Няскончаная Адысея Беларуская турма для пачынаючых




старонка4/6
Дата канвертавання01.04.2016
Памер1.18 Mb.
1   2   3   4   5   6

Ч.2 “Валадарка”

Адстойнік

Пасля шмону і душу нас з Пратасенем развялі па розных адстойніках.



  • Commen Sie (“Пайшлі!”) - лянівы канваір даваў каманды па-нямецку.

Адстойнік уяўляў сябой невялічкае выцягнутае памяшканне, дзе расставіўшы рукі ты дастаеш абедзве сцяны. Уздоўж сценаў - драўляныя лавы. “Парашы” няма. На вокнах, як і ва ўсіх камерах Валадаркі – “реснічкі”. Скрозь металічныя пласціны была трошку бачная “запретка” з калючым дротам, пара “баландзёраў”, што цягнулі нейкую тачку, і над усім гэтым узвышаўся гігантыны гмах ААЦ (Аператыўна-Аналітычны Цэнтар), нібыта карыктурная “зорка смерці”.

Аднаму мне быць прыйшлося ня доўга. Спачатку закінулі этап з Жодзіна – усе - маладыя хлопцы да 30-і, вясёлыя і адвязныя, адзін нават прызнаўся, што любіць беларускую мову, але ня ўмее на ёй размаўляць. Завадатарам натоўпу быў зухаваты “сіні” ад татуяванняў сіпаты хлапец.

Праз пэўны час шумны кагал пацягнулі ў душ, а да мяне закінулі нейкага бізнэсоўцу ды яшчэ праз нейкі час крадуна з Горадні. Бізнэсовец, які ехаў з суду, увесь у белым, падзяліўся сваімі вершамі, расказаў пра Эдзіка Лобава (тут я акурат і пачуў у першыню, што наш брат па арганізацыі, дэсантнік, асуджаны да чатырох год калоніі, у апошнім слове паабяцаў наступным разам «давіць улады танкамі»! ) і напрыканцы адзначыў:


  • Да, 293 – привелегированная статья…

Можна было пагадзіцца, бо нас прынамсі не мурыжылі ў СІЗА па году-паўтара, як гэта вельмі часта бывае ў судовай практыцы. Замест таго, каб адпускаць людзей пад падпіску, у першую чаргу тых, чый злачын не звязаны з гвалтам над асобай ці асабліва буйнымі крадзяжамі ды хабарамі, следчы ці пракурор прымаюць рашэнне трымаць чалавека ў СІЗА. Пасля адбываецца наступнае: калі справу перадаюць у суд і суддзя ў рэшце рэшт мае выносіць вырак то сутыкаецца з сітуацыяй - чалавек прасядзеў да прыкладу год, дык як яго пасля гэтага ўжо можна прызнаць невінаватым? Ці абмежавацца штрафам? Тады трэба садзіць следчага, ды сплочваць пацярпеламу кампенсацыю за кожны дзень, праведзены ў няволі…

Незаўважна надыйшоў вечар, праз “кармушку” нам далі палажняковы суп у алюміневых “шлёмках” (у “Амерыканцы” прынамсі палова была з нержавейкі). Заседжвацца не прыйшлося: неўзабаве вывелі ў калідор, дзе ўжо быў пашыхтаваны тварамі да сцяны жодзінскі этап. Пасля пераклічкі нас павялі доўгімі калідорамі старажытнага замку на склад, дзе кожны атрымаў коўдру, матрас, бялізну, падушку і “кругаль” (ніхто імі па прызначэнні не карыстаўся: у нас кубкі выкарыстоўвалі як падстаўкі пад бутэлькі з алеем). Мне падалося, што сярод натоўпу быў Сяргей Казакоў – “штурмавік” з “Еўрапейскай Беларусі” – коратка пастрыжаны з бялюткім каталіцкім крыжыкам на шыі ён вельмі нагадваў адарванага “малалетку”, якіх па гэтых калідорах праганялі штодня.

Са сваімі трыма “кешэрамі” ды яшчэ з “ватай” я б дакладна ня даў рады, каб не зямляк - той самы малады крадун з Горадні. Зямляцтва - адзін з нешматлікіх ланцужкоў, якія могуць звязаць тут абсалютна розных незнаёмых паміж сабой людзей. Вера, на вялікі жаль, у большасці выпадкаў такой ролі не грае, калі гэта не іслам, іегавізм, пратэстанцтва... Любая малая група пры добрай арганізацыі і ўзаемнай падтрымцы можа сябе паставіць і пры патрэбе даваць адпор рэшце. Прадстаўнікам хрысціянскіх канфесіяў нажаль ў плане самаарганізацыі расці і расці да сваіх усходніх братоў і пабрацімаў.

Мы апынуліся ў новым корпусе турмы, які, як я пасля даведаўся, лічыцца лепшм у плане ўмоваў. Хлопцы з Жодзіна засталіся недзе безнадзейна далёка, Андрэй Пратасеня стаяў метраў за 30 ад мяне, а я побач са сваім майном самотна перамінаўся каля камеры “два-адзін” у даўжэзным калідоры, пакуль дзяўчына-канваір адпрацаваным жэстам не адчыніла перада мной “тармаза”.



Мікола

  • Дзень добры!

  • Какая статья?

  • 293-2 масавыя беспарадкі...

  • Тише, люди спят. Откуда?

  • СІЗА КДБ “Амерыканка”.

  • Ммм…

Знутры камера нагадвала мурашнік. Туды-сюды гойсалі людзі, часам нехта спыняўся, цікавіўся. Больш за ўсё пытнняў задаваў хударлявы акулярык, які нечакана назваўся “палітычным” - як хутка высветлілася, гэта быў анархіст Мікола Дзядок. На “хаце” было багата ўсіх і ўсяго, апроч вольнага месца: не паспеў я паставіць свае непамерныя торбы на падлогу як мне параілі ўзяць усё самае патрэбнае і скласці ў адзін “кешар”, а рэшту знеці на “кешарню” па абходзе.

  • Коля, раскажи человеку “за людское”…

Я залез да Колі на самы верхні ярус і адтуль ужо разглядаў усё і ўсіх. Пятнаццаць “шканароў” былі пастаўленыя ўздоўж сценаў і мелі па тры ярусы. Колькасць людзей канкрэтна на гэтай “хаце” зрэдку перавышала пры мне 20-25. Частка вязняў, канешне, спала па чарзе, але для “Валадаркі” гэта былі яшчэ вельмі паблажлівыя ўмовы: дзе-нідзе спалі і ў тры змены, ды яшчэ гамакі плялі, каб хоць неяк злавіць лішнюю гадзінку сну. Пасярэдзіне, а дакладней уздоўж камеры цягнуўся стол, за якім прымалі ежу – таксама, канешне, не адначасова з-за цеснаты. Лагічным “вянцом” стала быў тэлевізар. На вакне - тыя ж “реснічкі”, прыбіральня адгароджаная метровай сценкай і завешаная клеёнкамі – так стваралася хоць нейкая атмасфера утульнасці, што дасягалася, як выявілася, таксама не без ахвяраў… У гэтай “хаце” ня так даўно сядзеў фігурант нашай справы расеец Брэўс ( на той момант ужо вызвалены), а значыць адміністрацыя лічыла яе дастаткова прыстойнай.

  • ...На турме наогул нельга “спрашываць” пры звычайнай размове, можна цікавіцца. “Спрашывают” ужо за нейкі ўчынак… Калі ты, напрыклад, сядаеш да чалавека на нару – трэба спачатку пацікавіцца…, - з паважным выглядам распавядаў Мікола, пазіраючы скрозь лінзы акуляраў. За яго плячыма былі ўжо Акрэсціна, Жодзіна, “бальнічка”, розныя “хаты” на “Валадарцы”..., -

Мікола сядзеў з верасня 2010 г. – з таго дня, як спецназ КДБ “Альфа” уварваўся ў кватэру, якую здымала суполка анархістаў у Менску, адразу пасля падпалу машыны на тэрыторыі расейскага пасольства… Мы пачалі шмат размаўляць, “пераціраць” палітычныя навіны, погляды на веру, гісторыю, грамадства, ну і канешне на склаўшуюся сітуацыю. Шмат спрачаліся: усё ж такі былі апанентамі згодна любому падручніку паліталогіі (памятаю, як яшчэ у восень 2010 горадзенскія анархісты заклейвалі маладафронтаўскія улёткі сваімі агіткамі: “Свободу беларуским анархистам!”). Аднак, як слушна пісаў Даўлатаў, у зняволенні усе “палітычныя” трымаюцца разам, і толькі на волі ці ў эміграцыі зноўку разбягаюцца па сваіх кутах. З Колем мы ўпершыню “ганялі чыф”… Даўжэйшая адсідка і гутаркі са “страгачамі” на “бальнічцы” наклалі свой культурны адбітак і на ягоную асобу:

Судья сказал,



канвой забрал,

браслеты щелкнули...”

Коля аднак ня быў наўпрост захопленым рамантыкам – мяне уразіла ягоная глыбокая інтэлігентнасць, востры розум, незвычайная жыццёвая энэргія і аптымізм, якія так рэдка можна сустрэць сярод панурых, бязверных і азлобленых на жыццё былых бізнэсоўцаў ці наркаманаў. Кім яны былі? Зазвычай ахвярамі, якія патрапілі ў складаную сітуацыю і пакутвалі над пытаннем: “За что?”, зненавідзіўшы ўсіх навокал. Ён ведаў навошта сядзіць і гэта перакрэслівала ўсе пакуты, бо наперадзе была сусветная рэвалюцыя, свабода і шчасце, амаль як у Стругацкіх: “Шчасце ўсім і кожнаму і хай ніхто не зыйдзе незадаволеным...”



Нямы гул

Рэжым дня быў з-большага падобны да рэжыму “Амерыканкі”. Тут дазвалялася мець гадзіннік, таму адсочваць час было лягчэй. Шпацыр у большасці выпадкаў прыпадаў на другую палову дня, рэшта часу была па-ранейшаму вольнай. Перыядычна, у залежнасці ад дэмаграфічнага становішча ў камеры, мне прыходзілася спаць днём і “крэпіць” уначы. Такі рэжым я звычайна абіраў сам, бо ўначы можна было адпачыць ад усіх, а на працягу дня я меў нару ў сваім карыстанні для таго каб спаць, чытаць, пісаць, маляваць і г.д.

На шпацыр уся камера ішла калонай па двое у суправаджэнні ўсяго аднаго кантралёра. Мы праходзілі лесвіцай некалькі паверхаў уніз па новым корпусе, спускаліся ў сутарэнні Пішчальска замку і праходзілі так званай “падводнай лодкай” – доўгім падземным калідорам, які ўпіраўся ў склад. На ўваходзе ў “падводную лодку” часам стаяла вада – гэта Свіслач употай завітвала да нас, заліваючы пасля вялікіх дажджоў некаторыя камеры ў старым корпусе. Па баках былі “расстрэльныя дворыкі” – у 30-х іх выкарыстоўвалі штодзёёна і не па адным разе... Побач, за сценкай ад “дворыку”, дзе стралялі, сядзелі людзі, якія гэта ўвесь час чулі. Мала таго, месца масавага генацыду камусці трэба было мыць – з вядром і ганучай. Колькі людзей тут страціла розум? А дзе розум тых, хто зараз галасуе за дзяцей і ўнукаў забойцаў з МГБ-шнымі пятліцамі, якія праходзяць ва ўсе саветы, палаты і прэзідыўмы?.. Задумайцеся, а ці вуліца, на якой вы жывеце ня носіць імя якога бальшавіцкага ката, які да канца жыцця атрымліваў падвышаную пенсію за мазоль на унутраным баку ўказальнага пальца, які немінуча ўтвараўся ад пастаяннага націскання на спускавы кручок?..

Пасля “падводнай лодкі” мы на імгненне траплялі ў замкавую вежу, скрозь якую ішоў калідор на вуліцу: кудысці ўверх збягала паламаная вінтавая лесвіца, камяні дыхалі сырасцю, сухотамі ды хваравітай рамантыкай “Графа Монтэ-Крыста”… Дворыкі для шпацыраў месціліся, як нехта зўважыў, у былых стайнях. Сапраўды, часам было падобна на тое. Пасля летніх даждоў у палове дворыкаў стаялі невысыхаючыя лужыны, сцены пакрываліся мохам, а купка людзей была вымушанай шукаць паратунку на невялічкім кавалку сушы і яшчэ спрабаваць прагульвацца ды адціскацца. Зверху на ўсё гэта з мосцікаў глядзелі кантралёры, часам дзяўчыны, якія былі не супраць перакінуцца слоўцам з вязнямі пад гукі няўміручай радыёкропкі.

Пасля шпацыру шлёпанцы і ногі па чарзе мыліся ад пылу. Наогул, у камеры дзейнічалі даволі жорсткія правілы дысцыпліны датычна пытанняў гігіены, шумавога фону і г.д. Чысціня на “абшчаку” (стале па цэнтры) была абавязковай, вільготныя прыборкі ладзіліся два разы на суткі – двое прыбіралі, астатнія хаваліся па шконках. Чысціня і яе парушэнне ставала адначасова пастаяннай невычарпальнай базай для канфліктаў: што за лямант? Аказваецца, нехта пакінуў волас на кавалку мыла, невыцертую кроплю на люстэрку, хлопнуў крышкай унітаза, і панеслася… Удзень і ўначы размаўляць мажліва было толькі шэптам – і гэта першае, што звяртала на сябе ўвагу – пастаянны нямы гул:


  • Пш-пшы –пшы…

Пагутарыць уголас мажліва было толькі на вуліцы.

Людаед”

У камеры панаваў поўны “Нэшнал Джэагрэфік”: Іран, Азербайджан, былое бельгійскае Конга, Арменія, Расея… Трое хлопцаў былі з Горадні. А кіруе ўсім жыд: ніякага антысемітызму – законы жыцця…

Тое-сёе я пачаў запісваць. Любая камера, любы турэмны асяродак – гэта перш за ўсё людзі. Па некаторых персаналіях, на мой погляд, варта было б прайсціся.

Чалавек са шрамам” – так калісці называлі Отта Скарцэні, але гэта быў зусім іншы выпадак. Мужык з тварам бывалага крымінальніка, пудовымі кулакамі і перакроенай пысай, які нібыта вось-вось меўся прамовіць: “А вам не кажется, што ваше место возле параши?..” у рэальнасці аказаўся бытавым алкаголікам, які сядзіць менш за маё, ішоў па справе аб выкраданні асобы (артыкул з “ліхіх 90-х”): збіў і закінуў жанчыну ў багажнік, вывез… З-за прыкметнай знешнасці і брутальных манераў яго называлі “Людаед”. Па волі “Людаед” знаёмую - глуханемую прастытутку:


  • А как ты ей звонил? – з падколкай пыталіся сукамернікі.

  • Смс-ки писал… - сур’ёзна адказваў дзяцюк.

Дзіўная асоба, ці тое з раманаў Гюго, ці тое з бурлівага 1917-га (калі “Людаед” апранаў марынарку, то любіў гучна казаць: “Мы из Кронштадта!”) не трымала пры сабе, гледзячы па ўсім, фотаздымкаў родных, але хвалілася сваім любімым… карлікавым даберманам (на здымку жывёлка красавала ў сінім кажушку). Ён мог бы зрабіць віртуозную кінакар’еру - нават на эпізадычных ролях…

Часам асілак спрабаваў наехаць на хударлявага Міколу Дзядка, абяцаючы адправіць хлопца “на бальнічку” адным ударам. Анархіст трымаўся мужна:

- Ты на меня гыркать тут не будешь!, - і папраўляў акуляры. Так і толькі так: адна слабінка – і ты ўжо на падлозе, а значыць на дне, недзе пад нарай.

Бліжэй майго ад’езду “Людаед” пачаў ненатуральна кашляць, апух, а “бывалыя” сукамернікі настойліва раілі яму схадзіць ды праверыцца на “флюшку” – флюраграфію…

З-за патэнцыйнай небязпекі сухотаў, якой прапітаны кожны метр у СІЗА, сапраўднай праблемай паўставала пранне бялізны і адзення – сырасць, якая з’яўляецца ад рэчаў падчас прасушкі стымулюе захворванне. Таму сціраюцца тут па чарзе, не хаатычна, і толькі пасля паходу ў душ, які па-ранейшаму меў месца раз на тыдзень, камера можа быць насуперак усім правілам завешана ўздоўж і ўпоперак: асабістая чысціня таксама мае быць.

Сведка Іеговы

А вось 19-гадовы хлапец, сведка Іеговы (спаў ён акурат над “Людаедам”, які выбіў сабе элітную ніжнюю нару пастаяннымі “адкатамі”). Усё “як мае быць”: каляровыя часопісы “Пробудись”, “Сторожевая башня”, не выпускаў Бібліі з рук. Заўжды ветлівы, услужлівы, шмат чаго рабіў “па хаце”. Навярнуўся ён у турме, дзе бадзяўся ўжо паўтары гады (Жодзіна, Кальварыйская (гэтага ізалятара ўжо не існуе), Валадарка). Сваю Біблію (з іегавісцкімі праўкамі) ён ведаў дасканала, як кампутар: можна было прамовіць пачатак нейкага вершу, а ён бы праз імгненне знайшоў рэшту. Абвінавачваўся невысокі акулярык у пасобніцтве забойству: бацька папрасіў яго разам з сябрам пасядзець у машыне у той час, калі там будзе знаходзіцца нейкі мужык. Хлопцаў пасля бацька высадзіў, а сам павёз мужыка далей у лес…

Так сталася, што на свой суд ён ад’язжаў за дзень да майго этапа ў калонію. А за пару дзён да гэтага ў яго адбылася асабістая трагедыя: разбілася адна лінза ў аулярах, што пазбавіла яго адзінай жыццёвай радасці: чытання. Справа ў тым, што з родных на волі ў яго засталася толькі сястра, якая істотна дапамагчы не мела мажлівасці, а карпарацыя “сведкаў” рэгулярна закідвала яго выключна “духоўнай ежай”: часопісамі ды брашурамі… Складалася ўражанне, што гэты выпадак з лінзай хваляваў яго куды больш за будучы суд, мажлівыя цяжкасці пераездаў і перспектывы адсідкі. Мы ўсе спадзяваліся на тое, што суд улічыць усе акалічнасці справы, “залічыць адседжанае” і выпусціць маленькага пакутніка на волю. Сталася па-іншаму...

Што тычыцца “сведкаў Іеговы” у прынцыпе, то іх праца ўнутры беларускай пенітэцыярнай сістэмы заслугоўвае не тое што асобнага расповеду – асобнага падручніку. Дзіўна, але ні РПЦ, ні Касцёл, ні традыцыйныя пратэстанты, а менавіта “сведкі” фактычна ўключылі сістэму зонаў і СІЗА ў схемы свайго “сеткавага маркетынгу”. У камерах, жылых секцыях, бібліятэках - паўсюдна я бачыў тыя самыя часопісы з усмешлівымі неграмі ды кітайцамі на фоне горных пейзажаў. Нават у нашай камеры, сціплы, а значыць “слабы” па турэмных мерках, “іегавіст” здолеў знайсці некалькіх чытачоў для сваёй падшыўкі “Башни”. У чым сакрэт? Так людзі знаходзілі сабе суцяшэнне і сховішча ў дзіўнай псэўдарэлігіі, якая адмаўляе існаванне душы і маральнасць пералівання крыві. Бог ім суддзя.

Бананы есть?”

– некалькі разоў перапытаў кантралёр у знерухомеўшай камеры. У адказ – цішыня, людзі пачалі пераглядвацца, і тут у камеру зайшоў… негр! “Дзядзя Том”! Для калгасных кантралёраў, роўна як і для большасці сукамернікаў, Фістон з былога бельгійскага Конга стаўся цікавосткай, якую немажліва было абмінуць. Перад праверкамі Фістону абавязкова выдавалі марынарку і падбівалі дакладваць на ламанай расейскай. Яго вучылі матам, паказвалі “мурзілкі” (часопісы нехрысціянскага зместу), “дапытвалі” падчас шпацыру.

Выглядала гэта прыкладна так: усмешлівага чорнага хлопца, у пазычанай лагернай робе з нумарам 999 (ці 666?) акружалі зэкі на чале з гапаватым Вадзікам, маім суседам па нары – у чорнай куртцы, чорнай фесцы, які ўвесь час нешта жаваў (сцэна нагадвала допыт ваеннапалоннага ў Паўднёвай Афрыцы часоў апартэіду).

Фістон распавядаў, што хацеў патрапіць у Парыж, дзе яго чакала жонка з 5-гадовым сынам. Сам перад гэтым працаваў ахоўнікам у маскоўскім клубе (гэтая тэза неаднаразова аспрэчвалася сукамернікамі, зыходзячы з фістонавай камплекцыі). Усе, безумоўна, былі расчараваныя, калі даведаліся, што на ягонай радзіме кракадзілаў няма, аднак зацікавіліся грамадска-палітычным кліматам далёкага краю:

- Прэзи-дент …Ар-тист, - спрабаваў нешта тлумачыць кангалезец.

- Нет, это у нас артист!.. – хорам адказвалі мужыкі.

А яшчэ ў іх была вайна. Дакладней, пакуль у іх няма вайны… Калі да Фістона празмерна чапляліся, яго ў першую чаргу бараніў... жыд, арыстакратычны і выпешчаны, з белай, як ў “крытчыка”, скурай (ён нават на шпацыр пры мне не выходзіў). Падавалася, што ў гэтым было нешта каланіяльнае, з прозы Кіплінга, а мажліва і чалавечае, з рэальнага жыцця.

Іранец Апшы быў куды менш “публічнай асобай”: меланхалічна паліў увесь час, глядзеў на свет сваімі сумнымі вачыма героя “Шахнамэ” і чакаў дэпартацыі (так яму абяцаў консул). Неяк праз выпадковасць ён умудрыўся нават “зварыць Людаеда” – абліў таму ногі кіпенем падчас сну. Выпадкова (часам падобнае робіцца наўмысна, асабліва на зонах). Да бойкі не дайшло і скончылася агульным рогатам сярод ночы і падсумаваннем жыда:

- В камере запахло жареным!

Іранскі студэнт сядзеў за тое, што парэзаў нейкага супляменніка ў сужывецтве. “У нас вы бы уже не жили…” – з лёккай усмешкай казаў Апшы, калі мне прыйшла “Наша Ніва” з партрэтамі палітвязняў. Ён таксама быў прыхільнікам апазіцыі там, на Радзіме, дзе за гэта рэгулярна вешалі маладых хлопцаў і дзяўчат. А вось за бытавое забойства па тамтэйшых законах чалавек не абавязкова мусіў сядзець – пытанне магло быць мірна вырашана паміж роднымі. Калі даводзілася разам “крэпіць” па начах мы гралі ў нарды.

Віртуозам датычна азартных гульняў быў армянін Цігран. Яго абвінавачвалі ў тым, што ён надурыў казіно (нават цігранавы майткі змяшчалі выявы костак для гульні).

Цігран шмат распавядаў пра Арменію, Карабах, Качарана, Саркесяна і інш. Чалавек жыў фактычна на галоўнай плошчы Ерэвана і назіраў за гістарычнымі падзеямі са свайго 10 паверху: у 1988 на плошчу прыехаў дабіты аўтобус, адкуль выйшла 20 чалавек, бежанцаў з Карабаху. Гэта быў пачатак стыхійнага мітынгу, а справакаваны канфлікт стаўся яшчэ адным камянём на магілу “Імперыі Зла”. Школьны сябар Ціграна – кандыдат у прэзідэнты Вазген С.:

- Он еще станет президентом! – без цені сумнення пафасна прамаўляў Цігран.

У 2008-м, калі ў Доме Ўраду Арменіі нехта ўчыніў бойню, а дакладней расстрэл міністраў краіны, Цігран быў узяты нібыта за наркотыкі, а па выхадзе з СІЗА адразу з’ехаў з краіны. Бізнэс і палітыка, палітыка і бізнэс - бурлівая каўказская кроў…

Ён меў яшчэ шмат чаго распавесці – пра царкву, звычаі, гісторыю, мову, але не паспеў – так часта бывае ў турме: ёсць чалавек, намацаеш з ім нейкія агульныя цікавасці і… “Раз!” – перавялі. Затое Цігран пакінуў па сабе пару словаў па-армянску на томіку Купалы, у тым ліку шматзначнае і такое прынцыповае для ўсіх нас: “Свабода!”

Будні

У турме як і на зоне ідзе няспынны “дзвіж” – камусці нешта перадаецца, “падганяецца”, людзей збіраюць на этап, “разганяюцца” асобныя праблемы і сітуацыі, на новенькіх наводзяцца даведкі . Інфармацыя з тэлеграфічнай хуткасцю перадаецца праз “малявы”, падчас кароткіх сустрэчаў у калідорах і г.д. Людзі жывуць гэтым. Кожны сам выбірае для сябе ці трэба яму ва ўсё гэта лезці. Асабіста я да кагосьці звяртаўся толькі пры сапраўднай патрэбе – маё жыццё і цікавасці заставаліся па той бок “запреткі”...

Наша камера была разлічаная на першаходаў, тым ня менш да нас траплялі лагернікі, этапаваныя на “Валадарку” для даследвання справы ці па “зноўку адкрыўшыхся абставінах справы”. Яны зазвычай займалі пачэснае месца ў камернай іерархіі, даглядалі “абшчак” ды вучылі нас жыццю. Двое з іх акурат прыехалі з галоднага Наваполацку. Лагерная роба, чорная феска, адпаведны слоўнікавы запас… Пакуль што мы былі вязнямі СІЗА, сядзелі не ў “асуждзёнцы”, людзі ездзілі на суды, але ўжо прыкідвалі на сябе моднае ў гэтым сехоне чорнае ўбранне:

- Там же выдадут все?

- Выдадут, но тряпки.

- А где взять?

- Родным закажи. Фирма “Стецкевич” есть в Минке, спецодежду шьет.

- А Стецкевича посадили уже по-мойму... – ляніва адгукаўся аднекуль яшэ адзін дасведчаны суб’ект.

Час-почас гутаркі абавязкова закраналі палітыку – інспіравалі іх свежыя газеты альбо выпуск навінаў па тэлебачанні. Тады мы з Міколам непазбежна чулі:

- Смотри, Коля, как ваши в Греции молотят!

- В таких условиях как у него (у сербскага генерала Младзіча, якога судзіў Гаагскі трыбунал – аўт.) я б лет 20 взял! Луку тоже там будут судить? Не-ет, давайте его к нам, сюда!..

- Во, глянь, за нашу камеру пишут, - тыцкае пальцам даўгалыгі лагернік у “Нашу Ніву”, дзе надрукавалі мой верш, напісаны адразу па заездзе:



Зажывуць разадраныя рукі

Усміхнецца вясёлкаю неба

Смак мядовы салёнай разлукі

Адчуваю ў бохане хлеба.

Берцы бою чакаюць на складзе

Расцвітуць перавулкі сцягамі

Не шукай супакою ў ладзе

Сёння з імі ты, заўтра – з намі!

Краты рэжуць блакіт небасхілу

Пыл адчаю ў лёккіх асядзе

Рэшту кіне рука на магілу...

Хто каму?

Пажывем ды паглядзім!

- Санникова уважают, он же бросил вызов системе! В некоторых камерах его бы очень хотели видеть! – захоплена кажа сукамернік.

Герой расповеду сядзіць у суседняй камеры – “два-нуль”. Камера разлічаная ўсяго на чатырох чалавек, невыпадковую публіку. Пару разоў і тут давялося бачыцца з Андрэем Алегавічам: падчас вываду на шпацыр ІХ выводзілі зазвычай за намі. Сярод іншых вылучалася высокая, троху згарбачаная фігура экс-кандыдата ў прэзідэнты ў спартовых штанах. Некалькі разоў мы абменьваліся жэстамі “Victory”, пакуль я аднойчы ня крыкнуў на ўсю “падводную лодку” ды на ўвесь голас: “Жыве Беларусь!” З таго часу кантралёры трымалі дыстанцыю паміж вывадамі нашых камераў, Саннікава на “Валадарцы” я больш ня бачыў… Іронія лёсу была яшчэ і ў тым, што ў нашай камеры сядзеў камп’ютаршчык з Горадні з прозвішчам… Лукашэнка. Уявіце сабе: Лукашэнка з Саннікавым сядзелі ў суседніх камерах!

Пад канец траўня я пачаў час ад часу рабіць дзённікавыя запісы, спрабуючы захоўваць храналагічную паслядоўнасць.



24.05 Мужык прывёз з суду навіну пра хлопца, які згубіў прытомнасць у той момант, калі яму запрасілі два гады. Нам смешна. Але над чым смяемся?..

26.05 11.10 З-за вакна, а дакладней з-за “раснічак” чутно бадзёрыя гукі ранішняй гімнастыкі: “Раз, два, тры, чатыры, і-раз…” (працуе радыё). Суцэльная антыўтопія.

27.05 З раніцы Коля паехаў на прысуд. Пасля адзінаццаці быў абход начальства ў асобе невысокага тоўстага палкоўнаіка пад парасонам высачэзнай фуражкі. Па добрай традыцый абходчыкаў ён дапытаў Фістона, якога абачліва паставілі дакладваць і той як заўжды звёў усё на фарс. У рэшце рэшт адказвала ўся камера. Фістон рэзюмаваў: “Базара нэт!”

31.05 Кавалак сала завёрнуты ў нумар “Народнай Волі” з партрэтам Ніла Гілевіча. Быццам падарунак паэту на 80-гадовы юбілей.

01.06 Каб пасадзіць чалавека, які пасадзіў цябе, “пераціраюць” сукамернікі, патрэбна ў сярэднім 10 000 баксаў (зважаючы на зоркі і пасаду, канешне). Іерархічны ланцужок такі: раённая ментоўка – гарадская – пракуратра – камітэт. Для таго каб пасадзіць чалавека з “раёнкі”, трэба звярнуцца ў гарадскую і г.д. Саджаюць з дапамогай элементарнай падставы праз хабар: заходзіць чалавек у кабінет да ахвяры, кладзе сумку са словамі: “Тое, што вы прасілі”, а следам залятае група з відэакамерай – справа гатовая! Лёс чалавека – 10 000 зялёных…

Бачыўся праз шкло з маці, а яна – з маці Ірыны Халіп. Мая яшчэ нядаўна апалітычная мама пазнала багата сваіх вучняў і сярод “хадэкаў”, і ў “ЕБ”, а сёння яна начытвае Быкава для “Свабоды”. Хто б мог падумаць? Высветлілася, што падпіску на прэсу ўсім афармляла маці экс-палітвязня Андрэя Кіма – цудоўная жанчына! Цікава, дзе зараз маці Славаміра Адамовіча? Нялёккі, але годны лёс гэтых мужных жанчын… У мамы – новыя зморшчкі на твары…

Дашкевіч аказваецца тут.

…Ідучы на шпацыр па прадолу я пабачыў яшчэ здалёк побач з кантралёрам стаяўшага тварам да сцяны зэка з да бляску паголенай чашкай:

- Здаровенька! – пачуў я і ўрэшце ўгледзеў: Дашкевіч!

Я ня ведаў дзе ён, бо папярэдне Зміцера, лідэра Маладога Фроніу, затрыманага за дзень да “Плошчы” і асуджанага па сфабрыкаванай справе, трымалі ў Жодзіна, а тут пабачыў на свае вочы. Хутчэй за ўсё яго вялі на сутрэчу з адвакатам у адмысловы сегмент корпусу з маленькімі памяшканнямі памерам з ванны пакой, дзе стаяў абшарпаны стол, два крэслы і праслушка, як абавясковы элемент інтэр’еру.

- Это Дашкевич?! О-о-о, я думал упырь какой-то… Нет, политикам точно нельзя стричся под ноль, – ужо ў дворыку пракаментаваў сукамернік з прозвішчам Лукашэнка.

02.06 Горача. Вельмі. Удзень была навальніца, таму яшчэ і парыць. Начныя дэжурствы пры такіх умовах – пэўны паратунак. У нумары “НН” цэлая старонка пра “справу анархістаў” разам з інтэрв’ю Леры – нарачонай Міколы, ён у “адпадзе”. Расеец Мажнюк вучыць Фістона размаўляць па-расейску: вось яна, каланіяльная палітыка! Затое адвучвае лаяцца матам. Малы зрабіў з падфарбаванага сінім атрамантам мякішу з цукрам кубік, пастай пазначыў кропкі – атрымаўся кубік для гульні (дагэтуль ён рабіў чоткі).

Чырвоны колер на зоне – колер ментоў, таму мякка кажучы не катуецца. Зрэшты, гэта рэаліі 90-х… зараз усе зоны “чырвоныя”. Кажуць, у Расеі ранейшыя парадкі і іерархія яшчэ захаваліся.

04.06 Сёння адключылі ваду на некалькі гадзінаў. Тут гэта рэальная праблема: нельга нармальна схадзіць у прыбіральню, памыцца, зрабіць сабе гарбаты. Таму кажуць, што у турме ходзяць па “першай позве”, а не чакаючы сканчэння якой-кольвек справы. У “Амерыканцы” ходзяць усё ж такі па першай мажлівасці…  А ў Жодзіна, як распавядаў Цігран, неяк не было вады тры дні… Такія справы.

Малы зрабіў Мажнюку чоткі за пачку цыгарэт. Варнакову – таксама, нейкія цікавы: кожнае звяно – костка для гульні. Яшчэ адзін скалечаны талент. Хлопец падсеў за наркату...

Што да чотак, дык афіцыйна яны пад забаронай, дапускаліся ж толькі ў адным выглядзе – з крыжом ці рэлігійнай тэматыкай. З крыжом – ружанец, без – “элемент вараўскіх традыцыяў”. Таму і носіць частка зэкаў “вяровіцы” не ад глыбокай веры, а каб не забралі.


1   2   3   4   5   6


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка