Рускія не здаюцца!




Дата канвертавання10.06.2016
Памер33.08 Kb.
Рускія не здаюцца!

95-ты май сустракае ў сваім жыцці слаўны чалавек, сапраўдны герой,  былы камісар партызанскага атрада “За Савецкую Беларусь” брыгады Ленінскага камсамола Іван Рыгоравіч Бубноў.

Яго без перабольшвання называюць чалавекам-легендай! Лёс дараваў Івану Рыгоравічу, нягледзячы на ўсе перажытыя цяжкасці, неверагодныя выпрабаванні і рызыку, жыццё доўгае, яркае, напоўненае высакароднай  місіяй – абараняць Радзіму, выхоўваць дзяцей, несці вучням веды, а нашчадкам – гістарычную праўду.

Да вайны Іван Бубноў – падумаць толькі! – быў дырэктарам адной з маскоўскіх школ. Але прызвалі на Фінскую вайну, адправілі на курсы палітрукоў, накіравалі служыць на граніцу, туды, дзе сёння знаходзіцца тэрыторыя Мастоўскага раёна.

Першая сустрэча з ворагам на беларускай зямлі была неймаверна жорсткай і крывавай. На трэці дзень Вялікай Айчыннай малады афіцэр быў паранены, але не пакідаў поле бою. Нашы адступалі. Пад Мінскам Івана Бубнова зноў раніла, на гэты раз вельмі сур’ёзна. Амаль беспрытомнага, немцы захапілі яго ў палон, даставілі ажно ва Усходнюю Прусію.
— Як толькі крыху падужэў, выношваў адну думку – уцячы! – расказвае Іван Рыгоравіч. – Такі ж настрой быў і ў іншых рускіх. Мы распрацавалі план, дамовіліся сустрэцца ў назначаным месцы. Але выйшла так, што я спазніўся, і калі прыйшоў, ужо нікога не было. Я вырашыў бегчы адзін. Мо гэта мяне і выратавала? Ды яшчэ тое, што палонныя французы, якія не рашыліся бегчы, аддалі мне компас. Компас – вялікая справа, — у вачах ветэрана запальваецца іскрынка колішняга азарту. — Можна было рухацца не толькі днём, але і ўначы...

Абяссілены, практычна без ежы, з жудаснай ангінай, Іван Бубноў, сабраўшы ў кулак усю сілу волі, пераадольваў сотні кіламетраў. Колькі разоў чуў удалечыні брэх нямецкіх аўчарак, ведаў – за ім гоняцца. Цуд яго ўратаваў? Анёл-ахоўнік? Маладая прага жыцця і свабоды? Змораны юнак упаў сярод беларускіх траў, і не факт, што здолеў бы падняцца, каб не дзеці-пастушкі, якія пабеглі дамоў і расказалі бацькам пра паўжывога чалавека.


Жыццё Івану Бубнову выратавалі жыхары вёскі Зінякі – сям’я Івана Паліўкі. З таго часу І.Р.Бубноў аддана палюбіў шчучынскую зямлю і тутэйшых людзей, і як бы ў далейшым не кідаў яго лёс, імкнуўся Іван Рыгоравіч заўжды да гэтых мясцін.

Вось і зараз яны з жонкай Яўгеніяй Севяр’янаўнай жывуць недалёка ад вёскі Зінякі. Апошнім часам працавалі ў Алішкаўскай школе. А наогул пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысціх захопнікаў І.Р. Бубнову было дадзена партыйнае заданне: заставацца адраджаць школы. Чатыры гады не вучыліся дзеці! І Іван Рыгоравіч да 1950 года ўзначальваў аддзел народнай адукацыі ў Васілішкаўскім раёне.

А выкладаючы дзецям гісторыю, спраўляючыся з клапатлівымі абавязкамі дырэктара Алішкаўскай школы, І.Р.Бубноў не мог не расказваць сваім вучням пра суровую праўду вайны — як яны, маленькая жменька ваенных, аб’ядналіся і арганізавалі партызанскі атрад.

— З пяці чалавек наш атрад вырас да 150! – сёння з гонарам успамінае Іван Рыгоравіч, і вочы яго свецяцца радасцю за Вялікую Перамогу, заваяваную людзьмі яго пакалення – неверагодна мужнымі, смелымі, адданымі сваёй Айчыне патрыётамі. Менавіта гэтыя вартасці дапамаглі савецкім людзям перамагчы фашызм.

— Многа разоў мне даводзілася хадзіць на аперацыі і ўзрываць нямецкія эшалоны, — узгадвае ветэран. – Аднойчы такі цягнік быў да адказу запоўнены фашыстамі, танкамі, пушкамі, снарадамі і … гаручым. Выбух  быў такі магутны, што пылала наўкола зямля. Ніхто з ворагаў не выжыў.

Было гэта недалёка ад станцыі Марціканцы. Дыверсійную групу тады ўзначальваў, канешне, Іван Бубноў. Яго франтавы вопыт, аналітычны склад мыслення, арганізатарскія здольнасці не раз дапамагалі партызанам атрада “За Савецкую Беларусь” бліскуча і эфектыўна праводзіць баявыя аперацыі.

Дарэчы, дзякуючы партызанскаму руху, камісар пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай. Юная Яўгенія была сястрой партызана Анатолія Шэйпака і вельмі часта выконвала яго даручэнні, была сувязной. Івана Бубнова нешта

дужа зачапіла ў гэтай бясстрашнай дзяўчыне.

…Ён – гісторык, які на сабе зведаў крывавыя ўрокі Вялікай Айчыннай. Яна – філолаг. Гэта цудоўная, гарманічная супружная пара ўсё жыццё сеяла разумнае, добрае, вечнае. Сёння Яўгенія Севяр’янаўна — надзейная апора для Івана Рыгоравіча, якому гэтым летам споўніцца ні многа ні мала, а 95 гадочкаў. На жаль, не прыбаўляюцца ні сілы, ні здароўе. Але нават у такім паважаным узросце Рыгоравіч застаецца джэнтльменам – так і імкнецца цяжэйшую работу ўзяць на сябе, па дроўкі схадзіць, штосьці па дому зрабіць. “Рускія не здаюцца!” –  жартуе стары ваяка.

— Мы разам чацвёра дзяцей выгадавалі, — з цеплынёй і пяшчотай паведамляе Яўгенія Севяр’янаўна. – Хоць, зрэшты, можна сказаць і шасцёра: дваіх унукаў з месячнага ўзросту выхоўвалі. Сёння ўжо і праўнукам радуемся.



Пераможны май упэўнена крочыць па планеце. Яго нам падаравалі такія легендарныя людзі, як Іван Рыгоравіч Бубноў – кавалер ордэнаў Чырвонай зоркі, Чырвонага Сцяга, Вялікай Айчыннай вайны. На святочным пінжаку не змяшчаюцца ўсе медалі, якімі ўзнагароджаны гэты мужны чалавек. Ён прыклад для будучых пакаленняў, а яго жыццё ўпаўне магло б стаць сюжэтам для добрай кнігі.

Таццяна СТУПАКЕВІЧ.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка