Настаўнік ДУА “Гімназія №1 г. Барысава”
Галушка Н.М.
Беларуская мова 10 клас (студзень)
Тэма: Прыметнік як часціна мовы. Ступені параўнання прыметніка
Мэта:
-
абагульніць тэарэтычныя веды па тэме “Прыметнік”, аднавіць і замацаваць навык вызначэння разрадаў прыметнікаў, удасканальваць уменні і навыкі ўтварэння і ўжывання ступеняў параўнання прыметнікаў у беларускай мове;
-
развіццё вуснай мовы старшакласнікаў, навыкаў канспектавання;
-
праз тэматычны дыдактычны матэрыял спрыяць развіццю патрыятычных пачуццяў.
Абсталяванне:
-
прэзентацыя “Лексіка-граматычныя разрады прыметнікаў. Ступені параўнання прыметнікаў”;
-
практыкаванні да ўрока для кожнага вучня;
-
Валочка Г. М., Зелянко В. У. “Беларуская мова: падручнік для 10 класа агульнаадукацыйнай школы з рускай мовай навучання”, Мн, “Нацыянальны інстытут адукацыі”, 2009.
І. Праверка дамашняга задання:
1.Настаўнік: На папярэдніх уроках мы знаёміліся з граматычнымі катэгорыямі, марфалагічнымі прыкметамі, асаблівасцямі змянення і ўжывання назоўнікаў.
Перад вамі план, па якім мы працавалі над характарыстыкай назоўніка.
Слайд 1:
-
Вусны адказ вучня. (Патрабаванні: выказванне носіць навуковы характар, факты выкладаюцца паслядоўна, лагічна, доказна, прыклады адпавядаюць тэме “Беларусь: прырода, гісторыя, людзі”)
ІІ. Запіс тэмы ўрока. Пастаноўка задач урока:
Слайд 2:
Настаўнік: Прыметнік – тая часціна мовы, з якой вы знаёмы з пачатковых класаў. Таму наша задача – толькі паўтарыць і абагульніць ужо вядомае. Асаблівая ўвага – утварэнню і ўжыванню ступеняў параўнання.
ІІІ. Работа над паўтарэннем і абагульненнем тэмы “Прыметнік як часціна мовы”.
-
Настаўнік: Перш чым пачнём працу над тэмай урока, давайце ўспомнім, што такое ўвогуле часціна мовы? Звернемся зноў да плана характарыстыкі назоўніка. Паспрабуйце ахарактарызаваць па ім прыметнік.
-
Адказы удакладняе вучань, які рыхтаваў індывідуальнае паведамленне, вучні робяць кароткія запісы ў лінгвістычныя дзённікі.
Прыкладны змест паведамлення:
Сама назва гэтай часціны мовы паказвае на прызначэнне – абазначаць прымету прадмета. Найчасцей прадмет называецца назоўнікам, прыметнік жа існуе як яго адвечны спадарожнік, удакладняльны і характарызавальны.
Семантычныя магчымасці прыметніка неабмежаваныя. Ён здольны абазначаць прадмет паводле формы: пакручасты ручаёк, вастраверхія сосны; колеру: русыя валасы, блакітныя азёры; памеру: неабсяжныя палі; знешняга выгляду: прывабная дзяўчына, атлетычная фігура; духоўных якасцей чалавека: чулы сябар, самаахвярны воін; прыналежнасці: паэтава сэрца, бацькаў наказ.
Размяжоўваюцца прыметы пераменныя, якія можна змераць, і прыметы сталыя, невымяральныя.
Слайд 3:
З такім размежаваннем звязаны падзел прыметнікаў на разрады: якасныя, адносныя і прыналежныя.
Слайд 4:
Якасныя абазначаюць якасць у прадмеце, якая можа прысутнічаць у большай ці меншай ступені: чысты небасхіл, высокая брама, стары шыпшыннік. Таму перш за ўсё якасныя прыметнікі пазнаюцца па здольнасці ўтвараць ступені параўнання: цёплы – цяплейшы, надзейны – больш надзейны. Але для іх характэрны і наступныя асаблівасці: толькі ад якасных прыметнікаў можна ўтварыць формы суб’ектыўнай ацэнкі: лёгкі – лёгенькі, вялікі – велічэзны; ад іх утвараюцца якасныя прыслоўі: весела, па-маладому; яны могуць мець антонімы: дужы – слабы, ціхі – гучны; некаторыя могуць утвараць кароткую форму: дуж, повен, гатоў.
Слайд 5:
Адносныя даюць характарыстыку прадмету праз яго адносіны да іншых прадметаў, матэрыялу, часу, месца, дзеяння і г.д., таму адносіны заўсёды абсалютныя, яны або дадзеныя або не: драўлянае дойлідства, каменныя муры, гістарычныя падзеі, мастацкая літаратура. Адзін з прыёмаў, якім можна карыстацца, каб пазнаць адносныя прыметнікі, – гэта суаднясенне яго з назоўнікавымі спалучэннямі: вечаровы прыцемак – прыцемак вечара, сонечны дыск – дыск сонца.
Слайд 6:
Прыналежныя прыметнікі адказваюць на пытанне чый? і маюць значэнне прыналежнасці. У іх утварэнні удзельнічаюць асобыя суфіксы, якія далучаюцца да асноў назоўнікаў мужчынскага і жаночага роду: млынароў сын, дзедава парада, ластаўчына гняздо.
-
Настаўнік выстаўляе і каменціруе адзнаку за выкананае заданне, прапаноўвае вучням адказаць на наступныя пытанні:
-
Прыметнікі якіх разрадаў не могуць мець невытворную аснову?Чаму?
-
У якой з моў – рускай ці беларускай – часцей ужываюцца кароткія прыметнікі?
-
У якой з моў – рускай ці беларускай – часцей ужываюцца прыналежныя прыметнікі?
-
Ці заўсёды прыметнік “замацаваны” за адным разрадам? Прывядзіце прыклады.
-
Практыкаванне 1.Выпісаць з верша прыметнікі, ахарактарызаваць іх паводле лексіка-граматычных разрадаў:
Я не ганю землі чужыя –
Хай іх сонца не абміне.
Толькі дзе за морам ні жыў я,
Беларусь мая снілася мне.
Так карцела – сляза закіпала, –
Каб да сэрца хаця б здалёк
Прыплывалі жалейка Купалы,
Багдановічаў васілёк...
Гэта ўсё, безумоўна, не нова.
А ці трэба, каб новым было
Поле бацькава, матчына слова
І буслова – над хатай жытло?
І якія б шляхі ні схадзіў я,
Кліча полацкая сенажаць...
А калі не спяваць аб Радзіме,
Дык навошта наогул спяваць?
(Г. Бураўкін)
ІV. Работа над паўтарэннем і абагульненнем тэмы “Ступені параўнання прыметнікаў”:
-
Дэманстрацыя слайдаў 7,8,9 прэзентацыі: спосабы ўтварэння вышэйшай, найвышэйшай ступеняў параўнання, асаблівасці іх ўжывання ў мове.
-
Настаўнік: А ці ёсць сярод якасных прыметнікаў такія, якія не ўтвараюць ступені параўнання?
-
Удакладненні вучня, які рыхтаваў індывідуальнае паведамленне:
Прыкладны змест паведамлення:
Не ўтвараюць ступеняў параўнання прыметнікі з так званай “абсалютнай ” ступенню якасці: глухі, сляпы, мёртвы, кульгавы; прыметнікі з суфіксамі ацэнкі: ціхуткі, паўнюткі, маленечкі, велічэзны; са значэннем масці жывёл: буланы, пярэсты, гняды; ад прыставачных прыметнікаў з адмаўленнем якасці: бясстрашны, непакорны; ад прыметнікаў з непаўнатой якасці: стараваты, ленаваты; ад складаных прыметнікаў: добразычлівы, мяккацелы; ад некаторых колеравых прыметнікаў: бэзавы, аранжавы, фіялетавы.
Некаторыя прыметнікі не ўтвараюць толькі адну са ступеняў ці адну з форм ступені, напрыклад, прыметнікі з суфіксамі –н, - ав, -к,
-аст, -лів, -альн, -ічн і інш. Не ўтвараюць простай формы вышэйшай ступені: цікаўны, грувасткі, галінасты, экзатычны.
-
Практыкаванне 2. Адкажыце на пытанні, ужываючы прыметнікі ў формах ступеняў параўнання:
а) Плошча Нарачы – 79,6 квадратных кіламетраў, астатнія беларускія азёры не дасягаюць такога ўзроўню. Параўнайце Нарач па плошчы з усімі астатнімі беларускімі азёрамі.
б) Глыбіня возера Доўгае – 86 метраў. Такой глыбіні не зафіксавана ў іншых беларускіх азёрах. Ахарактарызуйце яго глыбіню ў параўнанні з іншымі беларускімі азёрамі.
в) Працягласць ракі Бярэзіны складае 613 кіламетраў, Дняпра – 900, а Прыпяці – 500. параўнайце працягласць Бярэзіны з працягласцю Дняпра і Прыпяці.
г) У Мінску пражывае каля 2-х мільёнаў чалавек, у Гомелі – прыблізна 481 тысяча, у Магілёве – 364, у Віцебску – 342, у Гродне – 312, у Брэсце – 296. Параўнайце сталіцу рэспублікі па колькасці насельніцтва з абласнымі цэнтрамі.
д) Дзяржынская гара ўзвышаецца над узроўнем мора на 346 метраў, Лысая – на 342, Маяк – на 335. Ахарактарызуйце вышыню Дзяржынскай гары ў параўнанні з іншымі.
-
Практыкаванне 3. Перакладзіце на беларускую мову:
а) Красивейшие пейзажи открываются перед путешественниками на берегах притока Припяти – Уборти. Беловежская пуща – древнейший в Европе природный заповедник.
б) Дуб толще ольхи, книга интереснее фильма, море глубже озера.
(Праверка выкананага практыкавання, карэкцыя)
V. Праверка ўзроўню засваення тэмы:
Практыкаванне 4. Выканайце тэст:
А1. Укажыце словазлучэнні з якаснымі прыметнікамі:
-
спелае жыта, 2) залатая пшаніца, 3) васільковыя вочы,
4) лясная рачулка, 5) палявыя кветкі;
А2. Укажыце словазлучэнні з адноснымі прыметнікамі:
-
лісіны след, 2) лісінае футра, 3) лісіная нара, 4) лісіная шапка,
5) лісіны нораў;
А3. Укажыце словазлучэнні з прыналежнымі прыметнікамі:
1) Коласава паэма, 2) коласаўскія героі, 3) матуліны клопаты,
4) мацярынскае цярпенне, 5) Багдановічавы санеты;
А4. Укажыце прыметнікі, якія не ўтвараюць ступеняў параўнання:
1) родны, 2) чысты, 3) буланы, 4) бескампрамісны, 5) чырванаваты;
А5. Укажыце сказы з памылкамі ва ўжыванні ступеняў параўнання прыметнікаў:
1) Дзесятка – найбольш вышэйшая адзнака.
2) Важнейшая задача – уздым прамысловасці.
3) Здароўе даражэй багацця.
4) Беларускія спартсмены дэманструюць на многіх спаборніцтвах найвышэйшыя вынікі.
5) Восеньскае лісце – найпрыгажэйшы дыван.
VІ. Самаправерка тэста па ключы: А1 – 1,2,3; А2 – 2,4; А3 – 1,3,5;
А4 – 3,4,5; А5 – 1,2,3; работа над памылкамі.
VІІ. Знаёмства са стылістычнай функцыяй прыметнікаў.
Практыкаванне 5. Прачытайце тэкст.
Трэба вельмі многа ездзіць, сябры. З экскурсіямі, да сваякоў або да сяброў. Вы ўбачыце ўсе канцы нашай мілай, ласкавай няяркай краіны, якая, аднак, зачаруе вас сваёй няўлоўнай прыгажосцю. Убачыце Прыдняпроўе і Прынямонне, роўных якім па прыгажосці мала знойдзецца мясцін на Зямлі. Убачыце далёкія агні новабудоўляў і цёмныя волаты замкаў, партызанскія зямлянкі і вясёлкі Каложы. І азёры з белымі грабянцамі на сіняй вадзе, і старыя каменныя млыны над рэчкамі, што зараслі белай лілеяй, поўню ў азёрнай вадзе і водсвет яе на мокрых тратуарах гарадкоў. Будзеце слухаць музыку нашай пявучай мовы і нашы пяшчотныя песні. І ўбачыце звяроў і аленяў. Пройдзеце па зажураных пушчах Палесся. І, галоўнае, пазнаеце свой гасцінны, добры, горды і таленавіты народ.
а) Правядзіце стылістычны эксперымент: што здарыцца з тэкстам, калі яго пазбавіць прыметнікаў?
б) Выпішыце прыметнікі-эпітэты разам з назоўнікамі, якія яны паясняюць, вызначце спосаб падпарадкавальнай сувязі ў словазлучэннях.
VІІІ. Падвядзенне вынікаў урока:
Практыкаванне 6. Састаўце сінквейн “Прыметнік”.
Сінквейн – з французскай мовы ‘пяцірадкоўе’:
1 – адзін назоўнік – тэма;
2 – два словы – прыметнікі, дзеепрыметнікі ці займеннікі;
3 – тры словы – дзеясловы;
4 – сказ – завершаная думка;
5 – назоўнік – вывад.
ІХ. Дамашняе заданне:
паўтарыць матэрыял параграфа 23, практ. 180.
|