Ніжэйшая міфалогія беларусаў у сучасных запісах




старонка8/20
Дата канвертавання30.04.2016
Памер1.55 Mb.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   20

Запісана ў в. Дзяражычы Лоеўскага р-на Гомельскай вобл.


ад Музычэнка Ніны Самойлаўны, 1939 г. н.,

студэнткай Грынь Н.
У XX стагоддзі ў Лоеві жыў мой прапрапрадзед Фёдар. У яго была жонка Сафія і шасцёра дзяцей: тры сына і тры дачкі. Дзед любіў заглядаць у чарку. І вось аднойчы дзед не прыйшоў дамой начаваць, бабуля на дзяцей кажа: “Гэта ведзьма нашага бацьку кудысь завяла”. На раніцу дзед вярнуўся і кажа: “Баба, я з такімі дзяўчатамі танцаваў, глаз нельга было адвесці, усю ноч танцаваў, а праснуўся каля балота, якое называлася Цёмным”. Яны казалі: “Усё, дзед, ідзі дахаты, там цябе дзеці з гасцінцамі чакаюць”. А гэтыя маладзіцы яму наклалі канфет, пранікаў, бублікаў. Пачаў дзед выцягваць з карманаў гасцінцы, а там каровечыя і казіныя бабяхі. “Вось што ведзьмы робяць,” – кажа ён на бабу! Самі ўсё клалі ў карман салодкасці, а наяву ўсё аказалась інакш.

Яшчэ з маім дзедам было такое здарэнне. Пас ён каней на могілках ноччу. У поўнач разлажыў агонь, сядзіць ля яго, паглядвае на агонь. А як вочы падняў, убачыў, што каля яго стаіць дзяўчына, апранутая ва ўсё белае. Дзед падняўся і хацеў дакрануцца да яе. Але яна ад яго адходзіла, як толькі ён рабіў да яе крок. Дзед давай бліжэй да яе ісці, а яна таксама далей. Дзед думаў, што такое, давай бегчы да яе, а яна – ад яго. Ён разазліўся, сеў на каня і думаў даганяць, а яна быстра ўцякла і завяла дзеда ў раўчук, кругом заросшы хмызняком. Дзед апомніўся і павярнуў каня на пасбішча. Дома расказваў сваім пра гэту падзею, а баба кажа: “Гэта была не дзяўчына, а ведзьма. Яна і вяла цябе ў воду, каб утапіць”.

На вуліцы, каля майго дзеда хаты, жыла баба, якая ноччу ператваралася то ў кошку, то ў свінню. Хлопцы, калі вярталіся з гульні, гэта баба прыгала кошкай ці свіннёй на плечы, і яны неслі яе да самой сваёй хаты. А як гэта баба памірала, то ў паталку прабівалі дырку, каб дух ведзьмы выскачыў з хаты, пасля гэтага баба памірала. Яна з таго свету магла хадзіць і пугаць, тады ў магілу забівалі асінавы кол. Ведзьмы ператвараліся ў каго ўгодна. Аднойчы баба Сафія раніцай вышла на ганак і бачыць, што ў агародзе ходзіць якаясь карова, хаця яе карова была закрыта ў хляве. Баба пачала ісці да каровы, а яна, як чалавек, перапаўзла праз загарожу і пайшла па вуліцы.

Запісана ў г. п. Лоеў Гомельскай вобл.


ад Кацека Тамары Паўлаўны, 1940 г. н.,

студэнткай Кацека А.
Я веру ў ведзьмаў. Са мной аднойчы адбылася такая сітуацыя. Была ноч, мы з дзедам спалі. Каля дзвюх ночы я прачнулася ад таго, што пачула муканне каровы ў адрыне. Я пайшла туды і ўбачыла, што да каровінага вымя прысмакталася змяя і піла малако. Я адразу ўзяла палку і стукнула па змяі. Змяя хутка папаўзла. На наступную раніцу я ішла ў краму і ўбачыла бабу Зіну. Яна ішла накульгваючы, і я зразумела, што гэтай ноччу ў адрыне была яна – ведзьма. Я пагаварыла са сваімі сяброўкамі, і яны сказалі, што ў іх такое таксама здаралася. На наступны дзень я пазнала, што яе забілі.

Вось такая гісторыя здарылася са мной.


Запісана ў в. Залаты Рог Веткаўскага р-на Гомельскай вобл.


ад Іванько Святланы Генадзьеўны, 1955 г. н.,

студэнткай Халязнікавай Л.
Была ў маёй вёсцы такая жанчына, яе ўсе звалі ведзьма. Яна ніколі ні с кім не сябравала. Увесь час сядзела каля акна, а калі яе там не было, то на лаўцы каля хаты сядзела чорная кошка. І калі людзі праходзілі міма яе хаты, нельга было глядзець ў яе сторану. А таму, хто паглядзіць, станавілася вельмі дрэнна. Як-та ў маёй суседкі Агаты адзін год быў вельмі выдатны ўраджай. Уся вёска зайздросціла ёй. Аднойчы, калі Агата збірала гуркі, яна заўважыла, што за ёй нехта стаіць. Калі яна агледзілася, то ўбачыла гэтую ведзьму. Суседка вельмі спугалася і адвярнулася. Потым зноў агледзіла і ўбачыла, як з яе двара ўцякае чорная кошка. Агата адразу не здагадалася, у чым справа, і пайшла ў хату. На другі дзень зранку выйшла ў двор і заўважыла, што ў яе агародзе ўсё павяла. Тады яна здагадалася, у чым справа, і зразумела, што гэта была ведзьма.

Запісана ў г. Гомель


ад Дубавіцкай Ганны Сцяпанаўны, 1940 г. н.,

студэнткай Камінскай К.
Расказвалі, што ў вёсцы Каменка жыла жанчына, якую ўсе называлі ведзьмай. Аднойчы ноччу яна прэўрацілася ў свінню, у якой на правай назе быў розавы банцік. Яна аббягала ўсе дамы, дзе ёй не нравіліся гаспадары, і вішчала очэнь громка. Адзін дзядзька яе падстрэліў, а на следуюшчы дзень гэта жанчына прышла ў магазін з перабінтованай прастрэленай рукой.

Запісана ў в. Залессе Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.


ад Краўчук Надзеі Аляксандраўны, 1994 г. н.,

студэнткай Загорцавай Т.
Ведзьма – ета старая цётка, якая прэўрашчаецца ў свінню і бегае па дзярэўні. На людзей накладвае порчы і шматлікія балезні. Па знешняму выгляду яна старая, уся ў маршчынах, чорныя валасы і заўсёды ходзіць за травамі ў лес, на поле.

Запісана ў в. Залессе Чачэрскага р-на Гомельскай вобл.


ад Маславай Ніны Іванаўны, 1944 г. н.,

студэнткай Загорцавай Т.
Калісьці ў нас ў дзярэўні жыла ведзьма. Яна знала многа разных закляцій, к ёй абрашчаліся з рознымі просьбамі: адным нада былі прывароты, другім – адвароты (любоўныя), каму трэба быў добры ўраджай, каму – здаровыя жывёлы. Яна нікаму не адказвала, але за кожнае вядзьмарства яна штосьць патрабавала ўзамен. У асноўным – кароўе малако.

Запісана ў в. Раздзялавічы Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл.


ад Шапялевіч Соф’і Фёдараўны, 1950 г. н.,

студэнткай Шапялевіч І.
Ведзьмы, яны ж на вялікі празнік хоць солі, хоць адну спічку ды прыдуць папрасіць. Дык я стаўлю каля дзвярэй паўстаканчыка святой вады, каб усякія такія меней бегалі.

Запісана ў в. Броннае Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.


ад Лохман Марыі Пятроўны, 1939 г. н.,

студэнткай Аршанінавай К.
Распавядала мне гэта яшчэ мая маці. У нашай вёсцы жыла-была адна кабеціна. Людзі казалі пра яе, што яна вядзьмарка. А старыя кажуць, што ведзьму можна злавіць толькі ўначы на веснавога Юр’я, бо ў гэту ноч яны псуюць жывёлу.

Каля нас жыў вельмі дбайны гаспадар. Коні, каровы ў яго былі на зайздрасць іншым. Але праз некаторы час бяда прыйшла на яго двор. Коні пахудалі, а каровы малака ніяк не давалі. Пачаў гэтый дзядзька раіцца з людзьмі. Адна старая суседка падказала яму, каб у самую поўнач палез на вышкі і глядзеў, што будзе рабіцца ў яго хляве. Надышла поўнач. Бачыць гаспадар, як у хлеве адчыняюцца дзверы і забягае кабыла сівая. Дзядзька Міхась ціхонечка злез з вышак і паклаў барану ля весніц зубамі ўверх. Кабыла не магла выскачыць праз весніцы. Паклікаў ён суседа. А сусед – кузнец. Узялі і падкавалі яны яе. Выпусцілі на волю.

Ранкам, яшчэ сонца не паднялося, прыбегла маладуха-суседка і просіць:

– Дзядзечка, міленькі. Мая свякруха вельмі прасіла, каб вы, дзядзько Міхась, прыйшлі.

Калі яны прыйшлі, то ўбачылі, што старая жанчына ляжала на краваці. Яна ўбачыла суседа і заплакала адразу. Потым пачала прасіць, каб дараваў ёй і каб павымаў з ног цвікі. Шкада яму стала старой. Ён і падаставаў іх.

Даўно гэта було. Маёй маці яе бабка распавядала аб гэтым. А ці праўда гэто, дзеткі, ці няпраўда, хто яе ведае.



Запісана ў в. Капцэвічы Петрыкаўскага р-на Гомельскай вобл.

ад Рамковай Марыі Фёдараўны, 1919 г. н.,

студэнткай Жукавец А.
У нашай вёсцы жыла ведзьма. На Купалу асобенна ператвараюцца ведзьмы ў розных жывотных. Вось яна ператвараецца ў кабылу ды ржэ пад ранне. Ноччу ходзіць малако адбіраць у кароў. Яшчэ ведзьмы прысушывалі мужчын да сябе.
1   ...   4   5   6   7   8   9   10   11   ...   20


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка