Сценар пазакласнных заняткаў: «Беларускі народны тэатр»




Дата канвертавання29.03.2016
Памер147.97 Kb.

12

Сценар пазакласнных заняткаў:

«Беларускі народны тэатр»

Наталля Пятроўна Бартошык,

настаўніца гісторыі і грамаданаўства

Дзяржаўнай установы адукацыі

«Бокшыцкая сярэдняя агульнаадукацыйная школа» Слуцкага раёна Мінскай вобласці

Падрыхтоўчая работа

За два тыдні да заняткаў трэба клас падзяліць на творчыя групы:

1. Рэдактары раздзелаў (па жаданні, але адказныя вучні) і журналісты:

- Каляндарная і сямейная абраднасць;

- Скамарохі;

- Школьны тэатр;

- Смаргонская акадэмія;

- Батлейка.

2. Тэатральная трупа (вучні удзельнічаюць толькі па жаданні).

3. Тэхнічны рэдактар і афарміцелі (вучні ўдзельнічаюць па жаданні, а таксама трэба назначыць аматараў камп’ютара). Патрабую, каб вучні зрабілі і друкаваны варыянт прэзентацыі, бо тэхніка можа і не спрацаваць.

4. Майстры (акуратныя і працавітыя дзеці, якім вучоба даецца з вялікімі цяжкасцямі; удзельнічаюць па жаданні, а некаторыя - па рэкамендацыі настаўніка).

5. Харэографы (дзяўчаты, якія разам са мной наведалі рыцарскі турнір ў Навагрудку).

Кожная група атрымоўвае заданне:

- Групы «Каляндарная і сямейная абраднасць», «Скамарохі», «Школьны тэатр», «Смаргонская акадэмія», «Батлейка» павінны знайсці і падрыхтаваць цікавыя вусныя паведамленні пра віды тэатральнай дзейнасці; а таксама аформіць пісьмова сваю старонку, каб быў і друкаваны варыянт часопіса.

- Тэатральная група, у якой рэжысёрам я звычайна назначаю вучня з лідэрскімі здольнасцямі, рыхтуе сцэнкі.

- Тэхнічны рэдактар і афарміцелі рыхтуюць застаўкі часопіса з назвамі раздзелаў, буклет з фотаздымкамі батлейкі і лялек або камп’ютарную прэзентацыю (прашу, каб вучні зрабілі і друкаваны варыянт прэзентаціі, бо тэхніка можа і не спрацававаць).

- Майстры рамантуюць лялькі і шырму, выконваюць ролі работнікаў сцены ў час прадстаўленняў.

- Харэографы развучваюць танец з паясамі, які бачылі на рыцарскім турніры ў Навагрудку 2 ліпеня 2006 г.

На відным месцы ў класе – спіс літаратуры (вывесіць за 2 тыдні):

  1. Барышев Г. Белорусская батлейка. –МН.,1994 г.

  2. Гісторыя беларускага мастацтва: У 6 т. Т3: Канец XXVI – пач.XXст./Рэд.Л Дробаў,П.Корнач.-Мн., 1989.

3. Дубінка Н. І адраджаецца батлейка... // Пралеска. 1994. № 5

4. Лозка А. Беларускі народны каляндар. – Мн.,1992.

5. Лукша В. Батлейка: Вершы і казкі. – Мн., 1993.

6. Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя. – Мн., 1989.

За тыдзень да занятка трэба назначыць кансультацыі ўсім рэдактарам раздзелаў і спытаць: пра што даведаліся; пра складанасці ў працы; даць параду па змесце і працягласці выступлення, наведаць генеральную рэпетыцыю спектакляў, танцораў. Гэта частка падрыхтоўкі абавязковая, бо. нельга пускасць падрыхтоўку вучняў на самацёк. Кансультацыі – фактычна праверка падрыхтоўкі заданняў.

Форма правядзення занятка: Вусны часопіс з элементамі тэатралізаванай гульні.

«Беларускі народны тэатр»

Мэта: Даць веды вучням пра народнае тэатральнае мастацтва Беларусі: скамарохаў, батлейку.

Задачы:

1. Фарміраваць у вучняў уяўленне аб беларускім тэатры як вобразным адлюстраванні духоўнага свету чалавека.

2. Фарміраваць у вучняў уменне выступаць перад публікай; здольнасць быць чытачом, гледачом, слухачом.

3. Садзейнічаць выхаванню цікавасці да народнай спадчыны, жаданню самім дакрануцца да народнага мастацтва, развіццю лідэрскіх якасцей: адказнасці за сваю працу і працу іншых.

Абсталяванне:

Абсталяванне:

1. Самаробны буклет або камп’ютарная прэзентацыя «Батлейка» (Дадатак 2).

2. Камп’ютарная прэзентацыя «Мы бачылі батлейку» (Дадатак 3).

3. Камп’ютарная прэзентацыя «Этнаграфічны тэатр “Нам засталася спадчына”». (Дадатак 4).

4. Карткі з надпісамі: «Каляндарная і сямейная абраднасць», «Школьны тэатр», «Скамарохі», «Смаргонская акадэмія», «Батлейка», «Беларускі народны тэатр».

5. Лялькі, шырма, камп’ютер.

6. Кнігі: А. Лозка «Беларуская батлейка»; В. Лукша «Батлейка».

7. Памятка «Як скласці водгук». (Дадатак 1).

8. СD «Легенды Вялікага Княства. Гістарычная музыка Беларусі».

9. «Дрэва пачуццяў» і каляровыя карткі чырвонага, жоўтага, зялёнага, чорнага колераў. (Дадатак 5).

Ход занятка

На дошцы замацавана картачка «Беларускі народны тэатр»

Арганізацыйны момант

Вучань:

- Сёння мы праводзім наша мерапрыемства ў форме вуснага часопіса. Як заўсёды, адкрывае нумар галоўны рэдактар – наш настаўнік.

Настаўнік:

- Добры дзень, паважаныя вучні! Наш занятак прысвечаны беларускаму народнаму тэатру. Я – галоўны рэдактар часопіса «Тэатральнае мастацтва», а кожны з вас павінен выканаць сваю ролю. (Настаўнік называе, якія ролі даюцца вучням: тэхнічны рэдактар, рэдактары раздзелаў, харэографы, афарміцелі, майстры.) На сустрэчу з намі прыйшлі артысты, іх ролі таксама будзеце выконваць вы.

Не забывайце, што вы яшчэ і вучні, а таму абавязкова запісвайце ў сшытках кароткі канспект, карыстайцеся карткамі з назвамі, якія будуць замацаваны на дошцы. Канспекты будуць абавязкова ўлічаны у час выстаўлення адзнак.

Вывучэнне новай тэмы

Усе вучні нашага класа адначасова і чытачы, і ў канцы урока мы паслухаем водгугі нашых удзячных чытачоў. Кожны з вас атрымае памятку «Як скласці водгук».

(Настаўніца раздае памяткі.) Прачытайце першае заданне і выканайце яго ў сшытку.

(Вучні адказваюць на пытанне «Чаго вы чакаеце ад гэтага занятка, вызначыце свае мэты».)

І госці, што прысутнічаюць на ўроку – чытачы, якім мы прэзентуем нумар пад тэматычнай назвай «Беларускі народны тэатр». (Настаўніца паказвае картку на дошцы з назвай тэмы занятка). Увага! Пачынаем!

Завязка

Вучань - рэдактар раздзела « Каляндарная і сямейная абраднасць» паказвае картку з назвай раздзела і замацоўвае яе на дошцы:

- Я – рэдактар раздзела « Каляндарная і сямейная абраднасць». Працоўная дзейнасць чалавека – гэта першасная крыніца ўзнікнення народнага тэатра і наогул мастацтва. Пры дапамозе абрадавых ігрышчаў, гульняў чалавек хацеў увайсці ў кантакт з прыродай, «дамовіцца» з «паганскімі божышчамі». Так узніклі анімізм (адухаўленне прыроды) і татэмізм (культ жывёлы). (Словы анімізм і татэмізм запісвае на дошцы.) Духоўнымі апекунамі чалавека ў розных плямёнаў былі Рыба, Качка, Каза, Мядзведзь і г.д.

У фальклоры земляробчага гадавога цыклу існуюць вобразы, якім нададзена абрадавая магічная функцыя – гэта Шчодра, Каза, Мядзведзь, Журавель, Русалка, Вясна, Ярыла і інш. Багаццем тэатралізаваных элементаў адметныя такія святы, як Каляды, Купалле, Гуканне вясны. У нас ў школе працуе этнаграфічны тэатр, кіраўніком якога з’яўляецца наша настаўніца.

Якія спектаклі мы бачылі?

(Вучні называюць «Дажынкі», «Масленіца», «Грамніцы», «Багач», «Каляды».)

(Вучні – афарміцелі паказваюць камп’ютарную прэзентацыю.)

- Народны тэатр бярэ пачатак не толькі ў каляндарнай, але і ў сямейнай абраднасці. Беларускае вяселле – гэта своеасаблівая опера і драма. «Артысты» не адыходзяць ад вясельнага «сцэнару», дзе распісаны ролі, ёсць завязка, кульмінацыя, развязка, а «рэжысёрам-пастаноўшчыкам» з'яўляецца галоўны сват, ці «стаўбавы».

У будзённым жыцці заўсёды знаходзіліся людзі, якія бралі на сябе тэатральна-мастацкае кіраўніцтва. Вялікая роля тут належала скамарохам – выканаўцам песняў, танцаў, а таксама музыкам, мядзведнікам, лялечнікам, акрабатам, арганізатарам розных забаў.

Вучань – рэдактар раздзела «Школьны тэатр» паказвае картку з назвай раздзела і замацоўвае яе на дошцы:

- Я – рэдактар раздзела «Школьны тэатр». Народная творчасць – аснова прафесійнага тэатральнага мастацтва. Яе ўздзеянне адчуваецца на так званым школьным тэатры, які атрымаў найбольшае распаўсюджванне на тэрыторыі Беларусі ў XVII ст. Прадстаўленні тэатра былі для вучняў калегіўмаў своеасаблівым экэаменам па паэтыцы і рыторыцы, акцёрскім майстэрстве, уменні весці дыспуты і распісваць дэкарацыі. У процілегласць канонам школьнай драмы паміж рытарычнымі дыялогамі выконвалася інтэрмедыя – п'еса-карацелька на жывой, гутарковай мове.

Вучань - рэдактар раздзела «Скамарохі» паказвае картку з назвай раздзела і замацоўвае яе на дошцы:

- Я – рэдактар раздзела «Скамарохі». Адной з самых яркіх і значных з'яў у гісторыі тэатральнага мастацтва з'яўляецца творчасць скамарохаў – старажытных акцёраў-песняроў, музыкаў, танцораў, выканаўцаў драматычных сцэнак. Скамарохі былі выхадцамі з народных нізоў, яны ўспрынялі і творча памножылі здабыткі народнай тэатральна-гульнёвай культуры, узнялі яе да прафесійнага ўзроўню. Асабліва шырокай папулярнасцю ў народзе карысталіся скамарохі – музыкі і мядзведнікі. Мядзведзяў вучылі не толькі танцаваць і перадаваць пры дапамозе рухаў чалавечыя звычкі, але і выконваць розную гаспадарчую працу: круціць жорны млыноў, лавіць рыбу і чэрпаць ваду.

Вучань-рэдактар раздзела «Смаргонская акадэмія» паказвае картку з назвай раздзела і замацоўвае яе на дошцы:

- Я – рэдактар раздзела «Смаргонская акадэмія». Наступная старонка прысвечана «смаргонскай мядзведжай акадэміі». Пра гэту школу складалася шмат паданняў і легенд. Узнікла яна ў XVII ст. па ініцыятыве Радзівілаў. У лясах вадзілася шмат мядзведзяў. Вясной маладых мядзведзяў лавілі і змяшчалі ў глыбокія ямы. Потым на працягу 2 – 3 месяцаў кожны дзень пад спецыяльным прыстасаваннем з медным дном, на якім сядзелі мядзведзі, клалі агонь. Настаўнікі білі ў бубен, а медзведзяняты на гарачым памосце ўзнімаліся і пачыналі пераступаць з нагі на нагу. Так выпрацоўваўся ў будучых «артыстаў» умоўны рэфлекс. Рэпертуар скамароха-мядзведніка будаваўся вакол выступленняў мядзведзя. Па камандзе важак кланяўся публіцы, танцаваў, паказваў, як бабы хлеб месяць, як на паншчыну і з паншчыны ідуць, як мужчыны косяць, як малыя хлопцы гарох крадуць.

(Вучні- афарміцелі паказваюць малюнкі ў буклеце або камп’ютарную прэзентацыю паралельна з расказам.)

Вучань - рэдактар раздзела «Батлейка» паказвае картку з назвай раздзела Батлейка» і замацоўвае яе на дошцы:

- Я – рэдактар раздзела «Батлейка». Пятая старонка прысвечана батлейцы. З канца XVII ст. на Беларусі ўзнікае новы від тэатральнага мастацтва – лялечны тэатр батлейка. Слова «батлейка» паходзіць ад назвы горада Віфліем (Батлеем), дзе, згодна з хрысціянскай легендай, нарадзіўся Ісус Хрыстос.

Першыя звесткі пра тэатр батлейкавага тыпу, які на рэлігійныя святы пераносілі ці перавозілі ад храма да храма, адносяць да V ст. да н.э. Даследчыкі лічаць, што лялечны тэатр узнік у Заходняй Еўропе, затым трапіў у Польшчу, дзе меў назву шопка, на Украіну (вяртэп) і ў Беларусь. Ад езуітаў, а потым шкаляроў і семінарыстаў батлейка перайшла да местачковых рамеснікаў і сялян. Для паказу батлейкі рабілі з дрэва скрынкі розных колераў, звычайна ў выглядзе хаткі. Сцэна аздаблялася тканінай, паперай, геаметрычнымі фігурамі і нагадвала балкон. Скрынка зачынялася дзверцамі. Лялькі-персанажы рабіліся з дрэва, каляровай паперы, тканіны; валасы, бровы, вусы – з лёну ці аўчыны. Лялькі мацаваліся на драўляны ці металічны шпень, пры дапамозе якога батлеечнік вадзіў іх па проразях у ярусе-сцэне. Вядома таксама батлейка з лялькамі-марыянеткамі на нітках з верхнім прынцыпам ваджэння, пальчаткавыя лялькі. Паказы суправаджаліся музыкай, сцэна і лялькі асвятляліся свечкамі. Батлеечнік знаходзіўся за скрынкай, адтуль вадзіў лялькі, гаварыў тэкст, змяняючы голас для кожнага персанажа.

(Вучні- афарміцелі паказваюць малюнкі ў буклеце або камп’ютарную прэзентацыю паралельна з расказам.)

- Рэпертуар складаўся з дзвюх частак: кананічнай (рэлігійнай) і свецкай (народна-побытавай). Найбольшай папулярнасцю карыстаўся свецкі рэпертуар з камічнымі сцэнамі, народнымі песнямі і танцамі.

(Хароэографы танчаць сярэдневечны танец з паясамі.)

(«Таўкачыкі» – танец. Гурт «Капэля А.Лася».)

(Ціха гучыць музыка. Песня «Мядуніца». Гурт «Guda».)

Вучань-журналіст раздзела «Батлейка» гаворыць пад ціхую музыку («Мядуніца» гучыць да канца):

- Батлейка на Беларусі існавала і ў XX ст. У 1923 г. мастацтва батлейкі дэманстравалася ў Маскве, у беларускім павільёне.

У Докшыцах жыў вядомы на ўвесь Барысаўскі павет батлейшчык Патупчык. У 1909 – 1916 гг. яго батлейка карысталася вялікай папулярнасцю. Ён быў вельмі таленавітым акцёрам - самародкам. Лялечнік, імітатар і музыкат, ён з жонкай і сынам жыў выключна за кошт сваёй любімай справы. Іншых заробкаў не меў. Калі яго запрашалі ў дамы докшыцкага начальства, дык ён дэманстраваў рэпертуар на тэмы біблейскіх і евангельскіх падзей. Апосталаў і вешчуноў Патупчык рабіў падобнымі да мясцовага служкі культа і тых свяшчэннікаў, якія пры біблейскіх і евангельскіх падзей. Апосталаў і вешчуноў Патупчык рабіў падобнымі да мясцовага служкі культа і тых свяшчэннікаў, якія прыязджалі на фэст. Бывалі выпадкі, калі на вачах у публікі ў яго забіралі і ламалі лялькі. Але забараніць прадстаўленні ўлады не адважваліся. У дні кірмашоў Патупчык у сваіх пастаноўках расказваў пра ўсе навіны. Батлейка яго была газетай не толькі Барысаўскага павета, але і іншых мясцін. У рэпертуары тэатра Патупчыка былі таксама інсцэніроўкі песняў, сярод якіх найбольш папулярнай з'яўлялася «Верабей, верабей, не жалей канапель...», «Гоп, гоп Ясю...».

Кульмінацыя

(Тэатральная трупа, майстры пачынаюць сваю дзейнасць. Майстры рыхтуюць сцену і лялькі. Ціха гучыць музыка: «Найгрыш» – В.Грынь; Парныя дудкі. Рэжысёр і артысты паказваюць сцэнку «Гоп, гоп, Ясю...».)

Вядучы: Гоп, гоп, Ясю, куды ты паехаў?

Ясь : Да Івана.

Вядучы: Што Іван робіць?

Ясь: Сена косіць.

Вядучы: Нашто яму сена?

Ясь: Кароў карміць.

Вядучы: Нашто яму карова?

Ясь: Малако даіць.

Вядучы: Нашто яму малако?

Ясь: Дзетак карміць.

Вядучы:Нашто яму дзеткі?

Ясь: Жалуды збіраць.

Вядучы: Нашто яму жалуды?

Ясь: Свіней карміць.

Вядучы: Нашто яму свінні?

Ясь: Горы капаць.

Вядучы: На што яму горы?

Ясь: Золата здабываць.

Вядучы: Нашто яму золата?

Ясь: У скрыню хаваць.

Вядучы : Што б ты зрабіў з золатам?

З'яўляюцца карова, свіння, ядуць сена, з пад хвастоў сыплюцца бліскучыя манеткі, вядучы збірае ў кошык, праганяе жывёл і крочыць, раскідваючы грошы па полі.

Вядучы:

- Так адбывалася рэклама мінеральных угнаенняў.

Вучань - журналіст раздзела «Батлейка»:

- Цікавай формай батлейкавых прадстаўленняў былі батлеі, ці батлейка. У іх асобныя сцэны выконвалі самі акцёры без лялек. Паказы «жывой батлейкі» вядомы і на прафесійнай сцэне. Слынны тэатразнаўца Гурый Барышаў на фальклорнай аснове напісаў сцэнарый, які з поспехам быў выкананы артыстамі мінскіх тэатраў. Да тэмы старажытнага лялечнага тэатра звяртаюцца ў сваёй творчасці многія мастакі, кінастваральнікі, пісьменнікі.

У 1993г. выйшла цікавая кніга Валянціна Лукшы «Батлейка», а таксама ёсць кніга А.Лозкі «Беларуская батлейка» (вучань паказвае кнігі).

А зараз новае прадстаўленне.( Гучыць музыка: «Песня а князю Вітаўце» – Стары Ольса. Музыка ставіцца цішэй і артысты пачынаюць.)

Батлеечнік: Цары Аляксандр Македонскі і Пор Індыйскі выязджаюць і самі паміж сабой бой пачынаюць.

Аляксандр Македонскі: Пор! Ты што гэта: захацеў ад майго ўдару з каня зляцець?

Пор Індыйскі: Нешта я цябе спужаўся? I адкуль ты, гэткі франт, узяўся?

Батлеечнік: Ну, дык што, будзеце біцца ці мірыцца?

Аляксандр Македонскі: Біцца!!!

Пор Індыйскі: Біцца!!!

(Адбываецца паядынак. Пор падае з каня, Аляксандр ад'язджае.)

Хор спявае:

Слава, слава табе, Аляксандру-герою,

Што град Антон уратаваны табою!

Вянкі лаўровыя ўюцца

Над тваею кучаравай галавою!

На месца паядынку бяжыць жонка Пора, заліваецца слязамі.

Батлеечнік:

Пачула пра тое царыца,

Порава маладзіца,

Прыйшла яна слёзна паплакаць

Па сваім мужанёчку.

Жонка Пора (плача):

А, пане, мой пане,

А мой жа ты каханы!

А ты ж мяне так любіў,

А ты ж мяне так шанаваў:

Па разу ў дзень карміў,

Па тры разы ў дзень лупцаваў;

Пацягну я цябе, даражэнькі,

Да ямачкі да глыбенькай!

Пахаванне Пора. У час паядынку Аляксандр Македонскі быў на сваім кані, а Пор узяў напракат у цыгана.

Рэжысёр: Ролі выконвалі (называе вучняў- выканаўцаў...)

Развязка

Настаўнік:

- Тэхнічны рэдактар і афарміцелі разам са мною падрыхтавалі вам сюрпрыз!

Давайце з вамі ўспомнім, дзе мы бачылі спектакль батлейкі і вулічныя прадстаўленні і заплануем, куды мы можам яшчэ паехаць.

Спектаклі батлейкі можна ўбачыць у Мінску (слайды):

- у Мінскім дзяржаўным тэатры лялек;

- у музеі тэатральнай і музычнай культуры РБ;

- у Цэнтры гульні і цацкі Міністэрста адукацыі РБ, гэты матэрыял мы знайшлі ў цудоўным часопісе «Бярозка», які шмат увагі надзеляе беларускай гісторыі і культуры;

- у Заслаўі: у музеі - запаведніку, дзе працуе выдатная батлейшчыца Шахлевіч Канстанцыя Лявонаўна – тут мы былі разам з вашымі старыйшымі сябрамі, спадзяёмся што і з вамі наведаем гэты музей – тэатр;

- у мястэчку Мір ёсць музей- тэатр – студыя «Батлейка»;

- у Строчыцах, у музеі драўлянай архітэктуры, у доме калядоўшчыка ёсць скрыня для батлейкі – многія з вас там былі разам са мною і памятаеце гэтую хатку.

- а яшчэ мы з вамі былі на рыцарскім турніры ў Заслаўі і там бачылі гэты спектакль.

(Многія вучні у больш раннім ўзросце наведвалі разам са мною Заслаўе, Навагрудак і цяпер ўспамінаюць, што ў Заслаўі яны бачылі спектакль «Цар Ірад», а таксама вулічных музыкантаў і сярэдневяковыя танцы на рыцарскіх турніраху Навагрудку і Заслаўі.)

Заданне

1 – 3 узровень: чытаць тэкст: М. Каладзінскі «Беларускі тэатр ад вытокаў да 18 ст.» у вучэбным дапаможніку «Мастацтва. 9 кл.», старонка 425 – 430.

2 узровень: чытаць тэкст: М. Каладзінскі «Беларускі тэатр ад вытокаў да 18 ст.» у вучэбным дапаможніку «Мастацтва. 9 кл.», старонка 425 – 430 і растлумачыць словы: каляндарная і сямейная абраднасць, скамарохі, школьны тэатр, смаргонская акадэмія, батлейка – пісьмова.

3 узровень: чытаць тэкст: М. Каладзінскі «Беларускі тэатр ад вытокаў да 18 ст.» у вучэбным дапаможніку «Мастацтва. 9 кл.» старонка 425 – 430 і скласці план свайго расказа.

4 узровень: чытаць тэкст: М. Каладзінскі «Беларускі тэатр ад вытокаў да 18 ст.» у вучэбным дапаможніку «Мастацтва. 9 кл.» старонка 425 – 430 і скласці крыжаслоў на тэму «Беларускі народны тэатр».

5 узровень: чытаць тэкст: М. Каладзінскі «Беларускі тэатр ад вытокаў да 18 ст.» у вучэбным дапаможніку «Мастацтва. 9 кл.» старонка 425 – 430 і напісаць сцэнку для спектакля тэатра «Батлейка» (гумар на нашых уроках).

Настаўнік:

- Праверце ў дзённіках суседзяў, як запісалі заданне.

Рэфлексія

Настаўнік:

- Прапаную вам напісаць водгук чытача. (Вучні пішуць з дапамогай памяткі водгук. Адзін з вучняў па жаданню можа зачытаць.)

Падвядзенне вынікаў занятка

Настаўнік:

Надыйшоў час ацаніць вашу работу. Вы працавалі добра, малайцы!

Катарсіс

Настаўнік:

- Запрашаю вас вызначыць свой настрой на дрэве пачуццяў.

Дрэва замацавана на дошцы. На паперы намалявана дрэва, кожны вучань бярэ каляровыя карткі, якія вызначаюць яго настрой у канцы занятка, і прымацоўвае карткі на дрэва (на картцы запісвае сваё імя). Карткі-чырвонага (узбуджаны настрой), жоўтага (вясёлы настрой). зялёнага (набыў шмат ведаў), чорнага (сумна)- колераў.

Дадатак 1: Памятка «Як скласці водгук»

1. Чаго вы чакаеце ад гэтага ўрока, вызначыце свае мэты.

2. Як вы рэалізавалі сваю мэту?

3. Які раздзел вам спадабаўся? Чаму? (Не называйце свой.)

4. Пра што новае вы даведаліся на ўроку?

5. Пра што вы ведалі раней?

6. Чаму навучыліся?

7. Вы бачылі раней батлейку?

8.Ці хацелі б вы паглядзець спектакль сапраўднай батлейкі?

9.Чаму так?

10.Вам спадабалася ваша работа на ўроку?

11.Што зробіце, каб наступный раз адбылося лепш?

Дадатак 5. «Дрэва пачуццяў»



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка