Пра Беларусь у цэнтры Амэрыкі




Дата канвертавання23.03.2016
Памер86.01 Kb.
Пра Беларусь у цэнтры Амэрыкі
 Пра Беларусь у цэнтры Амэрыкі згадвалася, распавядалася, паказвалася і слухалася цягам цэлага тыдня сёлета ў сярэдзіне студзеня.  Вартбургскі каледж (Wartburg Colledge), які быў заснаваны ў 1875 годзе і дзейнічае ў горадзе Уэвэрлі (Waverly), штат Айова, арганізаваў адмысловы “Беларускі тыдзень”, каб пазнаёміць студэнтаў і выкладчыкаў з краінаю у сярэдзіне Эўропы, якая апынулася пад увагаю амэрыканскай зьнешняй палітыкі з-за пануючага там дыктатарскага рэжыму.
     Штат Айова знаходзіцца на поўначы сярэдзіннай ці, можна сказаць, цэнтральнай часткі ЗША. Гэты сельскагаспадарчы рэгіён Амэрыкі мае не толькі тыповы беларускі раўнінны краявід, але і падобную нам ментальнасьць насельніцтва. З самага дзяцінства я засвоіла галоўны запавет маіх бацькоў і бальшыні жыхароў майго гарадзенскага краю: “трэба добра вучыцца, перад усім - здабываць адукацыю”. Дык вось, штат Айова  займае адно з першых месцаў у ЗША па адукаванасьці і наяўнасьці адукацыйных цэнтраў. Пад час выступаў на імпрэзах “тыдня” кіраўнікоў і прафэсараў каледжа увесь час згадвалася пра тое, як там  клапоцяцца пра якасьць адукацыі, пра пашырэньне кругагляду навучэнцаў, пра тое, каб  не толькі даць студэнтам веды, але заахвоціць іх да самастойнай працы, дапамагчы сфармаваць у іх здольнасьць да аналізу інфармацыі і эфэктыўнага выкарыстаньня яе ў прафесійнай дзейнасьці. І вось у кантэксце гэтых падыходаў кіраўніцтва каледжу зацікавіла і беларуская тэма. Ініцыявала яе прафесарка каледжа Паўліна Сурвілла, яна  сустрэла актыўную падтрымку прэзыдэнта каледжу Дэрыла Колсана, іншых прафесараў і цэлай адміністрацыі. Да ідэі правядзеньня “Беларускага тыдня”  яны паставіліся з вялікай адказнасьцю і арганізавалі ўсё, як мне бачылася, на самым высокім узроўні.
     У якасьці ганаровых гасьцей і выступоўцаў з лекцыямі былі запрошаныя сп. Станіслаў Шушкевіч - былы старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі, сп. Дэйвід Суорц – першы амбасадар ЗША у Беларусі, а цяпер сукіраўнік Цэнтру Беларускіх дасьледаваньняў у Канзасе, сп-ня Івонка Сурвілла – старшыня Рады БНР. За подпісам прэзыдэнта каледжу сп. Колсана запрашэньне атрымала і Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне. Таму і мне надарылася магчымасьць у гэты зімовы марозны час з перасадкамі ляцець ў Айову і сваімі вачыма пабачыць добрыя, шчырыя адносіны да нас - беларусаў з боку амэрыканскай навуковай інтэлігенцыі. Гэтая паездка дала вельмі шмат дзеля большага пазнаньня Амэрыкі і яе гасьціннага народу, а  таксама дзеля навязаньня новых кантактаў як з амэрыканцамі так і з тамашнімі беларусамі, якія таксама знайшліся.
      Да Уэвэрлі я дабралася пад вечар 15 сьнежня. У папярэднія два дні ў каледжы ўжо прачыталі некалькі лекцый для студэнтаў сп-ня Сурвілла і сп. Шушкевіч. Назаўтра, 16 студзеня, чакаўся асноўны выступ сп. Суорца. Лекцыя адбывалася ў вялікай актавай залі і не магло не парадаваць нас тое, што заля была поўная, прыйшлі як студэнты, так і выкладчыкі. Усе зацікаўлена слухалі. Пытаньні да дакладчыка былі перанесеныя на другую, пасьляабедзенную частку сустрэчы, якая была абазначаная ў праграме, як Панэльная дыскусія па Беларусі. Слухачоў у залі не паменшала і нават дадалося журналістаў мясцовых газэтаў і тэлебачаньня. На пытаньні адказвалі сп. Суорц, сп-ня Сурвілла і сп. Шушкевіч, якія сядзелі за сталом на сцэне. Аўдыторыя выявіла актыўную зацікаўленасьць, задавалася шмат пытаньняў.  З увагаю былі выслуханы кароткія выступы сп-ні Сурвіллы і сп. Шушкевіча. Некаторыя з прысутных выяўлялі добрую абазнанасьць у беларускіх справах і пытаньні іх былі глыбокімі па зьместу.
У гэты дзень мы набылі шмат сяброў і прыхільнікаў Беларусі, данесьлі інфармацыю пра сытуацыю на нашай Бацькаўшчыне да шырэйшых колаў амэрыканскага грамадзтва. Добра паспрыялі гэтаму мясцовыя журналісты, якія запісвалі інтэрвю, рабілі фота і відэа і потым мы бачылі ў мясцовых выданьнях гэтыя інфармацыі, што займалі не апошнія старонкі ў выпусках.  Адзін з журналістаў паведаміў, што ягоныя бацькі паходзяць з Беларусі і таму ён прыйшоў, каб падаць інфармацыю пра беларускіх гасьцей у сваю газэту. Там я бліжэй пазнаёмілася з адной вельмі актыўнай журналісткаю, якая нядрэнна размаўляла па расейску. Калі яна назвала прозьвішча – Дзімітрава,  адразу пазнала ў ёй баўгарку, што яна і падцьвердзіла. Я мела вопыт кантакту з баўгарамі, калі жыла ва ўцякацкім лягеры ў Чэхіі у адным блёку з баўгарскай сямьёю, таму мы лёгка сышліся і доўга размаўлялі, седзячы за адным сталом на вячэры. Анэля аказалася не толькі журналісткаю, але і прафэсаркаю іншага каледжу, дзе выкладала журналістыку. Пасьля яна зрабіла добры відэарэпартаж пра нашыя імпрэзы.
     Пасьля Панэльнай дыскусіі прысутныя яшчэ доўга не разыходзіліся, многія падыходзілі да гасьцей пагаварыць, запытацца нешта, сфатаграфавацца разам. Сярод іх была маладая жанчына, якая прыехала спецыяльна пабачыцца з суродзічамі. Паліна Хацько аказалася з Барысава, жыве ў Амэрыцы каля 20 гадоў, выкладае музыку (піяніна)  ў суседнім універсытэце (University of Northern Iowa), добра гаворыць па беларуску. Абмяняліся кантактамі і я паабяцала ёй дасылаць нашу газэту і дала некалькі асобнікаў..
    Пасьля цёплых сустрэчаў мы сталі пачувацца ў Айове, як дома. За шмат гадоў выгнаньня я пабачыла такія блізкія, знаёмыя краявіды – палі, ляскі там-сям, гурбы сьнегу і добры прымаразак, як у дзяцінстве. Праўда, усё лепш упарадкавана , дагледжана і хаты багацейшыя. А людзі, як у нас – прыветныя. Як толькі ў Чыкага я перасела ў невялікі мясцовы самалёцік, каб ляцець у Айову, мой сусед у салёне адразу запытаўся: “Is Iowa your home?” Відаць, хацеў паразмаўляць пра мясцовыя навіны, але, я адказала, што, на жаль, Айова не ёсьць маім домам і буду там толькі госьцем.
     Вельмі прыветна ставіліся да нас выкладчыкі і супрацоўнікі каледжу, больш блізкія кантакты з імі адбываліся ў нас пад час сумеснага абеду і афіцыйнага банкету. Арганізатары распісалі так месцы за сталамі, каб мы былі сярод мясцовых і больш раззнаёміліся ў сяброўскіх гутарках. Гэта аказалася сапраўды карысным і цікавым. Мы распавядалі пра Беларусь, кожны пра сябе і яны таксама прадстаўляліся нам. Сярод нашых суседзяў пры стале я пабачыла знаёмы твар жанчыны, пра якую прачытала перад гэтым у мясцовай газэце, што яе нядаўна на выбарах абралі ў гарадзкую адміністрацыю. Павіншавала яе і яна была прыемна зьдзіўленая. Родам яна з Эўропы, з  Аўстрыі, добра гаворыць па –нямецку. Увогуле, гэты рэгіён населены эмігрантамі з Нямеччыны, Аўстрыі і таму  ў аэрапорце, у крамах пытаюцца, ці гаворыш па-нямецку і мне гэта часам дапамагала, хаця нямецкую ўжо зусім амаль забылася.
     Пад час абеду мы былі ўражаныя тым, як былі падабраныя букеты жывых кветак на сталах – у бел-чырвона-белых колерах з украпленымі васількамі. Дзе толькі раздабылі гэтыя васількі зімою? Але, як сказалі, адна жанчына знайшла. Гэта Амэрыка, тут ёсьць усё, не раз давялося пераканацца.
     Вячэра, а дакладней сказаць- густоўны банкет, стаў своеасаблівым працягам афіцыйных мерапрыемстваў. Напачатку было афіцыйнае прадстаўленьне і знаёмства з традыцыйным поціскам рук, потым кароткія прамовы прэзыдэнта каледжу  і з нашага боку, абмен падарункамі і сувенірамі. Але, стрыжнем праграмы быў выступ студэнцкага хору. У каледжы іх чатыры, гэты быў з найбольшых – 76 чалавек зайшлі ў залю, выстраіліся паўкругам і першым прасьпявалі адзін з вядомых амэрыканскіх гімнаў. А потым загучаў наш “Магутны Божа”, па – беларуску, амаль без акцэнту сьпявалі амэрыканскія студэнты ў далёкай Айове і я не магла стрымаць сьлёз. Ды і ўсе прысутныя былі моцна ўзрушаныя. Гэты падарунак падрыхтавала ўсім нам Паўлінка Сурвілла, яна развучвала са студэнтамі тэкст і мелёдыю. І цяпер надыйшла чарга, каб распавесьці больш пра яе, што была галоўным ініцыятарам і арганізатарам гэтага беларускага сьвята ў цэнтры Амэрыкі.
     Сп. Паўліна вельмі сьціплы чалавек і, напэўна, не ўхваліла б мой намер напісаць  пра  яе шмат добрых словаў. Але, мушу гэта зрабіць, бо яна заслугоўвае. Шмат хто ведае, што Паўліна – дачка Івонкі і Янкі Сурвіллаў. З дзяцінства яна была далучаная да беларускага жыцьця, але шмат хто з дзяцей эмігрантаў быў далучаны, ды не застаўся пры беларускай справе на далей.  Паўлінка не толькі засталася, але і сталася актыўнай прапагандысткаю беларускай культуры ў Амэрыцы. Ужо 20 гадоў яна працуе прафэсаркаю ў Вартбургскім каледжы, выкладае этнамузыкалёгію. Вывучала у Беларусі музычную культуру новага часу, музычны рок і на гэтую тэму напісала дысэртацыю выдадзеную ведамым амэрыканскім выдавецтвам. Яе студэнты добра ведаюць што за краіна Беларусь і яе культура. Паўліна таксама зьяўляецца кіраўніком Цэнтра беларускіх дасьледаваньняў у Канзасе. Яна любіць і ўмее працаваць з моладдзю, у каледжы яе паважаюць і любяць. Кіраўнікі каледжу выказвалі падзяку Івонцы за такую дачку і называлі Паўлінку адным з найлепшых прафэсараў. Прыемна было і нам усім гэта чуць і бачыць. Вось так, дастаткова працы нават аднаго актыўнага і адказнага чалавека, каб цэлы амэрыканскі каледж зацікавіць беларушчынаю.
      Першы раз я пазнаёмілася з Паўлінкаю гадоў дваццаць таму(дакладны год не памятаю) калі яны з мужам Эрыкам  прыязджалі ў Менск і давалі канцэрт у Доме дружбы з замежнымі суайчыньнікамі. Эрык іграў на кларнэце,  а Паўлінка выконвала ролю вядучай. Цяпер муж Паўлінкі кіруе дэпартмантам музыкі ў Вартбургскім каледжы і ўсялякім чынам спрыяе і дапамагае жонцы ў беларускіх справах. У іх двое падросшых сыноў, старэйшы з сябрам прыходзіў на беларускія лекцыі і відавочна цікавіцца тым, што адбываецца ў краіне ягоных продкаў. Бліжэйшае знаёмства з Паўлінаю, з яе сямьёю, з тою працаю, якую яна робіць, сталася для мяне прыемнай старонкаю ў гэтым падарожжы. Здаецца, і ведала ўсё пра яе, але, лепш пабачыць на ўласныя вочы, каб больш шанаваць і па магчымасьці падтрымліваць яе, працаваць разам, каб захоўваць беларускае жыцьцё ў Амэрыцы.

     Радая была яшчэ раз пабачыцца са сп. Суорцам. Ведаемся ўжо доўгія гады, але толькі гэтым разам пазнаёмілася бліжэй і была ўражаная ягонай энэргічнасьцю, актыўнасьцю, адданасьцю ў працы дзеля нас-беларусаў. Даведалася, што стала ён жыве ў Індыяне. Выбраўся ў Айову ў халады, адзін на аўто, а дарога займае дзесяць гадзінаў. А якую зьмястоўную, грунтоўную лекцыю падрыхтаваў пра сытуацыю на постсавецкай прасторы і ў Беларусі, у прыватнасьці, з якою выступіў, даў некалькі інтэрвью, чытаў іншыя лекцыі студэнтам. А потым ізноў у далёкую дарогу дамоў. Я нават захвалявалася, кажу: ”Як Вы адзін паедзеце ў такую дарогу?”. А ён кажа: “А, нічога, неяк даеду, не першы раз”. Вось дзе прыклад для многіх нашых маладзейшых ды лянівых новых эмігрантаў, што на  беларускую імпрэзу ў Брукліне не могуць дабрацца.


     Таксама і сп. Шушкевіч у свае немаладыя гады пераадолеў акіян і паў-Амэрыкі, каб падтрымаць сваім удзелам “Беларускі тыдзень” у Айове. А я яшчэ сумнявалася, як дабяруся туды з Нью-Ёрку.
     Сп. Івонка Сурвілла была ў дарозе значна больш за мяне. У Канадзе халады, настудзілася, пачувала сябе не надта здароваю, але мужна вытрымала ўсю праграму, прамаўляла, давала інтэрвю, чытала лекцыі і, здавалася, не адчувала стомы. Цешылася з посьпехаў дачкі і магчымасьці больш распавядаць пра Беларусь. Цікавасьць да яе асобы, як прэзыдэнта ўраду ў экзылі, была вельмі вялікая.
     Добрыя ўражаньні ад новай сустрэчы пакінуў даўно мне знаёмы Віталь Воранаў, які зараз робіць дактарат у Канзасе, а нашым чытачам больш вядомы, як актыўны беларускі дзеяч у Познані. Ён меў абавязак перакладчыка сп. Шушкевіча і так выдатна спраўляўся з ім, што было прыемна глядзець на добрую прафесійную працу. Далей яны са сп. Шушкевічам  накіраваліся ў Канзас і Віталь ужо стаўся адмысловым кіроўцам аўта. Наперадзе  іх таксама чакала доўгая дарога ў мароз і сьнег, аднак на поўдзень, дзе значна цяплей.
Сьвята скончылася, але ў душы засталася цеплыня ад сустрэчы з ранейшымі і новымі сябрамі. Пры разьвітаньні са сваімі пыталіся, дзе сустрэнемся ў наступны раз. У якіх толькі краінах не бачылася я з кожным з іх – у Празе, у Польшчы, у Нью-Ёрку, у Канадзе, Лёндане.  Толькі вось на Бацькаўшчыне не можам пакуль сабрацца, але дзеля такой сустрэчы ў вольнай  Беларусі і ездзім па сьвеце, распавядаем пра нашу краіну і яе праблемы, шукаем і знаходзім падтрымку сумленных людзей.

    


Ганна Сурмач

     Ганна Сурмач нарадзілася ў 1947 годзе ў Беларусі, на Гарадзеншчыне. Скончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, аддзяленне гісторыі. 23 гады працавала ў дзяржаўных архівах Беларусі. Апошнія 10 гадоў была дырэктарам Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.


Адна з заснавальнікаў Згуртавання беларуса свету “Бацькаўшчына”, у 1993 годзе ўзначальвала падрыхтоўку першага з’езду беларусаў свету, там была абраная старшынею Рады “Бацькаўшчыны”.
Была ў апазіцыі да Лукашэнкі і вымушаная была пакінуць працу ў архіве. У 1999 годзе з-за пагрозаў з боку ўладаў мусіла выехаць з Беларусі і папрасіла палітычны прытулак у Чэхіі, атрымала, жыла 7 гадоў у Празе, з іх 5 гадоў працавала ў беларускай службе “Радыё Свабода”, аўтарка перадачы пра беларускую эміграцыю ў свеце. У 2007 годзе пераехала ў ЗША бліжэй да сына і ўнукаў. На Кангрэсе ‘BAZA’ ў 2011 годзе абрана старшынею ‘BAZA’. Архівіст Фундацыі Крэчэўскага, сябра Рады БНР. Рэдактарка газеты “Беларусь”.

 

 


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка