Праблемы кадыфікацыі праватворчай дзейнасці І юрыдычнай тэхнікі. //Юстыцыя Беларусі. – 2014. – № – С. – 32




Дата канвертавання18.03.2016
Памер174.79 Kb.
ПРАБЛЕМЫ КАДЫФІКАЦЫІ ПРАВАТВОРЧАЙ ДЗЕЙНАСЦІ І ЮРЫДЫЧНАЙ ТЭХНІКІ. //Юстыцыя Беларусі. – 2014. – № 8. – С. – 32.
Мікалай СІЛЬЧАНКА, прафесар, доктар юрыдычных навук
У сістэме беларускага заканадаўства сфарміраваўся канстытуцыйны інстытут крыніц права, нормы і палажэнні якога знайшлі канкрэтызацыю ў шэрагу асобных нарматыўных прававых актаў. Сярод крыніц пазітыўнага права узрасла колькасць і ўдзельная вага нарматыўных прававых актаў і прававых палажэнняў, якія прысвечаны рэгуляванню праватворчай дзейнасці і яе тэхніка - юрыдычнаму забеспячэнню. Адбываецца фарміраванне новых, адносна самастойных структурных частак сістэмы беларускага заканадаўства – заканадаўства аб крыніцах права і заканадаўства аб юрыдычнай тэхніцы, якія патрабуюць належнага заканадаўчага афармлення. Абгрунтоўваецца неабходнасць далейшых крокаў у справе рэгулявання праватворчай дзейнасці і яе тэхніка – юрыдычным забеспячэнні, прапануецца прыняць два узаемазвязаныя зводныя заканадаўчыя акты кадыфікаванага тыпу – кодэкс (закон) аб крыніцах беларускага права, а таксама кодэкс (закон) аб юрыдычнай тэхніцы.
Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь замацоўвае асноўныя элементы прававой сістэмы грамадства, акрэслівае знешнія параметры і вызначае вектары развіцця сістэмы заканадаўства. Важнае месца ў гэтых працэсах належыць канстытуцыйнаму інстытуту крыніц права, у склад якога ўваходзяць канстытуцыйна азначаная сістэма крыніц нацыянальнага права, механізмы падтрымання заканадаўства ў працоўным стане, сувязі паміж крыніцамі міжнароднага і нацыянальнага права, механізм імплементацыі міжнароднага права і інш. [1, с. 241 – 249 ]. Нормы і палажэнні дадзенага інстытута, які мае функцыянальную прыроду, былі канкрэтызаваны ў шэрагу значных нарматыўных прававых актаў [2 – 8], якія, па – першае, сталі важнымі вехамі ў развіцці прававой сістэмы грамадства а, па – другое, узнялі рэгламентацыю праватворчай дзейнасці на якасна новы ўзровень.

Адначасова ў сістэме заканадаўства узрасла колькасць і ўдзельная вага асобных нарматыўных прававых актаў, якія прысвечаны тэхніка – юрыдычнаму забеспячэнню праватворчай дзейнасці. Упершыню ў гісторыі нашай краіны на ўзроўні заканадаўчага акта ў форме указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь былі замацаваны правілы падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў [9]. З прыняццем дадзенага акта адбылася генералізацыя ў прававым рэгуляванні правілаў праватворчай тэхнікі і большая частка пытанняў, якія раней вырашаліся ў метадычных рэкамендацыях, знайшлі сваё замацаванне ў заканадаўчым акце.

На нашых вачах адбываецца фарміраванне якасна новых і адносна самастойных структурных частак сістэмы беларускага заканадаўства – заканадаўства аб крыніцах права і заканадаўства аб юрыдычнай тэхніцы. Разам з тым, сістэмны аналіз нарматыўнай асновы прававой сістэмы сведчыць аб неабходнасці: а) далейшых крокаў у справе рэгулявання праватворчай дзейнасці; б) канкрэтызацыі і дакладнага нарматыўнага замацавання сувязяў паміж крыніцамі міжнароднага і нацыянальнага права; в) больш грунтоўнага і поўнага замацавання сродкаў, правілаў, прыёмаў і метадаў юрыдычнай тэхнікі.

Вырашэнне акрэсленых і шэрагу іншых праблем праватворчай дзейнасці і яе тэхніка – юрыдычнага забеспячэння бачыцца праз распрацоўку і прыняцце двух зводных нарматыўных прававых актаў кадыфікаванага тыпу кодэкса аб крыніцах права і кодэкса аб юрыдычнай тэхніцы. Дадзеная ідэя была выказана мной у 2001 годзе пры падрыхтоўцы канцэпцыі ўдасканалення беларускага заканадаўства [10, с. 72]. Але на той момант у сістэме беларускага заканадаўства адсутнічала неабходная колькасць нарматыўных прававых актаў у азначаных сегментах прававога рэгулявання, што стварала істотную перашкаду для прадметнай сістэматызацыі і наступнай кадыфікацыі заканадаўства аб крыніцах права і юрыдычнай тэхніцы.



Неабходнасць у сістэме заканадаўства зводнага кадыфікаванага акта – кодэкса аб крыніцах права.

Ва ўмовах пабудовы сацыяльнай і прававой дзяржавы патрэбна на афіцыйным узроўні ажыццявіць як мага поўную фармалізацыю ўсёй сістэмы крыніц дзеючага пазітыўнага права, замацаваць сувязі субардынацыі, іерархіі і каардынацыі, якія існуюць у гэтай сістэме, вызначыць каналы, праз якія ў прававую сістэму ўводзяцца новыя нормы права, а таксама механізмы, з дапамогай якіх праводзіцца сістэматызацыя і кадыфікацыя заканадаўства. У разуменні азначаных і іншых пытанняў паміж навукоўцамі і практыкамі, паміж стваральнікамі права і яго карыстальнікамі не павінна быць разыходжанняў. У сферы стварэння, рэалізацы і прымянення права патрабуецца дакладнасць і аднастайнасць. Калі зыходзіць з таго, што эфектыўнасць сістэмы крыніц права наўпрост залежыць ад ступені разыходжання паміж афіцыйнай і фактычна дзеючай сістэмамі крыніц права, і ўзрастае па меры скарачэння разыходжанняў паміж імі [11, с. 161], то цалкам заканамернымі з’яўляюцца высновы аб неабходнасці распрацоўкі менавіта зводнага нарматыўнага прававога акта кадыфікаванага тыпу - кодэкса аб крыніцах права, бо толькі акт такога тыпа і формы прадстаўляе магчымасць найбольш поўнага замацаваня афіцыйнай сістэмы дзеючых крыніц нацыянальнага права.

Для распрацоўкі кодэкса аб крыніцах права маюцца дастатковыя падставы. За апошнія два дзесяцігоддзі пасля прыняцця Асноўнага закона суверэннай беларускай дзяржавы было прынята каля трох дзесяткаў асобных заканадаўчых актаў, прадметам рэгламентацыі якіх з’яўляюцца грамадскія адносіны ў сферы праватворчай дзейнасці. І – гэта толькі акты, якія наўпрост былі скіраваны на развіццё, планіраванне, апублікаванне і сістэматызацыю крыніц дзеючага права. Акрамя гэтага самыя розныя пытанні праватворчай дзейнасці рэгламентуюцца ў статутных заканадаўчых актах, іншых нарматыўных прававых актах рознай юрыдычнай сілы. Такім чынам, зараз маецца дастатковы аб’ём нарматыўнага масіва ў сферы праватворчай дзейнасці, што стварае неабходныя прававыя падставы для прадметнай інкарпарацыі крыніц права, якія дзейнічаюць у гэтай сферы грамадства, з мэтай іх наступнай кадыфікацыі. Маецца і вопыт ажыццяўлення буйных праектаў сістэматызацыі беларускага права. Напрыклад, у электроннай форме быў створаны Звод законаў Рэспублікі Беларусь, звыш дзесяці гадоў таму была распрацавана ўнікальная для дзяржаў СНД канцэпцыя ўдасканалення беларускага заканадаўства, якая і сёння працягвае дзеянне і аказвае істотны уплыў на развіццё беларускага заканадаўства.

Кодэкс аб крыніцах права хутчэй за ўсё будзе мець комплексны характар, таму што прадметам яго рэгулявання стануць грамадскія адносіны, якія маюць розную галіновую прыроду і ўваходзяць у прадмет прававога рэгуліравання канстытуцыйнага, адміністрацыйнага і міжнароднага публічнага правапа. Разам з тым, у кодэксе аб крыніцах права яскрава выдзяляецца «матэрыяльная частка» і «працэсуальная частка». Падзел кодэкса аб крыніцах права на матэрыяльную і працэсуальную часткі мае ўмоўны характар і не азначае неабходнасці ў структурным адасабленні матэрыяльных і працэсуальных норм права у самастойныя раздзелы кодэкса. Размова ідзе аб іншым. Неабходна як мага поўна на нарматыўным узроўні замацаваць сістэму крыніц дзеючага пазітыўнага права, усе працэсы стварэння пазітыўнага права і яго крыніц, працэсы інтэрпрэтацыі і сістэматызацыі заканадаўства. Калі ў сферы прымянення права сістэма працэсуальных норм права забяспечвае законнасць і правапарадак, то не менш важна, каб і ў сферы стварэння і дзеяння права на ўзроўні зводнага акта кадыфікаванага тыпу былі забяспечаны як законнасць, так і правапарадак.

У кодэксе можна выдзеліць досыць значную агульную частку і канкрэтызаваць там палажэнні канстытуцыйнага інстытута крыніц права, вызначыць мэты, задачы і прынцыпы прававога рэгулявання праватворчай дзейнасці, замацаваць сістэму крыніц нацыянальнага права. Тут жа можна даць азначэнні тэрмінаў і паняццяў, праз якія апісваецца ўся сістэма крыніц нацыянальнага права, вызначыь іншыя агульныя палажэнні. Напрыклад, замацаванне ў агульнай частцы кодэкса парадку дзеяння крыніц права ў часе, па тэрыторыі і па колу асоб пазбавіла б нас ад неабходнасці дубліравання дадзеных палажэнняў у іншых асноватворчых заканадаўчых актах, такіх, як Грамадзянскі кодэкс, Крымінальны кодэкс і г.д. У агульнай частцы кодэкса асобныя главы можна было б прысвяціць кожнаму з традыцыйных відаў крыніц права – нарматыўнаму прававому акту, дагавору нарматыўнага зместу, прававому прэцэдэнту, дактрыне (навуцы), свяшчэннаму пісанню і прававому звычаю.

У асаблівай частцы кодэкса можна было б замацаваць працэдуры стварэння, дзеяння і сістэматызацыі крыніц права. Такім чынам, «матэрыяльная частка» кодэкса аб крыніцах права будзе шмат у чым супадаць з яго агульнай часткай, а «працэсуальная частка» – з асаблівай.

Адзначу, што ідэя кадыфікацыі заканадаўства аб крыніцах права ў форме асноватворчага закона кадыфікаванага тыпу паступова набывае прыхільнікаў як сярод беларускіх, так і расійскіх навукоўцаў. Так, прафесар С.Р. Драбязка сярод нарматыўных прававых актаў, якія неабходна было б прыняць, называе і кодэкс аб крыніцах права [12, с. 145]. Расійскі даследчык, прафесар Ю.Г. Арзамасаў таксама пагаджаецца з тым, што « ... следовало бы принять федеральный закон «Об источниках (формах) права (выдзелена мной – М.С.) в Российской Федерации», который бы стал основополагающим, базовым документом, основой правового регулирования в нашем государстве. Закрепив в данном документе все виды (формы) источников права, следовало бы принять и видовые законы, регламентирующие различные виды нормотворческого процесса в государстве и унифицирующие виды нормативных актов, осуществляющих правовое регулирование в той или иной сфере [13, с. 331]». Варта заўважыць, што дамінуючай сярод расійскіх калег пакуль што з’яўляецца думка аб неабходнасці прыняцця закона аб нарматыўных прававых актах. Але ў Рэспубліцы Беларусь аналагічная задача ўжо вырашана і мы павінны рухацца наперад.

У справе далейшай рэгламентацыі працэсаў праватворчасці варта, аднак, вызначыцца з вектарам руху. На мой погляд, закон аб прававых актах, калі і будзе прыняты, стане важным, але ўсё ж прамежкавым крокам на шляху кадыфікацыі праватворчай дзейнасці. Справа ў тым, што дадзены закон, калі меркаваць аб яго канцэпцыі і праекце, мае іншую скіраванасць і прызначэнне, у яго тэксце не знаходзіцца месца нават такім традыцыйным крыніцам беларускага права як дагавор нарматыўнага зместу і прававы звычай, не гаворачы ўжо аб іншых праблемах праватворчай дзейнасці. Таму менавіта кодэкс аб крыніцах права будзе найбольш спрыяльнай формай комплекснага і поўнага замацавання ўсёй сістэмы крыніц пазітыўнага права, дзе можна урэгуліраваць як працэсы стварэння і дзеяння, так і пытанні інтэрпрэтацыі і сістэматызацыі заканадаўства.



Механізм імплементацыі міжнароднага права патрабуе канкрэтызацыі.

Інтэграцыя прававых сістэм – працэс, які суправаджае развіццё права ва ўсе часы. Аднак, глабалізацыя свету ўнесла значныя карэктывы ў характар узаемадзеяння крыніц міжнароднага і нацыянальнага права. Пад яе ўплывам інтэнсіфіцыраваліся ўніфікацыя і гарманізацыя нацыянальных прававых сістэм, на якасна новы ўзровень былі ўзняты пытанні імплементацыі міжнароднага права, як ніколі актуальным стала пытанне абароны нацыянальных інтарэсаў.

Пры кадыфікацыі права міжнародных дагавораў у форме Венскай канвенцыі «Аб праве міжнародных дагавораў [14]» былі нарматыўна замацаваны асноўныя дактрынальныя і звычаёвыя палажэнні міжнародна – прававога механізма імплементацыі крыніц міжнароднага права ў нацыянальныя прававыя сістэмы. Адначасова Венская канвенцыя аказала ўплыў і на канстытуцыйнае будаўніцтва, у прыватнасці, на фарміраванне канстытуцыйнага інстытута крыніц права. Яна стала моцным імпульсам у справе нарматыўнага замацавання нацыянальна – прававых механізмаў імплементацыі крыніц міжнароднага права і падштурхнула нацыянальнага заканадацеля да больш падрабязнай яго рэгламентацыі.

Ключавым момантам у справе стварэння нацыянальна – прававога механізма імплементацыі крыніц міжнароднага права ў нацыянальную прававую сістэму з’яўляецца вызначэнне юрыдычнай значнасці і сілы крыніц міжнароднага і нацыянальнага права. Аналіз деючага канстытуцыйнага і бягучага заканадаўства Рэспублікі Беларусь дазваляе сфармуляваць шэраг дактрынальных палажэнняў, якія складаюць аснову нацыянальнага механізма імплементацыі крыніц міжнароднага права.

Па – першае, нормы права, якія змяшчаюцца ў міжнародных дагаворах нашай краіны, з’яўляюцца складовай часткай дзеючага заканадаўства, і маюць юрыдычную сілу таго нарматыўнага прававога акта, якім выражана згода Рэспублікі Беларусь на абавязковасць для яе адпаведнага міжнароднага дагавора.

Па – другое, юрыдычная сіла міжнароднага дагавора ў нашай прававой сістэме не ўсталёўваецца аднастайна, яна з’яўляецца «рухомай», а міжнародны дагавор можа мець юрыдычную сілу дэкрэта, указа, закона, пастановы урада і г.д.

Па – трэцяе, юрыдычная сіла міжнароднага дагавора вызначаецца непасрэдна праз юрыдычную сілу нарматыўных прававых актаў нашага нацыянальнага права і тым самым падкрэсліваецца па меньшай меры роўназначнасць сістэмы крыніц міжнароднага і нацыянальнага беларускага права.

Міжнародныя дагаворы, якія імплементаваны ў нацыянальную беларускую прававую сістэму, не перастаюць быць крыніцамі міжнароднага права і рэгламентаваць міждзяржаўныя і іншыя міжнародныя адносіны, а крыніцы нацыянальнага права – крыніцамі ўнутрыдзяржаўнага права і рэгламентаваць унутрыдзяржаўныя адносіны. Гэтыя дзве сістэмы крыніц права непазбежна сутыкаюцца, бо інакш немагчыма забяспечыць выкананне міжнародных абавязацельстваў [15, с. 28], але патрабуюць спецыфічных механізмаў рэалізацыі. Унутрыдзяржаўны механізм імплементацыі павінен арганічна дапаўняць сістэму міжнароднаправавога механізма імплементацыі норм міжнароднага права, але найперш ён павінен забяспечваць нацыянальныя інтарэсы ў сферы рэалізацыі міжнароднага права. Бо толькі ў гэтых варунках нацыянальныя інтарэсы, якія знайшлі сваё нарматыўнае замацаванне ў міжнародных дагаворах, будуць абаронены ў поўнай меры, а мэты, якія ставіліся краінай пры пры заключэнні міжнародных дагавораў, дасягнуты.

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь замацоўвае самыя істотныя элементы ўнутрыдзяржаўнага механізма імплементацыі міжнароднага права ў нацыянальную прававую сістэму. Асноўныя яго элементы былі канкрэтызаваны і дэталізаваны ў законах Рэспублікі Беларусь «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» і «Аб міжнародных дагаворах». Прыняцце гэтых законаў стала важным крокам у гарманізацыі працэсаў узаемадзеяння крыніц міжнароднага і нацыянальнага беларускага права. Разам з тым, у справе імплементацыі крыніц міжнароднага права ў нацыянальную прававую сістэму існуе шэраг праблем. Напрыклад, не ў поўнай меры замацаваны парадак вызначэння нормаў міжнароднага дагавора, якія для сваёй рэалізацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь патрабуюць выдання актаў нацыянальнага заканадаўства. Неабходна таксама большая дакладнасць пры вызначэнні тых норм міжнароднага права, якія з’яўляюцца самыконваючыміся, і шэрагу іншых аспектаў імплементацыі крыніц міжнароднага права на нацыянальным узроўні, асабліва тых, адносна якіх у дактрыне міжнароднага права не існуе поўнага паразумення. Калі ўсе элементы ўнутрыдзяржаўнага механізма імплементацыі міжнароднага права не будуць належным чынам замацаваны, то гэта, па – першае, стане неперадольным бар’ерам на шляху рэалізацыі міжнародных дагавораў на тэрыторыі нашай краіны, па – другое, можа паставіць нашу краіну ў нязручнае становішча пры рэалізацыі міжнародных абавязацельстваў.

Самыя грунтоўныя пытанні ўзаемадзеяння паміж міжнародным і нацыянальным правам можна было б урэгуляваць у самастойнай главе кодэкса аб крыніцах права. Пры гэтым закон «Аб міжнародных дагаворах» захаваецца, але можа быць напоўнены больш канкрэтнымі нормамі права.



Праблемы нарматыўнага прававога замацавання юрыдычнай тэхнікі.

У юрыдычнай навуцы вядуцца даследаванні паняццяў юрыдычнай тэхнікі і юрыдычнай тэхналогіі, устанаўліваюцца іх суадносіны з іншымі паняццямі юрыдычнай навукі [16 – 20]. Але колькі б мы не ўдакладнялі змест паняццяў, не вызначалі, з якіх частак яны складваюцца, якія правілы, сродкі, прыёмы і метады неабходна выкарыстоўваць, каб стварыць дасканалы і адмысловы прававы дакумент – нарматыўны прававы ці індывідуальны прававы акт – і якія патрабаванні павінны быць захаваны пры ажыццяўленні юрыдычна значных дзеянняў і юрыдычна значнай дзейнасці ўвогулле, заўсёды ўзнікае пытанне аб абавязковасці гэтых правілаў, прыёмаў, сродкаў і метадаў.

Зразумела, што існуе па меньшай меры дзве групы інструментаў юрыдычнай тэхнікі – правілы, сродкі, прыёмы і метады, якія знайшлі сваё замацаванне ў дзеючым пазітыўным праве, і правілы, сродкі, прыёмы і метады, якія не замацаваны ў дзеючым праве і таму не маюць агульнаабавязковага значэння. У прынцыповым плане мы пагаджаемся з прафесарам А.Б. Венгеравым у тым, што юрыдычная тэхніка па сутнасці – гэта « …деловые обыкновения, сложившиеся в разных странах в ходе правотворческих процессов. Они могут быть закреплены в специальном нормативном акте, но могут действовать и на основе сложившихся обычаев. Конечно, это не самый лучший способ «делать» законы [21, с. 493].» Удакладнім, аднак, што інструменты юрыдычнай тэхнікі маюць рознае паходжанне. Адны з іх сапраўды складаліся паступова ў ходзе праватворчай і правапрымяняльнай дзейнасці ў асобных краінах і сталі звычаёвымі нормамі, іншыя былі запазычаны звонку ў ходзе ўзаемадзеяння прававых сістэм. Значная частка інструментаў юрыдычнай тэхнікі была распрацавана юрыдычнай навукай. Частка інструментарыя юрыдычнай тэхнікі мае ўніверсальны характар. Гэта правілы, сродкі, прыёмы і метады, якія ўжываліся раней у розных гістарычных і выкарыстоўваюцца ў зараз існуючых прававых сістэмах. Але, безумоўна, існуюць і такія правілы, сродкі, прыёмы і метады, якія маюць «вузка нацыянальны» характар і прыдатныя для ажыццяўлення праватворчай і правапрымяняльнай дзейнасці.

Асобныя расійскія аўтары прапануюць замацаваць правілы заканадаўчай тэхнікі ў спецыяльным законе аб нарматыўных прававых актах [21, с. 493]. На мой погляд, практыка рэгулявання праватворчай дзейнасці і замацавання інструментарыя юрыдычнай тэхнікі ў нашай краіне пайшлі іншым шляхам, для якога характэрна асобная рэгламентацыя праватворчай дзейнасці і замацавання юрыдычнай тэхнікі. Прынамсі, у законе «Аб нарматыўных прававых актах Рэспублікі Беларусь» былі замацаваны толькі асобныя патрабаванні праватворчай тэхнікі і толькі ў адной самастоўнай главе, але большая частка зместу гэтага акта прысвечана іншым пытанням праватворчай дзейнасці – планаванню праватворчай дзейнасці, сістэматызацыі заканадаўства і г.д. Упершыню ў гісторыі нашай краіны значная частка правілаў, прыёмаў, сродкаў і метадаў праватворчай тэхнікі была замацавана ў указе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 жніўня 2003 года, якім былі зацверджаны правілы падрыхтоўкі праектаў нарматыўных прававых актаў [9]. З прыняццем дадзенага указа адбылася генералізацыя ў прававым рэгуляванні інструментарыя праватворчай тэхнікі. Большая частка пытанняў, якія раней утрымліваліся ў метадычных рэкамендацыях, знайшлі сваё замацаванне ў заканадаўчым акце. З другога боку ў указе былі замацаваны правілы, якія раней выкарыстоўвалі ў звычаёвым парадку. Гэты заканадаўчы акт можна разглядаць у якасці правобраза будучага зводнага заканадаўчага акта кадыфікаванага тыпа аб юрыдычнай тэхніцы. Прынамсі адзначу, што па тэмпах нарматыўнага прававога замацавання правілаў праватворчай тэхнікі мы апярэджваем Расійскую Федэрацыю, дзе яшчэ ў 2007 годзе заставаліся актуальнымі прапановы аб распрацоўцы і зацвярджэнні правілаў юрыдычнай тэхнікі на ўзроўні пастановы урада [22, с. 16].

Варта падкрэсліць, што значная група правілаў юрыдычннай тэхнікі знайшла сваё адлюстраванне ў дэкрэтах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія былі прысвечаны парадку афіцыйнага апублікавання нарматыўных прававых актаў. Шырокі пералік правілаў, прыёмаў, сродкаў і метадаў юрыдычнай тэхнікі змешчаны ў рэгламентах палат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, утрымліваецца ў статутных заканадаўчых актах, рэгламентах іншых дзяржаўных органаў і устаноў, другіх нарматыўных прававых актах. Такім чынам, і ў справе нарматыўнага замацавання юрыдычнай тэхнікі таксама накоплены дастатковы аб’ём нарматыўнага матэрыяла для наступнай яго прадметнай сістэматызацыі і кадыфікацыі.

Разам з тым, ацэньваючы паўнату і ўзровень нарматыўнага замацавання юрыдычнага інструментарыя, пакуль што можна гаварыць аб яго фрагментарнасці, што не спрыяе ўзвышэнню планавасці, сістэмнасці і якасці праватворчай дзейнасці. Можна, безумоўна, пагадзіцца палажэннем Рэкамендацый па тэарэтыка – метадалагічных асновах удасканалення прававой сістэмы Рэспублікі Беларусь [23, с.6], у якім сцвярджаецца, што замацаванне ў заканадаўчым акце адзіных тэхніка – юрыдычных патрабаванняў да афармлення ўсіх відаў нарматыўных прававых актаў садзейнічала узвышэнню узроўня прававой культуры. Разам з тым, узнікаюць пытанні адносна іншага палажэння адзначаных рэкамендацый, у якім сцвярджаецца, што на сучасным этапе развіцця заканадаўства Рэспублікі Беларусь адной з найбольш актуальных задач у праватворчай дзейнасці з’яўляецца «оптимизация нормотворческой деятельности путём максимального упрощения требований к подготовке проектов правовых актов [23, с.8].»

Справа ў тым, што невядома, па – першае, аб спрашчэнні якіх патрабаванняў ідзе размова, а, па – другое, гісторыя развіцця заканадаўства сведчыць аб тым, што спрашчэнне патрабаванняў да падрыхтоўкі праектаў прававых актаў, як правіла, не ідзе на карысць якасці праватворчай дзейнасці і яе вынікаў. У гэтых варунках рэалізацыя адзначанай прапановы наўрад ці будзе садзейнічаць выпраўленню адмоўных тэндэнцый у развіцці заканадаўства, якія адзначаюцца ў Рэкамендацыях, у прыватнасці – нестабільнасці зместу кодэксаў і іншых законаў, наяўнасці ў сістэме заканадаўства значнай часткі дубліруючых актаў, рэгламентацыі на ўзроўні законаў малазначных пытанняў, неадназначнасці прадпісанняў асобных нарматыўных прававых актаў і г.д. Пераадоленню гэтых адмоўных тэндэнцый маглі б, як уяўляецца садзейнічаць прапановы іншага характару – аб узмацненні патрабаванняў да падрыхтоўкі праектаў усіх нарматыўных прававых актаў.

Падводзячы вынікі даследавання, можна зрабіць наступныя высновы. У Асноўным законе суверэннай беларускай дзяржавы краіны быў замацаваны функцыянальны інстытут крыніц права, які за апошнія 20 гадоў атрымаў развіццё і канкрэтызацыю ў не меньш, чым трох дзесятках заканадаўчых актаў, прадметам рэгламентацыі якіх з’яўляюцца грамадскія адносіны ў сферы праватворчай дзейнасці і сістэмы крыніц права. У кожным статутным законе таксама маюцца альбо самастойныя раздзелы, якія прысвечаны праватворчай дзейнасці і вызначэнню сістэмы крыніц права, альбо утрымліваюцца нормы права, прысвечаныя праватворчай дзейнасці, вызначэнню відаў нарматыўных прававых актаў, парадку іх прыняцця і дзеяння. Такім чынам, у сферы праватворчай дзейнасці накоплены дастатковы аб’ём нарматыўнага масіва, маецца вопыт ажыццяўлення масштабных кадыфікацыйных работ нацыянальнага права, што падштурхоўвае да далейшых крокаў па сістэматызацыі і наступнай кадыфікацыі заканадаўства ў азначанай сферы, мпагчыма, у форме зводнага заканадаўчага акта кадыфікаванага тыпу – кодэкса аб крыніцах беларускага права. Прадметам рэгулявання дадзенага кодэкса павінны быць усе віды дзеючых крыніц нацыянальнага права – традыцыйныя і нетрадыцыйныя, тыповыя і нетыповыя, класічныя і мадыфікаваныя, а таксама парадак іх стварэння і дзеяння, планавання і сістэматызацыі.

Павінна быць працягнута праца па нарматыўнаму замацаванню юрыдычнага інструментарыя – правілаў, сродкаў, прыёмаў і метадаў юрыдычнай тэхнікі. Прычым, размову трэба весці аб розных узроўнях прававога замацавання інструментаў юрыдычнай тэхнікі – на агульнадзяржаўным і на ўзроўні мясцовых органаў кіравання і самакіравання, у форме дзеючага пазітыўнага права і ў форме метадычных рэкамендацый, а канчатковай мэтай гэтай працы павінна быць прыняцце зводнага заканадаўчага акта кадыфікаванага тыпу – кодэкса аб юрыдычнай тэхніцы. Сёння зразумела, што адсутнасць сістэмнасці ў праватворчай дзейнасці і паўнаце нарматыўнага прававога замацавання юрыдычнай тэхнікі прыводзяць да крыўдных памылак пры развіцці заканадаўства.
1.Сільчанка, М.У. Тэорыя крыніц беларускага права / М.У.Сільчанка – Гродна: ГрДУ, 2012. – 253 с.

2. О нормативных правовых актах Республики Беларусь: Закон Республики Беларусь, 10 января 2000 г., № 361-З // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. – 2000. – № 7. – 2/ 136.


3. О международных договорах Республики Беларусь: Закон Республики Беларусь, 23 июля 2008 г., N 421-З // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. – 2008. – № 184. – 2/1518.
4. Концепция совершенствования законодательства Республики Беларусь: утв. Указом Президента Республики Беларусь, 10 апреля 2002 г., № 205 // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. – 2002. - № 46.- 1/ 3636.
5. Единый правовой классификатор Республики Беларусь: утв. Указом Президента Республики Беларусь «Об утверждении единого правового классификатора Республики Беларусь» ( в ред. Указа Президента Республики Беларусь, 6 августа 2002 г., № 424) // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. – 2002. – № 91. 1/3938.
6. О некоторых вопросах опубликования и вступления в силу правовых актов Республики Беларусь: Декрет Президента Республики Беларусь, 24 февраля 2012 г., № 3 // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. – 2012. – № 26. – 1/ 13351.
7. О Совете Министров Республики Беларусь: Закон Рэспублики Беларусь, 23 июля 2008 г. № 424 – 3 ( в ред. от 31 декабря 2009) // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. – 2008. – № 184.- 2/ 1521.
8.О местном управлении и самоуправлении: Закон Республики Беларусь, 4 января 2010 г. - № 108 – 3 (в ред. от 22 декабря 2011) // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. – 2010. – № 17. - 2/ 1521.
9. Правила подготовки проектов нормативных правовых актов: утв. Указом Президента Республики Беларусь, 11 августа 2003 г., № 359 // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. – 2003. – № 92. – 1/ 4856.
10. Сильченко, Н.В. Концепция совершенствования законодательства: понятие, структура, содержание / Н.В.Сильченко // Веснік Канстытуцыйнага Суда Рэспублікі Беларусь. –2001. – № 3. – С.68 –74.

11.Жукова – Василевская, Д.В. Источники права России: тенденции формирования и развития: дисс. … канд. юрид. наук: 12. 00. 01. / Д.В. Жукова – Василевская. – М., 2009. – 173 с.

12. Дробязко, С.Г. Отрасли права и отрасли законодательства в правовой системе Республики Беларусь и их совершенствование/ С.Г. Дробязко // Степан Григорьевич Дробязко: к 90 – летию со дня рождения С.Г.Дробязко / Белорусский государственный университет, юридический факультет, юридический колледж; редкол.: С.А.Балашенко [и др.]. – Минск: Бизнесофсет, 2013. – С. 135 – 147.
13. Арзамасов, Ю. Г . Теория и практика ведомственного нормотворчества в России / Ю.Г.Арзамасов – М.: Юрлитинформ, 2013 – 480 с.
14. О праве международных договоров: конвенция. Вена, 21 марта 1986 г // Национальный реестр правовых актов Республики Беларусь. – 2000. - № 44. – 2/76.

15.Черниченко, С.В. Вопрос о соотношении международного и внутригосударственного права как правовых систем // С.В.Черниченко / Правоведение. – 2009. – № 1 . – С. 6 – 34 .


16. Сильченко, Н.В. Закон: проблемы этимологии, социологии и логики / Н.В. Сильченко. – Мн.: Навука і тэхніка, 1993. – 119 с.
17. Вишневский, А.Ф. Теория и практика подготовки проекта нормативного правового акта / А.Ф. Вишневский, В.Н. Дмитрук. – Мн.: Дикта, 2004.– 148 с.

18. Ковкель, Н.Ф. Логика и язык закона / Н.Ф. Ковкель. – Мн: Право и экономика, 2009. – 299 с.


19. Бибило, В.Н. Понятие юридической техники / В.Н. Бибило // Веснік Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы. Серыя 4. Правазнаўства. – 2011. – № 4. – С. 3 – 9.
20. Егоров, А.В. Правоприменительная техника в сравнительно – правовых исследованиях / А.В. Егоров // Веснік Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. – Серыя 4. Правазнаўства. – 2013. – № 2. – С. 98 – 103.

21. Венгеров, А.Б. Теория государства и права: учеб. [для юрид.вузов]/ А.Б. Венгеров. – 6 – е изд., стер. – М.: Издательство «Омега – Л», 2009. – 607 с.: табл. – (Высшее юридическое образование).


22. Тихомиров, Ю.А. Юридическая техника – инструмент правотворчества и правоприменения / Ю.А. Тихомиров // Юридическая техника. – 2007. – № 1. – С. 12 – 16.

23. Рекомендации по теоретико – методологическим основам совершенствования правовой системы Республики Беларусь / Право. by. – 2013. – № 3. – С. 5 – 26.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка