Н аваліс (Фрыдрых фон Гардэнберг)/ Novalis (Friedrich von Hardenberg (1772 – 1801) – Наваліс стаў для нямецкіх рамантыкаў узорам філосафа-паэта, аднак яго творчасць асуджалася “Маладой Германіяй” як рэакцыйная. У канцы ХІХ ст. творы Наваліса прыцягнулі ўвагу сімвалістаў, экспрэсіяністаў і неарамантыкаў. Творчасць Наваліса паўплывала на Ўолтэра Пэйтэра, Германа Гесэ, Міхая Эмінэску, Джорджа Мак-Доналда і многіх іншых. Раман Пенелопы Фітцджэралд “Блакітная кветка” (The Blue Flower) прысвечаны жыццю і творчасці Наваліса, а таксама яго каханню да Сафі фон Кюн.
Шчасны, хто стаў мудрацом...
Вершы
З “Гімнаў Начы”
(Hymnen an die Nacht)
Стаіш ты ўжо даўным-даўно, юнак,
На нашым надмагіллі ў задуменні;
Вышэйшай чалавечнасці ўзнікненне.
Туга нас соладка завабіць так,
Перш чым жалоба жарсліва сустрэне...
Жыцця адвечнага – у смерці адкрыццё;
Ты – Смерць: нам толькі ты нясеш Жыццё.
Пачатак
(Anfang)
Не шолах гэта – ці я народжаны
Не дзеля зоркі гэтай – а толькі так, крыху
Ў вар’яцкім свеце ў прыцягненне
Кола магнітнага моцна трапіў?
Ці быў той шолах зграбнай грацыі
Усведамленым цэлым? – Ці была вера ўся
У чалавецтва мімалётнай?..
Што ёсць жыццё, калі гэта – шолах?
Вечна адлучаным быць? – Ёсць у мяне
Прадбачанне будучай еднасці, што
Прызнаная ўжо намі – нашай,
Ды не прыўлашчаная дарэшты...
І гэта – шолах? тады ж бо й ісціны
Цвярозасць – толькі маса, глей, пустаты
Усведамленне, адчуванне
Стратаў, знішчальнае адмовы.
Чым за імкненне жыць узнагародзяць нам
Памкненне дзікае – быць ворагам сабе,
На бруд, што наўкола нас, глянуць
Весела: можа ў тым – прызначэнне?
Што мудраца вядзе праз жыццё, як не
Паходня – да сэнсу найвышэйшага?
Што ж мае ён – ствараць цярпліва,
Легчы ды назаўсёды замерці?
Не шолах ты, а – голас генія,
Ты – ўвасабленне неўміручасці, ты –
Усведамленне вартасці той,
Што толькі тут цяпер пазнаецца.
Некалі чалавецтва будзе мне
Тым, чым Сафія ёсць – зграбнай грацыяй –
Яе найвышэйшую свядомасць
Блытаць не стануць з плачу відзежай.
[Двувершы 1798 г.]
[Distichen 1798]
1
Бедная глеба, сябры: трэба рупліва насенне
Сеяць, каб хоць бы крыху ўсё-ткі ўрадзіла зямля.
2
Клёку замала дасціпнаму – толькі ствараць сусветы:
Сэрца ў любові натоліць духу памкненні, аднак.
3
Хай рой стракоз ляціць, гэтых чужынак цнатлівых,
Следам за зоркай двайной, проста з дарамі да нас.
4
Неяк камусьці ўдалося ўзняць шлейф багіні Саіса –
Што ж ён убачыў? – Дзіва дзівосаў, самога сябе.
5
Князь – гэта нуль, сам сабою – нішто. Ды як лічбы
Побач адвольна паставіць, значыць ён шмат.
6
Як тыя сеткі, гіпотэзы: як не паставіш, не зловіш...
Ці ж без гіпотэз Амерыку нехта адкрыў бы?
Слава гіпотэзе: толькі яна застаецца заўсёды
Новаю – хоць бы й сябе перамагла самую.
7
Ці ж неразумна шукаць нам хаўруснікаў на начаванне?
Значыць, і той не дурны, любіць нябожчыкаў хто.
8
Шчаснае спадзяванне Quintus’a
Пятым я нарадзіўся, спазнаў пакуты, жабрацтва.
Радасна паміраю: трэці сканаў раней.
[Сябе самога спазнай]
[Kenne dich selbst]
Ёсць адно, што здаўна шукалася чалавекам;
І паўсюль – то ў вышыні ці то ў глыбінях зямлі –
Ён пад імёнамі рознымі – марна – схавацца імкнуўся;
Ён адчуваў заўжды гэта, толькі не спасцігаў.
Некалі нехта з’явіўся: дзецям у міфах прыязных
Шлях да таемнага схову-замку ён апісаў.
Ды мала хто зразумеў адгадкі сэнс шыфраваны
Люду наогул няшмат бачыла мэту сваю.
Часу шмат уцякло, бо памылкі чуццё абвастраюць –
Што нам і міфы ўжо праўду не хочуць сказаць.
Шчасны, хто стаў мудрацом і ламаць галаву не мусіць,
Хто ўжо арэх раскусіў вечнае мудрасці той...
Толькі разумны – ў адэптах сапраўдных: ён пераўтварае
Ў золата ўсё і ў жыццё – без цуда-сродкаў зусім.
Пáра ў свяшчэннай колбе – дух царскі; а вось – Фэбаў храм...
І ўрэшце кеміць ён: Сябе самога спазнай.
пераклад з нямецкай – Лявон Баршчэўскі
Пераклад зроблены з выдання:
Novalis. Werke in einem Band. – Berlin und Weimar: Aufbau-Verlag, 1983.
© Лявон Баршчэўскі, пераклад, 2010
prajdzisvet.org
|