Адмоўныя займеннікі і прыслоўі
Утвараюцца шляхам далучэння да пытальных займеннікаў і прыслоўяў адмоўнай часціцы ні-: хто – ніхто, што – нішто, чый – нічый, дзе – нідзе, калі – ніколі. Не блытаць з няпэўнымі займеннікамі, якія ўтвараюцца пры дапамозе часціцы не- (нехта, нечы, недзе, некалі)!
Трэба запомніць, што ў шэрагу адмоўных займеннікаў і прыслоўяў націск падае на іншы склад, чым у пытальных, ад якіх яны ўтвораныя: нія́кі (але які́), ніко́лі (але калі́), ніку́ды (але куды́).
Адмоўныя займеннікі скланяюцца так сама, як і пытальныя, ад якіх яны ўтвораныя. А вось у месным склоне ў адмоўных канструкцыях прыназоўнік будзе як бы ўкліньвацца паміж часціцай ні- і астатняй часткай займенніка, у выніку чаго займеннік раздзяляецца на тры асобныя словы: ніхто – ні да ко́га, ніякі – ні з я́кім, нішто – ні перад чым.
У сказе адмоўныя займеннікі і прыслоўі патрабуюць выкарыстання часціцы не пры выказніку – так званае двайное адмаўленне: Ніхто не ведаў, куды ісці. Мы нідзе не былі ўчора.
У адмоўных безасабовых сказах маем адментую канструкцыю з адмоўем няма: Няма з кім пагутарыць. Няма дзе спыніцца. (параўнайце з рускім: Не с кем поговорить. Негда остановиться)
Рускім адмоўным займеннікам некого, нечего ў нашай мове таксама будуць адпавядаць канструкцыі з няма (няма каго, няма чаго): Мне няма каго чакаць, няма чаго рабіць (параўнай: Мне некого ждать, нечего делать.)
Заданні:
Раскрыйце дужкі:
Пакуль я (ніхто) не паказваў свае вершы. - нікому
Ёсць людзі, якія за (ніхто) не хвалююцца, акрамя сябе. – ні за кога
Падобных аздабленняў мы не бачылі (ніякі) іншым доме. – ні на якім
Мы да (нішто) не будзем рыхтавацца – няхай будзе як будзе – ні да чога
На жаль, (нічый) высілкі тут не дапамогуць. – нічые
Кастусь не разлічваў у гэтым пытанні на (нічый) дапамогу. – ні на чыю
Яму (ніякі) справе не атрымлівалася апярэдзіць сябра. – ні ў якай
У гэтым пытанні я не давяраю (нічый) досведу. – нічыйму
Па (ніхто) я так не сумую, як па маці. – ні па кім
(нішто) больш не веру і на (нішто) не спадзяюся. – нічому, ні на што
У такім шуме (ніяк) спакойна паразмаўляць. – няма як
У пакоі ўжо (нікуды) пакласці рэчы – усё завалена тваімі трантамі! – няма куды
Тут заўсёды (нідзе) прыпаркавацца. - няма дзе
Перакласці:
Мне снова не с кем провести свободное время. – Мне зноў няма з кім прабавіць вольны час.
Нам некуда пойти сегодня вечером. – Нам няма куды пайсці сёння ўвечары.
Я не пишу вам, потому что не о чем писать. – Я не пішу вам, таму што няма пра што.
Объяснять здесь нечего. Я больше ничего объяснять не буду. – Тут няма чаго тлумачыць. Я больш нічога тлумачыць не буду.
Он ни к кому не обращался за помощью не потому, что ему не к кому обратиться, а потому что он все любит делать сам. – Ён ні да кога не звяртаўся па дапамогу не таму, што яму няма да каго звярнуцца, а таму што ён усё любіць рабіць сам.
Работа полностью закончена, и работать больше не над чем. – Праца цалкам скончана, і працаваць больш няма над чым.
Тут не над чем смеяться – любой из нас может оказаться в таком положении. – Тут няма з чаго смяяцца – любы з нас можа апынуцца ў такім становішчы. |