Прымаўкі і прыказкі




Дата канвертавання01.05.2016
Памер71.96 Kb.
Прымаўкі і прыказкі

Прыказкі і прымаўкі – гэта мініяцюрныя народныя творы, якія змяшчаюць глыбокі сэнс, заключаны ў надзвычай лаканічную і лёгка запамінальную форму, у тым ліку дзякуючы рыфме. Яны адлюстроўваюць жыццёвую псіхалогію народа, яго рэакцыю на розныя жыццёвыя сітуацыі і назапашаны досвед. Важна, што яны як бы не маюць адзінага адрасата і ў роўнай ступені могуць адносіцца да кожнага.

Паходжанне прыказак і прымавак пакуль не вельмі добра даследавана. Вядома, што гэта адзін з самых старажытных народных жанраў, гісторыя якога налічвае нават не стагоддзі, а тысячагоддзі. Існуюць прыказкі і прымаўкі, агульныя для ўсіх славянаў (Іван Лепешаў у якасці прыклада прыводзіць такую прыказку: Стары вол баразны не псуе; укр. Стары віл баразны не псуе; пол. Stary wól brzozny nie psuje; рус. Старый конь борозды не портит) ці толькі для ўсходнеславянскіх моваў (Кошцы гулі, а мышцы слёзы; укр. Кішці смішкі, а мішці слёзкі, рус. Кошке игрушки, а мышке слёзки; Зняўшы галаву, па валасах не плачуць; укр.Стявши голову, по волоссям не плачуть; рус. Снявши голову, по волосам не плачут). Ёсць вялікая колькасць уласнабеларускіх прыказак і прымавак, што ўзніклі на падставе жыццёвых назіранняў, гістарычных сітуацый, асаблівасцяў нацыянальнага характару (Рабі пільна, і будзе табе Вільня; Панадзіўся журавель у зялёны канапель; Не адзін Гаўрыла, што ў Полацку). У мове вылучаецца таксама вялікая колькасць прыказак і прымавак, што уяўляюць сабой калькі іншамоўных выразаў – копіі, створаныя па мадэлі чужой мовы, але з роднага матэрыялу. Да іх можна аднесці біблейскія і класічныя (старажытнагрэчаскія ці лацінскія) прыказкі і прымаўкі (Не хлебам адзіным жыў чалавек; Добрымі намерамі выкладзена дарога ў пекла; Чалавек чалавеку воўк (Homo homini lupus est); Рука руку мые (Manus manum lavat). Дарэчы, такія прыказкі і прымаўкі часта маюць шматлікія паралелі ў беларускай мове. Напрыклад, лацінская прыказка Arbor mala, mala mala перакладаецца на беларускую як Благая яблыня – благія яблыкі і мае наступныя паралелі ў нашай мове: Якое дрэва, такі і клін, які бацька, такі сын; Якое карэнне, такое і насенне; Ад злой маткі злыя дзеткі; Ад дрэннага гругана дрэнныя і яйкі; Ад дурнога куста і дубец крывы, і ягада пуста; Лысая карова лысае цяля прывядзе. Фіксуюцца таксама і запазычанні з іншых моваў: Цярпі, казак, атаманам будзеш (укр.), Рукапісы не гараць (рус.), Каб не дзірка ў роце, хадзіў бы ў злоце (пол.)

Прыказка – устойлівы народны выраз з павучальнай высновай. Уяўляе сабой закончаны сказ і звычайна складаецца з дзвюх частак. Першая ўтрымлівае паведамленне пра нейкую з’яву, асобу, падзею, а другая – выснову-меркаванне адносна гэтага паведамлення: Жонка не рукаво – не адпораш; Рыба ў рацэ, а не ў роце.

Прымаўка – устойлівы народны выраз, які не мае павучальнай высновы. Прымаўка мае незавершаную структуру і звычайна складаецца з адной часткі, але павучальная частка падразумяваецца: Рыба вады не баіцца; Часам і кляча далёка заскача.

Аднак некаторыя вучоныя лічаць такі падзел штучным і адносным і ўжываюць тэрміны прыказка і прымаўка як дублеты.

Прыказакі і прымаўкі сэнсава часта маюць два планы: літаральны і пераносны: Дзе дровы сякуць, там трэскі лятуць (у пераносным сэнсе – пра нейкія страты, рэпрэсіі); Пад ляжачы камень вада не цячэ (у пераносным сэнсе - калі нічога не рабіць, то справа не зрушыцца з месца - кажуць, калі хто-небудзь бяздзейнічае, не клапоціцца пра якую-небудзь справу); Бяздонную бочку не напоўніш (Ніяк немагчыма накарміць, напаіць, здаволіць патрэбы чалавека). Прыказкі і прымаўкі таксама могуць ужывацца толькі ў прамым сэнсе (Век жыві, век вучыся; Там добра, дзе нас няма) ці толькі ў пераносным (Пасадзі свінню за стол, яна і ногі на стол).

Прыказкі і прымаўкі часта маюць варыянты, абумоўленыя перадусім іх тэрытарыяльнай распаўсюджанасцю: Крукам носа не дастаць = Шастом носа не дастаць = Колам галавы не дастаць; Баба з возу – каню лягчэй = Баба з калёс – калёсам лягчэй = Баба з калёс – калёсы як чорт панёс = Баба з калёс – каню свята.



Заданні

Завяршыце прыказку/прымаўку ў рыфму:

Балі ды гулі …ў лапці абулі.

У калгасе добра жыць: … адзін косіць (робіць), сем ляжыць (а як сонца прыпячэ, дык і гэты ўцячэ). 

Грошык такі: …у ім два бакі.

Добрае слаўцо лепш за …піўцо.

Добрая слава ў кошыку ляжыць, а благая …па дарожцы бяжыць.

Не ўсе сабакі кусаюць, …што лаюць.

Скажы адной курыцы, а яна - …усёй вуліцы.

Якое карэнне, …такое і насенне.

Іншых не судзі – …на сябе паглядзі.

Як кажуць не, дык …хочацца ўдвайне.

Без мукі …няма навукі.

Пазнаюць нашу дачку і …ў андарачку.

Моцны статак чарадою, а …людзі грамадою.

Прыйшло махам, …пайшло прахам.

Падбярыце беларускія эквіваленты да рускіх прыказак і прымавак:

Без труда не вытащишь и рыбку из пруда. — Каб рыбу есці, трэба ў ваду лезці. = Трэба нахіліцца, каб з ручая напіцца. = Каб вады напіцца, трэба ёй пакланіцца. = Вады не засіліш не паварушыўшыся, рыбы не зловіш не памачыўшыся. = Па дарозе ідучы, грыбоў не набярэш.

Велика Федора, да дура. — Вырас пад неба, а дурань як трэба. = Байбусам вырас, ды розуму не вынес. = Да званіцы падняўся, а без розуму застаўся. = Рост чалавечы, а розум авечы.

Два сапога пара. – Абое рабое. = Аднаго поля ягады. = На адным сонцы сушыліся. = Адзін чорт маляваў.

В огороде бузина, а в Киеве дядька. — Гэты пра воз, а той пра коз. = Хто пра хату, а хто пра лапату. = Я яму пра абразы, а ён мне пра гарбузы.

Дурака пошлешь, а за ним и сам пойдешь. — Пашлі дурнога, а за ім другога. = Паслаўшы дурнога, за ім пашлі другога. = Пашлі асла, а за ім пасла. = Пайшоў Апанас па квас, дык ні Апанаса, ні кваса. = Пашлі Ціта па сіта - няма сіта, няма Ціта. = Паслалі сабаку па табаку - ані табакі, ані сабакі.

Жизнь прожить - не поле перейти. — Век звекаваць - не пальцам паківаць. = Век зжыць - не мех сшыць. = Жыццё пражыць - не песенку спець. = Жытку пражыць - не люльку выкурыць.

За двумя зайцами погонишься - ни одного не поймаешь. — Хто зашмат жадае, той нічога не мае. = За сем работ бярэцца, а ні адна не ўдаецца. = Хто два зайцы гоніць, ніводнага не здагоніць. = Разам дзвюх сарок за хвост не ўтрымаеш.

Из грязи да в князи. — Як з пана пан, то аддасць валы, а як з мужыка пан, то здзярэ пасталы. = Як з мужыка зробіцца пан, то колам галавы не дастаць. = Не дай Бог з гною пірог, а з мужыка пан. = Не дай Бог свінні рог, а мужыку панства. = Сто коп не грошы, мужык не пан.

Какова пава, такова ей и слава. — Які Рыгорка, такая пра яго й гаворка. = Якая дзеўка, такая ёй і прыпеўка.

Молодец против овец, а против молодца и сам овца. — Зух супраць мух, а супраць зуха і сам муха. = Зух з калом да мух.= Герой з калом да жабы. = Герой бабы старой.

Не плюй в колодец - пригодится воды напиться. — Не плюй у крыніцу: прыйдзеш па вадзіцу. = Не плюй у вадзіцу, давядзецца ж напіцца. = Не плюй у карытца - мо, здарыцца (трапіцца) напіцца. = Прыйдзе каза да ваза (коза да воза).

У сваім ЖЖ блогерка пад нікам Veragodna прапанавала “Нармальна-навуковы фразеалагічны слоўнік”, дзе дала гумарыстычныя навуковыя аналагі агульнавядомых прыказак і прымавак, напрыклад: Зняўшы галаву, па валасах не плачуць. -
Немэтазгоднасць дэпрэсіўных рэакцый на страту керацінавых лускавінак як вытворнай эпідэрміса пры фантомных болях; Што кажух – то не вата, што чай – то не гарбата. - Прымяненне антынамічных асертарычных меркаванняў для ідэнтыфікацыі прадметаў адзення і трункаў; Паміраць сабраўся, а жыта сей. -
Аксіялагічная значнасць амбівалентнага характару інтэнцый у памежным (тэрмінальным) стане; Не дай Бог свінні рог, а хаму – панства. - Негатыўныя наступствы заалагічных і сацыякультурных мадыфікацый у кантэксце багаслоўскага дыскурсу.
Адгадайце, якія прыказкі/прымаўкі зашыфравала Veragodna:

Неадэкватнае ўспрыняцце хатняй скаціны ў стане змененай свядомасці пад уплывам уздзеяння этылавага спірту на чалавечы арганізм. - П’янаму і козы ў золаце.

Інфернальная сутнасць сустрэчы парытэтных бакоў, абмежаваная локусам з негатыўнай семантыкай. - Пад чорным лесам спаткаўся чорт з бесам.



Дуалістычнае ўспрыманне фларальнымі нябожчыкамі вынікаў лакальнай экзатэрмічнай рэакцыі.-  Адзін пень гарэў, другі спіну грэў.

Лятальны зыход як вынік непрафесійна абранай метадалогіі пры касметычнай аперацыі буйной рагатай жывёлы. - Выпрамлялі быку рогі, ды скруцілі шыю.

Ілюзія генных мутацый інсектаў атраду перапончатакрылых і вадаплаўных птушак пад уздзеяннем патрыятычных пачуццяў. - На Беларусі пчолы як гусі.

Эскалацыя зыходзячых ад хатняй жывёлы акустычных эфектаў з дапамогай перасоўвання паветраных мас. - Сабака брэша – вецер носіць.



Сексісцкае пазбаўленне ад лішняга баласту як умова павышэння эфектыўнасці руху гужавога транспарту. – Баба з возу - каню лягчэй.

Пазітыўная перспектыва для архітэктурнага элементу інтэр’ера-экстэр’ера, абумоўленая салярным культам. - Загляне сонца і ў наша ваконца.

Перманентнасць слыхавых галюцынацый, дэтэрмінаваных парушэннем крымінальнага кодэксу ў галіне бязвыплатнага адабрання чужой маёмасці. - Хто парася ўкраў, таму ў вушах пішчыць.

Параўнальна-тыпалагічны аналіз аб’ектаў з парушанай пігментацыяй. – Абое рабое.

Замена антрапаморфнай хтанічнай істоты асобай з выразна акрэсленай гендэрнай роляй для аптымізацыі магічнай дзейнасці. - Дзе чорт не зможа, там бабу пашле.

Ва ўроку выкарыстаны матэрыялы “Шасцімоўнага слоўнка прыказак, прымавак і крылатых слоў” (Мінск, 1993); “Малога руска-беларускага слоўніка прыказак, прымавак і фразем” (укл. Зміцер Санько, Менск, 1991); “Беларускіх народных прыказак і прымавак” (укл. Ф.Янкўскі, Мінск, 1957), ЖЖ Veragodna.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка