У с т у п .
Сакавіцкімі шляхамі,
Па-над белымі снягамі
Дзень, святы для ўсіх плыве1,
За сабою нас заве –
На шырокія прасторы,
Дзе былога гонар, дух,
Дзе ляціць да зор, угору
Спадзяванняў нашых круг.
А ў Брылях2 завейных – гола.
І ці ёсць тут дзе жыццё?..
Ёсць! Бяжыць, гляджу, Мікола 3 -
Зараз будзе зноў зліццё
Нетаропкае гаворкі
З надвячоркам, што заціх –
Пад зіхценнем светлай зоркі
І пад шэпты чорных крыг,
Што таўкуцца на Рудэі4
І ў Расту5 плывуць ажно…
Г о с ц ь .
Тут у сенцах грукат: “Дзе я?!
Ну, нічога ж не відно, -
Хоць бы лямпачка якая!
Эй, Панас, чорт пабяры!..
О, а я цябе гукаю!
Ну, здароў, харэй стары!”
І, рассеўшыся ўрачыста,
Распачаў аповед свой:
“Дзень сягоння быў вячысты:
Разгарнуўся той сувой
Сакавіцкай слаўнай даты!
Ну, і мы з брылеўскай хаты
Разам з Алачкай-каханкай6
З ранку ў свята паляцелі.
Эх, на жаль, няма ў нас танка –
Вось бы з зайздрасцю глядзелі
Магілёўскія на нас!
Танк у дзень такі – як раз!
К а с т у с ё ў .
Напярэдадні Рыгорка –
Кастусёў7, той самы, наш –
Ды сваёй скорагаворкай,
Ды ў брылеўскі мой бліндаж
Пазваніў: “Пачнецца свята
Там, дзе Ленін і Сярго
Аб’ядналіся заўзята
Каля Болдзіна таго8.
А семнаццатай гадзіне
Мы пачнем адтуль хаду,
І сваім настроем грымнем,
І развеем мы нуду –
Каб адчулі беларусы
Дваццаць пяты дзень вясны!
Годзе ўжо канаць у скрусе –
Хай канаюць вунь яны !”…
О, натхніўшыся Рыгорам,
Можна плысці і праз мора,
Горы можна перайсці –
Каб куточак той знайсці
Непаўторнага, святога,
Ад якога на душы
Светла, лёгка… Ты пішы!..”
Памаўчаў у задуменні,
Пасапеў у сівы вус –
І ўспамінаў тых імгненні
Развінулі зноў абрус.
А л я к с а н д р Р ы г о р а в і ч .
“Трэба тут, браток, адзначыць:
Горад – гэта ого-го!
Я імкнуся там пабачыць
Шмат каго і шмат чаго –
Калі зрэдку залятаю
На бліскучы той асфальт:
І сяброў я там вітаю
І яны крычаць мне: “Хальт!”9
Вось і сёння: нос – угору,
Бо мяне, дарэчы, сам
Аляксандр – эх! – Рыгорыч
Запрасіў у гарвыканкам10.
Во! Ты бачыш, як прыспела
І якія людзі тут!..
І да тых прыступак смела
Скіраваўся наш маршрут.
Гмахам велічны будынак
За блакітам тых ялін11, -
Сэрца робіць аж прыпынак!..
Супакойся, сэрца, блін!
І праз позірк вартавога –
Ой, глядзеў той хлопец строга! –
На паверх залезлі трэці
І – налева. Надпіс свеціць:
“Канцылярыя”. Ого!
“Як знайсці мне?..” – “Вам каго?” –
( Там жанчына вось такая ) –
“Тут Рыгоравіч у вас…” –
“Пачакайце – пагукаю!
Ой, ён некуды як раз
Выйшаў! Вунь пінжак ягоны!..
Ён для нас амаль што свой,
І такі неугамонны
Наш Рыгорыч – ой, ёй, ёй!”
Не паспелі на банкетках
Мы падумаць: “Дзе той чмель?..” –
Як нясецца ён ракетай,
Прыціскаючы партфель,
Міма нас, у нейкіх думах…
Я крычу: “Агееў12, стой!”
( Так – Агееў! А ты думаў,
Што Рыгоравіч не той?! ).
“Ой! – убачыў, - вас вітаю!
Я ж вось тут амаль жыву:
Партархіў той разграбаю –
Кішкі хутка тут парву!
Ж а д а н н е .
Ну, шаноўныя, -- да справы!
Бачу, у вас жаданне ёсць
Адшукаць у траўні ўправу
На тыднёвую мілосць
Адпускных перажыванняў –
І ў чаканні Прагі млець13.
Тых сяброў ёсць абяцанне14.
І да Чэхіі ляцець
Нам праз Польшчу давядзецца.
Ад прыпынкаў нам не дзецца:
Кракаў будзе нас прымаць –
Той, што немцы падарваць
Не змаглі ў суровы час15.
А адтуль ужо як раз
І рукой падаць да Прагі –
“Злата Прага”!.. Тую смагу
Будзем півам наталяць, -
Апасля вы піва браць
У рот не будзеце паўгода!
Там, вядома жа, “Свабода”16,
І Скарынавы сляды17,
Й беларускага народа
Прыхаваныя гады18…
Векапомную імпрэзу
Падрыхтуем для сяброў –
Хай паслухаюць гарэзы
Трапятанне родных слоў.
Жыць? Гатэль? Ой, гумарысты!
Можа, “Хілтан”19 вам падаць?
Будзем чынна ў полі чыстым
Мы світанкі сустракаць,
Пазяхаючы дрыготка
У байскауцкіх20 мяхах.
То не жах, сябры, - знаходка!
Так – танней! Нашто размах?..
Вунь Зіноўеў21 і Ульянаў22
Па-сапраўднаму, не сп’яну
Засяліліся у шалаш23 -
Потым быў такі кураж!..
Ну, давайце вашы грошы
І адбіткі пашпартоў!
Усё, пабег, мае харошыя:
Спраў яшчэ – як тых клапоў!”
І прапаў у калідоры,
Шаматнуўшы барадой.
Ён такі: сказаў - падорыць
Слой з гаючаю вадой…
Н а С а д о в а й .
Зноў ахоўнік ля ўвахода, -
Бокам, бокам з тых вышынь
І хутчэй адтуля ходу!..
І ужо аднекуль: “Дзынь!” –
Подых чуецца далёкі
Волі, сэрцы там пяюць –
І гісторыі аблокі
Над Садовай24 паўстаюць.
І па стомленаму бруку,
Ля гімназіі старой25
Мы пайшлі на тыя гукі
Надвячоркавай парой.
Сакавіцкая аблога,
Задуменны Магілёў…
І – пякучка-насцярога
Міліцэйскіх патрулёў.
Вунь Жэглоў, а вунь Шарапаў26,-
Колькі ж вас, чорт пабяры!..
Ой, глядзі: атрад АМАПу27
На аўтобусе ў двары!
Ай, Алёнушкін28 - палкоўнік,
Нашых нораваў ахоўнік -
У папахе, с рацыяй,
Пэўна, у прастрацыі
Міма нас пратупацеў,
Нешта ў рацыю крахцеў, -
Краем вуха разабраць
Здолеў я: “Яб..на маць!”…
Да чаго тут падрыхтоўка?
Мо, чакаецца вайна?..
Калі што, у мяне вінтоўка
Прыхавана ля гумна.
О, знаёмыя асобы:
Бора Бухель29, Салаўёў30,
Вунь і Краўчанка31 без слоў
Аглядае ўсе вантробы.
Абчапляўшыся значкамі,
Бел-чырвона-белы ўвесь
( Да мяне, маўляў, не лезь! )
Серж Нягацін32 - вось ён, з намі.
Тут і моладзь у банданах33,
І сур’ёзныя мужы –
Прыхінуліся аддана
Да святочнай той імжы.
М а н д а р ы н ы .
А пад “пушкінскім” балконам34 -
Лёсам, часам нескароным –
Строгі Зміцер Салаўёў.
Нас убачыў: “Эй, Яцкоў!
Вось трымайце!” - і абрынуў
Нам у рукі мандарыны.
І аранжавыя зоркі
Паплылі ва ўсе бакі –
Пад паглядам пільным, зоркім:
Міліцэйскія палкі
Аж дыханне затаілі –
Рэвалюцыя! Майдан!
Ох, аранжавым мы ўпілім!”35…
Але ўлётак чамадан
Нераскрытым нікнуў долу:
Міліцэйскага дазволу
Вось на гэты распаўсюд
Нават Бухель не дамогся,
Хочь упэўнена запрогся
Утварыць чарговы цуд –
Паскакаў на перамовы,
Ну, а там за словам слова,
Спрэчка ажно да аблок
І – прыступкі ў “варанок”36.
Во, “хапун”37 ужо пачаўся:
Вунь Нягаціна цкуюць, -
Той, вядома ж, раскрычаўся:
“Ой, ратуйце! Ой, заб’юць!”
І народ па-партызанску
Падцягнуўся, загудзеў:
“Не чапайце хлопца, гансы!” –
Тут Алёнушкін забздзеў
І Сірожу адпусцілі.
Н а в і н а .
“Ой, ці чуеце? Схапілі –
З навіною Салаўёў, -
Толькі што мне пазванілі
І сказалі: “Кастусёў
Ні за што арыштаваны!”
Вось уладай што абрана –
Самых лепшых выбіваць!
Як жа гэта ўсё стрываць?!”
І ўзвілося хваляванне
Над схмурнелай грамадой…
Ноч адыдзе.
Будзе ранне –
І світанне неспакой,
Што пануе сёння хціва,
Памяце усім на дзіва, -
Глянь, што робіць беларус!
Дзе адвечны той прымус?..”
Змоўк Мікола ў задуменні,
Абдымаючы імгненні
Зрокам, кінутым у час…
К о л а с .
“А далей, браток Панас,
Нас панесла на сустрэчу
Ажно з Коласам 38 самім!
Не, не з тым, што ў бронзе вечнай
Развінае свой кілім39, -
З Уладзімірам, чый тата40
Будаваў заўжды заўзята
Хату мрояў тэатральных,
Мог усё крытыкаваць.
Ну, а сын паўстаў харальна
Ў рэжысуры. І здымаць
Давялося шмат, цікава41.
Абавязаны ён славай
Магілёву: тут, у нас,
Фільм рабіў у першы раз42.
Марыць ён інтэлігентаў –
Гэтых вечных інсургентаў43-
Аб’яднаць вакол сябе –
Каб на заўтрашняй сяўбе
Шчыра, моцна, без прынукі
Падхапілі зерне рукі
І засеялі раллю
Нашай будучыні. Вось!
Дай кілішак я наллю –
Перасохла горла штось!
Ух!.. З чаго ты гэта гоніш?..
Т о ў с ц і к .
Во й гатэль той – “Магілёў”44;
Дубравенкаўскія гоні45
Заспявалі нам без слоў…
Не відаць чамусь нікога,-
Стой, як пень, тут і палай!..
Ай, глядзіць вунь нехта строга,-
Ой, то ж Тоўсцік Мікалай!46
Ён жа з Коласам заўсёды,
Як Купала Янка47 - з тым…
Прыклад розуму і згоды
На шляху ліхім, крутым.
І з тутэйшых: у абкоме48
Ля Ляонава49 сядзеў;
Млеў пасля ў газетнай строме50 -
Вельмі ўважліва глядзеў
На Айчыну. І аднойчы –
Напярэдадні той ночы –
Мой артыкул ціскануў51 -
Пра ліхога кандыдата,
Што напорыста, заўзята
Абяцаў краіне краты.
Як жа я тады уткнуў!..
Вер не вер: усё збылося, -
Аж мурашкі па спіне!..
Вось такое, брат, двукоссе
Наляцела на мяне!..
З н а ё м с т в а .
Ну, далей. Угледзеў Тоўсцік,
Павітаўся. Вось і госці:
“Колас!” – голас, нібы гром.
“Я – Алесь! І астраном!”52
І адразу нейкі гоман:
Ала – ў “Кола”53 з астраномам,
Мы ж у “Вольве” рэжысёра
Паляцелі ўлева, угору –
Адшукаўся ўміг начлег.
Не ў Брылях, на жаль, ён – эх! –
Дошку б я тады прыбіў:
“У гэтым доме Колас быў”.
Ад Вавілава, ля ФАКу54,
Праз заснежаны шанхай
Кіламетр, здаецца, з гакам, -
Вось і дом55. Шуміць там гай –
Магілёўцы ўжо паціху
Хвалявацца пачалі:
“Дзе ж гасцей тых носіць ліха?
Ну, нарэшце ўжо дайшлі!”…
Чынна, строга, з насцярогай
Павіталі менчукоў, -
У нас, маўляў, свая дарога,
Ну, а вашых тых шляхоў
Зараз хібы ўсе пабачым,
Зразумеем – хто тут мачо56.
Калі што, дык мэкнем здачы,-
Мы такія! А то як?..
І Нягацін, і Шчарбак57,
Клімуць58, Суднік59, Булавацкі60,
І Агееў, і Васіль61
Тут прыйшлі гуляць не ў цацкі,
Бо лунае над усім
Гістарычная прастора –
Да сябе заве, угору, -
Гэта трэба зразумець…
Р э п а р т а ж .
“Ой, ну дайце паглядзець! -
На святло тэлеэкрана
Насцярожыўся Шчарбак, -
Во: расейцы без падману
Круцяць мінскі наш бардак!”62
І мы ўсе пасуравелі,
Углядзеўшыся ў той жах –
Як АМАПаўцы ляцелі
І рабілі, што хацелі,
Як на скурчаных руках
Кайданы зазіхацелі…
Вось такія сёння справы,
Мой браток, - ці грэх, ці два!
Крок улева, крок управа
І – трымайся галава!..
Трэба нам на гэту ласку
Пад рукою мець заўжды
Бранірованую каску –
У тым шлеме ад бяды
Захінёмся, як бывала
У гісторыі не раз.
З - з а к р а т а ў .
Тут для нашага кагалу
Надышоў навейшы час:
Пад зіхценне перазвону –
Там такія, брат, званы –
З сенцаў выкаціўся гонар,
Паказаліся яны –
Кастусёў Рыгор Андрэіч
І Рыгорыч Васількоў63.
І ўзарваліся над рэем
Прывітанні сябрукоў,
І узрушылася хата!..
Гэта ж, братка, ого-го:
Хлопцы вылезлі з-за кратаў,
Нацярпеўшыся ўсяго!..
З а т р ы м а н н е .
І адразу: “Як там? Што там?..”
І Рыгор пачаў хаду:
“Хлопцы! Выйшаў я з работы,
Да тралейбуса іду.
Тут Бычко са мною, Саша64,
І Падліпскі тут Іван65;
Пра жыццё гамонім наша
І пра наш Туркменістан66.
На гадзінніку – шаснаццаць.
Раптам ззаду тупат, крык:
“Ну, за вамі, блін, не ўгнацца!”
“Усё, - падумаў я, - кірдык!..”67.
Павярнуўся: у цывільным
Трое хмурных дзецюкоў –
Абступілі гэтак шчыльна:
“Грамадзянін Кастусёў?
Вас папросім затрымацца
Для размовы тэт-а-тэт:
Трэба ў справе разабрацца –
І ўсіх мух ад тых катлет
Аддзяліць рукою цвёрдай!”
Што патрэбна гэтым мордам?..
Запытаў: “А вы адкуля? “ –
Паказалі ўсё без слоў,
Свае “ксівы” разгарнулі –
Глянь ты: прапаршчык Хартоў68,
Шэраговец нейкі справа,
Злева – Новікаў, маёр69.
“Хлопцы, хуценька да справы!
Ну, які ў вас тут сыр-бор?
Пачакайце: зараз звякну
Я Рыгорычу - туды !..
Слухай, дзядзька, мне тут вякнуць
Не даюць! Паслаць куды?
Не, - сур’ёзныя жа людзі!
Ты давай-ка падграбай –
Трэба стукнуць тут у грудзі,
Каб затросся гэты гай!..
Тыя вылупілі вочы –
А каму жа я званіў?
Хто ж, скажыце мне, ахвочы,
Каб Рыгорыч уваліў?
Пацішэлі: “Вам, шаноўны,
Трэба ў Ленінскі РАУС!”70
Я ім мякка так: “Панове!
Штой-та робіцца? Прымус?
Я – затрыманы ці хто тут?!
Не? Бывайце!” А яны:
“Зараз мы АМАПа роту
Свістанём!” Ну, мне вайны
Не патрэбна – ранавата.
Каб жа ўсе жылі яны
І здарова, і багата!..
Ды, тым больш, на скрыжаванне
Шмідта й Габраўскай71 народ
Падцягнуўся і пытанні
Забухцеў. Я напярод
Падлічыў наступствы тыя:
Могуць хлопцаў і пабіць.
Ім кажу: “Пайшлі, крутыя!
А то зараз бараніць
Давядзецца. Не стрымаю –
Бо, што маю, то і маю!”
П а д с т а в а .
Ну, прыйшлі ў той РАУС цьмяны –
І пачулася крозь гам:
“Тут у нас абмаляваны
Горад увесь. Скажыце нам:
І адкуль такое гора?
Хто на сценках і заборах
Пра Луку і пра муку72,
Пра Эўропу і пра жопу73
Рэгулярна стракаціць?”
Ах, ты, маць тваю іціць!
У эксперты запісалі, -
Проста нейкі Эрмітаж!
Ой, мяне бы не чапалі
І не лезлі ў мой бліндаж!..
“Хлопцы, кіньце вы дурное!
Ну, які “графітчык”74 я?
Вось гідраўліка75 - святое,
Там я знаю дах..я.
Дзе якая жалязяка,
І які дзе болт уткнуць –
Гэта ведаю з адзнакай,
Тут мяне не абмінуць!”
В а с і л ь к о ў .
У гэты момант зашумела
Наваколле да асноў
І ўляцеў Рыгорыч смела –
Наш Віталя Васількоў.
І адразу: “Ну-ка, ну-ка –
Гэта што за праізвол?”
Тут яму скруцілі рукі –
Ён здзівіўся: “Вось дазвол –
Я жа праваабаронца!
Калі будзеце ламаць,
Будзе ў клетку вам аконца!
Смірна ўсім, такую маць!”
Васількоўскія паперы,
Дзе ўсяго там да халеры,
Пачыталі і вяртаць
Нават і не захацелі.
А Віталь ім: “Звар’яцелі!
Там пра гэта затрыманне
Ўжо па радыё таўкуць –
Уся “Свабода” з прыдыханнем
Задудзела й будзе дуць!
І наогул: наш Андрэіч –
Ён абкома сакратар!76
Тут жа – прапаршчык дурэе!
Ну ты, прапар, і змагар!
На каго руку паднялі?
Дзе субардынацыя?!
Тут – палкоўніцкія хвалі!
Вызывай па рацыі!”
С к а р г а .
І напраўду – хлопцы тыя,
Ачмурэлыя ў канец,
Пазванілі: “Нам тут шыюць!
Будзе зараз нам пі..дзец!
Не было такога з веку!..”
Не паспеў заціхнуць хнык,
Як ляціць Іван Тупека77 -
Падпалкоўнік, кіраўнік.
Паглядзеў на наш клапоўнік
І пачаў без лішніх слоў:
“Там Алёнушкін, палкоўнік,
Й падпалкоўнік Ермакоў78
У вашай скарзе79 фігуруюць.
Трэба ехаць у УУС80,
Бо за скаргу нас мардуюць!
І нашто нам гэты флюс?”
Калі трэба – што тут зробіш?
Я жа бачу: цягнуць час.
Ды й няёмка ў той вантробе, -
Вунь як зыркаюць на нас!..
Ну, паехалі. Й адразу
Гучна з рацыі: “Адбой!
У Кастрычніцкі81 заразу –
Там хай пішуць “опер” свой!”
Так карцела крыкнуць: “Годзе!” –
Ды Віталь забараніў.
Тут і Краўчанка Валодзя
Абарону узмацніў.
Нешта чыркнуў я ў паперах –
І бягом за тыя дзверы!
Дзве гадзіны – як злізала:
Васемнаццаць на двары!
Там гісторыя паўстала –
Мы ж вось тут, чорт пабяры!..
С т р а ж .
Ды старонку у канспекце
Лёс не тую разгарнуў –
І на Пушкінскім прашпекце82
Нас ДАІшнік83 тармазнуў.
Побач “Космас”84, Пушкін85 млее,
Хлопец з палкай слупянее;
Не – не пройдзе тут бардак:
Начэку заўжды Лабяк!86
І пачаў: правы, педалі;
А ці грукае паддон?
Ну-ка, фарай паміргалі!
А ў аптэчцы ёсць гандон?
Нешта мала вунь саляркі!
А чаму памяты “Форд”87?
Колер нейкі дужа маркі!
Ду-ду-ду-ду-ду-ду… Чорт!..
Адчапіліся ад стража
Мы праз сорак аж хвілін!
Вось такая, хлопцы, лажа!
Невязуха сёння, блін!..
Ну, нічога! Тут мы – з вамі!
Справу зараз зробім мы.
Пасябруем, мо, дамамі –
Побач нашыя дамы!”
І, пачуўшы ад Рыгора
Той амаль што дэтэктыў,
Мы ў другое ўплылі мора,
Завялі другі матыў…
Р а з м о в а .
Распачаў Мікола Тоўсцік –
Пра яднанне, чыннасць, лёс;
Што мы тут – зусім не госці,
Што пытанняў сёння стос,
Што патрэбна вырашэнне
Варушэнняў грамады:
Не адчуеш тых цячэнняў –
Недалёка да бяды.
І таму Ўладзімір Колас
Сёння тут. І хоча ён,
Каб пачуўся кожны голас,
Каб пачуццяў бомкнуў звон…
І Георгіевіч з ходу
Завязаў вузельчык свой,
Каб прысутнаму народу
Перадаўся неспакой –
За спрадвечнае маўчанне
Там, дзе трэба не маўчаць;
За фальшывае гучанне,
Што паспелі мы абраць;
За самотны лёс Айчыны,
І за нашу ролю там,
Дзе шануецца Учынак,
А не чорных сварак гам.
І патрэбна разуменне,
Хто такі інтэлігент –
Ці ўладар свайго імгнення,
Ці вар’ят, які ушчэнт
Разбурае мілагучнасць
Паміж небам і сабой…
Ёсць адвечнае,
Ёсць штучнасць –
Выбар толькі за табой.
І нырнулі мы глыбока
Ў строму тых шаманскіх слоў.
І сваё прыжмурыў вока
Ў задуменні Кастусёў.
І пытанні ўсцяж пасеяў
Вечар той: з усіх бакоў –
Пра сваё спытаў Агееў,
І маўклівы Васількоў
Нешта трапнае агучыў;
І Шчарбак паклаў да кучы
Ўсю сваю неардынарнасць;
А Аўраменка бясхмарнасць,
Як заўжды, занатаваў…
І адказ на ўсё гучаў.
І сышліся, безумоўна,
Ўсе на тым, што трэба нам
Штосьці вывучыць нанова,
Нешта выкінуць у хлам,
І – яднацца: без яднання
Будзе вечнае змярканне,
І ніколі тое сонца
Не загляне у аконца,-
Ды й аконца тое дзе?..
П а с а д а .
Зноўку Тоўсцік грамадзе
Прапанову: “Хлопцы, трэба
Тут ячэйку88 ўсталяваць –
Каб было бясхмарным неба,
Каб магло заўжды лунаць
Меркаванне магілёўцаў –
І каб чула ваша слоўца
Наша Рада89. Ну, вы як?
Згодны? Добра! І, вядома,
Вам спатрэбіцца маяк –
Каб свяціў вось тут, ля дому,
Зрухі каардынаваў.
Я так думаю: да спраў
Далучыце вы Яцкова, -
Ён, вядома ж, баламут,
Але там, дзе трэба Слова
Ці павага да высноў –
Зробіць ён усё зэр гут90.
Вырашайце!”
Над пакоем
Цішыня спляла кілім.
Крэхнуў Клімуць: “Раз такое –
Пагадзіцца трэба з тым!
Мы жа ведаем Міколу,-
Хай працуе! Калі што –
Дапаможам, мы ж - наўкола!
Будзе добра ўсё! А то!..”
Аксакала91 падтрымалі
І мяне вось так абралі92.
Ну, а потым, як вядзецца, -
Чарка, шкварка між размоў.
Як мне гэта адгукнецца?..
К о д а .
Ты, Панас, хоць пару слоў
Мне сказаў бы у падтрымку –
Бачыш, кінула куды!
Ай, давай грамульку дрынкну
Ды пайду, а то брады
На Рудэі ўжо шапочуць, -
Вунь світанак паўстае…”
І праз міг у ноч пакрочыў,
Рассыпаючы свае
Успаміны, хваляванні…
Ну, да новага спаткання!
31 сакавіка – 13 жніўня 2005 г.
|