Настаўніца англійскай мовы сш №2 г. Паставы, выкладчыца нядзельнай школы пры храме Св. Мікалая Цудатворцы ў г. Паставы




старонка4/9
Дата канвертавання17.03.2016
Памер1.23 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9

Паэт: Не ў тым справа. У жанчыны гора…

Жаўнер: Што за гора? Турма?

Паэт: Не, ад яе сёння адабралі сына…

Жаўнер: Як? Хто? Гэтыя свістуны? Ды я іх…

Паэт: Пачакай… Не кіпі… Усё значна складаней…

Жаўнер: Да што тут увогуле адбываецца? З’вар’яцелі усе, ці што? То свісцяць, то танцуюць да непрытомнасці, то дзяцей адбіраюць. Растлумачце, што адбываецца?

Паэт: Даа, відаць, з далёкага ты боку, калі не ведаеш нічога. Ну, а калі не ведаеш, то я раскажу… Слухай… Калісці даўно ў нас быў прыгожы і багаты край. У лясах вадзілася многа звяроў, у рэках было поўна рыбы, у палях стаяла высокае жыта і буяла бульба. І народ быў добры. Працавіты. Памяркоўны. Слова благога ніхто не скажа. І жыла тады сярод нас вельмі стройная, вельмі прыгожая і разумная дзяўчына-чараўніца. І звалі яе людзі Мовай. Сапраўдная чараўніца яна была: як хто захварэе, дык яна таго гаючымі словамі вылечыць, як хто пасварыцца з кім, дык яна тых памірыць. І ў шчасці чалавечым і ў горы, у хвіліны радасці і ў час суму заўсёды знаходзіла яна мяккія добрыя словы. І было ў нашым народзе многа вялікіх паэтаў і музыкаў, многа выдатных мастакоў і спевакоў… Ды непрыкметна нешта пачало мяняцца. Аднекуль з’явіліся дзіўныя змрочныя людзі ў чорных скуранках, галіфэ і бліскучых ботах. Яны нічога не рабілі, а толькі хадзілі па хатах, шапталіся аб чымсьці з людзьмі. Я чуў тады, як адзін казаў: “У вашым краі няма праўды і справядлівасці. Ты кожны дзень працуеш ў полі, ты вырошчваеш хлеб і бульбу, а паэты, мастакі, музыкі – што яны робяць? Хто будзе есці хлеб іхняй працы? Ад вершаў і музыкі сыты не будзеш! Гэта ты корміш не толькі сябе, але і ўсіх гэтых мастакоў і паэтаў, корміш Мову, якая дужа весела праводзіць час разам з паэтамі. Гані ўсіх! Застаў іх працаваць, як і ты, і толькі тады надыйдзе праўда і справядлівасць, толькі тады ты станеш сапраўды шчаслівым”. Усё так і сталася. Цяпер усе шчаслівыя. Не гаворым – хапае свісту. Працуем, каб есці і танцуем да атупення, каб быць шчаслівымі.

Жаўнер: А дзе ж Мова?

Паэт: Мова? А Мовы ўзяў да сябе ў палац наш правадыр. Імя яму – Вялікі Разумнік. Ніхто яго не бычыў, але чуў я раней, што ён вельмі вялікага росту і быццам бы зроблены не з касцей і крыві, а з гумы і дроту…

Жаўнер: Д-аа. Справа дрэнь. Нешта мне не хочацца быць шчаслівым…

Жанчына: А я чула, што Вялікі Разумнік спецыяльна для Мовы стварыў музей, дзе яна і жыве. Туды ён возіць сваіх гасцей. А сам чакае, калі ж Мова памрэ. А яна не памірае.

Жаўнер: А чаму?

Жанчына: А не памірае таму, што ёсць яшчэ мы, тыя, хто памятае пра яе.

Жаўнер: Так. (Устае і ходзіць). Усё ясна. Нас яны вырашылі забіць…

Жанчына: Не, нас не заб’юць. Нас зробяць шчаслівымі.

Жаўнер: Як?

Паэт: Правядуць звычайную хірургічную аперацыю: уставяць у горла свістульку і выражуць непатрэбнае сумленне…

Жаўнер: Фіу…(Свісціць). Вось дык шчасце!

Паэт: (Ускочыўшы). Паўтары яшчэ раз ! Паўтары!

Жаўнер (здзіўлена і няўпэўнена) Вось дык шчасце…

Паэт: Не! Не! Свіст паўтары!

Жаўнер:(свісціць як і раней)

Паэт: Так! Так! Вельмі добра! Ты можаш выратаваць нас і наш народ. Толькі ты!

Жаўнер: Як? Я ж без зброі…

Паэт: Слухай! Слухай уважліва… Твой свіст можа вывесці цябе да Вялікага Разумніка, прама да яго, у палац. Цябе ніхто не спыніць. Бо твой свіст – гэта свіст асаблівай увагі. Так могуць свісцець толькі тыя, у каго не зашыта свістулька.

Жаўнер: А ў вас?

Паэт: І я магу, але мяне не прапусцяць. Кожны з нас, тутэйшых, на ўліку. Пры нараджэнні кожнаму пад скуру зашываюць элэктронны пашпарт. І таму яны заўсёды ведаюць, дзе я… А ты з іншых краёў. Цябе іхныя радыё не бачаць.

Жаўнер: Ну хай сабе я патраплю да Вялікага Разумніка. А што далей? Як ваяваць з ім?

Паэт: Не трэба з ім ваяваць… Слухай сюды! Некалі даўно адзін інжынер расказаў мне па-сакрэту, што смерць Вялікага Разумніка таіцца во ў гэтай цаццы (Дастае кубік Рубіка). Вялікі Разумнік згарыць, як толькі складзеш кубік так, што ўсе бакі будуць адголькавага колеру.

Жаўнер: Дык чаго ж мы чакаем! Давайце!

Паэт: Не спяшайся! Спяшаюцца толькі тады, калі ловяць блох…Справа ў тым, што скласці гэты кубік трэба толькі на вачах у Вялікага Разумніка, інакш нічага на будзе.

Жаўнер: Ага… Значыць на адлегласці не працуе…

Паэт: Так. Але знішчаць Вялікага Разумніка мне здаецца не варта. Яго трэба шантажыраваць. А людзі, калі ўбачаць Мову адвернуцца ад Вялікага Разумніка.

Жаўнер: Зразумеў. Гэты кубік меняем на Мову…

Паэт: Ну што. У добры час! Я кубік амаль склаў. Застаўся адзін паварот..

(Пачынаюць свісцець і крычаць. З’яўляецца вартаўнік. Жаўнер свісціць. Яго выпускаюць.)

(Заслона)

Акт ІІІ


(Пакой Вялікага Разумніка. Вялікі стол. На стале стаіць некалькі радыёпрыёмнікаў. Вялікі Разумнік слухае іх задаволена. Уваходзіць Жаўнер).

Жаўнер: Дзень добры Вялікаму Разумніку!

(Разумнік не чуе)



Жаўнер: (крычыць) Дзень добры Вялікаму Разумніку!

(Разумнік выключае радыёпрыёмнікі. Злосна з-пад ілба глядзіць на Жаўнера, а потым ляскае па стале далонню і крычыць)



Разумнік: Хто ты такі?

Жаўнер: Я – Жаўнер!

Разумнік: Які Жаўнер?!

Жаўнер: Звычайны Жаўнер.

Разумнік: Хто цябе ўпусціў?

Жаўнер: Нашто мяне не ўпускаць? Я сам прыйшоў…

Разумнік: Ах, ты сам прыйшоў… Сам прыйшоў… Сам… Маладзец! (ляпае далонню па стале)

Жаўнер: Сам ведаю..

Разумнік: Во-ось як? Ты і сам ведаеш…Ты і сам прыйшоў… Ты яшчэ і гаварыць можаш… А чаго ты прыйшоў!? (Зноў б’е па стале)

Жаўнер: Цябе забіць!

Разумнік: Хто? Ты?

Жаўнер: Так! Я!

Разумнік: Хто? Ты?

Жаўнер: Так! Я!

Разумнік: Хто? Ты?

Жаўнер: А хто ж? Я!

Разумнік: Ха-ха-ха; Ах-ха-ха! Ён прыйшоў мяне забіць! Вы чулі? Ты ці ведаеш хоць, хто я!? Га?

Жаўнер: Ведаю. Ты не чалавек.

Разумнік: Так! Я звышчалавек! Я - Вялікі Разумнік.

Жаўнер: Ты звышчалавек? Ты? Дык ты ж казяўка-замухрышка!

Разумнік: Як? Як ты сказаў? Я - казяўка? Ды я ж цябе… Ды я ж з табой зараз…

(Разумнік ускоквае на стол і бачна, што ён зусім малога росту)



Жаўнер: (здзіўлена) Гэта ты – вялікі разумнік?

Разумнік: (са злосцю) Да-да! Я! А што? Калі малы, дык не магу быць разумнікам? Хопіць! Аўдыенцыя скончана! Ўсё! Шагам марш!

Жаўнер: Па-ча-кай… Я табе тут падаруначак прынёс (вымае кубік Рубіка)

Разумнік: (скурочыўшыся, заплюшчыўшы вочы, закрыўшы вушы скрозь зубы гаворыць) Пакладзі на стол і ідзі…

Жаўнер: Не. Без Мовы я ад цябе не пайду.

Разумнік: Дык табе Мова трзба… А я ўжо думаю, чаго да мяне такі шаноўны госць завітаў… Ды ты сядай, Жаўнерчык, сядай. Раскажы, дзе хадзіў, дзе бываў, што бачыў. Можа да мяне на службу заступіш, генералам будзеш…

Жаўнер: Э-э, не, ты мне зубы не загаварывай.

Разумнік: Дык я ж нічога кепскага не кажу. Навошта табе Мова? Яна непрыгожая хворая баба. Каму яна патрэбна? Я табе грошай дам, многа-многа, – толькі падары мне гэты кубік.

Жаўнер: Не, даражэнькі Разумнік, гэты кубік я мяняю толькі на Мову.

Разумнік: Ладна! Хай будзе так! Давай кубік і ідзі да Мовы.

Жаўнер: Э-э не, даражэнькі. Зробім па-мойму: ты адпускаеш Мову і мы разам з ёй ідзём да людзей – там я і аддам табе кубік… Згодзен?

Разумнік: Ты ведаеш, мяне ніхто з людзей яшчэ не бачыў…

Жаўнер: А, баішся, што ўбачаць цябе не волатам, а карлікам… Выбірай, ці смерць, ці Мова.

Разумнік: Ладна! Нічога не зробіш….Згодзен... Пайшлі…(Выходзяць)

(Заслона)

Акт IV

(Зноў пляцоўка, дзе збіраюцца людзі. Начальнік работ шыхтуе людзей людзей. Пералічвае. На сцэну выходзяць Мова, Салдат і Вялікі Разумнік. Цішыня, толькі чываць шэпт Разумніка.



Разумнік: Жаўнер, а Жаўнер, аддай кубік. Я ўмовы выканаў.

(Салдат аддае кубік Разумніку і той пачынае яго раскручваць)



Мова: Людзі! Мае добрыя мілыя людзі! Я вярнулася да вас з кратаў падманшчыка і злодзея, якога ўсе зналі як Вялікага Разумніка. Вось ён перад вамі – маленькае шкоднае стварэнне. Хіба павінны вы яго слухаць? Слухайце мяне! Прыміце мяне! Я вярну вам песьні, я вярну вам казкі, я вярну вам харошыя і добрыя словы. Вы будзеце гаварыць, людзі; вы будзеце спяваць, вы будзеце жыць і кахаць. Кожны будзе любіць усіх і ўсе будуць любіць кожнага. Вы станеце братамі і сёстрамі, вы станеце добрымі і чыстымі. Вы ўбачыце яснае неба, вы пачуеце шолах травы, вы адчуеце радасць жыцця… Я буду заўсёды з вамі. Слухайце мяне! Завіце мяне! Прымайце мяне!...

(Людзі маўкліва і дзіка пазіраюць то на Мову, то на Разумніка. І раптам чуецца свіст. Усе ўздрыгваюць. Яшчэ адзін свіст. Людзей, як узарвала: яны пачынаюць крычаць, свісцець, тупаць нагамі. На Мову і Жаўнера ляцяць гразь і камяні. Адкульсці з’яўляюцца чорныя людзі, акружаюць Жаўнера і Мову, адзяюць кайданы і выводзяць. Гучыць спачатку ціха, потым усё мацней рок. Людзі пачынаюць канвульсіўна дзёргацца. Музыка робіцца ўсё мацней. Танец набірае хуткасць. У рэшце рэшт людзі падаюць долу і курчацца на падлозе. Музыка раптоўна абрываецца.

З глыбіні сцэны павольна, абмінаючы ляжачых людзей, ідзе Паэт. На краі сцэны, нібы перад прорвай, ён чытае…

“З нас кожны калісці будзе шчаслівы

Не сення дык заўтра, не заўтра дык хутка

Адно б толькі – сэрца любіла Радзіму

Адно б толькі – ў душах цвілі незабудкі…”

( Заслона)

Канец.


ТЭМА 7. ТВАЯ СЯМ’Я
1. Навошта патрэбна выхаванне на аснове хрысціянскіх каштоўнасцяў? Тут дарэчы будзе працытаваць выняткі з праграмы, выказанай дырэктарам ЦВУ Аленам Далесам у 1945 годзе.

"Скончыцца вайна, і мы кінем усё золата, усю матэрыяльную моц на падман людзей. Пасеяўшы хаос, мы неўзаметку падменім іх каштоўнасці на фальшывыя і прымусім іх у гэтыя фальшывыя каштоўнасці верыць. Як? Літаратура, тэатры, кіно - усё будзе маляваць і ўслаўляць самыя нізкія чалавечыя пачуцці. Бюракратызм будзе узводзіцца ў дабрадзейнасць. Сумленнасць і прыстойнасць будуць абсмейвацца і нікому не стануць патрэбныя, ператворацца ў перажытак мінулага. Хамства і нахабства, хлусня і мана, п'янства і наркаманія, жывёльны страх аднаго перад другім і бессаромнасць, здрада будуць спрытна і неўзаметку культывавацца. Будзем вырываць духоўныя карані, знішчаць асновы народнай маральнасці. Мы будзем расхістваць такім чынам пакаленне за пакаленнем. Будзем брацца за людзей з дзіцячых, юнацкіх гадоў.

Мы бачым, што праграма амаль выканана. І вось абагульнены ліст нашых хворых на СНІД дзяцей, складзены з выкарыстаннем фрагментаў з іх лістоў і апублікаваны ў часопісе "Брама Нябесная". Удумаемся ў тое, што яны б сказалі нам. "Навошта вы, дарослыя, нас, дзяцей сваіх неабароненых кінулі на перадавую пад танкі так званай заходняй цывілізацыі? Чаму не папярэдзілі нас з вашымі "вольнымі сувязямі"? Нам хочацца жыць! Лепш бы нам цаліну паднімаць, чым у іншамарках паміраць. Лепш бы я дагэтуль думала, што дзяцей у капусце знаходзяць. Чаму ніхто не адагнаў мяне, яшчэ дзіцё, ад бессаромнага экрана тэлевізара? Спыніцеся! Абараніце дзяцей.”

Сям’я – гэта любоў. Запомні: калі табе калі-небудзь спадабаецца дзяўчына ці юнак, то гэта яшчэ нельга назваць словам каханне. За каханне змагаюцца, для дасягнення кахання ўвесь час трэба ламаць свае грахоўныя звычкі, змагацца з усякімі спакусамі. Толькі пасля ўсяго гэтага і прыходзіць любоў - няйначай, як праз пакуты і барацьбу з сабою. Гэта датычыцца і любові ў сям’і. Не думай, што ты любіш бацькоў, калі іх не слухаешся, калі засмучаеш іх. Першая справа ў выхаванні душы - добраахвотнае, свядомае паслухмянства. Дзеці павінны слухацца сваіх бацькоў, шанаваць іх і дапамагаць ім. Гэта так проста і зразумела, што і Божыя запаветы пералічваюцца ў такім жа парадку. Першыя чатыры запаветы кажуць пра тое, як трэба паважаць і любіць Бога, а пятая кажа пра тое, каб паважаць бацькоў.



2. Сямейны побыт. Амаль да сярэдзіны ХХ стагоддзя на Пастаўшчыне шырока былі распаўсюджаны вялікія сем’і, якія аб’ядноўвалі некалькі шлюбных пар, звычайна бацькоў і жанатых сыноў. Такая сям’я вяла адну гаспадарку, у якой праца дэтальна размяжоўвалася на жаночую і мужчынскую. Галавой вялікай сям’і быў бацька, а калі ён паміраў, то яго месца займаў старэйшы сын.

У сем’ях існаваў строгі падзел працы па полу і ўзросту. Кожны член сям’і добра ведаў свае абавязкі. Дзеці дапамагалі маці чысціць бульбу, няньчыць дзяцей; пасвілі гусей, курэй. Падлеткам давяралі пасвіць не толькі птушак, але і буйную жывёлу: кароў, коней, валоў, авечак. У сялянскіх сем’ях дзеці пачыналі працаваць вельмі рана. З 7-8 гадоў яны пасвілі жывёлу, зграбалі сена, баранавалі. Падлеткаў, якім было каля 15 гадоў, прывучалі касіць, араць, малаціць. У 5 гадоў дзяўчынкі няньчылі дзяцей, а ў 16 умелі шыць, ткаць, жаць.

Старыя часцей за ўсё вялі хатнюю гаспадарку: кармілі хатнюю птушку, даглядалі скаціну, а таксама выхоўвалі дзяцей і дапамагалі маладзейшым у полі.

Мужчыны і юнакі апрацоўвалі зямлю, аралі, засявалі, касілі сенажаці, раскарчоўвалі лес, рубілі хаты, нарыхтоўвалі дровы на зіму, рабілі драўляны посуд, плялі корабы і кошыкі.

Дзяўчаты, як і жанчыны, мылі бялізну, посуд, варылі ежу, даглядалі агарод, палолі грады, жалі, сушылі сена, ірвалі і адбівалі пранікам лён, мялі льнотрасту, трапалі і часалі кудзелю, пралі, ткалі і шылі вопратку.

Цікавы факт: У ХVІ-ХVІІІ стагоддзях шляхта аддавала сваіх дзяцей у сялянскую сям’ю для выхавання якасцей простых людзей: працавітасці, вынослівасці, непераборлівасці ў ежы і адзенні, любові да зямлі. Гэты звычай называлі дзядзькаваннем.

Дзяцей даглядала і выхоўвала маці, якой дапамагалі дзед і баба. Яны перадавалі малым свой жыццёвы вопыт, свае навыкі, уменні майстраваць тыя ці іншыя рэчы і вусна-паэтычную спадчыну (казкі, песні, загадкі, байкі, прыказкі і прымаўкі).



3. Сямейныя святы і абрады. Кожная сям’я – гэта вялікі свет са сваімі ўнутранымі законамі і ўзаемаадносінамі, сваімі святамі і традыцыямі, захапленнямі і ладам жыцця. Але ёсць шэраг святаў і абрадаў, якія ўласцівы амаль кожнай сям’і, бо адпавядаюць галоўным этапам чалавечага жыцця. Гэта радзіны, вяселле і хаўтуры.

Радзіны – гэта свята нараджэння дзіцяці. У даўнія часы роды звычайна прымала бабка – пажылая спрактыкаваная жанчына. Таму на радзінах ёй адводзілася самая ганаровая роля: яе ўшаноўвалі, абдорвалі, славілі словам, урачыста праводзілі дадому. Асноўнай старадаўняй абрадавай стравай была бабіна каша, якую яна гатавала з круп на малацэ, дадаючы масла, цукар, упрыгожвала галінкамі, кветкамі, цукеркамі.

Пасля нараджэння дзіцяці жанчыны з радні парадзіхі, выбраўшы вольную часіну, пяклі аладкі або яешню і кожная самастойна ішла ў адведкі.

Царква з радзінамі звязала абрад хрышчэння дзіцяці, таму яны і атрымалі яшчэ адну назву, - “хрэсьбіны”. Калі хрысцілі дзіця, то давалі яму імя, якое было ў святцах у дзень хрышэння малога.

Вяселле – свята ўступлення ў шлюб жаніха і нявесты. Сярод усіх свят, якія адзначалі нашы продкі, яно было найбольш маляўнічым і прыгожым, насычаным абрадамі і песнямі. Само вяселле ўключала некалькі абавязковых этапаў. Спачатку было сватанне, калі ў хату да дзеўкі ішлі 2-3 мужчыны, звычайна, хросны бацька або дзядзька жаніха, яго бацька, іншы раз старэйшы брат. Яны вялі перамовы з бацькамі нявесты наконт вяселля, дамаўляліся аб пасагу. Пасля бацькі засватанай дзяўчыны або і сама маладая ішлі да жаніха паглядзець на гаспадарку жаніха.

Праз адзін-два тыдні былі заручыны, калі да дзеўкі на конях з шархунамі прыязджалі сват, жаніх і яго бацька. Мэта заручын – публічнае заяўленне аб сватанні і аб згодзе нявесты і бацькоў на шлюб.

Напярэдадні вяселля была зборная субота. Заручаная хадзіла да сваіх сябровак і клікала іх да сябе дамоў віць вянок. Пашыўшы і звіўшы вянок, яго прымяралі на маладую, а тая ў вянку кланялася бацькам, сяброўкам і ўсім прысутным. У той жа дзень спраўляўся кавалерскі вечар у доме жаніха, куды ён запрашаў сваіх сяброў і вясковых дзяўчат. Звычайна перад вяселлем, ў суботу, пяклі каравай – цэнтральную страву на вяселлі. Караваем і песняй, як правіла, пачыналі і заканчвалі вяселле.

Шлюбавіны – дзень, у які заключаўся шлюб. Раней вянчаліся ў царкве, але ў народзе прызнаваўся толькі шлюб, які афармляўся вяселлем. На шлюбавінах выконвалі такія абрады: пасад, расплятанне касы, благаславенне, выкуп маладой, абмен караваяў або вяночкаў, злучэнне караваяў, абход вакол стала. Само вяселле магло доўжыцца амаль тыдзень з суботы да чацвярга. У нядзелю маладыя вянчаліся, а пасля гэтага яны раз’язджаліся па сваіх хатах. У панядзелак малады са сваёй дружынай на конях ехаў да маладой, “выкупляў” яе, забіраў пасаг і вёз у сваю хату. І там 2-3 дні гуло вяселле. Абавязковымі ўдзельнікамі яго былі музыкі: скрыпач і дудар, а пазней – гарманіст, цымбаліст і бубніст.

У наступную нядзелю пасля вяселля маладыя з блізкай раднёй ездзілі ў госці да бацькоў нявесты.

Хаўтуры – абрад пахавання памерлых. Паводле традыцыі, славяне ў дахрысціянскі перыяд спальвалі нябожчыкаў, радзей хавалі ў зямлю, насыпаючы курган. Хаваць памёршых у дашчатай труне на могільніку ў сельскай мясцовасці пачалі ў ХІІІ – ХІV стагоддзях. На магіле насыпалі невялічкі ўзгорак і ля галавы ставілі крыж. Вярнуўшыся з могільніку, ўсе старанна мылі рукі і садзіліся за жалобны стол. На памінках выконвалі пэўныя рытуалы, успаміналі памёршага, елі канун – кашу з вадою, падсалоджаную мёдам або цукрам, клёцкі, бліны, пакідалі яду нябожчыку.

Пытанні і заданні:

1. Што такое любоў у сям’і?

2. Якую сям’ю можна назваць ідэальнай?

3. Уважліва прачытай у дадатку назвы ступеняў роднасці і падумай, якіх сваіх родзічаў ты мог бы (магла б) назваць гэтымі словамі.
Дадатковы матэрыял:

НАЗВЫ СТУПЕНЯЎ СВАЯЦТВА

Айчым – няродны бацька

Мачаха – няродная маці

Пасынак – няродны сын

Падчарыца – няродная дачка

Зводныя браты (сёстры) – дзеці мачахі і айчыма

Пляменнік (пляменніца) – дзеці брата або сястры

Дзядзька (цётка) – брат (сястра) бацькі або маці

Дваюрадны (стрыечны) брат – сын бацькавага або матчынага брата (сястры)

Дваюрадная (стрыечная) сястра – дачка бацькавага або матчынага брата (сястры)

Зяць – муж дачкі

Нявестка – сынова жонка

Свёкар, свякроў – мужавы бацькі

Цесць, цешча – жончыны бацькі

Дзевер – мужаў брат

Залоўка – мужава сястра

Швагер (швагра) – муж сястры, або жончын брат, або муж жончынай сястры

Швагерка – жончына сястра

Братавая – братава жонка

Ятроўкі – братавыя між сабой

Сваты – усе родныя мужа ў адносінах да ўсіх родных жонкі і наадварот.
ТЭМА 8. ТВОЙ РОД
1. Што такое “спадчына”? Пад словам “спадчына” разумеюць усё тое, што пераемна пераходзіць ад папярэдняга да наступнага. У жыцці няма нічога пастаяннага. “Усё цячэ, усё мяняецца” – так казалі старажытныя філосафы. На змену старому прыходзіць новае, але гэта новае з’яўляецца працягам мінулага. У дачыненні да кожнага асобнага чалавека спадчына – гэта тое, што ён атрымаў ад сваіх папярэднікаў: бацькоў, дзядоў, прадзедаў, прапрадзедаў. Гэта праяўляецца ў фізічных і духоўных якасцях самаго чалавека: у форме твару, носа, вушэй, колеры вачэй і валасоў, групе крыві, характары, тэмпераменце. Таксама да спадчыны адносяцца маёмасныя і духоўныя здабыткі папярэднікаў: пабудаваная бацькам ці дзедам хата, дагледжаны сад, намаляваныя карціны, напісаныя кнігі, складзеныя песні і шмат іншага.

У больш шырокім значэнні для ўсіх жыхароў краіны спадчынай з’яўляюцца ўсе тыя каштоўнасці і багацці, якія пакінулі тут нашы продкі. Што да іх можна аднесці? У першую чаргу – непаўторныя па прыгажосці прыродныя краявіды з вялікай колькасцю азёр, лясоў, лугоў, балот, якія перасякаюцца маляўнічымі стужкамі рэк, а таксама шматлікія помнікі гісторыі і культуры, народныя абрады і традыцыі. Нам трэба быць удзячнымі людзям, якія жылі на нашай зямлі, за ўсё добрае, што яны пакінулі нам у спадчыну.



2. Што такое род? Род – гэта калектыў кроўных родзічаў, якія вялі сваё паходжанне па адной лініі (мацярынскай або бацькоўскай), усведамлялі сябе патомкамі агульнага продка і мелі агульнае радавое імя. Узніклі роды ў Беларусі ў глыбокай старажытнасці і ўяўлялі сабой некалікі вялікіх сем’яў, якія былі звязаны роднаснымі сувязямі. У кожнага роду быў свой татэм – жывёла ці птушка, імем якой ён называўся і якой пакланяўся. Членам роду забаранялася паляваць на татэмную жывёлу. У кожнага роду было родавое свята, якое спраўлялася ў гонар татэма, і родавы татэмістычны цэнтр – месца, дзе захоўваліся свяшчэнныя родавыя рэчы. Былі роды, у якіх татэмнымі жывёламі былі воўк, змяя (вуж) і птушка бусел. Муж і жонка павінны былі быць з розных родаў.

Старажытная родавая арганізацыя знікла на позняй стадыі першабытнаабшчыннага ладу, але яна зрабіла вялікі ўплыў на побыт і духоўную культуру людзей, што адлюстравалася ў рэлігійных вераваннях, міфалогіі, фальклоры. Сляды родавай арганізацыі ў беларусаў захаваліся пераважна ў вясельных абрадах.

У цяперашні час родам называюць рад пакаленняў блізкіх па крыві людзей, якія паходзяць ад аднаго продка.

3. Родзічы і сваякі.У сучасных сямейных адносінах выдзяляюць роднасць па прамой лініі (бацькі і дзеці, продкі і нашчадкі) і па бакавой (браты і сёстры, дзядзькі, цёткі і пляменнікі). Для абазначэння ступені роднасці ўжываюцца розныя словы-тэрміны: тата, мама, дачка, сын, дзед, баба, прадзед, прабабка, унук, унучка. Выдзяляюць некалькі ступеняў роднасці і сваяцтва. Да першай ступені кроўнай роднасці ў беларусаў адносяць бацьку (тату), маці (матку, маму), сына, дачку. Да другой ступені – дзеда, бабу, унука і ўнучку; да трэцяй – прадзеда, прабабку, праўнука, праўнучку. Значна радзей ужываецца чацвёртая ступень радства: прапрадзед, прапрабабка, прапраўнук, прапраўнучка. Далейшыя ступені кроўнай роднасці называюцца агульна: продкі, дзяды, дзяды-прадзеды, нашчадкі.

Назвы роднасці першай ступені бакавой лініі: брат, сястра, пляменнік, пляменніца; другой ступені – дзядзька, цётка, дваюрадны (стрыечны) брат, дваюрадная (стрыечная) сястра. Назвы трэцяй і наступных ступеняў бакавой лініі ўжываюцца рэдка і падаюцца, звычайна, апісальна.

Асобную групу сваякоў складаюць хросныя бацькі, хросная маці, хросныя дзеці – хроснік (хрэснік), хросніца (хрэсніца), а таксама назвы кум і кума. Усе яны звязаны з царкоўным абрадам хрышчэння.

У гаворках паміж людзьмі часта ўжываюцца розныя агульныя назвы роднасці: радня, родзічы, радзіна, сваякі, свае, адроддзе, род.



Цікавы факт: У старажытнай Беларусі існаваў такі звычай. Калі хлопчык вырастаў, то мусіў даказаць, што меў права называцца мужчынам. Для гэтага ён павінен быў пераплысці хуткую і глыбокую раку, здабыць на паляванні тура, мядзведзя або зубра, распаліць пад дажджом вогнішча, а яшчэ – абавязкова ведаць, кім былі ягоныя дзяды, прадзеды і прапрадзеды. Таго, хто не ведаў, часам нават выганялі з сялібы, бо лічылася, што такі бяспамятны чалавек лёгка можа зрабіцца здраднікам.
1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка