Мінск – 2003 Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь




старонка8/9
Дата канвертавання15.03.2016
Памер2.24 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9

Тэма 9. Славутасці Беларусі (Х–ХІХ стагоддзі).

План.


  1. Выдатныя грамадска-палітычныя і вайсковыя дзеячы з Беларусі.

  2. Сусветна вядомыя навукоўцы і вынаходнікі, філосафы і літаратары,

мастакі і музыканты беларускага паходжання.
І. Драматычны лёс беларускага народа мае безліч адценняў і мноства праяў. Яскравым фактам гэтага з’ўляецца тое, што сёння нават добра адукаваныя беларусы не ведаюць сваіх знакамітых продкаў. Напрыклад, яны звычайна добра дасведчаны аб жыцці і дзейнасці Аляксандра Неўскага і Дзмітрыя Данскога, Суворава і Кутузава, Ламаносава і Паўлава, Пушкіна і Чайкоўскага і аб многіх, многіх іншых славутасцях суседняга народа. Не выпадкова, што многія вуліцы нашых гарадоў носяць прозвішчы людзей, якія ў лепшым выпадку ніякага дачынення да Беларусі не мелі. Толькі ў Мінску ёсць вуліцы Мініна, Пажарскага, Балотнікава, Разіна, Кулібіна, нават адміралаў Ушакова і Нахімава, хоць Беларусь ніколі не была марскою дзяржаваю і не мела свайго ваеннага флоту.

Між тым, беларусам ёсць чым і кім ганарыцца. За шматвяковую гісторыю беларускі народ даў свету вельмі многа таленавітых дзеячаў, якія ўнеслі значны ўклад у скарбонку сусветнай культуры. Гэта былі людзі непаўторныя, як у сваіх заслугах перад чалавецтвам, так і ў сваіх гістарычных лёсах адносна сваёй айчыны – Беларусі.

Паспрабуем пазнаёміцца з некаторымі славутасцямі Беларусі з розных галін грамадскай і культурнай сферы, гэта значыць з тымі гістарычнымі асобамі, якімі могуць ганарыцца беларусы. Вядома, што ў данай рабоце мы будзем удзяляць больш увагі тым, чые імёны не трапілі ў кароткую гісторыю БССР, ці па кан’юнктурна-гістарычных меркаваннях увогуле замоўчваліся. Такіх людзей было вельмі многа.

Сярод шэрагу добра вядомых князёў сярэднявечнай Русі, такіх як Алег, Ігар, Уладзімір – “Хрысціцель”, Яраслаў Мудры, Уладзімір Манамах і іншых, неяк згубілася імя не менш слаўнага і вядомага ў тыя часы князя Усяслава Брачыславіча. Ні аб якім другім князі не гаворыцца так многа і так цікава ў “Слове аб палку Ігаравым” (1186 г.), як аб гэтым чалавеку. Яму прыпісваюцца нават нечалавечыя якасці, быццам ён “...уначы воўкам рыскаў, з Кіева паспяваў да пеўняў да Тмутараканя, Хорсу вялікаму шлях перацінаў”. Так, у мастацкай форме ахарактарызаваў аўтар “Слова” полацкага князя Ўсяслава, які за свае незвычайныя здольнасці і выдатную дзяржаўную дзейнасць атрымаў прозвішча “Чарадзей”.

Усяслаў “Чарадзей” 57 гадоў узначальваў Полацкую дзяржаву (1044 – 1101 гг.), некаторы час (7 месяцаў) быў нават Кіеўскім князем па жаданню кіяўлян, але хутка збег у свой родны Полацк. У часы яго княжання ў Полацку быў пабудаваны новы магутны замак, велічны Сафійскі сабор, квітнелі рамёствы і гандаль. Амаль 18 гадоў правёў ён у бітвах і ваенных паходах. Яго паважалі і баяліся суседзі.

У полацкі перыяд гісторыі Беларусі было многа цікавых і знакамітых дзеячаў. На жаль мы мала ведаем аб дзейнасці першага полацкага князя Рагвалода. Ён быў дзедам Усяслава Чарадзея і бацькам знакамітай прыгажуні Рагнеды, якая стала нявольніцай–жонкай кіеўскага князя Уладзіміра “Хрысціцеля” ці “Красное солнышко”. Яна нарадзіла ад яго шасцёра дзяцей, у тым ліку заснавальніка роду Яраславічаў, кіеўскага князя Яраслава Мудрага. Яе дочкі і ўнучкі сталі князёўнамі ў Чэхіі, Венгрыі, Нарвегіі, Даніі і Францыі. Як нябесную заступніцу беларускай зямлі здаўна шануюць Еўфрасінню Полацкую ( 1110-1173 гг.). За падзвіжніцкую дзейнасць праваслаўная царква зрабіла яе святой. Аб ёй гаварылася: “Дан бяше таков дар Евфросинии от Бога: аще кто ея вопрошаше о которой вещи, она же ему разрешаше чему есть быти». Еўфрасіння заснавала ў Полацку мужчынскі і жаночы манастыры, стварыла выдатную бібліятэку ў Полацкім Сафійскім саборы, пабудавала (1160 г.) царкву Спаса (цяпер Спаса-Еўфрасіннеўская), па яе заказу выдатным полацкім майстрам Лазарам Богшам у 1161 годзе быў зроблены шасціканцовы крыж, што стаў нашай найкаштоўнейшай святыняй.

Многа выдатных грамадска-палітычных і вайсковых дзеячаў даў перыяд існавання Вялікага Княства Літоўскага. За ўвесь час больш чым 550-гадовага існавання гэтай дзяржавы на вялікакняжацкім прастоле пабывалі некалькі дзесяткаў князёў. Амаль кожны з іх пакінуў прыкметны след у гісторыі нашай радзімы. Гэта князь Міндоўг (1246-1254 гады княжання), стаўшы пасля хрышчэння праваслаўным і заняўшы ў Навагародку княжацкую пасаду, пачаў далучаць другія землі, у тым ліку і гістарычную Літву. Яго справу падоўжыў сын Войшалк (1254-1266 гг.). Ён з дапамогай воінаў з Пінска канчаткова скарыў Літву (не трэба блытаць з сучаснай Літвою!), затым другія балцкія народнасці: Нальшчаны і Дзяволтву (прыблізна тэрыторыя сучасных Ашмян і поўнач возера Нарач). Вельмі мала звестак захавалася аб выдатным князі Віцені ( 1291-1315 гг.). Пры ім адбылося аб’яднанне ВКЛ з Полацкім княствам каля 1307 года, пры ім быў прыняты дзяржаўны герб “Пагоня”. У Густынскім летапісе гаворыцца, што “А Витен нача княжити над Литвою, измысли себе герб и всему князству Литовскому печать: рыцарь збройны на коне з мечем, еже ныне наречут «погоня». За 24-гадовы час свайго княжання ён правёў 11 паходаў у Прусію, 5 – у Лівонію, 9 – у Польшчу. У адным з апошніх паходаў быццам бы загінуў ад удара маланкі. Сын Віценя (па другіх звестках – брат ) – Гедымін (1315-1341 гг. ) таксама быў забіты, але ўжо на полі бітвы з крыжакамі. Каменнае ядро з гарматы ўдарыла яму ў плечы, калі ён кіраваў асадай горада Баербурга. За 26 гадоў гаспадарства ў ВКЛ Гедымін зрабіў шмат карыснага для дзяржавы. Пры ім было пабудавана для абароны многа замкаў-крэпасцяў: у Вільні, Лідзе, Крэве, Навагрудку, Гародні, Тракаі і інш. Ён далучыў да ВКЛ Мінскае, Віцебскае, Берасцейскае і Турава-Пінскае княствы, перанёс у 1323 годзе сваю сталіцу ў Крыў-горад і назваў яго Вільняю. Па меркаванню многіх гісторыкаў заснаванне новай сталіцы бліжэй да балцкіх тэрыторый Аўкштайціі і Жамойці (асноўныя народы сучаснай Літвы) тлумачыцца тым, што Гедымін хацеў тым самым паскорыць працэс іх славянізацыі. Сам Гедымін размаўляў на старабеларускай (рускай мове), як і ўсе яго продкі, а потым нашчадкі, для якіх ён стаў заснавальнікам дынастыі князёў Вялікага Княства Літоўскага.

Сынам Гедыміна быў князь Альгерд ( 1345-1377 гг.). Яму належыць слава вялікай перамогі ў 1362 годзе (за 18 гадоў да Кулікоўскай бітвы) – разбіць ушчэнт аб’яднаныя войскі татарскіх орд, якія ўзначальвалі тры ханы: Катлубей, Кацібей-Бекер і Дзмітр-Салтан. Дзякуючы гэтай перамозе, большая частка тэрыторыі сённяшняй Украіны была вызвалена і далучана да Вялікага Княства Літоўскага. Гэтая перамога натхніла рускі народ на бітву супраць хана Мамая ў 1380 годзе.

Вялікага князя літоўскага Вітаўта яго сучаснікі называлі “слаўны ва ўсіх землях”. Ён пражыў складанае і доўгае (80 гадоў) жыццё. Княжыў 38 гадоў (з 1392 па 1430 год). Узначальваў літоўскія войскі пры Грунвальдскай бітве ў 1410 годзе, а фактычна кіраваў усёй бітвай, бо польскі кароль Ягайла (Ягелло) праяўляў часам нерашучасць. Поўны разгром войск ордэна крыжакоў на 500 гадоў спыніў набегі нямецкіх захопнікаў з Усходняй Прусіі на беларускія і сённяшняй Літвы землі. Дагэтуль крыжакі часта цярпелі паражэнне ў бітвах, але вайну прайгралі толькі ў 1410 годзе. Вельмі крыўдна, калі ў школьнай “Хрэстаматыі па гісторыі Беларусі” для студэнтаў гістарычных факультэтаў ВНУ рэспублікі аб гэтай бітве не сказана ані слова. Між тым, многа сказана пра Неўскую бітву 1240 і пра “Лядовае пабоішча” 1242 года. А гэтыя бітвы ні ў якое параўнанне з Грунвальдскай не ідуць. Гэта ж факт, што крыжакі пры Грунвальдзе ў 1410 годзе страцілі 40000 забітымі і 15000 палоннымі, а на Чудскім возеры было забіта ці патанула 500 і ўзята ў палон Ал. Неўскім 50 рыцараў. Другі факт. Ва ўсіх падручніках гаворыцца, што ўратавалі ад паражэння польска-літоўскіх войск рускія Смаленскія палкі. Яны не пабеглі пад ударамі крыжакоў, як гэта зрабілі літоўскія палкі, а мужна прынялі ўдар на сябе, тым самым далі магчымасць перастроіцца і зноў кінуцца ў бой літоўцам. На самой справе, літоўскія палкі, якіх было 40, і асноўнай масай іх ваяроў былі продкі беларусаў, не пабеглі, а першымі наступалі і знішчылі ўсю артылерыю крыжакоў. Затым зрабілі манёўр адступлення, каб заманіць у лес браніраваных рыцараў. Смаленскія палкі сапраўды не рабілі падобнага манёўра і былі амаль цалкам вынішчаны крыжакамі. Гэта былі ўсяго тры палкі: Смаленскі, Мсціслаўскі і Аршанскі. Камандаваў імі князь Сямён Мсціслаўскі, родны брат Ягайлы і стрыечны – Вітаўта. Ад маскоўскага княства там не было ніводнага чалавека. А смаленская зямля была далучана да Вялікага княства Літоўскага яшчэ ў 1404 годзе, пры тым, смаляне нічым не адрозніваліся па мове, культуры і менталітэту ад палачан, віцебчан, магіляўчан і іншых беларусаў, бо былі беларусамі, продкамі крывічоў.

Беларуска-літоўскай дзяржаве ўвесь час прыходзілася змагацца. Гэтыя абставіны спрыялі вылучэнню з асяроддзя князёў і шляхты выдатных палкаводцаў і знатакоў вайсковай справы. Такім быў Давыд Гарадзенскі (1282-1326 гг.). Нарадзіўся ў Пскове, бацьку якога Міндоўг прагнаў з ВКЛ, маці – унучка Аляксандра Неўскага – Марыя. Бацька добра падрыхтаваў яго да вайсковай справы. Ён віртуозна валодаў мячом, дзідай (кап’ём), выдатна страляў з лука. Будучы князем Гародні (кашталянам), ні разу не дапусціў ворагаў у Гарадзенскі замак, ні разу нікім не быў пераможаны. На чале параўнаўча невялікіх атрадаў рабіў імклівыя набегі на ворагаў і атрымліваў бліскучыя перамогі. А ў 1314 годзе ён ушчэнт знішчыў дзве арміі крыжакоў, якія аблажылі Навагародак. Ён тады не ўступіў з імі ў адкрыты бой, бо сілы крыжакоў у многа раз былі большымі, а знішчыў іхнія боезапасы і склады, спаліў усе лодкі, на якіх рыцары прыплылі па Нёману.Толькі адзінкі дыстрофікамі вярнуліся назад у Прусію. Палкаводзец Давыд Гарадзенскі быў па здрадніцку забіты нажом у спіну падкупленым польскім рыцарам Анжэем Горстам.

Сын вялікага князя Альгерда Андрэй Полацкі не стаў галавою дзяржавы, але праславіўся як выдатны воін, палкаводзец, бліскучы камандзір правага флангу рускіх войск у бітве на Куліковым полі 1380 года. У выдатным памятніку рускага народа таго часу “Задоншчыне” аб Андрэі Полацкім і яго браце Дзмітрыі гаворыцца : “О, соловей, летняя птица, вот бы тебе, соловей, пеньем своим прославить великого князя Дмитрия Ивановича..., и из земли Литовской двух братьев Ольгердовичей, Андрея и брата его Дмитрия..! Те ведь – сыновья Литвы храбрые, кречеты в ратное время и полководцы прославленные, под звуки труб их пеленали, под шлемами лелеяли, с конца копья они вскормлены, с острого меча вспоены в Литовской земле”. Слаўны князь гераічна загінуў у бітве з татарамі пад Ворсклай у 1399 годзе.

Амаль на сто гадоў пазней жыў Канстанцін Іванавіч Астрожскі (1460-1530гг.). Па бацьку паходзіў з князёў Тураўскіх. У 37 гадоў стаў гетманам найвышэйшым – галоўнакамандуючым усімі ўзброенымі сіламі Вялікага Княства Літоўскага і на гэтай пасадзе здабыў сабе заслужаную еўрапейскую славу. Ён 63 разы дабіваўся перамогі ў бітвах з ворагамі Айчыны. У краінах Еўропы яго называлі “Сцыпіёнам” (рымскі палкаводзец), “Другім Ганібалам”. Паказальная перамога над войскам маскоўскай дзяржавы пад Оршай 8 верасня 1514 года, калі Астрожскі з 30 тыс. воінаў ушчэнт разбіў 80-ці тысячную армію цара Васілія Ш. Сказалася не толькі лепшае ўзбраенне і вывучка літоўскіх ваяроў, але і тонкі тактычны разлік камандуючага. (Для параўнання: Аляксандр Неўскі атрымаў перамогу над нямецкімі “псамі-рыцарамі” пад час “лядовага пабоішча” у 1242 годзе, маючы 15 – 17 тыс. воінаў над 10 – 12 тысячамі супраціўніка).

Не меншую славу меў гетман ВКЛ Ян Кароль Хадкевіч ( 1560-1621 гг.) са слаўнага роду быхаўскіх магнатаў. У 1601 годзе ён з 2 тыс. воінаў перамог 14- тысячнае шведскае войска пад Белым Камяком. А пра перамогу пад Кірхгольмам у 1605 годзе ў еўрапейскіх газетах пісалі, што “нашчадкі будуць хутчэй дзівіцца гэтаму трыумфу, чым верыць у яго”. У гэтай бітве была атрымана перамога 4-тысячнага войска ВКЛ над 14-тысячным войскам шведаў. Пры тым, страты пераможцаў саставілі ўсяго каля 100 ваяроў. З гэтай перамогай Хадкевіча віншавалі многія еўрапейскія манархі і асабіста папа рымскі Павел У. Аб папулярнасці яго ў народзе сведчыць тое, што дзеці, калі ў той час гулялі ў “вайну”, то абавязкова героем быў Хадкевіч.

Зоркай першай велічыні на небасхіле палітычнай гісторыі Беларусі лічыцца Леў Сапега (1557-1633 гг.). Гэта быў выдатны палітык, ваенны і грамадскі дзеяч, мог выдатна гаварыць на 5-ці мовах. Ён аўтар і рэдактар славутага на ўвесь свет “Статута Вялікага княства Літоўскага” (1588 года). Менавіта Леў Сапега выказаў думку, што закон – гэта “найвышэйшы вартавы ўсеагульнай свабоды”. Як па-сучаснаму гучаць гэтыя словы!

Многа карыснага для нашай айчыны зрабіў магутны старажытны магнацкі род Радзівілаў, з якога выйшла цэлая кагорта знакамітых і ў добрым, і ў дрэнным сэнсе гэтага слова асоб. Згодна летапісу, яшчэ пры Вялікім князі Гедыміне, быццам бы малады чалавек знатнай фаміліі з Жамойці па імені Радзівіл прыйшоў на тэрыторыю сучаснай Беларусі ў саставе ваяроў, якія хацелі паспытаць сябе ў бойцы супраць “Залатой Арды”. Потым і засталіся тут і, як сказана ў летапісе, “пакумаваўшыся і пабратаўшыся з Руссю”. Ёсць яшчэ і другая легенда, быццам у славяніна Крыва-Крывейшы, што быў вярхоўным жрацом у язычнікаў-літоўцаў нарадзіўся сын, які ўмеў тлумачыць сны. І калі з гэтай нагоды звярнуўся да яго Гедымін, хлопчык параіў князю заснаваць горад, што атрымаў назву Вільні. З цягам часу мянушка “Радзівіл” ад слова “радзіць” перайшла ў прозвішча.

На працягу амаль 500 гадоў з рода Радзівілаў выйшлі канцлеры, дыпламаты і гетманы; кампазітары, мастакі і пісьменнікі; мецэнаты, разумныя і прыдуркаватыя асобы. Гэта былі прадстаўнікі самага багатага і ўплывовага роду магнатаў Вялікага Княства Літоўскага, без знаёмства з якім немагчыма пазнаць гісторыю ўсёй дзяржавы. На наш погляд, цікавым будзе нават просты пералік некаторых з іх. Звярніце ўвагу на мянушкі. Радзівіл Мікалай Чорны (1515- 1565 гг.). ( Быў яшчэ “Руды”, “Доўгая барада” і інш.), дзяржаўны дзеяч, рэфарматар, першы перайшоў у пратэстанцтва. Мікалай Крыштоф Сіротка (1549-1616гг.). Таксама дзяржаўны дзеяч, знатны падарожнік. Ён напісаў кнігу, у якой з навуковых пазіцый, вельмі вобразна апісаў Егіпет, Сірыю, Ліван, Мёртвае мора, Крыт і інш. Кніга вытрымала 19 выданняў на розных мовах Еўропы. Цікавая яна і цяпер. Міхаіл Казімір Рыбанька (1702-1762 гг.) – выдатны дзяржаўны дзеяч, будаўнік Нясвіжскага замка , стваральнік першых на Беларусі мануфактур, у тым ліку і нясвіжскай габеленавай, фаянсавай у Новым Свержні і Слуцкай, якая вырабляла цудоўныя паясы. Кароль Станіслаў “Пане Каханку” – ( ? - 1790 ) – вядомы на ўсю Еўропу авантурыст, дзівак, фантаст і ілгун тыпа барона Мюнхаўзена, бабнік, абжора і п’яніца. Гэта ён гарачым летам, калі госці млелі ад спёкі, паабяцаў ім назаўтра зіму са снегам. А раніцай госці, прачнуўшыся, убачылі снег і паехалі да касцёла на санях. На самой справе князь усё наваколле ў замку пасыпаў соллю, якая тады вельмі дорага каштавала. Але ж надта багаты быў Радзівіл.

Усім вядома слаўнае імя Тадэвуша Касцюшкі (1746-1817 гг.). Сын беларускага шляхціча, і ганарыўся тым, што ён літвін. Змагаўся за незалежнасць Паўночнай Амерыкі і ўзнагароджаны вышэйшым ордэнам ЗША Цынцынаці, кіраваў паўстаннем у Польшчы і Літве 1794 года. Нацыянальны герой Польшчы і ЗША.

Кастусь Каліноўскі (1838 – 1864 гг.) – гонар беларускага народу. Зусім невядомы саратнік К.Каліноўскага Урублеўскі Валерый Антоній ( 1836-1908 гг.). Нарадзіўся ў сям’і беззямельнага шляхціча ў мястэчку Жалудок Лідскага павету. Разам з Каліноўскім выдаваў газету “Мужыцкая праўда”. Быў кіраўніком паўстанцкага атрада і ў часе бою 7 жніўня 1864 года быў пасечаны шаблямі казакоў. Цудам выжыў і эміграваў у Францыю. У час рэвалюцыйных падзей, калі была створана “Парыжская камуна”, актыўна яе падтрымаў. Кіраваў абаронай паўднёвай часткі Парыжа. Яму прысвоена званне генерала. Пасля паражэння рэвалюцыі з фальшывым пашпартам пераехаў у Англію, дзе пазнаёміўся з К.Марксам і Ф.Энгельсам. Быў членам Генеральнага Савета І Інтэрнацыянала. Да канца сваіх дзён захаваў вернасць ідэям сацыялізма.

Дзеля ідэі аб вызваленні прыгнечаных ахвяраваў сваё жыццё рэвалюцыянер-народаволец Грынявіцкі Ігнат. 1 сакавіка 1881 года ён самаробнай бомбай узарваў сябе і цара Аляксандра ІІ. Нарадзіўся ён у Бабруйскім павеце ў 1856 годзе, вучыўся ў Пецярбургскім тэхналагічным інстытуце, разам з А.Жалябавым і С.Пяроўскай быў членам арганізацыі “Народная воля”.

Вось такі кароткі пералік дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў нашай Айчыны. Анатацыя зместу іх слаўнага жыцця, вядома, не можа быць у адной такой публікацыі, каб гэта адпавядала вартасці іх асоб.


ІІ. Беларуская ніва навукі і культуры таксама была багатай на таленавітых людзей. З самых старажытных часоў яны засвяціліся яркімі зоркамі. Аб многіх з іх вядома яшчэ са школы. Гэта вялікі гуманіст старажытнасці Кірыла Тураўскі (1130-1184 гг.). Прапаведнік і пісьменнік, які пакінуў пасля сябе многа твораў, у асноўным царкоўнага характару. Напісаныя ім пропаведзі, малітвы і павучанні вызначаюцца багатай паэтычнай вобразнасцю і ўзнёсласцю. Сучаснікі яго называлі “залатавустам”. Яго тэксты малітваў гучаць і сёння ў цэрквах. Напрыклад, кожную нядзелю пасля ранішняй літургіі гаворыцца: “Ведаю, што ты прывёў мяне з нябыту ў быццё і ўпрыгожыў падобнасцю да вобраза Свайго, надзяліў мяне словам і розумам. Ты ўзнёс мяне вышэй за ўсё жывое і паставіў мяне валадаром усяго тварэння”.

Ідэйным апанентам Кірылы Тураўскага па пытанню залежнасці рускай царквы ад Канстанцінопаля выступаў Клім Смаляціч (пачатак ХІІ – 1164 г.). Летапісец называе яго кніжнікам і філосафам, якіх не было дагэтуль на рускай зямлі. З 1148 па 1155 год займаў пасаду Кіеўскага мітрапаліта.

Эпоха Вялікага Княства Літоўскага вылучыла з асяроддзя нашых продкаў многа выдатных дзеячаў навукі і культуры. Зоркай першай велічыні быў ужо даволі вядомы Францыск Скарына (1490 – 1551 гг. ). Мы ўжо абумовіліся, што ў даннай публікацыі будзем рабіць акцэнты толькі на менш вядомых выдатных асобах даўнасці, але не менш заслужаных. Пагэтаму аб Ф.Скарыне скажам толькі, што 1990 год у гонар 500-годдзя яго нараджэння аб’яўлены ЮНЭСКА (арганізацыя ААН) годам Скарыны. Гэта знак сусветнага прызнання заслугі нашага продка перад усім чалавецтвам.

Прадаўжальнікам справы Ф.Скарыны былі Іван Фёдараў (Федаровіч) – (1510–1583 гг.) і яго паплечнік Пётр Мсціславец ( даты яго жыцця невядомы ). Абодва яны з ВКЛ. Іван Фёдараў з магнацкага роду Рагозаў, меў іх фамільны герб, а прозвішча Пятра азначала, што ён родам з Мсціслаўля. Іх заслугі перад усімі ўсходнімі славянамі вядомы: яны першадрукары. Ніколькі не прыніжаючы іх заслугі, адзначым, што яны сталі друкавць свае кнігі ў Маскве амаль на 50 гадоў пазней Ф.Скарыны.

Вялікая заслуга ў развіцці друкарскай справы, а таксама асветніцтва і філасофскай думкі належыць Сымону Буднаму (1530-1593 гг.) і Васілю Цяпінскаму (Амельяновічу) (1530-1600 гг.). У шэраг выдатных людзей варта паставіць Сімяона Полацкага (1629-1680 гг.), сапраўднае імя якога Самуіл Гаўрылавіч Пятроўскі-Сітніяновіч. Акрамя роднай старабеларускай, ён добра ведаў лацінскую, польскую і царкоўна-славянскую мовы, нават пісаў на гэтых мовах вершы і прамовы. У 1664 годзе ён вымушаны быў пераехаць у Маскву, дзе ў хуткім часе становіцца выхавацелем і настаўнікам царскіх нашчадкаў, у тым ліку і Пятра Першага. Спецыяльна для апошняга падрыхтаваў і выдаў “Буквар”, які ўвогуле стаў першым падручнікам і на доўгі час для дзяцей Расіі. Паколькі ў той час самым надзейным сродкам заахвочвання дзяцей да навукі былі розгі, то Полацкі напісаў у гэтым падручніку як бы змякчаючы такую жорсткасць верш: «Плевела от пшеницы жезл тверд отбивает, Розга буйство от сердец детских прогоняет.

Та орудия глупых исправляют,

Плоти целости ничтоже вреждают.

Целуйте розгу, бич и жезл лобзайте,

Та суть безвинна, тех не проклинайте».

Сімеон Полацкі задумаў стварыць у Маскве першую вышэйшую навучальную ўстанову накшталт Віленскага ўніверсітэта і самому стаць рэктарам. Але здзейсніць не паспеў. Па яго ідэі і распрацоўках у 1686 годзе адкрылася славяна-грэка-лацінская акадэмія, у якой пазней вучыўся М.В.Ламаносаў. С.Полацкі стаў першым прафесіянальным рускім пісьменнікам–паэтам, першым рускім інтэлігентам, для якога тады яшчэ не склалася належнае асяроддзе. У гэтым сэнсе ён на цэлае стагоддзе абагнаў расійскую рэчаіснасць. А па яго завяшчанню пасля смерці набытую працай значную маёмасць перадалі дзевяці беларускім манастырам, у тым ліку Полацкаму, Менскаму, Віленскаму, Міёрскаму і іншым. Гэта была яго апошняя даніна радзіме, і пасільная дапамога аднадумцам.

Многія напэўна памятаюць, што Міхайла Ламаносаў, калі вучыўся ў Славяна-грэка-лацінскай акадэміі, пасцігаў навуковыя прамудрасці з вельмі папулярных у той час падручнікаў: “Арыфметыкі” Магніцкага і “Граматыкі” Сматрыцкага, называючы іх “вратамі маёй вучонасці”. Аўтар “Граматыкі” Мяленцій Сматрыцкі (свецкае імя Максім Герасімовіч) (1575-1633 гг.) – царкоўны дзеяч на тэрыторыі Беларусі, мысліцель, доктар медыцыны, пісьменнік. Сваю працу “Граматыкі славенскія...” ён выдаў у Іўі ў 1619 годзе, як абагульненне сваёй багатай навуковай і педагагічнай практыкі. Аб высокім узроўні гэтага падручніка сведчыць тое, што ім карысталіся амаль 150 гадоў. Нават больш пазнейшыя граматыкі з’яўляліся ў той ці іншай меры перапрацоўкамі гэтага твора М.Сматрыцкага.

Доўгі час не было вядома нам, што сённяшні шрыфт стварыў не Пётр Першы, а аўтарам яго быў наш суайчыннік з Мсціслаўля Ілля Капіевіч (Капіеўскі) (1651-1714 гг.). У 1697 годзе, калі Пётр Першы быў у Галандыі, да яго перакладчыкам быў пастаўлены Капіевіч, які ведаў шмат моў і служыў тады ў Амстэрдамскім саборы. Рускаму цару спадабаўся перакладчык, і ён быў запрошаны ў Расію, дзе зрабіў новы шрыфт. У 1703 годзе на яго аснове Пётр І правёў рэформу расійскай азбукі. Новымі літарамі Капіевіча, або “беларускай азбукай”(капіеўкай) і сёння карыстаюцца рускія, украінцы, сербы, балгары, македонцы і інш. Капіевіч стварыў першы рускі народны каляндар і інш.

Навуковыя эксперыменты і прапановы Казіміра Семяновіча (1600 – 1651 гг.) на многія гады прадвызначылі шляхі развіцця еўрапейскай артылерыі і ракетабудавання. У 1650 годзе ў Амстэрдаме вышла яго фундаментальная кніга “Вялікае майстэрства артылерыі. Частка першая”. Яна была перакладзена на большасць еўрапейскіх моў. У кнізе навукова абгрунтавана залежнасць калібру гармат, вагі ядраў ад матэрыала, з якога яны зроблены, апісана тэхналогія вырабу розных гатункаў, пораху. Семяновіч навукова абаснаваў канструкцыі больш дзесяці тыпаў ракет, у тым ліку з хвастамі ў выглядзе дэльты. Але самае цікаўнае, што ён амаль за 300 гадоў да асваення космасу падрабязна апісаў у сваёй кнізе многаступенчатую ракету, а таксама ракеты ў звязцы з некалькіх штук. Ён вынайшоў прыцэльнае прыстасаванне для артылерыі тыпу сённяшняй бусолі. Усё гэта сведчыла аб даволі высокім узроўні артылерыйскай справы ў Вялікім Княстве Літоўскім. Асабліва калі улічыць, што беларус Андрэй Чохаў (альбо Чэхаў), пераехаўшы ў Расію, стварыў там многа выдатных бронзавых гармат, у тым ліку ў 1586 годзе знакамітую “ Цар-Гармату”, вагою ў 40 тон. Цяпер яна побач з “Цар-колакалам” дэманструецца ў Маскоўскім Крамлі. Мы можам ганарыцца таксама тым, што заснавальнікам школы рускіх доменшчыкаў, аўтарам сучаснага доменнага працэсу выплаўкі чыгуну быў наш зямляк Курка Міхаіл Канстанцінавіч (1872 – 1920 гг.). Са смаленскіх беларусаў паходзіў Тацішчаў Васіль Нікіціч (1686–1750), напісаў першую фундаментальную работу “История Российская с самых древнейших времён”. А якія выдатныя людзі насілі прозвішчы Кавалеўскіх! Перш за ўсё, гэта матэматык сусветнага маштабу першая жанчына член-карэспандэнт Пецярбургскай Акадэміі навук Соф’я Васільеўна Кавалеўская (1850–1891 гг.). Яна паходзіла са старажытнага шляхецкага роду Корвін-Крукоўскіх. Цікава, што нават вышла замуж яна фіктыўна, каб пазбавіцца бацькоўскай апекі і прадоўжыць сваю адукацыю ў Германіі, дзе жанчына магла вучыцца ва ўніверсітэце горада Гейдэльберга. Згадзіўся стаць фіктыўным супругам Кавалеўскі Уладзімір Ануфрыевіч (1842 – 1891 гг.) родам з Віцебскай вобласці. Крыху пазней гэты шлюб стаў сапраўдным. За сваё кароткае жыццё (41 год) Уладзімір Ануфрыевіч паспявае прыняць удзел у паўстанні 1863 года, затым у вызваленчым паходзе Гарыбальдзі. Пасля гэтага абараняе дысертацыю па палеанталогіі і становіцца прафесарам Маскоўскага ўніверсітэта. За важкі ўклад у навуку яго лічаць заснавальнікам эвалюцыйнай палеанталогіі. Бліскучым даследчыкам у вобласці біялогіі быў брат Уладзіміра Аляксандр Кавалеўскі (1840–1901гг.). Прафесар Пецярбургскага ўніверсітэта, член Расійскай Акадэміі навук, ён зрабіў важнае адкрыццё, даказаўшы эвалюцыйнае адзінства хрыбетных і бесхрыбетных жывёлін.

1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка