Праграмы на 2008/2009 навучальны год для школ з беларускай мовай навучання фізічная культура і здароўе




старонка1/5
Дата канвертавання15.03.2016
Памер0.72 Mb.
  1   2   3   4   5
Праграмы на 2008/2009 навучальны год

для школ з беларускай мовай навучання


фізічная культура і здароўе
Тлумачальная запіска
Вучэбны прадмет “Фізічная культура і здароўе” вырашае задачы агульнай фізкультурнай адукацыі, рознабаковага фізічнага, інтэлектуальнага, духоўна-маральнага развіцця і аздараўлення вучняў, мае агульнаінтэлектуальнае, культуралагічнае, выхаваўчае, прыкладное і аздараўленчае значэнне.

Мэтай вывучэння прадмета “Фізічная культура і здароўе” ў I—IV класах з’яўляецца фарміраванне з улікам узроставых асаблівасцей фізічнай культуры асобы і аздараўленне вучняў.

Мэта прадмета дасягаецца ў выніку рашэння адукацыйных, выхаваўчых, аздараўленчых, развіццёвых і прыкладных задач.

Адукацыйныя задачы:



  • авалоданне даступнымі ў малодшым школьным узросце фізкультурнымі ведамі;

  • навучанне рухальным уменням і навыкам, спосабам фізкультурнай дзейнасці;

  • навучанне прымяненню вывучаных фізкультурных ведаў, рухальных уменняў і навыкаў, спосабаў дзейнасці.

Выхаваўчыя задачы:

  • садзейнічанне станаўленню і развіццю патрэбы ў фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-аздараўленчай актыўнасці;

  • фарміраванне адносін да ўласнага здароўя і здароўя навакольных як да каштоўнасці;

  • выхаванне станоўчых рыс характару, такіх як дысцыплінаванасць, стараннасць, добразычлівасць, калектывізм, сумленнасць, чуласць, смеласць.

Аздараўленчыя задачы:

  • умацаванне здароўя вучняў;

  • фарміраванне і падтрымка правільнай паставы;

  • прафілактыка і выпраўленне плоскаступнёвасці;

  • прафілактыка захворванняў, стрэсавага стану;

  • садзейнічанне рознабаковаму фізічнаму развіццю;

  • падтрыманне разумовай працаздольнасці;

  • авалоданне навыкамі, неабходнымі для фарміравання здаровага ладу жыцця сродкамі фізічнай культуры.

Развіццёвыя задачы:

  • развіццё каардынацыйных здольнасцей;

  • рознабаковае развіццё кандыцыйных здольнасцей;

  • садзейнічанне гарманічнаму фізічнаму, духоўна-маральнаму, інтэлектуальнаму і эмацыянальнаму развіццю.

Прыкладныя задачы:

  • навучанне ўменням і навыкам супрацоўніцтва з аднагодкамі ў працэсе фізкультурнай і спартыўнай дзейнасці;

  • фарміраванне ўяўленняў, ведаў, уменняў і навыкаў бяспечных паводзін падчас арганізаваных і самастойных гульняў і фізкультурных заняткаў у экалагічна неспрыяльных умовах (для тых, хто жыве ва ўмовах уздзеяння наступстваў аварыі на ЧАЭС).

Вучэбны матэрыял праграмы размеркаваны па наступных раздзелах:

  • Уводзіны ў школьнае жыццё (толькі ў I класе).

  • Веды.

  • Уменні, навыкі, спосабы дзейнасці.

  • Развіццё рухальных здольнасцей.

Змест урокаў раздзела “Уводзіны ў школьнае жыццё” запаўняецца пераважна гульнявой дзейнасцю, блізкай для дзяцей, накіраванай на рашэнне адукацыйных і выхаваўчых задач.

Тэмы раздзела “Веды” ў I і II класах плануюцца да засваення на ўроках фізічнай культуры і здароўя ў форме непрацяглых (да 3—5 мін) расказаў, гутарак, тэматыка якіх звязана з задачамі канкрэтнага ўрока. У III і IV класах дапускаецца планаваць і праводзіць тэарэтычныя ўрокі фізічнай культуры.

Раздзел “Уменні, навыкі, спосабы дзейнасці” ўключае ў сябе страявыя практыкаванні, фізічныя практыкаванні, якія складаюць змест “школы рухаў”: хадзьбу, бег, скачкі, кіданне, лажанне, практыкаванні ў раўнавазе, найпрасцейшыя акрабатычныя практыкаванні, танцавальныя рухі, перамяшчэнне на лыжах, плаванне.

Змест раздзела “Развіццё рухальных здольнасцей” уключае ў сябе рухавыя гульні і гульнявыя заданні, тэставыя практыкаванні і крытэрыі вызначэння ўзроўню развіцця рухальных здольнасцей вучняў, прыкладны пералік дамашніх заданняў і рэкамендацыі па тыднёваму рухальнаму рэжыму школьнікаў. Пры выкарыстанні на ўроках рухавых гульняў і гульнявых практыкаванняў рашаюцца наступныя задачы:



  • замацаванне і ўдасканаленне сфарміраваных рухальных уменняў, навыкаў і вывучаных спосабаў дзейнасці;

  • развіццё каардынацыйных здольнасцей: дакладнае ўзнаўленне прасторавых, часавых і сілавых характарыстык рухаў, захаванне раўнавагі, хуткае і своечасовае рэагаванне на зменлівыя сітуацыі, узгодненасць адначасовых і паслядоўных рухаў розных частак цела, узнаўленне рытму рухаў, узгодненасць сваіх рухаў з рухамі партнёраў;

  • развіццё кандыцыйных здольнасцей: скорасных, сілавых, скорасна-сілавых, агульнай вынослівасці і гібкасці.

Тэставыя практыкаванні выкарыстоўваюцца настаўнікам выключна для матывацыі вучэбнай дзейнасці, індывідуалізацыі і карэкцыі зместу адукацыйнага працэсу. Вучні I класа выконваюць тэставыя практыкаванні адзін раз за навучальны год — у маі. Вучні II—IV класаў тэсціруюцца два разы на працягу навучальнага года — у верасні і маі. Узровень развіцця рухальных здольнасцей вучняў III і IV класаў не ўлічваецца пры выстаўленні выніковай адзнакі за вучэбную чвэрць і навучальны год.

Змест вучэбнай праграмы разлічаны на вучняў, аднесеных па стану здароўя да асноўнай і падрыхтоўчай медыцынскіх груп. Вучні, аднесеныя па стану здароўя да спецыяльнай медыцынскай групы і групы лячэбнай фізічнай культуры, займаюцца па спецыяльных праграмах, зацверджаных Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Перавод з адной медыцынскай групы ў другую ажыццяўляецца ў адпаведнасці з дзеючымі нарматыўнымі дакументамі Міністэрства адукацыі і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Вучні, вызваленыя медыцынскім работнікам ад рухальнай актыўнасці на ўроках фізічнай культуры, прысутнічаюць на іх і выконваюць не проціпаказаныя індывідуальныя заданні пад кантролем настаўніка.

У мэтах эфектыўнага рашэння задач фізічнага выхавання вучняў пачатковых класаў змест урокаў фізічнай культуры павінен быць цесна ўзаемазвязаны з рухальнай актыўнасцю школьнікаў у рэжыме вучэбнага і прадоўжанага дня, з удзелам школьнікаў у пазакласных фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемствах.



Для павышэння аздараўленчага эфекту вучэбнага прадмета “Фізічная культура і здароўе” рэкамендуецца часцей праводзіць заняткі з дзецьмі на адкрытых прышкольных пляцоўках.

I КЛАС

Прыкладнае размеркаванне вучэбнага матэрыялу

Раздзелы, тэмы вучэбнага матэрыялу

Колькасць гадзін

Уводзіны ў школьнае жыццё

4

Веды

4

Асновы бяспекі заняткаў

1

Гігіенічныя веды

1

Здаровы лад жыцця

1

Самастойныя заняткі фізічнымі практыкаваннямі

0,5

Алімпійскі даведнік

0,5

Уменні, навыкі, спосабы дзейнасці

60

Страявыя практыкаванні

3

Агульнаразвіццёвыя практыкаванні

8

Хадзьба

2

Бег

4

Скачкі

5

Кіданне

4

Лажанне

5

Акрабатычныя практыкаванні

8

Практыкаванні ў раўнавазе

4

Танцавальныя рухі

4

Перамячшэнне на лыжах1

10

Плаванне2

да 16 г

Развіццё рухальных здольнасцей3

+

Рухавыя гульні і гульнявыя заданні

+

Тэсціраванне4

3

Прыкладныя дамашнія заданні

+

Прыкладныя рэкамендацыі вучням па тыднёваму рухальнаму рэжыму

+

УсЯго

68

1 Пры бясснежнай зіме замяняецца вучэбным матэрыялам іншых тэм.

2 Пры наяўнасці ўмоў для навучання плаванню, у аб’ёме да 16 г за кошт раздзела “Уменні, навыкі, спосабы дзейнасці”.

3 Час, які адводзіцца на кожным уроку на развіццё рухальных здольнасцей вучняў, уваходзіць у разлік гадзін адпаведнай тэмы раздзела “Уменні, навыкі, спосабы дзейнасці”.

4 Плануецца на апошнія два тыдні навучальнага года.


Веды

Асновы бяспекі заняткаў. Правілы бяспечных паводзін у месцах заняткаў фізічнай культурай (у спартыўнай зале, на спартыўнай пляцоўцы, лыжні, у басейне). Правілы бяспечнага руху па тратуарах і скрыжаваннях да месцаў заняткаў. Правілы паводзін у дварах, на гульнявых пляцоўках, школьных спартыўных пляцоўках у пазавучэбны час. Меры папярэджання небяспекі на вадзе, у парку, у двары, дома.

Гігіенічныя веды. Патрабаванні да адзення на занятках у розных умовах. Правільная пастава і яе значэнне для здароўя і добрай вучобы.

Здаровы лад жыцця. Рэжым дня вучня I класа. Значэнне заняткаў фізічнымі практыкаваннямі ў рэжыме дня для здароўя, добрага настрою, вучобы, адпачынку.

Самастойныя заняткі фізічнымі практыкаваннямі. Правілы выканання комплексу практыкаванняў ранішняй гігіенічнай гімнастыкі. Правілы выканання практыкаванняў для правільнай паставы. Правілы трох рухавых гульняў, у тым ліку не менш за адну беларускую народную гульню.

Алімпійскі даведнік. Падарожжа ў старажытную Алімпію: Алімпійскія гульні старажытнасці; вытокі і міфы алімпіяд; свяшчэнны мір; праграма і ўдзельнікі Алімпійскіх гульняў старажытнасці; ідэал Алімпіяды; апошнія Алімпійскія гульні старажытнасці; шлях да пакарэння сваёй алімпійскай вяршыні.


УменнІ, навыкІ, спосабы дзейнасцІ

Страявыя практыкаванні. Выкананне каманд: “Станавіся!”, “Раўняйся!”, “Смірна!”, “Вольна!”, “Направа!”, “Налева!”, “Клас, шагам марш!”, “Клас, стой!”. Выкананне практыкаванняў: асноўная стойка, пастраенне ў калону па аднаму, у шарэнгу, круг; разыходжанне па загадзя ўстаноўленых месцах; размыканне на шырыню паднятых у бакі рук; павароты пераступаннем, скачком.

Агульнаразвіццёвыя практыкаванні. Практыкаванні для рук, тулава, ног без прадметаў, з палкай, мячом, скакалкай; практыкаванні для паставы ў асноўнай стойцы, ва ўпоры прысеўшы, седзячы на падлозе. Комплекс практыкаванняў ранішняй гімнастыкі; выкананне вывучаных практыкаванняў пад музыку. Падцягванне ў вісе, згінанне і разгінанне рук ва ўпоры лежачы, віс на сагнутых руках.

Хадзьба. Звычайная з захаваннем правільнай паставы: з утрыманнем у розных становішчах гімнастычнай палкі, мяча, скакалкі, на насках, звычайным і шырокім крокам, па разметках, пераступаючы цераз перашкоды, па лініі, пад музычнае суправаджэнне.

Бег. У павольным, сярэднім, хуткім тэмпе, са змяненнем напрамку па сігналу, у чаргаванні з хадзьбой, на насках, з падыманнем бядра, парамі, тройкамі па дыяганалі, з паскарэннем; чаўночны бег 4 x 9 м; пад музыку, 30 м з высокага старту, 6-мінутны бег або бег 500 м (дзяўчынкі), 800 м (хлопчыкі).

Скачкі. Імітацыя скачкоў птушак, жывёл; у даўжыню з месца штуршком дзвюх ног; па “купінах”, цераз “вудачку”, цераз рызінку; цераз вертыкальную перашкоду (рызінка, планка на вышыні 20—25 см); у даўжыню з малога (5—6 крокаў) разбегу; цераз кароткую скакалку ногі разам; на дзвюх нагах з рухам наперад; у глыбіню; цераз доўгую скакалку; выскакванне з даставаннем рукой падвешанага прадмета.

Кіданне. Кіданне і лоўля малога мяча адной і дзвюма рукамі, перакідванне з рукі ў руку; кіданне малога мяча з месца ў шчыт з адлегласці 2—3 м, са становішча стоячы тварам у бок кідання; кіданне набіўнога мяча (0,5 кг) дзвюма рукамі з-за галавы са становішча седзячы ногі паасобку, дзвюма рукамі знізу ўперад-угору са становішча стоячы.

Лажанне. Па гарызантальнай гімнастычнай лаўцы ва ўпоры прысеўшы, ва ўпоры стоячы на каленях; падцягванне на гарызантальнай лаўцы са становішча лежачы на жываце; пералажанне цераз горку матаў; лажанне па гімнастычнай сценцы адвольным спосабам.

Акрабатычныя практыкаванні. Групоўка ў прыседзе, са становішча седзячы на падлозе, са становішча лежачы на спіне; пастаноўка рук, становішча галавы перад куляннем наперад; перакат з групоўкі ў прыседзе назад з вяртаннем у прысед; кулянне наперад у групоўцы.

Практыкаванні ў раўнавазе. Стойка на насках; стойка на адной назе, другая нага сагнута (на падлозе, гімнастычнай лаўцы); хадзьба па гімнастычнай лаўцы, па рэйцы гімнастычнай лаўкі, па прамой лініі на падлозе.

Танцавальныя рухі. Крокі танца “Бульба”; тое самае, але з паваротам плячэй управа, улева, з вынясеннем рук уперад; прыстаўныя крокі; крокі галопу ўбок (пад музыку).

Перамяшчэнне на лыжах. Надзяванне, здыманне лыжаў; стойкі на лыжах: асноўная, высокая, нізкая; ступаючы і слізгаючы крокі без палак, з палкамі; павароты пераступаннем на месцы, пад’ём лесвічкай, спускі ў высокай стойцы.

Плаванне. Практыкаванні для асваення ў вадзе: прысяданні з апусканнем у ваду з галавой, выдых у ваду, даставанне прадметаў з дна (расплюшчваючы вочы ў вадзе). Слізганне лежачы на грудзях з апорай на плавальную дошку і без апоры; слізганне лежачы на спіне. Рухі ног спосабам “кроль” з апорай рукамі аб дно, аб борцік басейна, з падтрымкай партнёра, які стаіць на месцы. Слізганне пасля адштурхоўвання з рухамі ног спосабам “кроль” на спіне, на грудзях.

Гульнявыя заданні: “Схавайся ў ваду”, “Жабкі”, “Паплавок”.

Гульні: “Медуза”, “Зорачка”, “Карагод”, “Фантан”, “Бура на моры”, “Паляўнічыя і качкі”, “Арэлі”.
РазвІццЁ рухальных здольнасцей

Рухавыя гульні і гульнявыя заданні1

Рухавыя гульні і гульнявыя заданні выкарыстоўваюцца на ўроках фізічнай культуры і здароўя для замацавання і ўдасканалення рухальных уменняў, навыкаў, спосабаў дзейнасці, што вывучаюцца, развіцця каардынацыйных і кандыцыйных рухальных здольнасцей.



Страявыя каманды

Гульні для падрыхтоўкі да строю: “Хто хутчэй збярэцца”, “Хто хутчэй стане ў строй”, “Пастрой круг”, “Пастрой калону”, “Падарожжа на караблі”, “Рака і роў”, “У дзяцей парадак строгі”, “Мяч сярэдняму”.

Гульні-разлікі: “Елачкі — бярозкі”, “Ружы — цюльпаны”, “Ландышы — хрызантэмы”, “Рыбкі — караблікі”.

Гульні на ўвагу: “Гусі ляцяць”, “Фігуры”, “Лес, балота, возера”, “Нос, нос, нос, лоб”, “Клас, смірна!”, “Дзень і ноч”, “Товарыш капітан”, “Рабі, як я”, “Забаронены рух”.



Агульнаразвіццёвыя практыкаванні

Гульнявыя заданні: “Будзь уважлівы”, “Забаўнікі”, “Зрабі фігуру”, “Люстэрка”.

Гульні для ўдасканалення каардынацыі рухаў: “Барада”, “Браднік”, “Грушка”, “Малако”, “Пасадка бульбы”, “Змяя”, “Калім-бам-ба”, “Метка”, “Вяроўка-змейка”, “Не сыдзі з цуркі”, “Золата”, “Збор ураджаю”, “Дванаццаць палачак”, “Квач у парах”, “Паспей узяць”, “Спрытныя матальшчыкі”.

Бег

Гульнявыя заданні: “Ключы”, “Хто хутчэй”, “Аддай стужку”, “Хутка вазьмі і пакладзі”, “Змяні прадмет”.

Гульні: “Вартаўнік”, “Вожык і мышы”, “Жмуркі”, “Іванка”, “Кацяняткі-дзіцяняткі”, “Ліскі”, “Лянок”, “Лясь, лясь, уцякай”, “Мароз”, “Пастух і воўк”, “Проса”, “Пярсцёнак”, “У Мазая”, “Запляціся, пляцень”, “Зайка-маладзік”, “Шэры кот”, “Купец”, “Гарлачык”, “Блін гарыць”, “Дзядуля-ражок”, “Фарбы”, “Хворы верабей”, “Гарачае месца”, “Свабоднае месца”, “Паляванне на лісаў”, “Фігуры”, “Мурашачка”, “Гуж”, “Шавец”, “Дагані сваю пару”, “Два Марозы”, “Сава”, “ Хто хутчэй дакоціць абруч”, “Не замачы ног”, “Паспей дагнаць”, “Шпакоўня”, “Знайдзі пару”, “Поезд”, “Бяздомны заяц”, “Маяк”, “Коннікі-спартсмены”, “Гусі-лебедзі”, “Пустое месца”.

Скачкі

Гульнявыя заданні: “Пінгвіны з мячом”, “Саскачы і павярніся”, “Не наступі”.

Гульні: “Дакраніся да яблыка”, “Конікі”, “Міхасік”, “Макі-макавічкі”, “Вілюшкі”, “Воўк у рове”, “Зайцы ў гародзе”, “Жабка і чапля”, “Вераб’і і кошка”, “Вудачка”, “Злаві камара”, “З купіны на купіну”, “Не пападзіся”, “Квач” (са скачкамі на адной назе).

Кіданне

Гульнявыя заданні: “Перадаў — садзіся”, “Мяч у карзіну”, “Паспей злавіць”, “Каго назвалі — той ловіць”, “Хто далей”.

Гульні: “Паляўнічыя і зайцы”, “Рухомая цэль”, “Збі мяч”, “Перадай мяч”, “Хто самы меткі”, “Паспей злавіць”, “Мяч вядучаму”, “Дагані мяч”, “Мішэнь-качалка”, “Хто далей кіне”.

Лажанне

Гульнявыя заданні: “З мячом пад дугой”, “Перапаўзі — не ўрані”, “Хто хутчэй да флажка”, “Кацяняты і шчаняты”.

Гульні: “Пералёт птушак”, “Лоўля малпы”, “Пажарныя”, “Мядзведзі і пчолы”.

Практыкаванні ў раўнавазе

Гульнявыя заданні: “Разыдзіся — не ўпадзі”, “Канатаходзец”, “Хто даўжэй не ўроніць”, “Лоўкі шафёр”.

Гульні: “Не заставайся на падлозе”, “З купіны на купіну”, “Сава”, “Пераправа”.



Перамяшчэнне на лыжах

Гульнявыя заданні: “Шырэй крок”, “Хто самы хуткі”.

Гульні: “Да сваіх флажкоў”, “Сустрэчная эстафета”.

Тэсціраванне. Спаборніцкае заданне на лепшае выкананне тэставага практыкавання “Выконвай без памылак”.



Тэсціраванне

Скачок у даўжыню з месца штуршком дзвюх ног, нахілы ўперад са становішча седзячы на падлозе, чаўночны бег 4 x 9 м, віс на сагнутых руках (хлопчыкі), падыманне і апусканне тулава са становішча лежачы на спіне за 30 с, бег 30 м з высокага старту, 6-мінутны бег або бег 500 м (дзяўчынкі), 800 м (хлопчыкі).



Прыкладныя дамашнія заданні

Заданні для ўсяго класа. Штодзённа выконваць комплекс ранішняй гігіенічнай гімнастыкі, развучаны на ўроках фізічнай культуры. У летні перыяд штодзённа гуляць у двары дома ці на спартыўнай пляцоўцы бліжэйшай школы з аднагодкамі ў рухавыя гульні, развучаныя на ўроках фізкультуры, ездзіць на веласіпедзе, кідаць мяч у цэль (напрыклад, у баскетбольнае кольца), скакаць на далёкасць з месца, падцягвацца ў вісе на высокай перакладзіне (хлопчыкі), падцягвацца ў вісе стоячы на нізкай перакладзіне (дзяўчынкі), выконваць нахілы ўперад з прамымі нагамі “хто глыбей”, згінаць і разгінаць рукі ва ўпоры лежачы на гімнастычнай лаўцы (дзяўчынкі), на падлозе (хлопчыкі), скакаць цераз кароткую скакалку. У выхадныя дні з бацькамі ажыццяўляць прагулкі ў парк, лес, да ракі, возера, гуляць у рухавыя гульні.

Зімой катацца на каньках, хадзіць на лыжах, спускацца з горак на санках, ляпіць снегавікоў, будаваць снежныя крэпасці. У выхадныя дні з бацькамі праводзіць лыжныя прагулкі, катацца на лыжах і санках з невялікіх горак.

Дыферэнцыраваныя заданні. Вызначаюцца настаўнікам у адпаведнасці з рэкамендацыямі ўрача для кожнага вучня, які мае нязначныя адхіленні ў стане здароўя.



Прыкладныя рэкамендацыі па тыднёваму рухальнаму рэжыму вучняў I класа1



Від рухальнай дзейнасці

Аб’ём рухальнай дзейнасці за тыдзень2

хлопчыкі

дзяўчынкі

1

Бег у гульнях у двары з таварышамі (км) або

6—8

5—7

2

Хадзьба на лыжах (км)

7—9

6—8

3

Скачкі са скакалкай (к-сць разоў)

500—600

500—600

4

Падцягванне на высокай перакладзіне (к-сць разоў) або

10—15



5

Падцягванне на нізкай перакладзіне (к-сць разоў)



30—40

6

Згінанне і разгінанне рук ва ўпоры лежачы (к-сць разоў)

15—20

30—35 на павышанай апоры

7

Седзячы на падлозе ногі разам нахіл уперад — “складка з затрымкай 5—8 с” (к-сць разоў) або

16—20

16—20

8

Седзячы на падлозе ногі паасобку нахіл уперад наколькі мажліва (к-сць разоў)

50—60

50—60

9

Са становішча лежачы на спіне рукі за галавой падыманне і апусканне тулава (к-сць разоў) або

20—30

20—30

10

Падыманне прамых ног са становішча лежачы на спіне (к-сць разоў)

20—30

30—40

1 Для вучняў, якія не займаюцца у спартыўных або фізкультурных групах.

2 Практыкаванні выконваюцца ў дні, вольныя ад урокаў фізічнай культуры і здароўя.


ПатрабаваннІ да вуЧНЯЎ, ЯКІЯ ЗАКАНЧВАЮЦЬ І клас



Вучні павінны мець уяўленне пра:

  • здароўе і ўплыў на яго фізічных практыкаванняў;

  • значэнне паставы для здароўя;

  • здаровы лад жыцця і месца ў ім фізічных практыкаванняў;

  • культурнае значэнне Алімпійскіх гульняў старажытнасці, ідэал гарманічнага развіцця старажытных грэкаў, праграму Алімпійскіх гульняў і павагу да алімпіёнікаў.

Вучні павінны ведаць і выконваць:

  • правілы бяспечных паводзін на ўроках фізічнай культуры і здароўя;

  • рэжым вучэбнага і выхаднога дня;

  • патрабаванні падрыхтоўкі да ўрока фізічнай культуры і здароўя;

  • гігіенічныя патрабаванні да спартыўнага адзення і абутку;

  • найпрасцейшыя правілы самастойных заняткаў фізічнымі практыкаваннямі.

Вучні павінны ведаць і ўмець правільна выконваць:

  • вывучаныя страявыя каманды і практыкаванні; агульнаразвіццёвыя практыкаванні; разнавіднасці хадзьбы і бегу, гульні і гульнявыя заданні для хадзьбы;

  • вывучаныя разнавіднасці скачкоў з месца і з разбегу, гульні, гульнявыя заданні для скачкоў;

  • вывучаныя практыкаванні кідання, гульні, гульнявыя заданні для кідання;

  • вывучаныя разнавіднасці лажання і пералажання, гульні і гульнявыя заданні з лажаннем;

  • правілы бяспечных паводзін у час заняткаў на лыжах і ў басейне.

Вучні павінны ўмець:

  • захоўваць правільную паставу ў час хадзьбы;

  • гуляць у вывучаныя рухавыя гульні;

  • пераключацца з аднаго віду бегу на другі;

  • правільна кідаць малы мяч у шчыт з невялікай адлегласці;

  • правільна выконваць кулянне ўперад у групоўцы;

  • правільна і эстэтычна выразна выконваць вывучаныя танцавальныя крокі;

  • правільна выконваць вывучаныя спосабы перамяшчэння на лыжах;

  • правільна выконваць практыкаванні, якія падводзяць да плавання;

  • тэхнічна правільна выконваць тэставыя практыкаванні.

  1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка