk W. Herbarz rycerstwa W.X.Litewskiego tak zwany Compendium.– Kraków, 1897.– 527 s.

  24. ГДГАМ, КП № 8248.

  25. ГДГАМ, КП № 8732/11.

  26. ГДГАМ, КП № 15113.

  27. ГДГАМ, КП № 9217/2.

  28. ГДГАМ, КП № 8732/12.

  29. ГДГАМ, КП № 8732/13.



1 Ліст напісаны па-польску і падпісаны, на жаль, без прыкладання пячаткі: “Sta[nisław] Karol Jodkowski”.

2 У тэксце назва аколіцы і прозвішча Ядкоўскіх падаецца ў формах “Jotkowice” і “Jotkowski”.

3 Родавае гняздо роду Занеўскіх, з якога паходзіла маці Ю.Ядкоўскага.

4 Магчыма, што Антоні Ядкоўскі, які запісаны тры разы – гэта адная і тая ж асоба, але гэта могуць быць і тры розныя асобы (гл. ніжэй у тэксце).

5 Станіслаў Ядкоўскі са спраў 2–6 – адная і тая ж асоба.

6 Магчыма, ідэнтычны з вышэй згаданым Станіславам Ядкоўскім.

7 Ці не сведка гэта з дакументу №1 ад 1709 г.?

8 Якаў – гэта, верагодна, адзіны Якуб Ядкоўскі з ваколіцы Ёдкавічы, які згадваецца ў попісу войска ВКЛ у 1765 г. [3, Т.7, с.421].

9 Пятровіч – імя па бацьку, а Андрэевіч – прыдомак, дадатак да прозвішча ці другое прозвішча.

10 Пячатка: выразаная ў аркушы кустодзея, 13х17 мм.

11 Сaм ён падпісаўся так: “Jakub Zigmunt Jotkowski”


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка