15 сакавіка ў межах цыкла публічных лекцый “UrbietOrbi”,якія ладзіць Лятучы ўніверсітэт, мае выступіць чэшска-брытанскі тэарэтык права, філосаф і аналітык, прафесар Кардыфскага ўніверсітэта Ўэльса і Карлава ўніверсітэта ў Празе, доктар Іржы Пржыбань. Лекцыя “Гісторыя і філасофія палітычнага дысэнсуса”грунтуецца на матэрыяле кнігі “Дысыдэнты права”, у якой аўтар аргументавана паказвае штучную прыроду права і яго асноўных палажэнняў. На думку Іржы Пржыбаня, ідэя пра разумна збудаванае і натуральна справядлівае права, як і ідэя грамадства, якое ёсць вынікам калектыўнай дамовы, - гэта толькі фікцыі, штучна створаныя разумовыя канструкцыі, паводле якіх мы ўпарадкоўваем сваё жыццё. Праз аналіз канстытуцыйных зменаў у перыяд трансфармацый краінаў савецкага блока, праз параўнанне прававых сыстэмаў ліберальных дэмакратыяў і таталітарных грамадстваў лектар прапануе разгледзець сутнасць паняткаў “легітымнасць” і “легальнасць права”, адрозненняў паміж імі. Пасля лекцыі адбудзецца прэзентацыя беларускага перакладу ўзгаданай кнігі Іржы Пржыбаня.
Лекцыя “Гісторыя і філасофія палітычнага дысэнсуса” адбудзецца 15 сакавіка па адрасе: пр-т Незалежнасці, 37а (Галерэя Ў). Пачатак а 17.00
Іржы Пржыбань (Jiří Přibáň) - прафесар права Кардыфскага ўніверсітэта, эксперт у галіне еўрапейскага права, канстытуцыйнай дэмакратыі і правасуддзя пераходнага перыяду. Скончыў Карлаў ўніверсітэт у 1989 і з 2001 працуе ў Кардыфе. Шматлікія гады прафесар Пржыбань працуе ў розных навучальных установах, сярод якіх: Еўрапейскі універсітэт у Фларэнцыі, пражскі офіс Універсітэта Нью-Ёрка, Каліфарнійскі ўніверсітэт у Берклі. Публікацыі Іржы Пржыбаня тычацца шырокага спектру тэм у галіне сацыялогіі права, філасофіі права, канстытуцыйнага будаўніцтва і тэорыі правоў чалавека. Ён з'яўляецца рэдактарам аднаго з самых паважаных часопісаў па сацыялогіі права "Часопіс" Грамадства і права "" (Journal of Law and Society).