Подзвіг на Сажы




Дата канвертавання28.05.2016
Памер74.79 Kb.
Подзвіг на Сажы
У тыя далёкія лістападаўскія дні 1943 года трэцяяармія генерала Гарбатава рыхтавалася да наступлення. Камандзір 175-й асобнай стралковай роты 121 гвардзейскай дывізіі капітан Калінкін, атрымаўшы з Вярэйшчыны ліст ад родных, з болем у сэрцы чытаў, што ў яго вёску Падольнае паштальён штодзень прыносіць пахавальныя. Іх ужо атрымалі бацькі ПаўлаФірсава, Паўла і Сяргея Савасцьянавых, Герасіма Пярова, Васіля Бакшэева ... Гэта былі сябры Калінкіна і, чытаючы такое аб іх, кроў халадзела ў жылаў. Адсюль, з Прыбара, Калінкін адправіў у Падольнае пісьмо з фотаздымкам, на адваротным баку ён пісаў ідучыя з глыбіні душы словы: “На вечную памяць аб Вялікай Айчыннай вайне. Няхай помніць маю жалезную руку той, хто яе паціскаў. І вы помніце, родныя, і ты, жонка Галіна, успамінай свайго баявога сябра, храбрага і слаўнага, які змагаецца супраць нямецкіх фашыстаў. За Радзіму-маці, за сяброў і за цябе, жонка...

Ваш Міхаіл. Беларусь. Лістапад, 1943 год.”.

Аб чым думаў Міхаіл Герасімавіч у тую ноч перад боем, цяжка меркаваць. Магчыма, у яго памяці ўсплыло дзяцінства, пра якое кажуць, што гэта зямля, з якой вырастаюць дрэвы чалавечых талентаў і характараў. І як бы высока ні ўзнімаліся дрэвы, там, у дзяцінстве, схаваны карэнні, што сілкуюць і трымаюць іх на зямлі.

... Нарадзіўся Міхаіл Герасімавіч Калінкін 16 красавіка 1916 года ў невялічкай рускай вёсачцы Падольнае, размешчанай на беразе Рудзі, рачулкі, якой няма на карце. Зубчатка лесу цягнецца ўздоўж ракі, якая бліскучай змейкай ўецца каля самага дома Калінкіных. У дзяцінстве Рудзь здавалася Міхаілу самай вялікай ракой на свеце. У яе вірах ён лавіў рыбу з братам Алёшам. Браты блізняты аднойчы паспрачаліся. Алёша сцвярджаў:



  • Няма канца нашай Рудзі.

  • Хлусіш, - пярэчыў Міша.

Каб вырашыць спрэчку, ішлі дзеці шніз па цячэнні. Ішлі цэлы дзень, пакуль не заўважылі вусце рачулкі, якая ўпадала ў Протву. У гэтым паходзе Міша праявіў вынослівасць, цвёрдую волю. Алёша стаміўся, некалькі разоў вяртаўся назад, але Міша настойліва ўгаворваў яго.

Сусед Калінкіных, дзядуля Аляксандр Іванавіч Савасцьянаў, пры сустрэчы з намі аб гэтых дзецях сказаў так:



  • Рабяты былі баявыя, малойчыкамі мы іх клікалі. Хлапчукі з малых гадоў палюбілі працу, бо бацька іх, Герасім Андрэевіч, быў улюбёны ў зямлю-карміцельку і гэтая любоў перадавалася дзецям.

Непрыкметна прыйшоў час ісці ў школу, якая знаходзілася ў суседняй вёсцы Благавешчанне. Хлапчукі, бы дзве кроплі вады, былі падобны адзін на другога. Расказваюць былыя савучні Мішы і Алёшы, што настаўнік ніяк не мог іх адрозніць.

Заўважыўшы гэта, Міша, не вывучыўшы ўрок, садзіўся на месца Алёшы. І калі за благі адказ дрэнная адзнака ставілася не яму, а Алёшу, хлопчык з хітрынкай у вачах глядзеў на настаўніка. Аднойчы Алёша расказаў маці пра хітрасць брата. І калі Праскоўя Ягораўна стала ўшчуваць сына, той са слязамі на вачах запэўніў маці, што больш ніколі не будзе рабіць дрэнных учынкаў.

Благавешчанскую пачатковую школу Міша скончыў на 2выдатна”. З пахвальнай граматай напрасткі праз поле і лес ён ішоў у роднае Падольнае падзяліцца сваёй радасцю з бацькамі і сёстрамі Марыйкай і Лізай.

Яшчэ ў пачатковай школе Міша захапляўся чытаннем кніг аб гераізме. Паўка Карчагін быў з ім усюды: і на рыбалцы, і ў лесе, і на нарыхтоўцы дроў, і ў паходзе ў горад вярэю. Былы настаўнік Міхаіла – Мікалай фядотавіч Кісялёў прыгадвае:

- Выкладаў я гісторыю ў Вышагародскай сярэдняй школе, у якой у той час вучыўся Міхаіл Калінкін. Ад Падольнага да Вышагорада было каля шасці кіламетраў. І хадзіць трэба было праз лес. Дарогу перасякала рачулка, якая вясной разлівалася, а маста не было. З Падольнага ў мароз і завею, у дажджы і высновы паводак вучні заўсёды без спазненняў прыходзілі ў школу. Памятаецца, сядзіць на ўроку ў мокрым адзенні Міхаіл Калінкін:

- Хіба сябрам тваім не было броду? Нават дзяўчынкі ног не замачылі ішоўшы ў школу.

- Брод быў, - дружна адказалі вучні. – Але Міша нас усіх перанёс праз яго.

Настаўніца-пенсіянерка Ганна Віктараўна Кісялёва, колішняя выкладчыца біялогіі, характарызуе Калінкіна як вельмі чулага сябра, які заўсёды гатовы быў прыйсці на дапамогу таму, хто ў бядзе. Калі хто з вучняў, здавалася, захварэе, адведаць яго, дапамагчы ў вучобе – заўсёды ініцыятарам быў Міша.

Асабліва Мішу Калінкіна захапляла даследніцкая работа. У той час толькі ўводзілася травасеянне. На прышкольным участку вырасцілі канюшыну і насенне перадалі мясцоваму калгасу. Дзеці былі ў захапленні, калі пачулі пахвалу ў свой адрас ад старшыні калгаса. Многія юннаты пазней сталі паляводамі, а Міша Калінкін – трактарыстам.

Дырэктар школы М. Ф. Кісялёў дапамог Міхаілу ўладкавацца на курсы трактарыстаў, якія адкрыліся пры Вярэйскай МТС. Хутка праляцелі месяцы вучобы. І запаветная мара юнака стала ывай: ён у камбінезоне самастойна вядзе сталёвага каня па палетках роднага калгаса “1-2 Мая”. Невялікі ХТЗ спорна паласуе глебу, пакідаючы за сабою раўнюткія стужкі раллі. На абветраным твары Міхася ззяе радасць. Памочнікам у яго брат Аляксей.

Брыгадзір трактарнай брыгады Мацвей Уладзіміравіч Чысцякоў, прымаючы работу ад братоў, заўсёды зазначаў:


  • Ёсць дзве нормы, Герасімавічы! І тут жа, акінуўшы хітраватым

позіркам хлапцоў, дадаваў: - Малойчыкі, малойчыкі. Праскоўіны малойчыкі!

Здаўшы работу, Міхаіл садзіўся на трактар, і, быццам салавей,

заліваўся песняй. Ён быў хлопец з запалам, вясёлы музыкант, спявак і танцор на ўсю ваколіцу.

Суседка Калінкіных Клаўдзія Пятроўна Новікава, успамінаючы юнацтва Калінкіна, зазначала, што, калі пойдзе на вячорках Міхась выстукваць “барыню”, дык здавалася, што костачак няма ў яго. Але ж і працаўніком быў адменным. Фамілія яго не зыходзіла з Дошкі гонару МТС.

Глыбокай восенню 1936 года Міхаіла Калінкіна вяскоўцы праводзілі ў рады Чырвонай Арміі на тэрміновую службу. Праводзіны былі ўрачыстыя. На іх сабраліся ўсе жыхары вёскі. Дырэктар МТС уручыў Міхасю імянны гадзіннік, а старшыня калгаса “1-е Мая” – грашовую прэмію.

На застоллі побач з Міхасём сядзела, пунцавеючы ад сарамлівасці, Галка Аляксеева.

За гады службы Калінкін Міхаіл паказаў вельмі добрыя вынікі ў падрыхтоўцы, паказаў сябе сапраўдным чалавекам. А пасля службы вярнуўся ў раён.

У раёне Міхаілу прапанавалі працаваць інструктарам Асаавіяхіма. Міхаіл не згаджаўся. Хацеў зноў быць трактарыстам. Але сакратар райкома партыі пераконваў:

- Трактары ў нас водзяць ўжо і дзяўчаты. Трэба моладзі даваць салдацкую закваску, разумееш, Міхаіл Герасімавіч?

- Разумею, - адказаў Калінкін і даў згоду працаваць ассавіяхімаўскім інструктарам.

У выхадныя дні Міхаіл Герасімавіч з юнакамі і дзяўчатамі арганізоўваў экскурсіі на славутае Барадзінскае поле, дзе кожны камень, узгорак, , Масква-рака, Уціцкі лес і мнагалікія помнікі напамінаюць аб славе рускай армііручым подзвігу войска Кутузава.

Затым вяселле. Нядоўгай была радасць маладажонаў. І мядовы месяц скончыўся, а Міхаіл ужо развітаўся з Галінай, бо цяжкае, пякучае слова “вайна” прыйшло ў Падольнае.

Праводзілі Міхаіла Герасімавіча ўсёй вёскай.

Набліжаўся час абпраўкі ў Вярэю. Срэбрам каціліся слязінкі па твары маці.

- Пішы, Міша, часцей, хоць па слоўцу ўдзень, - шэптам гаварыла Праскоўя Ягораўна.

Бацьку не давялося праводзіць сына на вайну: ён памёр у перадваенную зіму.

А яшчэ было развітанне з Галяй, вочы якой сінія, як бездань неба, засцілалі слёзы.

Машына з мабілізаванымі кранулася з месца. І хутка родны кут, ахутаны густым пылам, застаўся далёка ззаду.

Праз месяц пасля таго, як Вярэйшчына была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у студзені сорак другога Міхаіл Калінкін наведаў родныя мясціны. Вось ён ідзе па лесе, дзе калісці збіраў крамяныя баравікі і залацістыя лісічкі. Шматлікія сосны і яліны стаяць без маковак, знявечаныя вайной. Вось і Падольнае, якое быццам згубілася на ўскрайку лесу. Міхаіла сустракаюць маці, жонка, сёстры і малодшы брат Коля. Аляксей быў у арміі.

Вылілі яны салдатусваё гора, якое перажылі за месяцы акупацыі. Слухаў Калінкін іх горыч і нянавісцю да фрыцаў налівалася сэрца салдата. А калі сказалі, што ў яго быў сын і... няма, то балюча-балюча зашчымела яно і гарачы камяк сціснуў горла. А крыху пазней Калінкін даведаўся аб мужнай смерці патрыётаў Вярэйшчыны. Ён іх добра ведаў. Нячаеў, Скварцоў, Захараў паміралі паміралі з песняй “Врагу не сдаётся наш гордый “Варяг”.Азвярэлыя гестапаўцы здзекваліся з патрыётаў жывых, потым і мёртвых.

Брат Міхаіла Калінкіна Коля аб той сустрэчы прыгадвае:

- Міша падарыў мне камандзірскую шапку і пільна глядзеў на яго пісталет. Брат быццам прачытаў мае думкі і сказаў:

- Бачу, стрэліць хочаш, хлопча.

Павесіў я сваю шапку на тын. Міша заклаў патрон і даў пісталет. Стрэл - і міма.

- Нічога, ты яшчэ малы біць фрыцаў, расці, браток, а пакуль вырасцеш, людзі навучацца жыць у міры.

Назаўтра ён развітаўся з роднымі. Блізкія доўга глядзелі яму ўслед, пакуль не знікла ў снежнай каламуці пост аць Міхаіла.

... Ціхая раніца 22 лістапада 1943 года. Сонца рассыпала свае промні па пойме Сажа. І яны заглядвалі ў акопы салдат, быццам цалуючы іх перад атакай. Рота Калінкіна знаходзілася ў некалькіх дзесятках метраў ад варожай абароны.

Хутка пачалася кароткая, але моцная артылерыйская падрыхтоўка. Праз некалькі мінут байцы за агнявым валам кінуліся ў атаку. Рота Калінкіна першай уварвалася ў варожую траншэю. Пачалася бітва не на жыццё, а на смерць.

Міхаіл Калінкін таксама кінуўся ў рукапашную. Ён ва ўпор расстраляў 12 варожых салдат. Фашысты не ўстаялі і пабеглі. Вось траншэя. Гвардыі капітан Калінкін разам з салдатамі ўрываецца ў яе. На яго напалі тры гітлераўцы. Калінкін дваіх застрэліў, трэцяга збіў прыкладам аўтамата. Таксама мужна змагаліся і салдаты капітана. Радавы Анатоль Лотачкін ўварваўся ў дзот і знішчыў яго разлік. Радавы Павел Васільеў штыком закалоў чатырох фрыцаў.

У траншэях Калінкін быў паранены. Перамагаючы боль, ён падняўся і крыкнуў:

- За мной, уперад, таварышы!

З фланга фашысцкі дзот затрымліваў прасоўванне роты. Роўную і адкрытую мясцовасць цяжка было пераадолеці пад кулямётным агнём. Міхаіл Калінкін бачыў, як падалі на зямлю байцы. Ён падпоўз да дзота і кінуў дзве гранаты ў амбразуру. Але ў гэты час немцы з суседняга дзота адкрылі агонь. Калінкін быў паранены другі раз. Побач з ім ўпаў баец. Сабраўшы апошнія сілы, капітан падпоўз да другога дзота, кінуў гранату. Раздаўся выбух. Але кулямёт працягваў страляць. Тады камуніст Калінкін закрыў амбразуру сабой.

Варожы кулямёт захлынуўся. Байцы выбілі ворага з траншэі і сталі прасоўвацца ўперад.

... Салдаты паднялі з зямлі камандзіра і знялі шапкі. Выціраючы слязіны, радавы Васільеў сказаў:

- Наш камандзір быў для нас сябрам і бацькам. Ён загінуў па-геройскі. Адпомсцім жа за яго ворагу!

- Адпомсцім!, - у адзін голас адгукнуліся воіны.

Рота працягвала наступленне. Яна выбіла фашыстаў з вёскі Студзянец.

За подзвіг, які здзейсніў М. Г. Калінкін пры вызваленні Кармяншчыны ад пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. Кармянцы свята ўшаноўваюць памяць аб герою. На тым полі, дзе здзейсніў свой подзвіг Калінкін, расце сад. Адна вуліца ў райцэнтры і адна ў вёсцы Літвінавічы носяць імя героя.

На помніку, што ўзвышаецца на крутым беразе Сажа, золатам адліваюць словы:

Герой Савецкага Саюза

Капітан

КАЛІНКІН МІХАІЛ ГЕРАСІМАВІЧ

(1916-1943)

22 лістапада 1943 года загінуў смерцю

храбрых у баі ля в. Студзянец, паўта-

рыўшы подзвіг А. Матросава.
Не, не загінуў рускі віцязь. А як сказаў паэт:


  • Умирая не умрет герой – мужество останется в веках.

В. Рудня. М. Кольчаў


(“Зара над Сожам” 1984. №№ 138-139).


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка