Серж мінскевіч усмешка жалобнай каралевы альбо Тайна магнітнага замка




старонка1/10
Дата канвертавання01.05.2016
Памер2.19 Mb.
  1   2   3   4   5   6   7   8   9   10
Серж МІНСКЕВІЧ
Усмешка жалобнай каралевы

альбо Тайна магнітнага замка
Аповесць легендарных часоў
I
Пакіньце свой смутак!
Гэтыя незвычайныя падзеі адбываліся, калі па белым свеце, вандраваў мастак Дроздіч.

Хадзіў ён у ботах з чырвонага саф’яну, жоўтых атласных шараварах і скураным паўкафтане з узнятым каўняром. У любое надвор’е яго сівыя валасы прыкрываў зялёны ў кавуновыя паскі берэт, з сярэдзіны якога вытыркаўся кароткі закручаны хвосцік. На плячы ў вандроўнага мастака вісела скураная торба, а пры хадзе ён абапіраўся на парасон-кіёчак, зроблены з кораня чорнага дрэва і празрыстага ядвабу. Калі мастак Дроздзіч стамляўся, ён раскрываў парасон і сядаў пад ім на ўзбочыне. Ядваб парасона быў такім тонкім, амаль паветраным, што Дроздзіч праз яго мог добра бачыць усё, што робіцца вакол. І, акрамя таго, гэты празрысты ядваб, нібы вялікае павелічальнае шкло, набліжаў далёкія прадметы. Мастак Дроздзіч глядзеў скрозь свой павелічальны парасон і бачыў, як там, наперадзе, на яго шляху, людзям жывецца. І калі мастак Дроздзіч бачыў, што жывецца ім дрэнна, што ў іх бяда-гора, уставаў ды ішоў да іх паспешлівым крокам.

У скураной торбе мастак Дроздзіч трымаў раскладны мальберт, палітру, збанкі з фарбамі, палатно з таго ж празрыстага ядвабу, што і парасон, пэндзлі з тонкімі, як варсінкі вусеняў, валаскамі. А таксама ў яго торбе быў вялікі пузаты слоік. Туды ён клаў скручаную трубачкай свежую карціну. Спачатку ён заўсёды пісаў на палатне з празрыстага ядвабу і заўсёды адно і тое ж. Ён пісаў усмуткі людзей. Усмешка — гэта ад смеху, тое што з’яўляецца ў смеху, калі куткі вуснаў уверх, а ўсмутка — тое што з’яўляецца ў нас у смутку, калі куткі вуснаў уніз. Мастак Дроздзіч напіша на ядвабе партрэт чалавека ў смутку, яго жаль-жаласныя вочы, яго вусны, як перакуленую лодачку, і пакажа таму чалавеку, а той, гледзячы на сябе, такога шкадобнага недарэку, міжволі ўсміхнецца. Вось тады — хоп! — скруціць мастак Дроздзіч гэты партрэт з усмуткай, у слоік пакладзе і накрыўкай закрые. І чалавек, партрэт якога напісаў мастак Дроздзіч, больш не будзе такім маркотным і сумным.

А ў пузатым слоіку тым часам чараўніцтва адбываецца: партрэт засмучонага чалавека знікае — ядвабнае палатно зноў празрыстым робіцца, а намаляваныя вусны, з апушчанымі долу куткамі, ператвараюцца ў чорнага вусеня.

Заўважыць мастак іншага маркотнага альбо чымсьці засмучанага чалавека, — каваля, рамесніка, купца, малочніцу ці маладзіцу са слязьмі на вачах, тады акуратна страсе вусеня-усмутку з ядвабнага палатна ў слоік, каб той зваліўся на самае дно, і дастае ўжо чыстае, празрыстае ядвабнае палатно. Уздыхне мастак Дроздзіч абмакне пэндзлік у фарбы, уважліва паглядзіць на смуткуючага чалавека і пачынае пісаць яго партрэт. І чалавек той замест усмуткі з усмешкай застаецца.

Калі побач з мастаком Дроздзічам ужо не застанецца аніводнага засмучонага чалавека, ён прымаецца пісаць іншыя карціны — палі, лясы, хаты, нябесныя зоркі — толькі ўжо на звычайным ільняным палатне, і дорыць іх людзям. Сяляне ці гараджане альбо замчане — жыхары замкаў — у падзяку за гэта запрашаюць вандроўнага мастака да сабе дадому, частуюць яго самым лепшым з таго, што ў іх маецца, на начлег даюць самы цёплы і ўтульны пакой і наймякчэйшы ложак. Старасты вёсак, кіраўнікі гарадоў, князі і нават каралі не раз прасілі яго застацца, пажыць альбо пагасціць у іх даўжэй, але мастак Дроздзіч у адказ толькі дзякаваў, кланяўся і заўсёды паўтараў адно і тое ж:

— У гэтулькіх яшчэ землях мне пабываць трэба.

Браў мастак Дроздзіч свае незвычайныя рэчы і адпраўляўся далей.

Так і падарожнічае ён па свеце, пакуль не набярэцца поўны слоік чорных вусеняў...
Аднойчы ішоў мастак Дроздзіч белай дарогай. Доўга ішоў, змарыўся і, як звычайна, вырашыў прысесці на ўзбочыне адпачыць трошкі. Але не паспеў ён як след уладкавацца пад сваім ядвабным парасонам, як зірнуў наперад і зразумеў, што не да адпачынку яму. Падхапіўся і хутка-хутка пакрочыў далей.

Перад ім, уніз па дарозе, ляжала мястэчка. Як ні ўзіраўся мастак Дроздзіч, не мог разгледзець там ні адной жывой душы. Мястэчка выглядала цалкам пустым. «Што ж гэта такое? Куды ўсе падзеліся?» — думаў мастак. Праз свой парасон ён бачыў адчыненыя дзверы хат, раскінутыя тавары на рынкавай плошчы, перакуленыя вёдры ў лужынах пралітай вады каля студняў. Здавалася, жыхары мястэчка толькі што былі там, займаліся сваімі штодзённымі справамі, і раптам, як быццам у адно імгненне, іх не стала.

Мастак Дроздзіч ішоў таропка, задыхаўся.

Нечакана з-пад каменнага моста, перакінутага па-над ровам, які аддзяляў могілкі ад мястэчка, насустрач мастаку вышлі юнак і дзяўчына. Абодва стрункія, ладныя, з прыгожымі тварамі, вялікімі цёмна-карымі вачамі, але вельмі спалоханымі. Юнак і дзяўчына былі падобныя адзін да аднаго, быццам родныя брат і сястра. Хаця, насамрэч, яны не былі нават стрыечнымі братам і сястрой.

На дзяўчыне была белая да каленяў сукенка з гафтам на каўняры і рукавах, мяккія плеценыя з палосак скуры сандалі. Вецер развіваў яе доўгія каштанавыя валасы. Юнак быў апрануты ў ільняную кашулю, падперазаную чырвоным поясам, і палатняныя штаны, запраўленыя ў невысокія боты. На галаве ў яго быў карычневы замшавы капялюш з белым пяром. З-пад капелюша віднеліся цёмна-русыя, да плячэй, валасы.

— Не хадзіце ў мястэчка, добры чалавек, — сказала дзяўчына.

— Туды нельга, — папярэдзіў юнак.

— Я здалёк заўважыў, што тут нешта не тое… Але што здарылася? — спытаў мастак Дроздзіч.

— Удзень раптам святло пацямнела, і наляцелі на горад чорныя віхуры, — пачала распавядаць дзяўчына.

— Каго такая віхура закруціць, ператвараецца ў чорны цень і ляціць уверх, туды, дзе віруе чорная хмара, — працягнуў юнак.

— Нашых бацькоў, суседзяў, усіх-усіх, дзяцей і старых, тых, хто быў у дварах, і тых, хто ў хатах хаваўся, усіх закруцілі чорныя віхуры...

— Праз вокны і дзверы, праз коміны ўляталі віхуры ў хаты...

— Усіх-усіх забралі... Толькі мы з Арцінам засталіся. Вось, паспелі схавацца пад гэтым мостам. А ў мястэчку цяпер нікога няма. Пустэча, страх і жах … — казала дзяўчына.

— Нават усе жывёліны разбегліся… Глядзіце! — юнак паказаў на дарогу.

Сотні маленькіх і вялікіх слядоў жывёл і жывёлінак віднеліся на ёй. Усе сляды вялі прочкі з горада.

— Так, вялікае няшчасце прыйшло ў ваш горад, — прамовіў мастак Дроздзіч.

— Ой, прабачце… Мы зусім забылі прадставіцца. Я — будучы віцязь — Арцін, а гэта — будучая яснапанна Алеолла, — сумна сказаў юнак.

— Пакуль проста Алеолла, — дзяўчына зрабіла рэверанс, але з-за гора, якое яна адчувала, не змагла, як неабходна ў такіх выпадках, усміхнуцца, — мне яшчэ толькі належыць стаць яснапаннай. А мястэчка наша завецца Скімень.

— А я — мастак Дроздзіч, — пакланіўся вандроўнік.

— Мы пра вас чулі... — прызнаўся юнак.

— Пра вас, мабыць, усе людзі чулі, — дадала дзяўчына.

— Гэта Алеолла прыдумала схавацца пад мостам побач з могілкамі, паведаміў Арцін.

— Правільна прыдумала, — пахваліў мастак Дроздзіч. — Я ведаю, што гэта за чорныя віхуры і чорная хмара прайшлі над вашым мястэчкам. Ад іх толькі пад такім мостам, які вядзе ад месца жыцця-радасці да месца жалю-смутку і можна схавацца.

— А што гэта за віхуры і хмары такія? — разам сумна спыталі Арцін і Алеолла.

— Ваш горад наведала Жалобная Каралева Паляндра. Вы, пэўна, чулі пра Снежную Каралеву, уладарку холаду і снегу.

— Так, — кіўнулі Арцін і Алеолла.

— Дык вось, — працягнуў мастак Дроздзіч, — Паляндра — гэта ўладарка гора і смутку. Мне даводзілася яе бачыць — сухая, згорбленая старая. Твар у яе жоўта-карычневы, а зрэдчас становіцца сера-зялёным. На ссівелых валасах замест кароны яна носіць вянок з шасці зачаўрэлых чорных руж. І Паляндра заўсёды прагне людскога гора. Гэтак жа, як мы, калі доўга не паямо, адчуваем голад, таксама і яна пакутуе ад недахопу гора. А калі Паляндра вельмі галодная горам, то робіцца чорнай-чорнай, зморшчваецца і ўся трэскаецца, як кара на балотным карчаку. Тады Жалобная Каралева загадвае сваім слугам збіраць чорных вусеняў і варыць з іх поліўку.

Алеолла і Арцін слухалі мастака з шырока раскрытымі вачамі, а той распавядаў далей:

— У Чорным Балоце, у багне, на Імховай Выспе стаіць сплецены з каравых каранёў церам. На страсе яго ў вялізных гнёздах жывуць чорныя чаплі, а Паляндра — у цераме, у пакоі з няроўнай столлю. Пад церамам знаходзіцца скляпенне для людзей, пераўтвораных у чорныя цені. Паляндра, уся ў чорных строях, лётае па свеце ў чорнай карэце, запрэжанай чорнымі чаплямі — гэта і ёсць тая хмара і віхуры, якія вы бачылі. Чаплі чапаюць і чапляюць людзей, таму яны так і завуцца — чаплі. Як убачаць яны чалавека, закружваюць яго, кружаць, кружаць, пакуль той не ператворыцца ў цень, а потым кідаюць яго ў жалезную ступу, якую Паляндра заўсёды возіць з сабою на задку карэты. Затым Жалобная Каралева разам са сваімі прыслужніцамі-чаплямі кідае цені людзей у скляпенне-цямніцу, пад тым карчакаватым церамам.

Мастак Дроздзіч прымоўк, паглядзеў на неба — ці не збіраецца на даляглядзе чорная хмара — і зноў пачаў апавядаць:

— Вакол той цямніцы ад смутку і гора людскога на балотных купах вырастаюць гнілякі, на якіх і заводзяцца чорна-бурыя вусені. Менавіта з гэтых вусеняў Паляндра гатуе сабе і сваім чаплям поліўку. Але з часам людскія цені становяцца тонкімі, зусім тоненькімі і слабенькімі. Яны ўжо не ў стане сілкаваць балотную зямлю сваім горам, і гнілякі перастаюць расці, і вусеняў на іх заводзіцца ўсё менш і менш. Вось Паляндра кожны год і адпраўляецца за новымі людзьмі. Вы, напэўна, чулі, што раз-пораз дзе-нідзе знікаюць людзі...

Алеолла і Арцін ад гэтага аповеду яшчэ больш засмуціліся.

— Ну досыць ужо, давайце лепш я вашыя партрэты напішу, — прапанаваў мастак Дроздзіч.

— Не трэба, — уздыхнула Алеолла.

— Не да забаваў нам цяпер, — смутна вымавіў Арцін.

— Давайце, давайце.

Мастак звыкла дастаў са скураной торбы мальберт, пэндзлі і фарбы, адкрыў пузаты слоік, прымайстраваў ядвабнае палатно да мальберта.

Першым мастак Дроздзіч напісаў партрэт Алеоллы, затым Арціна.

У дзяўчыны і юнака трошкі адлегла на сэрцы. Уважлівей, ужо не такім затуманенным ад гора позіркам зірнулі яны на рэчы вандроўнага мастака — на збанкі з фарбамі, на пэндзлікі, на мальберт…

— Ой, што гэта за брыдота ў вас такая? — спытала Алеолла і паказала на вусеняў на дне слоіка.

— А, гэта… Усмуткі людзей. Цяпер там ёсць і вашыя. У мяне дамова з Жалобнай Каралевай — я хаджу па свеце, збіраю ўсмуткі людзей і ў выглядзе чорна-бурых вусеняў, прыношу ёй. Тады яна не так часта да людзей наведваецца. Аднак бачыце, якая яна ненаедная... Абагнала мяне, не паспеў я ў вашае мястэчка прыйсці.

— Пачакайце, паслухайце... — задумаўся Арцін, — калі нашы людзі знаходзяцца ў яе скляпенні-цямніцы — значыць, іх можна адтуль вызваліць.

— Правільна! — падтрымала гэтую ідэю Алеолла. — Мы іх вызвалім!

Здавалася, знік смутак з твараў Арціна і Алеоллы. Юнак адчуў сябе сапраўдным віцязем, а дзяўчына — яснапаннай.

— Гэта партрэт так падзейнічаў? — спытала Алеолла ў мастака Дроздзіча.

— Не, — адказаў ён, — калі ў чалавека ў жыцці з’яўляецца мэта, яна здольна выгнаць з яго сэрца смутак і нават заглушыць любы, самы востры боль.

Раптам усё вакол пацямнела. Як ні сачыў мастак Дроздзіч за небам — не ўгледзеў. Закруціліся над імі чорныя віхуры.

— Сюды, да мяне, хутчэй! — крыкнуў мастак Дроздзіч. — Жалобная Каралева дадому вяртаецца!

Мастак раскрыў над сабою ядвабны парасон. Пад яго шмыгнулі і Алеолла з Арцінам. Сяк-так прыціснуліся адно да аднаго.

— Гэты парасон робіць нас нябачнымі для Паляндры і яе паслугачоў, — прашаптаў мастак Дроздзіч.

І праўда — віхуры і хмара хутка пранесліся над імі і зніклі за парослымі лесам узгоркамі.

— Паслухайце, міленькі мастачк Дроздзіч, — пачала прасіць Алеолла, — пазычце нам, калі ласка, на пару дзён ваш чароўны парасонік. Мы з Арцінам пойдзем на тое балота, схаваемся пад парасонам і вызвалім людзей.

— А як жа мне быць? — нахмурыў бровы мастак Дроздзіч.

— А вы, — працягвала Алеолла, — пажывіце пакуль пад гэтым мостам, папішыце карціны. Вы ж самі казалі, што чорныя чаплі тут нікога не крануць, а значыць, і вас таксама.

— Зразумейце ж, — сур’ёзна адказаў мастак Дроздзіч, — на свеце так шмат гарадоў, мястэчак і вёсак, дзе я таксама патрэбны. Пакуль буду тут расседжвацца, колькіх яшчэ людзей забярэ Паляндра!

— Тады пойдземце з намі, — настойліва прапанаваў Арцін. — Вы нас атуліце сваім парасонам, а мы зробім човен, пераплывём Чорнае Балота і вызвалім людзей.

— Што вы, — хітнуў галавою мастак Дроздзіч, — Чорнае Балота немагчыма пераплыць на чоўне — пад яго дном балота становіцца глейкім, ліпкім, човен цалкам захрасае. І перайсці гэтае балота нельга — пад нагамі яно ператвараецца ў жыжу, зацягвае на дно. Гэта жудаснае месца. Як толькі ў мяне набіраецца поўны слоік усмутак, я прыходжу на бераг Чорнага Балота, проста хаваюся пад парасон і стаўлю слоік на купіну. Тры разы прасвішчу так, як плача суслік-байбак, скажу замову, і прылятаюць чорныя чаплі, забіраюць слоік. А я чакаю, калі яны вернуць яго пустым. А дачакаўшыся, пакладу слоік у торбу і зноў іду вандраваць па свеце, збіраць новыя ўсмуткі.

— Ну зразумейце, нам вельмі трэба неўзаметку пракрасціся да той цямніцы! — усклікнула Алеолла.

— Пракрасціся туды — гэта толькі палова справы, — разважліва прамовіў мастак Дроздзіч. — Нават калі ў вас атрымаецца пераплыць балота, патрапіць у карчакаваты церам і вызваліць людзей, то Паляндра і яе чаплі адразу ж іх убачаць, закруцяцца вялізным смерчам і назад у цямніцу вернуць. І вас у дадатак пасадзяць туды ж. А на ўсіх людзей майго парасона ніяк не хопіць.

— І што ж нам цяпер рабіць? — з адчаем спытаў Арцін.

— Слухайце сюды, — мастак Дроздзіч, прымружыў свае блакітныя вочы, паглядзеў на неба — ці не ляціць якая запозненая чапля, — і шэптам пачаў распавядаць: — Далёка на поўдні, на паўвыспе Дарвіт, якая выступае ў Вечаровае мора, расце дрэва — шаўкоўніца. Яна вельмі-вельмі старая, адна засталася ад старажытнага райскага саду, які калісьці рос па ўсёй зямлі. Яе плады — плады шчасця. Кажуць, што калі гэтыя плады альбо адвар з такіх пладоў з’ядуць чорныя чаплі, то адразу ж на пару хвілін знепрытомняць, а потым і зусім забудуць, як людзей чапаць і чапляць. А вось Паляндра, паспытаўшы гэтых ягад, будзе вечна хварэць і больш ніколі ўжо не зможа лётаць па свеце.

— Вось што, — сказала Алеолла, — мы з Арцінам абавязкова адшукаем гэтую шаўкоўніцу, дастанем яе плады, знойдзем вас, і тады ўсе разам адправімся да гэтага балота.

— Добра, — пагадзіўся мастак Дроздзіч, — а я тым часам поўны слоік вусеняў назбіраю... Вось толькі як вы балота пераплывяце?

— Што-небудзь прыдумаем, — упэўнена прамовіў Арцін.

— Раз так, то дам вам яшчэ адну параду. Ісці да той гары — не блізкі свет. Лепш туды плыць.

— Як жа гэта плыць на гару? — спытала Алеолла.

— Вельмі проста.

— Я ведаю, — пачаў Арцін, — гара стаіць на паўвыспе, паўвыспа ляжыць на моры, а ў мора ўпадаюць рэкі. Значыць, туды лепей плыць па рацэ.

— Так. І выток адной з гэтых рэк недалёка ад вашага мястэчка, — паведаміў мастак Дроздзіч.

— Выдатна, — захапіўся Арцін. — Мы зробім плыт і спусцімся па рацэ!

— Не спяшайся. На плыце дабірацца павольна і вельмі небяспечна. На рэках і моры шныраюць піраты. Вось што я вам скажу. На рачной прыстані, дзе зліваюцца дзве ракі, Прыта і Продзень, гэта прыкладна ў пятнаццаці вёрстах адсюль, збіраецца флатылія рыбацкіх судоў. Раз у чатыры гады рыбакі са Светлых Азёр плывуць да бухты Гняздо Рыб, каб паднесці дарункі рыбіным князям і каралям. Гэтая бухта размешчана каля таго паўвострава. Цяпер менавіта той год. Вы адшукайце ладдзю рыбака Палямона, перадайце яму прывітанне ад мяне і папрасіцеся да яго на ладдзю. Ён чалавек добры, вам не адмовіць. Толькі памятайце, на ладдзі кожны павінен рабіць сваю працу. Ты, Арцін, пабудзеш за матроса, калі трэба ветразь паднімеш і за стырном пастаіш, а то і палубу падраіш. А ты, Алеолла, будзеш гатаваць ежу і ўдалячынь глядзець, сачыць за даляглядам ды песні спяваць, каб не так сумна рыбакам плыць было.

— Мы на ўсё гатовыя, — рашуча адказала Алеолла. — І песень я розных шмат ведаю. Рыбакі-маракі не засумуюць.

— І працы мы не баімся, — падтрымаў яе Арцін.

— Тады, зычу вам поспеху, — мастак Дроздзіч склаў парасон, сабраў усе свае рэчы ў скураную торбу. — Запомніце, тая шаўкоўніца расце на гары побач з горадам Палац Садоў. Толькі не пераблытайце яе з іншымі шаўкоўніцамі.

— Дзякуй, — юнак і дзяўчына разам пакланіліся вандроўнаму мастаку.

Яны развіталіся з ім і пайшлі ў мястэчка. Кожны да сваёй апусцелай хаты. Узялі сабе ў дарогу самае неабходнае. Арцін, як і належыць будучаму віцязю, акрамя ўсяго іншага прыхапіў сваю зброю — меч, лук і поўны калчан стрэл.

У той жа дзень Арцін і Алеолла адправіліся да прыстані, дзе зліваюцца дзве ракі — Прыта і Продзень.

II
Палямон і сыны
Над мысам узвышалася вялізная, вышэйшая за прыбярэжныя сосны, скульптура шчупака з разяўленай пашчай. Там, у пашчы каменнай рыбы, заўсёды гарэў агонь, які добра бачыўся і праз яе вочы. Гэта быў рачны маяк, пастаўлены над месцам, дзе зліваюцца дзве вялікія ракі. Злева ад маяка-рыбы працякаў Продзень, справа — Прыта. Дзякуючы зыркаму вогнішчу, якое падтрымлівалі служкі, і зычнаму звону, у які тыя служкі білі кожную гадзіну, на ладдзях у цёмную ноч альбо ў густы туман маглі ўбачыць і пачуць, што праходзяць «стрэлку», і такім чынам маракі правільна вызначалі свой далейшы шлях.

Алеолла і Арцін яшчэ здалёк заўважылі зыркае вока каменнага шчупака, і пайшлі да яго. Неўзабаве яны апынуліся на высокім беразе, пад агромністай скульптурай, на востраканцовым мысе паміж дзвюх рэк.

Сутонела. Вада парыла бялявай імглою.

Арцін і Алеолла наблізіліся да краю мыса і асцярожна паглядзелі ўніз. Пясчаны абрыў стромка спускаўся да ракі. Далёка ўнізе ўздоўж берага была збіта доўгая драўляная прыстань. На хвалях, паціху ўдараючы бартамі аб драўляны насціл, калыхалася каля двух дзясяткаў лоддзяў са спушчанымі ветразямі.

Можна было адразу вызначыць, што гэта не купецкія караблі, а рыбалоўчыя. Яны не прызначаліся для перавозкі буйных тавараў, таму па памерах былі значна меншыя за купецкія, і не такія «крутабокія». Некаторыя з іх наогул нагадвалі звычайныя лодкі з касым ветразем.

— Так, калі ў Палямона такая лодачка, то нам будзе цесна, — сказаў Арцін.

Але, да шчасця, яго прадчуванні не апраўдаліся.

На судах і на беразе ажыўлена сюды-туды шнарылі людзі. З вышыні мыса яны падаваліся карузлікамі.

— Гэй! Гэй! — зверху крыкнулі Арцін і Алеолла. — Хто з вас Палямон?

На прыстані адазваўся адзін чалавек. Ён стаяў непадалёк ад досыць вялікай ладдзі з прыспушчаным жоўта-чырвоным ветразем.

— Гэта я! Спускайцеся сюды!

Арцін, не доўга думаючы, саскочыў са стромы і кулём паляцеў па мяккім пяску.

А вось Алеолла агледзелася і знайшла ў пяшчаным абрыве ўтрамбаваныя прыступкі — верагодна, іх зрабілі служкі маяка. Дзяўчына спакойна спусцілася.

Унізе — зусім не так, як зверху — сярод рознакаляровых судоў не проста было знайсці ладдзю Палямона. Добра, што рыбак сам па прыстані выйшаў насустрач Арціну і Алеолле.

Палямон аказаўся вялікім, загарэлым, каржакаватым мужчынам з чэпкімі мазолістымі рукамі. На ім была шырокая палатняная кашуля, падперазаная карабельнай вяроўкай. На нагах кірзавыя боты да калена — у іх запраўлены шэрыя нагавіцы.

— Дабрыдзень, дабрыдзень! З чым да мяне завіталі?

— Дабрыдзень гаспадару! Нас да вас адправіў мастак Дроздзіч, — пачала Алеолла.

Хітаючы галавой, разумеючы што пра што, Палямон да канца выслухаў аповед Алеоллы і Арціна.

— Вядома, мая «Ладачка» вялікая — усім месца хопіць. Са мной яшчэ плыве мой сын Халямон — прыкладна вашых гадкоў будзе, і яшчэ два сыночкі Санцелямон і Панцелямон, яны маладзейшыя крыху. Так, яшчэ сабака Брахіндзей.

Сабака Брахіндзей, пачуўшы сваё імя, высунуў кудлатую галаву з вачамі-пацерамі і носам-гузікам над бортам ладдзі і, вітаючы, два разы гаўкнуў. Пасля гэтага сабака схаваўся за бортам. Ненадоўга. Праз імгненне ён выскачыў з карабля на бераг, замітусіўся каля ног гаспадара і яго госцяў. Аказалася, што Брахіндзей — сабака сярэдніх памераў, чорны, калматы, з закручаным дагары хвастом.

Брахіндзей хутка абнюхаў сандалі Алеоллы і боты Арціна ды гаўкнуў яшчэ раз, больш прыязна.

— Вось, вітаецца. Адчувае добрых людзей. Халямон! Санцелямон! Панцелямон! — паклікаў Палямон.

Над бортам з’явіўся круглы васпаваты твар Халямона. Яго галаву ўпрыгожвала капа рудых валасоў, а злева і справа ад яго высунуліся два такія ж васпаватыя, але цёмнавалосыя браты-блізняты.

— Вось яны... Праходзьце на борт. Размяшчайцеся, — сказаў Палямон Арціну і Алеолле, а потым крыкнуў сынам: — Гэй вы! Рыбацкая руя, уладкуйце госцяў!

Ладдзя пахла шкіпінарам і рыбай. Над бортам трапятаў нерат, вяроўкі з развешанай рыбай. На карме стаялі бочкі з рыбіным тлушчам, бочкі з вадой, квасам, півам, мукой і з засоленай рыбай. Асобна ляжалі цюкі з дарункамі для рыбіных князёў і каралёў.

— Праходзьце, праходзьце… Вось тут вы будзеце спаць, — Халямон, як і належыць старэйшаму з братоў, паказаў памяшканне пад палубай з двума гамакамі з рыбалоўчай сеткі.

Арцін і Алеолла паклалі пад гамакі свае рэчы, і Халямон вырашыў правесці іх па ладдзі.

— Гэта шчогла. На ёй ветразь. А вунь там стырно на карме.

— І што там на карме кухня? — спытала «сухапутная» Алеолла. Яна ўжо прыкідвала што, як і дзе будзе рабіць.

Санцелямон і Панцелямон пырснулі са смеху.

— Чаму кухня? — Халямон з ветласці стрымаў усмешку.

— Ну, карма… Дзе трэба карміцца, — выказала здагадку Алеолла.

Санцелямон і Панцелямон не змаглі стрымацца і засмяяліся.

— Ды ціха вы, — прыкрыкнуў на іх Халямон. — Карма, як гэта сказаць, азадак карабля.

Блізняты так і пакаціліся па палубе...

— Не-не, на гэтым азадку усім корм раздаюць, — «падкінуў» жарт Санцелямон і сам жа яшчэ гучней засмяяўся.

— Ды хопіць вам, — папрасіў братоў Халямон. — Гэй, Санцелямон, лепей пакажы, як трэба стырно на карме трымаць.

— Не, я пакажу! — апярэдзіў Панцелямон.

— Не, я!

У іх спрэчку гучным брэхам умяшаўся Брахіндзей. Ён пачаў скакаць вакол іх і матляць хвастом.

— Вось Брахіндзей і пакажа.

Сабака падбег да стырна, устаў на заднія лапы, а пярэднімі абапёрся на вялізнае вясло.

— Малайчына, Брахіндзей. Цяпер зразумела? — спытаў Халямон.

— Зразумела, — засаромелася ад свайго невуцтва Алеолла.

Арцін тым часам аглядаў снасці на шчогле.

— А гэтымі вяроўкамі кіруецца ветразь, — сказалі блізняты. — Цягнуць цяжкавата. Звычайна Брахіндзей дапамагае. Свіснеш — ён зубамі ўчэпіцца і цягне з такой жа сілай, як і мы самі. Праўда, Брахіндзей?

Сабака ўталопіўся чорнымі вочкамі на аднаго са сваіх гаспадароў і ўхвальна гаўкнуў.

III
Не згубі, рака, лодку рыбака!
Праз два дні па рукаве Прыты да прыстані падышлі яшчэ сем лоддзяў. Яны ішлі з вялікага заходняга возера, якое звалася Герода. Менавіта іх уся астатняя рыбацкая флатылія і чакала.

Палямон, які славіўся сярод рыбакоў, як галоўны завадатар, першым павітаў прыбылых. Справіўся, ці гатовыя яны адразу ж адпраўляцца ў шлях. Герадошнікі — рыбакі з таго заходняга возера — весела і дружна заківалі галовамі ў знак згоды.

Палямон падняў жоўты-чырвоны ветразь, абрамлены арнаментам, падобным да вышыванай кашулі, і павёў сваю «Ладачку» на сярэдзіну ракі.
Эх, рака шырокая

Будзь жа нам дарогаю!

Не будзь хваляванай,

Будзь нам паслухмянай!


— заспяваў старажытную рыбацкую песню Палямон. Ён спяваў густым раскацістым басам, а тэнарком падхапіў песню Халямон. Хлапчуковымі галасамі пачалі падцягваць Санцелямон і Панцелямон. Заспявалі і на іншых ладдзях:
Не будзь хваляванай,

Будзь нам паслухмянай,

Не згубі, рака,

Лодку рыбака!


Паляцела песня па-над вадой, распавяла песня наперадзе ўсім-усім, што рыбакі плывуць. Падхапілі гэтую песню Арцін і Алеолла. Звонкі і зычны быў голас у Арціна, а ў Алеоллы — ясны і ў той жа час мяккі.

— Што там за дзеўчына ў Палямона?

— Дзе ён такую маладзіцу прыгасцяваў? — перамаўляліся рыбакі.

Надвор’е стаяла чароўнае. Плаванне ішло спакойна.

Арцін хутка налаўчыўся выконваць марацкую працу. Палямонаўскія сыны яму падрабязна тлумачылі, што рабіць. І нават Брахіндзей з задавальненнем дапамагаў Арціну. Праўда, сабака дапамагаў толькі датуль, пакуль Алеолла не прыступала да сваіх абавязкаў. Тады цікавасць Брахіндзея да марацкай справы цалкам знікала — ён падыходзіў да Алеоллы, клаў ёй сваю галаву на калені і глядзеў вочы ў вочы. Ну, і, вядома, яму сякія-такія ласункі ад яе перападалі.

— Больш за ўсё пашанцавала Брахіндзею, што вы з намі плывяце, — казаў Палямон, — у каго б ён яшчэ столькі мясных абрэзкаў выпрасіў.

Арцін, як адказны працаўнік, гаспадара ладдзі вельмі радаваў — юнак добра з працай спраўляўся. І Алеолла, з выгляду далікатная панначка, клопатаў маракам не прыносіла.

Так вось і плылі.

Некалькі разоў з прыбярэжнай пушчы высоўваліся разбойнікі, узброеныя сякерамі, доўгімі лукамі і пікамі з крукамі. Але варта было ім пабачыць вялікі караван — не жарт! — з дваццаці пяці суднаў, як яны хуценька хаваліся ў лясную глухмень. Часам насустрач рыбацкаму каравану праплывалі па тры, чатыры, а то і па сем-восем купецкіх ладдзей. Яны былі прыкметна вышэйшыя за рыбацкія. Купцы і іх ахова глядзелі на рыбакоў зверху ўніз, але ўсё роўна, у адказ на рыбацкія прывітанні з радасцю махалі рукой, самі віталіся добрым слоўкам. Сустрэць на сваім шляху караван рыбакоў, які раз на чатыры гады плыве да Гнязда Рыб, у купцоў лічылася добрай прыкметай, — значыць, год у іх будзе «рыбны» — прыбытковы.

А караван плыў далей. І праплывалі ўздоўж берагоў сёлы, гарады.

У стольным горадзе Жоўтарэчча — горадзе Векаве — караван зрабіў прыпынак — рыбакі на прыстані гандлявалі сваімі таварамі: рыбай, снасцямі, рыбіным тлушчам.

Горад Векаў уразіў Алеоллу і Арціна веліччу — мураваныя сцены, каменныя белыя дамы, пазалочаныя купалы храмаў. На прыстані столькі народу і ўсе ў рознай вопратцы. Людзі вясёлыя, усмешлівыя, але дахолыя, значыць, хвацкія. Гавораць на розных мовах, а калі гандлююцца, пераходзяць на ўсім зразумелае купецкае кайнэ.

Пасля Векава, дзе запасліся вадой і правізіяй, некалькі дзён плылі без прыпынкаў.

У нізоўях Продзеня былі парогі. Над імі рака афарбоўвалася ў белы колер, а здалёк падавалася, што гэта цячэ малако. Вада білася, церлася, чаплялася аб каменнае дно, ствараючы незлічоныя бурбалкі пены. Парогі маглі пераадолець толькі чаўны, і то, калі імі кіравалі адважныя людзі.

Не даходзячы з сотню крокаў да парогаў, усе ладдзі рыбацкай флатыліі дружна падплылі да берага. І тут жа да іх пад’ехалі вершнікі, убраныя ў кальчугі. На галовах у вершнікаў былі востраканцовыя шаломы, а ў руках — чырвоныя шчыты ў форме перакуленай кроплі.

— Вітаю рыбакоў! — сказаў віцязь на белым кані.

— Вітаю слыннага віцязя Веліога! — адклікнуўся Палямон.

— Ого! Сёлета аж дваццаць пяць караблёў! І ўсе са Светлых Азёр? — здзівіўся князь Веліог.

— Рыбы ў нашых рэках і азёрах не меншае, — замест адказу зазначыў Палямон. — І сёлета будзе твая дружына ахоўваць парогі?

— Мая. А наступным годам лёс выпаў на Гранея. У яго дружына слабаватая.

— У наступным годзе рыбакі не паплывуць. А вось купцам —цяжэй будзе. Скажы, слынны Веліог, а сінеазёрцы праплылі?

— Праплылі. Суднаў васямнаццаць.

— Гэй, рыбалі! Разгружай! — крыкнуў Палямон.

Рыбакі дружна ўзяліся разгружаць свае ладдзі. З кожнага карабля і карабліка дружыннікам сёе-тое даставалася: бочачка салёнай рыбы, цабэрак квасу ці піва, мяшок мукі, збожжа, бохан хлеба. Трэба ж ахове парогаў чымсьці сілкавацца.

Рыбакі пераносілі, перацягвалі грузы ўніз па рацэ. Затым збіраліся талакою і валачылі па пакладзеных па зямлі драўляных бярвеннях, змазаных рыбіным тлушчам, адну ладдзю за другой.

Пасля ўважлівай праверкі, ладдзі зноў вышлі ў плаванне.

— Поспехаў, князь Веліог! — крыкнуў Палямон.

— Поспехаў табе, Палямоне!


Эх, рака шырокая

Будзь жа нам дарогаю!

Не будзь хваляванай,

Будзь нам паслухмянай!


— зацягнулі рыбакі, а з імі і Арцін з Алеоллай.

Па трэцім тыдні плавання караван выйшаў на шырокую марскую прастору. Флатылія завярнула налева і паплыла ўздоўж берага на дастатковай ад яго адлегласці, так што суша выяўлялася рудай палоскай на даляглядзе.

Мора зачаравала Арціна і Алеоллу, ім падавалася, што на гэтых прасторах, у гэтым бязмежжы — і ёсць радзіма фантазіі.

Наступнай раніцай пасля выхаду ў мора ўсіх абудзіў Брахіндзей. Ён быў на носе ладдзі і брахаў на ваду.

— Малайчына, — пахваліў яго Палямон, — правільна месца ўчуў. Усё, прыплылі. Тут і ёсць Гняздо Рыб. Кідай катвігу! — крыкнуў ён сваім сынам ды іншым ладдзям.

— Ану! Памажы! — паклікаў Халямон братоў.

Поруч з ім першым апынуўся Арцін. Удваіх з Халямонам яны паднялі абчасаны камень, у якім у адмысловыя адтуліны былі ўстаўлены завостраныя калкі. Гэта была цяжкая катвіга. Хлопцы ледзьве скінулі яе за борт.

— Мастак Дроздзіч казаў, што Гняздо Рыб — гэта бухта. А якая тут бухта? — у здзіўленні спытаў Арцін у Палямона. — Гэта ж чыстае мора!

— Бухта вунь там, — Палямон паказаў на гару, што бачылася ў далечыні. — Яна як раз насупраць гэтага месца. Тут, дзе мы кінулі катвігу, прэсныя воды Проданя канчаткова зліваюцца з марскімі, салёнымі. Гэта апошняя мяжа сушы і мора. Менавіта тут сустракаюцца на свой рыбіны сойм марскія і прэснаводныя каралі і князі рыб. Давайце, Халямон, Санцелямон, Панцелямон, рыхтуйце пачастункі.

Халямон падкаціў бочку да борта і адкаркаваў яе.

— Дапамагай! — крыкнуў ён Арціну.

Арцін і Халямон паднялі яе і нахілілі над бортам. Яшчэ адну бочку высыпалі ў мора Санцелямон і Панцелямон. Трэцюю падняў і нахіліў праз борт сам Палямон.

— Не трэба! — ён адмовіўся ад дапамогі Алеоллы.

Збожжа, мука, хлебныя галушкі ўперамешку з нейкай зелянінай паплылі па хвалях. Усё гэта жоўтымі, светла-салатавымі і белымі ланцужкамі танула ў моры. Праз некаторы час у вадзе паказаліся цёмныя спіны рыб. Вакол драбкоў пачастункаў па паверхні мора пайшлі кругі — рыба і малая, і вялікая пачала іх браць...

— Для чаго вы гэта робіце? — спытала Алеолла.

Яна з цікаўнасцю назірала за дзеяннямі рыбакоў. На іншых суднах рабілі тое ж самае.

— Гэта падкормка, перамяшаная з водарасцямі, азёрным мулам і пяском, узятым з нашых азёр і рэчак, — растлумачыў Палямон. — Рыбы будуць есці і чуць пах нашай вады. Будуць ведаць, што ў нашых вадаёмах поўным-поўна ежы. Вось і паплыве рыба да нас у госці, на нераст альбо на жыццё.

Калі Халямон і Арцін высыпалі ўжо тры бочкі рыбінага пачастунку, Палямон дастаў з торбы зроблены з яловай кары караблік, за ветразь у якога была шырокая драўляная габлюшка, і пусціў яго ў мора.

На борце карабліка старажытным вязьмом былі напісаны імёны Палямона, Халямона, Санцелямона, Панцелямона і маладзейшага Філямона, які застаўся дома з маці. Апрача таго на гэтым карабліку былі імёны іншых паважаных рыбакоў з іхняга мястэчка, што называлася Слаўбор.

— Гэта каб рыбы бачылі, хто іх частуе, — растлумачыў Палямон.

Па моры паміж вялікімі ладдзямі паплылі дваццаць пяць маленькіх караблікаў.

— Тата, глядзі, — з трывогай у голасе сказаў Халямон.

У старэйшага сына быў вельмі востры зрок.

— Што там? — спытаў Палямон.

— Бачу караблі. Яны ідуць па ветры і вельмі хутка набліжаюцца.

— Так-так! Мы таксама бачым! — занепакоена ўсклікнулі Санцелямон і Панцелямон.

— Так... Вунь там — справа… Ідуць караблі, — пацвердзіла Алеолла.

— Сапраўды, — заўважыў і Арцін.

— Бачу, бачу, — сказаў Палямон.

— Эх, цяпер бы парасон Дроздзіча, — уздыхнуў Арцін, — адразу было б відаць, хто там плыве.

— Гавораць, на берагах паўднёвага мора, — пачаў распавядаць Халямон, — з горнага крышталю змайстравалі чароўную трубу. Адным вокам у яе зірнеш — і ўсё, што далёка наперадзе, відаць, як на далоні.

— Няўжо? — здзівіўся Санцелямон.

— Я таксама гэта ведаю, — ганарліва сказаў Панцелямон.

— А ты адкуль? — не паверыў Санцелямон.

— Я такую трубу бачыў у купца, — сказаў Панцелямон, — ён глядзеў праз яе на наш ветразь.

— Калі ты гэта бачыў? — не сцішаўся Санцелямон.

— Калі вы з Алеоллай рыбу чысцілі, а я на носе ўдалячынь глядзеў.

— Ты ўсё прыдумаў.

— Нічога я не прыдумаў.

Пакуль блізняты спрачаліся, Халямон узлез на шчоглу.

— Эх, мне б гэтую трубу… — крыўдаваў ён.

— Ціха… Усім быць пільнымі, — сурова сказаў Палямон.

Ён спусціўся пад палубу і вярнуўся з двума вялізнымі цесакамі ў руцэ. Туды ж спусціліся і Санцелямон з Панцелямонам. Яны ўзялі свае ці то паляўнічыя нажы, ці то кінжалы, а таксама рыбныя гарпуны.

— Арцін, трымай напагатове свае меч і лук, а ты Алеолла, ледзь што — хавайся ўнізе, — загадаў Палямон.

Арцін агаліў свой меч — Санцелямон і Панцелямон, і нават Халямон з зайздрасцю, вядома жа, не чорнай, паглядзелі на зброю будучага віцязя. Гэта быў сапраўдны меч, падумаеш, трохі меншы па памеры, чым у сталых віцязяў. А лук — проста любата — пругкі, з касцяной устаўкай — для таго, каб надаць страле моцнае паскарэнне. Стрэлы з чырвона-белым апярэннем — роўныя, наканечнікі адпаліраваны, быццам са срэбра.

— Пятнаццаць караблёў. Падобныя да нашых, — крыкнуў зверху Халямон.

— Да нашых? Рыбацкіх?

— Так.


— Можа, гэта сінеазёрцы? Але іх павінна быць васямнаццаць. Палічы добра, — папрасіў Палямон.

— Не, сапраўды пятнаццаць, — засведчыў Халямон.

— Гэта дрэнна. Піраты маглі іх захапіць і пад выглядам рыбакоў набліжацца да нас.

Прайшло паўгадзіны напружанага чакання. Палямон стаяў на носе, скрыжаваўшы перад сабой вялізныя цесакі. Побач з ім плячом да пляча, сціскаючы ў кулаках гарпуны і нажы, прымружыўшы вочы і ўзіраючыся ўдалеч, застылі Санцелямон з Панцелямонам. Алеолла не спусцілася ўніз, а, падняўшы з кармы рыбалоўны трызубец, падышла да блізнят. З такой зброяй у руках яна стала падобная да дачкі падводнага цара. Вецер раздзімаў яе густыя каштанавыя валасы, як быццам жадаў надаць ім форму марской хвалі. Побач з ёй, час ад часу шчэрачыся і рыкаючы, падрыгваў Брахіндзей. Тут жа быў і Арцін. У адной руцэ ён трымаў лук, у другой — стралу, гатовы ў любую хвіліну нацягнуць цеціву і стрэліць.

— Наперадзе ладдзя Вялюкшы. Я пазнаю яго белы ветразь з сінімі палоскамі… А вось і ён сам… Гэй, Халямон, прывяжы залатога карпа на пік шчоглы! — загадаў Палямон свайму старэйшаму сыну, які стаяў на папярочцы шчоглы.

Халямон спрытна абматаў тонкай вяроўкай хвост сушанага карпа і прычапіў, куды было сказана. Луска рыбы ярка заззяла на сонцы.

На караблі Вялюкшы над шчоглай таксама бліснуў залатой лускай карп.

— Усё ў парадку. Адставіць трывогу!

Караблі наблізіліся.

— Прывітанне светлаазёрцам! — крыкнуў Вялюкша.

— Прывітанне сінеазёрцам! — адказаў Палямон.

— Ні хваста, ні рыбінай лускавінкі! — Вялюкша прамовіў гэтае жартаўлівае рыбацкае пажаданне гучным голасам, прыклаўшы далоні да рота так, каб яго пачулі і на іншых ладдзях.

— Ні плаўніка, ні рыбінага зубчыка! — у той жа манеры адказаў яму Палямон.

— Да вадзяніка!

— Да вадзяніка! — пачуўся з іншых суднаў традыцыйны адказ на гэтае прывітанне.

— Як дабраліся? — ветліва спытаў Вялюкша.

— Выдатна! — весела адказаў Палямон.

— А вось мы два дні таму патрапілі ў буру. Толькі жоўтарэчанскія адплылі да сваіх вытокаў, як наляцеў смерч. Раскідаў нас па ўсім моры. Трох караблёў так і не далічыліся.

— Можа яшчэ падыдуць? — пастараўся суцешыць сінеазёрца Палямон.

— Можа і падыдуць. Тады вазьміце іх да сабе. Там Мяркулка, Смоліц і Трыдзеня.

— Возьмем! — адказаў Палямон, а ў блізнят запытаў: «Вы добра запомнілі, як тых рыбакоў клічуць?»

— Запомнілі.

— Не забудзьце. А то чужынцы да нашага каравана пад выглядам сінеазёрскіх суднаў падысці могуць. Што тады рабіць будзем?

— Што, што… Гарпунамі іх, — адважна адказаў Санцелямон.

— Гэта Паляндра, — ціха сказала Алеолла.

Яна думала пра смерч.

— Можа быць, — пагадзіўся з ёй Арцін.

— Наўрад ці, — з веданнем справы сказаў Панцелямон.

Слых ў блізнят быў выдатны.

— Паляндра ў асноўным на сушы круціцца, — падтрымаў брата Санцелямон.

— На моры свайго смутку досыць, — сказаў Халямон, які толькі што спусціўся са шчоглы. — Падводны цар усхадзіцца можа. Як гахне сваім цяжкім трызубцам па дне — дно захістаецца, і пойдуць па моры вялізныя хвалі. Альбо марскі дракон хвастом як махне — ведаеш, які марскі дракон вялізны! Пусціць бурун, а той бурун і ваду, і паветра закруціць — вось табе і смерч. Альбо вось гара ад падземнага жару раптам абарвецца, пад ваду бухне — а ад гэтага віхраслуп па моры-акіяне ідзе, караблі ў сябе захоплівае.

— Так, небяспечна па моры хадзіць, — пагадзілася Алеолла.

— А то! — вымавіў Панцелямон. — Па рэках спакайней.

— А па сушы, — умяшаўся Санцелямон, — наогул няма чаго рабіць, ведай ногі перастаўляй. Альбо на кані сядзіш — ніякага страху.

— Затое па вадзе — прыемна, — сказала Алеолла.

— Прыемна? Гэта таму, што нам надвор’е спрыяла, — ганарліва прамовіў Санцелямон.

— А быў бы вецер, дождж, боўталіся б у ладдзі, як жабы ў бочцы, — падтрымаў брата Панцелямон.

— Няўжо вы буры не баіцеся? — з сумненнем у голасе спытаў блізнят Арцін.

— Не-а, — амаль адначасова адказалі блізняты. — Мы з маці не развітваліся.

— Гэта як зразумець? — спытала Алеолла.

— Бацька гаворыць, — пачаў тлумачыць Халямон, — што калі ні з кім перад паходам не развітваешся, не казаў «да пабачэння», «бывай» і рукой не махаў, а проста паглядзеў праз плячо назад, ды і паплыў, то — абавязкова вернешся. Бура не страшная, таму што ты забыў развітацца, а значыць, у цябе ёсць абавязак вярнуцца і сказаць «бывай». Грэх чалавеку з нявыкананымі абавязкамі паміраць. Вось мы ні з кім і не развітваліся.

— Таму бура нас і не забярэ, — завяршыў думку брата Панцелямон.

— Мы таксама са сваімі роднымі не развіталіся, — са смуткам сказала Алеолла.

— Значыць, і баяцца вам няма чаго, — супакоіў Алеоллу Санцелямон.

— Так, так, — пагадзілася з ім будучая яснапанна.

Алеолла пастаралася схаваць ад братоў свае перажыванні.

Тым часам скрозь шэрагі светлаазёрскай флатыліі, прыбраўшы ветразі, праплывала рыбацкая флатылія сінеазёрцаў. Палямон заскочыў на ладдзю Вялюкшы. І пакуль дзве ладдзі праходзілі побач адна з адной, два паважаныя рыбакі-завадатары пра штосьці паміж сабою перамовіліся.

Палямон саскочыў з носа сваёй ладдзі на нос ладдзі Вялюкшы, а зваротна, заскочыў ужо на карму свайго судна.

— Слухайце сюды, госці дарагія, — звярнуўся Палямон да Алеоллы і Арціна. — Наша флатылія на дзень застанецца тут. Будзе чакаць тыя тры зніклыя ладдзі сінеазёрцаў. А я тым часам адвязу вас у бухту. Там — паселішча мясцовых рыбакоў. Яны ведаюць, што мы ў моры амаль не ловім, толькі тутэйшую рыбу падкормліваем. Ім гэта на руку. Таму яны нас вельмі паважаюць. Спытаеце любога мясцовага рыбака, як дабрацца да горада Палац Садоў. Дарога да яго ідзе прамая — гэта ведае кожны. Скажаце, што вы самі светлаазёрскія рыбакі. А ты, Алеолла, маўляў, дачка рыбака, таму што іншых чужаземцаў яны могуць прыняць за шныпароў ці шпегаў. Я дам вам ільняны мяшок, у якім знаходзіцца каралеўскі вугор, прыгатаваны адмысловым чынам. Гэта вельмі смачна. Спадзяюся, вы самі не з’ясце яго. Растлумачыце мясцовым рыбакам і мясцоваму начальству, што гэта дарунак ад сінеазёрскіх і светлаазёрскіх рыбакоў іх хану Ісміраю. Хаця, — задумаўся Палямон, — наконт мясцовага начальства — гэта ідэя!

— Што ты задумаў, бацька? — спытаў Халямон.

— Нешта хітра-хітрае? — загарэліся вочы блізнят ад цікаўнасці.

Яны вельмі добра ведалі гэтую хітрую ўсмешку свайго бацькі, якая з’яўлялася ў яго на твары, калі той нешта гэтакае задумваў.

— Пабачым. Можа, і атрымаецца, — таямніча сказаў Палямон.

«Ладачка» падняла ветразь, вецер напоўніў яго. Лёгка слізгаючы па хвалях, ладдзя накіравалася да берага. Паблізу праплылі некалькі мясцовых лодак з касым ветразем. Рыбакі былі ў чалмах. Яны з цікавасцю аглядалі ладдзю Палямона.


  1   2   3   4   5   6   7   8   9   10


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка