Пагадненне паміж Рэспублікай Беларусь I Каралеўствам Нарвегія аб міжнародных аўтамабільных зносінах




Дата канвертавання13.06.2016
Памер58.1 Kb.


ПАГАДНЕННЕ

паміж Рэспублікай Беларусь i Каралеўствам Нарвегія

аб міжнародных аўтамабільных зносінах

Рэспубліка Беларусь і Каралеўства Нарвегія, якія далей называюцца "Дагаворныя Бакі",

жадаючы садзейнічаць ажыццяўленню пасажырскіх і грузавых перавозак аўтатранспартнымі сродкамі паміж Рэспублікай Беларусь і Каралеўствам Нарвегія і транзітам праз іх тэрыторыі,

пагадзіліся аб ніжэйпададзеным:


1. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

Артыкул 1.

Вызначэнні

Для мэтаў гэтага Пагаднення:

1. "Дзяржава рэгiстрацыі" азначае адзін з Дагаворных Бакоў, дзе зарэгістраваны транспартны сродак.

2. "Дзяржава, якая прымае" азначае адзін з Дагаворных Бакоў, які не з'яўляецца дзяржавай рэгiстрацыі і дзе транспартны сродак выкарыстоўваецца для перавозак.

3. "Перавозчык" азначае любую фізічную або юрыдычную асобу аднаго з Дагаворных Бакоў, якая валодае дазволам ажыццяўляць міжнародныя аўтамабільныя пасажырскія і/або грузавыя перавозкі ў адпаведнасці з яго нацыянальным заканадаўствам.

4. "Пасажырскі аўтатранспартны сродак" азначае любы транспартны сродак з механічным прывадам, які абсталяваны і выкарыстоўваецца выключна для перавозкі пасажыраў.

5. "Рэгулярныя перавозкі" азначаюць пасажырскія перавозкі, якія ажыццяўляюцца з пэўнай рэгулярнасцю і па загадзя вызначанаму маршруту, прычым падчас перавозкі на загадзя вызначаных астаноўках можа ажыццяўляцца пасадка або высадка пасажыраў.

6. "Маятнікавыя перавозкі" азначаюць шматразовыя перавозкі туды і назад, арганізаваныя для дастаўкі з аднаго i таго ж пункту адпраўкі ў адзін і той жа пункт прызначэння і загадзя арганізаваных груп пасажыраў.

7. "Камерцыйны аўтатранспартны сродак" азначае любы аўтатранспартны сродак з механічным прывадам, які звычайна выкарыстоўваецца для аўтамабільных перавозак грузаў. Для мэтаў гэтага Пагаднення тэрмін "камерцыйны аўтатранспартны сродак" таксама прымяняецца да любога прычэпа або паўпрычэпа, сцэпленага з любым камерцыйным транспартным сродкам, а таксама да любой камбінацыі транспартных сродкаў, з якіх цягач зарэгiстраваны ў адным з Дагаворных Бакоў.

8. "Кабатаж" азначае перавозку пасажыраў або грузаў паміж пунктамі ў дзяржаве, якая прымае.



Артыкул 2

Сфера прымянення


Перавозчык, якому ў яго дзяржаве дано права ажыццяўляць міжнародныя аўтамабільныя перавозкі, можа ажыццяўляць такія перавозкі на, з або транзітам праз тэрыторыю дзяржавы, якая прымае, у адпаведнасці з палажэннямі, указанымі ў гэтым Пагадненні.

Артыкул 3

Нацыянальнае заканадаўства


Перавозчыкі павінны захоўваць законы і правілы дзяржавы, якая прыймае, падчас ажыццяўлення аўтамабiльных перавозак на тэрыторыі дзяржавы, якая прыймае.

Артыкул 4

Змешаная Камісія


Кампетэнтныя органы Дагаворных Бакоў ствараюць Змешаную Камісію дзеля таго, каб кантраляваць выкананне і прымяненне гэтага Пагаднення.

II. ПАСАЖЫРСКІЯ ПЕРАВОЗКІ

Артыкул 5

Дазволы


На ўсе перавозкі, якія выконваюцца пасажырскімі аўтатранспартнымі сродкамі паміж Дагаворнымі Бакамі і транзітам праз іх тэрыторыі, акрамя тых перавозак, якія ўказаны ў Артыкуле 7, павінен быць атрыманы адпаведны дазвол, выданы кампетэнтным органам дзяржавы, якая прыймае.

Артыкул 6

Рэгулярныя і маятнікавыя перавозкі


1. Рэгулярныя і маятнікавыя перавозкі паміж Дагаворнымі Бакамі або транзітам праз іх тэрыторыi павінны загадзя зацвярджацца сумесна іх кампетэнтнымі органамі.

2. Перавозчыкі павінны накіроўваць заяўкі на атрыманне дазволаў кампетэнтнаму органу сваёй дзяржавы рэгiстрацыi. Калi гэты кампетэнтны орган пацвярджае заяўку, ён павінен накіраваць указаную заяўку разам з рэкамендацыяй кампетэнтнаму органу дзяржавы, якая прыймае.



Артыкул 7

Нерэгулярныя перавозкі


1. На ажыццяўленне нерэгулярных пасажырскіх перавозак не патрабуецца атрыманне дазволу. Перавозкі лічацца нерэгулярнымі, калі адны і тыя ж пасажыры перавозяцца адным i тым жа пасажырскім аўтатранспартным сродкам:

а) па "кальцавому туру", які пачынаецца і заканчваецца ў дзяржаве рэгістрацыі транспартнага сродку, або

б) па маршруту, які пачынаецца ў дзяржаве рэгістрацыі транспартнага сродку і заканчваецца ў дзяржаве, якая прыймае, пры ўмове, што транспартны сродак вяртаецца ў сваю дзяржаву рэгістрацыі без пасажыраў, або

в) транзітам нерэгулярнага характару.

2. Для перавозак пасажыраў пасажырскімі аўтатранспартнымі сродкамі, якія сканструяваны і выкарыстоўваюцца для перавозак менш, чым дзевяці чалавек, уключаючы вадзіцеля, не патрабуецца атрыманне дазволу.

III. ГРУЗАВЫЯ ПЕРАВОЗКІ


Артыкул 8

Умовы атрымання дазволаў

1. Перавозчыкі могуць ажыццяўляць грузавыя перавозкі паміж Дагаворнымі Бакамі, транзітам праз іх тэрыторыі, а таксама грузавыя перавозкі паміж дзяржавай, якая прыймае, і трэцімі дзяржавамі пры наяўнасці папярэдне атрыманага дазволу на міжнародныя перавозкі.

2. Не патрабуецца дазвол на ажыццяўленне наступных відаў перавозак або парожніх рэйсаў, якія выконваюцца ў сувязі з такімі перавозкамі:


  • перавозкі паштовых адпраўленняў;

  • перавозкі пашкоджаных транспартных сродкаў;

  • перавозкі грузаў аўтатранспартнымі сродкамі з дапушчальнай агульнай масай 6 тон, уключаючы прычэпы, або з дапушчальнай максімальнай грузапад'ёмнасцю 3,5 тоны, уключаючы прычэпы;

  • перавозкі медыкаментаў і абсталявання або іншых грузаў, неабходных у экстрэмальных умовах;

  • перавозкі жывел і абсталявання, звязаныя з музычнымі, тэатральнымі, кіна-, цыркавымі і спартыўнымі прадстаўленнямі, для кірмашоў або выстаў, а таксама для радыё-, кіна- і тэлевізійных перадач;

  • перавозкі грузаў у якасці гуманітарнай дапамогi.



IV. ІНШЫЯ ПАЛАЖЭННІ


Артыкул 9

Кабатаж

Перавозчыкі не могуць выконваць кабатажныя перавозкі ў дзяржаве, якая прыймае, калі на гэта не атрыманы спецыяльны дазвол кампетэнтных органаў гэтай дзяржавы, якая прыймае.


Артыкул 10

Парушэнні

Калі перавозчык аднаго Дагаворнага Боку, ажыццяўляючы перавозкі ў дзяржаве, якая прыймае, парушае палажэнні гэтага Пагаднення, кампетэнтныя органы дзяржавы, якая прыймае, могуць прымяць санкцыi ў адпаведнасці з сваім нацыянальным заканадаўствам. Кампетэнтныя органы дзяржавы, якая прыймае, павінны праінфармаваць кампетэнтныя органы дзяржавы рэгiстрацыi перавозчыка аб санкцыях, якія былі прыменены.



Артыкул 11


Маса і габарыты

Калі маса і габарыты пасажырскага або камерцыйнага аўтатранспартнага сродку, што выкарыстоўваецца ў транспартных аперацыях, перавышае масу і габарыты, якія з'яўляюцца максімальна дапушчальнымі на тэрыторыі дзяржавы, якая прыймае, перавозчык павінен загадзя атрымаць спецыяльны дазвол ад кампетэнтнага органа гэтай дзяржавы, якая прыймае.


Артыкул 12

Уступленне ў сілу

1. Дагаворныя Бакі павінны паведаміць адзін аднаму шляхам абмену дыпламатычнымі нотамі, што ўсе нацыянальныя заканадаўчыя працэдуры, неабходныя для ўступлення ў сілу гэтага Пагаднення, былі выкананы. Пагадненне ўступае ў сілу ў першы дзень другога месяца з даты апошняга паведамлення. Аднак гэта Пагадненне будзе часова выконвацца з даты яго падпісання.

2. Пагадненне будзе заставацца ў сіле на працягу пяці гадоў, і далей яго дзеянне будзе падоўжвацца на наступныя пяць гадоў, калі ні адзін з Дагаворных Бакоў не дэнансуе яго, накіраваўшы за шэсць месяцаў да яго дэнансацыі па дыпламатычных каналах другому Дагаворнаму Боку пісьмовае паведамленне аб гэтым.

Аформлена ў г. Осла "21" лютага 1997 г. у двух экземплярах, кожны на беларускай, нарвежскай і англійскай мовах, прычым усе тэксты маюць аднолькавую сілу. У выпадку ўзнікнення рознагалоссяў у тлумачэнні палажэнняў гэтага Пагаднення перавага будзе аддавацца тэксту на англійскай мове.



ЗА РЭСПУБЛІКУ БЕЛАРУСЬ ЗА КАРАЛЕУСТВА НАРВЕГІЯ



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка