Прэс-рэліз 13 мая ў 15. 00




Дата канвертавання17.03.2016
Памер22.62 Kb.


ПРЭС-РЭЛІЗ




13 мая ў 15.00у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Я. Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, першы паверх, п. 110) адбудзецца прэзентацыя першага навукова каментаванага Збору твораў Івана Шамякіна ў 23 тамах,прысвечаная70-годдзю з Дня перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Выданне, якое выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”, падрыхтавана ў філіяле “Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы” Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі пры плённым супрацоўніцтве з двума навуковымі калектывамі, створанымі на базе кафедры беларускай літаратуры і культуры БДУ і некалькіх кафедр МДУ імя А.А. Куляшова.

Іван Шамякін (1921––2004) ––народны пісьменнік Беларусі, грамадскі дзеяч, лаўрэат Сталінскай і Дзяржаўных прэмій БССР, акадэмік НАН Беларусі –– шырока вядомы на радзіме і за яе межамі, яго творы перакладзены на многія іншыя мовы свету. Іван Пятровіч –– удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, прызваны ў армію ў 1940 г, ваяваў у складзе зенітна-артылерыйскай часці пад Мурманскам, з’яўляўся камандзірам гарматы. Першы раман “Глыбокая плынь”, прысвечаны падзеям вайны, прынёс аўтару шырокую папулярнасць.

І. Шамякін –– аўтар 13 раманаў, 26 аповесцей, 84 апавяданняў, шматлікіх артыкулаў, дзённікавых запісаў і лістоў. Яго творы карысталіся і карыстаюцца шырокай папулярнасцю, уключаны ў праграму базавай школы і ВНУ, паводле іх напісаны кінасцэнарыі і зняты фільмы, пастаўлены спектаклі.

Падчас мерапрыемства адбудзецца адкрыццё кніжнай выставы “Я – не фантаст, я – пісьменнік-рэаліст”, прысвечанай творчасці выдатнага беларускага пісьменніка. На выставе таксама будзе магчымасць пазнаёміцца з перакладамі твораў І. Шамякіна на іншыя мовы і публіцыстычнымі артыкуламі пісьменніка. Пры жыцці пісьменніка Зборы твораў выходзілі тройчы: у 5 тт. (1965––1966), у 6 тт. (1977––1979) і ў 8 тт. (2003––2007).

Збор твораў у 23 тт. (2010––2014) –– гэта першае навукова каментаванае выданнеспадчыны І. Шамякіна. У параўнанні з папярэднімі Збор твораў папоўнены новымі творамі, якія альбо зусім не друкаваліся ці былі змешчаныя толькі на старонках перыядычных выданняў, зборнікаў (практычна амаль усе творы апошніх гадоў, п’есы, дзённікі, успаміны пра сучаснікаў Шамякіна: пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў, рэжысёраў), а таксама яго эпісталярнай спадчынай. Кожны том змяшчае дакладныя, навукова вывераныя тэксты, розныя тыпы каментарыяў (гісторыка-літаратурны, тэксталагічны, рэальны), якія ўключаюць звесткі пра асноўныя крыніцы тэксту, усе вядомыя на момант падрыхтоўкі рукапісныя і друкаваныя крыніцы твораў, месца першай публікацыі і датаванне твораў, апісанне аўтографаў і аўтарызаваных машынапісаў, тлумачэнне гісторыка-літаратурных падзей, асобаў, цытат з твораў іншых пісьменнікаў і г. д. Завяршаюць кожны том пасляслоўі, напісаныя вядучымі спецыялістамі па гісторыі беларускай літаратуры XX ст. У 23 т. уваходзіць “Летапіс жыцця і творчасці”, упершыню складзены вядомым навукоўцам М. І. Мушынскім.

Збор твораў у 23 тт. выдадзены ў найбольш поўным на сённяшні дзень аб’ёме з улікам дасягненняў сучаснай навукі і эдыцыйнай практыкі апошніх гадоў. У прэзентацыі прымуць удзел навукоўцы, пісьменнікі, культурныя і грамадскія дзеячы.



Кантакты: Гаранін Сяргей Лявонцьевіч 8017 2841531, Васілевіч Алена Аляксандраўна 8017 2841609; 8029 1790107; aliena_m@bk.ru


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка