Сем цудаў Ваўкавышчыны




Дата канвертавання15.03.2016
Памер159.68 Kb.
Сем цудаў Ваўкавышчыны
З.П. Басак , В.У. Кернажыцкая,

выкладчыкі дысцыплін грамадазнаўчага цыкла

Ваўкавыскага каледжа установы адукацыі

Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”



Мэта: Забяспечыць пераемнасць традыцый самакіравання ў калектывах навучэнцаў праз арганізацыю сумеснай творчай дзейнасці.
Задачы: пазнаёміць навучэнцаў з выдатнымі помнікамі матэрыяльнай і духоўнай культуры Ваўкавышчыны;

ствараць умовы для развіцця цікавасці да гісторыі роднага краю і імкнення яго даследаваць праз актуалізацыю прафесійнай дзейнасці;

садзейнічаць выхаванню патрыятызму, нацыянальнай самасвядомасці.
Абсталяванне: мультымедыйныя прэзентацыи: “Сем цудаў свету”, “Сем цудаў Беларусі”, “Сем цудаў Ваўкавышчыны”.
Форма правядзення: завочнае падарожжа.
Удзельнікі: навучэнцы 1 і 2 курсаў спецыяльнасці “Турызм і гасціннасць”.
I

Пад гукі фанфар на сцэну выходзяць вядучыя.

Вядучы 1.Добры дзень, паважаныя сябры!

Вядучы 2. Вітаем вас, будучыя арганізатары турызму, сенняшнія краязнаўцы- гісторыкі.

Вядучы 3. Мы запрашаем ўсіх, хто цікавіцца мінулым і сучасным роднай Беларусі прыняць удзел у падарожжы, якое мы назвалі “7 цудаў Ваўкавышчыны”.

Вядучы 1. Паша, а чаму менавіта 7? Я б магла прапанаваць і болей.

Вядучы 2. У лікавым радзе ад аднаго да дзесяці для кожнай лічбы можна знайсці ўстойлівы выраз. Шырока вядомы наступныя спалучэнні слоў:

першае каханне,

другое дыханне,

трэці Рым,

чацвёртая ўлада,

пятая калона,

шостае пачуццё,

сёмае неба,

восьмы цуд свету...

На працягу многіх стагоддзяў восьмым цудам свету людзі называлі тыя аб'екты, якія выклікалі найбольшае захапленне і лічыліся славутымі помнікамі матэрыяльнай культуры чалавецтва. У адрозненне ад сямі цудаў свету, пабудаваных у старажытнасці і унікальных кожны па-свойму, "восьмых цудаў свету" магла быць вялікая колькасць.



Вядучы 3. Звяртаемся да лічбы 7. З даўніх часоў лік 7 выкарыстоўваўся як сімвал рознымі народамі .

Вядучы 1. У егіпецкай міфалогіі лік сем разглядаўся як сума двух "жыццёвых лікаў": тры чалавекі (бацька і дзіця) складаюць сям'ю, аснову грамадства, а чатыры - колькасць бакоў гарызонту. Грэчаскі матэматык Піфагор лічыў дзве геаметрычныя фігуры – трохвугольнік і чатырохвугольнік – праяўленнем закончанасці і дасканаласці, сума іх вуглоў як мы ведаем складае лічбу 7.

Вядучы 2. Асабліва паважаўся лік сем у старажытнай яўрэйскай рэлігіі. У Пісанні ад Майсея гаворыцца: "Бо за шэсць дзён стварыў Гасподзь неба і зямлю, мора і ўсё, што ў іх, а ў дзень сёмы адпачыў". Хрысціяне, якія прынялі ад яўрэяў Стары Запавет, лічаць сем свяшчэнным лікам.

Вядучы 3.У хрысціянстве вызначаюцца сем смяротных грахоў і сем таінстваў. У беларусаў свята Тройцы называецца Сёмуха, што азначае сёмая нядзеля пасля Вялікадня.

Вядучы 1. А вось фінікійцы ўпершыню расказалі пра 7 цудаў свету.

Вядучы 2. А як ведаеце іх вы, мы зараз высвятлім. Увага на экран.
Паказ слайдаў “Сем цудаў свету”. Пастаноўка пытанняў першакурснікам “Якое цуда свету адлюстравана на слайдзе? Назавіце месца яго знаходжання.”



Піраміда Хеопса Вісячыя сады Семіраміды




Храм Артэміды ў Эфесе Галікарнаскі маўзалей



Калос Радоскі Статуя Зеўса ў Алімпіі




Александрыйскі маяк
Вядучы 3. Аня, як тваё ўражанне?

Вядучы 1. Мне здаецца нашы першакурснікі прадэманстравалі выдатную эрудыцыю.
II

На фоне музыкі “Белая Русь ты моя” чытаюць тэкст.
Вядучы 2. Зямля мая далёкая,

Зямля мая цудоўная,

Радзіма сінявокая,

Якая табе роўная!

Мо ёсць і прыгажэйшая

Каму што ў свеце глянецца

Мая ж – найпрыгажэйшая

Да смерці мне застанецца.



Вядучы 3. Напэўна, вы ўжо здагадаліся, што далей гаворка пойдзе пра тыя цуды, што знаходзяцца ў нашай Бацькаўшчыне. Калі ласка, нагадайце мясціны, помнікі, рэчы, якімі ганарыцца наша краіна, мы з вамі і якія з’яўляюцца візітнай карткай Беларусі.

Вядучы 1. І зноў увага на экран.
Паказ слайдаў “7 цудаў Беларусі”. Пастаноўка пытанняў першакурснікам “Якое цуда Беларусі адлюстравана на слайдзе? Назавіце месца яго знаходжання.”



Каложская царква Бярэсце


Краснасельскія шахты Крэўскі замак


Мірскі замак Музей валуноў




Крыж Ефрасінні Полацкай

Вядучы 2. Паслухаўшы адказы нашых паважаных першакурснікаў, прыхожу да высновы, што яны не толькі выдатныя эрудыты, але і сапраўдныя патрыёты.
III

Гучыць музыка “Мой родны кут”. Ігар Лучанок – Якуб Колас. ВІА “Песняры”, маст. кіраўнік – нар. арт. Беларусі, нар. арт. СССР Уладзімір Мулявін.
Вядучы 3. Сення мы ўзгадалі 7 цудаў свету, назвалі 7 цудаў Беларусі, а зараз паспрабуем вызначыць 7 цудаў Ваўкавышчыны.

Вядучы 1. Слова даследчыкам.

Вядучы 2. Напярэдадні нашай сустрэчы мы задалі пытанне навучэнцам каледжа, якія з’яўляюцца ўражэнцамі Ваўкавышчыны: “Што на вашу думку мае права называцца цудам Ваўкавышчыны”.

Вядучы 3. Вынікі гэтага апытання на экране. Такім чынам, большасць галасоў аддадзена наступным аб’ектам: Шведская гара, Краснасельскія крэмневыя шахты, Гнезнаўскі касцёл, музей імя Баграціёна, палаца-паркавы комплекс “Краскі”, прадпрыемства “Белакт” і наш каледж.
Што на вашу думку мае права называцца цудам Ваўкавышчыны?



п/п

Назва аб’екта

%

1.

Шведская гара

100

2.

Замчышча

10,5

3.

Краснасельскі завод будаўнічых матэрыялаў

30

4.

Гнезнаўскі касцёл

75

5.

Краскі

75

6.

Прадпрыемства “Беллакт”

37,5

7.

Вярэйкаўскі паркавы ансамбль

30

8.

Крэмневыя шахты

79,5

9.

Музей П.І. Баграціёна

90

10.

Воўпаўскі касцёл

22,5

11.

Ваўкавыскі каледж

67,5


Вядучы 1. Узброеныя вынікамі гэтага апытання, нашы творчыя групы падрыхтавалі прэзентацыі па кожнаму так званаму цуду.

Паказ слайдаў “7 цудаў Ваўкавышчыны”.

Вядучы 2. А з усходу каля поля

Стаіць Шведская гара

Там жыла людская воля

І воля князя ўладара

З той гары, як на далоні,

Відаць горад Ваўкавыск

У зялёным ён палоне

Чысты, светлы – сонца дыск.





Шведская гара

Даследчык 1. Ваўкавыск – адзін з найбольш старажытных гарадоў Беларусі і, напэўна, самы старажытны горад Беларускага Панямоння. Аднак, на жаль, пісьмовыя крыніцы аб нашым горадзе адсутнічаюць, напэўна, гэта абумоўлена аддаленасцю горада ад цэнтраў Старажытнай Русі. Таму помнікі матэрыяльнай культуры з’яўляюцца адзінай крыніцай, якая дазваляе вывучаць гісторыю ўзнікнення і развіцця горада. Існуе меркаванне, што гісторыя Ваўкавыска пачынаецца са Шведскай гары. Доўгі час лічылася, што Шведская гара насыпана як курган над пахаваннем шведскага палкаводца, які ў 1 стагоддзі са сваім войскам прайшоўся па нашай зямлі. Салдаты так любілі свайго генерала, што пасля яго смерці вырашылі насыпаць ў яго гонар вялікі земляны курган, як сімвал павагі да яго. Зямлю для кургана насілі сваімі галаўнымі ўборамі. Менавіта цяпер Шведская гара мае выгляд гэтага баявога рыштунку. Мясцовае насельніцтва доўгі час лічыла, што гэта і ёсць той курган, які захаваўся пасля смерці генерала. Але з пачаткам археалагічных раскопак на Шведскай гары ў 20 стагоддзі было вызначана, што гара марэннага паходжання, па-іншаму гэта вынік дзейнасці ледавіка. Археалагічныя даследаванні на Шведскай гары ў розныя гады праводзілі мясцовыя краязнаўцы Ядкоўскі, Пех, Звяруга. Вышыня гары вагаецца ў межах ад 28 да 32,5 м. Мяркуючы па дадзеных археалагічных даследаванняў, паселішча на Шведскай гары ўзнікла ў сярэдзіне або ў другой палове 10 ст. На Шведскай гары развіваліся шэраг рамёстваў: кавальскае, ювелірнае, касцярэзнае і іншыя. Аднак у канцы 13-пачатку 14 стст. межы Літоўскай дзяржавы адсунуліся далёка на поўдзень і ўсход, таму жыццё на гэтым узгорку замерла. У наш час склалася традыцыя апошні выпускны вечар праводзіць на Шведскай гары і там чакаць світанак.
Вядучы 3.Тут у кожным новым катлаване

Можна назіраць плясты вякоў,

Тут спакон сяліліся славяне-

У нашых жылах іх святая кроў.


Слайд “Краснасельскія шахты”.



Краснасельскія шахты

Даследчык 2. Прыкладна 200000 гадоў назад вялікі ледавік вырваў з марскога дна і прадвінуў на Гродзеншчыну вялікія кускі мела. Ледавік растаў, а мел прадаўжаў ляжаць, засыпаны пяском. Адзін з гэтых кускоў, разарваны на часткі, залягае каля п. Краснасельскі, які знаходзіцца на правым беразе р. Рось у Ваўкавыскім раёне. Некаторыя часткі дасягаюць двух кіламетраў у даўжыню і некалькі дзесяткаў метраў у таўшчыню. Зверху мел пакрывае глеба і тонкі слой пяска. Крэмень знаходзіцца ў пластах мела, які затрымлівае вільгаць, ён мокры і лёгка паддаецца апрацоўцы. Крэменю многа, ён залягае пластамі, радзей - рассыпаецца. Пласты гарызантальныя, так «палажыў» іх ледавік у час руху. Асаблівасці крэменю былі вывучаны старажытнымі людзьмі для сваіх патрэбнасцей, і яны пачалі здабываць крэмень на глыбіні. Спачатку распрацоўка адбывалася адкрытым спосабам – адкрываўся верхні пласт мела і даставаўся крэмень. У неаліце людзі пачалі прымяняць больш зручны спосаб здабычы – шахтавы. Капалі вертыкальныя ямы глыбінёй да 6 м. Дыяметр ямы складаў у сярэднім 1,5 – 2 м.

З камня, рога, косці…

Крэмневую пароду і крэмень выцягвалі на паверхню ў скураных мяшках. У шахтах сустракаюцца тоўстыя касцяныя іголкі для зшывання мяшкоў. У некаторых шахтах былі знойдзены гарняцкія інструменты. Гэта былі рогі аленяў, апрацаваныя ў форме койла. Сустракаліся і больш цяжкія прылады працы – кіркі. Самая першая апрацоўка крэмніевых загатовак праводзілася ў шахтах, далей – у спецыяльных майстэрнях. Некалькі такіх аб’ектаў было раскапана вучонымі паміж выпрацоўкамі. У іх на глыбіні 1,5 – 2 м. знаходзіцца ўтрамбованы пласт крэмніевай крошкі,які служыў падлогай, тут сустракаюцца вялікія камні, рэшткі вогнішч, косці жывёл і вялікая колькасць крэмніевых прылад. У шахтах былі знойдзены рэшткі глінянага посуду з арнаментам. Посуд

Сучасны стан шахт

Большасць шахт знішчана пры здабычы мела для мясцовага заводу па выпрацоўцы цэменту, ён дзейнічае з 1914 г. Сёння застаўся ўчастак мелавых адкладаў, на якім захавалася каля 100 шахт. Участак з’яўляецца дзяржаўным гістарычным запаведнікам. Аднак пры правядзенні земляных работ бульдозеры зрушылі з мелавай паверхні зямлю і агалілі вусце шахтавых распрацовак. На запаведным участку прарос месцамі малады лес. Дажджавая вада, карані дрэў прадоўжылі працэс разбурэння ўчастка з шахтамі. Пагэтаму ў цяперашні час вельмі востра паўстае пытанне аб захаванні гэтага археалагічнага помніка.

Вядучы 1.Наш трэці прыпынак – ля мураў касцёла

Што ўзняўся да неба, імкнецца ў высь

Здаецца,лунае тут голас анёлаў

І Дзева Марыя ласкава глядзіць.


Слайд “Касцёл Міхаіла Архангела”.



Касцёл Міхаіла Архангела ў Гнезна
Даследчык 3. Лёс гэтага помніка архітэктуры няпросты. Гнезнаўская святыня, якой неўзабаве споўніцца 500 гадоў, перажыла некалькі палітычна-канфесійных змен, перабудоў і рэканструкцый, неаднаразова даводзілася да поўнага разбурэння. Сёння ж Гнезнаўскі касцёл – адзін з самых старажытных уцалелых касцёлаў Беларусі. Існуюць паданні, што касцёл заснаваны ў 1121 годзе. Гэтая дата пазначана ў інвентары святыні ХІХ ст. Міхайлаўскі касцёл з цэглы ў Гнезна пабудаваны ўладальнікамі маёнтка Янам і Альжбетай Шамятовічамі ў 1524 годзе. Потым ен перайшоў ва ўладанне Гераніма Хадкевіча, актыўнага ўдзельніка рэфарматарскага руху. Ён ператварыў яго ў кальвінскі збор. Толькі ў 1643 г. касцёл быў зноў вернуты католікам. Касцёл змураваны ў стылі готыкі. На працягу шматвяковай гісторыі на долю касцёла выпала нямала выпрабаванняў. Войны, пажары, няўмольны час не шкадавалі будынка. Значна пацярпеў ён падчас Паўночнай вайны ў пачатку ХVІІІ ст. Некалькі гадоў у храме не было настаяцеля. Не абмінула Гнезна таксама вайна 1812г. Святыня мае непаўторнае індывідуальнае мастацкае аблічча. Арганізацыя касцёла вызначаецца прастатой. Над галоўным уваходам узвышаюцца мураваныя хоры на двух круглых слупах. Процілеглы бок залы займае драўляная канструкцыя алтарнай часткі. Пад храмам знаходзіцца скляпеністая крыпта, у якой хавалі спачатку кальвіністаў, а пасля католікаў і вядомых шляхцічаў. У канцы 80-х – пачатку 90-х гг мінулага стагоддзя пад кіраўніцтвам ксяндза Людвіка Станішэўскага будынак касцёла быў капітальна адрамантаваны. Касцёл Міхаіла Архангела ў Гнезна сапраўды можна лічыць адным з сямі цудаў Ваўкавышчыны.
Вядучы 2. Сюды сягоння ў бегу новых дзен

Не зарастае лябядой дарога

І з п’едыстала нас каля парога

У госці кліча сам Баграціён.


Слайд “Музей імя П.І. Баграціёна”.



Ваўкавыскі ваенна-гістарычны музей ім. П.І. Баграціёна
Даследчык 4. На одной з вуліц горада Ваўкавыска, якая носіць імя Пятра Іванавіча Баграціена, стаіць старажытны будынак незвычайнай для нашага часу архітэктуры. Чатыры калоны упрыгожваюць яго. Дом з мезанінам, у мінулым панскі маентак, які быў пабудаваны ў ХІХ ст. Некалькі разоў падвяргаўся разбурэнню, асабліва пад час Вялікай Айчыннай вайны. Зараз звернемся да гісторыі стварэння музея. Музей названы ў гонар генерала Пятра Іванавіча Баграціёна. У 1812 годзе тут размяшчалася штаб-кватэра 2-ой заходняй арміі. Цяпер у будынку размяшчаецца ваенна-гістарычны музей.

Стварэнне музея звязана з імем краязнаўца-аматара Георгія Іосіфавіча Пеха. Ен адкрыў на аснове сваіх багатых асабістых калекцый музей краязнаўчай накіраванасці. Пазней музей быў пераўтвораны ў ваена-гістарычны. Цяпер жа ен размешчаны у двух будынках. Музей валодае багатай калекцыяй французскай зброі і абмундзіравання, асобны стэнд займае калекцыя значкоў французскіх галаўных убораў. Сапраўды ўнікальную калекцыю карцін і гравюр рускіх, французскіх, нямецкіх аўтараў можна ўбачыць у залах музея. Вось і сення ў музеі праходзяць выставы “Старажытны Ваўкавыск”, “Айчынная вайна 1812года” і інш., таму шчыра запрашаем вас, паважаныя першакурснікі, наведаць гэтыя выставы.


Слайд “Краскі”.

Палаца-паркавы комплекс “Краскі”

Даследчык 5. Калі ехаць з Ваўкавыска на поўдзень, то праехаўшы Падароск мы апынемся ў невялічкай вёсцы Краскі. Адметнай мы лічым яе таму, што ў ёй знаходзіцца выдатны палацава-паркавы комплекс, які быў пабудаваны ў першай палове XIX ст. Зараз ён уключае ў сябе сядзібны дом, гаспадарчую пабудову, парк, сажалку.У сярэдзіне XIX ст., калі палацам валодалі Булгарыны, аднапавярховы драўляны будынак быў перабудаваны ў стыле неаготыкі, што абумовіла яго архітэктурныя асаблівасці: невялічкую вежу, стрэльчатыя вокны, скрыжаваныя скляпенні. Дзякуючы гэтаму, а таксама гасціннасці ўладароў сядзібы тут заўсёды было шматлюдна: на балы, музычныя вечарыны ў палац збіралася мясцовая інтэлегенцыя, шляхта. Яшчэ адной адметнасцю гэтага комплексу з'яўляецца парк, які першапачаткова быў даволі вялікі – ён меў плошчу 6 га. Парк быў закладзенны ў канцы XIX ст. Ён знаходзіцца на схіле і тэрасе ракі Зяльвянкі, на якую ад палаца адкрываецца прыгожая перспектыва. У дрэвастане парка шмат экзотаў: розныя лістоўніцы, веймутова сасна, пенсільванскі ясень і інш.

Сёння палац патрабуе навуковай рэстаўрацыі, таксама як і парк, плошча якога зменшылася да 3 га і ён страціў некаторыя экзоты. Палацава-паркавы комплекс у Красках чакае свайго гаспадара.



Слайд “Белакт”.


Прадпрыемства “Белакт”

Даследчык 6. Горад Ваўкавыск багаты на прамысловыя прадпрыемствы рознабаковага спектра. Адным з самых значымых і вядомых прадпрыемстваў як у Беларусі, так і за яе межамі з’яўляецца Белакт – адзіны ў рэспубліцы завод па вытворчасці сухіх малочных прадуктаў для дзіцячага харчавання. Ён заснаваны ў 1967 годзе. Сведчаннем высокай якасці, каштоўнасці прадукцыі для насельніцтва з’яўляецца тое, што гэта прадпрыемства штогод удзельнічае ў міжнародных і рэспубліканскіх спецыялізаваных выставах.

Прадпрыемства ўзнагароджана дыпломамі і медалямі вышэйшай ступені на Міжнародным форуме ў Маскве, ІV Міжнароднай спецыялізаванай выставе ў Мінску, а таксама многіх іншых рэспубліканскіх конкурсах. Прадпрыемства ўдастоена Гран-Пры за стабільна высокую якасць прадукцыі.

Белакт рэалізуе сваю прадукцыю, як на айчынным рынку, так і за яго межамі. Тавары прадпрыемства экспартуюцца ў Расію, Малдову, Дагестан, Казахстан, Украіну, нават у Венесуэлу. Асартымент прадукцыі вельмі разнастайны і даступны. Нават самы заядлы пакупнік можа выбраць сабе тавар на свой густ. Пералік тавараў складае больш за 200 найменняў.

Зараз мы вам прапануем пачаставацца прадукцыяй гэтага прадпрыемства.



Вядучы 3. Красуйся ў радасці няспыннай

Красуйся ў промнях залатых

У адукацыі айчыннай

Жыві ў сэрцы маладых.



Слайд “Ваўкавыскі каледж”.



Ваўкавыскі каледж

Даследчык 7. Магчыма нашым паважаным гасцям здаецца, што ўключэнне ў спіс цудаў Ваўкавышчыны Ваўкавыскага каледжа надта субектыўна, але мы гэта лічым апраўданым. Ваўкавыскі каледж адна са старэйшых навучальных устаноў у Беларусі. Сёння мы рыхтуемся да 70-годдзя нашай альмаматэр. Гісторыя каледжа надзвычай багатая. Дзе ён толькі не размяшчаўся на працягу свайго існавання і толькі ў 1982 годзе мы перасяліліся ў сучасны будынак. Поспехі ў вучэбна-выхаваўчым працэсе сталі магчымімі, ў значнай ступені, дзякуючы былым і сучасным кіраўнікам навучальнай установы. Зараз у каледжы вядзецца навучанне па пяці спецыяльнасцях: самая старэйшая - "Настаўнік пачатковых класаў", а адна з маладых - "Турызм і гасціннасць", якую мы з вамі набываем. Гонарам каледжа з'яўляюцца яго выпускнікі. Большасць з іх звязалі сваё жыццё са школай, адны знайшлі сябе ў грамадса-палітычнай дзейнасціі , а іншыя – ў навуцы. I хочацца спадзявацца, што мы з вамі, выпускнікі аддзялення "Турызм і гасціннасць", адкрыем новую старонку ў гісторыі каледжа і напоўнім яе цікавымі падарожжамі, вандроўкамі, вывучэннем роднага краю.

Вядучы 1. Дзякуй творчым групам за цікавы аповед. А зараз мы жадаем пачуць вашы меркаванні па пытанню: “Які аб’ект на ваш погляд мае права быць сапраўднай візітнай карткай Ваўкавышчыны?”

Вядучы 2. Правядзём інтэрактыўнае галасаванне. Перад вамі знаходзяцца лісты паперы з назвай 7 цудаў Ваўкавышчыны. Калі ласка, падыміце картку з назвай таго аб’екта, якому вы аддаяце перавагу.

Вядучы 3.Такім чынам, на думку ўдзельнікаў сённяшняй сустрэчы галоўным цудам Ваўкавышчыны з’яўляецца “Шведская гара” .

Вядучы 1. Паважаныя першакурснікі, сёння мы з гонарам можам засведчыць, што навучэнцы 2Т групы не толькі тэарэтычна пазнаёміліся з найбольш выдатнымі мясцінамі Ваўкавышчыны. Мы наведалі Шведскую гару, музей імя І.П. Баграціёна, пабывалі ў Ізабеліне і Падароску, замілаваліся прыгажосцю парка ў Красках (дэманстрацыя фотаздымкаў з падарожжаў 2Т групы).

Гэтыя падарожжы заставілі ў нас незабыўныя ўражанні.



Вядучы 2. Паважаныя першакурснікі,мы заклікаем вас далучыцца да вывучэння роднага краю. Добрых і цікавых вам шляхоў!
Літаратура


  1. Бутэвіч, А.І. У гасцях у вечнасці. / А.І. Бутэвіч. – Мн., ВТАА, - 2001.

  2. Беларуская энцыклапедыя: У 18т. – Мн., 1996-2004.

  3. Кисель, В.П. Памятники всемирного наследия. / В.П. Кисель. – Мн.,

- 1998.

  1. Федосик, В.А. Семь чудес света. / В.А. Федосик. – Мн., - 2002.

  2. 100 мест на земле, которые необходимо увидеть. – Мн., - 2007.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка