С. Ф. Шымуковіч Эканамічная гісторыя Беларусі




старонка11/18
Дата канвертавання15.03.2016
Памер2.57 Mb.
1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   ...   18

Лекцыя 11. Эканамічнае становішча Беларусі ў гады новай эканамічнай палітыкі (1921 – 1927 гг.)


Асноўныя паняцці, уключаныя ў сістэму трэнінг тэсцірвання:

прычыны адмены “ваеннага камунізму”; НЭП; сістэма мер для пераходу ад капіталізму да сацыялізму; тры віды гандлю; грашовая рэформа; мерапрыемствы ў прамысловасці; сіндыкат; галоўныя мэты НЭПа; асаблівасці с/г беларускіх земляў на пачатак 20-х гг.; асноўныя прынцыпы “Зямельнага кодэксу” 1923 г.; асноуныя палажэннi Новага Зямельнага кодэксу (1925 г.); “прышчэпаўшчына”; калгаснае будаунiцтва; мэты існавання саўгасау; асноўныя галіны буйной прамысловасцi; асноўныя галiны дробнай прамысловасцi; першы крызiс НЭПа; прычыны першага крызiсу НЭПа; меры пераадолення першага крызісу НЭПа; другi крызiс НЭПа; прычыны другога крызiсу НЭПа; меры пераадолення другога крызiсу НЭПа; трэцi крызiс НЭПа; прычыны трэцяга крызiсу НЭПа; агульная прычына крызісаў; асноуныя эканамiчныя супярэчнасцi; палітычныя ўмовы згортвання НЭПа; вынікі НЭПа.
Сутнасць і значэнне новай эканамічнай палітыкі
Прычыны адмены “ваеннага камунізму”:

  1. Заканчэнне грамадзянскай вайны.

  2. Незадаволенасць канфіскацыямі з боку сялянства. Патрабаванні адмены харчразвёрсткі і свабоднага гандлю хлебам.

  3. Цяжкі эканамічны крызіс на рубяжы 1920 —1921 гг.

Х з'езд РКП(б) (сакавік 1921 г.) – пачатак афармлення новай эканамічнай палітыкі (НЭПа). НЭП – гэта сістэма мер, разлічаных на пераходны перыяд ад капіталізму да сацыялізму:

  1. Замена харчразвёрсткі харчовым падаткам (зніжаўся з 20% натурай да 5% грашыма).

  2. Свабода формы землекарыстання. Законнымі прызнаваліся арцель, абшчына, прыватнае ўладанне ў выглядзе вотрубаў ці хутароў камбінацыі гэтых формаў. Дазвалялася арэнда і наёмная праца. Замацаваны прынцыпы ў Законе аб працоўным землекарыстанні (верасень 1922 г.).

  3. Заахвочванне кааперацыі. Развіццё атрымалі збытавыя, забеспячэнскія, крэдытныя аб’яднанні. Да канца 20-х гг. імі ахоплены больш паловы ўсіх сялянскіх гаспадарак.

  4. Дазвол прыватнага гандлю лішкамі с/г прадукцыяй (з мая 1921 г.).

Тры віды гандлю:

  • прыватны – пераважаў у рознічным гандлі;

  • дзяржаўны – пераважаў у буйным аптовым гандлі;

  • кааператыўны – пашыраны ў аптовым і рознічным гандлі.

  1. Мерапрыемствы па фінансаваму аздараўленню, грашовая рэформа:

  • легалізацыя і арганізацыя ўнутранага валютнага рынку;

  • развіццё знешняга гандлю;

  • стымуляванне экспарту;

  • эмісія Дзяржбанкам чырвонцаў, якія мелі намінальнае залатое забеспячэнне (з 1922 г., 1 чырвонец = 10 дарэвалюцыйным залатым рублям = 7,74 г золата);

  • збіранне валютных рэзерваў для падтрымання валютнага курсу чырвонца;

  • ліквідацыя бюджэтнага дэфіцыту (з дапамогай “саўзнакаў” – рубель 1923 г. раўняўся 1 млн. былых рублёў ці 100 руб. узору 1922 г.);

  • спыненне выпуску саўзнакаў (люты 1924 г.);

  • увод казначэйскіх білетаў з намінальным залатым зместам – стабільнай грашовай адзінкі (люты 1924 г. выпушчаны казначэйскія білеты вартасцю 1, 3, 5 руб. золатам, разменная сярэбраная і медная манеты)

  • выкуп саўзнакаў за казначэйскія білеты (курс – 1 руб. 1924 г. = 50 тыс. руб. саўзнакаў выпуску 1923 г. = 50 млрд. руб. да дэнамінацыі 1923 г.);

  • аднаўленне Дзяржбанка (1921 г.) і стварэнне акцыянерных і камерцыйных банкаў;

  • адменена абмежаванняў на сумы ў ашчадных касах, гарантавалася тайна ўкладаў і немагчымасць канфіскацый;

  1. Мерапрыемствы ў прамысловасці:

  • адмена дэкрэтаў, што абмяжоўваў свабоду дзеяння дробных і сярэдніх прадпрыемстваў, аказанне падтрымкі гэтым мерапрыемствам;

  • прамысловыя кааператывы атрымлівалі правы юрыдычных асоб, маглі выкарыстоўваць наёмную працу, атрымліваць доўга- і кароткатэрміновыя крэдыты;

  • дазволена арэнда прыватнымі асобамі і кааператывам прамысловых прадпрыемстваў. (арэндная плата – прадукцыяй, прыватны сектар выпрацоўваў 1/4 тавараў);

  • дазвол на канцэсіі – здачу ў арэнду прадпрыемстваў замежным фірмам (на Беларусі не пашыраны);

  • у буйной вытворчасці ліквідаваны Глаўкі, створаны трэсты – аб'яднанні аднародных прадпрыемстваў, якія здымаліся з дзяржаўнага забеспячэння, атрымалі поўную гаспадарчую і фінансавую незалежнасць: права вырашаць, што выпускаць і дзе рэалізоўваць прадукцыю, права выпускаць доўгатэрміновыя аблігацыйныя пазыкі, самастойна выкарыстоўваць прыбытак і г.д.

  • УСНР не мог умешвацца ў бягучую дзейнасць прадпрыемстваў і трэстаў, ён ператварыўся ў каардынацыйны цэнтр;

  • стварэнне сіндыкатаў — гэта аб'яднанні трэстаў на аснове кааперацыі. Займаліся збытам, забеспячэннем, крэдытаваннем, знешнегандлёвымі аперацыямі ў межах асобна ўзятай галіны прамысловасці;

  • уведзена матэрыяльнае стымуляванне працы: адноўлена грашовая аплата працы, уведзены тарыфы зарплаты што выключала ўраўнілаўку, зняты абмежаванні на павелічэнне заробкаў, ліквідаваны працоўныя арміі, адменены абавязковая працоўная павіннасць і абмежаванні на перамену месца работы.

Эканамічны механізм будаваўся на рыначных прынцыпах. НЭП пачаўся з сельскагаспадарчай палітыкі, затым развіўся ў палітыку заахвочвання гандлю, што патрабавала стабілізацыі валюты, стаў прамысловай палітыкай, што дазволіла павялічыць вытворчасць у прамысловасці.

Галоўнымі мэтамі НЭПа лічыліся максімальна хуткае пераадольванне гаспадарчага заняпаду і стварэнне ўмоў для пабудовы аднароднага сацыялістычнага грамадства.


Развіцце сельскай гаспадаркі БССР на аснове НЭПа
Асаблівасці с/г беларускіх земляў на пачатак 20-х гг.:

  1. 89% — гэта сельскае насельніцтва.

  2. Перанаселенасці беларускай вёскі – шчыльнасць насельніцтва на 1 км2 складала 33,2 чалавек (самая высокая ў СССР).

  3. Нізкая якасць большай часткі зямель.

  4. Увядзенне НЭПа супала па часе з перадачай зямлі сялянам згодна з Дэкрэтам аб зямлі (вызваленне Беларусі ад нямецкіх і польскіх акупантаў).

  5. Сялянам перададзена 5,4 млн. дзесяцін былой панскай зямлі (23,3%). “Прырэзка” зямлі аказалася нязначнай – да 1917 г. на адзін двор прыходзілася 8,35 дзесяціны зямлі, у 1924 г. 8,41 дзесяціны. За кошт прырэзак у асноўным ствараліся новыя гаспадаркі. 3,8% панскай зямлі перадавалася саўгасам, калгасам, кааператывам; 69,9% зямлі перайшло ў дзяржаўныя лясны і зямельны фонды. Землезабяспечанасць сярэдняй беларускай сялянскай гаспадаркі была ніжэй сярэдняй па СССР на 35,6%.

  6. Адбылося змяненне сацыяльнага складу сельскага насельніцтва. Найбольш шматлікай групай сталі серадняцкія гаспадаркі з зямельным надзелам ад 2,2 да 6,4 дзесяціны (65%). Ім належала 75% пасяўной плошчы.

На 1925/26 гг. с/г вытворчасць у агульным дасягнулі даваеннага ўзроўню. Удзельная вага с/г 71,6%, прамысловасці 22,3%, лясной гаспадаркі 6,1%. Пераважала развіццё жывёлагадоўлі з малочным і свінагадоўчым ухілам. Значныя плошчы займалі пасевы тэхнічных культур. Аднак беларуская сялянская гаспадарка з’яўлялася маламоцнай: 74% насельніцтва вёскі мелі менш 1 дзесяціны на чалавека, бясконных 19,8% гаспадарак, з адным канём 67,8%; бескароўных 6,1%, з адной каровай 58% сялянскіх гаспадарак. Агульная таварнасць сельскай гаспадаркі ў 1926 г. не дасягнула даваеннага ўзроўню.

Землеўладанне на Беларусі рэгламентавалася Зямельным кодэксам БССР 1923 г. і Зямельным кодэксам РСФСР (у раёнах, далучаных да Савецкай Расіі). Асноўныя прынцыпы:



  • Зямля – у дзяржаўнай ўласнасці.

  • Землекарыстальнікі (без права прадаваць, дарыць, завяшчаць, закладваць) – калектыўныя гаспадаркі (камуны, сельгасарцелі, ТОЗы), аднаасобныя гаспадаркі (хутары, вотрубы, цераспалосныя ўчасткі).

Новы Зямельны кодэкс БССР (красавік 1925 г.) прыняты пасля ўзбуйнення БССР утрымліваў палажэнні:

  • Замацаваў участкава-падворны парадак землекарыстання ў БССР замест абшчыннага ў РСФСР.

  • Захоўваў свабоду выбару землекарыстання, але з абмяжаваннямі для хутароў і вотрубаў.

  • Зацвярджалася норма зямельнага надзела, у каго звыш нормы – адразалі.

  • Рэкамендаваў калектыўныя формы землекарыстання.

С/г палітыка ў 1925-129 гг. абазначаецца тэрмінам “прышчэпаўшчына”. Д.Ф.Прышчэпаў, наркам земляробства БССР у азначаныя гады, быў прыхільнікам стварэння хутароў і пасёлкаў па тыпу вотрубаў як асноўнай для рэспублікі формы землеўладкавання. Як вынік – на 1928 гг. у рэспубліцы было землеўладкавана 2.344 тыс. га зямель (сёлы і пасёлкі 60%, хутары і вотрубы 23%, калгасы 3,9%).

С/г кааперацыя ў БССР развівалася галоўным чынам у крэдытнай сферы і ў забеспячэнні і збыце сродкаў вытворчасці. У сярэдзіне 20-х гг. у Беларусі было 884 кааператыўныя арганізацыі з колькасцю ўдзельнікаў больш за 85 тыс. чалавек, ступень кааперыравання складала 12,9%. Да кастрычніка 1927 г. яна дасягнула 37%. Аднак вытворчая кааперацыя амаль не развівалася.



Калгаснае будаўніцтва – пачалося ў пачатку 20-х гг. стымулявалася з боку дзяржавы эканамічнымі метадамі. Умовы, у якіх ствараліся калгасы:

  • Малая колькасць сельскагаспадарчых спецыялістаў.

  • Адсутнасць вялікіх масіваў ворнай зямлі, прыгоднай для апрацоўкі трактарамі.

  • Нізкі ўзровень механізацыі.

Адсутнасць перспектыў у калгаснага будаўніцтва падкрэслівалася ў “Матэрыялах к пяцігадоваму перспектыўнаму плану развіцця народнай гаспадаркі БССР на 1927/28 -1931/32 гг.”.

Больш увагі атрымалі саўгасы. Мэты іх існавання: падняцце сельскагаспадарчай культуры, выдзяленне селяніну-аднаасобніку лепшага насення, жывёлы, пладовых саджанцаў, распаўсюджанне новых тэхналогій.

У асноўнай масе сялянства не хацела і не было гатова абагульняць сваю маёмасць. Арганізатарамі і ўдзельнікамі першых калгасаў былі выключна беднякі. К вясне 1927 г. створана 434 калгасаў. Сацыяльны склад калгаснікаў: рабочыя 9,5%, батракі 30,5%, беднякі 52,5%, служачыя і рамеснікі 4,5%, іншыя 3%. Асноўная колькасць калектыўных вытворчых гаспадарак стваралася на дзяржаўных землях.

Яшчэ адна асаблівасць: у сярэдзіне 20-х гг. павелічэнне колькасці калгасаў адбывалася за кошт арганізацыі яўрэйскіх арцеляў. Частка яўрэйскай нацыянальнасці ў складзе насельніцтва калгасаў рэспублікі ўзрасла з 11% у 1925 г. да 28,7% у 1927 г.

Дзяржава эканамічнымі метадамі стымулявала ўзнікненне новых калгасаў:


  • Адменена арэндная плата за зямельныя плошчы і пабудовы, інвентар, рабочую і прадукцыйную жывёлу, меліярацыйныя збудаванні.

  • Слабыя калгасы вызваляліся ад падатку.

З 1927/28 гаспадарчага года палітыка дзяржавы ў с/г рэзка змянілася. Гэта было звязана з пачаткам індустрыялізацыі і калектывізацыі.

Да 1927 г. с/г Беларусі аднавіла даваенныя аб'ёмы і мела магчымасці для далейшага прагрэсу. Аднак развіццё было перарвана, бо с/г стала асноўнай крыніцай сродкаў на правядзенне індустрыялізацыі краіны, і гэтыя сродкі можна было адабраць толькі шляхам прымусу.


Прамысловасць і гандаль у БССР у 1921 — 1927 гг.
Прамысловасць
Развіццё прамысловасці ў БССР у пачатку 20-х гг. праходзіла на фоне ўзбуйненняў тэрыторыі рэспублікі. У 1924 г. прамысловасць павялічыла сваю магутнасць на 90% (далучана Віцебшчына), у 1926 г. прамысловасць вырасла на 45% (далучана Гомельшчына). Гэта значыць што прамысловасць расла колькасна. Мерапрыемствы ў прамысловасці:

  1. Аднаўленне буйных прадпрыемстваў. За 1922 — 1927 гг. пераабсталявана 1, расшырана 119. Адноўлена палова буйных прадпрыемстаў, што дзейнічалі да першай сусветнай вайны, колькасць рабочых склала 93,9% ад даваеннага ўзроўню, выпуск валавай прадукцыі перавысіў даваенны на 41,7%.

  2. Аднаўленне дробных саматужна-рамесніцкіх прадпрыемстваў. Да 1927 г. адноўлена 85,7% ад даваеннай колькасці, работнікаў 68,7%, выпуск валавай прадукцыі 62,5% даваеннага ўзроўню.

  3. 3годна з прынцыпамі НЭПа да канца 1922 г. дзяржаўная прамысловасць Беларусі была знята з дзяржзабеспячэння і пераведзена на дзяржразлік.

  4. Ствараліся трэсты (Гомельская губерня) і групавыя ўпраўленні (аб’яднанні прадпрыемстваў, звязаныя тэрытарыяльна). Да верасня 1924 г. трэсты былі арганізаваны па ўсёй тэрыторыі рэспублікі: Скуратрэст, Паператрэст, Шклотрэст, Харчтрэст, Дзяржспірт, Металатрэст і інш., усяго 9 трэстаў.

  5. Праводзілася электрыфікацыя гаспадаркі. Да 1925 г. электрастанцыі былі ва ўсіх акружных цэнтрах. Усяго ў 1925 – 1926 гг. у Беларусі дзейнічала 40 электрастанцый.

Буйная прамысловасць. Найбольш буйных прадпрыемстваў на Беларусі ў 1925 г. налічвалася 76, з якіх дзейнічала 67. Асноўныя галіны: харчовая, дрэваапрацоўчая, папяровая. К 1925 г. валавая прадукцыя цэнзавай (буйной) прамысловасці перавысіла ўзровень 1913 г. на 28,5%. Доля дзяржаўнага сектара ў буйной прамысловасці рэспублікі ў пачатку 1926 г. склала 96,8%. Развіццё атрымала металаапрацоўчая прамысловасць, вытворчасць якой за 1923 — 1925 гг. павялічылася больш чым у 5 разоў. Але ўдзельная вага рабочых, занятых у металаапрацоўчай прамысловасці, склала ў 1926 г. толькі 9,2% ад агульнай колькасці рабочых цэнзавай прамысловасці. Выпрацоўка торфу перавысіла даваенны ўзровень у 2,3 раза. К 1927 г. назіралася замаруджанасць тэмпаў развіцця асноўных галіновых груп з-за недахопу сыравіны, адсталай тэхнічнай базы.

Дробная прамысловасць пераважала ў эканоміцы БССР. На 1926 г. у ёй было занята 73% рабочых, валавай прадукцыі – 58% вытворчасці ўсёй прамысловасці. Дамінуючыя галіны: харчовая, вытворчасць адзення, гарбарна-футравая, апрацоўка металаў, дрэва, воўны, мінералаў. На дзяржпрадпрыемствах ў дробнай прамысловасці ў 1926/27 гаспадарчым годзе было занята 13,5% рабочых, выпушчана 1/4 валавой прадукцыі.

У 1925 г. быў створаны "Белсаматужпрамсаюз", што займаўся пытаннямі каардынацыі і кааперыравання дробнага таваравытворцы (кааператыўны сектар займаў 5,6%). Асноўная маса прадпрыемстваў належала прыватным асобам ці здавалася ў арэнду. Дзейнасць прыватнакапіталістычных прадпрыемстваў абмяжоўвалася і рэгулявалася дзяржавай. Іх патрэбы ў абсталяванні, матэрыялах, атрыманні крэдытаў задавальняліся ў апошнюю чаргу, прадпрыемствы выплачвалі падаткі. Таму ўдзельная вага прыватнай прамысловасці паступова зніжалася: ад 4,4% у 1925/26 гаспадарчым годзе да 0,6% у першай палове 1927/28.

Прадпрыемствы, якія здаваліся ў арэнду, былі невялікія (каля 15 чалавек). З 536 прамысловых прадпрыемстваў на тэрмін да аднаго года было здадзена 61,2%, на два 20,7%, на тры 10,8% на чатыры і больш 7,3%. Найбольшую распаўсюджанасць набыла арэнда ў харчовай, гарбарнай, лесапільнай, смалакурна-шкіпінарнай і цэглавай прамысловасцях. Памер арэнднай платы ўстанаўліваўся ў залежнасці ад кошту маёмасці.

Але магчымасці далейшага развіцця вытворчасці былі абмежаванымі. Для забеспячэння эканамічнай стабільнасці неабходна было правядзенне індустрыялізацыі. 3 1926 г. разгарнулася будаўніцтва шэрага буйных прадпрыемстваў: Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат, Гомсельмаш, Магілёўская фабрыка штучнага шоўку, запалкавая фабрыка "Чырвоная Бярэзіна" ў Новабарысаве, металаапрацоўчы завод "Камунар" у Мінску (1928 г.), цэглавыя заводы, БелДРЭС (1927 г.).
Гандаль
Дзяржаўны гандаль пераважаў у аптовым гандлі. У рознічным — кааператыўны і прыватны, апошні паступова выціскаўся.

Доля дзяржаўнага гандлю ў 1923/24 гаспадарчым годзе складала 25,6%, у 1926/27 24,8%.

Кааператыўныя арганізацыі (3541 шт.) ажыццяўлялі аптова-рознічны гандаль прадметамі шырспажыву, сельгасмашынамі, сыравінай.

Прыватны гандаль развіваўся вельмі інтэнсіўна. Ён меў перспектывы і для далейшага развіцця, бо дзяржаўны і кааператыўны гандаль не ў стане былі ахапіць увесь рынак. Аднак прыватны сектар не абаронены заканадаўча – у 1924/25 гаспадарчым годзе была канфіскавана значная частка прыватнага капіталу, былі ўведзены абмежаванні на гандаль прадукцыяй буйной прамысловасці.


Крызісы НЭПа. Прычыны згортвання новай эканамічнай палітыкі
Восень 1923 г. – першы крызіс. Пачынаючы са жніўня 1922 г. сталі ўтварацца так званыя "нажніцы цэн" – цэны на прамысловыя вырабы пераўзышлі цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю ў параўнанні з даваенным узроўнем больш чым у 3 разы. Сялянам стала нявыгадна прадаваць сваю прадукцыю і пакупаць тавары прамысловасці: "крызіс збыту" меў месца ва ўмовах таварнага голаду. Прычыны:

  • больш хуткае аднаўленне с/г у параўнанні з прамысловасцю;

  • церазмернае крэдытаванне Дзяржбанкам дзяржаўных і кааператыўных арганізацый;

  • манапольнае ўзняцце цэн на прамысловыя вырабы з боку трэстаў і сіндыкатаў;

  • рэзкае зніжэнне цэн на хлеб пасля добрага ўраджаю 1923 г.;

  • неразвітасць гандлёвага апарату і памяншэнне крэдытавання гандлю ў верасні — кастрычніку 1923 г.;

Меры пераадолення крызісу: дзяржава ўстанавіла дырэктыўныя цэны на прадметы спажывання; грашовая рэформа 1924 г.

Рубеж 1925/26 гг. – другі крызіс, сутнасць – востры дэфіцыт тавараў у выніку хуткага росту вытворчых сіл. Прычыны:

- Пралікі ў планаванні –дзяржава не змагла закупіць хлеб у сялян па нізкіх цэнах (1925 г. неўраджайны).

- Нізкія памеры экспарту хлеба.

- Не былі дасягнуты намечаныя тэмпы разгортвання прамысловасці.

- Залежнасць рынку прамтавараў БССР ад іх паступлення з-за межаў.

- Значны рост пакупніцкай здольнасці сельскага і гарадскога насельніцтва, якую прамысловасць не паспявала задавальняць.

Меры пераадолення: скарочаны імпарт, замарожаны новабудоўлі, павялічаны ўскосныя налогі; з 1925 г. уведзены дзяржаўны продаж водкі; павялічана нарыхтоўчая цана на зерне, пушчаны ў ход закансерваваныя тэхнічна адсталыя прадпрыемствы.

Крызіс 1925 г. паказаў розніцу паміж мэтамі савецкай дзяржавы і прыватнага сектара, дрэннае валоданне кіраўніцтва эканамічнымі рычагамі. Першыя два крызісы былі эканамічнымі.



Рубеж 1927/28 гг. – трэці крызіс (сацыяльна-палітычны). Прычыны: невыкананне плана хлебанарыхтовак і недахоп сродкаў для індустрыялізацыі.

Меры пераадолення мелі надзвычайны характар, блізкі да метадаў "ваеннага камунізму". Сістэма НЭПа страціла актуальнасць.

Агульная прычына крызісаў – памкненне партыйна-дзяржаўнага кіраўніцтва да паскоранай мадэрнізацыі грамадства пад лозунгам "рыўка ў сацыялізм", што дэфарміравала эканоміку. Асноўная эканамічныя супярэчнасці:

- Неадпаведнасць паміж аўтарытарнай палітычнай сістэмай і рыначнымі метадамі эканомікі.

- Натуральная форма харчовага падатку (да 1924 г.).

- Адзяржаўленне простай кааперацыі.

- Заахвочванне саматужна-рамесніцкай кааперацыі прывяло да страты ёй гаспадарчай незалежнасці.

- Існаванне дзяржаўных планаў эканамічнага рэгулявання дзяржпрамысловасці: прамое — праз вытворчыя праграмы, ускоснае — праз адпускныя цэны, бюджэтнае фінансаванне, банкаўскае крэдытаванне.

- Механічна праведзенае ўтварэнне трэстаў.

- Адсутнічаў рыначны механізм у адносінах паміж лёгкай і цяжкай прамысловасцю (апошняя працавала на дзяржаўных заказах і датацыях).

- Аплата працы фарміравалася нормамі, тарыфамі, мала ўвагі здзельшчыне.

- Адсутнічала канкурэнцыя паміж дзяржаўнымі і кааператыўнымі прадпрыемствамі.

- Не спынена інфляцыя (дзяржаўная банкаўская сістэма фінансавала стратныя дзяржаўныя прадпрыемствы).

- Нізкая велічыня залатога запасу, малы аб'ём экспарту мелі вынікам забарону на гандаль валютай, ліквідацыю канверсаванасці чырвонца.

- Адсутнасці трывалых сувязяў з сусветнай эканомікай, манаполія дзяржавы на знешні гандаль.

Палітычныя ўмовы згортвання НЭПа:


  1. Падпарадкаванне гаспадарчага развіцця інтарэсам унутрыпартыйнай барацьбы.

  2. Некампетэнтнасць апарату кіравання.

  3. Хуткі рост адміністрацыйна-бюракратычнага апарату, які бачыў у адраджэнні рынку небяспеку сваім прывілеям.

  4. Супярэчнасці ў масавай свядомасці савецкіх грамадзян. Пасля рэвалюцыі 1917 г. адбылася “рэстаўрацыя” буржуазіі. Як вынік – незадаволенась працоўных, арыентацыя іх на агульную роўнасць.

Вынікі НЭПа:

  1. Адноўлена сельская гаспадарка рэспублікі.

  2. Адноўлена прамысловасць, узрасла колькасць прадпрыемстваў і працуючых на іх.

  3. Напоўнены асноўнымі таварамі спажывецкі рынак, павялічыўся абарот гандлю.

Беларусь заставалася індустрыяльна слаба развітай рэспублікай СССР, удзельная вага яе прамысловасці ў 1925/26 гаспадарчым годзе склала 0,67% ад усёй прамысловасці СССР.

Кантрольныя пытанні


  1. Прычыны ўвода новай эканамічнай палітыкі.

  2. Харчовы падатак.

  3. Становішча банкаўскай сістэмы на чале з Дзяржбанкам.

  4. Што такое “Саўзнак”?



1   ...   7   8   9   10   11   12   13   14   ...   18


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка