На субботник Докшичане вышли вместе со всей страной
12 красавіка ва ўсёй краіне прайшоў рэспубліканскі суботнік. Ён быў прысвечаны 70-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама абвяшчэнню 2014 года Годам гасціннасці.
Работнікі арганізацый і ўстаноў нашага раёна суботнім ранкам далучыліся да агульнай справы навядзення парадку на зямлі.
Частка калектываў працавала на добраўпарадкаванні замацаваных за арганізацыямі населеных пунктаў, але работа кіпела і ў горадзе.
Яе вынікам сталі пабеленыя дрэвы на вуліцах і ў скверах (здымак № 1), прыбраныя месцы размяшчэння помнікаў і воінскіх пахаванняў, падрэзаныя і набыўшыя прывабны выгляд дрэвы і дэкаратыўнае кустоўе, высечаныя хмызнякі абапал дарог, падмеценыя вуліцы. Гараджане ўдзялілі ўвагу ў гэты дзень і ўсім гарадскім могілкам (здымак № 2).
Па папярэдняй інфармацыі аддзела эканомікі райвыканкама, у рэспубліканскім суботніку ў нашым раёне прынялі ўдзел 8338 чалавек, у тым ліку 1625 прыцягнутых асоб.
Сума заробленых грашовых сродкаў склала 179,9 млн. рублёў. Да справы добраўпарадкавання далучыліся і індывідуальныя прадпрымальнікі.
Выраблена прамысловай прадукцыі на 195,5 млн. рублёў. Аб’ём падрадных работ склаў 68,7 млн.рублёў.
Заробленыя на суботніку сродкі будуць накіраваны на спецыяльны рахунак галоўнага фінансавага ўпраўлення вобласці і выкарыстаны на мэты, якія вызначаны Урадам РБ.
Наталля НАВІЦКАЯ.
Фота А. Канавалавай. |