ПРА КРЫЗЫСНАЕ СТАНОВІШЧА Ў БЕЛАРУСКАЙ ЭКАНОМІЦЫ
Пазыцыя Партыі БНФ
Беларускую эканоміку ахапіў фінансава-эканамічны крызыс. Усе групы грамадзтва ў трывозе за будучыню свайго дабрабыту й пэрспэктывы ўласнага эканамічнага выжываньня.
Крызыс мае глябальны характар. Але яго прычыны, наступствы і, галоўнае, пэрспэктывы хуткага пераадоленьня ў розных краінах моцна адрозьніваюцца і залежаць ад ступені дэмакратыі і адказнасьці ўлады перад грамадзтвам.
У краінах з дэмакратычным уладкаваньнем жыцьця, дзе функцыянуюць рэальна выбраныя парлямэнты і прызначаныя імі ўрады, паўнапраўныя няўрадавыя арганізацыі, свабодныя суб’екты рэальнай вытворчасьці і СМІ, адной зь перадумоваў пераадоленьня крызысу ёсьць фактар узаемнага даверу. Кіраўнікі ўрадаў, нацыянальныя банкі, адпаведныя камітэты парлямэнтаў, лідэры прамысловых карпарацыяў выступаюць з разгорнутымі кароткатэрміновымі і пэрспэктыўнымі доўгатэрміновымі праграмамі, якія шырока абмяркоўваюцца ў грамадзтве.
У Беларусі сёньня ключавыя пытаньні эканомікі, гэтаксама як і палітыкі, вырашаюцца кулюарна, зыходзячы з супярэчлівых выказваньняў фактычнага кіраўніка дзяржавы, якія пасьля паслухмяна інтэрпрэтуюць міністры ды абдзяржаўленыя тэлебачаньне, радыё, прэса. Аўтарытарная мадэрнізацыя, у пэрспэктывах якой нас пераконваюць ня толькі ўладныя прапагандысты, але некаторыя эўрапейскія палітыкі, у Беларусі ў прынцыпе немагчымая. Адзін з прыкладаў кулюарных рашэньняў – беспрэцэдэнтна цынічна праведзеная дэвальвацыя нацыянальнай валюты ў першы дзень новага году. У выніку багатыя прыўладныя структуры сталі яшчэ багацейшыя, страта даверу грамадзтва да ўлады стала эканамічным фактарам, а шанцаў на аздараўленьне нацыянальнай эканомікі паменела.
Партыя БНФ – патрыятычная сіла, што засьведчыла гатоўнасьць і волю бараніць беларускі нацыянальны інтарэс цягам усіх 20 гадоў свае гісторыі. Таму БНФ ня будзе падзяляць з А.Лукашэнкам адказнасьці за крызыс, для прадухіленьня якога ён не зрабіў нічога, а, наадварот, набліжаў і ўзмацняў яго сваёй палітыкай аднабаковай арыентацыі на Расею, кансэрвацыі савецкай мадэлі эканомікі, сыстэматычнага падману грамадзтва. Цяперашняя ўлада заслугоўвае як мага хутчэйшага сыходу ў адстаўку.
Сёньня, перад абліччам нарастаньня сыстэмнага крызысу, уладныя структуры спрабуюць выкарыстоўваць лібэральную тэрміналёгію, а нават уключаюць асобных прадстаўнікоў недзяржаўных структураў у групы выпраўленьня міжнароднага іміджу дзяржавы. Захады дзеля зьмены гаспадарчага заканадаўства, якія ажыцьцяўляе лукашэнкаўскі ўрад, прывядуць толькі да ўзбагачэньня праўладных бізнэсовых структураў, а не да ўмацаваньня сярэдняга й малога прадпрымальніцтва – асновы здаровай эканомікі й сярэдняй клясы ў дэмакратычных краінах. Але безь інстытуцыянальных зьменаў, скіраваных на пабудову ўзаемнага агульнанацыянальнага даверу, гэты падыход застанецца толькі дэкарацыяй ранейшай сутнасьці рэжыму.
БНФ гатовы браць на сябе адказнасьць за распрацоўку і практычную рэалізацыю канкрэтных шляхоў пераадоленьня сыстэмнага крызысу, у якім апынулася Беларусь.
Аднак немагчыма выпрацоўваць спосабы вырашэньня эканамічных праблемаў ва ўмовах сакрэтнасьці, якой акружаныя эканамічная інфармацыя і эканамічныя рашэньні. Сакрэтнасьць толькі правакуе домыслы, чуткі, нэрвовасьць, а ў выніку далейшае пагаршэньне сытуацыі з нацыянальнай грашовай адзінкай і фінансава-эканамічнай сытуацыяй у цэлым. Непразрыстасьць вакол пагадненьняў з Расеяй вымушае меркаваць пра патаемную здачу дачасьнікамі пры ўладзе карэнных нацыянальна-дзяржаўных інтарэсаў нашай краіны.
Гэтаксама БНФ катэгарычна адмяжоўваецца ад правакацыйных прапановаў “лібэральных” эканамістаў для пераадоленьня крызысу перайсьці на расейскі рубель.
У нармальным грамадзтве грамадзянская супольнасьць патрабуе ад ураду і мае аб’ектыўную публічную інфармацыю пра стан рэчаў. Нязгодная, крытычная частка грамадзтва можа толькі тады напоўніць свае макрасхемы канкрэтнымі рэкамэндацыямі, калі будзе мець доступ да першакрыніцаў, якія ў цывілізаваных грамадзтвах ня лічацца дзяржаўнай ці камэрцыйнай таямніцай.
Таму Партыя БНФ патрабуе ад ураду публічнага адказу на наступныя пытаньні:
-
На якіх палітычных ды эканамічных умовах кіраўніцтва Беларусі дамовілася з Расеяй пра цану на газ у 2009 годзе?
-
Якімі палітычнымі ды эканамічнымі ўмовамі абстаўлены расейскі крэдыт у памеры 2 млрд. даляраў?
-
2,5-мільярдны крэдыт МВФ для Беларусі можа часткова дапамагчы выканаць толькі кароткатэрміновыя праграмы. Як мяркуецца распарадзіцца ім для стабілізацыі фінансавай сыстэмы і не дапусьціць яго змарнаваньня і раскраданьня ўладнай групоўкай? Як бачыць урад працяг фінансава-эканамічнай палітыкі пасьля вычарпаньня крэдыту МВФ?
-
Як зьмянілася за апошнія гады форма ўласнасьці ААТ “Белтрансгаз”? Якім чынам перадача значнага пакету акцыяў ААТ расейскім суб’ектам гаспадараньня адаб’ецца на энэргетычнай бясьпецы нашай краіны?
-
Якія фінансавыя крыніцы ва ўмовах крызысу мяркуецца выкарыстаць для пабудовы АЭС? Як будзе ўмацоўвацца энэргетычная незалежнасьць Беларусі, калі замову на будаўніцтва АЭС атрымліваюць расейскія карпарацыі? Якім вырашаныя пытаньні паразуменьня з ЭЗ, каля межаў якога мяркуецца будаваць АЭС, а таксама пытаньні захаваньня, будаўніцтва сховішчаў, транспарту рэшткаў адпрацаванага паліва?
-
Як зьмяніўся стан асабістых рублёвых рахункаў найвышэйшых службовых асобаў краіны ў пэрыяд за два тыдні да дэвальвацыі? Якую адказнасьць панесьлі ўладныя чыноўнікі й прыўладны бізнэс, якія своечасова мелі інфармацыю пра плянаваную дэвальвацыю беларускага рубля, а ў выніку, у адрозьненьне ад шараговых укладчыкаў, ня толькі не панесьлі стратаў, але ўзбагаціліся?
-
Выступаючы 13 студзеня перад журналістамі пасьля наведваньня “Белкамунмашу”, А.Лукашэнка амаль даслоўна сказаў: “Сейчас не нужно плакать о каких-то рублях, нужно спасать производство …”. Ці азначае гэта, што найбольш бедным укладчыкам (непрацоўным пэнсіянэрам з малой пэнсіяй, калгасьнікам) 20%-ая страта банкаўскіх укладаў ня будзе кампэнсаваная?
-
Якім чынам будзе выкананы новапрыняты бездэфіцытны бюджэт, калі не скасаваныя доўгатэрміновыя дарагія нерэнтабэльныя праграмы будаўніцтва аграгарадкоў, спартовых аб’ектаў, плянуюцца фактычна незваротныя крэдыты калгасам, чыя запазычанасьць дзяржаве складае больш за 45% пры 9%-най долі сельгасвытворчасьці ў сукупным ВП?
-
Ці будуць для зьмяншэньня бюджэтнага дэфіцыту скарочаны дзяржапарат, замарожаныя ці зьніжаныя аклады чыноўнікам (пачынаючы з найвышэйшых), зьніжаныя ці скасаваныя бонусы банкаўскім мэнэджэрам, падвышаныя падаткі на люксусовыя пакупкі?
-
Звычайная пэнсія складае каля 40% сярэдняга заробку і сёньня дэвальвавалася прыблізна да ўзроўню 2006 году. Пэнсія чыноўніка, пачынаючы з 5-гадовага стажу – значна вышэйшая, а потым дасягае 70% ад заробку. Якія захады будуць зробленыя для скасаваньня відавочнай пэнсійнай дыскрымінацыі? Ці і калі плянуецца падвышэньне пэнсійнага ўзросту?
-
Штучна падтрымліваецца няпоўная занятасьць на вытворчасьці. Гэта кансэрвуе тэхналягічнае адставаньне і неканкурэнтаздольнасьць беларускіх тавараў. Як улічваюцца пры ацэнцы стану працоўных рэсурсаў краіны 1,5 млн. чалавек працаздольнага ўзросту, якіх “не хапае” ў статыстыцы занятасьці? Калі будуць зробленыя празрысты кваліфікаваны падлік фінансаў, скарачэньне занятых на нерэнтабэльных вытворчасьцях, падвышэньне выплатаў па беспрацоўі (ад 30% да 50% ад сярэдняга заробку) і тым самым легалізацыя рэальнага беспрацоўя?
-
Як суадносяцца пляны разбудовы расійска-беларуска-казахстанскага вытворча-спажывецкага цыклю, якія кансэрвуюць старую вытворчасьць, зь неабходнасьцю мадэрнізацыі беларускай прамысловасьці і яе выхаду на стабільныя і патрабавальныя рынкі разьвітых краінаў?
-
Ці гатовы ўрад даць публічную справаздачу пра зьмену формы ўласнасьці (перавод з ААТ у ЗАТ) за апошнія 5 гадоў і фактычных уласьнікаў найбольш ліквідных і прыбытковых прадпрыемстваў вытворчасьці, гандлю, абслугоўваньня?
-
Пры дапамозе якіх мэханізмаў урад гарантуе захаванасьць асабовых укладаў у банках зь беларускім і замежным капіталам?
-
Калі і якім чынам урад зьбіраецца выканаць абавязак вярнуць маёмасьць і страты шматкроць абрабаваным грамадзянам, у тым ліку празь зямельную рэформу?
-
Ці, калі і за кошт чаго будзе выкананыя рашэньні аб сацыяльных гарантыях асобным групам насельніцтва, у тым ліку ўказ аб павелічэньні дапамогі маладым сем’ям зь дзецьмі з 1 студзеня 2009 г.? Ці і ў якой ступені будуць падвышаныя цэны на лекі й мэдычныя паслугі? Ці будуць праіндэксаваныя з улікам дэвальвацыі сацыяльныя выплаты?
* * *
Партыя БНФ гатовая прапанаваць пазытыўны адказ на кожнае пытаньне, пастаўленае ўраду. Аднак практычная рэалізацыя выратавальных для эканомікі крокаў будзе магчымай толькі пасьля дэмакратычных рэформаў, у атмасфэры грамадзкага даверу. Сур’ёзныя інстытуцыянальныя рэформы можа ажыцьцявіць толькі ўрад народнага даверу. Мы гатовыя ўзяць на сябе адказнасьць за фармаваньне такога ўраду – пасьля таго як адбудуцца свабодныя дэмакратычныя выбары.
|