Роля І месца купецтва беларусі ў працэсе генезісу капіталізму




старонка10/12
Дата канвертавання15.03.2016
Памер2.43 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12
Глава VI

РОЛЯ КУПЕЦТВА БЕЛАРУСІ Ў ФАРМІРАВАННІ КЛАСАЎ

БУРЖУАЗНАГА ГРАМАДСТВА Ў ДРУГОЙ ПАЛОВЕ XVIII –

ПЕРШАЙ ПАЛОВЕ XIX СТ.

Калі ў перыяд панавання феадальна-прыгонніцкіх адносін класавае дзяленне грамадства непасрэдна адлюстроўвала яго эканамічную структуру, то ў перыяд пераходу ад феадалізму да буржуазнага грамадства гэта дзяленне выступае не так выразна. Вывучэнню працэсу фарміравання класаў новай капіталістычнай фармацыі перашкаджае наяўнасць саслоўяў – асаблівых сацыяльна-прававых груп, кожная з якіх адзначаецца сваім юрыдычным становішчам, пэўнымі правамі і абавязкамі.

У пераходныя перыяды структура грамадства значна ўскладняецца. Спалучэнне элементаў старой феадальнай сацыяльна-эканамічнай фармацыі і капіталістычнай, якая нараджалася ў Беларусі ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст., прыводзіць не толькі да многаўкладнасці эканомікі, але і да ўскладнення сацыяльных працэсаў, што адбываюцца ў грамадстве перыяду позняга феадалізму. Рашаючую ролю ў фарміраванні буржуазіі і пралетарыяту іграла купецкае саслоўе, якое было звязана не толькі з гандлёвай дзейнасцю, але і з капіталістычным прадпрымальніцтвам. Вызначыць і даць характарыстыку класавай структуры пераходнага перыяду вельмі складана, бо “... грани здесь, как и все вообще грани в природе и обществе, условны и подвижны, относительны, а не абсолютны” [161, с. 143]. Таму вельмі важна вызначыць адпаведныя дадзенаму гістарычнаму моманту крытэрыі прыналежнасці да той ці іншай сацыяльнай групы.

Такія паняцці, як “клас”, “саслоўе”, “сацыяльны слой”, “сацыяльная група” – катэгорыі гістарычныя, якія эвалюцыяніруюць у ходзе развіцця эканамічнай і класавай структуры грамадства, унутранага развіцця саміх саслоўяў феадальнага грамадства, класаў і слаёў, а таксама павелічэння або змяншэння іх ролі ў сацыяльных працэсах і грамадскага значэння ва ўсіх галінах жыцця. Даследчыкі пераходных перыядаў многіх краін адзначаюць, што класавая структура любога гістарычнага перыяду развіцця грамадства, якая разглядаецца канкрэтна-гістарычна, не заўсёды выступае ў чыстым выглядзе, не заўсёды мае выразныя абрысы [92, с. 12; 123, с. 28].

Да крытэрыяў паняцця “клас”, акрамя асноўных прыкмет вызначэння гэтай супольнасці людзей (гістарычнасць катэгорыі, адрозненні па іх месцы ў гістарычна вызначанай сістэме грамадскіх адносін і грамадскай вытворчасці, роля ў грамадскай арганізацыі працы і адрозненні ў сродках атрымання і памерах той долі грамадскага багацця, якія знаходзяцца ў іх распараджэнні) [161, с. 143], адносіцца і такі, як адносіны да ўласнасці, што дазваляе прасачыць іх унутраную дыферэнцыяцыю. Так, напрыклад, усе памешчыкі з’яўляліся прадстаўнікамі класа дваран, аднак у даследуемы перыяд сярод іх былі буйныя землеўладальнікі (магнаты), якія самі не займаліся вядзеннем гаспадаркі ў маёнтку, г. зн. жылі за кошт зямельнай рэнты; памешчыкі, якія кіравалі маёнткамі асабіста; тыя памешчыкі, хто кіраваў праз наёмных асоб (у тым ліку і купцоў) і землеўладальнікі, якія не мелі поўнай свабоды распараджацца зямлёй [665, s. 11-19; 666, s. 59; 667, s. 6-9]. Акрамя таго, да дваран адносіліся і дробная шляхта, якая не мела часта ні зямлі, ні сялян, г. зн. фактычна цэлая група асоб прамежкавага, некласавага складу. Таму такія паняцці, як “сацыяльная група” або “сацыяльны слой” найбольш дакладна вызначаюць характар і становішча той або іншай групы насельніцтва пераходнага перыяду ад феадалізму да капіталізму.

Роля купецкага саслоўя ў дыферэнцыяцыі дваранства ў перыяд позняга феадалізму заключалася не толькі ў арэндзе зямлі і выкарыстанні буржуазных метадаў гаспадарання, але і ў выкарыстанні на прамысловых прадпрыемствах, якія належалі памешчыкам, вольнанаёмнай працы, г. зн. паступовым развіцці працэсу фарміравання перадпралетарыяту ў Беларусі. Перш за ўсё гэта было характэрна для прадпрыемстваў, якімі памешчыкі валодалі ў гарадах і мястэчках і часцей за ўсё здавалі іх у арэнду багатым мяшчанам і купцам. Удзел купецтва ў арэндзе памешчыцкіх прадпрыемстваў у гарадах і мястэчках не заўсёды ўплываў на павелічэнне колькасці вольнанаёмных рабочых. Так, у канцы XVIII ст. на 10 прадпрыемствах у гарадах і мястэчках Беларусі, у арэндзе якіх прымалі ўдзел багатыя мяшчане і купцы, працавала 1060 сялян і толькі 4 майстра свабодных саслоўяў, г. зн. вольнанаёмныя. У першай чвэрці XIX ст. на 12 такіх прадпрыемствах працавала ўжо 1861 чалавек, з якіх 498 (каля 26,5%) былі вольнанаёмнымі рабочымі. У другой чвэрці XIX ст. карціна некалькі змянілася. Такіх прадпрыемстваў стала больш (16), а колькасць рабочых засталася амаль без змянення – 1747 чалавек. Вольнанаёмных рабочых налічвалася толькі 359 чалавек альбо няшмат больш 20%. У 50-я гады XIX ст. такіх прадпрыемстваў было ўсяго 7 і працавала там усяго 248 рабочых, з якіх толькі 48 чалавек (7,2%) былі вольнанаёмнымі.

Гэта сведчыць не столькі аб падзенні ролі купецкага саслоўя ў змяненні характару памешчыцкіх прадпрыемстваў і стварэнні перадумоў фарміравання рабочага класа Беларусі, а хутчэй за ўсё аб выцясненні памешчыцкага прадпрымальніцтва ў гарадах і мястэчках прадпрымальніцкай дзейнасцю мяшчан і купцоў.

Найбольш шматлікай сацыяльнай групай насельніцтва Беларусі з’яўлялася сялянства. У 1775 г. насельніцтва Беларусі складала 2939 тыс., а ў 1791 г. – 3626 тыс. чалавек [131, с. 95-99], з якіх 87% былі сялянамі. У Рэчы Паспалітай у апошняй чвэрці XVIII ст. сялянства падзялялася на наступныя катэгорыі:

Табліца 6.1* – Катэгорыі сялянства

Рэчы Паспалітай у апошняй чвэрці XVIII ст.

і іх доля сярод усяго сялянскага саслоўя

1

2

Сяляне

каралеўскія

пасяленскія

старосцінскія

царкоўныя

памешчыцкія


2,6%

2,6%


11,7%

13,0%


57,1%

Вольныя

батракі

13,0%

У залежнасці ад формы феадальнай эксплуатацыі (паншчына, натуральны або грашовы аброк) сяляне Беларусі падзяляліся на катэгорыі: цяглавыя, чыншавыя, агароднікі і слугі. З распаўсюджваннем фальваркава-паншчыннай сістэмы гаспадаркі колькасць сялян, якая выконвала адработачныя павіннасці, рэзка ўзрасла і склала ў канцы XVIII ст. 75% [504, с. 198-199]. Агароднікі, як і цяглавыя, таксама выконвалі адработачныя павіннасці.

Сяляне-слугі неслі воінскую, адміністрацыйную, дварцовую службу або выконвалі рамесныя і будаўнічыя работы [658, s. 7; 659, s. 34]. У іншых маёнтках гэта катэгорыя складала 5-8% ад усёй колькасці прыгонных сялян [658, s. 11].

У канцы XVIII ст. архіўныя крыніцы выдзяляюць катэгорыі як залежных, так і вольных сялян, а таксама сялян, залежных ад каралеўскай, царкоўнай або дваранскай улады, і сялян-“асаднікаў” (пасяленцаў) [654, s. 11, 14].

Асобны інтарэс, вядома, выклікаюць катэгорыі асабіста вольных сялян: рускія стараверы, “панцырныя баяры”, “вольныя людзі” і “незалежныя батракі”.

У першай палове XIX ст. “панцырныя баяры” (патомкі служылых людзей) пасля правядзення люстрацыі дзяржаўных маёнткаў у большасці былі ўлічаны ў склад дзяржаўных сялян, як недаказаўшыя дакументальна сваё незалежнае паходжанне [413, арк. 1, 6; 414, арк. 80 зв.]. У Беларусі яны пражывалі ў асноўным на тэрыторыі Віцебскай губерні [486, с. 28].

“Вольныя людзі”, “незалежныя батракі”, рускія стараверы – вольныя катэгорыі насельніцтва, якія арандавалі або мелі свае зямельныя ўчасткі, былі абавязаны адбываць дзяржаўныя павіннасці.

Некаторае ўзмацненне рынкавых сувязей дзяржаўных сялян у 50-я гады XIX ст., развіццё неземляробчых і адыходных промыслаў, адзінкавыя выпадкі пераходу іх у мяшчанскае і купецкае саслоўі сведчылі аб паступовым разлажэнні гэтай сацыяльнай групы насельніцтва Беларусі, хаця нават класікі марксізму-ленінізму называлі іх “параўнальна свабоднай” [174, с. 692, заўвагі] катэгорыяй сялян, сярод якіх было менш кабалы і хутчэй развівалася “сялянская буржуазія” [160, с. 310]. Паўсвабоднае становішча дзяржаўных сялян дазваляла ім не толькі займацца гандлем і папаўняць рады купецкага саслоўя, але і наймацца на прадпрыемствы, якія арандавалі ці якімі валодалі купцы. Праўда, у Беларусі гэтыя факты былі рэдкімі і слаба ўплывалі на сацыяльныя працэсы, г. зн. на фарміраванне пралетарыяту і буржуазіі.

Высветліць колькасць і працэнтныя адносіны вольных людзей у дачыненні да ўсяго сялянства можна толькі ў канцы XVIII ст., г. зн. па звестках пятай рэвізіі, праведзенай на ўсёй тэрыторыі Беларусі.

Калі ўлічыць, што ў Рэчы Паспалітай павіннасці збіраліся не з душы, а з надзела зямлі, то памешчыкам было па сутнасці ўсё роўна, кім лічыцца яго селянін – вольным чалавекам ці прыгонным [623, с. 69]. Вольныя людзі або непрыгонныя сяляне мелі ў Рэчы Паспалітай права перамяшчэння і не належалі ні памешчыкам, ні дзяржаве, ні царкве, ні іншым ведамствам або ўстановам. Рускі ўрад, пасля далучэння Беларусі да Расіі, захаваў за вольнымі людзьмі іх правы. Указам ад 20 кастрычніка 1783 г. за вольнымі людзьмі ўсходняй часткі Беларусі замацоўвалася права сяліцца па сваім выбары ў сельскай мясцовасці або ў гарадах і мястэчках, набываць зямлю ва ўласнасць і права на свабоднае перамяшчэнне [623, с. 68]. Аднак гэты ўказ, які быў створаны для невялікай тэрыторыі і насіў часовы характар, аказаўся непрыдатным для вызначэння становішча гэтай катэгорыі сялян пасля завяршэння далучэння Беларусі да Расійскай імперыі. Істотным недахопам гэтага ўказа было тое, што ў ім нічога не гаварылася аб адносінах вольных людзей да памешчыкаў або да дзяржавы, на землях якіх жыла большасць з іх. У 40-х гадах XIX ст. у другім указе аб вольных сялянах адзначалася, што “... подведомственность вольных людей, живущих на казенных и помещичьих землях, не была прежде определена положительно законом” [517].

Колькасць вольных людзей магла вызначыць фонд нёмных рабочых для развіцця купецкай прамысловасці і зрабіць уплыў на характар сацыяльных працэсаў у Беларусі. Аднак юрыдычная нявызначанасць становішча вольных людзей адлюстравалася на іх стане, паколькі памешчыкі, карыстаючыся фактычнай адсутнасцю доказу праў вольных людзей і патураннем царскай адміністрацыі, пачалі масава пераўтвараць іх у сваіх прыгонных.

Табліца 6.2 – Дынаміка колькасці вольных людзей

у Беларусі ў канцы XVIII – першай палове XIX ст.*

Гады

1796

1833

1858

Колькасць (тыс. чал.)

44

145,5

58

У % да ўсяго насельніцтва

1,6

5,1

1,7

Нязначная колькасць вольных людзей у Беларусі ў 1796 г. тлумачыцца тым, што фактычна поўнасцю адсутнічаюць даныя па Магілёўскай і Мінскай губернях. Калі ўзяць за аснову, што вольныя людзі ў Рэчы Паспалітай у апошняй чвэрці XVIII ст. складалі каля 10%, то дынаміка прасочваецца вельмі выразна – з апошняй чвэрці XVIII ст. і да 1833 г. колькасць вольных людзей скарацілася амаль у 2 разы, а ў 1833 – 1858 гг. яшчэ ў 2,5 раза.

Ю. Юргеніс, які даследаваў гісторыю літоўскага сялянства, адзначаў, што да вольных людзей часцей адносілі зямян і баяр, а сапраўды вольных або “падобных” людзей было вельмі мала [690, s. 103-104].

З ім згаджаўся і М.М. Улашчык, калі адзначаў, што ў акладных кнігах Міністэрства фінансаў і ў статыстычных зводках першай паловы XIX ст. ніякіх звестак пра баяр і зямян няма, з чаго вынікае, што іх запісвалі пад якой-небудзь іншай назвай, хутчэй за ўсё гэта быў тэрмін “вольныя людзі” [623, с. 73].

Баяры (панцырныя і путныя), якія займалі прамежкавае становішча паміж ніжэйшымі слаямі шляхты і вярхамі сялянства, складалі ў другой палове XVIII ст. даволі значную частку насельніцтва. Панцырныя баяры былі толькі ва ўсходняй частцы Беларусі, путныя і зямяне пражывалі па ўсёй тэрыторыі Беларусі [137, с. 35-37, 49].

Акрамя баяр і зямян, да вольных людзей адносіліся і іншыя сацыяльныя групы насельніцтва Беларусі: рускія стараверы і іншыя “расійскія падданыя”, што перасяліліся ў Беларусь яшчэ ў часы Рэчы Паспалітай [555, арк. 11; 557, арк. 92]; выхадцы з Польшчы; сяляне, што атрымалі волю за выкуп або за службу; яўрэі, якія прынялі хрысціянства [67, арк. 224 зв.-225], татары, іншаземцы, вольныя працоўныя людзі на вотчынных прадпрыемствах; вольныя сяляне пры цэрквах, тыя, хто знаходзіўся ў багадзельнях: жабракі, убогія і сіроты [547, арк. 137-139]. Былі сярод вольных людзей і шляхціцы, якія не даказалі сваёй прыналежнасці да дваранства [552, арк. 3-4; 553, арк. 17].

Адміністрацыя Расійскай імперыі пасля падзелаў Рэчы Паспалітай спрабавала забараніць вольным людзям заходніх губерняў пераходзіць з месца на месца, што перашкаджала выкарыстоўваць іх у якасці вольнанаёмных рабочых на купецкіх прадпрыемствах. Усе вольныя людзі пры рэвізіі павінны былі запісвацца ў рэвізскія сказкі “з указаннем эканамічных і іншых асаблівасцей іх становішча і з дакладным указаннем, што яны людзі вольныя і знаходзяцца на землях казённых або ўладальніцкіх на ўмовах”. Неабходна было пры правядзенні рэвізіі асобна запісваць зямян (адзначаць, што яны таксама вольныя) і асобна піліпонаў (рускіх старавераў) [95, с. 152-154]. 9 красавіка 1806 г. выйшаў указ аб забароне перамяшчэння рускіх старавераў, калі яны жылі на дзяржаўных або панскіх землях без пісьмовага дагавору. Пры правядзенні наступнай рэвізіі яны павінны былі быць запісаны па месту жыхарства як прыгонныя памешчыцкія або дзяржаўныя сяляне [513]. 20 лютага 1812 г. выходзіць указ, па якім вольныя людзі, што жылі ў гарадах і на панскіх землях, былі абкладзены падаткам звыш падушнага яшчэ па 5 руб. з душы [515]. Гэта паскорыла працэс запрыгоньвання беларускімі памешчыкамі вольных людзей, якія, жадаючы пазбегнуць вялікіх падаткаў, былі гатовыя самі перайсці ў разрад прыгонных. 3 мая 1847 г. выходзіць новы ўказ аб вольных людзях, па якім яны не мелі права пакідаць маёнткі, дзе пастаянна жылі без ведама ўладальніка зямлі, але толькі па заканчэнні тэрміну дагавору, які яны абавязаны былі заключыць з памешчыкамі не менш чым на 6 гадоў [516].

Іншымі словамі, вольныя людзі былі ператвораны ў рэзерв папаўнення радоў прыгонных сялян, а не ў рэзерв папаўнення перадпралетарыяту Беларусі, і ўплыў купецкага прадпрымальніцтва на гэту катэгорыю насельніцтва быў нязначным. Сацыяльныя працэсы, што праходзілі ў беларускай вёсцы ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст., адлюстроўвалі не толькі нізкі ўзровень развіцця сельскай гаспадаркі, але і стрымліваючае ўздзеянне феадальна-прыгонніцкіх адносін і найбольш патрыярхальнай паншчынна-вотчыннай сістэмы на яшчэ слабыя і нязначныя вынікі развіцця таварна-грашовых адносін, на стварэнне перадумоў фарміравання класаў буржуазнага грамадства. Маёмасная і сацыяльная дыферэнцыяцыя штучна стрымлівалася не толькі панамі, але і феадальнай, прыгонніцкай дзяржавай, якая праводзіла палітыку, накіраваную на захоўванне і кансервацыю старых адносін, што і вызначыла крызісную сітуацыю ў эканамічным жыцці рэгіёну. Больш грунтоўную ролю ў працэсе фарміравання пралетарыяту і буржуазіі Беларусі ў даследуемы перыяд купецтва сыграла ў гарадах і мястэчках.

Рост насельніцтва гарадоў, складанне сацыяльных груп, якія з’явіліся асновай фарміравання класаў капіталістычнага грамадства, неаднаразова адзначаліся класікамі марксізму як тэндэнцыя развіцця новых капіталістычных адносін [156, с. 283, 325; 157, с. 230; 158, с. 24, 25, 600; 180, с. 356]. На іх думку, рост гарадскога насельніцтва сведчыць аб глыбіні і інтэнсіўнасці працэсу грамадскага раздзялення працы. У.І. Ленін у працы “К характеристике экономического романтизма” адзначаў, што павелічэнне гарадскога насельніцтва ў Еўрапейскай Расіі з’яўляецца найбольшай грамадскай прыкметай капіталістычнага развіцця краіны, “хотя он выражает явление далеко не вполне, не охватывая важных особенностей России сравнительно с Западной Европой” [157, с. 220].

Перыяд разлажэння феадалізму і зараджэння капіталістычных адносін ва ўсіх краінах характарызаваўся ростам гандлёва-прамысловага насельніцтва, сканцэнтраванага галоўным чынам у гарадах і мястэчках. Па тэмпах росту гарадскога насельніцтва Беларусь займала адно з першых месц у Расійскай імперыі, ды і ў другой палове XVIII ст. у беларускіх губернях насельніцтва гарадоў і мястэчак складала 14% ад усяго насельніцтва [669, s. 264]. Па нашым даным з 1786 па 1861 г. насельніцтва гарадоў Беларусі павялічылася з 80 да 320 тыс. чалавек, г. зн. у 4 разы [169, с. 304]. Такім чынам, тэмпы росту колькасці гарадскога насельніцтва ў разглядаемы перыяд былі высокія, асабліва ў параўнанні з тэмпамі росту ўсяго насельніцтва Беларусі, агульная колькасць якога за гэты ж час узрасла толькі на 36% [169, с. 304].

У 1825–1856 гг. насельніцтва, напрыклад, гарадоў Правабярэжнай Украіны павялічылася на 76,4%, у сярэднім па Расійскай імперыі – на 62% [35, с. 59], а ў Беларусі – больш чым на 90%.

Табліца 6.3 – Удзельная вага гарадскіх

жыхароў па беларускіх губернях*

Губерня

1796 г.

1861 г.

усяго на-

сельніцтва



у га-

радах


%

гараджан


усяго на-

сельніцтва



у га-

радах


%

гараджан


Гродзенская

617180

11882

1,9

603414

64684

10,7

Віленская

137412

5530

4,0

410481

17759

4,3

Віцебская

317656

22234

6,9

347964

57654

16,6

Мінская

828703

27579

3,3

986471

90755

9,2

Магілёўская

734948

25297

3,4

844640

88850

10,5

Усяго

2635899

92522

3,5

3192970

319807

10,0

Самы высокі працэнт гарадскога насельніцтва як у 1796 г., так і ў канцы даследуемага перыяду быў у Віцебскай губерні (адпаведна 6,9 і 16,6). Больш чым у 5 разоў вырас працэнт гарадскіх жыхароў у Гродзенскай губерні (з 1,9 да 10,7). Значна павялічыўся працэнт гараджан у Мінскай (з 3,3 да 9,0) і Магілёўскай губернях (з 3,4 да 10,5).

Нізкая ўдзельная вага гараджан у Віленскай губерні тлумачыцца тым, што працэс ссялення яўрэйскага насельніцтва з сельскай мясцовасці ў гарады і мястэчкі амаль не закрануў беларускія гарады гэтай губерні.

Больш высокія тэмпы росту колькасці гараджан Беларусі ў параўнанні з больш развітымі ў прамысловых адносінах цэнтральнымі губернямі Расійскай імперыі, а таксама больш хуткі рост гарадскога насельніцтва ў параўнанні з сельскім вызначаліся перш за ўсё гвалтоўным перасяленнем яўрэяў з сельскай мясцовасці. Пачынаючы з канца XVIII ст. расійскі ўрад прынімаў ўсе меры для перасялення яўрэяў з сельскай мясцовасці ў гарады і мястэчкі Беларусі. Такім чынам, к канцу 30-х гадоў XIX ст. яўрэйскае насельніцтва ў асноўным было пераселена з сельскай мясцовасці ў гарады і мястэчкі [274, арк. 1-15]. Гэтым тлумачыцца і найбольш інтэнсіўны рост гарадскога насельніцтва ў 20-30-я гады XIX ст.

Гвалтоўнае ссяленне з сельскай мясцовасці яўрэйскага насельніцтва ў гарады і мястэчкі прыводзіла не толькі к росту рынку вольнанаёмнай працы, але і да ўзмацнення гандлёвай і прадпрымальніцкай дзейнасці гэтай часткі гарадскога і местачковага насельніцтва, да колькаснага росту купецкага саслоўя, г. зн. будучага буржуазнага класа Беларусі. Не выпадкова іменна ў 20-30-я гады XIX ст. назіраецца дастаткова інтэнсіўнае развіццё гарадской купецкай прамысловасці. Інакш кажучы, купецкае саслоўе ў сваіх мэтах выкарыстоўвала рэакцыйную палітыку царскага ўрада ў адносінах да яўрэйскага насельніцтва Беларусі, узмацніўшы тым самым працэс фарміравання будучых класаў капіталістычнага грамадства – пралетарыяту і буржуазіі.

У.І. Ленін у працы “Аграрная программа русской социал-демократии” пісаў: “Известно, что в рабском и феодальном обществе различие классов фиксировалось и в сословном делении населения, сопровождалось установлением особого юридического места в государстве для каждого класса. Поэтому классы рабского и феодального (а также и крепостного) общества были также и особыми сословиями. Напротив, в капиталистическом буржуазном обществе юридически все граждане равноправны, сословные деления уничтожены (по крайней мере в принципе), и поэтому классы перестали быть сословиями” [159, с. 311].

Гэты працэс пастаяннага знікнення саслоўяў (у тым ліку і купецкага) і з’яўлення новых сацыяльных груп, з якіх у далейшым сфарміраваліся класы капіталістычнага грамадства, перш за ўсё назіраецца ў купецкім прадпрымальніцтве (у гандлі і прамысловасці) Беларусі ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст.

Аднак нізкія тэмпы генезісу капіталізму ў эканоміцы Беларусі тармазілі і сацыяльныя працэсы, што працякалі ў гэтым рэгіёне.

Немалаважнае значэнне ў працэсе генезісу буржуазіі і пралетарыяту меў уплыў капіталістычнага рынку Заходняй Еўропы на развіццё генезісу капіталізму ў Беларусі, калі ўлічыць, што тут галоўнай рухаючай сілай гэтага працэсу было купецкае саслоўе. Палітыка буржуазіі развітых краін была накіравана на тое, каб пераўтварыць адсталыя ў сваім развіцці краіны ў свае аграрна-сыравінныя прыдаткі, што непазбежна прыводзіла да замаруджвання ў гэтых рэгіёнах працэсу генезісу капіталізму. Эканамічны і сацыяльны прагрэс у беларускіх губернях тармазіўся і палітыкай Расійскай імперыі, якая імкнулася захаваць сыравінны характар эканомікі гэтага рэгіёну.

Грунтуючыся на канкрэтным даследаванні генезісу капіталізму і складвання сацыяльнай структуры ў Беларусі, паспрабуем вызначыць не толькі агульныя заканамернасці і асаблівасці генезісу буржуазіі і пралетарыяту, але і ролю купецкага саслоўя ў гэтым працэсе.

Менавіта таму, што Беларусь уступіла на шлях буржуазнага развіцця са значным спазненнем і стала аб’ектам уздзеяння не толькі еўрапейскага капіталістычнага рынку, але і цэнтральных прамыслова развітых губерняў Расіі, а таксама з-за пераважна аграрнага напрамку ў эканоміцы, гандлёваліхвярская буржуазія (купецтва і багаты гандлёвы люд з мяшчан), якая і ў заходнееўрапейскіх краінах на пачатковым этапе іх капіталістычнага развіцця складала вялікую праслойку класа буржуазіі, які фарміраваўся тут доўгі час, была самай шматлікай і фактычна адзінай катэгорыяй гэтага класа. Адначасова, як гэта адзначаў Ф. Энгельс у сваім аналізе развіцця буржуазіі ў Германіі [173, с. 46-47], эканамічная сіла гэтай буржуазіі, у параўнанні з заходнееўрапейскай, была вельмі нязначнай і слаба ўплывала на сацыяльна-эканамічнае жыццё рэгіёну.

Другой асаблівасцю фарміравання буржуазных класаў у Беларусі была наяўнасць “мяжы яўрэйскай аседласці” і значны, а часам пераважаючы працэнт яўрэйскага насельніцтва сярод купецтва. Асноўнымі ж крыніцамі камплектавання буржуазіі былі пераважна гарадскія гандляры. На пачатковым этапе фарміравання буржуазіі найбольш шматлікую яе частку складала гандлёвая буржуазія, якая разбагацела на экспарце жывёлы і іншай сельскагаспадарчай прадукцыі.

Яшчэ адной асаблівасцю буржуазіі, якая фарміравалася ў Беларусі, была колькасная перавага дробнай і драбнейшай як гарадской, так і сельскай буржуазіі, звязанай з дробнай рамеснай вытворчасцю і рознічным гандлем. “Буржуазия во всех странах, – пісаў Ф. Энгельс, – вышла из рядов мелкой буржуазии” [173, с. 47]. Праўда, гэты сацыяльны слой адрозніваўся павышанай сацыяльнай няўстойлівасцю. З развіццём капіталізму і ростам канкурэнцыі сярэдняй і буйной буржуазіі ўсё больш паглыбляўся працэс дыферэнцыяцыі дробнай. У той жа час, нягледзячы на разарэнне большай часткі дробнай буржуазіі, агульная колькасць гэтай сацыяльнай групы не змяншалася, а ўзрастала колькасна нават у другой палове XIX ст. [169, с. 334]. Гэта можна растлумачыць не столькі ростам гарадоў, а хутчэй за ўсё ростам гарадскога насельніцтва, якому была патрэбна прадукцыя дробнай вытворчасці і расшырэнне сферы і аб’ёму бытавых паслуг.

Слабае развіццё купецкай капіталістычнай вытворчасці прадвызначыла і яшчэ адну асаблівасць генезісу фарміравання буржуазных класаў – доўгае захаванне ў Беларусі ліхвярніцтва як асноўнай формы першапачатковага накаплення капіталу.

Характэрнай асаблівасцю буржуазіі Беларусі было і тое, што купецкае саслоўе эканамічна было цесна звязана з дваранствам (арэнда, падрады, пасрэдніцтва, ліхвярства, пастаўка тавараў і г. д.). Феадальнае грамадства пераўтваралася ў памешчыцка-буржуазнае вельмі марудна, і, галоўнае, пад знакам няўхільнага захавання эканамічных і палітычных інтарэсаў абсалютысцкай дзяржавы і класа памешчыкаў. Усё гэта стрымлівала працэс фарміравання класавага грамадства. Ва ўмовах, калі буржуазія была вельмі слабай, яе функцыі ў значнай ступені ажыццяўлялі памешчыкі, працэс генезісу капіталізму праходзіў вельмі марудна.

Ва ўмовах эканамічнай адсталасці і іншанацыянальнага паходжання буржуазія (яўрэі) і апалячаныя або польскага паходжання памешчыкі не маглі мець не толькі агульных мэт і сацыяльных пазіцый, агульных інтарэсаў у галіне эканамічнай дзейнасці, але часцей за ўсё былі варожымі адзін да аднаго, раздзелены вялікай безданню, якая не знікла і к канцу даследуемага перыяду.

Яшчэ адной асаблівасцю працэсу фарміравання новых класаў буржуазнага грамадства было тое, што гэты працэс ахапіў толькі мізэрную частку насельніцтва Беларусі і не меў у другой палове XVIII – першай палове XIX ст. значнага размаху. Калі да сацыяльных крыніц фарміравання буржуазіі аднесці гільдзейскае купецтва і багатых мяшчан, якія займаліся гандлем і прамысловым прадпрымальніцтвам, то і тады прадстаўнікоў буржуазнага класа налічвалася не больш за 8 тыс. чалавек абодвух полаў, г. зн. 0,25% насельніцтва Беларусі [170, с. 65].

Вядучая роля купецтва ў Беларусі была характэрна і ў працэсе першапачатковага накаплення капіталу, які праходзіў марудна як і працэс генезісу капіталізму. На долю першапачатковага накаплення як такога выпала галоўным чынам дэструктыўная праца па жорсткай насільніцкай ломцы феадальных адносін, якія складаліся стагоддзямі. Гэты працэс пазбаўляў дробных таваравытворцаў іх гарантый існавання, закладзеных у феадальных інстытутах рознага роду. Аднак рэалізацыя магчымасцей капіталістычнага развіцця,якія закладзены ў працэс першапачатковага накаплення, не валодае механізмам аўтаматычнасці. Такім жа чынам ідуць справы і з фарміраваннем буржуазнага класа. Багачы – гэта толькі патэнцыяльныя капіталісты. Капіталістамі яны рабіліся толькі тады, калі ўкладалі свае грошы ў капіталістычна арганізаваныя прадпрыемствы. Такіх капіталістаў у Беларусі ў дарэформенны перыяд налічвалася толькі некалькі дзесяткаў чалавек. У асноўным гэта былі багатыя гільдзейскія купцы і мяшчане.

Сацыяльную эвалюцыю ў Беларусі тармазілі ўмацаваная стагоддзямі саслоўная структура і сацыяльная псіхалогія, што склалася пад яе ўплывам. Гэты апошні фактар найбольш моцна праяўляўся ва ўмовах Беларусі, дзе ў сацыяльна-псіхалагічнай сферы доўга захоўваліся маральныя каштоўнасці ўжо зжыўшай сябе феадальна-саслоўнай структуры, спадчынай якой з’яўляліся шляхецкая манаполія на ўладу, зямельная ўласнасць і грамадскі прэстыж, а таксама поўнае бяспраўе залежных сялян, мяшчанскага саслоўя і прававая дыскрымінацыя яўрэяў.

У працэсе змешвання саслоўяў і фарміравання новай структуры грамадства важнейшую ролю адыгрывалі гарады. Тут раней паявіліся змены і ў сацыяльнай псіхалогіі: крыніцай прэстыжу ў гарадскім грамадстве ўсё часцей станавіўся не шляхецкі герб, а адукацыя, грамадскія заслугі, маёмаснае становішча. У Беларусі назіралася дыферэнцыяцыя гараджан на заможныя вярхі, якія складалі меншасць гарадскіх жыхароў, і немаёмных гараджан, галоўным чынам мяшчан, якія былі асноўнай сацыяльнай групай беларускіх гарадоў і якія з’явіліся асноўнай крыніцай папаўнення радоў вольнанаёмных рабочых, г. зн. перадпралетарыяту. Так, толькі на купецкіх прадпрыемствах працавала ад некалькіх дзесяткаў у другой палове XVIII ст. да 2,5 тыс вольнанаёмных рабочых, што ярка ілюструе наступная табліца.

Табліца 6.4 – Колькасць вольнанаёмных рабочых

на купецкіх прадпрыемствах Беларусі ў другой

палове XVIII – першай палове XIX ст.*

Перыяд

II палова

XVIII ст.



I чвэрць

XIX ст.


II чвэрць

XIX ст.


50-я гады

XIX ст.


Чалавек

43

796

2432

517

Табліца 6.4 паказвае не толькі дынаміку колькасці росту вольнанаёмных рабочых, але і адлюстроўвае эканамічныя праблемы: развіццё купецкага прадпрымальніцтва і нізкія тэмпы развіцця працэсу генезісу капіталізму ў Беларусі.

Нізкія тэмпы развіцця эканомікі Беларусі ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст., што вызначаліся непадзельным панаваннем феадальна-паншчыннай сістэмы гаспадаркі, уплывалі на характар і інтэнсіўнасць сацыяльных працэсаў.

Позні пачатак зараджэння і развіцця капіталізму вызначыў і больш марудныя тэмпы развіцця сацыяльнай структуры, складванне перадумоў фарміравання тут класаў буржуазнага грамадства.

Роля купецкага саслоўя ў гэтых умовах была вызначальнай: яна сама была аб’ектам гэтага працэсу і менавіта купецтва стала асновай буржуазіі, якая нараджалася. Аднак купецтва яшчэ, у выніку сваёй прадпрымальніцкай дзейнасці, фарміравала і будучы рабочы клас капіталістычнага грамадства.

Кантрольныя пытанні:

1. Назавіце крыніцы папаўнення буржуазіі ў Беларусі ў другой палове XVIII – першай палове XIX ст.

2. Вызначыце сацыяльны, нацыянальны і маёмасны склад купецтва Беларусі ў вывучаемы час.

3. Якую ролю адыграла купецтва Беларусі ў фарміраванні буржуазнага класу?

1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   12


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка