Няскончаная Адысея Беларуская турма для пачынаючых




старонка5/6
Дата канвертавання01.04.2016
Памер1.18 Mb.
1   2   3   4   5   6

12.06 Заўтра ад’язжаю, так прынамсі сказаў ДПНСІ… За вакном яшчэ грыміць, толькі што прайшоў дождж, дзе-нідзе равуць сігналізацыі ў машынах. Кроплі дажджу на кратах-“раснічках” – што можа быць паэтычней? Караткевіч, Іпаці Пацей, Бандэра… - нейкі каледаскоп твараў перад вачыма.

Саня С., расеец, здаравезны мужык з парэзанай шматкроць рукой, выдаленым лёккім і метастазамі ў арганізме. За жыццё “узяў” 19 год: Піцер, Казань, Мардовія, Рыга – лічы мапа былога СССР. Зараз Беларусь. “У вас уся краіна турма – пад бацькам,” – меркаванне бывалага зэка.

Ніводнага татуявання пры гэтым.”Калісці на малалетцы ў Рызе хацеў набіць, дык адзін разумны чалавек параіў добра падумаць… Шмат бывалых зэкаў пасля вельмі шкадуе, бо цела – твой пашпарт. У кіно – гэта крута, а так… Распранешся перад жанчынай, а яна табе: “Даруй, ты тут жыць ня будзеш…”

Мая скарга ў Вярхоўны суд яшчэ не была разгледжаная, таму чыста тэарэтычна была мажлівасць чакаць яе ў СІЗА. Аднак палітыка адміністрацыі, якую мне прадставіў ДПНСІ была нязменнай: паскораны этап альбо чарговае СІЗА ў Жодзіна. Тут лішнія людзі не патрэбныя, тым больш летам, у перапоўненых камерах, тым больш “палітычныя”. Нас, “палітычных”, аднаго разу ўжо збіралі на этап у Жодзіна: прагналі ўсіх з матрасамі да складу, нешта запісалі і павялі са зваротам. Нібыта спецыяльна, каб маглі паразмаўляць ды разам пасмяяцца. Навошта? Што там у іх сарвалася? Таямніца...

А зараз я сядзеў у кабінеце ДПНСІ і глядзеў на каштаны за вакном – як іх гайдае вецер, абдаючы пылам і гарачымі масамі па-летняму густога непразрыстага паветра. Па двары спрытна прабегла котка... Папярэдне прысніў сон: мяне падзываюць да “кармушкі”, я сядаю на кукішкі, а мне кажуць: “Конец”. Чаго канец? У той жа дзень мяне такім самым чынам вызвалі ў кабінет ДПНСІ, дзе я напісаў заяву на паскораны этап…

Провады на этап – турэмная традыцыя. Прынята цікавіцца, чаго ў чалавека няма, тое-сёе даецца з “абшчака”. Калі ў ад’язжаючага добрая “вата” – мяняецца ёй з кім-небудзь з сукамернікаў, каб здаць на склад горшую. Тое-сёе трэба пакінуць на хаце, бо ёсць людзі, якія не маюць анічога, выменяць чорныя штаны, якія мне пазычылі на самым пачатку. Перад выхадам па колу пускаецца чыф з чым-небудзь салодкім у прыкуску. Некаторыя зайздросцяць, бо самі таўкуцца тут немаведама колькі, а там – зеляніна, чыстае неба без кратаў, доўгатэрміновае спатканне. Урэшце тармаза адчыняюцца:

- Киркевич! Матрас, кружка, белье...

За спіной засталіся стомленыя гарачынёй і пакутамі твары: прыязныя, не вельмі прыязныя, абыякавыя. Што ж, бывайце, мужыкі!



Наваполацк: паміж Сцылай і Харыбдай

Этап

Пасля складу, дзе я разам з будучымі спадарожнікамі пакінуў валадрскі “палажняк”, нас развялі па адстойніках. Мяне закінулі на нейкі час асобна ад рэшты, таму была змога пашпацыраваць ды падумаць - было аб чым: на складзе я сутыкнуўся з ...чарговым анархістам, “пасобнікам” Міколы Дзядка – Ігарам Аліневічам. Высокі, з ранняй лысінай ды высокім ілбом – сапраўдны арыстакрат. Нешта было ў ім англа-саксонскае. Паразмаўляць нам аказалася багата пра што – абодва мы сядзелі ў “Амерыканцы”:

- Арлоў...

- Ага-ага.

- Фядута, Малчанаў...

- Ну-ну.


Этап – гэта заўжды напружанне. Зэкі часам спрабуюць ад’ядацца перад этапам – трываць ён можа і дзень, і тыдзень... Напярэдадні ж часам наадварот ядуць гарбатную заварку, каб не цягнула да прыбіральні, бо якія ўмовы – невядома.

Далей – вобшук унутраных войскаў, якія пасля і меліся нас канваяваць, яшчэ адзін адстойнік, перасадка ў старэнькі аўтазак (на вуліцы было ўжо цёмна), і нарэшце вагон “Сталыпіна”. Доўгі час, стоячы ў аўтазаку на пераездзе мы не маглі зразумець куды нас вязуць:

- Долго едем, странно...

- Ага. А якія варыянты?

- Может в Жодино?..

Перасадка з аўтазаку ў цягнік адбываецца наступным чынам: транспарт спыняецца каля чыгуначных шляхоў, насупраць яго – вагоны цягніка па якіх распіхваюць зэкаў. А каб вязень адолеў адлегласць максімальна хутка і без усялякіх выбрыкаў ён мае прабегчы па калідору, які ўтвараюць ВВ-шнікі з сабакамі. У нас і пагрузка і выгрузка праходзілі яшчэ ў рэжыме “лайт”: зазвычай зэкі з-гадзінку могуць сядзець на кукішках каля шляхоў у атачэнні несціхаючых аўчараў, а адлегласць да патрэбнага вагону пасля можа перавышаць нашыя 10-15 метраў – адолець яе трэба подбегам.

Што такое “Сталыпін”? Гэта вагон, падзелены на купэ, аддзеленыя кратамі ад калідорчыка. Па прадолу ходзяць мажныя дасведчаныя ВВ-шнікі ў бронікамізэльках – яны ж выводзяць у прыбіральню, наліваюць кіпень праз краты. Напхалі нас у «купэ» чалавек дзесяць-дванаццаць разам з кешэрамі ды ўсімі манаткамі. Наверсе канструкцыя раскладалася, таму некалькі чалавек палезла туды. Ноч – грукат колаў – цыгарэтны дым – размовы... З намі ехаў Зміцер Даронін у майцы з надпісам “Італія” - чарговы фігурант справы аб беспарадках.

- Нешта ты білет не туды ўзяў, - жартавалі мы пад рытмічны грукат колаў. Хлопец нават ня ведаў куды едзе, у якую калонію размеркаваны…

Ноч прайшла бяз сну. А з раніцы нас чакаў сюрпрыз: у вакне на прадоле шапацелі бярозы, асіны, сосны, узнімалася сонейка з хмараў – можна было глядзець, не адрываючы вачэй. З маленькага вакенца ў прыбіральні я бачыў туман у полі, пасля адным вокам - узыход сонца... Той, хто не сядзеў ніколі гэтага не зразумее.

Перасадка. Аўтазак. З вакзалу нас вязуць да лагеру праз Полацак – радзіму маіх продкаў. Канваіры ад суму душаць на шкле асу дубінкай ПР-73. Праз вакенца маша рукой бронзавы помнік Усяславу Чарадзею. Пад’язжаем. Сустракае карцінка з падручніку геаграфіі – Нафтан і Палімір, паміж якімі заціснутая наваполацкая зона – ПК-10, сапраўдны сюжэт з «Адысеі» Гамера. Брама.

…А што там вісіць на ліхтары? Птушка. З часам высветліцца (мы і самі назіралі гэта), што кантралёры адмыслова адстрэльваюць птаства з вышак ды вешаюць, каб ня ў кога не заставалася сумненняў... Вітаем у Наваполацку!

Каранцін

Першы наш прыпынак – “клуб” – там вусаты ДПНК чытае кароткую лекцыю пра нашае далейшае жыццё, нас голяць пад нуль ды шманаюць рэчы – забароненае (джынсы, кашулі, кепкі, шорты альбо “лішняя” пара трэнікаў) адпраўляецца на склад да часу сканчэння тэрміну. Мардаты дзядзька ў бярэце на бок углядаецца ў маю паперыну і з важным выглядам папраўляе:

- Не “Заява”, а “Заявление”!

- Па-беларуску – “Заява”.

- Декабрист, что-ли?..

Заходзім у “Каранцін”, каб паставіць рэчы, бярэм толькі “мыльна-рыльнае”. На нас з альтанкі моўчкі глядзяць людзі ў робах – тыя, хто яшчэ не паспеў падняцца ў атрад. Наперадзе – “лазня”. Чамусці ва ўсіх вязніцах звычайную душавую называюць менавіта так. Светла, новая плітка на падлозе, усё цывільна ў параўнанні з “Валадаркай”. Атрымліваем матрасы, камплекты бялізны, форму, боты і шпацыруем са зваротам у “Каранцін”, дзе падшываем біркі, апранаемся перад вечаровым пастраеннем, апісваем майно і зносім баўлы на “кешарку” – пры сабе дазволена пакідаць толькі самае неабходнае.

З “Каранціну” зэкі ня ходзяць на працу, яны праходзяць нешта кшталту “курсу маладога байца”: новазаехаўшых вучаць правільна “здаровацца” з начальнікам падчас абходаў, строем хадзіць у сталоўку, правільна запраўляць ложак, грузяць пастаяннымі прыборкамі і г.д. Атрад “Каранцін” з’яўляецца ідэальным атрадам з пункту гледжання адміністрацыі і адначасова невыканальным пажаданнем датычна рэшты зоны. У атрад зэк можа падняцца праз тыдзень, а можа і праз пару месяцаў – калі, напрыклад, зацягнецца разгляд ягоных скаргаў ды апеляцыяў.

Адразу па заездзе ў зону чалавеку прапануюць падпісаць паперы аб “выкананні патрабаванняў адміністрацыі”. Быццам нічога асаблівага. Аднак гэта – нябачны рубеж паміж сусветам звыклага зэка і «блатнога». Для прыхільніка вараўской ідэі “падпісаць паперы” – умова невыканальная, здрада. Фармальна за адмову адміністрацыя нічога не можа зрабіць, аднак фактычна такога чалавека ў бліжэйшыя ж дні падловяць на двух дробных парушэннях (незашпілены гузік, дрэнна паголены...) і змесцяць у ШІЗА на 10 сутак. Выйдзе – усё паўторыцца ізноў, і так пакуль колькасць парушэнняў не дасягне крытычнай мяжы і зэка не перавядуць у крытую турму адмысловым рашэннем суду. Там «блатныя» зазвычай і матаюць ільвіную долю сваіх тэрмінаў. На момант маёй адсідкі, наколькі я чуў, непадпісаныя паперы з “палітычных” меў толькі былы афганец Мікалай Аўтуховіч.

Форма, якую атрымлівае новазаехаўшы ў зону вязень – сапраўднае рыззё. Беспамерныя шэрыя роба і штаны, якія хоць рукамі трымай, плюс да гэтага амаль папяровая празрыстая сіняя кашуля з такой жа бялізнай. На галаву – феска, таксама беспамерная, таму на галовах некаторых “малагабарытных” зэкаў можна было бачыць нешта больш падобнае да берэт французкіх “макісаў”. Поўнасцю пасцірацца у “Каранціне” фактычна немажліва – хадзі ў брудным альбо сушы на сабе (так некаторыя і рабілі). Свае “вальнячыя” шмоткі у “Каранціне” можна насіць толькі пару гадзін перад адбоем.

Фірмовую робу, перададзеную роднымі, альбо пашытую пад замову тут – пакуль нельга. Чаму? Безумоўна ад неахайнасці ды псеўдаармескай парадаксальнай дысцыпліны (боты могуць быць бруднымі, але паголены маеш быць ідэальна), але таксама каб прынізіць і даць зразумець чалавеку, што ён тут ніхто: як перад падпаясанымі кантралёрамі, так і перад абшытымі і абжытымі заўгасамі ды дневальнымі з ліку самых зэкаў. Дарэчы, форма нечым нагадвае ці тое нямецкую, ці тое аўстрыйскую першай святовай. Не выключана, што сучасны фасон сягае каранямі 1944-45-га, калі тысячы былых жаўнераў вермахту былі скіраваныя Сталіным у Сібір...



Адзін дзень

6 гадзін раніцы. На гэты момант ты ўжо маеш быць паголены і стаяць ў шэрагу пад гукі дзяржаўнага гімну. “Мы беларусы, сонныя людзі...” Далей – выхад на зарадку. Усе пашыхтаваныя, тварам да нас - невысокі скуласты дневальны “Каранціну”, за якім мы маем паўтараць рухі. Блакіт неба над галовамі, за спінамі падымаецца сонейка, у вушах – рытмічная музыка з дынамікаў. Яшчэ не пачалі. Нечакана дневальны нахіляецца, каб падпаліць газавай запальнічкай …матылька, які нейкім чынам апынуўся ля ягоных ног. Рэзка адцягвае руку – апаліўся сам, вецер ня ў той бок!

- Еремеенко, почему не выполняеш? – нібыта са здзіўленнем запытваецца вусаты ДПНК у зэка.

- А у меня свой комплекс.

- Ясно, пошли в отстойник...

Адстойнік, рапарт, мажліва адразу ШІЗА. Зарадкі, прыдуманыя для зэкаў за саветамі - яшчэ адзін прынцыповы момант, разам з прыборкамі, працай і г.д., на які ня можа пайсці «блатны». Любыя рытмічныя рухі па ўказцы адміністрацыі – табу. Ад зарадкі ў “Каранціне” ПК-10 незадоўга да мяне адмовіўся і Мікіта Ліхавід – адзіны ў нашай абойме “293-2”, хто пайшоў у поўную адмову цягам адсідкі ў лагеры: на выклікі адміністрацыі, замест звычайнага “осужденный Р…оўскі, начало срока 11.05.2005...”, ён прадстаўляўся не інакш як “незаконноосужденный Лиховид...”. За ўсё у сукупнасці ён і атрымаў ШІЗА, адкуль канчаткова вышаў толькі 15 верасня 2011 г., у дзень вызвалення.

...Пасля зарадкі – кароткі перапынак, прыборка і выхад у сталоўку. “Каранцін” зазвычай запускалі апошнім, калі рэшта атрадаў зыходзіла, каб, зноў жа, не было лішніх кантактаў. Аўсянка, падсалоджаная гарбата на тры глыткі, яйка – толькі тым, хто “падымаецца” ў атрад. На ўсё пра ўсё хвілін дзесяць. Абачлівыя зэкі хаваюць лыжкі ў падшытыя пяцелькі на ўнутраным баку кліфта, мыюць рукі і шыхтуюцца каля ўваходу, каб паспець на праверку.

Калі стаіш падчас праверкі – часам падаецца, што ўсё застыла вакол: людзі, будынкі, брама, вялізнае (асабліва пасля 4-х месяцаў у СІЗА) блакітнае неба, каўнер стаячага наперадзе зэка... Толькі зеляніна дрэўцаў пагойдваеецца туды-сюды ды ластаўкі віруюць броўнаўскім рухам у такт неспакойным думкам у галаве.

- По моей каманде здароваемся, хорошо здароваемся: «Здра-сть Алексакндр Никалаич». ...Здрастуйте! – прафесійна кіруе строем заўгас.

- З-з-здрастуйте Алекс-сандр Никала-ич!!! – крычаць пашыхтаваныя зэкі.

- Здрасте..., - здалёк гучыць грэблівы голас круглаватага палкоўніка ў высокай фуражцы і чорных акулярах. Ніводзін афіцэр у калоніі больш чорных акуляраў ня носіць.

Гэтым часам да нас леніва кіруюцца два кантралёры з драўлянымі палкамі, падобнымі да сярэднявечных рунічных календароў: там адзначаныя ўсе атрады і колькасць зэкаў на цякучы момант. Падобная карціна паўтараецца два разы на дзень: зраніцы ды ўвечары. Падчас дажджу нас гуманна заганялі пад навес у крытую лакалку. Неяк падчас пастраення напісаўся верш:



Лунае дзень як сцяг

Блакіт празрысты

І не адбудзецца працяг

Не спаліць лісця

Агонь і попел скроняў не крануць

А розум застанецца чыстым

Усё паўторыцца ізноў

Бо, кажуць, нам карысна

На дзень выпадае некалькі гадзінаў т.зв. “выхаваўчых мерапрыемстваў”. Гэта значыць, што “ленінскі пакой” будзе налаштаваны лысымі галовамі, а ў якасці культурнай праграмы паставяць глядзець “Джэнтэльменаў удачы” альбо “Івана Васільевіча...”

- Маргалы выкалю!

- Помогите! Хулиганы зрения лишают...

Смешна першы раз, ну два, на 10-ы міжволі пачынае ванітаваць... Перыяд у “Каранціне” – мёртвы ва ўсіх адносінах: ні спортам пазаймацца, ні кніжку нармальна пачытаць. Пасля кінапрагляду - зноўку прыборка, абед, “выхаваўчыя...”, прыборка, пастраенне, вячэра, вольны час і адбой.

Саід

Афганец Саід перад сном абкурвае секцыю нейкімі зёлкамі – ад камароў, бо зона стаіць на месцы балота, - пры гэтым мурлыкаючы сабе пад нос:

- Рам-зам-зам...

Просты і гаспадарлівы афганец, сам таго незаважаючы, акуратна увайшоў у вір падзеяў у Беларусі – сядзеў у “Амерыканцы” разам з Міхалевічам ды Лябедзькам, на Валадарцы сутыкаўся з “навушнікам” Хамічэнкам, у “Каранцін” патрапіў разам са мной ды Аліневічам. Карма, ня інакш.

Ураджэнец Герату на волі гандляваў рознай драбязой, шукаў сабе жонку ды час ад часу прымаў землякоў “адтуль”. За што, па ягонай версіі, і сеў – папераў ягоных я ня бачыў… Ва ўсім Саід быў прыкладам усходняй ветлівасці ды культуры. Мне было цікава паслухаць аб ягонай краіне, паспрачацца аб рэлігіі, паназіраць за стварэннем мініятурных каліграфічных шэдўраў арабскай вяззю. Ягонай істотнай праблемай было няведанне пісьмовай расейскай мовы – ва ўмовах няволі праблема аўтаматычна ўзрастала, бо цэнзараў “Амерыканкі” часам прыводзіла ў роспач нават фраза па-польску, ня тое што плецёныя радкі на фарсі. Нават для рэдкай перапіскі Саіду патрэбен быў памагаты…

- Шаб бахэр, Саід, - вітаўся я з дапамогай пары вывучаных словаў на фарсі.

- Шаб бахэр, - расплываўся ва ўсмешцы афганец.

Нехта казаў, што ў экзатычнага замежніка наўпрост не было іншага выбару як быць культурным ды ўслужлівым: ён быў у чужым серадовішчы, не ведаючы ў дасканаласці нават мовы. Як пачуваў бы сябе кожны з нас у афганскай турме – уявіць цяжка.

Гранёны”

- Саид, брат, поехали с тобой в Афганистан!

- Нэ-эт, качалот, там пить нэльзя.

- Ладна, зато там шмали до …я!!!

“Качалот”, ён жа “Стакан”, ён жа “Гранёны”, ён жа “Сёма” (па назве артыкула – 107)… - тыповы прадстаўнік маргіналізаванага безвыходнасцю ды танным віном сучаснага беларуса. Невысокі, скуласты, з надброўнымі дугамі, загарэлы гаваркі мужычок невызначанага ўзросту. Побач з Ігарам Аліневічам ён быў “анархістам”, побач з Саідам – трошку “афганцам”… Іх дыялогі можна было б выдаць асобным зборнікам:

- Качалот, а если тебе ящик гранат и ящик водки предложат – што ты выбириш?

- Водку конечно!

- А если вайна?

- А я в бункер с водкой залезу – пускай достают!!!

Былыя алкаголікі на зоне – масавая з’ява. Раней, кажуць, такога не было. Тое, за што чалавек мог атрымаць ИТР (“исправительно-трудвые работы”), “хімію” альбо “умоўна”, цяпер цягне адразу на тэрмін. Шмат вельмі “заязжае” з “хіміі” за парушэнні – часцей за ўсё, зноў жа, за п’янку… Кожны новы этап у “Каранцін” на 60 а то і больш адсоткаў складаецца з “сіняй пяхоты”, атручанай “максімкамі” ды “пладова-выгаднымі” напоямі – зоркамі крамных паліцаў.

“Кампанія” “Гранёнага”, зразумела, нечага ды каштавала: гарбаты ды цыгарэтаў як мінімум. Наогул, у неабачнага першахода на зоне маментальна з’яўляецца пару дзесяткаў сяброў – толькі паспявай кешар адчыняць ды зачыняць…

Развод

Масавыя просьбы ды спробы “бартэру” зазвычай пачынаюцца яшчэ ў СІЗА. Там вопытныя сядзельцы выменяюць у першахода электрабрытву на 2 аднаразавыя станкі, альбо выпрасяць “нефарматную” адзежу з малюнкамі ды надпісамі – усё адно, маўляў, на этапе адшманаюць. А чалавек што? Сам аддаў, “павёўся”…

- Есть курить?

- Нет.


- Ла-адна, придется свои доставать… - звыклая размова на зоне.

Частаваць варта не таго, хто першым папросіць, а таго, у кім ты сам пабачыш вартага чалавека. А гэта ня дзень і ня два… Бывалы крымінальнік можа лёгка набіцца ў “сябры” да першахода з поўнымі “кешэрамі” і эксплуатаваць яго па-поўнай. Напрыклад:

- Пошли чай пить.

- Пошли.


- А у тебя к чаю сладкое есть что-небудь?..

- …


Альбо так:

- Пойдем на двоих чай попьем, давай «кругаль» с заваркой, а я поставлю греть…

Той, хто разводзіць падобным чынам – неабавязкова «бывалы». Гэта можа быць пазаўчора заехаўшы алкаш, наркот, любая асоба, якая па нейкіх прычынах ня мае «грэву». Часам чалавек кажа, што «пазычае»: яму бязконца будуць вось-вось перадаваць перадачку ці пералічваць грошы, каб вярнуць пазыку. Пасля яго паспеюць куды-небудь перавесці і не здзіўляйцеся, калі нават у гэтым выпадку атрымаеце маляву: «Передачка задерживается, отдолжи еще три пачки Винстона…»

Што рабіць? Вучыцца казаць: «Не!», а дакладней: «Няма мажлівасці». Падыйдуць раз, другі, трэці і суцішацца. Казаць: «Няма» - ня варта. Лішні раз свядома хлусіць ня трэ... Так, людзі часам галадаюць, ня маюць элементарных прадметаў гігіены, вопраткі, абутку, але ўсіх накарміць і апрануць немажліва. Таму часам трэба прымаць нялёгкія для звычайнага больш-менш «сумленнага» чалавека «з волі» рашэнні.



Нельга крыўдзіць зэка

- Парни, не чудите: попадете в «косорез» - совсем х...во будет. А ты чего? Узбек что-ли? Сейчас те расчешу почем в Одессе курага...

Не, гэта не прамова «блатнога», гэта Іваноў – былы таксіст, а зараз дробны “актывіст” у ПК-10. Худы, паджары, з заўсёды сканцэнтраваным, напружаным тварам. Наогул, людзі, якія носяць «крылья» на зоне, трапляюцца розныя, т.б. ёсць катэгорыя, якая выслужваецца і дабіваецца свайго любым коштам, ёсць жа тыя, хто можа і «масу за мужыкоў пацягнуць».

На пасады брыгадзіраў, заўгасаў і дневальных зазвычай ідуць асобы з вялікімі тэрмінамі, 10, 15, 20 год... Тыя, хто патрапіў сюды надоўга і мае намер абжыцца. А яшчэ «крылья» даюць надзею на «УДО»... Карацей, адляцець адсюль хоць трошку раней наканаванага пракурорам і суддзёй. Нічога дзіўна - носьбіты сярэднестатыстычных тэрмінаў перад імі пралятаюць як каметы. Вельмі часта гэта судзімыя за забойства (арт. 139) зэкі. Казаць «забойцы» не прынята і не карэктна: далёка не кожны прызнае сваю віну, нехта кажа, што яго падставілі... Хто ведае? Толькі ён сам, калі яшчэ памятае.

Іваноў сваёй віны таксама не прызнаваў: яму шылі забойства жанчыны, нібыта знайшлі труп на кватэры... Ён пісаў скаргі і пратэсты ва ўсе інстанцыі, яму адмаўлялі, ён пісаў зноўку, пісаў, пісаў... Сядзець тады заставалася больш за 10 год. Апошняй інстанцыяй, якая цярпліва выслухоўвала любыя довады па любой тэме была альтанка, прасцей «курылка», з такімі ж бяспраўнымі слухачамі, якія змяняліся штотыдзень. Пасля перастаў. Увайшоў у рытм, абжыўся.

- Михалыч, как тебе цветочки мои?

- Да, хорошо, ...у меня роза скоро распустится — бутон с кулак, - аднаго свайго кулаку ў немаладога садоўніка, які праходзіў побач з «лакалкай», акурат не даставала. Рукі не было фактычна ад пляча.

Проста фантастычна, наколькі чалавек умее выжываць у любой сітуацыі. Знайсці сабе аддушыну, занятак. Іваноў цікавіўся кветкамі, сачыў за парадкам, нават гатаваў нешта, па начах чытаў дэтэктывы Бушкова ў мяккіх вокладках. Над імі часам і засынаў. Рукі Іванова з гадамі абраслі татуяваннямі, ці тое рэлігійнага зместу, ці тое блюзнерскага – зразумець было цяжка.

...Даўным-даўно Іванову прыйшоў ліст. Падавалася, чалавек змяніўся, загарэліся вочы, напруга спала. Такія лісты бываюць толькі ад блізкай асобы. Праз пару хвілін худы чалавек выйшоў з бараку і парваў на шматкі белую капэрту над металічнай скрыняй для смецця і бычкоў. Нешта вельмі важнае зламалася і адыйшло – засталася жылістая фігура ў добра пашытай чорнай робе і фесцы. А яшчэ – пустыя шэра-зялёныя вочы, якія часта трапляюцца ў расейцаў з Навгародчыны. Чалавек застаўся ў мінулым, а мажліва паміж радкоў таго лёсавызначальнага ліста.

Іваноў любіў крычаць і гэтым часам нагадваў таксіста з культавых стужак дзяцінства: «Брат» і «Брат-2». «А ў вас у Піцеры брата няма» - так і падмывала запытацца часам. Аднойчы я пабачыў у Іванова калекцыю асадак – у пакеце было блізу 2-х соцен штук.

- У каждой своя история. ...И каждый сходит с ума по своему, - іранізаваў таксіст.

Аднойчы ўначы я ўбачыў яго, седзячым у альтанцы. Лакалка была пустой. За сеткай сцяной ліў дождж. Фігура чалавека глядзела кудысці ў цемру час-почас выпускаючы шэры цыгарэтны дым. “Два года осталось - это понты…» - узгадаліся ягоныя словы. З гэтай думкай я запрыгнуў на другі паверх нары ды заснуў.



Згубіўшы розум

- А у вас сладенького чего-нибудь не найдется к чаю?

- Нет. Пошел отсюда! - абураецца Аліневіч.

Дзіўная каржакаватая фігура адыходзіць кудысці ў бок. Растоўскі – хворы на галаву. Ня першы і не апошні такі выпадак на зоне — атмасфера, як кажуць, спрыяе. Блытаецца ў тэрміне, які атрымаў: 5, 7 альбо 10 год, вярзе ўсялякую лухту... вось і гэтым разам:

- А когда Санников приедет не знаеш?

- Не.


- Это же вас после выборов, да?..

- Так.


- ...м-мм, а почему вы мне вчера ничего сладенького не дали?

- Усё, давай!..

Яшчэ пры мне Растоўскі «падняўся» у атрад. Распавядалі, што там ён спачатку пасябраваў, а пасля страшэнна пасварыўся яшчэ з адным слабаадэкватным пасажырам. Па апошніх чутках ён адправіў ліст на імя прэзідэнта з просьбай ...«разшмаляць» яго на «запрэтцы», даўшы перад гэтым развітацца з сям'ёй.

Яшчэ адзін трагічны выпадак атрымаўся са слабаадэкватным хлопцам адкульсці з правінцыі, у якога «дах канчаткова пацёк» ужо ў «Каранціне». Калі той пачаў празмерна часта распавядаць пра сваю апошнюю сустрэчу з «богам пасейдонам», яго павялі да псіхолага. Псіхолаг параіў не даваць больш Бібліі ў рукі ды не падтрымліваць падобных размоваў. Урэшце хлопца паднялі ў атрад, дзе хутка ён патрапіў у касту «апушчаных»...

- Кому на х...й надо их лечить? – неяк адзначыў Іваноў, - платить еще за это... На зоне проще зэка списать, чем матрас старый. На «вату» пять бумажек заполнять, на зэка — три...

Чалавек з 90-х

- Был у нас уже такой. Увидел на небе световые колодцы после дождя, упал на колени. Через пару дней повесился... - разважліва і спакойна рапавядае ў альтанцы яшчэ адзін зэк, абцяжараны «крыламі».

Алег, асілак пад 2 метры ростам, сядзіць таксама па 139-й, на волі свой апошні дзень правёў год з-10 таму. Справа гонару: адпомсціў чалавеку, які пакрыўдзіў яго дзяўчыну. Чалавек з 90-х. Цяжка сабе ўявіць, што асоба не карысталася сучаснымі мабільнымі тэлефонамі, інтэрнэтам, банкаўскімі карткамі... нават грошаў сучасных у руках не трымала. Ягонае жыццё, мары, звычкі, цікавасці засталіся ў мінулым тысячагоддзі:

- Выхожу я из Ауди, в кожаном плаще, рубашка на запонках, …эх-х.

Час няспынна ідзе, калі чалавек дажывае да свайго вызвалення, і опер не рыхтуе яму сюрпрызаў, ён выходзіць. Выйдзе і Алег. Што там, за калючкай, у малавядомым сусвеце, які з таго часу столькі перажыў, столькі ператрываў? Там няма касетаў, рэдкасцю сталі таксафонныя апараты, з цэнтраў гарадоў пазносілі кіёскі-домікі, на якіх «рубілі бабло», за якія забівалі ў ягоны час...

Пакуль ён сядзіць - будуе сабе планы: бізнэс, сувязі, поўная тэлефонная кніжка кантактаў «з-за забору». Насамрэч, вельмі часта усё абарочваецца запоем, слязьмі маці (бо жоны далёка незаўжды чакаюць да канца, тым больш з «забойчага» тэрміну), ...чарговым заездам.

У адным заходнім фільме пра турму, якіх кожны з нас багата пераглядзеў у юнацтве, трапляецца фраза бывалага крымінальніка, які ў апошні момант адмаўляецца бегчы з-за кратаў: «Лепш быць каралём у пекле, чым нікім на нябёсах». Там – воля, невядомасць, туманныя перспектывы. Тут ён усіх ведае, усе ведаюць яго, ягонае слова нешта важыць, ён арыентуецца ў сітуацыі. Яму ліст – раз на месяц, ад маці, ён – раз на тры. Ён так прывык...

«За ідэю»

Час ад часу ў «Каранцін» заходілі людзі Ідэі, канешне ж вараўской. Яны трымаліся дзень-два і пасля немінуча, як ужо пісалася вышэй, траплялі зноўку ў ШІЗА, а пасля ў ПКТ. Блатных «из под крыш» адрозніваў мяртвецкі-белы колер скуры (на сонцы яны не бывалі), а часам таксама драпежныя глыбока-пасаджаныя вочы. Незалежна ад наяўнасці і адносінаў з роднымі «за калючкай», прадстаўнікі элітнай касты заўжды апраналіся прыстойна, мелі добра-пашытыя кліфты ды фескі, трымалі марку.

...«Вараўская ідэя» паўстала нібыта яшчэ ў 20-х, калі чэкісты пачалі вельмі актыўна лезці ў лагернае жыццё, перарабляючы ўсё на свой манер. Змагарамі з адміністрацыяй і яе агентурай сярод зэкаў сталі «воры». Пасля Дргой Сусветнай адбылася т.зв. «сучья война» паміж «варамі» і тымі «блатнымі», якія пайшлі служыць у Чырвоную Армію і на супрацу з бальшавікамі. Здраднік - «ссученый». «Вор» ня мог служыць у войску, мець маёмасць, сям'ю (апошні аспект быў скарэктаваны на адмысловай сходцы ў 80-х).

«Как по-людски, так и по-воровски» - сцвярджала турэмная мудрасць: дапамагай сваім, ненавідзь ворагаў, лепш «спусціць» чалавеку, чым пакараць невінаватага...

Адзін аўтарытэтны чачэнец казаў: «Калі б я знайшоў хаця б адно разыходжанне паміж «Вараўской Ідэяй» ды Ісламам – я б адмовіўся ад яе. Але пакуль не знаходжу...» Прарок Махаммад таксама рабаваў караваны паганцаў-курайшытаў, таму фраза не такая ўжо несамавітая для рэлігійнага чалавека, як можа падацца на першы погляд.

У ідэальным сэнсе, «блатных» можна было б параўнаць са своеааблівым «прафсаюзам» зэкаў, пакліканым для падтрымання справедліваці ды абароны правоў зняволеных у выпадках, калі адміністрацыя пачынае «закручваць гайкі». Метады ўздзеяння: ад лагернага бунту да калектыўнага «харакіры» на знак пратэсту. Што губляць людзям зазвычай без маёмасці і сем'яў, для якіх «Ідэя» - жыццё? Адміністрацыя ўсё гэта разумее, таму вымушаная так ці інакш трымаць пэўны баланс. Шэраговыя зэкі, у сваю чаргу, падтрымліваюць тых, хто мае адстойваць іх правы – рознымі шляхамі да іх перадаюцца цёплыя рэчы, гарбата, цыгарэты...

«Блатныя» маюць падтрымліаць справядліваць – лічыцца, што нават у бойку не заўжды варта ўвязвацца: некаторыя пытанні маюць «разруліць» абазнаныя людзі «из под крыши». Да словаў адтуль насамрэч прыслухоўваюцца, яны маюць аўтарытэт. Большасць бытавых канфліктаў, калі адыходзіць ад тэмы, канешне ж вырашаюцца на месцы і самастойна: за пасыланне «на х...й» ці эпітэт «підарас» на твой адрас варта біць без папярэджання, не шкадуючы ні аб чым.

Канешне, не ўсё так элементрна, як падаецца на першы погляд: узаемаадносіны ў «МЛС» выбудоўваліся дзесяцігоддзямі, таму цяжка зрабіць грунтоўныя высновы за пару месцаў. На тэрыторыі Белрусі, у адрозненні ад рэшты сумежных краінаў СНД, апошнім часам не было ніводнага «вора ў законе». Лукашэнка ставіў гэта ў якасці адной з заслугаў існуючага рэжыму...

«Марш Мільёнаў»

На волі тым часам віравала жыццё: «маўклівыя акцыі», аб якіх я ўпершыню пачуў на Валадарцы, ахапілі краіну і сталіся лейтматывам для прэсы. Да канца незразумелыя, таямнічыя, але ў той жа час цікавыя, яны прываблівлі ўвагу і захаплялі розум. Так, нават на зоне, сярод малаадукаваных зэкаў і далёкай ад палітыкі адміністрацыі.

- Скоро 3 июля, наши ваших скинут! - чуецца ў канцы строя.

- Нет, не скинут, наши ваших побьют... - гучыць у адказ стомлены голас капітана. Да запланаванага «Маршу мільёнаў» заставалася пара дзён...

На афіцыйны «дзень незалежнасці» ліў дождж. Ня «ішоў», а менавіта «ліў» - сцяной, як з вядра, вада лілася зверху, разбівалася аб дахі будынкаў, пералівалася ў стокі, адкуль рэкамі выкідалася на ашфальт... Залева пачалася знянацку, афіцэры каля штабнога будынку бегалі туды-сюды, прытрымліваючы непрапарцыянальныя фуражкі, сутыкаліся адзін з адным на пацеху гледачам у фесках ды робах. Калі яшчэ так пасмяешся? У гэтым відовішчы было нешта глыбока-біблейскае, старазапаветнае.

Тым часам у Менску ўсё прайшло стрымана: па тэлевізары транслявалі парад, на якім сівыя генералы аддавалі гонар прэзідэнту, разам з ягоным «прынцам Тутсі», летакі паспяхова разагналі хмары, усіх незадаволеных разагналі, ды і было іх не так шмат – аб гэтым паведаміла НВ праз пару дзён. Жыццё ідзе далей - сваім ходам.



Ніжэй за дно

«Апушчаныя» - ніжэйшая каста ў турэмнай іерархіі. Тэрмін «каста» падыходзіць у дадзеным выпадку лепш за ўсё, бо фактычна гэта «недакранальныя»: ім можна даваць рэчы, браць з іх рук нічога нельга, да іх нельга дакранацца, нават біць рукамі нельга – толькі падручнымі сродкамі: табурэтам, напрыклад.

У касту аўтаматычна трапляюць у першую чаргу асобы, якія маюць на сабе сэксуальныя злачынствы (асабліва супраць дзяцей), садаміты, а таксама тыя, хто не датрымліваўся правілаў паводзінаў з «апушчанымі», а таксама «апушчаныя па беспрэдзелу». «Апускаюць» непасрэдна праз сэксуальны кантакт. Зваротнай дарогі няма, статус пажыццёвы, таму такое адказнае рашэнне прымаюць толькі аўтарытэтныя асобы. Бывае, што чалавека «адсажваюць на кружку» - надаюць невызначаны статус: з ім ужо ня п'юць гарбату, зазвычай ня маюць стасункаў. На такім становішчы чалавек перабывае да прыняцця рашэння – «апраўдаць» альбо прылічыць да ніжэйшай касты...

«Апушчаныя» займаюцца самай бруднай працай: чысцяць прыбіральні, выносяць смецце, падбіраюць бычкі... Ніхто больш ня мае права рабіць гэтага: табу, «харам», забаронена! За гэта «адсаджваюць». З гэтай прычыны ў «апушчаных» існуе цалкам свая інфраструктура: асобная «параша», умывальнік, стол у сталоўцы і г.д. Па заездзе нам адразу патлумачылі дзе чыё і наколькі сур'ёзна да гэтага варта ставіцца.

«Апушчаны» таксама мае паведаміць аб сабе адразу па заездзе, каб не стварыць праблемаў іншым. Калі чалавек хавае свой статус, але пасля гэта выяўляецца, пакаранне можа быць жорсткім... Калісці, за савецкім часам, «апушчаныя» мелі нават прабітыя шлёмкі – азнака і здзек адначасова, што стварыла яшчэ адзін эпітэт - «дзіравыя». Паколькі на зоне шмат якія рэчы маюць міфалагічны і сімвалічны сэнс, сучасныя хлопцы, прадстаўнікі суб-культураў, якія заязджаюцць з прабітымі вушамі і іншымі часткамі цела маюць быць гатовымі да малапрыемных пытанняў і падколак...

Абразу «пятух», «апушчаны», «грэбень» і г.д. трываць нельга – варта адразу лезці біцца. Так будзе лепш у любым выпадку, інакш можна згубіць статус і элементарную павагу. Аб інстытуце «апушчаных» адміністрацыя кожнай турмы ці зоны ня толькі ведае, але часам ім карыстаецца ды падтрымлівае: у «прэс-хатах» на турме, дзе «ссучаныя» ламаюць няскораных на замову ментоў, можа ўжывацца таксама і згвалтаванне.

Да «палітычных», якіх пасля Плошчы-2010 у беларускіх турмах ды лагерах апынулася як ніколі шмат, неаднаразоа спрабавалі падсажваць «апушчаных» з мэтай кампраметацыі... Цярпець гэтага нельга – варта пратэставаць, «ламіцца» з камеры (хоць «па-правільнаму» нібыта маюць ламіцца самі апушчаныя).

Т.зв. «петушыныя рамсы» могуць пацягнуцца за нейкай асобай, напрыклад, у выніку таго, што чалавек падняў сваю лыжку, якая ўпала на тэрыторыі прыбіральні (няхай і наўпрост на падлогу). У прыбіральні наогул не да чаго нельга дакранацца. Нават калі чалавека ня «вызначаць» у катэгорыю, чутка можа цягнуцца за ім увесь тэрмін адсідкі, перадвызначаючы адносіны з рэштай зэкаў. Дзіўна? Так, дзіўнавата... Трэба зразумець, што гэта рэальнасць, абсалютна адрозная ад нашай, са сваімі правіламі і законамі, нібыта Сярэднявечная Еўропа альбо Афганістан за панаваннем талібаў. З той толькі розніцай, што гэтую рэальнасць мы маем тут і зараз, за бліжэйшым «калючым дротам».



«Жык-жык, жык-жык», - прачынаюся неяк сярод ночы ад дзіўнага гуку. Уся секцыя «Каранціну» спіць, ніякіх рухаў. Што гэта? Нехта лезе ў дзверы, альбо гук паходзіць з-пад падлогі?.. Раптам звяртаю ўвагу на завешаную пледам ніжэйшую нару ў самым куце – нара «апушчаных». Гук спыняецца, завеса троху адсоўваецца, адтуль падымаецца сілуэт і выходзіць у калідор. Толькі што мясцовы «петух» «апусціў» новазаехаўшага гвалтаўніка непаўнагадовых... На аднаго болей – цынічна, але факт.

Брыгада-200

Праз пару тыдняў па заездзе на «зону» прыйшоў адказ па маёй касацыйнай скарзе: вядома, адмова. Неўзабаве я быў размеркаваны ў атрад.

- По жизни ровно всё?

- Так


- Точно? Если што — лучше говори сейчас, - настойвае дневальны, па дарозе ў новую «лакалку».

- Нармальна ўсё.

Пакінуўшы рэчы на «лен-хаце» іду да заўгаса. Дзвер, шторка, за ёй утульны пакойчык з тэлевізарам, дзвухпавярховай нарай і традыцыйнай іконай Багародзіцы. Вецер гайдае фіранкі, нібыта і не “зона” зусім – так хата вясковая...

- Мне все равно кто ты: «политический» — не «политический». С понедельника пойдеш на «промку», пару дней поживеш-осмотришся, спать пока будешь на «лен-хате», в секции ремонт, все раскажут тебе...

На «лен-хаце» тым часам бесклапотна адпачывала па лавах некалькі чалавек, нехта чытаў. Само памяшканне было падобным на залю сельскага клубу, нават не ДК, і тое ў стане перманентнага рэмонту. Тэлевізар. На паліцах некалькі замуляных кніжак – пераважна рэлігійная літаратура ды дэтэктывы. Зноўку вопіс рэчаў, новая бірка - «Киркевич, бр. 200» (наколькі мне вядома беларускамоўная бірка з усіх “вязняў 19 снежня” была толькі ў нязломнага маладафронтаўца байца ПДВ Эдуарда Лобава ў Івацэвіцкай калоніі).

Увечары ўпершыню за доўгія месяцы можна спакойна выпіць гарбаты пад ясным небам у промнях заходзячага сонца: гэтым разам сетка ды краты толькі па баках. Першыя знаёмствы, першыя парады:

- С тем лучше дел не имей, он мусорской.

- Вон тот, справа, прямой «рупор» в штаб.

- Видишь, со шрамом, да? Так он весь отряд сдал свой...

Падобныя парады сталіся нормай бліжэйшага часу, частка з іх мела права на існаванне: са штабам супрацоўнічала багата людзей, чакаючы ў адказ прывілеяў, хутчэйшага вызвалення, пазачарговых тэлефанаванняў родным ды спатканняў... Сярод гэтай катэгорыі багата траплялася і тых, хто сам даваў падобныя парады. Інтрыгі – «хлеб» зоны, роўна як «курэва», «чыф» і бігус у сталоўцы.

Сонца ўжо зайшло за суседні барак, а хлопец, які з'ехаў з глузду яшчэ ў каранціне і хадзіў тут у «апушчаных», вытанцоўваў пад музыку розныя экзатычныя фігуры пад авацыі і крыкі публікі.

- Жалко, да? А мне вот не жалко, - кажа прыбалт Адама са светла-шэрымі вачыма, чалавек цікавага лёсу, былы «ландскнехт» розных вайсковых фармаванняў, былы вязень “Амерыканкі”, які апынуўся тут «па наркаце», - Те, кто жалеет — самые худшие в итоге. Они все, кто смеется сейчас, во всяком случае честные... Мне вот тоже смешно.

Саставіўшы дзве лавы ды яшчэ адну пад ногі я атрымаў ложак: галавой да падваконніка, дзе ляжала апошняя газета да «Слуцкі збройны чын», выдання канца 90-х. Трэба спаць...

- А-а-а! Что вы делаете?! - раптам чуецца з калідора. Нешта падае на падлогу.

- Не-е-е-ет!

Такое адчуванне, што кагосці кудысці цягнуць.

- Што за гукі? – цікаўлюся.

- Где? - перапытвае сівы дзядзька інтэлігентнага выгляду на суседняй лаўцы.

Каля сцяны, як і адразу па маім заезде зэк спакойна чытае кніжку пад мяккім вечаровым сявтлом. Можа падалося?

- А-а-а!.. Как же тако-о-ое может бы-ы-ыть?!..

Пытанні задаваць хіба не мае сэнсу, ды і я тут усяго першы дзень. Пачакаем да раніцы...

Пасля высветлілася, што такім чынам суседзі па секцыі цягнулі мыцца «чембельбота», асобу, якая ўжо не звярае ўвагі на свой знешні выгляд, ды яшчэ з псіхічнымі праблемамі. Традыцыя ня лезці ў чужыя справы, часам робячы выгляд быццам нічога не адбываецца, аказалася адной з важный частак тутэйшай побытавай маралі...



«Промка»

- Когда Санников приедет?

- Ды не прыедзе ён, - скептычна адгукаўся я, будучы ўпэўненым, што Андрэй Алегавіч выйдзе на волю хутчэй за ўсіх нас. На той момант толькі ён і заставаўся на «Валадарцы» з палітычных.

- Приедет! Следующим этапом! Есть точная информация, - пераконвае «белабірачнік» з фескай на бок пад гукі станкоў на прам-зоне.

Біркі існуюць трох відаў: чорныя, белыя і чырвоныя. Чорная – звычайныя, такую насіў я. Белая пазначае парушальніка. Чырвоная – злосны парушальнік, чалавек стаіць на кантролі (напрыклад, схільны да ўцёкаў альбо суіцыднік), на працу ня ходзіць. Агульна так.

Прам-зона альбо «промка» - адасобленая частка лагеру, дзе базуюцца прамысловыя аб'екты, а таксама частка інфраструктуры: машынны цэх, слесарны, швейны і г.д. «Элітная» вакансія – пекарны цэх, сталоўка, бібліятэка. Існуе таксама безліч дапаможных працаў у інфраструктуры: кацельная, пральня, цырульня...

З самай раніцы пасля сняданку атрады скіроўваюцца да высокай металічнай брамы (шкада, без якога-небудзь пазітыўнага лозунгу тыпу: ''Jedem das seine''), адкуль пасля праверкі прозвішчаў патрапляюць унутр. Промка – месца сацыяльных кантактаў, як і праваслаўная капліца па нядзелях. Тут сутыкаюцца людзі з розных атрадаў, гутараць, вырашаюць справы. Наша брыгада мелася займацца драўнінай, у тым ліку майстраванняў будаўнічых паддонаў... А яшчэ на «промцы» добра пісаліся вершы:

Апоўдні ліпень прысыпае стружкай твары

Драўніны пах як добры ўспамін

Аб тым, што недзе мак цвіце крывавы,

А з коміну віецца шэры дым

Там людзі любяцца, працуюць, нараджаюць -

Гадуецца ў мурашніку чарговы дзень

Яго ня ўсмокча д'ябалава джала,

Ня скрые злых этапаў цень

Праз «ягазу» ды шчыліны між кратаў

Мая літаратура кветкай прарасце,

Па полі мінным пройдзе зноў араты

Каб хоць камусці жыць было прасцей.

Плюсы «промкі»: мажлівасць схадзіць у душ часцей за адзін раз на тыдзень, камунікацыя і... бадай, што ўсё. Так, фармальна існавалі нават заробкі – 5 000 рублёў на месяц, напрыклад (па тых часах гэта менш за 1 даляр ЗША). За гэтыя грошы людзям прапаноўвалася сплочваць матэрыяльную шкоду, вызначаную судом, а таксама закупацца па меры мажлівасці праз «атаварку»…



«Атаварка»

- Эй, малый, спроси есть ли что-небудь на счету у Рахметова Олега Ренатовича, 15 отряд, - праз сетку крычыць дзядзька камусці са знаёмых у чарзе.

- Сейчас спрошу...

- Спроси!

- …Нет, нету.

Ніхто з родных ці сяброў гэтым разам нічога не пералічыў. Апусціўшы галаву «прасіцель» моўчкі адыходзіць… але нечакана зноўку разварочваецца да сеткі.

- Малый, возьми чаю зеленого и три «Минска». Я отдам со следующей «отоварки», не волнуйся.

- ...Ладно.

- Малый, еще, стой: а булочки свежие завезли?..

Натоўп каля дзвух маленькіх акенцаў насядае і голасу прасіцеля не чутно, ды і «маламу» не да яго. Трэба «спісаць» адпаведную суму на жэтончык у немаладой ужо Алы Мікалаеўны, заняць чаргу ў іншую чаргу, ўзяць там «Ролтанаў», сгушчонкі, блок «Мінска», таго-сяго «мыльнарыльнага» (бо сканчаецца) ды цукерак-ледзяшоў на рэшту - каб нічога не засталося. У гэты момант нехта незнаёмы праз сетку суе пачак «Мінска»:

- Возьми три булочки, а?

170 тыс. - мая месячная норма для закупаў, іх маюць перавесці з волі родныя ці сябры. Прыкладна 20 даляраў. З рэзкімі скачкамі коштаў летам 2011-га нават такая сума рызыкавала ператварыцца ў нішто (а былі зэкі са значна меншымі мажлівасцямі – у выніку парушэнняў, альбо выплатаў па рашэнню суду). Кавалак мяса нечакана пачаў каштаваць як палова маёй месячнай нормы, на якую інфляцыя не як не паўплывала... Харчавацца толькі “дыетычнай” ежай са сталоўкі значыла ісці да павольнага самагубства – залежыць ад тэрміну. Макароны, кісель, гарохавая каша, юшка з рыбінымі вачыма спрыялі хіба выпадзенню зубоў ды псаванню скуры. Патрэбны былі вітаміны, якія магла даць «атаварка» альбо рэдкая перадача раз на поў гады...

- Что-что?

- Алей!

- Это что?



- «Масло»!

- Ааа... можно по-русски? - не хаваючы ўсмешкі перапытвае бялявая дзяўчынка-прадавачка праз вакенца. За ходам дыялогу сочыць з усмешкай ужо палова чаргі: «Да, он по-белорусски разговаривает, зовут Алесь...» - панеслася кудысці далей у чалавечы натоўп.

- ...І цукерак на рэшту ўзважце!

Літовец”

- В «отоварке» встретил «анархиста», уступил очередь ему: я ведь тоже анархист по натуре, - з акцэнтам, расцягваючы некаторыя галосныя, распавядае аб сваёй сустрэчы з Аліневічам дзвухметровы прыбалт - «Літовец».

«Наркотыкі» – стандартны артыкул для гасцей з бурштынавых берагоў Прыбалтыкі. Літовец знешне нагадваў вікінга: 2-метровая фігура, на якой на вятрыску развіваюцца лахманы, раскроеная чашка, арліны нос... Паводле легенды, чашку раскроеную ён меў з бурлівых часоў адстойвання літоўцамі сваёй незалежнасці: патрапіла куля пад тэлецэнтрам, куды “Літовец” прыйшоў з аўтаматам. Цалкам мажліва.

- Здарова, Алесь, жыве Беларусь, я вот выйду, приму беларуское гражданство обязательно... – з усмешкай рассыпаецца ў кампліментах асілак адразу па адбоі, - а у тебя поесть ничего нету? Очень хочется.

- Няма, вон спытайся...

- Да? Хорошо...

«Літовец» адыходзіць ад нары і напраўляецца кудысці далей. У тыя дні я і сам часцяком засыпаў з адчуваннем голаду. Бывае. Дзе-нідзе па адбоі акурат пачыналіся піры, размовы. Дзе? Ня ведаю, гражданін начальнік, нічога не чуў, ня бачыў...

Літоўца адрознівала грубасць, але гэта быў чалавек разумны, чытаючы. Мог часам крыкнуць нешта невыразнае, заспяваць пад гукі радыё: «Одиночество — сволочь, одиночество — СУКА!» (папулярная тады песня Славы), - вясёлы дзядзька, карацей. Нічога дрэннага не скажу. Ці варта давяраць – іншае пытанне. Давяраць наогул нікому ня варта, як паказаў сумны вопыт. Давер да чалавека можа стаць тваёй самай вялікай памылкай, няхай на першы погляд ты нічога дрэннага і ня робіш.

З чалавекам можна разам «перакусваць» (лічыцца, што ты падпусціў чалавека блізка да сябе), размаўляць, дапамагаць адзін аднаму, маліцца... але ўсё гэта раптам выявіцца падманам, пасткай, часткай гульні, на якую яму не шкада ні часу, ні рэсурсу – на кану можа стаяць ягонае датэрміновае вызваленне альбо вырашэнне якога-кольвек прынцыповага пытання. «Бух!» - як обухам па галаве, цябе падставілі! Усё было загадзя распланавана, улічваючы найменшыя дробязі. Агент штаба можа працаваць сам, а можа мець сваю сетку памагатых: 6, а мажліа 26, з якімі перасякаецца на «промцы», у «сталоўцы» і г.д. Даш слабінку – залезуць на шыю, толькі павернешся ў бок – гадзіннік скрадуць... «прыемныя інтэлігентныя людзі».

Пры чым тут «Літовец»? Абсалютна не пры чым, пры сваіх грубых манерах ды нахабнасці, ён аказаўся нашмат лепшым і больш шчырым за тых, хто называў яго «д'яблам» - «пабожных» і «сумленных». «Літовец» - вясёлы дзядзька. Толькі і ўсяго.

Саннікаў

Андрэй Алегавіч усё ж такі прыехаў. Загадкава і нечакана. Першы час яму нават дазвалялася хадзіць з барадой, насіць крамную робу ў «Каранціне». Як-ніяк самы значны палітвязень ці не за ўвесь перыяд праўлення Лукі! Зэкі Саннікава паважалі, распавядалі аб сваіх праблемах і пажаданнях, паважліва называючы: «прэзідэнт». На момант «заезду» Саннікава начальнік зоны раптам кудысці з'ехаў (нібыта адпачынак узяў) – ці мала што здарыцца? Звычайны чынавецкі падыход, перастрахоўка.

Па выхадзе з «Каранціна», пасля пераводу ў атрад, экс-кандыдат у прэзідэнты патрапіў на папяровую працу ў штаб – каб пастаянна быў на воку, таму і хадзіў штодня каля нашай «лакалкі». Бараду ўсё ж такі прыйшлося згаліць – лагерны парадак перамог.

За ўвесь час мы мелі мажлівасць паразмаўляць усяго адзін раз: на той момант я ўжо напісаў прашэнне... Саннікаў дастаў ліст, які хацеў даслаць у «Народную Волю», каб я прагледзеў і як што адкарэктаваў – пасланне было беларускамоўным. Маючы надзею на хуткі выхад, аб чым Саннікаў ведаў, я на ўсялякі выпадак перапытаў:

- Як вы бачыце сучасную сітуацыю? Што лепш рабіць на волі зараз?

- Звярніся да Івашкевіча, ён займаецца «Народным Сходам»...

Больш я не аб чым не пытаўся. Мажліва вопытны палітык наўпрост не хацеў казаць лішняга, тым больш незнаёмаму чалавеку, які падпісаў «прашэнне»... Спадзяюся, што так.

Ідэя «Народнага Сходу», якая з трэскам праваліцца ўвосень, падавалася дзіўнай і слабаперспектыўнай ужо тады, летам 2011-га. Івашкевіч... Увосень мне давялося пабачыць рэалізацыю «грандыёзнай задумы» на практыцы ў Горадні (на «сход» не з'явіліся самі арганізатары), а пасля прачытаць у СМІ аб хмурым натоўпе пад парасонамі у Менску... Але гэта ўжо іншая гісторыя.

Андрэй Алегавіч мне запомніўся як чалавек з ціхім голасам і сумам у вачах. На «зоне» не спрацоўваюць партыйныя адрозненні ды палітычныя рознагалоссі, таму ён быў «сваім». Тады ніхто ня ведаў, колькі прыйдзецца вынесці паспяховаму дыпламату ды перспектыўнаму кандыдату на прэзідэнта на сваім турэмным шляху, у параўнанні з чым зголеная барада падасца дзіцячым выбрыкам…

Коні

- А где бабуля, - нібыта разгублена пытаецца зэк, заходзячы ў секцыю, - Бабуля!!! - чуе ўжо ўвесь барак.

«Бабуля» - мянушка невысокага рудога хлопца, які сеў за забойства роднай бабулі, якая яго расціла з маленства, але ў нейкі момант неабачліва не дала грошаў на выпіўку – той забіў яе сякерай, як кажа легенда. Ня маючы мажлівасцяў для існавання ў лагеры хлопец пайшоў у халопы – стаўся «канём». Больш заможныя зэкі часта шукаюць сабе падобных служак для выканання дробных даручэнняў: мыцця посуду, сціркі адзення і г.д. Падначаленая асоба робіць усё гэта за цыгрэты (валюта) і ежу, ды з пачуцця страху перад больш моцным гаспадаром.

«Коні» заўгасаў ды брыгадзіраў часам адчуваць на сабе долю ўлады сваіх патронаў: напрыклад, з важным выглядам спрабуюць абмяняць старую робу гаспадара каму-небудзь з новазаехаўшых. Нешта ад сярэднявечных зброеносцаў невядома адкуль з'яўляецца ў іх манерах.

- Пачка «Минска»? Не-ет, - з недаверам глядзіць «памочнік» на брудныя шмоткі, - «Винстон»! Неси порошок. Через пол часа где-то будет...

На мове адміністрацыі гэта называецца «притеснение осужденных», аднак па-іншаму частка тутэйшага кантынгенту наўпрост не дала б рады выжыць. У рэшце рэшт кожны сам выбірае...

Па прыбыцці аднаго з этапаў, сярод разгубленых постацяў, якія валаклі свае матрасы па «ўзлётцы» у «Каранцін» я нечакана ўбачыў знаёмы твар: той самы хлопец-іегавіст з «Валадаркі»: яго ўсё ж такі асудзілі...

- Надо его к себе “подтянуть” после “Карантина”: работящий, хорошим “конем” будет , - дзеліцца думкамі знаёмы, які з іегавістам таксама калісці сядзеў.

Спачатку я абураўся, а пасля пачаў разумець, што ў рэаліях галоднай зоны стаць для гэтага ціхага хлапца “канём” (лёкаем) больш-менш парадашнага чалавека (пана), які яшчэ не паспеў развітацца з сумленнем, было яшчэ ня горшай доляй… Праклятая беларуская турма!

«Памілаванне»

- Киркевич, в штаб срочно! - залятае аднарукі дэжурны ў секцыю.

Апранаюся, іду. Кантралёры папярэджаныя, прапускаюць. На ўваходзе падлятае вусаты падпалкоўнік:

- Почему так долго?!

Нешта сур'ёзнае значыцца... У кабінеце чакае мажны дзядзька з сівізной, цягне руку, падпалкоўніка просіць пакінуць нас сам на сам. Прадстаўляецца супрацоўнікам Дэпартаменту (ДИН).

- Вы тут не нужны, понимаете? Не ваше это место. Поэтому на верху принято решение... Надо написать прошение, его рассмотрят...

- Не, не магу.

- Тогда письменно пишите отказ.

Пішу адмову, тлумачу прычыны, подпіс, дата. «Супрацоўнік Дэпартамену» зноўку ўсміхаецца, цягне руку, я вяртаюся ў атрад... Па лагеру пайшла пагалоска, нібыта прыязджала КДБ (лагер заўсёды ўсё ведае: перад гэтым, напрыклад, усе былі ў курсе, што Мілінкевіч прыязджаў на размову з начальнікам па справе сябра Руху «За свабоду» Мікіты Ліхавіда):

- Вызывали? А что хотели?

- Так, цікавіліся, як мне жывецца…

На працягу некалькіх дзён атрад вечарамі праз кожную гадзіну выводзілі на праверку. Трэба было давесці зэкам, што ўсё гэта адбываецца з-за мяне... Ішоў час. Асабіста больш не выклікалі на такога роду размовы, аднак нават у сценаў ёсць вушы і калі голасна сказаць, чаго ты хочаш – яны пачуюць... На мяне пасыпаліся розныя варыянты: палітычны прытулак, «скрытае памілаванне» - «я пішу, але ніхто аб гэтым ня ведае, пасля выхаду ціха з'язджаю за мяжу і гэтае пытанне больш не падымаецца».

У выніку я вырашыў усё напісаць адкрыта. У далейшым сядзенні мне не бачылася сэнсу: сам факт знаходжання палітвязняў за кратамі не паспрыяў абуджэнню нацыянальнага руху, а міжнароднымі структурамі выкарыстоўваўся ўсё адно ў пэўных межах (на ўсё, на што ЕЗ быў гатовы пайсці, ён ужо пайшоў) - «халодная вайна» паміж Белруссю і Захадам магла працявацца бясконца доўга... Знаходжанне на волі, нават такім коштам, магло прынесці больш карысці, як мне падавалася тады. “Прашэнне” было тактычным крокам.

Ці я памыляўся? Так, я памыляўся.



Бунт

Хіба апошнім вартым увагі эпізодам з наваполацкай калоніі быў «лагерны бунт». Сказана, хіба, занадта гучна – хутчэй акцыя масавага непадпарадкавання. ...Пайшла інфармацыя нібыта адзін з загадчыкаў сталовай (зэк) меў кантакты з чалавекам, адсаджаным «на кружку». Сітуацыя па лагерных мерках сур'ёзная, патрабуючая высвятлення і як мага хутчэйшага вырашэння. У «старыя часы» за падобныя рэчы маглі адсаджваць «на кружку» усю зону... Яшчэ з вечару па бараку пайшлі размовы:

- Нельзя садится за столы!

- Да, завтра утром...

- ...Ты что, не знаешь их секцию? Эти сдадут...

Адчуванне па адбоі было чымсці эмацыйна падобным да апошняй ночы перад важнай вулічнай акцыяй. Масавае непадпарадкаванне як-ніяк можа быць падаўлена... Аднак дырэктыва жорсткая: за сталы сядаць нельга! Так кажа лагерны «страйк-кам».

Вось яна, раніца. Першым у будынак сталоўкі заходзіць N-ы атрад, за ім мы. Аўсянка ў шлёмках з алюміневымі «зэчкамі» з гарбатай раскіданая па сталах. З N-га атрада нехта сеў, нічога не ядуць, сядзяць сабе. Нашы хлопцы выстраіліся каля вакна. Тыя, хто сядзеў, усталі. Напружаныя размовы, дзёрзкія ўсмешкі, нехта ходзіць з кута ў кут, нібы раўняючы шыхт на акцыі. Неўзабаве падыходзяць новыя атрады, аўтаматычна стаюць ля сценаў. З'яўляюцца афіцэры, паводзяць сябе стрымана, больш за ўсіх нэрвуецца вусаты маёр у берэце, мой зямляк, ДПНСІ:

- Всем сесть за столы, быстро! Сели, кому сказал!

Падпарадкоўваецца літаральна пара чалавек, рэшта, а гэта некалькі соцень, працягвае стаяць. Вось дзе трэба вучыцца вулічным лідэрам, аматарам паходаў да пл. Бангалор! Нас сотні, і гэты борзы маёр, няхай нават былы афганец, нічога ня зробіць. Цішыню раптоўна парушае медык, які разважлівым крокам праходзіць на цэнтар залі:

- Последнее решение из мед-части (там бывалі «блатныя» з ШІЗА ды ПКТ): есть можно! Человек, из-за которого появился вопрос не вышел на работу — он сейчас в отряде.

Зэкі пераглядаюцца, бачна, што напружанне спадае. Першымі сядаюць больш аўтарытэтныя і абазнаныя асобы, за імі рэшта.

- Да ешь ты, ешь! Нормально все, - даводзіць суседзям усходнік, з залітымі па модзе 90-х кулакамі.

Усё скончана. Першае адчуванне: перамога калектыву, групы, у якой ты зараз знаходзішся, не зважаючы на абставіны і акалічнасці, аб якіх тут пісаць хіба не варта. Людзям патрэбныя перамогі, без іх немажліва ісці наперад.

Толькі пасля краем вуха я пачуў, што каля варотаў гэтым часам напагатове ўжо стаялі аддзелы Ўнутраных Войскаў... Як усё гэта знаёма.



Вяртанне

Схадзіў у лазню, напісаў лісты

Чакаю, што пашле мне Неба

Кавалак цэглы ці краюху хлеба -

Паліць масты ці не паліць масты.

Ня веру прэзідэнту, веру Богу

На бачаць вочы, убачыла душа:

Пад небам сінім сцелецца шаша,

А мо ў сталоўку шэрая дарога...

Я лягу спаць, няма мяне, знікаю

Свядомасць ранішнім туманам прынясе,

Змачыўшы ногі недзе ў расе -

Там, дзе шаша сягае небакраю.

Вершык гэты я напісаў за пару дзён да вызвалення. Да выхаду падрыхтавацца насамрэч нельга – можна жыць, чакаць, але падрыхтавацца ня ўдасца – раптам падмануць? Выклік, штаб, тэлефон: «Указом президента от 30 августа...», адзнакі, апошняе пастраенне, збор рэчаў на хуткую руку, «чыф» па колу ў секцыі, падарункі і запаветы, пацісканні далоняў...

Апошні шмон і паперы ў штабе:

- Дальше будешь опозицией заниматься?

- Канешне.

- Тут перед тобой парень выходил также как ты — сказал: «Спасибо вам за урок, больше никогда...»

- Мажліва… А як да Полацка даехаць?

- Тут трамвай ходит, выйдешь и направо.

«Калючка» засталася за спіной. У чарговым унутраным двары – грузавікі з нашымі “любімымі” драўлянымі паддонамі. На мне – цельняжка і спартовыя штаны, накінутыя наспех. Ёсць яшчэ прахадная з дамком вартаўніка, можна хоць джынсы са складу прымерыць...

- А калі трамвай?

- Через час где-то...

На полацкім вакзале ў кафэ тэлефаную дадому. За мной ужо выехалі 2 машыны. Са зваротам здаю білет на Менск – ён не спатрэбіцца... Нарэшце я бачу знаёмыя твары: Мікола Дземідзенка, Наста Палажанка, Уладзь Яроменак, Андрэй Кім, Юрась Губарэвіч... Абдымкі, пытанні, адказы, смех, пстрыканне фотаапарату Сяргея Гудзіліна.

Па дарозе на Менск я прашу спыніцца. Над намі – зорная бездань, якой я ня бачыў апошнія 7 месяцаў, бездань спадзяванняў і мажліасцяў, расчараванняў і перамогаў, веры і бязвер'я. У гэтым жыцці кожны выбірае свой шлях, сваю шашу, «грунтоўку», эскалатар у метро альбо партызанскую сцяжыну. Галоўнае – не забывацца час ад часу падымаць вочы да неба.

«Адступецеся ад мяне, усе ліхадзеі, бо пачуў Гасподзь ...малітву маю» (Пс. 6:9-10)

Пасляслоўе

За час працы над кнігай на волю паспелі выйсці некаторыя яе персанажы, нехта сеў, нехта паспеў сесці і выйсці, незаўважна ў Краіне прайшлі чарговыя выбары - парламенцкія. Лукашэнка, які прыйшоў, як на пачатку падавалася, выключна на хвалі 90-х, дзе і мусіў застацца, надалей мае сур'ёзныя планы на Беларусь і марыць перадаць яе малодшаму сыну ў «спадчыну» гадкоў праз 25 (разам з палямі, сенажацямі, прыгоннымі сялянамі, мной і канешне ж Вамі, дарагі чытач).

Краіна аднак змяняецца, перамены, як казаў вязень «Амерыканкі» падпалкоўнік у адстаўцы Юра (зараз на свабодзе), адчуваюцца ў паветры. Змяняемся і мы з вамі... Адыходзяць старыя партыі, рухі, учорашнія метады працы, а значыць на іх месца прыйдзе нешта новае, яшчэ нязведанае, не адчутае, не адпакутаванае, пакуль нейтральнае, але ўжо цікавае. Хопіць мучаць сябе настальгіяй па «Маршу Свабоды-99», «Намётавым мястэчку – 2006», Плошчы-2010. У адрозненні ад Нарвегіі ці Швецыі, дзе ўсё адбылося, а гісторыя ўжо скончылася, мы жывем у атмасферы няспыннага мэйн-стрыму, гісторыя робіцца тут і зараз, а значыць самае цікавае – наперадзе.

Горадня, 9 студзеня 2013 г.


1   2   3   4   5   6


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка