Роля І месца купецтва беларусі ў працэсе генезісу капіталізму




старонка4/12
Дата канвертавання15.03.2016
Памер2.43 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12
Глава IV

ХАРАКТАР, ФОРМЫ І ЎЗРОВЕНЬ ГАНДЛЁВАЙ ДЗЕЙНАСЦІ

КУПЕЦКАГА САСЛОЎЯ БЕЛАРУСІ Ў ДРУГОЙ ПАЛОВЕ XVIII –

ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ XIX ст.

Асноўным заняццем купецтва Беларусі ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст. быў гандаль, які, на погляд К. Маркса, унёс значны ўклад у разлажэнне старога спосаба вытворчасці [181, с. 363]. Гандаль быў перадумовай ператварэння дробнатаварнай вытворчасці ў капіталістычную: “…в крепостном обществе, по мере развития торговли, возникновения всемирного рынка, по мере развития денежного обращения, возникал новый класс – класс капиталистов. Из товара, из обмена товаров, из возникновения власти денег возникла власть капитала” [162, с. 71].

На пачатковым этапе развіцця капіталістычнай вытворчасці купецкі капітал выконваў вядучую ролю, а гандлёвы прыбытак вызначаў прамысловы прыбытак. Таму зразумела, што, вызначыўшы склад беларускага купецтва, велічыню яго капіталаў, крыніцы накаплення, можна вызначыць і крыніцы сродкаў для развіцця прамысловасці, а таксама ролю купецтва ў працэсе генезісу капіталізму.

У другой палове XVIII ст. важную ролю ў гандлі працягвалі іграць кірмашы. Гарады і буйныя мястэчкі з’яўляліся цэнтрамі акрэсленых адміністрацыйных і эканамічных раёнаў. У іх сістэматычна праводзіліся кірмашы, базары і таргі. Уцягненне ў рыначныя адносіны вёскі прывяло да павелічэння колькасці невялікіх кірмашоў з продажам сельскагаспадарчых прадуктаў, жывёлы, мясцовых рамесных вырабаў. Гродзенскія купцы, напрыклад, пастаўлялі памешчыкам з гарадскога базара соль, жалезныя вырабы, а з-за мяжы французскае віно, рыбу, тытунь [600, с. 6], а самі закуплівалі ў сельскай мясцовасці прадукты харчавання і сыравіну [661, s. 23]. У мястэчку Глуск таргі адбываліся штотыднёва ў нядзелю, а кірмаш збіраўся раз у год [280, арк. 295]. Працягласць большасці кірмашоў хісталася ад аднаго-двух дзён да некалькіх тыдняў [278, арк. 9; 559, арк. 237-239].

Найбольш буйны кірмаш другой паловы XVIII ст. знаходзіўся ў мястэчку Зэльва, які працягваўся цэлы месяц [677, s. 805; 692, s. 57]. Сюды прывозілі дацкіх, англійскіх, неапалітанскіх каней (да 1000 штук у год) [677, s. 805], а маскоўскія купцы прывозілі футры, кошт якіх даходзіў да 1 млн. злотых. Чысты даход арганізатараў кірмашу складаў каля 29 млн. злотых [83, с. 49].

Значны кірмаш збіраўся і ў Бешанковічах. Сюды прывозілася тавараў на суму да 1 млн. злотых, а прыбытак складаў да 400 тыс. злотых у год [83, с. 49].

Гадавы абарот унутранага гандлю ў Мінску ў канцы XVIII ст. складаў 200-300 тыс. руб. [76, с. 383], у Слуцку – да 100, Мсціслаўле і Чэрыкаве – па 40, Бабруйску – 30, Чавусах – 20, Рэчыцы – 15, Старом Быхаве, Копысі, Клімавічах па 10-15 тыс. руб. [100, с. 68].

Царскі ўрад у першыя ж гады ўключэння беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі заснаваў шэраг новых кірмашоў. Так, у 1798 г. быў выдадзены ўказ аб дазволе збіраць два кірмашы ў Віцебску (з 10 ліпеня па 29 ліпеня і з 8 верасня па 1 кастрычніка) [474, арк. 1], некалькі кірмашоў у Беліцы [432, арк. 31], Кобрыне і ў іншых гарадах і мястэчках Беларусі [51, арк. 64]. Прычым часам адзін кірмаш збіраўся ў адным і тым жа месцы два-тры разы. Напрыклад, у мястэчку Шчучын значыўся адзін кірмаш, але збіраўся ён па адным дні два разы: 29 чэрвеня і 16 кастрычніка [559, арк. 88-93].

Табліца 4.1 – Звесткі аб буйнейшых кірмашах

Беларусі ў 30-50-я гады XIX ст.*



Назва кірмашу,

дзе збіраўся



Колькасць

дней


Прывезена тавараў

на суму (руб.)



Прададзена тавараў

на суму (руб.)



1

2

3

4

Троіцкі,

мяст. Гомель



7

1249625

1221445


Кантрактовы,

г. Мінск


30

508500

120000

Зельвенскі,

мяст. Зэльва



21

437750

171200

Петрапаўлаўскі,

мяст. Бешанковічы



21

416730

142500


Крашчэнскі,

мяст. Любавічы



1-2

400050

120000

Тураўскі,

мяст. Тураў



7

333172

46910

Барысаглебскі,

мяст. Хіславічы



14

212000

52000

Пакроўскі,

мяст. Улодаўка



1

185060

25000

Крашчэнскі,

мяст Друя



3

176000

76000

Вялікі,

мяст. Друя



3

165000

50000

Васільеўскі,

мяст. Гомель



7

145881

97921

Мікалаеўскі,

г. Рэчыца



12

134004

25000

Асвейскі,

мяст. Асвея



1

120000

15000

Свіслацкі,

мяст. Свіслач



1

116496

21168

Раждзественскі,

мяст. Друя



3

90000

12000

Успенскі,

мяст Улодаўка



1

85100

5100

Міхайлаўскі,

г. Нясвіж



14

73000

45000

Спаскі,

мяст. Беразіно



4

33600

9600

Барысаўскі,

г. Барысаў



3

32898

12485

Кантрактовы,

г. Навагрудак



1

29647

2980

Святога Якава,

мяст.Высокалістоўск



1

27900

2500

Спаскі,

г. Мазыр


21

23400

20200

Крашчэнскі,

г. Мазыр


21

21510

19000

Петрапаўлаўскі,

мяст. Тураў



3

20438

7452

Святатроіцкі,

г. Пінск


1-2

18110

16850

Ільінскі,

мяст. Петрыкаў



5

16169

4030

Троіцкі,

г. Радашковічы



3

11395

5500

Мікалаеўскі,

г. Брэст


1

10600

4750

Духоўная,

мяст. Янавічы



3

10332

8500


Пінскі,

г. Пінск


2

10328

9480

Аб’ём гандлю большасці кірмашоў быў невялікім, а кірмашы былі кароткатэрміновымі. Праўда, неабходна адзначыць, што гандлёвы абарот ў асобныя гады па некаторых гарадах и мястэчках быў вышэй, чым прыведзены ў табл. 4.1. Так, напрыклад, абарот Троіцкага кірмашу ў мястэчку Гомель ў 1840 г. складаў каля 1,5 млн. руб. [439, арк. 358-366], а на Петрапаўлаўскі кірмаш ў мястэчку Бешанковічы ў 1838 г. было прывезена тавараў толькі з расійскіх губерняў больш за 1,5 млн. руб, а ў 1836 г. – на суму каля 2 млн. руб. [395, арк. 1; 399, арк. 15].

Аднак нават буйнейшыя ў Беларусі кірмашы значна ўступалі па сваіх тарговых абаротах украінскім і расійскім. Так, у 1834 г. на Ніжнегародскі кірмаш было прывезена тавараў на 163 млн. руб., на Ірбіцкі – звыш 40 млн. руб., на Харкаўскі і Кіеўскі – больш чым на 10 млн. руб. на кожны [589, с. 128]. У той жа час на ўсе кірмашы Беларусі ў 30-я гады XIX ст. прывозілася тавараў на суму каля 5,5 млн. руб., а прадавалася не больш чым на 2,2 млн. руб. [170, с. 104].

Да канца 50-х гадоў XIX ст. колькасць кірмашоў у Беларусі скарацілася з 202 у 1839 г. да 192 у 1858 г. [170, с. 104]. Гэта адбылося за кошт змяншэння колькасці кірмашоў у мястэчках. Назіраецца таксама і памяншэнне аб’ёму гандлёвых абаротаў кірмашоў, што выклікана развіццём новых, капіталістычных форм гандлю, галоўным чынам, стацыянарнага характару: крамы, магазіны, гандлёвыя дамы.

На кірмашы Беларусі прывозіліся тавары не толькі з украінскіх і расійскіх губерняў, але нават з Сярэдняй Азіі. Частку тавараў пастаўлялі беларускія рамеснікі і прамыслоўцы. З расійскіх губерняў паступалі суконныя, шарсцяныя і баваўняныя тканіны, вырабы з іх (хусткі, панчохі, коўдры), ільняныя і пяньковыя, шаўковыя і паўшарсцяныя вырабы, футры і футравыя тавары, скура і скураныя вырабы, металічныя вырабы (самавары, чайнікі, прасы, паты, падсвечнікі, замкі), фарфоравы і фаянсавы посуд, крышталь, шкло і шкляны посуд, люстэркі, вінаградныя віны, цукар, мыла, воск, тытунь, кнігі, папера для пісьма, карціны, аптэчныя вырабы і іншыя тавары. З украінскіх губерняў прывозілі жывёлу, соль, рыбу, з Сярэдняй Азіі – бухарскія і персідскія хусткі і шалі, чай [308, арк. 26-27].

З Прыбалтыкі, Польшчы і заходнееўрапейскіх краін на кірмашы Беларусі прывозіліся французскія шалі і дарагія віны, чай, кава, вырабы з золата і серабра, галантарэйныя тавары.

Тавары мясцовай вытворчасці былі прадстаўлены галоўным чынам сукном, футрам, хлебам, скурамі, ільном, пянькой, вырабамі з дрэва. Доля тавараў мясцовай вытворчасці паступова ўзрастала, што было абумоўлена развіццём мясцовай прамысловасці і рамеснай вытворчасці. Агульная колькасць прадпрыемстваў Беларусі з 1796 па 1810 г. падвоілася [36, с. 40], а аб’ём прадукцыі павялічыўся на 68% [76, с. 492]. З 1828 па 1859 г. колькасць прамысловых прадпрыемстваў павялічылася з 96 да 549, г. зн. у 5,7 раза [215, арк. 1-11; 238; 308, арк. 3-48; 388, арк. 8-10, 12, 13; 445, арк. 2-251; 536; 558; 560, арк. 96-110; 561, арк. 196-204; 571, арк. 96 зв.; 573; 580]. Асаблівае развіццё атрымала суконна-шарсцяная прамысловасць. Доля мясцовых тавараў павялічылася на кірмашах Беларусі ў канцы 30-х гадоў XIX ст. у параўнанні з канцом XVIII ст. з 13 да 29% [559, арк. 88-93]. З далейшым развіццём прамысловасці ў беларускіх губернях назіраўся і рост удзельнай вагі мясцовых тавараў.

Невялікія аднадзённыя кірмашы, якія збіраліся ў гарадах і мястэчках Беларусі, з’яўляліся цэнтрамі гандлю для абмежаванага раёна (воласць, павет). Асноўнымі таварамі на іх былі: збожжавыя, рамесныя вырабы, палатно, простае сялянскае сукно, нажы, боты, гліняны і драўляны посуд, буйная рагатая жывёла, коні і інш. [355, арк. 16; 359, арк. 219 зв.]. Паступова такія кірмашы пераўтвараліся ў рынкі і таргі, якія збіраліся па два-тры разы ў тыдзень, г. зн. станавіліся стацыянарнымі формамі гандлю. Кірмашы, з’яўляючыся эпізадычнай формай гандлю, з развіццём таварна-грашовых адносін, пашырэннем рыначных адносін, ростам унутранага рынку і з развіццём прамысловасці трацілі сваё былое значэнне і паступова замяняліся ў 20-50-я гады XIX ст. пастаянным гандлем у крамах, магазінах, складах і на базарах. Так, у 1828 г. у Віцебскай губерні абарот капіталаў ярмарачнага гандлю складаў звыш 1,6 млн. руб. (79 кірмашоў), а абарот капіталаў рынкавага і крамнага гандлю – каля 10 млн. руб. (147 рынкаў і 1009 крам), г. зн. у 6 разоў больш гандлёвага абароту кірмашоў [355, арк. 16; 359, арк. 219 зв.].

Звестак аб колькасці крам па ўсіх гарадах і мястэчках Беларусі ў канцы XVIII ст. няма, за выключэннем даных па Барысаве (34), Дзісне (30), Кобрыне (35), Лепелі (13), Магілёве (117), Полацку (56) і Сянне (11 крам) [51, арк. 911; 366; 429, арк. 41-42; 577, арк. 2-4; 581, арк. 3-158]. Па звестках “Тапаграфічнага апісання Мінскай губерні” у 1800 г. у гарадах і мястэчках губерні налічвалася 64 крамы [581, арк. 22]. У 1833 г. у 8 гарадах губерні (Мінску, Бабруйску, Барысаве, Ігумене, Мазыры, Пінску, Рэчыцы і Слуцку) было 904 крамы [481], а ў 1860 г. іх налічвалася ўжо 1280 [170, с. 109].

За паўтары дзесяцігоддзі (з 1825 па 1839 г.) колькасць крам у гарадах Беларусі павялічылася ў 2,5 разы (з 1284 да 3021), а колькасць жыхароў на адну краму паменшылася з 117 да 71. З 1839 па 1860 г. агульная колькасць крам у гарадах Беларусі вырасла яшчэ на 1716, і, нягледзячы на значны рост колькасці гарадскога насельніцтва, на адну краму ў 1860 г. ўжо прыходзілася толькі 66 гараджан. Гэта ўсё сведчыла аб значным развіцці крамнага гандлю ў другой чвэрці XIX ст.

Табліца 4.2 – Колькасць крам у гарадах

і мястэчках беларускіх губерняў*



Губерні

1825 г.

1839 г.

1860 г.

коль-касць крам

колькасць жыхароў на адну краму

коль-

касць


крам

колькасць

жыхароў на

адну краму


коль-

касць


краму

колькасць

жыхароў на

адну краму


1

2

3

4

5

6

7

Віленская**

13

172

24

154

235

76

Віцебская

228

136

617

57

671

86

Гродзенская

298

115

673

81

1125

57

Мінская

191

259

1004

71

1280

71

Магілёўская

554

62

703

77

1426

60

Усяго

1284

117

3021

71

4737

66

Па тэмпах павелічэння колькасці крам у гарадах і мястэчках Беларусі, а таксама па найменшай колькасці гараджан на адну краму ў канцы 50-х гадоў XIX ст. на першым месцы знаходзілася Гродзенская губерня. Па колькасці крам у гарадах выдзяляліся Магілёўская і Мінская губерні.

Значная колькасць крам знаходзілася ў мястэчках. Так, у мястэчках Шэрашава і Бяроза Пружанскага павета Гродзенскай губерні налічвалася па 16 крам, у мястэчку Ружаны той жа губерні – 10, а ўсяго ў мястэчках Гродзенскай губерні ў 1825 г. налічвалася 78 крам [227, арк. 18-36]. На жаль, адсутнасць даных не дазваляе вызначыць агульную колькасць крам ва ўсіх мястэчках Беларусі. Акрамя крам знаходзілася вялікая колькасць тракціраў, піцейных дамоў, харчэўняў, вінных склепаў і інш.

Арт. 141 “Гарадскога ўлажэння” вызначаў: “Пасадскім дазваляецца мець у доме, дзе ён жыве, краму з уласнымі рукадзеллямі”. Такім чынам, рамеснік меў права прадаваць у сваёй краме рэчы ўласнага вырабу. Але “Гільдзейская пастанова” (§ 90) абмяжоўвала колькасць гэтых крам: “Мешчанін, які гандлюе, мог займацца ўсялякімі промысламі..., толькі не мог мець больш адной крамы”. У 20-я гады XIX ст. было забаронена будаўніцтва ў гарадах драўляных крам [410, арк. 2]. Мяшчане, што гандлявалі без гільдзейскіх пасведчанняў, як правіла, мелі не больш чым адну краму. У Полацку ў 1832 г. 70 мяшчан горада хацелі пабудаваць мураваныя крамы, але не мелі магчымасці зрабіць гэта з-за беднасці і прасілі ў думы для будаўніцтва выдзеліць пазыку [381, арк. 33]. Купцы трэцяй гільдыі маглі мець ва ўладанні не больш трох крам [303, арк. 137-138]. Гандлявалі ў крамах і сяляне, якім мяшчане і купцы маглі здаць крамы ў арэнду [239, арк. 6-7; 306, арк. 761]. Аднак мяшчане і сяляне мелі права гандляваць на суму, якая не перавышала гандлёвы абарот купцоў трэцяй гільдыі і толькі тымі таварамі, што вызначала гарадская дума [250, арк. 1; 257, арк. 30-31].

Нягледзячы на пэўныя абмежаванні крамнага гандлю на працягу першай паловы XIX ст. назіраецца значны рост аб’ёму яго абаротаў. Гадавы абарот крамнага гандлю, напрыклад, у Мінску ў 1800 г. складаў 200 тыс. руб. [581, арк. 26], а ў 1858 г. – ужо 1680 тыс. руб. [550, арк. 49]. У Беліцкім павеце Магілёўскай губерні ў 1831 г. з 550 тыс. руб. абароту ўсяго ўнутранага гандлю на оптавы і крамны прыходзілася больш за 280 тыс. руб. [439, арк. 153-170], у Оршы з 37 тыс. руб. – 35 тыс. [439, арк. 108-123], у Клімавіцкім павеце з 30 тыс. руб. – 20 тыс. [439, арк. 75-95].

Вузасць унутранага рынку і панаванне феадальна-паншчыннай сістэмы гаспадаркі вызначылі пераважнае становішча вывазнога гандлю ў даследуемы перыяд. Галоўным чынам купцы Беларусі скупалі і вывазілі сельскагаспадарчую прадукцыю, лес і лясныя вырабы. Купцы арэндавалі участкі лесу ў шляхты і магнатаў і па рэкам сплаўлялі за мяжу. Так, напрыклад, у 1782 г. полацкі купец ўзяў у арэнду на тры гады Пшадольскую пушчу. Ён рыхтаваў з лясных матэрыялаў розныя мачтавыя тавары, брус, дошку і інш. Было прададзена тавару з лясных матэрыялаў на суму 13 тыс. злотых [172, с. 85]. Праўда, неабходна адзначыць, што магнаты і шляхта Рэчы Паспалітай, якія захапілі знешні гандаль у свае рукі, перашкаджалі купецтву Беларусі праявіць сябе ў экспарце. Купцы абавязаны былі плаціць шматлікія партыкулярныя таможныя плацяжы: маставыя, берагавыя, шлюзавыя і інш. [681, s. 93-94].

Што тычыцца прамысловых тавараў, то іх удзельная вага ў даследуемы перыяд была невялікай: з 1786 па 1791 г. удзельная вага прамысловых тавараў ў экспарце Вялікага княства Літоўскага хісталася ад 2,3 да 7,9% [621, с. 46].

На ўсходзе Беларусі пасля 1772 г. паступова ажывілася прамысловая дзейнасць купецтва і іх роля ў вывазным гандлі.

Што тычыцца імпарту, то адносіны да яго былі неадназначнымі [126, с. 115]. Грамадскі дзеяч С. Сташыц, напрыклад, пісаў: “Ввоз и использование предметов роскоши, или предметов, что наносят вред отечественной промышленности и ремеслу, должны быть запрещены под страхом самых суровых наказаний” [106, с. 120]. Вялікі падскарбій Вялікага княства Літоўскага С. Панятоўскі выдзяляў тавары, “которые наша страна почти полностью могла бы производить” і “вещества, которые нашим продуктом сделать очень тяжело или совсем невозможно” [685, s. 44-45]. Многія былі за збалансаваную і прадуманую палітыку ў галіне экспарту і імпарту [695, s. 152].

У інструкцыі шляхты Гродзенскага павета паслам на Варшаўскі сейм 1768 г. гаварылася аб неабходнасці павышэння пошлін на замежныя тавары, а для “заинтересованности отечественных фабрик, чтобы от всех материалов, которые необходимы для потребностей тех же мануфактур привозились из-за рубежа, пошлина в казну их королевской милости не платилась…” [3, с. 370].

Купцы Беларусі, якія займаліся імпартна-экспартнымі аперацыямі, мелі дастаткова вялікія грашовыя даходы. Так, напрыклад, у прыходна-расходнай ведамасці суконнай мануфактуры князёў Радзівілаў у Нясвіжы за перыяд з 9 снежня 1765 г. па 1 ліпеня 1767 г. у графе “Расход грошай” запісана, што за фарбы і шчоткі, прывезеныя на фабрыку з Кёнігсберга, купцу, яўрэю Веньяміну, заплацілі 683 злотых і 20 1/3 грыўні [29, с. 268].

Купцы беларускіх губерняў актыўна ўдзельнічалі ў продажы імпартнай солі, што закупалі магнаты. Так, напрыклад, толькі за 1778 г. у мястэчку Цімкавічы выручка ад продажу солі склала 11909 злотых [127, с. 96]. Арэндатарамі былі купцы, якія значна завышалі цэны [678, s. 34]. Сяляне засценка Каменны вугал уладання Вязынь скардзіліся, што іх прымусілі купіць сем бочак солі па 6 талераў за бочку, у той жа час на рынку бочка каштавала 5 талераў [142, с. 121].

На тэрыторыю усходняй часткі Беларусі з 1785 г.расійскія ўлады дастаўлялі соль з Крамянчуга [280, арк. 23 зв.]. У мястэчку Парычы, напрыклад, прадавалі крымскую соль, якая дастаўлялася сюды на санях у зімовую пару да мястэчка Глуск і іншыя населеныя пункты Беларусі [143, с. 84].

Купцы вельмі часта арэндавалі не толькі продаж імпартных і экспартных тавараў, але і судны, каб іх дастаўляць. Так, судны А. Сапегі, якія плылі з грузам з мястэчка Дзярычын у Кёнігсберг у 1761 г., вяртаючыся везлі і імпартныя тавары гродзенскіх купцоў – соль і віно. Схема гандлёвых аперацый купцоў Беларусі была ў асноўным падобна на гандаль магнатаў і шляхты. Чэрыкаўскія і чавускія купцы, напрыклад, якія “деготь, пеньку, рогожу грузили и спускали весной по Днепру до города Кременчуга, а на обратном пути привозили соль, которая в разные города доставлялась уже транспортом и раскупалась различными экономами и мелкими купцами для распродажи ее в розницу” [100, с. 76].

95% імпарту прадуктаў харчавання прыпадала на соль, рыбу і бакалейныя тавары. Гандлявалі рыбай з Украіны. Купцы Магілёва, Шклова, Крычава, Чэрыкава, Касцюковіч, Мсціслава і іншых гарадоў і мястэчак пастаянна прыязджалі на Украіну за рыбай, дзе цэны былі вельмі нізкімі “… иногда по 10 копеек за 1000 штук, не считая – на глаз” [646, с. 162].

Якасную сталь купцы Беларусі прывозілі з Швецыі, Венгрыі і Расіі. У 1769 г. з Расіі паступіла каля 800 цэнтнераў жалеза [20, с. 255].

Значная частка купецтва гандлявала тытунём, доля якога складала 1,1% сярод імпартных прамысловых тавараў. На таргах у мястэчку Мена Чарнігаўскага намесніцтва ў кастрычніку-снежні полацкія, магілёўскія, шклоўскія і іншыя беларускія купцы закупалі штогод у другой палове XVIII ст. каля мільёна папуш (скруткі лістоў тытуню) на суму больш за 2000 руб. У студзені 1782 г., напрыклад, толькі глускі купец Н. Рабіш закупіў на ўкраінскіх рынках і таргах 800 пудоў тытуню для продажу ў Беларусі [646, с. 158] і за мяжой [518, с. 20].

Агульны ж аб’ём імпарту, напрыклад, в 1786 г. у Беларусі склаў 10 млн. злотых [198, с. 13].

Частка купецтва Беларусі актыўна займалася ў другой палове XVIII ст. транзітным гандлем [693, s. 54].

Магілёўскі купец Перац Абрамовіч прасіў Маёмасную камісію дазволіць правезці з Крыма ў Прусію 4000 кароўіх і 10000 заечых шкур [703, s. 44]. Актыўную гандлёвую дзейнасць здзяйснялі беларускія купцы і ў Маскве. Найбольш вядомыя з іх І. Гіршэвіч, І. Шаўтаўлевіч, Х. Файбяшэвіч, Л. Масяевіч і інш. часта прыязджалі ў Маскву, каб займацца гандлем. Яўрэйскі купец з Магілёва Н.Х. Ноткін у 1790 г. праводзіў камерцыйныя аперацыі ў Маскве ў кампаніі двух мясцовых рускіх купцоў. Менавіта беларускія купцы прывозілі ў Маскву эксклюзіўныя тавары з Італіі, Францыі, Германіі, Галандыі, Англіі і іншых еўрапейскіх дзяржаў, выкарыстоўвая свае цесныя сувязі з замежнымі яўрэйскімі камерсантамі [624, с. 210-211].

Беларускія купцы прымалі ўдзел і ў пасрэдніцкім гандлі расійскімі таварамі ў межах Расійскай імперыі. Так, крычаўскія і хоцімскія скупшчыкі жалеза ў Расіі перапрадавалі яго “маларасіянам” [188, с. 93].

Тэндэнцыя перавагі вывазнога і транзітнага гандлю над унутраным захавалася і ў першай палове XIX ст. У 1829 г. аб’ём знешняга вывазу ў Гродзенскай губерні быў на 21% большы абаротаў унутранага гандлю [35, с. 57]. У Віцебскай губерні абароты ўнутраната гандлю складалі ў 30-я гады XIX ст. 150,5 тыс., а вывазнога – 195 тыс. руб. [366, арк. 217]. Такое становішча было характэрна і для другіх губерняў Беларусі. А ў цэлым па Расійскай імперыі ў 1831 г. абароты ўнутранага гандлю ў 2,5 раза перавышалі аб’ёмы знешняга [84, с. 81]. Гэта сведчыць аб тым, што ў беларускіх губернях унутраны рынак быў параўнальна вузкім: ён не мог паглынуць усе сельскагаспадарчыя прадукты. Павелічэнне аб’ёму вывазнога гандлю здавалася б павінна было садзейнічаць накапленню капіталаў у купецтва беларускіх губерняў. На самай справе было не так. Гэта тлумачыцца характарам знешнегандлёвых сувязей і транзітнага гандлю, іх напрамкам і складам тавараў. Значная частка купцоў беларускіх губерняў (асабліва Віцебскай і Гродзенскай) з’яўляліся камісіянерамі буйных рыжскіх і маскоўскіх купцоў і актыўна займаліся транзітным гандлем. Канкурэнцыя з боку буйных купцоў Расіі, Украіны, Прыбалтыкі, Сярэдняй Азіі, еўрапейскіх краін, якія прывозілі свае тавары ў беларускія губерні, таксама перашкаджала мясцовым купцам назапашваць значныя капіталы.

Частыя неўраджаі падрывалі гандаль і сельскагаспадарчымі прадуктамі. У неўраджайныя гады скараціліся прыбыткі купцоў ад продажу гарэлкі і спірту. Абароты гандлю большасці купцоў былі невялікімі і складалі некалькі сотняў рублёў, частка купцоў (галоўным чынам трэцяй гільдыі) разараліся, выходзілі з гільдыі і пераходзілі ў разрад мяшчанства [468, арк. 1]. Капіталы гандляроў, якія не ўваходзілі ў гільдыі, хісталіся ад 50 да 900 руб. [225, арк. 8]. У Ваўкавыску, напрыклад, такіх гяндляроў налічвалася 29 чалавек, а агульная сума капіталаў складала 11810 руб. [225, арк. 12], г. зн. каля 400 руб. у сярэднім на аднаго гандляра. Невялікая колькасць купцоў першай і другой гільдый тлумачыцца не толькі адсутнасцю значных капіталаў у купцоў беларускіх губерняў, але і нежаданнем плаціць больш высокі збор з капіталаў [392, арк. 15; 466, арк. 1-2]. Хаця магчымасці гільдзейскага купецтва былі значна большымі за магчымасці гандляроў. Гільдзейскае купецтва сканцэнтроўвала ў сваіх руках аптовы гандаль, гандаль па дагаворах і кантрактах, падрады і водкупы. Вінны водкуп, як адзін з найбольш даходных, таксама часцей за ўсё знаходзіўся ў руках гільдзейскіх купцоў. З усіх утрымальнікаў віннага водкупу ў гарадах Беларусі ў 1839 г. 91,3% складалі гільдзейскія купцы і буйныя гандляры [243, арк. 2; 284, арк. 471; 294, арк. 60; 347, арк. 1; 377, арк. 10; 379, арк. 106]. Гарадскія ўлады аддавалі вінны водкуп тым, хто меў значны капітал, бо за арэнду віннага водкупу выплачвалася ў казну сума, роўная зборам у 1 руб. 50 кап. з кожнага гараджаніна і 75 кап. з кожнага жыхара мястэчка [508, с. 572].

Акрамя таго, у першай палове XIX ст. купцы беларускіх губерняў арандавалі прамысловыя прадпрыемствы як у прыватных асоб, так і тыя, што належалі казне або гораду [348, арк. 627; 361, арк, 1; 364, арк. 1; 372, арк. 1], заключалі падрады на будаўніцтва дарог і каналаў [252, арк. 51; 383, арк. 1, 4], пагадненні на пастаўку арміі фуражу [356, арк. 5; 358, арк. 1; 361, арк. 1; 364, арк. 1; 381, арк. 7]. Каб заключыць пагадненне аб пастаўцы казне тавару, кожны купец павінен быў прадставіць “адабрэнне” гарадскога таварыства і паручыцельства іншых купцоў. Матэрыяльная адказнасць паручыцеляў вымушала іх адносіцца да гэтай справы прадбачліва.

Багатыя купцы часта арандавалі розныя зборы і плацяжы з гараджан [237, арк. 3], пазычалі пад працэнты грошы [475, арк. 3], здавалі ў арэнду прыезджым купцам на час кірмашоў свае крамы і да т. п. [399, арк. 5]. Іншыя ж катэгорыі гараджан былі абмежаваны ў заключэнні рознага роду падрадаў. Мяшчане, напрыклад, мелі права заключаць казённыя і грамадскія пагадненні і падрады толькі на суму да 4 тыс. руб. [354, арк. 5]. Праўда, падчас дазваляўся гандаль мяшчан звыш гэтай сумы па даверанасці купцоў і ад іх імя [269, арк. 1-20]. Але і гэта форма фінансавай дзейнасці мяшчан была абмежавана пагадненнем з купцамі.

Неабходна адзначыць, што па інтэнсіўнасці і аб’ёме гандлю ўсе гарады Расійскай імперыі дзяліліся на пяць класаў і ў залежнасці ад класа з гільдзейскага купецтва бралася гандлёвая пошліна.

Табліца 4.3 – Велічыня гандлёвай пошліны з гільдзейскага

купецтва Расійскай імперыі ў пачатку XIX ст. (у рублях)*



Клас

I гільдыя

II гільдыя

III гільдыя

I

30

20

10

II

25

17

8

III

20

15

6

IV

15

10

4

V

10

5

2

З беларускіх гарадоў да трэцяга класа адносіліся Мінск, Віцебск, Гродна і Магілёў, да чацвёртага – Брэст, Бабруйск, Орша і Пінск, а ўсе астатнія павятовыя гарады і буйныя гандлёвыя мястэчкі – да пятага класа [443, арк. 11а].

Гэты факт яшчэ раз сведчыць аб тым, што па ўзроўні ўнутранага гандлю і эканомікі ў цэлым беларускія губерні ў вывучаемы перыяд не адносіліся да развітых раёнаў.

У 30-я гады XIX ст. актывізаваўся вывазны гандаль з цэнтральнымі губернямі Расіі, з Украінай і Прыбалтыкай. З Беларусі на Украіну і ў Расію вывозіліся галоўным чынам лес і лесаматэрыялы (каля 80%), гарэлка, пянька, скуры, папера, шкло і вырабы са шкла, сукно.

У Прыбалтыку і праз яе ў заходнія краіны пастаўляліся хлеб (часцей закуплены ва ўкраінскіх губернях), лён, пянька, канаплянае і льняное семя, ільняны алей, скуры, мёд, воск, сала, лес і лесаматэрыялы.

Ажыццяўляўся знешні гандаль у асноўным па водных магістралях (Днепр, Бярэзіна, Прыпяць, Заходняя Дзвіна, Нёман, Заходні Буг). Акрамя таго, для сплаву лесу і лесаматэрыялаў выкарыстоўваліся і больш мелкія рэкі Беларусі: Бяроза, Вехра, Остра, Сож, Сенна, Друць, Уза, Бобр, Оршыца, Одраў і інш. [423, арк. 4-5].

Цэнтрамі вывазнога і транзітнага гандлю былі прыстані. У Мінскай губерні гандлёвыя прыстані дзейнічалі ў гарадах Барысаве, Дзісне, Пінску, а таксама ў мястэчках Стаўбцы Мінскага, Якшыцы Ігуменскага, Парычы Бабруйскага, Лоеў Рэчыцкага і Сосенка Віленскага паветаў [302, арк. 25а], у Магілёве, Рагачове, мястэчках Гомель, Парычы і Шклоў Магілёўскай губерні [438, арк. 7-82], у Гродне, Брэсце, мястэчку Масты Гродзенскай губерні [205, арк. 4-29], у Віцебску, Полацку, Дзісне, мястэчках Ула, Чашнікі, Друя і Крэслаўка Віцебскай губерні [360, арк. 72-94].

Архіўныя даныя даюць звесткі аб колькасці суднаў, якія грузіліся на прыстанях беларускіх губерняў, а таксама аб колькасці суднаў і аб’ёме грузаў, якія праходзілі міма. Аб’ём вывазнога і транзітнага гандлю ў першай трэці XIX ст. узрастаў ва ўсіх губернях.

Табліца 4.4 – Рост колькасці суднаў,

якія грузіліся ў Беларусі*



Губерні

Гады

Колькасць суднаў

Гады

Колькасць суднаў

Віцебская

1810

128

1835

380

Гродзенская

1813

7

1830

98

Мінская

1820

126

1827

264

Магілёўская

1810

46

1828

88

Вялікі аб’ём вывазнога гандлю Віцебскай губерні тлумачыўся яе выгадным геаграфічным становішчам на перакрыжаванні важных водных артэрый – Заходняй Дзвіны і Дняпра. Частка суднаў, якія праходзілі міма прыстаняў Беларусі, належала беларускім купцам, што яшчэ раз пацвярджае іх удзел у транзітным гандлі. Так, напрыклад, у 1837 г. з 319 суднаў, якія прайшлі міма прыстані ў Віцебску (з грузамі на 6.5 млн. руб.), 51 судна належала беларускім купцам [53, арк. 2-71].

Суднаходства па рэках Беларусі пачыналася з першых дзён красавіка і працягвалася да сярэдзіны лістапада, але большая частка суднаў праходзіла праз беларускія прыстані ў вясеннія і асеннія месяцы, паколькі летам шматлікія рэкі мялелі, а зімой замярзалі і гэтым перашкаджалі суднаходству [56, арк. 3]. Са стварэннем у 1824 г. у Санкт-Пецярбургу “Расійскай паўднёва-заходняй суднаходнай кампаніі” з’яўляюцца першыя рачныя судны з паравымі рухавікамі, але купцы Беларусі з-за адсутнасці сродкаў не маглі набыць такія судны і ўступіць у гэтую кампанію адмовіліся [433, арк. 1-9]. Як і раней, судны беларускіх купцоў ішлі пад парусамі і з дапамогай бурлакоў. Вясной і ў пачатку лета купцы скуплялі па паветах пяньку, лес, лён, тытунь, поташ, свіное сала, канапляны алей, скуры і дастаўлялі ўсё да прыстаняў беларускіх губерняў, а затым па рэках сплаўлялі ў Рыгу, Кёнігсберг, Крэмянчуг, Адэсу, Кіеў і ў іншыя гарады [332, арк. 31]. Некаторыя прамысловыя вырабы (сукно, медны посуд, шкло і інш.) дастаўляліся сухапутнымі шляхамі ў Маскву, Санкт-Пецярбург і іншыя гарады Расійскай імперыі [554, арк. 35].

К канцу 50-х гадоў XIX ст. яшчэ болей павялічыліся грузаабароты беларускіх прыстаней. Так, калі з Гродна ў 1838 г. былі адпраўлены 32 судны і 275 плытоў з грузамі на суму да 300 тыс. руб. серабром, то ў канцы 50-х гадоў XIX ст. штогод грузілася каля 250 суднаў і каля 150 плытоў, а вартасць грузаў складала да 380 тыс. руб. [637, с. 87]. Узраслі таксама грузаабароты брэсцкай, віцебскай, полацкай і пінскай прыстаняў [170, с. 120].

Паступова ўзрастала роля купецтва і гандлюючых мяшчан у арганізацыі знешняга гандлю. Доказам гэтаму з’яўляецца колькасць пашпартоў, выдадзеных дэпартаментам паліцыі тым, хто выязджаў за мяжу па гандлёвых справах.

Табліца 4.5 – Змяненне долі замежных

пашпартоў, выдадзеных гандлярам Беларусі*



Перыяд

Дваране

Купцы

Мяшчане

Канец XVIII ст.

72,7%

19,2%

11,1%

30-я гады XIX ст.

32,7%

54,1%

14,2%

50-я гады XIX ст.

8,3%

82,5%

9,2%

Вызначальны ўплыў на характар, формы і ўзровень гандлёвай дзейнасці купецкага саслоўя ў беларускіх губернях першай паловы XIX ст. аказвалі як сацыяльна-эканамічныя працэсы (зараджэнне і паступовае развіццё капіталістычнага ўкладу ў нетрах феадальнага ладу, паступовае ўцягванне ў таварна-грашовыя адносіны не толькі памешчыцкіх, але і ў пэўнай меры і сялянскіх гаспадарак), так і палітычны фактар – уключэнне тэрыторыі Беларусі ў склад Расійскай імперыі, у сістэму ўсерасійскага рынку і ў цэлым эканомікі вялізнага рэгіёну Еўразіі. У гандлёвай дзейнасці беларускага купецтва пераважнае значэнне сталі набываць аперацыі па скупцы і продажу за мяжу і ў іншыя губерні Расійскай імперыі (у прыватнасці, на Украіну) розных сельскагаспадарчых прадуктаў як у сырым, так і ў перапрацаваным выглядзе, а таксама лесу і лесаматэрыялаў. Параўнальная вузкасць унутранага рынку, выкліканая нізкім узроўнем сацыяльна-эканамічнага развіцця края, вызначыла перавагу вывазнога гандлю гэтымі прадуктамі і сырцом. Продаж прамысловых, рамесных вырабаў праводзіўся як на кірмашах, так і ў крамах, магазінах, г. зн. стацыянарных формах гандлю, прычым апошнія ўсё больш пашыраліся і павялічвалі аб'ём продажу.

Захавалася значэнне транзітнага гандлю, абумоўленае геаграфічным становішчам Беларусі, накіраванасцю асноўнага віду зносін – рачных шляхоў. У цэлым назіралася пашырэнне як унутранага, так і вывазнога гандлю, змяняўся яго характар, што зрабіла вызначальны ўплыў на працэс першапачатковага накаплення капіталаў у Беларусі. Пануючай фігурай к канцу вывучаемага перыяду ў гандлі стала гільдзейскае купецтва. Аднак вузкасць унутранага рынку, нязначная ўдзельная вага сярод гандлюючых купцоў першай і другой гільдый з’явіліся асноўнымі прычынамі немагутнасці капіталаў беларускага купецтва і іх уплыву на эканоміку рэгіёну.

Кантрольныя пытанні:

1. Вызначце характар унутранага і знешняга гандлю Беларусі ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст.

2. Якія формы гандлю былі характэрны для Беларусі і чаму?

3. Які быў узровень развіцця гандлёвай дзейнасці купецкага саслоўя ў Беларусі?


1   2   3   4   5   6   7   8   9   ...   12


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка