Мінск, К. Маркса, 31, ка



Дата25.03.2016
Памер58 Kb.
#3030
Алена Вікенцьеўна Шышко, кандыдат філалагічных навук, загадчык кабінета беларускай філалалогіі філалагічнага факультэта БДУ.

Мінск, К. Маркса, 31, каб. 224.

Тэл. 8-017-345-45-52; 8-029-168-49-41.

lenka2380@mail.ru

А. Шышко

(Мінск)
ПЭЎНЫЯ АСПЕКТЫ ВЫЯЎЛЕННЯ НАЦЫЯНАЛЬНЫХ АДМЕТНАСЦЕЙ У БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ

НАШАНІЎСКАГА ПЕРЫЯДУ
Пасля рэвалюцыйных падзей 1905 г. у беларускім культурным жыцці адбыліся карэнныя змены: легалізацыя друку на беларускай мове спрыяла актыўнаму прыцягненню ў літаратуру новых творчых сіл. Пачатак ХХ ст. для беларускай літаратуры стаў адным з найважнейшых перыядаў у фарміраванні канцэпцыі нацыянальнага характару. У першую чаргу гэта было звязана з выхадам у свет газет “Наша доля” і “Наша ніва”. Апошняя, як вядома, у гісторыі айчыннай літаратуры і культуры склала цэлую эпоху, якая наклала свой выразны адбітак на далейшае развіццё нацыянальнай мастацкай традыцыі. З “Нашай нівай” звязана станаўленне беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці. Ідэолагі і тэарэтыкі нашаніўскага руху ўпершыню ўзяліся за дэталёвую тэарэтычную распрацоўку “беларускасці”. На старонках гэтай газеты былі выразна сфармуляваны мэты нацыянальнага руху, акрэслена гістарычная і духоўная пераемнасць з папярэднікамі, прапанавана беларуская нацыянальная канцэпцыя далейшага развіцця краіны.

Аднак нягледзячы на даволі спрыяльны нашаніўскі перыяд развіцця беларускай літаратуры, рост нацыянальнай свядомасці і адпаведна мастацка-вобразнае яго адлюстраванне з’яўляліся складаным, шматаспектным працэсам. Літаратура нашаніўскага перыяду сёння разглядаецца як своеасаблівая эпоха, калі быў закладзены падмурак новай беларускай літаратуры. Нашаніўцы паказалі выдатны прыклад нацыянальнага адраджэння без рэвалюцыйнай рыторыкі. Тагачасная беларуская літаратура дала найбольш поўнае (у параўнанні з папярэдняй эпохай) уяўленне пра беларускі народ, яго характар, яго жыццё і побыт, мову і звычаі. Тым не менш, не заўсёды эстэтычная праграма пісьменнікаў-нашаніўцаў адпавядала іх мастацкай практыцы. Нягледзячы на агульнасць задач, якія стаялі перад мастакамі слова, тагачасная літаратура была даволі неаднароднай з’явай, – у тым ліку і ў выяўленні адметнасцей нацыянальнага характару.

Нашаніўская паэзія з самага пачатку актыўна працягвала развіваць традыцыі Ф. Багушэвіча. Як адзначае П. Навойчык, на першым этапе ў паэтычных творах пісьменнікаў-нашаніўцаў “...пераважае ідэя сацыяльнай і нацыянальнай абяздоленасці края, адпаведна найбольш пашыраным быў сумарны, неканкрэтызаваны вобраз мужыка...” [6, с. 58], “...лірыка <...> тэматычна супадала з паэзіяй Ф. Багушэвіча” [6, с. 60]. У гэты час паэтычныя, ідэалагічныя традыцыі Ф. Багушэвіча дасягаюць свайго росквіту (ранняя творчасць Цёткі, Купалы, Коласа). Аднак у хуткім часе яны практычна вычарпаюць свае магчымасці, хоць і будуць даволі працяглы час сустракацца ў творчасці пісьменнікаў-нашаніўцаў. Пачынаючы з 1910-х гг. ідэя сацыяльнай і нацыянальнай абяздоленасці Беларусі ў літаратуры не знікае, але яна перастае быць асноўнай. Напрыклад, тэмай паэтычных твораў часцей пачынае станавіцца духоўны свет лірычнага героя. Трэба адзначыць, што менавіта ў нашаніўскі перыяд беларуская літаратура пачала, калі можна так сказаць, пераадольваць Ф. Багушэвіча. Безумоўна, дадзены працэс быў нелінейны, з пэўнымі рэцэсіямі, неаднолькава выяўляўся ў паэзіі, прозе, драматургіі. Параўноўваючы празаічныя і паэтычныя творы беларускай літаратуры пачатку ХХ стагоддзя, можна вельмі выразна акрэсліць адрознасць задач, якія стаялі перад гэтымі родамі.

Па словах Л. Гараніна, “пры ідэнтычнасці агульных мэтаў задача паэзіі заключалася ў тым, каб выразіць стан усеагульнага духоўнага ўздыму, росту нацыянальнай самасвядомасці народа, перадаць пачуццё і думкі свайго часу, акрэсліць шляхі станаўлення новага грамадскага ідэалу. Перавага духоўнасці, суб’ектыўнасці, свабоды аўтарскай думкі і пачуцця – характэрныя асаблівасці паэзіі.

Задача прозы больш “прадметная”, “зямная”, бо галоўным аб’ектам мастацкай творчасці тут быў чалавек, звязаны з умовамі свайго існавання, уцягнуты ў супярэчнасці грамадскага жыцця, абцяжараны сацыяльнымі зносінамі, традыцыямі, звычаямі, павер’ямі, забабонамі і г.д. Гэта накладвала асаблівы адбітак на фарміраванне прозы, якая вымушана была выконваць розныя функцыі, змяшчаць у сабе самую розную “інфармацыю” [2, с. 33].

Што датычыць драматычнага роду літаратуры, то ў той час, калі лірычныя і эпічныя жанры на старонках “Нашай нівы” ў першыя гады былі прадстаўлены даволі яскрава, нераспрацаванасць жанраў драматычных была відавочная (на працягу першых трох гадоў выдання на старонках газеты не быў надрукаваны ні адзін драматычны твор), хоць нашаніўцы выдатна разумелі ролю тэатра і драматургіі ў нацыянальным адраджэнні: у газеце з’яўляюцца публікацыі, аўтары якіх звяртаюць увагу на тое, што “мы, беларусы, мусім мець на ўвазе тое вялікае значэнне, якое мае тэатр у жыцці кожнага народа...” [7], што “для нас жа тэатр у пачатку будавання культурнага жыцця народа мае яшчэ большае значэнне: ён будзіць народ відзімым знакам беларускага жывога слова” [8].

У 1913 г. на старонках “Нашай нівы” разгарнулася дыскусія аб далейшых шляхах развіцця нацыянальнай літаратуры. З аднаго боку выступіў Ю. Верашчака (В. Ластоўскі) з артыкулам “Сплачывайце доўг”, у якім аўтар паставіў пытанне аб мастацка-выяўленчым узроўні тагачаснай беларускай літаратуры, пра тое, якім чынам яна можа быць узнята да стану перадавых літаратур свету. Ён кідае выклік Купалу, Коласу і іншым пісьменнікам, гаворачы пра тое, што ўжо “даволі вершаў на сучасныя сацыяльныя тэмы, даволі вершаў пра галечу і бяспраўе народа; пара нашым жыхарам Парнаса вярнуцца да выканання сваіх непасрэдных абавязкаў – ствараць творы, якія б апявалі “красу жыцця і прыроды” [5, c. 274].

Адказ на гэта выступленне з’явіўся пад назвай “Чаму плача песня наша” за подпісам “Адзін з парнаснікаў”, які належыць Янку Купалу. Ён апраўдвае тыя грамадскія пазіцыі, на якіх тады стаяла маладая беларуская літаратура, апраўдвае яе мінорны тон: “ Не думайце, што “парнаснікі” не бачылі і не адчувалі ўсёй багатай красы нашай зямелькі <...> Але што маглі казаць, калі большая палавіна гэтага прыроднага багацця, гэтай неапетай красы была і ёсць не наша, а нашых сытых “культурнікаў”, крывавай працай на каторых беларус асляпіў сабе вочы <...> Гледзячы на гэту несправядлівасць, у паэты радзіўся толькі жаль...” [4, c. 456].

На думку даследчыкаў, пазіцыя Ю. Верашчакі была не зусім дакладна зразумета. Як адзначае У. Шатэрнік, “крытык горача пратэставаў не супраць паказу ў літаратуры жыцця простага люду, а супраць таго, што рабілася гэта часта прымітыўна, фатаграфічна, без глыбокага асэнсавання <...> Вацлаў Ластоўскі адным з першых загаварыў пра небяспеку ператварэння асноўных тады ў беларускай паэзіі матываў (“нешчаслівая доля”, “бедная старонка”, “мужык”) у штампы, пра штучнасць некаторых плачаў над народным горам...” [9, с. 90].

Акрамя “Парнасніка”, на выступленне Ю. Верашчакі далі адказ і іншыя пісьменнікі: выйшлі артыкулы “Яшчэ раз аб сплачванні доўгу” Л. Гмырака, “Наш тэатр”, “Развагі і думкі” М. Гарэцкага. “Дыскусія засведчыла пачатак новага перыяду ў беларускай літаратуры, адыход ад ранейшай апісальнасці (“пад Багушэвіча”), пераход да стварэння вялікай эпікі і тонкай лірыкі, ад “песняў-жальбаў” да пошукаў “Новай зямлі”, “Вянка”, новых песняў і новых “Шляхоў жыцця” [9, с. 91].

Аналізуючы змест і сутнасць дыскусій у “Нашай ніве”, мы мала задумваемся аб тым, які быў канкрэтны механізм уплыву гэтых спрэчак аб шляхах развіцця літаратуры на пэўнага пісьменніка. Наша літаратуразнаўства адназначна станавілася на бок Купалы ў гэтай дыскусіі, хаця сам Купала, думаецца, усё ж зрабіў пэўныя высновы. Ва ўсялякім выпадку, відавочна эвалюцыя яго паэтычнага светабачання: “Жалейка” – “Гусляр” – “Шляхам жыцця”.

Праграмныя артыкулы М. Гарэцкага “Наш тэатр” (1913), “Развагі і думкі” (1914) маюць непасрэднае дачыненне да нашаніўскай дыскусіі 1913 г., нягледзячы на тое, што яны былі надрукаваны ў іншых выданнях. Пацвярджэннем гэтаму могуць служыць радкі М.Гарэцкага пра тое, што “доўг нашых пісьменнікаў, каторы яны павінны сплачваць, гэта – <...> паказаць беларусу, у якой пушчы ён блудзіць і дзе ляжыць яму дарога на поле, шырока-далёкае, роднае поле вольнага жыцця” [3, с. 172]. Свае тэарэтычныя маніфесты М. Гарэцкі спрабуе ўвасобіць ва ўласнай творчасці, дзе выяўляецца “дуалізм” мастацкай манеры: з аднаго боку ён выступае як выдатны майстар псіхалагічнай, філасофскай прозы, індывідуалізуе беларускую літаратуру. З другога – даводзіць, што гэта не адзіны шлях выяўлення нацыянальнага. Напрыклад, у “сцэнках з натуры” “Гапон і Любачка” (1914) яскрава праявілася арыентаванасць М. Гарэцкага на тыя прыёмы і мастацкія сродкі, ракурс адлюстравання героя, якія неўласцівыя яго прозе. Невыпадкова, думаецца, М. Гарэцкаму больш імпанавала творчасць Коласа, чым Купалы, што адзначана ў яго “Гісторыі беларускае літаратуры”.

На думку І. Багдановіч, Купала і Колас “...адлюстроўвалі розныя эстэтычныя мадэлі светаўспрыняцця (з дамінантамі рамантызму ў Купалы і асветніцкага рэалізму ў Коласа...) і розныя аб’ектыўныя і суб’ектыўныя ўласцівасці стылю (індывідуалізаваны і ідэалізаваны ў Купалы, тыпізаваны і характарыстычны ў Коласа), што стварала шматграннасць і шматфарбнасць літаратурнага працэсу, надавала дынаміку сюжэтна-жанравым структурам, сведчыла аб плённым руху традыцыі і аб няспынным наватарскім пошуку” [1, с. 203]. Пісьменнікі ў сваёй творчасці выразна выявілі два шляхі развіцця беларускай літаратуры, якія былі закладзены яшчэ ў ХІХ стагоддзі. Яны па-майстэрску развілі і ўзбагацілі гэтыя мастацкія кірункі для канцэптуальнага выяўлення нацыянальнага характару.

У той ступені, у якой Купала стаў ідэйным правадыром і прарокам беларускага народа, Колас быў выдатным апісальнікам жыцця і побыту беларусаў, мастаком хараства беларускай прыроды. Безумоўна, першапачаткова пісьменнік “аддаў даніну” так званаму пісанню “пад Бурачка, аднак аўтар вельмі хутка звяртаецца да іншай мастацкай манеры, якой характэрна аб’ектыўнае адлюстраванне рэчаіснасці. Якубу Коласу належыць свая адметная роля ў стварэнні глыбока нацыянальных вобразаў, раскрыцці іх сутнасці. Пісьменнік упэўнена распрацоўваў будзённыя, “празаічныя” пласты народнага жыцця, прыкмячаючы знешнія, прадметна-побытавыя яго праявы, адкрываючы каштоўнае ў звычайным. Якуб Колас здолеў раскрыць глыбіні народнага духу, запаветныя думы і імкненні беларуса, стварыць яркія нацыянальныя характары-тыпы. Мастацкія адметнасці твораў пісьменніка, безумоўна, маюць выключнае значэнне для выяўлення глыбока нацыянальнага. Вызначальныя рысы і якасці народа тут праецыруюцца праз рэальны, штодзённы побыт (не праз этнаграфічны, не праз фальклорна-рамантычны, а менавіта праз штодзённы).

Для творчасці Янкі Купалы нашаніўскага перыяду характэрны рамантычныя матывы вальналюбства, непрымання існуючай рэчаіснасці, гераізацыя мінулага, увага да выключнага, незвычайнага, таямнічага, міфалагізацыя рэчаіснасці, супрацьпастаўленне ідэалу і рэальнага жыцця. Для Купалы галоўным з’яўляецца ідэя абуджэння нацыі. Гэтаму падпарадкаваны мастацкія сродкі яго паэзіі, калі аўтар услаўляе гераічны дух народа, ствараючы незвычайныя, яркія, выключныя рамантычныя вобразы. З аднаго боку, Купала працягвае развіваць традыцыі Ф. Багушэвіча, з другога, – пераадольвае гэтыя традыцыі, выходзіць на новыя мастацкія абсягі, калі ўвага канцэнтруецца не толькі на занядбаным нацыянальным жыцці. Вельмі паказальнай у гэтым плане з’яўляецца яго камедыя “Паўлінка” (1912). Безумоўна, галоўнай праблемай у гэтым творы з’яўляецца тая ж, што характэрна і паэзіі Купалы, – праблема абуджэння нацыянальнай самасвядомасці народа. Але сродкі, якімі аўтар карыстаецца для вырашэння пастаўленай задачы, выразна адрозныя ад тых, якія ён выкарыстоўвае ў сваёй паэтычнай спадчыне. У “Паўлінцы” Купала адлюстроўвае нацыянальны каларыт, звычаі, традыцыі, фактычна развiваючы мастацкую традыцыю В. Дуніна-Марцінкевіча, што яскрава праяўляецца ў звароце да народнага гумару, песень і танцаў.

Такім чынам, літаратура нашаніўскага перыяду пры агульных мастацкіх задачах (нацыянальнае адраджэнне беларускага народа) вырашала пастаўленыя задачы па-рознаму. Для паэзіі на пачатковым этапе было характэрна актыўнае засваенне і працяг мастацкай традыцыі Ф. Багушэвіча, што выяўлялася ў звароце да паказу трагічнай долі беларускага мужыка, да адлюстравання сумарнага нацыянальнага характару (Цётка, Купала). З цягам часу дадзеная мастацкая канцэпцыя перарасце ў выяўленне характару індывідуальнага, выключнага. З другога боку, нашаніўская літаратура актыўна засвойвала і традыцыі В. Дуніна-Марцінкевіча, што яскрава праявілася, напрыклад, у прозе Коласа, у “сцэнках з натуры” М. Гарэцкага. Нашаніўская драматургія, як і паэзія, “аддала даніну” выяўленню мастацкай канцэпцыі занядбанага жыцця беларускага селяніна (К. Каганец, Л. Родзевіч), але, акрамя гэтага, звярнулася і да іншых сродкаў стварэння нацыянальнага характару, што заключалася ў паказе каларытнага сялянскага побыту, звычаяў, традыцый (Купала).



У далейшым развіццё беларускай літаратуры і станаўленне ў ёй канцэпцыі нацыянальнага характару будзе ў многім абумоўлена гістарычнымі падзеямі 1917 года і тымі пераменамі, якія прынясуць у жыццё гэтыя падзеі. Тым не менш, нашаніўская эстэтычная праграма, літаратурныя набыткі гэтага перыяду на доўгі час (а, магчыма, і па сёння) будуць з’яўляцца выдатным прыкладам выяўлення нацыянальных адметнасцей.
Літаратура:

  1. Багдановіч, І. Э. Авангард і традыцыя: Бел. паэзія на хвалі нац. адраджэння / І.Э.Багдановіч. – Мінск: Бел. навука, 2001. – 387 с.

  2. Гаранін, Л.Я. Проза / Л. Я. Гаранін // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 1 / Нац. акад. навук Беларусі. Ін-т літаратуры імя Я. Купалы. – Мінск: Беларуская навука, 1999. – С. 32-50.

  3. Гарэцкі, М. Творы: Дзве душы: Аповесць. Апавяданні. Жартаўлівы Пісарэвіч: П’еса. Літаратурная крытыка; публіцыстыка / М. Гарэцкі. – Мінск: Маст. літ., 1990. – 629 с.

  4. Купала, Я. Выбраныя творы / Я. Купала. – Мінск.: “Беларускі кнігазбор”, 2002. – 640 с.

  5. Ластоўскі, В. Выбраныя творы / В. Ластоўскі. – Мінск: “Беларускі кнігазбор”, 1997. – 512 с.

  6. Навойчык, П. І. “Наша ніва” і літаратурна-грамадскі працэс на Беларусі пачатку ХХ стагоддзя: дыс. ... канд. філал. навук: 10.01.01 / П. І. Навойчык. – Мінск, 1996. – 116 л.

  7. Наша Ніва. – Факс. выд. – Вып. 3. 1910г. – Мінск: Выд-ва “Тэхналогія”, 1998.

  8. Наша Ніва. – Факс. выд. – Вып. 4. 1911г. – Мінск: Выд-ва “Тэхналогія”, 2003.

  9. Шатэрнік, У. “Чаму плача песня наша?”: Нашаніўская дыскусія 1913 года У. Шатэрнік // Роднае слова. – 2003 – № 9. – С. 90-91.

Каталог: bitstream -> 123456789
123456789 -> П. С. Лопух гідралогія сушы частка 2 (агульная гідралогія)
123456789 -> П. С. Лопух, А. А. Макарэвіч
123456789 -> Праявы масавай культуры ў дыскурсе смі, альбо да праблемы гуманізацыі медыясферы
123456789 -> Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь
123456789 -> Як навукова-педагічная дысцыпліна змест І задачы методыкі выкладання беларускай літаратуры Методыка выкладання беларускай літаратуры
123456789 -> Рэкамендавана да зацвярджэння ў якасці тыпавой
123456789 -> Беларускі дзяржаўны універсітэт зацвярджаю
123456789 -> Беларускі дзяржаўны універсітэт геаграфічны факультэт кафедра агульнага землязнаўства
123456789 -> Я. Ф. Конеў трансфармацыя інфармацыйнай прасторы краін цэнтральнай І усходняй еўропы


Поделитесь с Вашими друзьями:




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2022
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка