Рэкамендацыі па выніках вывучэння ўзроўню навучанасці вучняў па вучэбным прадмеце «Беларуская мова»



Дата30.03.2016
Памер150.92 Kb.
#4853
Рэкамендацыі па выніках вывучэння ўзроўню навучанасці вучняў па вучэбным прадмеце «Беларуская мова»
Матэрыялы падрыхтаваны на падставе вынікаў маніторынгавага даследавання, праведзенага Нацыянальным інстытутам адукацыі ў адпаведнасці з загадам Міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 06.09.2013 № 692 «Об организации изучения качества образования в учреждениях общего среднего образования в 2013/2014 учебном году».
У даследаванні прынялі ўдзел вучні ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі відаў «базавая школа», «сярэдняя школа», «ліцэй», «гімназія» (далей – установы адукацыі). Установы адукацыі і класы1 для правядзення даследавання вызначаліся Нацыянальным інстытутам адукацыі.

Даследаванне ўзроўню навучанасці вучняў VIII, X класаў па беларускай мове праводзілася ў пісьмовай форме па вучэбным матэрыяле, вывучаным у I чвэрці 2013/2014 навучальнага года. Праверачная работа складалася з пяці рознаўзроўневых заданняў да прапанаванага тэксту, што дало магчымасць вызначыць сфарміраванасць як моўнай, так і камунікатыўнай кампетэнцый. Тэксты для праверачнай работы былі падабраны са «Зборніка экзаменацыйных матэрыялаў па беларускай мове для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі»2.

Вынікі выканання праверачнай работы па беларускай мове вучнямі VIII класа ў 2013/2014 навучальным годзе нязначна адрозніваюцца ад вынікаў выканання аналагічнай па змесце праверачнай работы ў 2012/2013 навучальным годзе. Аналіз пісьмовых работ васьмікласнікаў дазваляе канстатаваць, што 46% вучняў (у мінулым годзе – 41%3) валодаюць вучэбнымі навыкамі па беларускай мове на высокім і дастатковым узроўнях (адзнакі «7–10 балаў»).

Дастаткова паспяхова васьмікласнікі выканалі заданні № 1, 2, дзе патрэбна было распазнаць сярод падкрэсленых выразаў словазлучэнні, уставіць у прыведзеных сказах прапушчаныя літары і паставіць знакі прыпынку. Пры вызначэнні словазлучэнняў у першым заданні асобныя вучні памылкова выпісалі назоўнік з прыназоўнікам (каля берагу, каля лесу). Пры выкананні другога задання некаторыя васьмікласнікі памыляліся ў правапісе слова пасыпаная з прапанаваным выбарам літар у суфіксе, па аналогіі з рускай мовай вучні выбралі -нн- (пасыпанная).

Больш складанымі для вучняў аказаліся заданні № 3–5. Падбор беларускіх адпаведнікаў да словазлучэнняў рускай мовы (заданне № 3), як і ў мінулым годзе, большасць вучняў выканалі з памылкамі. Сярод вучняў, якія памыліліся падчас перакладу, найбольшая колькасць тых, хто не засвоіў новую рэдакцыю Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі (2008 г.). Так, пераклад словазлучэнняў са словамі компьютер, принтер прадстаўлены ў работах вучняў у розных варыянтах – кампьюцер, кампутэр і інш.; прынцер, прынтэр і г.д. Большасць вучняў дапусцілі памылкі і ў правапісе (пры перакладзе) словазлучэнняў з лічэбнікамі пятьдесят (пядзясят, педзесят і г.д.), семнадцать (часцей за ўсё семнаццаць). Цяжкімі для перакладу аказаліся і словазлучэнні, якія маюць сваю спецыфіку выкарыстання ў параўнанні з рускай мовай: болеть гриппом, обратиться по адресу. Інтэрпрэтацыя беларускіх адпаведнікаў прыведзеных словазлучэнняў у работах вучняў самая розная: хварэць на грыб, балець грібам; аднесціся па адрасу, абраціцца па адрэсу і г.д. Аналагічная сітуацыя з перакладам падобных словазлучэнняў назіралася і ў мінулым навучальным годзе. Гэта дае магчымасць зрабіць выснову, што на вучэбных занятках недастаткова ўвагі надаецца падбору адпаведнікаў рускай мовы да адметных беларускіх словазлучэнняў і наадварот.

Пры вызначэнні тэмы і асноўнай думкі, стылю і тыпу тэксту (заданне № 4) большасць вучняў, як і ў мінулым годзе, зрабілі памылкі. Частка вучняў не толькі не адрознівае тэму ад асноўнай думкі тэксту, але наогул не валодае гэтай тэрміналогіяй. Напрыклад: «Думка: апісанне беларускай прыроды»; «Думка гэтага тэксту пра ўспаміны аб прасторах роднай Беларусі» і г.д. Недастаткова валодаюць васьмікласнікі і паняццямі стылю і тыпу маўлення: напрыклад, стыль тэксту складаны, стыль – літаратурны і г.д. У той жа час у параўнанні з мінулым годам вынікі абнадзейваюць: вучняў, якія не прыступілі да выканання задання па вызначэнні стылю і тыпу маўлення, менш.

Пры аналізе вынікаў выканання задання № 5, дзе патрэбна было скласці і запісаць тэкст-апавяданне пра надыход зімы ў вёсцы ці горадзе (I варыянт), тэкст-апісанне вёскі або горада (II варыянт), звяртае на сябе ўвагу змест работ. Большасць з іх прасякнута любоўю да родных мясцін, блізкіх людзей. Напрыклад:

Мне вельмі падабаецца вёска, дзе жывуць мае бабуля і дзядуля. Калі я прыязджаю туды, мне адчыняюцца прыгожыя далягляды, зялёныя лугі, празрыстае неба, сінявокая рачулка… Мае бабуля і дзядуля вельмі добрыя, ніколі не старэючыя, сонечныя і самыя-самыя любімыя людзі на ўсім свеце! (Кацярына К.);

Як добра ў вёсцы летам! Свежае паветра, сонейка, лес. Адпачывай ды гуляй. Але таксама яшчэ дапамагай бабулі з дзядулем змагацца з бур’янам і пустазеллем. Добра сядзець ля вясковага ручая, назіраць за чысцюткай вадой… Цішыня. І яна заварожвае! (Уладзіслаў Т.).

Аднак пры аналізе вынікаў выканання пятага задання нельга не адзначыць, што ў работах большасці вучняў зафіксаваны маўленчыя памылкі, якія сведчаць аб парушэннях патрабаванняў камунікатыўных якасцей маўлення. Напрыклад (стылістыка і арфаграфія захаваны):

1) ужыванне слова з неўласцівым яму значэннем: Людзі, дзеці ці дарослыя выбягаюць на вуліцу пагуляць у сняжынкі;

2) парушэнне лексічнай спалучальнасці: Я кахаю зіму за сняжынкі, якія падаюць на валасы і даюць красівы воблік;

3) выкарыстанне русізмаў: Цікавая зіма ў маім горадзе тым, што ўсе дзеці вельмі любяць ігры, катанні… Вельмі красіва бачыць дрэвы ў снезе, рэчкі ў лёдзе;

4) беднасць і аднастайнасць сінтаксічных канструкцый: Надышла зіма. Дні сталі карацей. Рака пачынае замярзаць. Каля ракі стаіць белая бяроза. Мароз стукаецца ў акно.

Сярод маўленчых памылак дастаткова распаўсюджанымі з’яўляюцца і тыя, якія сведчаць аб няведанні вучнямі лексічнага значэння беларускіх слоў, напрыклад: «у бібліятэцы шмат кніг, якія абараняюцца ў архівах», «зімой у горадзе холадна і павольна», «рачулка рыхтавала мяне ад спякоты», «нядаўна навокал Лядовага дварца пачаў працаваць басейн» і інш.

У некаторых работах вучняў сустракаецца скажэнне фактаў (зместавыя памылкі), што сведчыць аб недастатковым узроўні не толькі камунікатыўнай культуры, але і інтэлектуальнай. Напрыклад:



Мінск – гэта горад з вялікай гісторыяй. Тут знаходзіцца вельмі многа гістарычных месц: Мірскі замак, Нясвіжскі замак… У мінскіх лясах водзіцца мноства жывёл. У тым ліку і бальшыя жывёлы: зубры, алені.

Нельга не адзначыць, што веды аўтараў падобных радкоў за I чвэрць ацэнены настаўнікамі ў «8–9 балаў».

Негатыўнай асаблівасцю работ вучняў у гэтым навучальным годзе з’яўляюцца тэксты-схемы з 5–6 сказамі (па ўмове), тыпу:

Я жыву ў прыгожым горадзе. У горадзе шмат дамоў, машын, кінатэатраў, кафэ. Шмат кустоў, дрэў, травы. Вельмі свежае паветра. Мне падабаецца мой горад.

І ўсё ж, параўноўваючы вынікі выканання пятага задання ў гэтым навучальным годзе і мінулым, нельга не заўважыць станоўчую дынаміку ў імкненні вучняў авалодаць камунікатыўнымі ўменнямі і навыкамі па беларускай мове. Так, у мінулым годзе не прыступілі да выканання пятага задання 23% вучняў, у гэтым годзе колькасць такіх вучняў склала 11%. Аналіз вынікаў выканання пятага задання паказаў, што палова вучняў справілася з ім без парушэнняў граматычных, арфаграфічных і пунктуацыйных нормаў (у мінулым годзе такіх вучняў было менш – толькі чвэрць).

У 2013/2014 навучальным годзе вучні класа выканалі праверачную работу значна лепш, чым у мінулым годзе. На высокім і дастатковым узроўнях у гэтым годзе праверачную работу выканалі 55% вучняў – гэта на 35% вучняў больш, чым у 2012/2013 навучальным годзе. Такі вынік можа быць абумоўлены тым, што ў даследаванні прынялі ўдзел вучні з устаноў агульнай сярэдняй адукацыі відаў «гімназія» і «ліцэй»4.

Дзесяцікласнікі добра выканалі заданне № 1 на распазнаванне сінтаксічных адзінак – складаназалежных сказаў з пэўнымі даданымі часткамі.

Пры выкананні задання № 2, дзе патрэбна было ўставіць прапушчаныя літары, вучні добра справіліся з правапісам апострафа, галосных у корані слова, канчаткаў назоўнікаў 2-га скланення ў родным склоне, вялікай і малой літар. Больш за ўсё памылак вучні дапусцілі пры напісанні ў пасля слова, узятага ў двукоссе. Не ўсе вучні правільна ўставілі літары ў слова асяроддзе, дзе падвоенае вымаўленне дз перадаецца праз ддз; кожны пяты вучань не засвоіў правілы правапісу галосных е, ё, я (словы пярнатых, цеплыню). Не справіліся з правапісам лічэбніка семдзесят паводле новай рэдакцыі Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі 18% вучняў.

Аналіз вынікаў выканання задання № 3 – вызначыць від сувязі сказаў і моўныя сродкі гэтай сувязі – паказаў, што большасць вучняў засвоілі паняцце «віды сувязі сказаў». Аднак многія вучні (як і ў мінулым годзе) дапусцілі памылкі ў вызначэнні моўных сродкаў сувязі. Некаторыя вучні выявілі ў сваіх адказах поўную адсутнасць ведаў аб моўных сродках, выпісаўшы словы з тэксту, якія ніякага дачынення да сродкаў сувязі не маюць, хаця такі матэрыял вывучаўся напярэдадні правядзення даследавання. Назіраюцца выпадкі, калі прыведзенае заданне не змаглі выканаць вучні, якія за I чвэрць мелі


«8–9 балаў», а таксама тыя, хто займаўся на факультатыўных і стымулюючых занятках па беларускай мове.

Найбольш складанымі для выканання падаліся вучням заданні № 4, 5; кожнае з іх выканалі цалкам і без памылак толькі 2% вучняў. Да выканання пятага задання не прыступілі 13% дзесяцікласнікаў (для параўнання: у мінулым годзе – 37%).

Аналіз вынікаў выканання задання № 4 (скласці просты план тэксту і падабраць загаловак, які перадаваў бы асноўную думку тэксту) паказаў, што большасць вучняў недастаткова валодаюць неабходнымі навыкамі складання плана: выдзяленнем падтэм у тэксце, выкарыстаннем адпаведнай формы сказаў. Падчас аналізу работ вучняў былі выяўлены наступныя памылкі:

пункты плана не перадаюць асноўнай думкі падтэм;

адсутнічае лагічнасць у фармулёўцы думкі, недакладнасць у перадачы зместу тэксту, напрыклад (пункты планаў з розных работ): Кожнае возера – адметны каларыт. Чалавек сам не ведае, што робіць. У свеце больш за тысячу птушак і інш.;

маўленчыя недахопы (вытрымкі з розных планаў): Надзел жывёлам дзяржаўнага статуса. Трывожнае знікненне птушак. Неўсвядомлены шкод прыродзе. І зусім коратка: Асабліва трывожна.

Большасць вучняў не змаглі падабраць загаловак, які перадаваў бы асноўную думку тэксту. У многіх выпадках загаловак адлюстроўваў тэму тэксту, часта – адну з яго мікратэм, напрыклад: Чалавек – вораг прыроды. Шкода прыродзе. Браслаўшчына. Знікненне беларускага багацця і інш.

Пры выкананні задання № 5 вучням патрэбна было выказаць сваё меркаванне пра тое, што чалавек можа зрабіць для захавання багацця і прыгажосці прыроды (I варыянт), напісаць пра адзін з вядомых найпрыгажэйшых куткоў Беларусі (II варыянт). Тэматыка творчых работ звязана з тэматыкай тэкстаў, прапанаваных вучням для аналізу.

Трэба адзначыць, што толькі 6 вучняў атрымалі за выкананне гэтага задання максімальную колькасць балаў. Работы гэтых вучняў характарызуюцца выразнасцю, лагічнасцю і дакладнасцю, напісаны на добрай беларускай мове. Напрыклад:

Наша прырода – наш дом… А што зрабіць, каб наш дом быў цудоўны і нам было не сорамна ў ім жыць?

Па-першае, паважаць сваю Радзіму, яе прыроду з усімі лясамі і палямі. Калі ты паважаеш, то нічога дрэннага ніколі не зробіш.

Па-другое, трэба любіць усім сэрцам тую мясціну, дзе нарадзіўся, вырас і дзе жывеш. Любіць, як маці, як самога сябе.

І па-трэцяе, трэба помніць. Помніць тых, хто… падараваў нам магчымасць жыць у гэтым цудоўным доме (Ілона В.).

Аналізуючы змест работ вучняў, нельга не заўважыць дастаткова сталую жыццёвую пазіцыю многіх дзесяцікласнікаў, любоў да малой радзімы, юнацкі рамантызм.

У работах аб найпрыгажэйшых мясцінах адлюстравана амаль уся геаграфія Беларусі: ад Палесся да Нарачы, ад Белавежскай пушчы да возера Свіцязь з завяршальнымі радкамі ў канцы: «абавязкова наведайце!».

Прытулілася вёсачка ў лесе,

Каля кожнай хаты – садок.

Ганцаўшчына мая, Ганцаўшчына,

Мілы сэрцу мой родны куток.

(Уладзіслаў Б.);



У свае пятнаццаць год я даволі шмат ездзіў па свеце. Мяне захапляюць еўрапейскія гарады… Але я і года не пражыву без майго роднага Магілёва. У ім такое паветра, што няма мне без яго жыцця (Піліп С.).

Лейтматывам зместу амаль усіх работ дзесяцікласнікаў пра тое, што чалавек можа зрабіць для захавання багацця і прыгажосці прыроды, з’яўляецца наступная думка: кожны чалавек павінен разумець, што прырода – вялікае багацце, якое трэба берагчы.



Народ павінен зразумець, што прырода – не майстэрня і не рынак, дзе чалавек можа зрабіць і ўзяць усё патрэбнае. Прырода – храм. У храме, як мы ведаем, нельга выкарыстоўваць дурны тон паводзінаў (Дзмітрый Е.).

Прапановы аб мерах і спосабах аховы прыроды ў выказваннях вучняў самыя розныя: ад кідання смецця ў належнае месца да стварэння запаведнікаў. А таксама: «Менш высякаць лясы. Калі высек дрэва – пасадзі два!»; «Не мыць аўтамабілі ў прыгарадных вадаёмах»; «Стварыць нанатэхналагічныя машыны, якія не наносяць шкоду прыродзе»; «Арганізаваць сайты ў інтэрнэце або клубы, у якіх валанцёры будуць запрашаць усіх жадаючых дапамагчы прыродзе» і інш.

Разам з тым трэба адзначыць, што дзесяцікласнікі дапусцілі ў тэкстах наступныя маўленчыя памылкі:

няправільнае ўжыванне слоў, што сведчыць аб няведанні вучнямі лексічнага значэння некаторых беларускіх слоў: «Каб захаваць прыроду, трэба ведаць, што можна нанесці шкод. Пасля гэтага, гэты шкод можна знясці на мінімум» (за чвэрць вучань мае «8 балаў»); «…Люблю сядзець на лаўцы і ўспамінаць мінулае пад шум лісцяў, вальготна ісці па вуліцах горада і глядзець вакруг»; «Нельга пакідаць іх (жывёл) адных, патрэбна карміць іх, дапамагаць ім, берагчыся аб іх»; «Я разважаю, што найпрыгажэйшы куток Беларусі – Белавежская пушча» і інш.;

ужыванне рускіх слоў у беларускім фанетыка-граматычным афармленні і наадварот. Напрыклад: дзеясловы бярэч (берагчы), пасяціць (наведаць), запрэціць (забараніць) і інш.;

маўленчыя памылкі, абумоўленыя неасэнсаваным падыходам вучняў да складання сказаў, напрыклад: «Помнікі (Брэсцкай крэпасці), якія былі зроблены для таго, каб усё паказаць, як заўсёды было ў той час і таксама ад чаго яны нас выратавалі» і інш.

Акрамя таго, многія работы дзесяцікласнікаў вызначаюцца беднасцю слоўнікавага запасу, аднатыпнасцю сінтаксічных канструкцый.

Аналіз вынікаў выканання пятага задання паказаў, што 40% вучняў Х класа справіліся з ім без парушэнняў граматычных, арфаграфічных і пунктуацыйных нормаў; у мінулым годзе такіх вучняў было напалову менш.

З мэтай выяўлення магчымых фактараў, якія аказваюць уплыў на вынікі вучэбнай дзейнасці вучняў па беларускай мове, было праведзена анкетаванне вучняў VIII, X класаў і настаўнікаў беларускай мовы. У ходзе анкетавання вывучаліся асобныя аспекты арганізацыі вучэбных заняткаў па беларускай мове, прычыны цяжкасцей, з якімі сутыкаюцца вучні пры вывучэнні беларускай мовы.

Па выніках анкетавання 48% вучняў VIII класа і 52% вучняў X класа не маюць цяжкасцей пры вывучэнні беларускай мовы. Астатнія вучні звязваюць свае цяжкасці пры вывучэнні вучэбнага прадмета з прабеламі ў ведах па некаторых тэмах (10% васьмікласнікаў і 13% дзесяцікласнікаў); з вялікім аб’ёмам дамашніх заданняў (11% васьмікласнікаў); з шумам на вучэбных занятках (10% васьмікласнікаў і 8% дзесяцікласнікаў); адсутнасцю здольнасцей да вывучэння мовы (9% і 17% вучняў адпаведна).

На вучэбных занятках па беларускай мове:

практычна заўсёды слухаюць настаўніка 92% вучняў VIII класа і
86% вучняў X класа;

часам задаюць пытанні настаўніку, калі нечага не зразумелі,
62% васьмікласнікаў і 54% дзесяцікласнікаў (заўсёды задаюць пытанні 32% і 45% вучняў адпаведна);

60% васьмікласнікаў і дзесяцікласнікаў практычна заўсёды выконваюць прапанаваныя настаўнікам заданні, удзельнічаюць у абмеркаванні пытанняў, якія задае настаўнік.

Важнай умовай павышэння вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў па вучэбным прадмеце з’яўляецца самастойнае выкананне дамашніх заданняў. Па выніках анкетавання толькі палова апытаных вучняў VIII і X класаў заўсёды самастойна выконваюць дамашнія заданні па беларускай мове. У якасці адной з галоўных прычын несамастойнага выканання дамашніх заданняў па беларускай мове вучні назвалі іх складанасць.

Дадаткова займаюцца па беларускай мове з рэпетытарам 8% вучняў VIII класа і 13% вучняў X класа. Галоўнымі прычынамі звярнуцца да паслуг рэпетытара для васьмікласнікаў з’яўляецца жаданне ліквідаваць прабелы ў ведах, павысіць адзнаку па вучэбным прадмеце; для дзесяцікласнікаў – імкненне падрыхтавацца да цэнтралізаванага тэсціравання, павысіць адзнаку па вучэбным прадмеце, ліквідаваць прабелы ў ведах.

Цяжкасці, з якімі сутыкаюцца вучні пры вывучэнні беларускай мовы, настаўнікі тлумачаць:

недастатковай колькасцю гадзін на паўтарэнне, сістэматызацыю, абагульненне вучэбнага матэрыялу, замацаванне ведаў і ўменняў вучняў


(86% настаўнікаў);

недастаткова сфарміраванай чытацкай пісьменнасцю вучняў (57%);

адсутнасцю ўменняў аналізаваць сваю вучэбную дзейнасць, кантраляваць яе вынікі (28%);

адсутнасцю навыкаў самастойнай работы з вучэбным дапаможнікам, з іншымі крыніцамі інфармацыі па вучэбным прадмеце (25%).

Дарэчы, па выніках анкетавання вучняў самастойна вывучыць прапушчаны вучэбны матэрыял па вучэбных дапаможніках могуць толькі чвэрць васьмікласнікаў і дзесяцікласнікаў.

Настаўнікі беларускай мовы хацелі б павысіць узровень сваёй прафесійнай падрыхтоўкі па наступных пытаннях: работа з адоранымі вучнямі; фарміраванне ў вучняў матывацыі навучання; выкарыстанне сучасных тэхналогій навучання; работа з вучнямі, якім цяжка даецца вывучэнне вучэбнага прадмета; выкладанне беларускай мовы на павышаным узроўні; выкарыстанне кампанентаў вучэбна-метадычнага комплексу па вучэбным прадмеце, уключаючы электронныя сродкі навучання.

Для ўдасканалення выкладання вучэбнага прадмета «Беларуская мова» настаўнікам рэкамендуецца прааналiзаваць вышэйпададзеную інфармацыю аб выніках вывучэння ўзроўню навучанасці вучняў па вучэбным прадмеце; пры арганiзацыi працэсу навучання ўлiчваць выяўленыя падчас манiторынгу цяжкасцi вучняў i фактары, якія ўплываюць на вынікі iх вучэбнай дзейнасці. У прыватнасцi, з’яўляецца мэтазгодным:

1. Сістэматычна працаваць над замацаваннем ведаў і навыкаў вучняў паводле новай рэдакцыі Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі (2008 г.).

Для пашырэння лексічнага запасу вучняў, удасканалення іх маўленчых навыкаў актыўна выкарыстоўваць заданні, якія прадугледжваюць пераклад з рускай мовы на беларускую, выкарыстанне розных прыёмаў перакладу для дасягнення максімальнай адэкватнасці, карыстанне слоўнікамі і іншай даведачнай літаратурай.

Арганізоўваць працэс навучання беларускай мове такім чынам, каб на кожных вучэбных занятках ствараць сітуацыю выхаду на рэальную маўленчую практыку. Для гэтага актыўна выкарыстоўваць праблемныя пытанні і заданні, якія звязаны з асабістым вопытам вучняў і стымулююць іх творчае мысленне, самастойнасць выказванняў, уключэнне рэсурсных магчымасцей вучняў (інтарэсаў, захапленняў, жаданняў, патрэб) і станоўчых эмоцый (радасці, цікавасці, здзіўлення). Вучэбныя заняткі па беларускай мове пажадана наладжваць на аснове дыялога, які дазваляе выкарыстоўваць атрыманыя веды на практыцы. У выпадку, калі вучань будзе адчуваць сябе актыўным суразмоўцам, засваенне мовы будзе адбывацца не як запамінанне фанетычных, марфалагічных і сінтаксічных ведаў, а як актыўная адаптацыя да інфармацыйнага асяроддзя, падчас якой вучань атрымлівае магчымасць самарэалізавацца, выказацца і атрымаць новую інфармацыю.

Развіццё маўленчых навыкаў вучняў можа адбывацца як у працэсе работы з мастацкімі, публіцыстычнымі і іншымі тэкстамі, так і падчас стварэння вучнямі ўласных тэкстаў розных стыляў і жанраў. Рэкамендуецца больш актыўна выкарыстоўваць практыкаванні вучэбных дапаможнікаў па беларускай мове, накіраваныя на развіццё маўлення: аналізаваць тэксты розных тыпаў, стыляў і жанраў; ствараць уласныя тэксты па прыведзеным у дапаможніку пачатку, на аснове апорных словазлучэнняў, па прапанаваным сюжэце, малюнку, паводле прагледжанага кінафільма, тэлеперадачы, уласнага вопыту і г.д.

2. Забяспечыць удзел усіх вучняў класа ў актыўнай вучэбна-пазнавальнай дзейнасці праз выкарыстанне рознаўзроўневых заданняў, індывідуальных і групавых формаў работы; стварэнне вучэбных сітуацый, якія прадугледжваюць камунікатыўнае ўзаемадзеянне вучняў; арганізацыю рэфлексіі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў на ўроку.

3. Выкарыстоўваць пры падрыхтоўцы і правядзенні вучэбных заняткаў вучэбна-метадычную літаратуру, рэкамендаваную Міністэрствам адукацыі (методыкі выкладання беларускай мовы, метадычныя рэкамендацыі да вучэбных дапаможнікаў, зборнікі навучальнх дыктантаў і пераказаў для
V–XI класаў, зборнік тэстаў для VIII–XI класаў і інш.).

4. Ажыццяўляць аб’ектыўную дыягностыку вучэбных дасягненняў вучняў для выяўлення іх праблемнага поля пры вывучэнні вучэбнага прадмета, прабелаў у іх ведах і ўменнях; своечасовую карэкцыю ведаў і ўменняў вучняў.

Выкарыстоўваць падтрымліваючыя заняткі па вучэбным прадмеце для карэкцыі ведаў і ўменняў вучняў, у першую чаргу тых, хто засвойвае змест адукацыі на нізкім і здавальняючым узроўнях, прапусціў вучэбныя заняткі па розных прычынах.

5. Мэтанакіравана выкарыстоўваць магчымасці вучэбнага прадмета для фарміравання ў вучняў чытацкай пісьменнасці, умення самастойна вучыцца (самастойна працаваць з вучэбным дапаможнікам, дадатковымі крыніцамі інфармацыі па вучэбным прадмеце).

6. Пры вызначэнні тэмы для самаадукацыі кіравацца вынікамі самаацэнкі ўласных прафесійных праблем і складанасцей вучняў пры вывучэнні вучэбнага прадмета.

7. Больш актыўна выкарыстоўваць навукова-метадычныя часопісы «Беларуская мова і літаратура», «Роднае слова» для публікацыі метадычных напрацовак па вучэбным прадмеце, абмеркавання актуальных пытанняў методыкі выкладання вучэбнага прадмета, у першую чаргу тых, якія па выніках анкетавання выклікаюць найбольшую цікавасць у настаўнікаў.


Матэрыялы падрыхтаваны спецыялістамі

ўпраўлення маніторынгу якасці адукацыі

Нацыянальнага інстытута адукацыі

1 Да 2013 года класы для правядзення маніторынгу вызначала адміністрацыя ўстановы адукацыі.

2 Зборнік экзаменацыйных матэрыялаў па беларускай мове для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі.  Мінск: НІА; Аверсэв, 2011.

3 У 2012/2013 навучальным годзе ў даследаванні ўдзельнічалі вучні ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі віда «сярэдняя школа».

4 У 2012/2013 навучальным годзе ў даследаванні прымалі ўдзел вучні з устаноў агульнай сярэдняй адукацыі віда «сярэдняя школа».


Каталог: wp-content -> uploads -> 2014
2014 -> Н о в ы й з а в е т перевод на западнополесский говор
2014 -> І. І. Паўлоўскі беларускае красамоўства
2014 -> Каб стварыць новы артыкул, можна пайсці па чырвонай спасылцы
2014 -> Пастанова Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
2014 -> -
2014 -> Касацыйная скарга
2014 -> Хадайніцтва №1 Просім суд далучыць да справы: апошняе Рашэньне кпч аан «Палякоў супраць Беларусі»
2014 -> Информация о контактных телефонах (в рабочие и выходные дни) некоторых загранучреждений Республики Беларусь для оперативного решения вопросов


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка