Праз адукацыю – да грамадзянскай супольнасці




старонка1/5
Дата канвертавання01.05.2016
Памер0.65 Mb.
  1   2   3   4   5

Праз адукацыю – да грамадзянскай супольнасці



Брашура 3


Палітычная сцэна Беларусі: гарадзенскія грамадскія рухі і супольнасці


Пад рэдакцыяй
Пшэмыслава Фенрыха, Уладзіміра Хільмановіча

Шчэцін 2002





Project cofinanced by European Commission

Праект вокладкі: Яраслаў Далецкі

Карэктар і стыль-рэдактар: Юры Пацюпа

© Copyright by Centrum Szkoleniowe Fundacji Rozwoju Demokracji Lokalnej w Szczecinie

© Фонд імя Льва Сапегі, Гарадзенскае абласное аддзяленне

Выдаўцы: Centrum Szkoleniowe Fundacji Rozwoju Demokracji Lokalnej

71-332 Szczecin ul. Marii Curie-Skłodowskiej 4

tel. (48-91) 487-59-83, 486-15-69, 486-26-74

fax (48-91) 487-85-22

e-mail: sczfrdl@wsap.szczecin.pl


Грамадскае аб`яднанне “Фонд імя Льва Сапегі”

Гарадзенскае аддзяленне

тэл.-факс (0152) 76-44-95

e-mail: khilmanovich@tut.by


ISBN: 83-88044-26-5




Прадмова

Пшэмыслаў Фенрых: Палякі ўважаюць яго за паляка, літоўцы за літоўца, беларусы за беларуса. Найпрыгажэйшыя ваколіцы беларускага Наваградку апяваў цудоўнай польскай мовай, усклікаючы Litwo, Ojczyzno moja... Грамадзянін Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага. А каб усё дакладна зберці – дадамо, што бабулю меў найверагодней габрэйку, нарадзіўся падданым расейскага цара. Адам Міцкевіч. Разважалася пра яго, чытаючы цікавы нарыс Валерыя Задалі пра нацыянальныя супольнасці, што складаюць сённяшнюю Беларусь. Як пісаць пра нацыянальнасці, калі тая самая асоба мае сярод продкаў беларусаў, літоўцаў, рускіх, габрэяў, татараў і можа каго яшчэ? Як пісаць, калі тая самая асоба пра сябе кажа, што ёсць палякам і адначасна сцвярджае, што яго роднай мовай ёсць беларуская, а ў пашпарце быў запісаны рускім? Як пісаць помнячы, што статыстыка ў камуністычнай сістэме заўсёды служыла маніпуляцыям, заўсёды была адным з інструмантаў падману грамадства? Але таксама як не пісаць, калі нацыянальная прыналежнасць ёсць для людзей гэтакай важнай, што яны ў абароне яе гатовыя нават праліваць кроў! Як не пісаць, калі абарона самабытнасці кожнага народу ёсць абаронай супольнага багацця! Хацелася, каб важны (хоць месцамі контраверсійны) тэкст Валерыя Задалі стаўся пачаткам сур’ёзнай дыскусіі, каб у той дыскусіі бралі ўдзел прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў.

У часы камунізму сапраўдныя недзяржаўныя арганізацыі існаваць не маглі – усялякі намер іх стварэння мог скончыцца моцнымі рэпрэсіямі. Усё мусіла падлягаць дзяржаўнай і партыйнай уладзе. Супольнасць грамадзянская і дэмакратычная, наадварот, грунтуецца на незалежнасці таварыстваў, фондаў, грамадаў і звязаў, якія дзеюць самастойна і маюць уласную адказнасць у межах агульнага права. Цудоўна было даведацца, што ў Польшчы пасля 1989 году ў рэчышчы новага права ўлада не мае права рэгуляваць дзеянні арганізацыі, якая хоча быць самастойнай. Суды (не адміністрацыя!) спраўджваюць, што статут адпавядае фармальнаму праву, пасля чаго – мусяць зарэгістраваць. А некалі маглі адмовіць на падставе “не, бо не”! З гэтага моманту недзяржаўныя арганізацыі пачалі імкліва развівацца як школа дэмакратыі, ямчэй за дзяржаўныя арганізацыі ўжыццяўляючы грамадскія заданні, захоўваючы (найчасцей) апалітычнасць. Чытаючы тэкст Віктара Сазонава і Ўладзіміра Хільмановіча варта задаць сабе два пытанні: ці дастаткова шырока развіваецца “трэці сектар” на Гарадзеншчыне? Што можна зрабіць, каб яго ўзмацніць?

Нарэшце палітыка – чаму з тым тэкстам Уладзіміра Хільмановіча звяртаемся да настаўніка? Хіба школа не павінна быць апалітычнай, не павінна адмяжоўвацца ад палітычных і партыйных спрэчак? Павінна, пастанавілі, што павінна. Але апалітычная не можа азначаць “сляпая”, “незаангажаваная”, не можа азначаць “неразумная”. Школа мусіць развівацца так, каб дапамагаць яму разумець свет, у тым ліку – палітычны, мусіць памагаць даваць яму маральную ацэну. Апалітычнасць азначае, што школа не можа выхаванца даводзіць да палітычнага выбару. Як стане дарослым – змяркуе сам. Трэба толькі навучыць самастойнага мыслення. Мысленне – не следаванне за эмоцыямі, не патуранне прапагандзе.

Супольнае жыццё народаў, тварэнне грамадзянскай супольнасці, выхаванне для разумнага грамадскага служэння – ці можна пра ўсё гэта весці гутарку без настаўніка?


Уладзімір Хільмановіч: Шаноўны чытач мае мажлівасць пазнаёміцца з чарговай брашурай серыі “Праз адукацыю – да грамадзянскай супольнасці”. У канцы 2001 году выйшла першая кніжачка “Беларускія свядомасць, мова, гісторыя: на зломе стэрэатыпаў”. На пачатку 2002-га пабачыла свет брашура “Дэмакратыя ў Беларусі: традыцыі і практыка”. Тут мы звяртаемся да грамадска-палітычнай сцэны Беларусі ў найноўшай гісторыі. Першы матэрыял брашуры адсочвае агульна беларускія працэсы развіцця падзеяў, другі аналізуе стан грамадскіх спраў на Гарадзеншчыне. Галоўная тэза: на пачатку 90-ых Беларусь зведала перыяд “адлігі” – няхай сабе складанага, але эвалюцыйна-паступальнага развіцця, фармавання прыкметаў і інстытутаў сапраўднай дзяржаўнасці. Натуральная хада падзеяў перапынілася ў 1994-ым годзе. Прапануем сваю крытычную версію на далейшы стан рэчаў.

За ўсю нашую гісторыю дэмакратыя зведвала нямала і перамог і паразаў. Многае з таго, што адбывалася ў вялікай гісторыі Беларусі, за апошнія дзесяцігоддзі мы назіралі ў малой гісторыі. Веліч і ганьба, вернасць і здрада дагэтуль не спыняюць напружанага змагання на беларускай палітычнай авансцэне. Тое, што ўчора было сучаснасцю, сёння пераўтвараецца ў мінуўшчыну і шпарка становіцца паданнем, ці, проста, адыходзіць у нябыт. Для маладога пакалення ўсё тое, што чынілі іх бацькі, старэйшыя браты – такая самая гісторыя, як і падзеі даўнейшых стагоддзяў.

Але, з іншага боку, праблемы ўчорашняга дня яшчэ не адбалелі. Зразумець іх – гэта значыць зразумець тое, што адбываецца з нашым грамадствам сёння. Чаму героі ўчорашніх дзён сёння становяцца разгубленымі няўдачнікамі, карыслівымі прагматыкамі, ці звычайнымі здраднікамі? Чаму, ступіўшы наперад, мы паспешліва адступаем назад? Адказаць на гэтыя пытанні можна толькі цвяроза глянуўшы праўдзе ў вочы, назваўшы рэчы сваімі імёнамі.

Многія з палітычнай эліты Беларусі часцяком наракаюць на нікчэмнасць нашага народу, дазваляючы сабе фанабэрыю і грэблівасць. Між тым, беларуская інтэлігенцыя сёння сама не спраўджвае сваёй высакароднай місіі і паклікання. Ёй даўно пара выбаўляцца ад пагардлівасці, карыслівасці, браць і годна несці крыж асветніцтва і адукацыі. Роля настаўніка ў гэтым працэсе ці не першаступенная. Асоба настаўніка сёння ўсяляк прыніжаецца дзяржавай, ён аточаны дырэктывамі і антыгуманітарнымі праграмамі, выйсці за межы якіх надзвычай складана. Але нават і ў змрачнейшыя савецкія часы сярод школьных выхаваннікаў заўсёды знаходзіліся людзі з самастойным мысленнем, творчым падыходам да справы, зычлівасцю да вучняў-вольналюбцаў.

Матэрыял Валерыя Задалі, вядомага журналіста і палітолага, колішняга дэпутата Гарадзенскага абласнога савету, аналізуе дэмаграфічныя працэсы ў рэгіёне, стан справаў у нацыянальных і канфесійных асяродках. Гарадзеншчына знаходзіцца на сумежжы дзяржаваў і народаў. Толькі ў суквецці іх традыцыяў і культураў мажлівае духоўнае ды эканамічнае развіццё.

Кожны рэгіён Беларусі – гэта жывая клетка грамадскага арганізму краіны, якая нясе ў сабе ўсе яго дадатныя і адмоўныя асаблівасці. Гарадзеншчына ў гэтым сэнсе асабліва цікавая, бо помніць не толькі савецкую гісторыю, бо многае агульна беларускае тут прачытваецца выразней, рэльефнай. Будзем усцешаныя, калі брашуры серыі “Праз адукацыю да грамадзянскай супольнасці” стануцца прыдатнымі для выкарыстання настаўнікамі.





Уладзімір Хільмановіч



Грамадска-палiтычная сцэна Беларусi (1988-2002 гады)

Палітыка так ці інакш датычыць усіх праяваў жыцця. У самым шырокім сэнсе – гэта сістэма дачыненняў паміж людзьмі. Яшчэ Арыстотэль казаў, што “Чалавек паводле прыроды сваёй – істота палітычная”. Палітыка – найважнейшая сфера дзейнасці грамадства, дзяржавы і кожнага грамадзяніна. Гэта дзейнасць дзяржаўнай улады і дзяржаўнага кіравання, якая выяўляе маральную і сацыяльна-эканамічную прыроду дадзенага грамадства. Асабліва ўзрастае роля палітыкі ў зломныя гістарычныя перыяды, калі радыкальнаму пераўтварэнню падлягаюць самыя асновы жыццёвага ладу людзей, іх ідэалы, светаглядныя і каштоўнасныя арыентацыі.



Час палітычнага рамантызму

Пачаткам сучаснага беларускага Адраджэння лiчыцца 1988 год, калі адзiн за адным утварылiся Камiтэт 58, Мартыралёг Беларусi, Беларускi Народны фронт… У прэсе з’явiлiся новыя погляды на нашую гiсторыю, далёкую і блiзкую, з’явiлiся і новыя выданнi – спачатку лiсткi-аркушыкi з машынапicным друкам, пазней газеты і бюлетэнi з вышэйшай якасцю друку. Гэта перадусім быў перыяд асветнiцтва, перыяд iнфармацыйнага ўрагану ашаламляльнай навiны. Яго можна схарактарызаваць як час палiтычнага рамантызму.


Ужо ў 80-х улады свядома фармавалi вобраз усiх нязгодных з iснай палiтыкай як “апазіцыю”, мяркуючы, што аднаго гэтага будзе досыць для непрыняцця iх грамадствам. Але час быў такi, што разам з пагаршэннем жыцця ў народзе нарастаў шырокi антыкамунiстычны пратэст i амаль кожнае дзеянне, скiраванае супраць уладаў, успрымалася з знакам плюс.

У 1988 г. у газеце “ЛIМ” надрукавалі артыкул Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты: дарога смерцi”. Услед публiкацыi разгарнулася агульнанацыянальная палiтычная дыскусія. Потым адбылiся першыя масавыя акцыi і разгон уладамi мiтынгу-рэквiему “Дзяды” ў Менску. Усё гэта дало падставу для стварэння першай апазіцыйнай партыi, Беларускага Народнага Фронту. Менавiта з гэтай, нацыянальна-хрысцiянскай паводле духу i адкрыта антыкамунiстычнай арганiзацыяй звязвалi свае спадзевы на пабудову iншага грамадства ў Беларусi многiя яе грамадзяне. Практычна за БНФ у той час выступалi ўсе, хто быў супраць камунiстычнага рэжыму. Iншай апазіцыйнай сiлы на той час папросту не iснавала. Апафеозам таго перыяду сталi арганiзаваныя БНФ шэсце і мiтынг “Чарнобыльскi шлях” у 1989 годзе, стотысячавы мiтынг у Менску ў лютым 1990 году Гэты час характарызаваўся адзiнствам апазіцыi, якая ядналася ў змаганні з таталiтарным рэжымам маскоўскага цэнтру і панаваннем камунiстычнай iдэалогii. З iншага боку, гэта быў перыяд рамантызму ў палiтыцы, калi здавалася, што ўсе праблемы могуць быць развязаныя з дапамогай простых дэмакратычных выбараў. У дэмакратычным крыле беларускiх палiтыкаў амаль не было прафесіяналаў, людзей, якiя змагалiся за ўладу для сябе. Пераважалi жаданне разбурыць дрэннае і ўпэўненасць, што народ абярэ ў дэпутаты сумленных людзей, якiя збудуюць адпаведнае грамадства. Пасля перамогi многiя дэмакратычныя палiтыкi збiралiся вярнуцца на свае ранейшыя мейсцы працы, займацца ўлюбёнай справай.

Першы ўстаноўчы з’езд Беларускага Народнага Фронту, якi адбыўся ў чэрвенi 1989 году ў Вiльнi, засведчыў, што беларуская антыкамунiстычная апазіцыя ўжо мае свае арганiзацыйныя структуры. Але нават тады было зразумела, што iдэалогiя “змагання” для талерантнага беларуса не зусім прымальная. У 80-я гады ў Беларусi, у адрозненне ад Прыбалтыкі, не iснавала сіндрому акупацыi, усходняга захопнiка-акупанта, iмкнення вызвалiцца. Вельмi важна, што ў той час БНФ дакляраваў, што ён вымагае ад палiтыкi i палiтыкаў сумленнасцi, непадкупнасцi і маральнай чысцiнi, а для дасягненьня сваiх мэтаў “выбiрае вылучна негвалтоўныя, гуманныя метады палiтычнай дзейнасцi”. Многія грамадзяне ніколі не задумваюцца пра тое, што палітыка сама праз сябе не ёсць бруднаю справай. Такой яе робяць асобныя канкрэтныя людзі. Слушней будзе сказаць, што вакол палітыкі заўсёды шмат бруду.

Нацыянальна-дэмакратычныя заваёвы

З 1990 году пачынаецца новы этап – этап выбараў у Вярхоўны Савет БССР. Зазначым, што першая спроба сапраўдных выбараў была раней, у 1989 годзе. Тады ў Вярхоўны Савет СССР народным дэпутатам быў абраны Станіслаў Шушкевіч, якога падтрымаў Народны фронт. Але гэта была сапраўды толькi спроба, бо на той час стаяла заданне не гэтак перамагчы, як не прапусцiць у дэпутаты лiдараў марыянеткавай КПБ.

На выбарах у 1989 годзе, нягледзячы на велiзарны супрацiў уладаў, дэпутатамi Вярхоўнага Савету БССР стала каля 40 чалавек, якiя праходзiлi па спiсе БНФ цi падтрымвалi яго ідэалагічную платформу. З гэтага часу i ажно да восенi 1992 году быў перыяд найбольшага падтрымання БНФ. Гiсторыя распарадзiлася так, што практычна ўсё, пра што заяўляла і да чаго імкнулася апазіцыя, здзейснiлася: ад прыняцця Вярхоўным Саветам Дэкларацыi аб дзяржаўным суверэнiтэце Беларусi (27 ліпеня 1990 году) да падпiсання ў Віскулёх Дамовы (8 снежня 1991 году) пра спыненне iснавання СССР як геапалiтычнай рэальнасцi.

Апазіцыя ў гэты час аформiлася палiтычна (заявілі пра стварэнне Дэмакратычнай апазіцыi ў Вярхоўным Савеце Беларусi 12-га склiкання ў колькасцi 37 чалавек) i пэўным парадкам арганiзацыйна. Усе новаствораныя партыi абавязкова вызначалiсяў сваiх дачыненнях да ўраду Вячаслава Кебiча. У Вярхоўным Савеце была створаная яшчэ адна, крыху шырэйшая апазіцыйная структура – Дэпутацкi дэмакратычны клуб, куды ўвайшло каля 100 дэпутатаў з апазіцыйнымi поглядамi. Парламанцкай апазіцыi ў гэты час многае ўдавалася зрабiць, перадусім таму, што амаль кожная альтэрнатыўная камуністычнай большасці iнiцыятыва знаходзiла падтрыманне ў людзей. Калi наменклатурная большасць не прымала якiх-колечы радыкальных прапановаў апазіцыi, былi шматлiкiя выпадкi прыходу людзей на плошчу да будынку Вярхоўнага Савету з патрабаваннем дэмакратычных пастаноў.

Статус дэпутата Вярхоўнага, цi нават гарадскога, савету даваў на той час прадстаўнiку апазіцыi мажлiвасцi выкласцi cвае погляды праз сродкі масавай інфармацыі. Да 1994 году не было татальнай манапалiзацыi выканаўчай уладай дзяржаўных СМI. Значнай заваёвай сталася і абранне 18 верасня 1991 году старшынём Вярхоўнага Савету Станiслава Шушкевiча. Ужо на наступны дзень парламент прыняў гістарычную пастанову аб змене назвы Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі на Рэспубліку Беларусь. Дэкларацыi аб незалежнасцi Беларусi быў нададзены статус Канстытуцыйнага закону, нацыянальныя бел-чырвона-белы сцяг i герб “Пагоня” былi зацверджаныя ў статусе дзяржаўных, органы вайсковага кіраўніцтва ў Беларусі – падпарадкаваныя Савету Міністраў.

Але рэальная ўлада ў краiне заставалася па-ранейшаму ў руках савецка-бюракратычнай наменклатуры. Станіслаў Шушкевiч заставаўся, у існасцi, адзiным прадстаўнiком апазіцыiў “вярхох”. Ужо з 1992 году пачалася спланаваная “праца” спецслужбаў супраць нацыянальна-дэмакратычнай апазіцыi. Пачалася кампанiя замоўчвання, дэзiнфармацыi і рознага кшталту вiнавачанняў. Улады iмкнулiся не дапускаць палiтычных апанентаў да радыё і тэлевізіі. Сама арганiзацыя БНФ дапусціла памылку, зрабiўшы стаўку на працу ў Вярхоўным Савеце, зменшыўшы пры тым беспасярэдныя кантакты з насельнiцтвам. Пачаўся працэс партыйнага размежавання. Ёсць перакананне, што партыі сталі стварацца заўчасна, гэты працэс паслабіў БНФ як рух.


Значны уздойм даверу да дэмакратычнай апазіцыi ўзнік пад час iнiцыятывы БНФ аб зборы подпiсаў насельнiцтва дзеля правядзення рэферэндуму на датэрмiновыя выбары Вярхоўнага Савету Беларусi восенню 1992 году. У варунках адкрытых супроцінаў уладаў iнiцыятары гэтай канстытуцыйнай акцыі змаглi зберці больш за 442 тысячы подпiсаў грамадзянаў, якiя падтрымалi iдэю правядзення рэферэндуму. На жаль, гэтая перамога на першым этапе сталася агульнай паразай апазіцыi: Вярхоўны Савет прапанову аб рэферэндуме адхiлiў, а парламенцкая апазіцыя і апазіцыйныя партыi нiчога не зрабiлi радыкальнага, каб адбараніць выяўленне волі людзей. Палiтычная iнiцыятыва сумленных рамантыкаў прапала. На палiтычную авансцэну, скарыстаўшыся палітычным момантам, з “апазіцыйнымi” да ўраду Вячаслава Кебiча лозунгамi выйшла група маладых “ваўкоў“ на чале з Дзмiтрыем Булахавым, Вiктарам Ганчаром, Аляксандрам Лукашэнкам, якiя не лучыліся з партыямi, але iмкнулicя забяспечыць асабiсты прыход да ўлады. Яны зрабiлi ўсё, каб заблакаваць рэферэндум, дыскрэдытаваць нацыянальную апазіцыю і асабiста Станіслава Шушкевiча. 26 студзеня 1994 году Шушкевіч быў адкліканы з пасады Старшыні Вярхоўнага Савету. Перыяд перамогаў i палiтычнай рамантыкi cкончыўся.

1994 год – курс “назад у СССР”

2 сакавіка 1994 году Вярхоўны Савет прыняў вырочнае, заломлівае для маладой суверэннай краіны, змеркаванне: прагаласавалі за ўсталяванне ў Беларусі прэзідэнцкай формы кіравання. Трэба заўважыць, што апазіцыя, якая дальнабачна выступала за парламенцкую форму вярхоўнай улады, удзелу ў гэтым галасаванні з прычыны байкоту не брала.

Да лета, на якое былі прызначаныя выбары прэзідэнта, вызначыліся наступныя прэтэндэнты на гэтую пасаду:
Вячаслаў Кебіч. Тагачасны прэм’ер-міністар быў прадстаўніком старой наменклатурнай большасці ў Вярхоўным Савеце і ўрадавых колах. Менавіта пад яго ствараўся і юрыдычна афармляўся інстытут прэзідэнства. У вачох пераважнай большасці людзей, якія ўмелі думаць самастойна, эканамічная ды дзяржаўная палітыка Кабінету Міністраў Кебіча выглядала няздарна.
Зянон Пазьняк. Сапраўдны лідар Беларускага Народнага Фронту і нацыянальнай дэмакратычнай апазіцыі ў Вярхоўным Савеце. Меў падтрыманне ў розных сацыяльных слаёх электарату, нават у сярэдняй наменклатуры.
Станіслаў Шушкевіч. Зусім нядаўні Старшыня парламенту на момант выбараў меў свой устойлівы электарат, які складаўся пераважна з інтэлігенцыі, людзей адукаваных.
Аляксандар Лукашэнка. Выступаў у ролі тэрмінатара-разбуральніка, антыкарупцыянера, гэткага народнага героя-адзінотніка. Падтрымваўся групай маладых палітыкаў-інтэлектуалаў, якія ў наступнасці наіўна меркавалі кіраваць экс-дырэктарам саўгасу. У вачох рафінаванай эліты выглядаў пэўным недарэкам. Між тым, гісторыя вучыць, што да зла, нават калі яно выглядае смешна, трэба ставіцца ўважліва. Яшчэ Эразм Ратардамскі папярэджваў, што часцей за ўсё перамагае той, каго не ўспрымалі ўсур’ёз.
Аляксандар Дубко. Быў прадстаўніком буйнога аграрнага комплексу, гэтак званага калгасна-старшынёўскага корпусу. Рэальных шанцаў на выхад у другі тур не меў.
Васіль Новікаў. З’яўляўся надзеяй камуністаў-артадоксаў. Рэальных шанцаў на выхад у другі тур не меў.
23 чэрвеня адбыўся першы тур галасавання на выбарах першага Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Ніхто з 6-ці кандыдатаў не набраў 50% галасоў. З вялікім адрывам у наступны тур лідарам выйшаў Аляксандар Лукашэнка. За ім размясціўся Вячаслаў Кебіч, трэцім стаў Зянон Пазьняк, чацвертым – Станіслаў Шушкевіч. Дэмакратычныя кандыдаты, такім парадкам, апынуліся па-за другім турам. Нямецкі вучоны і пісьменнік Георг Ліхтэнберг некалі казаў: “Добра было б, калі б галасы не падлічвалі, а ўзважвалі”. У Беларусі 1994 году лёс краіны, на жаль, выракавала постсавецкая народная большасць. Гэта ўжо пасля, многія, падманутыя папулісцкімі лозунгамі, схамянуцца і пачнуць каяцца.

Нельга пагадзіцца з тымі аналітыкамі, якія сцвярджаюць, што пры адным дэмакратычным кандыдаце, апазіцыя мела б шанцы на перамогу. Па-першае, перавага “народнага героя” была даволі значнай, па-другое, галасы, як паказвае практыка, аўтаматычна не перадаюцца, па-трэцяе, нельга адпрэчваць фальшаванні з боку тагачаснай партыі ўлады. Няма сумневу, што перамога Пазьняка, ці Шушкевіча, была б “скрадзена”. Па некаторых неафіцыйных звестках Лукашэнка перамог ужо ў першым туры, а другім быў Пазьняк.

10 ліпеня правялі другі тур галасавання, у выніку якога прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь стаў Аляксандар Лукашэнка. За асноўны палітычны курс была абраная ліквідацыя беларускай дзяржаўнасці і падпарадкаванне краіны расейскім інтарэсам.

14 траўня 1995 году, адначасна з выбарамі ў Вярхоўны Савет, прэзідэнт правёў ганебны агульнадзяржаўны рэферэндум, які:


– скасаваў адзінадзяржаўнасць беларускай мовы, другой дзяржаўнай мовай абвяшчалася расейская (фактычна пасля гэтага пачалася палітыка татальнай русіфікацыі);
– забараніў у якасці дзяржаўных сімвалаў герб “Пагоню” і бел-чырвона-белы сцяг (іх ужыванне ў усякай форме стала актыўна пераследавацца);
– надаў прэзідэнту права распускаць Вярхоўны Савет (тым самым была парушаная адносная раўнавага галінаў улады);
– вызначыў курс на эканамічную інтэграцыю з Расейскай Федэрацыяй.
У лістападзе 1996 году быў праведзены яшчэ адзін рэферэндум у выніку якога ўводзілася новая канстытуцыя. Фактычна здзейсніўся антыканстытуцыйны пераварот.
З лета 1994 году, з моманту прэзідэнцкiх выбараў, пачынаецца новы перыяд у дзеяннi апазіцыi – перыяд свядомага палiтычнага змагання з антынацыянальным рэжымам. Пачаў фармавацца нацыянальна-вызвольны рух. Гэты перыяд характарызуецца двума вызначальнымi паказнікамi – пераходам уладаў на незаконныя, рэпрэсійна-гвалтоўныя дзеянні ў дачыненнi да апазіцыi і непрыхаванай палiтыкi лiквiдацыi беларускай дзяржаўнасцi. Першы раз рэжым ужыў грубую сiлу супраць дэпутатаў апазіцыi Вярхоўнага Савету 12-га склiкання ў красавiку 1995 году, калі тыя галадалі на знак пратэсту. Пасля гэтага сiла пачала ўжывацца ўсё часцей.

Апазіцыя ў Вярхоўным Савеце 13-га склікання не прызнала вынікаў лістападаўскага рэферэндуму 1996 году. З яе ініцыятывы і паводле развязу Канстытуцыйнага суда была распачатая працэдура імпічменту (недаверу і адстаўкі) прэзідэнта. Аднак давесці яе да лагічнага зыходу не ўдалося. У ролі “замірэнцы” выступіла Расея. 27 лістапада ў Менск на перамовы прыехала дэлегацыя Расеі на чале з Віктарам Чарнамырдзіным. Старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Сямёну Шарэцкаму і Старшыні Канстытуцыйнага суду Валерыю Ціхіню відавочна забракла асабістай мужнасці і абачлівасці. У выніку Вярхоўны Савет 13-га склікання быў распушчаны, а рэжым Лукашэнкі, які вісеў на валаску, уратаваны.



Этапы фармавання палiтычных партыяў

Працэс фармавання палiтычных партыяў у Беларусі супаў з пачаткам дэмакратызацыi, раскладаннем камунiстычнага рэжыму. У 1989 годзе быў створаны першы правобраз партыi – Беларускi Народны Фронт (БНФ). Фармаванне партыйнай сістэмы ў краiне праходзiла ў некалькi этапаў.


1990-1991 гг. Першыя партыi cтваралiся ў варунках iснавання камунiстычнага рэжыму. Iх вызначала тое, што гэта былi партыi iдэi – яны аб’ядноўвалi прыхiльнiкаў пэўнай iдэалогii. За iмi яшчэ не стаялi ў поўным сэнсе слова канкрэтныя сацыяльныя слаi. Так узьнiклi партыi нацыянальнай iдэi – БНФ, лiберальнай – Аб’яднаная Грамадзянская Партыя, хрысцiянскай – Беларускi хрысцiянска дэмакратычны саюз, сацыял-дэмакратычнай – БСДГ, камунiстычнай – Партыя камунiстаў Беларусi.
1992-1993 гг. З пачаткам руху да рынкавай эканомiкi зьявiлiся першыя прыкметы расслаення грамадства, вылучэнне сацыяльных групаў паводле сваiх спецыфiчных iнтарэсаў. З iншага боку, пасля краху камунicтычнага рэжыму за стварэнне партыяў узялicя прадстаўнiкi дзяржаўнай i гаспадарчай наменклатуры. У выніку пачалi паўставаць арганiзыцыi, якiя ўмоўна можна назваць партыi-лобi. Гэта партыi чыстага прагматызму, для якiх усякая iдэалогiя – другасная. Так узнiклi Партыi народнай згоды, куды ўвайшла частка прадстаўнікоў дзяржаўнага апарату, Аб’яднаная аграрна-дэмакратычная партыя, створаная старшынямi калгасаў i дырэктарамi прамысловых прадпрыемстваў ды iнш.
1994-1995 гг. Прэзідэнцкiя і парламенцкiя выбары стымулявалi бурны працэс стварэння партыяў. Iх колькасць iмклiва павялiчвалася. У травеньскiх выбарах 1995 году ў Вярхоўны Савет бралі ўдзел 29 палiтычных партыяў, а ў лiстападаўска-снежанскiх – ужо 34. Iх прадстаўнiкi cклалi крыху больш за 50% дэпутатаў Вярхоўнага Савету 13-га склiкання. Icнавалi тры экалагiчныя, тры хрысцiянcкiя, тры рэспублiканскiя, дзве нацыянальныя, дзве спартовыя партыі. Гэты перыяд быў кульмiнацыяй у развiццi беларускай шматпартыйнасцi. У краiне пачыналася фармавацца партыйная сістэма паводле еўрапейскай мадэлi.
Лiстапад 1996 – па цяперашнi час. Пасля канстытуцыйнага перавароту ўмовы для дзейнасцi палiтычных партыяў рэзка пагоршылiся. Перадусім фактычна лiквiдоўваліся прадстаўнiчыя органы ўлады. Мага палiтычнага прадстаўнiцтва iнтарэсаў грамадства знiкла. Фактычна ўсе партыi выкiненыя з легальнага палiтычнага поля i апынулiся ў становiшчы пазасістэмнай апазіцыi. Звыш дзесятку партыяў злiквiдаваныя паводле змеркаванняў cуда на падставе нястачы прыкметаў iх icнавання. Да моманту перарэгiстрацыi 1999 году афiцыйна дзеіла 29 партыяў. У рэальнасцi ж фукцыянуюць, ці, iншымi словамi, маюць дзейсныя структуры на месцах i бяруць удзел у палiтычным змаганні толькi некаторыя: Беларускі Народны Фронт, Кансерватыўна Хрысціянская Партыя БНФ “Адраджэньне” , Беларуская Сацыял Дэмакратычная Грамада, Аб’яднаная Грамадзянская Партыя, Беларуская Сацыял Дэмакратычная Партыя “Народная грамада”, Партыя Камуністаў Беларуская, Камуністычная Партыя Беларусі.
Усе палiтычныя партыi можна згрупаваць паводле некалькiх ідэалагічных кiрункаў:
  1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка