Першыя ўкраінамоўныя пераклады твораў васіля быкава




Дата канвертавання18.05.2016
Памер58.96 Kb.
Лынша В. І.

(Мінск)
ПЕРШЫЯ ЎКРАІНАМОЎНЫЯ ПЕРАКЛАДЫ

ТВОРАЎ ВАСІЛЯ БЫКАВА
Васіль Быкаў – адзін з беларускіх пісьменнікаў, творы якіх актыўна перакладаліся на замежныя мовы. У аглядным артыкуле Д. Курносава “Челавек на войне”, змешчаным у аўтарытэтным маскоўскім выданні “Литературное обозрение”, адзначалася: “Читают Короткевича, Шамякина, Пташникова. Но особенно любят Быкова” [6, 26]. Аналізуючы літаратуразнаўчыя даследаванні творчасці Быкава за межамі СССР, Курносаў узнімае вельмі важную праблему. Высокаякасны мастацкі пераклад магчымы толькі пры ўмове паглыбленага асэнсавання перакладчыкам мастацкага свету таго пісьменніка, творы якога ён вырашыў “перасадзіць” на грунт уласнай літаратуры. Задача перакладчыка – выявіць сувязі арыгінальнага творцы з роднай, аўтэнтычнай культурай, асэнсаваць яго дачыненні да сусветнай культуры, “проследить эти связи и влияния в структуре, живой плоти его произведений В зарубежной критике Недячко, Петков, Любомир Стефанов, Иржи Гонзик, Здзислав Уминский, Штефан Влашвен, Властелин Вробец, Ньота Тун, Антон Хирша и другие стремятся именно на таком уровне вести анализ быковской прозы” [6, 29]. Як бачым, Д. Курносаў вылучае сярод замежных даследчыкаў і перакладчыкаў твораў Васіля Быкава некалькі імёнаў і іх творчую практыку ставіць у прыклад перакладчыкам з СССР.

Асобнай праблемай паўстае гісторыя ўкраінамоўных перакладаў твораў Васіля Быкава. А тут прадугледжваецца высвятленне некалькіх аспектаў. З аднаго боку, Васіль Быкаў сваёй біяграфіяй быў моцна звязаны з Украінай, неаднойчы прызнаваўся, што любіў украінскі народ. Веданне ўласнай, беларускай гісторыі паглыбляла яго разуменне шляхоў нацыянальнага развіцця ўкраінцаў. І гэта, безумоўна, мела сваё ўздзеянне на ўкраінскіх перакладчыкаў. З другога боку, цэнзурныя ўціскі, якія існавалі ў СССР у дачыненні да свабодалюбівых творцаў, у вялікай ступені закранулі Васіля Быкава. Творчая біяграфія пісьменніка была вельмі няпростай. Украінскія дзеячы культуры міжволі былі ўцягнуты ў сітуацыі крытычнага ўспрыняцця асобных думак, перакананняў, меркаванняў беларускага Праўдалюба.

З улікам адзначаных акалічнасцей у шырокай карціне ўкраінамоўнага жыцця твораў Васіля Быкава можна вылучыць некалькі этапаў. Першы – увага да пачатковага перыяду станаўлення пісьменніка. Другі звязаны са з’яўленнем аповесці “Мёртвым не баліць”. Трэці быў абумоўлены перабудоўчымі падзеямі. Зрэшты, святло перабудоўчых працэсаў пашыраецца і на практыку асэнсавання і перакладу твораў Васіля Быкава, якія здзяйсняюцца ўжо ў ХХІ ст. Неабходна пры гэтым адзначыць, што на прысутнасць творчасці Васіля Быкава ва Ўкраіне ўплывалі не толькі суб’ектыўныя і аб’ектыўныя акалічнасці, прадыктаваныя спецыфікай гістарычнага часу, агульнага для ўсіх народаў, што ўваходзілі ў СССР, але і асаблівасці нацыянальнай ментальнасці ўкраінскіх дзеячаў культуры, якія далучыліся да ацэнкі, даследавання, перакладу твораў беларускага пісьменніка.

Межы канкрэтнага выступлення арыентуюць нас на разгляд фактаў з першага этапу рэцэпцыі творчасці Васіля Быкава ва Ўкраіне. Выдатным дапаможнікам у даследчыцкай працы, скіраванай на выяўленне сувязей беларускіх пісьменнікаў з іншамоўнымі літаратурамі, з’яўляецца біябібліяграфічны слоўнік “Беларускія пісьменнікі”. Першы том выдання змяшчае матэрыялы, звязаныя з творчасцю Васіля Быкава, - у прыватнасці падрыхтаваную В. Козіч бібліяграфію публікацый яго твораў у роднай і замежных краінах. Асобнымі падраздзеламі вылучана сувязь Быкава з Украінай. Рэцэпцыю творчасці беларускага пісьменніка ва Ўкраіне можна прасачыць 1) праз бібліяграфію ўкраінамоўных перакладаў, 2) праз крытычныя водгукі пра пісьменніка. Гэты бібліяграфічны слоўнік складаўся на падставе матэрыялаў, якія былі надрукаваны да 1985 г.; 1990 год стаў апошнім пры ўліку манаграфічных літаратуразнаўчых выданняў і перакладаў, якія выйшлі асобнымі кнігамі. Фактычна гісторыя ўспрыняцця творчасці Васіля Быкава ва Ўкраіне за апошнія 25 гадоў патрабуе спецыяльнага вывучэння, у тым ліку і складання адпаведнй бібліяграфіі.

Спынімся на аглядзе першых украінскіх перакладаў, першых літаратуразнаўчых матэрыялаў пра беларускага пісьменніка. Адзначым, што біябібліяграфічны слоўнік “Беларускія пісьменнікі” пачатак рэцэпцыі пісьменніка Васіля Быкава ва Ўкраіне зафіксаваў досыць канкрэтна і дакладна [гл. 2, 437]. Піянерам у асэнсаванні быкаўскіх твораў з’яўляецца часопіс “Дніпро”: у 1959 г. з’явілася на ўкраінскай мове апавяданне беларускага пісьменніка “На возеры” у перакладзе К. Скрыпчанкі [гл. 3] (тут, праўда, памылкова пазначаны ініцыял перакладчыка як С.). Гэты ж кіеўскі часопіс у 1961 г. друкуе ўкраінамоўны пераклад апавядання “Чацвёртая няўдача”, выкананы Б. Комарам [гл. 4]. Трэба прызнаць пэўную аператыўнасць украінскага ўспрымаючага боку: названыя арыгінальныя тэксты Васіля Быкава былі надрукаваны менавіта ў гэты ж час: апавяданне “На возеры” у №2 часопіса “Маладосць” за 1958 г., апавяданне “Чацвёртая няўдача” – у №2 часопіса “Маладосць” за 1960 г.

Ды гэтае першаснае засваенне твораў Васіля Быкава ва ўкраіне выклікае крытычныя заўвагі. Як высветлілася, у біябібліяграфічным слоўніку “Беларускія пісьменнікі” не ўлічана асобная літаратуразнаўчая праца ўкраінскіх вучоных А. Бабышкіна і Г. Назаранкі “Вистояти і перемогти: проблема морального випробування у творчості Василя Бикова”, выдадзеная ў Кіеве ў 1985 г. [гл. 1]. З другога боку, і ў гэтай працы існуе недакладнасць. Аўтары сцвярджаюць, што першым перакладчыкам твораў Быкава на ўкраінскую мову з’яўляецца М. Шуміла. Як зафіксавана і ў Беларусі, як вядома і ва Ўкраіне, сапраўды М. Шуміла паспрыяў украінскай “прыпісцы” твораў беларускага пісьменніка. У перакладзе М. Шумілы ў 1964 г. выйшла асобным выданнем кніга “Третя ракета”, у якую ўвайшлі аповесці “Трэцяя ракета” і “Франтавыя старонкі”. Але, як ужо адзначана, першыя пераклады на ўкраінскую мову твораў Васіля Быкава з’явіліся раней і належаць іншым творцам.

Звернемся да перакладчыцкай працы Б. Комара. Узнаўленне апавядання Васіля Быкава “Чацвёртая няўдача” сродкамі ўкраінскай мовы выканана на высокім узроўні. Той, хто ведае ўкраінскую мову, прызнае правільнасць выказанай тут ацэнкі. Дазволім сабе вялікую цытату, каб пацвердзіць аб’ектыўнасць адзначанага:

“Це була тяжка робота. Хай би краще якийсь глей, його як-небудь можна було б надовбати киркою та потихеньку й повикидати лопатою. В цій же проклятій лісній землі, наскрізь перевитій товстими, як батоги, і міцними, як дріт, ялиновими коренями, мало користі було від кирки, лому чи звичайної лопатки. Одне, що допомагало Турку копати цей окопчик, була сокира. Солдат раз по раз випростувався в ямі, яка потроху, але все ж глибшала, брався за топорище і блискучим затупленим лезом перерубував у твердій землі смолисті корені. Потім він брав з кутка лопату й кидав нею через плече земляні брили. Величезні грудомахи шурхали неподалік у вільховому кущі, а розсипчастий дріб’язок, підхоплений вітром, трусився на його спину, шию, пілотку” [4, 93].

Прыгадаем, ўкраінцам найперш уласціва рамантычнасць успрыняцця рэчаіснасці, што ў ўкраінскага пісьменніка знаходзіць выявы найперш у метафарычнасці мыслення, яскравай пейзажнай каларыстыцы, складанай, барочнай стылістыцы сказаў. У Васіля Быкава – як беларускага пісьменніка – найбольш выразна праступаюць менавіта рэалістычныя сродкі пісьма. Васіль Быкаў падрабязны ў канкрэтыцы, пад яго пяром апісанне наваколля набывае нават нейкую пераабцяжанасць у падачы рэалій. Аднак настойлівая дэталізацыя ў апісанні дзеяння салдата, яго рухаў, яго працы выступае своеасаблівым прыёмам псіхалагізацыі, раскрыцця ўнутранага стану душы дзейнай асобы, сродкам дадатковай (магчыма, і галоўнай) характарыстыкі персанажа. Зрэшты, сумная карціна дапамагае і раскрыццю асноўнай ідэі твора. Вайна – гэта цяжкая праца, якая не выключае трагічнай развязкі сюжэта. Адзін з галоўных паўпрэдаў творчасці Васіля Быкава ў рускім літаратуразнаўстве І. Дзядкоў напіша пра разгледжаны твор беларускага пісьменніка: “В “Четвертой неудаче” шла будничная война и будничной была в ней смерть, и буднично приходила к солдату «недостающая вера в себя». Первый бой, первый успех, первые утраты, – В. Быков начинал с «азов» войны, с того, как люди учились воевать» [5, 35].

Такім чынам, прыходзім да высновы, што першыя пераклады твораў Васіля Быкава на ўкраінскую мову прагучалі асаблівым камертонам, які задаў правільную танальнасць успрыняцця быкаўскай прозы. Тут і лаканічнасць выказвання, і сцісласць стылістычная - тыя якасці, якія атрымалі азначэнне своеасаблівага “каэфіцыента нацяжэння” ў стылі беларускага пісьменніка. Адступленні ад гэтых “параметраў” паэтыкі прозы Васіля Быкава непазбежна прывяло б да руйнавання і формы, і ідэі твораў Васіля Быкава. Аднак першым украінскім перакладчыкам пашчасціла не ўчыніць такога роду памылкі.


ЛІТАРАТУРА




  1. Бабишкін, О. К., Назаренко, Г. І. Вистояти і перемогти: проблема морального випробування в творчості Василя Бикова / О. К. Бабишкін, Г. І . Назаренко. -- Київ, 1985.

  2. Беларускія пісьменнікі: біябібліяграфічны слоўнік. у 6 т.– Мінск, 1992. – Т.1.

  3. Биков, В. На озері / Василь Биков; переклад К. Скрипченка // Дніпро. – 1959. – №1.

  4. Биков, В. Четверта невдача / Василь Биков; переклад Б. Комара // Дніпро. – 1961. – №5.

  5. Дедков, И. Василь Быков / Игорь Дедков. – М., 1966.

  6. Курносов, Д. Человек на войне / Д. Курносов // Литературное обозрение. – 1984. – №5.








База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка