Праект стратэгія беларускага праваабарончага руху “правы чалавека: гарызонты будучыні”




Дата канвертавання05.06.2016
Памер93.08 Kb.
Праект

СТРАТЭГІЯ БЕЛАРУСКАГА ПРАВААБАРОНЧАГА РУХУ

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА: ГАРЫЗОНТЫ БУДУЧЫНІ”



Прынятая ІІ Беларускім праваабарончым форумам на падставе Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Дэкларацыі аб праве і абавязку асобаў, груп і грамадскіх органаў заахвочваць і абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека і асноўныя свабоды

Мы, удзельнікі ІІ Беларускага праваабарончага форуму,



  • усведамляючы сваю адказнасць у якасці прадстаўнікоў беларускага праваабарончага руху як часткі сусветнага руху ў абарону правоў чалавека

  • зыходзячы з канстатацыі незадавальняючага агульнага стану выканання правоў чалавека ў Беларусі і складанасці задач, што стаяць перад беларускімі праваабаронцамі

  • намагаючыся супольна выхоўваць і пашыраць павагу да правоў чалавека і асноўных свабод у беларускім грамадстве і дзяржаве, а таксама ва ўсім свеце

прымаем гэту стратэгію і абвяшчаем яе палажэнні ў якасці супольна ўзгодненых праграмных арыенціраў, якія будуць вызначаць асноўныя рамкавыя ўмовы нашай далейшай супольнай і адзінаасобнай дзейнасці на карысць правоў чалавека.

Для чаго стратэгія: Гэты дакумент вызначае агульнае разуменне паняццяў, важных для нашай праваабарончай дзейнасці, пазначае агульныя і найбольш важныя мэты і акрэслівае захады па дасягненні гэтых мэт. Эфектыўнасць стратэгіі грунтуецца на агульным разуменні задач і агульнай згодзе аб парадку выкарыстання наяўных рэсурсаў для выканання пазначаных задач.

Кола ўдзельнікаў стратэгіі: Гэты дакумент абвяшчаецца намі для айчынных праваабарончых арганізацый, як зарэгістраваных так і незарэгістраваных, іншых грамадскіх аб’яднанняў, ініцыятыўных груп, структур грамадзянскай супольнасці ды іх кааліцый, асобных грамадзян і іншых суб’ектаў, якія хочуць абараняць агульнапрызнаныя правы чалавека.

Грунт: Зараз у Рэспубліцы Беларусь сітуацыя з правамі чалавека з’яўляецца незадавальняючай і ў значнай ступені не адпавядае палажэнням Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, Міжнародных пактаў аб правах чалавека, іншых дамоў ААН аб правах чалавека, а таксама еўрапейскім стандартам у гэтай галіне.

Асноўныя паняцці:

  • Правы чалавека – гэта сукупнасць заснаваных на агульначалавечых каштоўнасцях нацыянальных і міжнародных прававых норм і практыкі іх выкарыстання, якія скіраваны на абарону чалавека і чалавечай годнасці ад свавольства дзяржаўнай улады і дыскрымінацыі.

  • Дзяржава як дзяржаўная ўлада – гэта сукупнасць інстытутаў заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады, а таксама іншыя наўпрост альбо ўскосна звязаныя з гэтымі інстытутамі суб’екты, якім фармальным альбо нефармальным чынам нададзены паўнамоцтвы выканання функцый гэтых інстытутаў, органы мясцовага самакіравання, дзяржаўныя і напаўдзяржаўныя карпарацыі, якія маюць магчымасць фактычна вызначаць межы чалавечай свабоды праз ўнармаванне правоў і свабод, а таксама накладаць санкцыі за парушэнне чалавечым індывідам гэтых меж.

  • Няўрадавыя арганізацыі як арганізацыі грамадзянскай супольнасці – гэта на самой справе незалежныя ад дзяржавы добраахвотныя асацыяцыі грамадзян і іншыя юрыдычныя асобы, якія не ставяць за мэту атрыманне прыбытку, не заснаваны і рэальна не кіруюцца дзяржавай альбо заснаванымі дзяржавай інстытуцыямі, пры гэтым сукупнасць такіх суб’ектаў утварае грамадзянскую супольнасць, значная частка якой належыць да праваабарончага руху.

Мэтай нацыянальнага праваабарончага руху з’яўляецца: Усебаковае спрыянне фармаванню ў Беларусі такой мадэлі стасункаў паміж дзяржаўнай уладай і індывідам, пры якой

  • паступова і няўхільна дасягаліся б найбольшая павага да чалавечай годнасці, выкананне правоў чалавека і асноўных свабод у адпаведнасці з універсальнымі і еўрапейскімі стандартамі правоў чалавека і прававой дзяржавы,

  • а таксама забяспечвалася б няўхільнае выкараненне усялякай дыскрымінацыі ва ўсіх сферах грамадскага жыцця.

Для рэалізацыі пастаўленай мэты з’яўляецца неабходным вырашэнне наступных прыярытэтных задач:

  • Дзяржаўная ўлада павінна быць набліжаная да рэальных механізмаў прававой дзяржавы, з вяршэнствам права, падзелам галінаў улады, у тым ліку з незалежнасцю судовай галіны ад іншых органаў, а таксама з адпаведнасцю ўнутранага заканадаўства прынцыпам Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і іншых міжнародных універсальных і рэгіянальных дакументаў у галіне правоў чалавека.

  • Грамадскія інстытуцыі павінны быць пабудаваны на грунце павагі да чалавечай годнасці і гуманітарных каштоўнасцяў, уключна з прынцыпамі талерантнасці, недыскрымінацыі меньшасцяў і патэнцыйна прыгнечаных ці неабароненых груп, пачуцця агульнай адказнасці за стан правоў чалавека ў краіне і свеце.

  • Арганізацыі нацыянальнага праваабарончага руху мусяць умацоўваць свой уплыў на грамадства і дзяржаўную ўладу праз развіццё і пашырэнне накірункаў уздзеяння на іх, а таксама падвышаць кампетэнтнасць і ўстойлівасць уласных структур як важнага складніка айчыннай грамадзянскай супольнасці, прыцягваць кваліфікаваны персанал, забяспечваць унутрыарганізацыйнае кіраванне на падставе прынцыпаў недыскрымінацыі і максімальнай празрыстасці, мацаваць рэальныя партнёрскія сувязі з праваабарончымі арганізацыямі іншых краін, уключацца ў сусветныя акцыі і кампаніі на карысць правоў чалавека і ў абарону асноўных свабод.

Метады: Кампанеты праваабарончай дзейнасці мусяць адрознівацца паводле метаду ўздзеяння на сацыяльную рэчаіснасць і складаюць сістэму, якая дазваляе будаваць эфектыўныя дзеянні ў абарону правоў чалавека і іншых грамадскіх інтарэсаў праз працу з грамадскімі стасункамі рознай прыроды.

Сістэма негвалтоўных і скіраваных на сістэмныя змены метадаў праваабарончых дзеянняў уключае наступныя кампаненты:



  • Прававыя дзеянні, якія скіраваны на змяненне прававых норм і/ці практыкі іх ужывання праз распрацоўку і прасоўванне законапраектаў і іншых прапаноў па змяненні заканадаўства, а таксама праз вядзенне стратэгічных судовых спраў, якія запланаваны для аказання ўплыву на шырокае кола важных для правоў чалавека выпадкаў. Гэтая катэгорыя дзеянняў з’яўляецца перспектыўнай, паколькі скіраваныя яны на змяненне самой прававой матэрыі, аднак іх абмежаванасць вынікае з таго факта, што не заўжды парушэнні правоў чалавека абумоўлены толькі прававымі нормамі ці праваўжывальнай практыкай.

  • Палітычныя дзеянні праваабаронцаў скіраваны на пошук саюзнікаў сярод палітыкаў, незалежна ад таго, знаходзяцца яны пры ўладзе альбо ў апазіцыі. Пры гэтым праблемы ў галіне выканання правоў чалавека выносяцца на палітычны парадак дня праз наданне ім палітычнай значнасці. Палітычны ціск на карысць правоў чалавека можа аказвацца як знутры краіны, так і звонку, паколькі стан правоў чалавека не можа быць аднесены да унутраных спраў любой дзяржавы і з’яўляецца законным прадметам увагі сусветнай грамадскасці цалкам. Але пры гэтым мы ўсведамляем, што нават калі бягучыя праваабарончыя задачы сугучны з мэтамі палітыкаў – па сваёй сутнасці праца палітычных механізмаў адрозніваецца ад дзейнасці праваабарончага руху.

  • Грамадскія метады дзеянняў скіраваны на прыцягненне грамадскай увагі да прыватных ці агульных праблем невыканання правоў чалавка, а таксама на мабілізацыю грамадства да актыўнага змагання з гэтымі з’явамі альбо для ўздзеяння на дзяржаўную ўладу. Гэтыя дзеянні могуць выяўляцца ў грамадскіх дыскусіях ды лакальных, нацыянальных і міжнародных кампаніях ціску на органы дзяржаўнай улады, у тым ліку праз петыцыі і масавыя акцыі пратэсту, а таксама праз акцыі індывідуальнага альбо групавога грамадскага непадпарадкавання і адпаведныя перамоўныя працэдуры. Пры гэтым праваабаронцы ўсведамляюць, што хоць не заўжды іх ідэі падзяляюцца большасцю грамадства ў кожны канкрэтны момант, але ў далёкасяжнай перспектыве праз служэнне інтарэсам меньшасцяў нашы дзеянні служаць агульнаграмадскім інтарэсам.

  • Асветніцкія дзеянні скіраваны на падвышэнне прававой культуры ў грамадстве, распаўсюджанне ведаў аб праве ўвогуле і аб правах чалавека ў прыватнасці праз сістэмы фармальнай і нефармальнай адукацыі як сярод моладзі (школьнікі і студэнцтва), так і сярод дарослых, у тым ліку асабліва сярод асобаў, якія ў сілу прафесійнага стану звязаны з сітуацыямі магчымага парушэння правоў чалавека (суддзі, супрацоўнікі праваахоўных органаў, медыцынскіх і пенітэнцыярных устаноў і г.д.). Дасягнутыя праз такія дзеянні вынікі з’яўляюцца неабходнай умовай для таго, каб выкананне правоў чалавека стала не простай фармальнасцю, а рэальнай каштоўнасцю, якая ўваходзіць у будзёнае і прафэсійнае жыццё людзей.

  • Маніторынг стану правоў чалавека з’яўляецца неабходным даследчым складнікам для эфектыўнай праваабарончай дзейнасці. Пры гэтым унутранаму і знешняму маніторынгу павінны падлягаць як стан выканання правоў чалавека ў Беларусі ў цэлым, так і выкананне асобных правоў, характар ажыццяўлення пэўнымі дзяржаўнымі органамі асобных працэдур і функцый, дыскрымінацыя па гендэрнай прыкмеце, а таксама дыскрымінацыя і стан правоў асобаў, што належаць да рэлігійных, нацыянальных, этнічных, сэксуальных і іншых меньшасцяў, выкананне асобных заканадаўчых актаў (у тым ліку ўплыў заканадаўчых навэл), становішча ў закрытых установах (пенітэнцыярных установах, дзіцячых дамах, псіхіятрычных бальніцах) і іншыя аспекты. Звесткі, сабраныя праз маніторынгі, спалучаныя з вынікамі іншых даследванняў у галіне права і грамадазнаўства, павінны быць штуршком для наступных сістэмных і мэтаскіраваных праваабарончых дзеянняў альбо для ацэнкі іх эфектыўнасці.

  • Узамавыгоднае супрацоўніцтва і абмен досведам з замежнымі праваабарончымі арганізацыямі, у тым ліку падтрымка ініцыятыў, акцый і іншых дзеянняў праваабаронцаў за межамі Беларусі. Неадрыўнасць беларускага праваабарончага руху ад сусветнага праваабарончага руху – безумоўная важная рыса нашай справы. Доўгам беларускіх праваабаронцаў з’яўляецца практычнае далучэнне да змагання за правы чалавека ў іншых краінах.

Складаныя ўмовы для праваабарончай дзейнасці ў сённяшняй Беларусі робяць некаторыя з пазначаных метадаў складанымі і маладаступнымі. У тым ліку неправавы характар дзяржавы ўскладняе выкарыстанне юрыдычных механізмаў абароны правоў чалавека. Тым не менш, толькі комплекснае выкарыстанне ўсіх магчымых сродкаў барацьбы дазволіць нам дасягнуць нашых мэт і рэальна палепшыць становішча з прававамі чалавека ў нашай краіне. Дзеля гэтага спецыялізацыя праваабарончых няўрадавых арганізацый паводле іх арганізацыйных місій з’яўляецца фактарам узмацнення праваабарончага руху тады, калі маецца агульнае разуменне мэтаў і задач, што стаяць перад праваабарончым рухам і грамадзянскай супольнасцю Беларусі ў цэлым. У адваротным выпадку функцыянальная спецыялізацыя можа пайсці не на карысць правам чалавека, а ўсяго толькі аформіць існаванне выспачак “праваабароны” ў моры парушэнняў законнасці, знявагі правоў чалавека і чалавечай годнасці.

Дзеля забеспячэння эфектыўнага ўзаемадзеяння розных складнікаў айчыннага праваабарончага руху ў справе рэалізацыі палажэнняў гэтай стратэгіі мы заяўляем пра намер стварэння механізмаў узгаднення пазіцый адносна актуальных грамадскіх падзей, у тым ліку праз функцыянаванне ўрэгуляваных нарматыўным чынам пляцовак для камунікацыі. Гэтыя механізмы павінны быць створаны як на ўзроўні асобных накірункаў і сфер дзейнасці, так і на ўзроўні праваабарончага руху цалкам.

Мы ўсведамляем усю небяспеку стану праваабаронцаў у сітуацыі, калі дзяржаўная палітыка разглядае прынцыпы правоў чалавека як другарадную, неістотную, фармальную рэч і навязвае гэткае стаўленне грамадству. Абавязкам праваабаронцаў ёсць весці грамадства наперад да правоў чалавека, дэманструючы недахопы ў самім грамадстве. З іншага боку, праваабаронцы не павінны адрывацца ад грамадства, перастаючы быць ягонай часткай. У супярэчанні гэтых двух вартасцяў палягае ўнутраная супярэчліваць праваабарончага руху як у Беларусі, так і ва ўсім свеце, і пра яе трэба ўвесь час памятаць.

Мы бярэм на сабе абавязак абараняць правы і свабоды ўсіх асобаў, якія пацярпелі ад неабгрунтаванага пераследу ці абмежавання правоў з боку дзяржавы альбо сутыкнуліся з дыскрымінацыяй. Мы будзем прыкладаць усе намаганні не толькі дзеля таго, каб забяспечыць неабходную для гэтых асоб прававую, інфармацыйную, палітычную дапамогу, але таксама каб не дапусціць у далейшым падобных выпадкаў і дамагчыся сістэмных змен у стасунках паміж дзяржаўнай уладай і індывідам на грунце павагі да правоў чалавека і чалавечай годнасці.



Вынікам рэалізацыі гэтай стратэгіі павінна быць якаснае змяненне становічша з выкананнем правоў чалавека ў Рэспубліцы Беларусь, якое зробіць магчымым далучэнне Беларусі да сістэмы абароны правоў чалавека ў межах механізмаў Савета Еўропы.

Абвяшчаючы гэтую стратэгію, мы ўсведамляем, што “ўсеагульнае выкананне правоў чалавека” з’яўляецца хутчэй недасягальным ідэалам, чым задачай бягучай дзейнасці праваабаронцаў. Тым не менш, мы лічым, што асноўныя крытэрыі для ацэнкі становішча з правамі чалавека ў Беларусі ў кароткатэрміновым вымярэнні дастаткова відавочныя. Зыходзячы з гэтага, мы лічым першачарговымі параметрамі, якія б сведчылі пра фармаванне ўстойлівай пазітыўнай тэндэнцыі з боку беларускага ўраду ў перыяд 2011-2012 гадоў:



  • Абвяшчэнне мараторыя на выкананне смяротных прысудаў з наступным скасаваннем смяротнага пакарання

  • Скасаванне забароны на дзейнасць незарэгістраваных грамадскіх аб’яднанняў і іншых структур грамадзянскай супольнасці

  • Ажыццяўленне захадаў па выкананні рашэнняў Камітэта па правах чалавека ААН, прынятых па справах парушэнняў Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах з боку Рэспублікі Беларусь

  • Ажыццяўленне захадаў па выкананні (у тым ліку ў супрацы з праваабарончымі арганізацыямі і іншымі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці) усіх рэкамендацый, якія былі зроблены Саветам па правах чалавека ААН па выніках праходжання Рэспублікай Беларусь працэдуры Універсальнага перыядычнага агляду

  • Пабудова нацыянальных інстытутаў абароны правоў чалавека на дзяржаўным узроўні, у тым ліку ўвядзенне пасады ўпаўнаважанага па правах чалавека, стварэнне адмысловага грамадскага дарадчага органа па правах чалавека пры органах дзяржаўнай улады з прадстаўнікоў айчыннага праваабарончага руху, стварэнне механізмаў грамадскага кантролю за дзейнасцю праваахоўных органаў.

Выкананне гэтых першачарговых крокаў зробіць магчымым паўнавартаснае далучэнне Беларусі да Савета Еўропы з магчымасцю выкарыстання адпаведных рэгіянальных механізмаў абароны правоў чалавека.

У далейшым мы чакаем ад беларускіх уладаў паступовага набліжэння да агульнапрынятых і еўрапейскіх стандартаў па ўсім спектры правоў чалавека і дэмакратыі, а са свайго боку мы прыкладзем усе намаганні да прыспешвання гэтых працэсаў.



Удзельнікі Беларускага праваабарончага форуму бяруць на сабе абавязальніцтва прытрымлівацца духу і палажэнняў гэтай стратэгіі ў сваёй дзейнасці.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка