Не кожны горад можа пахваліцца 600-гадовай пісанай гісторыяй. А менавіта столькі год з часу першай пісьмовай згадкі аб Докшыцах спаўняецца ў 2007 годзе




старонка4/11
Дата канвертавання15.03.2016
Памер1.78 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11

Лёс маёнтка Докшыцы

Маёнтак Докшыцы жамойцкай капітулы пасля ўваходу гэтай тэрыторыі ў склад Расійскай імперыі быў канфіскаваны на карысць дзяржавы, а потым перададзены генерал-маёру расійскай арміі, тайнаму саветніку Васілю Мілашэвічу. Горад Докшыцы праз некалькі гадоў, пасля смерці Мілашэвіча, быў зноў забраны ў казну. Сядзібныя пабудовы знаходзіліся на ўсходняй ускраіне горада, паміж вуліцамі Полацкай і сённяшняй 1 Мая. Яшчэ дзве гаспадарчыя пабудовы знаходзіліся прыкладна на задворках сённяшняй СШ №1. Сядзібны дом адлюстраваны на карціне “Пажар у Докшыцах” 1812 года. Ён уяўляў сабой прыгожы драўляны аднапавярховы будынак з чатырохсхільным дахам. Фасад дома быў упрыгожаны чатырохкалонным порцікам з незвычайным па форме паўкруглым франтонам, а вуглы - пілястрамі. З правага боку параднага партэра з кругам стаяла невялікая двухпавярховая афіцына, за якой месціліся іншыя пабудовы. Шкада, на плане горада не ўказана дакладнае месцазнахожанне, дзе стаяў сядзібны дом. Можна меркаваць, што сядзіба знішчана пажарам у 1812 годзе і пасля не аднаўлялася, бо заштатны горад Докшыцы (99 дымоў) быў забраны ў казну, а некалі вялікі маёнтак Докшыцы распаўся на шэраг дробных маёнткаў.

Цэнтрам маёнтка Докшыцы Іосіфа Свяціцкага, да якога адносіліся навакольныя вёскі Дамашы, Крывічане, Вецяра, Плітніца, Крыкуны, Лаці, Рулякі, Загарані, Чарніца, стаў фальварак Валасатка, які размяшчаўся за 4 кіламетры на паўднёвы захад ад Докшыц. Але і гэты маёнтак да сярэдзіны 19 стагоддзя распаўся на шэраг меншых - Валасатка (уласнасць Грыгаровіча), Загарані (уласнасць Заблоцкага), Крыкуны (уласнасць Плавекала), Турулька (уласнасць Загорскай). Усходняя частка зямель маёнтка яшчэ ў першыя гады 19 стагоддзя ўвайшла ў склад маёнтка Норвідполле, размешчанага на месцы сённяшняй таргуноўскай фермы.

У 19 стагоддзі была заснавана новая сядзіба Славінскіх ў Блоні, на ўсход ад Докшыц, пры развілцы дарог на Тумілавічы і Беразіно. Упершыню яна згадваеццца як маёнтак Докшыцы Славінскага, 82 душы. У “Слоўніку геаграфічным” сустракаюцца яшчэ дзве версіі напісання назвы – “Тулька” і “Блонне”, на карце-“трохвёрстцы” другой паловы 19 стагоддзя напісана “Тулька-Блонь”. Да маёнтка адносіліся вёскі Вецяра, Дамашы і Крывічане. На месцы Блоньскай сядзібы зараз знаходзіцца раённая бальніца.

Сядзіба ў левабярэжнай частцы Докшыц і Докшыцкая Слабада, паводле інвентару 1795 года, адносіліся да маёнтка Барсукі Гутаровічаў. У складзе гэтага ж маёнтка былі вёскі Барсукі, Падомхі, Лапуты, фальварак Паваркі, засценак Стадольнікі. Ужо ў канцы 18 стагоддзя асобным маёнткам сталі Лапуты, якія былі ва ўласнасці Гутаровічаў, потым Блажэвічаў, Васілеўскіх, Клячкоўскіх. Да сярэдзіны 19 стагоддзя маёнтак аказаўся канчаткова раздроблены. На яго землях узніклі новыя фальваркі ў Наддатках і Наваполлі, а сядзіба Докшыцы пачала належаць Мікульскім. Мікульскім належалі 34 селяніны ў Падомхах. 17 падомхаўскіх сялянаў належалі Длужнеўскім, а вёска Барсукі была падзеленая паміж трыма ўладальнікамі – Длужнеўскімі, Маліцкімі і Снарскімі. Паваркі сталі ўласнасцю Пяткевічаў.
Вайна 1812 года

Чарговым жудасным выпрабаваннем для шматпакутнага беларускага народа стала расійска-французская вайна 1812 года. Зноў з-за спрэчак паміж дзвюмя магутнымі імперыямі цярпела мірнае беларускае насельніцтва. Расійскія войскі імкліва адступалі, а былую тэрыторыю Вялікага княства Літоўскага захапілі французы. Шмат хто звязваў з прыходам французаў надзеі на аднаўленне незалежнасці, шляхта вітала іх як вызваліцелеў, тым больш што яны абвесцілі аднаўленне незалежнасці Вялікага княства, якое насамрэч не мела аніякіх правоў. Шматпакутнае беларускае сялянства было вымушана забяспечваць харчаваннем і фуражом французскую армію, а салдаты акупантаў рабавалі насельніцтва.
Докшыцы былі заняты французскімі войскамі напачатку ліпеня 1812 года. 1 ліпеня 1812 года была створана часовая камісія Мінскай правінцыі, замест якой 15 ліпеня быў утвораны Мінскі дэпартамент. Дэпартамент дзяліўся на падпрэфектуры, цэнтрам адной з якіх быў Барысаў, а падпрэфектуры, у сваю чаргу, падзяляліся на дыстрыкты і кантоны.

Французы адразу пачалі займацца рабаваннем насельніцтва. У Докшыцах часта ўзнікалі пажары. Так, французскія і італьянскія салдаты корпуса Э. Багарнэ, якія праходзілі праз горад 7 і 9 ліпеня, разрабавалі і спалілі 45 хат, млын і іншыя пабудовы. Немец Адам Альбрэхт, які быў у складзе корпуса Багарнэ, напісаў карціну “Пажар у Докшыцах”, дзе адлюстраваў, як гарэла докшыцкая сядзіба. Існуе яшчэ і літаграфія “Пажар у Докшыцах”, якую зрабіў палкоўнік Фабер дю Фар. Яна крыху адрозніваецца ад карціны Альбрэхта. Докшыцкія ўлады сталі слаць у Барысаў данясенні, што адзінай формай адносін французскіх, італьянскіх і баварскіх салдат да мясцовага насельніцтва з’яўляюцца грабяжы. 21 ліпеня Докшыцкі падкамісар Стафан Ваньковіч даносіў Барысаўскаму падпрафекту Міхалу Зяновічу, што 19-21 ліпеня ў горадзе ўспыхнулі пажары, бо французскія салдаты распальваюць вогнішчы блізка каля хат. Згарэла 13 дамоў. Акрамя гэтага, салдаты, якія па загаду пляц-каменданта паручніка Фантана (гэты чалавек за некалькі месяцаў нарабіў шмат бяды дакшычанам) былі раскватараваны ў гарадской ратушы, узламалі дзверы ў памяшканне архіва і “разарылі яго, актавыя кнігі часткай разарвалі і ў гразь ракідалі, часткай з сабой забралі”. Бясследна зніклі некаторыя акты і ўказы. Пляц-камендант Фантана “забраў самавольна з правіянцкага магазіна што хацеў і прыгразіў, што калі яму чаго-небудзь не хопіць, то ён загадае салдатам забіраць усё”. Далей С. Ваньковіч пісаў, што “салдаты неміласэрна грабяць усё да апошняга, страляюць, забіваюць і калечаць людзей”. Нягледзячы на тое, што Напалеон выдаў загад, які строга караў за марадзёрства, апошняе не спынялася.

Так, у канцы ліпеня паручнік Фантана на чале 60 салдат накіраваўся ў маёнтак Лапуты, з якога вывез 40 кароў, коней, крупы, пшаніцу, масла, сыры, увесь выпечаны хлеб. Як пісаў уладальнік маёнтка памешчык Вінцэнт Блажэвіч 25 ліпеня, французы “яравыя пакасілі і патравілі, сенажаць выпалілі. Усё магчымае Фантана вывез у Докшыцы на патрэбу французскіх войск”. І гэта нягледзячы на тое, што Блажэвіч быў прыхільнікам французаў і да гэтага добраахвотна пастаўляў войскам правіянт.

Грамадзянскае кіраўніцтва Докшыцкага кантона не магло ўтаймаваць рабаўнікоў. Просьба Барысаўскай падпрэфектуры на аснове рапарта Докшыцкага падкамісара да грамадзянскага губернатара Мінскай правінцыі аб спыненні рабаўніцтва насельніцтва засталася без адказу. Французскія ваенныя ўлады закрылі ў горадзе ўсе пякарні і забаранілі жыхарам самім пячы хлеб. Гэтым пачалі займацца французскія салдаты-пекары. Перамовы Докшыцкага падкамісара Ваньковіча з паручнікам Фантанам аб дазволе самім пячы хлеб ні да чаго не прывялі. Наадварот, у адказ на гэта Фантана загадаў размясціць у хатах многіх жыхароў па 4 салдаты, а таксама арыштаваў некалькі чалавек з гарадскога кіраўніцтва. Акрамя гэтага, ён забраў “у заклад маёмасць многіх гараджан і гразіў у выпадку нявыплаты падаткаў яе спаліць”. Дарэчы, амаль увесь выпечаны салдатамі хлеб ішоў на патрэбы салдат, а докшыцкія мяшчане павінны былі плаціць кожнаму з хлебапёкаў па 9 злотых за дзень.

25 ліпеня Барысаўская падпрэфектура выдала адозву, у якой гаварылася: “Палякі! Шляхта! Трэба закладаць для вялікай французскай арміі магазіны … , фураж і правіянт. З кожнага кантона дастаўляць на нядзелю па 8 падвод … з фуражом і жывёлай. Тры кантоны - Докшыцкі, Бярэзінскі і Шклянскі павінны прывозіць яго да Докшыц.” На 25 ліпеня Докшыцкаму кантону трэба было здаць 201 пуд жытняй мукі, 37 бочак ячменных ці грэчневых круп (маюцца на ўвазе 15-пудовыя бочкі), 403 бочкі аўса, 4583 пуды сена, 4583 пуды саломы, 2980 пудоў солі, 150 валоў. Пошта ў Докшыцах таксама мела сумны выгляд. Карэспандэнцыя затрымлівалася, па некалькі тыдняў ляжала ў горадзе. Гэта было звязана з тым, што французскія салдаты ў першыя дні акупацыі забралі ўсіх паштовых коней з падводамі, і таму, як пісаў падкамісар 25 ліпеня, “няма коней для кур’ераў у Мінск”. 25 ліпеня і 1 жніўня былі выдадзены пастановы аб наборы рэкрутаў для французскай арміі. Аднак план па наборы рэкрутаў у Барысаўскай падпрэфектуры так і не быў выкананы.

У канцы ліпеня французы арганізавалі ў Докшыцах лазарэт на 300 ложкаў і запатрабавалі ад мясцовага грамадзянскага кіраўніцтва забяспечыць параненых харчаваннем. Аднак параненым было патрэбна “нямала мукі жытняй, пшоннай і г. д., усё забрана і вывезена праходзячымі праз горад французскімі войскамі”. Раненыя салдаты вялі паўгалоднае існаванне.

3 жніўня падкамісар С. Ваньковіч пісаў Барысаўскаму падпрэфекту, што жыхары Докшыц і наваколля не маюць магчымасці дастаўляць правіянт і фураж на патрэбу французскай арміі ў сувязі з “разарэннем іх папярэднімі паборамі і войскамі”. 7 жніўня салдаты разам з усё тым жа паручнікам Фантана разрабавалі склад правіянту. Яны забралі 25 пудоў жытняй, 2 пуды ржаной мукі, 2 бочкі аўса, 1 бочку ячменных круп, 102 гарнцы гарэлкі, 35 курэй, 12 гарнцаў масла, 222 капы сыроў, 3 капы яек, 24 гарнцы солі, 3 валы, 25 пудоў хлеба. Па стану на 10 жніўня, у Докшыцкім складзе заставалася 110 пудоў жытняй мукі, 100 пудоў сена і 2 пуды круп.

Напачатку верасня 1812 года ва ўсіх касцёлах спявалі “Te Deum” за перамогу французскага войска. На набажэнстве за “непераможнае французскае войска” ў Докшыцкім касцёле прысутнічала ўсё кіраўніцтва кантона.

Докшыцкія яўрэі здолелі прыстасавацца да зменлівых умоваў і менш за хрысціянаў пацярпелі ад французаў. Як пісаў ксёндз Сымон Трацэўскі на імя С. Ваньковіча, яўрэі дабравольна былі памочнікамі, а нярэдка і “кіраўнікамі французаў пры разарэнні імі мясцовых жыхароў”. Далей ён узгадвае, што “жыды мястэчка Докшыцы адны ў пагоні за прыбыткам і ўзнагародамі, другія па азлобленасці і нейкай помсце наўмысна наводзяць праходзячых салдат на навакольныя маёнткі і вёскі, асабліва на мяне, з прычыны таго зусім абабралі мяне. А Берка Лейбавіч, які стаў бургамістрам, ахоўвае яўрэйскія дамы ад пастояў салдат, а таксама паказвае праходзячым камандам хаты і фураж”.

Амаль увесь ураджай хлеба восені 1812 года застаўся ў Докшыцкім кантоне несабраны, паколькі ў памешчыцкіх і сялянскіх гаспадарках коні былі рэквізаваны праходзячымі французскімі войскамі. 13 верасня С. Ваньковіч зноў звярнуўся са скаргай да Барысаўскага падпрэфекта, паведамляючы, што салдаты “грабілі фураж, харчаванне, займалі кватэры, выганялі жыхароў з асабістых дамоў, палілі хаты, якія загараліся ад кастроў, што салдаты раскладалі па дварах, у кватэры пананосілі саломы і палілі яе, вокны павыбівалі, спустошылі агароды, плот і штыкет паламалі”. 4 кастрычніка ён зноў даносіў Барысаўскаму падпрэфекту, што “абывацелі кантона пастаяннымі грабяжамі даведзены да поўнай галечы і ў сувязі з гэтым павінны хавацца па лясах і балотах”.

Даведзеныя да галечы мясцовыя жыхары ў верасні-кастрычніку, нарэшце, пачалі аказваць супраціўленне французам. 22 верасня кіраўніцтва Докшыцкага кантона звярнулася з просьбай прыслаць дадаткова 15 салдат для аховы складоў. 23 кастрычніка докшыцкі камісар паліцыі Длужнеўскі даносіў падпрэфекту, што “жыхары не хочуць слухаць загадаў, плаціць падаткі, выконваць павіннасці. Мясцовыя ўлады шляхта лае, да хат не пускае, самі жыхары хаваюцца, жонкі іх запіраюцца… не закладаюць магазіны, не плоцяць грошы”. Ён прасіў “даслаць двух, па крайняй меры, салдат, якія б гэты непаслухмяны гарадок трымалі ў паслушэнстве і пакаралі непаслухмяных”. Тым не менш, са зброяй у руках супраць французаў ніхто не пайшоў. Войскі, якія адступалі праз горад, працягвалі рабаваць і без таго ўжо беднае насельніцтва. 1 - 3 кастрычніка праз Докшыцы прайшлі 1500 салдатаў пад камандваннем капітана дэ Дувіла, якія “жыхароў … паграбілі, сена, авёс парасцягалі, коней, жывёлу пабралі. На маю просьбу выдаць рэквізіцыю - не выдалі. Прозвішчы свае ўтаілі, мяне кідаліся біць”, - пісаў С. Ваньковіч. “Атрад французскай конніцы збіў майго брата. Я сам дедзь уратаваўся ўцёкам. Мне загадваюць усё дастаўляць, а ўзяць няма адкуль, таму што людзей разганяюць, коней забіраюць, а жывёлу рэжуць, словам, суцэльнае разарэнне”, -- пісаў 4 кастрычніка С.Ваньковіч. Сам Ваньковіч у хуткім часе ўцёк з адступаючымі франзузамі, а яго замяніў Дамінік Клячкоўскі. Ён пісаў, што французы праз Докшыцы накіроўваюцца на Глыбокае, а ў Докшыцах войска “напала на магазін, забрала сена, жыта, соль, мяса”. Для ўтаймавання рабаўнікоў падкамісар прасіў прыслаць афіцэра, “які ведае французскую мову, а лепш за ўсё нямецкую і польскую з наданнем яму каманды”. Просьба Д. Клячкоўскага не была задаволена. Харчавання для салдат не хапала і ў апошнія тыдні знаходжання французаў на нашай зямлі паёк для іх быў зменшаны. Нарэшце ў лістападзе 1812 года ў горад уступілі расійскія войскі.

Падзеі з жыцця Докшыц пачатку 19 стагоддзя.

У свой час краязнаўца з Бягомльшчыны Віктар Скараход даволі сур’ёзна даследваў дакументы Нацынальнага архіва Рэспублікі Беларусь у Мінску, якія датычацца мінулага нашага краю, у тым ліку і Докшыц. Яны расказваюць аб тым, што адбывалася ў горадзе дзве сотні гадоў таму. Гэтыя факты не маюць вялікага гістарычнага значэння, але ж цікава даведацца хоць бы нейкую дробную падзею з жыцця нашых продкаў.

У ліпені 1822 года жыхары Докшыц пабілі радавога салдата Шляхцёнка. Для правядзення следства з Мінска прыязджаў ваенны дэпутат. У жніўні 1826 года ксёндз Палікоўскі так моцна збіў шляхца Язерскага, што для агляду пацярпелага прыйшлося выклікаць урача з Мінска. Праз чатыры гады, у жніўні 1830 года, урач зноў прыязджаў для агляду селяніна Андрэя, які належаў мясцовай плябаніі.

У 1826 годзе пры праверцы гандлю ў Барысаўскім павеце былі знойдзены парушэнні з афармленнем крамаў у купца Давіда Хацкелевіча Шапіры, які хацеў ухіліцца ад часткі падаткаў. Справа дайшла да Мінска:

Чыноўнік Архіцевіч у рапарце ад 24.02.1826 года за № 14 дакладвае Палаце, што пры рэвізіі гандлю ў Барысаўскім павеце “ў заштатным горадзе Докшыцы знойдзена ім, што купец 3-й гільдыі Давід Хацкелевіч Шапіра, які мае ў тым жа горадзе тры крамы, з оных дапусціў праводзіць гандаль - у адной жонцы сваёй Доры, а ў другой сыну свайму Мордуху Лейбу - па выдадзеных даверанасцях яшчэ ў мінулым 1825 годзе жніўня 27 і 28 чысла ў Докшыцкай гарадской думе яўленым, - у трэцяй жа - нявестцы сваёй Бальцы - і ва ўсіх без даверанасці.

То на падставе 50 і 15 § гільдзейскага пагаднення аднёсся ён, чыноўнік, у Докшыцкую гарадскую ратушу разам з гарадскою думаю, дабы ўсе крамы, прапісаныя купцу Шапіру належачыя, забараніў з іх вышэйпрапісанаму сямейству гандаль, запячатаць на будучае да выдачы даверанасцяў. Аб прынуцы да сяго абавязку купца Шапіры паведаміў у Барысаўскі павятовы земскі суд засядацелю Бабарыкіну, з тым, дабы оны па прымусу законнымі мерамі купца Шапіры да выдачы прапісанаму сямейству даверанасцяў, выкананых прыма ад сябе, данёс Палаце. Па даведцы аказалася: ад Барысаўскага ніжняга земскага суда аб тым, каб сям’я купца Шапіры на выкананне гандлю мела выдадзеныя ўжо даверанасці. Ад начальніка сямейства звестак не атрымана, і ён, засядацель Бабарыкін, данясенняў не ўчыніў. Нагляд за правільным выкананнем гандлю на сім Высачайша зацверджаным Гільдзейскім палажэнні ў мястэчку Докшыцы даручаны гарадской думе. Рэвізскае палажэнне па часці гандлю пастанавіла, каб Дума ўскладзеныя на яе абавязкі выконвала наперад з акуратнасцю і рачыцельнасцю пад апасеннем паступлення з вінаватымі па закону. З рапартам гэтым азнаёміліся і паставілі свае подпісы:

Віцэ-губернатар Малафееў,

Губернскі кантралёр Мяжэнін,

Саветнік Верадковіч,

Саветнік Стракоўскі,

Губернскі казначэй Сцяпанаў.”
У 1833 годзе ў горадзе адбыўся вялікі пажар. Для вызначэння памераў урону з Мінску ў Докшыцы накіравалі страпчага. У тым жа годзе губернатар паслаў у Докшыцы “нарачнага”, каб той ускрыў паперу, у якой патрабавалася даць адказ, ці судзілі каго-небудзь у горадзе за бадзянне з 1828 па 1833 год. За дастаўку пакета кур’ер атрымаў 43 рублі 12 капеек. У адказ у докшыцкім магістраце напісалі рапарт:

Мінскаму грамадзянскаму губернатару і кавалеру фон-Дрэбушу



Докшыцкай гарадской ратушы

Рапарт

Па ўказу Мінскага губернскага праўлення за № 1665 з нарачным атрыманым, у Докшыцкай гарадской ратушы паследаваўшаму ў пацвярджэнне такавога Ўказа ад 10 генвара за № 390, што пры онай ратушы за оны час нікога пад судом за бадзянні няма.

Бургамістры: Бялкоўскі і Шапіра.
У 1835 годзе некалькі докшыцкіх яўрэяў без дазволу адкрылі крамы і парушалі парадак здачы юнакоў у рэкруты. На разбор гэтых справаў зноў прыязджаў павятовы страпчы.

З “Ведамасці аб казённым утрыманні” па Барысаўскім павеце за 1 верасня 1836 года:

а) Заштатны горад Докшыцы. З 230 душ подаці і нядоімак да другой паловы сяго года ўсяго з мяшчан, хрысціян - 5141 руб 03 кап.

б) таго ж горада Докшыцы мяшчан яўрэяў 686 душ, на іх нядоімкі ўсяго 2235, 85

в) таго ж горада Докшыцы 2-й часткі, што накапілася, нядоімак да далучэння да 1-й часткі - 3059, 38

г) плябаніі ўніяцкай докшыцкай 13 душ, на іх нядоімкі ўсяго 58, 89.

д)сялян памешчыцкіх: Свянціцкага Іосіфа ў маёнтку Докшыцы ранейшага абкладу за 394 душы нядоімкі і пені 166, 16.”

У зборніку дакументальных крыніц «История Беларуси в документах и материалах» прыводзяцца звесткі аб гарадах Беларусі за 1825 год. У Докшыцах ў той час быў 1 каменны будынак і 179 драўляных, 3 заводы, 3 царквы, 1 лаўка, 9 піцейных дамоў. Адзін з заводаў - суконны Давіда Шапіры, астатнія ж, магчыма – вінакурныя, якіх тады было шмат у гэтым краі. Пад цэрквамі, відаць, трэба разумець усе культавыя будынкі наогул, бо ў табліцы, з якой узятыя звесткі, няма асобных слупкоў для касцёлаў і сінагог.


Праваслаўная царква ў Докшыцах

У 1839 годзе ўніятаў перавялі ў праваслаўе, не пытаючыся іх згоды на гэта. Уніяцкія цэрквы паўсюдна сталі праваслаўнымі. Напэўна, пажары 1812 года не закранулі царкву ў Докшыцах, бо, калі б яна была адноўлена пасля пажару, то не пісалі б у 1840 годзе, аб тым, што год пабудовы храма невядомы. Вось што напісана аб царкве на наступны год пасля таго, як яна з уніяцкай стала праваслаўнай: «которого года и чем тщанием построена неизвестно. Зданием деревянная, с одной колокольнею. Ограды нет. Престол один. Утварью скудна. От Консистории церковь находится в 150 верстах. Домовой и приписной церкви нет. Здесь имеется опись церковного имущества, сделанная 22 января 1840 года, а также хранятся копии метрических книг.» Будынак царквы быў крыжападобным у плане, стаяў да вуліцы Полацкай (Горкага) бакавым фасадам, уваход быў з заходняга боку (з боку плошчы), апсіда - з усходняга боку.

Будынак царквы пакрысе даходзіў да жахлівага стану. Вось цытата з дакументаў 1850 года: “Построена неизвестно когда и неизвестно кем. Зданием деревянная, с колокольнею - ветхая. Крыша протекает, стена с правой стороны над иконостасом начинает уже рушиться, запрестольная стена, на которой устроена икона Божией Матери, также угрожает падением, потолок в церкви совершенно не прочный, а во время дождей за мокротою неудобно совершать богослужение, а в особенности литургию. Утварь посредственна, престол один во имя святого Чудотворца Косьмы и Дамиана. Зданий, принадлежащих к сей церкви, нет». Як бачна з цытаты, стан будынка царквы быў вельмі дрэнным і царква стала непрыгоднай для правядзення богаслужэнняў. Аднак у такім выглядзе яна існавала яшчэ 13 гадоў.
Каменная царква Святых Кузьмы і Дзям'яна

У 1863 годзе, калі ў нашым краі бушавала паўстанне, улады вырашылі заняцца падтрымкай праваслаўя. Тады па плану, складзеным камандзіраваным па Высачайшаму загаду для агляду цэркваў генералам Мейерам і за кошт выдаткаванай урадам сумы на месцы старой царквы ў Докшыцах была ўзведзена новая каменная царква Кузьмы і Дзям'яна. Паводле падання, ніхто з хрысціянаў - ні каталікі, ні праваслаўныя, не ўзяліся разбіраць старую царкву. Давялося для гэтай справы наймаць яўрэяў. На могілках пры вуліцы Даўгінаўскай з матэрыялу старой царквы была збудаваная драўляная царква Яна Багаслова - каб было дзе маліцца да заканчэння будоўлі.

Царква ўяўляла сабой камены будынак, мела выгляд прадаўгаватага крыжа з адным глухім купалам пасярэдзіне і званіцаю у франтоннай частцы (тыповая царква псеўдарускага стылю - «мураўёўка»). Дах на царкве быў жалезны. Уваходных дзвярэй трое, вокны размешчаны ў адзін рад. Унутраная плошча царквы складала 25 квадратных сажаняў. Столь на сярэдзіне царквы была падшытая дошкамі, а па баках пабудаваная зводамі. Падлога драўляная, сцены адбелены, да ацяплення не прыстасавана. Салея ўзвышалася на адну ступень, на ёй былі прыстасаваны клірасы. Новы іканастас з пілястрамі пафарбаваны ў белы колер, з пазалочанымі карнізамі і рамамі, складаўся ўсяго з пяці ікон, размешчаных у адзін шэраг. Акрамя гэтага, была мясцова-паважная ікона Божай Маці, велічынёю у 1/2 аршына, пакрытая металічнай рызаю. Ніякага сказання пра гэтую ікону не захавалася. Неабходнага для богаслужэння начыння хапала, але надзвычайнага паміж імі па старажытнасці не было, за выключэннем аднаго срэбнага прыбора літургічных сасудаў. Убраннямі царква была вельмі бедная, так як з існуючых пяці мішурных прыбораў толькі адзін можна было прызнаць добрым. Евангелляў два: адно пакрыта аксамітам і срэбнымі ўпрыгожаннямі, другое - у суцэльнай аплікаванай аправе. З богаслужэбных кніг не хапала толькі каляровай трыодзі.

Тым не менш, царква так і не была даведзена да поўнага парадку. У 1874 годзе на дабудову ўлады адпусцілі дадаткова 3.902 рублі 52 капейкі. Паводле рэвізіі цэркваў Мінскага і Барысаўскага паветаў, зробленай Епіскапам Мінскім і Тураўскім Варлаамам у 1886 годзе, «Царква ў імя Кузьмы і Дзям'яна пабудавана ў 1863 годзе, але і да цяперашняга часу яшчэ не скончана. Будынкам каменная, блага выглядае звонку і блага выглядае знутры, увогуле складаецца ўражанне занядбайнасці, што вельмі не пажадана, калі прыняць да ўвагі тое, што ў раёнах прыхода жыве шмат каталікоў. Неабходныя начынныя рэчы маюцца, але не вельмі дарагія, рыззём бедная і не прадстаўнічая. Свяшчэнніку гэтай царквы варта было б звярнуць сур'ёзную ўвагу на стан царквы, тым больш, што свяшчэнствуе на гэтай пасадзе 8 гадоў. Архіў цэлы і ўпарадкаваны, справаводства спраўнае».

З-за недахопу сродкаў толькі ў 1868 годзе быў збудаваны дом святара. Размешчаны ён быў на царкоўнай зямлі, побач з царквой. Зараз ён выкарыстоўваецца як жыллё (вуліца Горкага, дом 15). Дома для псаломшчыка ў 19 стагоддзі не было наогул. Для яго наймалася прыватная кватэра ў яўрэяў. Даход царквы складаў 180 рублёў у год. Прычт, акрамя штатнага жалавання, атрымліваў за адыйшоўшую ў казну маёмасць 26 рублёў 80 капееек і кубкавага даходу да 50 рублёў. Пры царкве дзейнічалі царкоўна-прыходскае апякунства і народнае вучылішча, створанае ў 1863 годзе. Каменная царква Кузьмы і Дзям’яна была разабрана па распараджэнню Сінода ў 1899 годзе, а ў наступным, 1900 годзе, павінна была пачацца пабудова новай каменнай царквы ў іншым месцы. Чаму быў зроблены такі крок - сказаць зараз немагчыма. Пра новую Свята-Пакроўскую царкву чытайце ніжэй.
Царкоўны архіў.

Па стану на 1899 год у царкоўным архіве знаходзіліся: 1) вопіс царкоўнай маёмасці, зроблены ў 1869 годзе сакратаром Шабалоўскім і зацверджаны пячаткаю Мінскай Духоўнай Кансісторыі, 2) даходна-расходныя кнігі аб царкоўных сумах знаходзіліся за шнурам і пячаткаю Кансісторыі - вяліся спраўна і захоўваліся ў цэласці, 3)копіі метрычных кніг 3 1787 па 1892 год аб народжаных, з 1822 года - аб народжаных. Шлюбах і памерлых, якія таксама знаходзіліся ў цэласці. 4)споведныя роспісы з 1840 года знаходзіліся ў цэласці, 5) вобыскная кніга, данная з Мінскай Духоўнай Канстісторыі 28 лютага 1896 года. Замацаваная членам Кансісторыі протаіерэем Пастэрнацкім і сакратаром Лебедзевым, у якой зназодзілася 142 лісты. 6) Духоўнае завяшчанне тытулярнага саветніка Міхаіла Сяргеева Серабракова. Складзенае ў Мінскай злучанай палаце 9 верасня 1881 года. (Паводле гэтага завяшчання царкве перадаваліся землі фальварка Чабаданы)

Былі чатыры званы: у адзін пуд, у дзесяць пудоў, у дваццаць пудоў і ў шаснаццаць фунтаў. У царкоўнай бібліятэцы мелася 36 назваў кніг.

1   2   3   4   5   6   7   8   9   10   11


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка