Рэцэнзія на выданне “Жорсткі раманс: фальклорныя песні” (2010)




Дата канвертавання01.05.2016
Памер27.45 Kb.
Крукава Елізавета

студэнтка ІІІ курса ФКСКД

Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта

культуры і мастацтваў



Рэцэнзія на выданне

Жорсткі раманс: фальклорныя песні” (2010)


Неабходна адзначыць, што рэцэнзаванне з’яўляецца, важнай формай інтэлектуальнай актыўнасці, таму што менавіта рэцэнзіі дазваляюць зразумець, як у навуковай супольнасці і ў грамадстве наогул успрымаюцца і ацэньваюцца новыя канцэпцыі, адкрыцці і абагульненні асобнага аўтара. Гэта дазваляе весці навуковую дыскусію па актуальных пытаннях даследаванняў у той ці іншай галіне. Невыпадкова, вядучыя навуковыя часопісы ў нашай краіне традыцыйна маюць рубрыкі, прысвечаныя рэцэнзаванню.

У 2010 годзе ў выдаведстве “Кнігазбор” убачыла свет кніга “Жорсткі раманс: фальклорныя песні”. Укладальнік, аўтар уступнага артыкула – Алена Кукрэш. Як адзначаецца ў прадмове, акрамя яе над выданнем працаваў цэлы калектыў аўтараў, усе яны – супрацоўнікі кафедры этналогіі і фалькларыстыкі БДПУ: У. Васілевіч, А. Лозка, Н. Мазурына, В. Корсак. Запіс тэкстаў ажыццяўляўся падчас фальклорных экспедыцый студэнтаў педуніверсітэта. Названае выданне з’яўляецца працягам праекта “Фальклор Беларусі ХХ-ХХІ”, у якім раней ужо выходзілі працы па асобных жанрах фальклору.

Ва ўступным артыкуле А. Кукрэш у шырокім культурным кантэксце прыводзіць звесткі з гісторыі гэтага жанру, характарызуе яго станаўленне, росквіт. Укладальніца ўказвае асноўныя сюжэтныя матывы, вобразы жорсткага раманса. Вельмі добра чытачу даводзіцца тое, што ў савецкай фалькларыстыцы і пазней, у канцы ХХ ст., гэты песенны жанр незаслужана заставаўся недаследаванным, яго ігнаравалі, называючы шкодным, нізкапробным, нават блатным. Бясспрэчна тое, што жорсткі раманс – гэта кітч. Па словах А.М.Кукрэш: “Менавіта гэты жанр быў вельмі папулярны як у час свайго ўзнікнення, так і да сённяшняй пары. Гэтыя песні выконваюцца вельмі эмацыйна, кранаюць слухачоў сваёй адкрытай вострасюжэтнасцю і звычайна драматычнай афарбоўкай. У народзе такія рамансы называюць яшчэ “даўняшнімі”, “мілымі”, “любезнымі”, “слязлівымі”, “перажывацельнымі”, “страдацельнымі”, “сардэчнымі”, “душэўнымі”, што паказвае пяшчотнае станаўленне да іх выканаўцаў” (с.16).

Выданне ўключае вельмі значную колькасць тэкстаў – больш за 800. Першая частка змяшчае трагічныя песні: 1.1. Забойства, 1.2. Самагубства, 1.3. Інцэст, 1.4. Пакаранне, 1.5. Падман, 1.6. Адмова дзяцей ад бацькоў,1.7. Шлюб не па каханню, 1.8. Прадказанні цыганкі. Другая частка ўвабрала песні лірычныя: 2.1. Каханне “перажывацельнае”, 2.2. Павучэнні, 2.3. Чужая старонка, 2.4. Сірочыя, 2.5. Ваенныя. Найбольш папулярныя рамансы прыводзяцца з нотнымі запісамі.

Неабходна адзначыць грунтоўны тэксталагічны падыход укладальніцы А. Кукрэш і рэдакцыйнай калегіі. Хаця кніга “Жорсткі раманс: фальклорныя песні” вызначаецца як выданне навукова-папулярнае, некаторыя сённяшнія “навуковыя” выданні маглі б арыентавацца на яе, як на ўзор падачы фальклорных тэкстаў. Найперш трэба адзначыць, што ў кнізе ёсць указанні калі, дзе і ад каго запісаны канкрэтны твор. Вельмі дакладна структурыраваны рамансы паводле сюжэтаў. Прыводзяцца варыянты. Разварот старонкі ўтрымлівае апісанне рубрыкі. Выкарыстоўваюцца спецыяльныя зорачкі, якія абазначаюць паўтор апошняга радка або апошніх двух радкоў, прымяняецца курсіўнае вылучэнне першага радка, які, відавочна, служыць назвай песні. Здаецца літаральна ўсё зроблена для таго, каб хутка арыентавацца ў такім багацці тэкставага матэрыялу.

Кніга “Жорсткі раманс: фальклорныя песні” можа быць выкарыстана ў якасці вучэбнага дапаможніка для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў у сістэме Міністэрства культуры і мастацтваў. Жаласлівыя песні мінулага – гэта неабходная частка студэнцкіх і прафесійных спекталей, тэатральных пастановак, таму што яны могуць стварыць непаўторную атмасферу мінулага. Ды і проста як кніга “Жорсткі раманс: фальклорныя песні” чытаецца легка і з захапленннем. Вялікая колькасць сюжэтаў і галоўных герояў не даюць чытачу адарвацца або засумаваць.



“Жорсткі раманс: фальклорныя песні” – гэта масштабная, прафесійна зробленая праца, без якой беларуская песенная творчасць была б да канца не даследавана.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка