Мінск – 2003 Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь




старонка4/9
Дата канвертавання15.03.2016
Памер2.24 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9

Тэма 5. Культура Беларусі ў 20-30-я гады XX стагоддзя.

План.


  1. Асаблівасці культурнага развіцця ў паслякастрычніцкі

перыяд і перабудова адукацыі.

  1. Беларусізацыя 20-30-х гадоў, яе сутнасць і змест.

Моўная палітыка.

  1. Развіццё архітэктуры, скульптуры, жывапісу, музыкі,

тэатра і літаратуры.

4. Культурнае жыццё ў Заходняй Беларусі.

5. Масавыя рэпрэсіі дзеячаў культуры Беларусі.
І. Перыяд першай сусветнай вайны вельмі адмоўна адбіўся на развіцці Беларусі. Значныя страты панесла насельніцтва, былі зруйнаваны гарады і вёскі, знішчаны шматлікія культурныя каштоўнасці. Многа таленавітых людзей з'ехала з родных мясцін. Але і ў гэтыя гады беларускія палітычныя і культурныя дзеячы клапаціліся аб развіцці культуры, захаванні яе спадчыны. 3 сакавіка 1917 г. дзейнічаў заснаваны імі Беларускі нацыянальны камітэт, які каардынаваў намаганні па развіццю беларускай культуры пасля кастрычніцкай рэвалюцыі.

Нацыянальна-культурнае будаўніцтва ў паслярэвалюцыйныя 20-я – 30-я гады праходзіла ў вострай барацьбе розных сіл: нацыянальна-патрыятычных, што выступалі за развіццё беларускай нацыянальнай культуры і сіл, якія прапагандавалі ідэі сацыялізма, інтэрнацыяналізма. Сказваўся таксама і нізкі культурны ўзровень насельніцтва, рэвалюцыйны патрыятызм. Таму культурнае будаўніцтва ў гэты перыяд ажыццяўлялася пад назвай "культурная рэвалюцыя". Яе галоўнымі мэтамі былі: стварэнне новай, сацыялістычнай па зместу, культуры; ліквідацыя непісьменнасці і малапісьменнасці; стварэнне ўмоў для далучэння народных мас да культуры праз развіццё сеткі хат-чытальняў, бібліятэк, клубаў, музеяў; стварэнне новай савецкай інтэлігенцыі; барацьба супраць рэлігійных, буржуазных поглядаў і г.д. На культуру першых паслярэвалюцыйных гадоў значны ўплыў меў Пралеткульт, які дзейнічаў з 1917 па 1920 гг. Ён адмаўляў былую культуру, выступаў за наватарства ў мастацтве і стварэнне новай пралетарскай.

Пасля 1917 г. пачынаецца рэвалюцыйная ломка ўсяго старога, і найперш праводзіцца перабудова адукацыі. Адукацыя пачынае ажыццяўляцца на новых прынцыпах: сувязі яе з сацыяльна-эканамічнымі і палітычнымі пераўтварэннямі; праве ўсіх народаў на адукацыю на роднай мове; прынцыпе пераемнасці ўсіх звенняў сістэмы адукацыі; ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці; бясплатнасці адукацыі.

Адразу былі ліквідаваны саслоўныя, рэлігійныя і нацыянальныя прывілеі, а таксама дарэвалюцыйныя органы адукацыі. 27 снежня 1917 г. быў створаны Камісарыят Заходняй вобласці, г.зн. Беларусі. У пачатку 1918 г. ліквідавана Віленская навучальная акруга, забаронена выкладанне рэлігіі і рэлігійных абрадаў, уведзены новы правапіс. Стваралася новая сістэма адукацыі - працоўная школа двух ступеняў: першая – з 5-гадовым тэрмінам навучання – (з 8 да 13 гадоў), і другая – з 4-гадовым тэрмінам для дзяцей 13-17 гадоў. Завяршалася навучанне 9-гадовай сярэдняй школай. Да 9-гадовай школы далучаўся дзіцячы садок для падлеткаў ад 6 да 8 гадоў. Але эканамічныя цяжкасці не дазволілі гэта выканаць. 3 1921 г. замест 9-гадовай, галоўным тыпам масавай школы, уводзілася сямігадовая. Пасля сямігодкі навучанне працягвалася ў 3–4-гадовых тэхнікумах, а потым у трохгадовых ВНУ.

Больш бурнае развіццё сістэмы адукацыі пачалося пасля заканчэння ў 1920 г. ваенных дзеянняў і ў перыяд правядзення палітыкі беларусізацыі. Разам з развіццём сістэмы адукацыі ішоў працэс і ліквідацыі непісьменнасці. Да 1921 г. усяго 503 тыс.чалавек (39% ад агульнай колькасці насельніцтва таго часу) навучыліся грамаце. Для яе далейшай ліквідацыі ў 1924 г. быў прыняты 10-гадовы план. Адначасова з ліквідацыяй непісьменнасці ствараліся школы для малапісьменных.

Складвалася сістэма сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. Спецыялістаў народнай гаспадаркі з 1919 г. пачаў рыхтаваць адноўлены Гары-Горацкі земляробчы інстытут, з 1921 г. – БДУ. У ім спачатку было два факультэты – грамадскіх навук і медыцынскі, а ў 1922 г. быў заснаваны педагагічны факультэт з чатырма аддзяленнямі – сацыяльна–гістарычным, літаратурна-лінгвістычным, фізіка– матэматычным і прыродазнаўчым. У першы год навучання ва ўніверсітэце вучылася 1250 студэнтаў, заняткі вялі 14 прафесараў, 49 выкладчыкаў і асістэнтаў. На базе педагагічнага факультэта БДУ ў 1931 г. адчынены Вышэйшы педагагічны інстытут; медыцынскага – Мінскі медыцынскі інстытут.

Спалучэнне намаганняў сістэмы адукацыі і шматлікіх грамадскіх арганізацый тыпу "Далоў непісьменнасць” дазволіла да канца 30-х гадоў непісьменнасць у асноўным ліквідаваць. Колькасць пісьменных узрасла з 53,1% у 1927 г. – да 78,9% у 1939 годзе. Спрыяла гэтаму ўведзеная ў 1926 г. сістэма абавязковага пачатковага, а ў 1932 г.– сямігадовага навучання.

Сетка навучальных устаноў паступова пашыралася. Аднак у яе сістэме было шмат недахопаў. Была дрэннай матэрыяльная база, адсутнічала адзіная сістэма ацэнкі ведаў, у ВНУ і тэхнікумах шырока ўжываўся брыгадны метад падрыхтоўкі. У адпаведнасці з ім адмяняўся персанальны ўлік паспяховасці, дыпломныя работы студэнтаў. Ацэнку атрымлівала ўся група, брыгада. Не апраўдвалі сябе і датэрміновыя выпускі ўдарных груп, брыгад. Негатыўны ўплыў меў і г.зв. класавы прынцып набору студэнтаў, калі пры залічэнні на вучобу перавага аддавалася рабочым, сялянам і іх дзецям. У мэтах паляпшэння класавага складу студэнтаў прымаліся і надзвычайныя меры: перарэгістрацыі, праверкі залічаных, чысткі. Напрыклад, у час чысткі, якая праводзілася ў 1924 г. у БДУ, з 1949 студэнтаў універсітэта было выключана 790, у Віцебскім педінстытуце з 328 правераных – выключана 110, у Горацкім сельскагаспадарчым інстытуце з 834 – адлічана 221. Студэнтаў выключалі за непралетарскае паходжанне, па палітычных матывах. Набіралі іх па асобных курыях, рэкамендацыях партыйных і савецкіх органаў, арганізоўваліся наборы членаў партыі, камсамола, рабочых ад станка. Для падрыхтоўкі рабочых, сялян і іх дзяцей да вучобы ў ВНУ ствараліся рабфакі, якіх у 1925 г. дзейнічала чатыры.

У 1934 г. у краіне праведзена ўніфікацыя сістэмы адукацыі. Стваралася пачатковая (І–ІV класы), няпоўная сярэдняя (І–VП класы) і сярэдняя (І–Х класы) школа. Уводзілася пяць ступеняў ацэнкі паспяховасці ў школах і ВНУ: 1 – вельмі дрэнна, 2 – дрэнна, 3 – пасрэдна, 4 – добра, 5 – выдатна. Ствараліся адзіныя падручнікі па розных прадметах, уводзіліся пасады дырэктара школы, класнага кіраўніка, званні для настаўнікаў (настаўнік пачатковай, сярэдняй, заслужаны настаўнік школы). Для студэнтаў уводзіліся стыпендыі, для выкладчыкаў – стаўкі. Усё гэта спрыяла паляпшэнню сістэмы адукацы і яе далейшаму развіццю. Да І936 г. у Беларусі ўжо працавала 31 вышэйшая навучальная ўстанова, 104 сярэднія спецыяльныя, 7015 школ.

Разам з гэтым у дзейнасці школ існавала таксама шмат праблем. Многія школы мелі дрэнную паспяховасць, шмат вучняў заставаліся на другі год. Напрыклад, у 1935/36 навучальным годзе на другі год было пакінута 110 тыс.вучняў, што складала 12% ад іх агульнай колькасці.

На выніках навучання сказвалася дрэнная матэрыяльная база школ. Шмат з іх працавалі ў непрыстасаваных памяшканнях, у тры змены. Не хапала падручнікаў, сказвалася недастатковая падрыхтоўка настаўнікаў. Так, у 1939 г. з 39740 настаўнікаў усходніх абласцей незакончаную сярэднюю адукацыю мелі 11710; толькі 3900 настаўнікаў валодалі вышэйшай адукацыяй. Нават нарком асветы БССР Еўдакія Ўралава, якая ў ліпені 1938 г. была прызначана на гэтую пасаду, мела пачатковую адукацыю.

Высокаадукаваныя настаўнікі часта пазбаўляліся працы ў час рэгулярна праводзімых атэстацый. Напрыклад, у 1936 г. з 5896 атэставаных настаўнікаў 4512 былі не атэставаны і пазбаўлены працы.

Некалькі лепшай была сітуацыя ў вышэйшых навучальных установах.

У заключэнне першага пытання важна адзначыць, што з 1 верасня 1940 г. у УШ–Х класах сярэдняй школы, вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных установах была ўведзена плата за навучанне. 3 1 лістапада 1940 г. стыпендыя выдавалася толькі тым студэнтам, якія на экзаменах атрымалі 75% адзнак "выдатна" і астатнія – "добра". У выніку гэтага многія вучні, студэнты вымушаны былі пакінуць вучобу. Так, 80 студэнтаў першага курса Віцебскага педінстытута падалі заявы аб выключэнні. Усяго толькі ў педагагічных і настаўніцкіх інстытутах з 8414 студэнтаў з 1 верасня па 1 студзеня 1941 г. па аналагічнай прычыне пакінулі вучобу 2607 студэнтаў.

У верасні 1939 г. Заходняя Беларусь была далучана да БССР. Тут пачалася праца па стварэнню савецкай сістэмы адукацыі. У снежні 1939 г. у заходніх абласцях працавала 5633 школы, у якіх вучыліся 746655 вучняў. Усяго ў 1940/41 навучальным годзе ў аб´яднанай рэспубліцы працавала 13043 школы. У асноўным быў выкананы план пачатковага навучання і на 60%-сямігадовай адукацыі, падрыхтавана новая інтэлігенцыя, На 1 студзеня 1941 г. у рэспубліцы працавала 27,7 тыс.спецыялістаў з вышэйшай і каля 60 тыс.–з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Але гэтага было недастаткова. Амаль трэць пасад, патрабуючых спецыяльнай адукацыі, займалі людзі з поўнай і няпоўнай сярэдняй школай. Эфектыўнасць іх працы не магла быць высокай.
ІІ. Асаблівасцю развіцця культуры ў 20–30-я гады была беларусізацыя. Беларусізацыя – гэта палітыка нацыянальна–дзяржаўнага і нацыянальна–культурнага будаўніцтва на Беларусі ў 20-я – пачатку 30-х гадоў. Яна характарызавалася ростам нацыянальнай самасвядомасці народа, яго імкненнем да развіцця беларускай культуры, мовы. Падчас правядзення беларусізацыі на працягу больш дзесяці гадоў наш народ меў магчымасць адрадзіць нацыянальную культуру, родную мову, якія пад час паланізацыі, потым русіфікацыі амаль зніклі.У ліку ініцыятараў і аўтараў беларусізацыі былі знакамітыя дзеячы нацыянальна – вызваленчага руху.

Многія ідэі беларусізацыі пачалі ажыццяўляцца ўжо ў першыя паслярэвалюцыйныя гады. Гэта знайшло адлюстраванне ў наданні беларускай мове дзяржаўнага характару ўладамі Беларускай Народнай Рэспублікі, стварэнні нацыянальных школ, адкрыцці шэрагу курсаў беларусазнаўства.

У снежні 1920 года з¢езд Саветаў Беларусі таксама абвясціў неабходнасць арганізацыі дзяржаўнага і грамадскага жыцця на беларускай мове. Для вывучэння гісторыі, культуры беларускага народа, распрацоўкі навуковай тэрміналогіі роднай мовы ў 1922 г. быў створаны Інстытут беларускай культуры, які потым ператвораны ў акадэмію навук БССР.

Цэласны, канцэптуальны комплексны характар беларусізацыя набыла пасля таго, як 15 ліпеня 1924 г. была прынята пастанова ЦВК БССР “Аб практычных мерапрыемствах па правядзенню нацыянальнай палітыкі”. Гэтай пастановай прадугледжвалася: 1) развіццё нацыянальнай культуры, перавод школ, ВНУ на беларускую мову, пашырэнне выдання на ёй кніг, на беларускай мове, развіццё беларускай літаратуры, вывучэнне гісторыі Беларусі і г.д.; 2) вылучэнне беларусаў на кіруючыя пасады; 3) перавод справаводства на працягу трох гадоў на беларускую мову. Пастановай зацвярджаўся дзяржаўны характар беларускай мовы, а ўсім іншым мовам народаў Беларусі надаваліся роўныя правы. Мовай міжнацыянальных зносін аб¢яўлялася руская.

Выключная ўвага падчас беларусізацыі звярталася на навуковае даследванне праблем беларускай мовы, яе гісторыі, нарматыўнасці, распрацоўцы тэрміналогіі. Іменна ў гэтыя гады беларуская мова набыла ўсе галоўныя прыкметы, ўласцівыя ёй. Упарадкаванню беларускай мовы спрыялі граматыкі, выдадзеныя Б.Пачобкам, А.Смолічам, А.Луцкевічам, А.Станкевічам, Я.Лёсікам. Найбольш дасканалая яе распрацоўка была зроблена Б.Тарашкевічам. У яго граматыцы распрацавана фанетыка, часціны мовы , правапіс, сінтаксіс, г.зн. увесь узровень напісання слоў.

Неабходнасць гэтага вызначалася значнай нераўнамернасцю напісання, адсутнасцю адзінага алфавіта. Напрыклад, кірыліца выкарыстоўвалася ў старажытнабеларускім пісьменстве ад XIV да XVIII стагоддзяў. У XVIII - пачатку ХХ стагоддзяў ужываўся лацінскі алфавіт. Лацініцай былі надрукаваны творы В.Дуніна – Марцінкевіча, Ф.Багушэвіча, зборнік Я.Купалы “Гусляр” і іншыя творы. З узнікненнем легальнай беларускай прэсы пачаў выкарыстоўвацца і шрыфт, які распрацаваў І. Капіевіч, г.зн. удасканаленая кірыліца. Нават і пасля 1917 г. беларускія падручнікі друкаваліся лацініцай і кірыліцай. Толькі ў лістападзе 1926 г. напісанне афіцыйна было пераведзена на кірыліцу.

З мэтай далейшага ўпарадкавання беларускага правапісу, графікі і граматычных рыс беларускай мовы ў 1926 г. у Мінску была складзена Канферэнцыя па яе ўдасканальванню, а ў 1933 годзе прынята Пастанова Урада БССР “Аб зменах і спрашчэнні беларускага правапісу”. Выдадзеным у 1933 г. і ўдасканаленым у 1934 годзе, правапісам мы карыстаемся і зараз.

У ходзе беларусізацыі зыходным прынцыпам яе ажыццяўлення стаў перавод сістэмы навучання на беларускую мову. Здзяйсненне гэтага курсу прывяло да таго, што ўжо ў 1925/26 гг. з агульнай колькасці школ 76% былі беларускімі , з 4-х гадовых –94%, а ў 1932 г. з агульнай колькасці школ – звыш 90% былі беларускамоўнымі. У гэтыя гады каля 60% сярэдніх спецыяльных і вышэйшых устаноў таксама перайшлі на беларускую мову.

Пры правядзенні палітыкі беларусізацыі ні ў якім разе не прыніжаліся правы і годнасць прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. У 1924 г. у якасці дзяржаўных прызнаваліся беларуская, руская, яўрэйская, польская мовы.

Справаводства таксама пераводзілася на родную мову. Асноўныя ўнутрырэспубліканскія дакументы друкаваліся на чатырох мовах: агульнасаюзнага значэння – на беларускай і рускай, грамадска-палітычныя дакументы (пасведчанні і інш.) – на беларускай і адной з трох іншых раўнапраўных моў. Пры гэтым за кожным грамадзянінам захоўвалася права звяртацца ў любую ўстанову на роднай мове і на ёй атрымаць адказ.

Праводзілася беларусізацыя ў партыйных і камсамольскіх арганізацыях, у вайсковых злучэннях Чырвонай Арміі. Паколькі ўзровень ведання мовы быў нізкім, пры многіх адміністрацыйных і іншых органах ствараліся спецыяльныя курсы па яе вывучэнню. У выніку гэтай вялікай працы ўжо ў 1927 годзе каля 75% кіруючых работнікаў валодалі беларускай мовай.

Адначасова важным накірункам беларусізацыі стала вылучэнне і выхаванне кадраў з карэннага насельніцтва – служачых і рабочых. Так, паводле перапісу 1926 г. беларусы сярод сельскага насельніцтва складалі 89,1 %, гарадскога – 40%, а сярод служачых – беларусаў было 58,9%, рускіх – 13,1%; яўрэяў – 19,1%; палякаў –3,4%. Рабочыя беларусы складалі – 45,1 %; яўрэі – 42,6 %; рускія – 5,5 %; палякі – 45 % (гл. “Беларуская мова. Энцыклапедыя”. Мн., 1994, с. 80).

Пашыралася выданне газет, часопісаў, літаратуры на беларускай мове, праца радыё, тэатраў.

Палітыка беларусізацыі аказвала выключны ўплыў на фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа, яго светапогляд. Вялікі ўплыў яна мела на насельніцтва Заходняй Беларусі, узмацняла іх імкненне да ўз’яднання ў адзіны народ. Уздзейнічала яна і на беларускую эміграцыю.

Аднак палітыка беларусізацыі сустракала і перашкоды. Да яе варожа адносілася значная частка кіраўнікоў рэспублікі, частка вучоных. Не падтрымлівалі яе і першыя сакратары ЦК КПБ В. Кнорын і К. Гай. У 30-я гады падчас барацьбы з так званымі нацдэмамі беларусізацыя была звернута. Разам з гэтым значэнне беларусізацыі вялікае. Яна спрыяла адраджэнню нацыянальнай культуры, гісторыі беларускага народа.
ІІІ. Беларуская архітэктура ў савецкі час фарміравалася як неадрыўная састаўная частка савецкай архітэктуры. Ацэньваючы ў цэлым яе развіццё ў 20 –30-я гады, неабходна адзначыць, што яна стала часам пошукаў і набыцця вопыту для карэннай рэканструкцыі гарадоў і вёсак рэспублікі, арганізацыі масавага жыллёвага будаўніцтва. Пад кіраўніцтвам архітэктараў аднаўляліся вытворчыя памяшканні, рэканструяваліся старыя дамы і збудаванні. Праўда, у гэты ж час руйнуецца шмат царкоўных пабудоў, што адпавядала палітыцы ваяўнічага атэізму. Напрыклад, з дарэвалюцыйных 1445 праваслаўных цэркваў, 704 сінагог і 148 касцёлаў – да канца 30-х гадоў у БССР былі зачынены адпаведна 1371, 633 і 95, астатнія перароблены ў клеці, гаспадарчыя пабудовы, ці зруйнаваны.

Праблема жылля вырашалася за кошт індывідуальнага будаўніцтва, а з 1924 г. – шляхам арганізацыі жыллёвых кааператываў. Побач з новамі заводамі і фабрыкамі пачалі ўзводзіцца рабочыя пасёлкі з 1–2-х павярховымі дамамі на 2 –16 кватэр. Колькасць апошніх была невялікай, аднак на іх адпрацоўваліся асноўныя прынцыпы арганізацыі жылля працоўных. Іменна ў гэтыя гады ў якасці асноўнага тыпу зацвердзіўся жылы дом секцыйнай структуры. Адбывалася станаўленне новых і ўдасканальванне створаных у мінулым тыпаў грамадскіх будынкаў, выпрацоўваліся тыпалагічныя асновы розных збудаванняў, атрымала развіццё тыповае праектаванне.

Асабліва выразна пошукі новага стыля праявіліся пры будаўніцтве канторы Дзяржбанка БССР, універсітэцкага гарадка, комплекса першай беларускай сельскагаспадарчай выстаўкі. Гэтыя пабудовы характарызаваліся рацыяналізмам, сухасцю і геаметрычнасцю форм, спрошчанасцю фасадаў.

У гэтым жа стылі – канструктывізма і функцыяналізма, былі пабудаваны па праекту І.Лангбарда ў 1930 – 34 гг. Дом урада, у 1934 – 35 гг. – Мінскі Дом афіцэраў, у 1935 – 37 гг.– тэатр оперы і балета, Магілёўскі Дом саветаў, галоўны корпус АН БССР, па праекту Г.Лаўрова ў 1934/35 гг. – Дзяржаўная бібліятэка, па праекту А.Воінава і У.Вараксіна ў 1929-32 гг.– будынак ЦК КПБ, А.Воінава – гасцініца "Беларусь" і іншыя. Разам з удалай функцыянальнай арганізацыяй гэтым будынкам уласцівы архітэктурна-мастацкія якасці. У цэлым у архітэктуры 20 – 30-х гадоў быў выкарыстаны першы вопыт у засваенні новых метадаў будаўніцтва ў рэспубліцы.

Беларуская савецкая скульптура ў першыя паслярэвалюцыйныя гады развівалася пад уздзеяннем ленінскага плана манументальнай прапаганды. Разлічаная на выкананне ідэалагічнай функцыі, скульптура выконвала ролю сімвала новага жыцця. Яна першапачаткова была мала звязана структурна з гарадскім асяроддзем, а манументаль-насць дасягалася простым павелічэннем памераў. Напрыклад, у помніку К.Марксу (скульптар К. Елісееў), які быў пастаўлены ў 1920 годзе ў Мінску перад гарадскім тэатрам, пастамент быў павялічаны да такіх памераў, што бюст правадыра аказаўся на узроўні даху. Такімі ж былі і іншыя скульптуры. Для іх быў характэрны кубізм. Гэтым характарызавалася творчасць скульптараў Д.Якерсана, М.Цэханоўскага.

Першыя савецкія скульптуры выконваліся з недаўгавечных матэрыялаў, часцей з гіпсу, цэменту, фанеры і нават са шкла і алебастравых пліт. Так, скульптура чырванаармейца на плошчы Свабоды ў Мінску была выканана з дошчачак, а галава пакрыта шапкай з бляхі. Помнік “Перамога светлага і новага” у Віцебску ўяўляў сабой кампазіцыю з гіпсу і фанеры.

Адметнай рысай скульптуры 20-х гадоў з'явілася цікавасць да свайго гістарычнага мінулага. Гэтаму былі прысвечаны работы скульптараў А.Бразера (партрэты Ф.Скарыны, М.Галадзеда, І.Песталоцці, Я..Купалы) і А.Грубэ (бюсты К.Каліноўскага, М.Багдановіча) і іншыя.

Развіццю беларускай скульптуры спрыяла адкрыццё ў Віцебску скульптурнага аддзялення ў мастацкім тэхнікуме. Сярод выпускнікоў гэтага аддзялення былі Заір Азгур, Андрэй Бембель, Аляксей Глебаў, Аляксандр Арлоў, Абрам Жораў, Генадзь Ізмайлаў, першым творчым дасягненнем якіх стала скульптурнае афармленне Дома ўрада ў Мінску (барэльефы і помнік У.Леніну).

Адной з асноўных праблем, што вырашаліся скульптарамі ў 30-я гады, была праблема стварэння вобраза сучасніка. На змену вобразаў гераічных рэвалюцыйных гадоў, прыходзіць вобраз чалавека новай сацыялістычнай фармацыі. Гэта адпавядала метаду сацрэалізму. Над вобразамі сучасніка паспяхова працавалі А.Грубэ (скульптуры"Трактарыстка", "Беларус", помнікі Ф.Дзяржынскаму ў Дзяржынску, У.Леніну ў Барысаве), А.Арлоў (скульптура "Пагранічнік і калгасніца", барэльеф "Жыццё піянераў” у Палацы піянераў), А.Жораў, А. Глебаў.

У партрэтным жанры працавалі скульптары М.Керзін, А.Бразер, З.Азгур і іншыя. Імі створана цэлая галерэя вобразаў беларускай інтэлігенцыі – С.Міхоэлса, М.Голуба, М.Кульбокава, Г.Грыгоніса. З.Азгур выканаў шмат партрэтаў дзеячаў камуністычнай партыі і беларускай культуры (Леніна, Свярдлова, Касіёра, Маркса, Энгельса, Арджанікідзе, Я.Коласа, Я.Купалы, Л.Александроўскай).

Развіццё жывапісу таксама праходзіла ў вострай барацьбе розных накірункаў і плыняў. Майстры старэйшага пакалення звярталіся да традыцыйнай манеры пісьма позніх перадзвіжнікаў, у той час як некаторыя маладыя мастакі зняважліва ставіліся да рэалістычных традыцый мінулага.

У масавых відах мастацтва (афармленні афіш, свят, напісанні плакатаў) працавалі М.Шагал, К.Малевіч, В.Ермалаева, Л.Лісіцкі і іншыя прадстаўнікі так званых "левых” накірункаў, якія сродкамі імпрэсіянізму і супрэматызму (разнавіднасці крайняга геаметрычнага абстракцыянізму) рабілі спробы ўвасобіць ідэі рэвалюцыі. У 1919 г. К.Малевіч нават выступіў з "Маніфестам левых беспрадметнікаў", у якім запатрабаваў устанаўлення дыктатуры "левых" у галіне культуры і мастацтва, а супрэматызм – зрабіць дзяржаўным мастацтвам.

К.Малевіч і члены створанай ім групы мастакоў УНОВІС (утвердители нового искусства) адмаўлялі рэалістычны жывапіс, які лічылі аджыўшым. Рэчаіснасць яны заклікалі выражаць сімваламі, дзе квадрат сімвалізаваў сусвет, круг – рух зямлі, трохвугольнік – Бога, падоўжаны чатырохвугольнік (супрэма) – узаемадзеянне сіл. Асноўнымі фарбамі з´яўляліся чорная і белая. Чорная – азначала злы пачатак, белая – добры. Зрэдку дапускаліся іншыя фарбы, якія мелі сваё значэнне. Космас у Космасе – так можна вызначыць знакамітую карціну К.Малевіча "Чорны квадрат”. Белая прастора палатна сімвалізавала добрыя светлыя сілы, а чорная, якая запаланіла ўвесь квадрат, цёмныя сілы. Трэба адзначыць, што творчасць К.Малевіча і яго прыхільнікаў мела вялікае значэнне ў развіцці сусветнай архітэктуры, дызайну, кніжнай і прамысловай графікі.

У барацьбе з гэтымі напрамкамі мацнела рэалістычная плынь. У яе развіцці значную ролю адыграў М.Філіповіч, які працаваў у тэхніцы алейнага жывапісу і акварэлі. Ён стварыў карціны “На Купалле", "Вясковае свята”, "Стары беларус з люлькай”, “Чырвонаармейцы ў вёсцы”, "Бойка на Нямізе”, "Паўстанне К.Каліноўскага”, “1905 год у Мінску”.

3 1921 года пачалася творчая дзейнасць Івана Ахрэмчыка, які пісаў карціны на гістарычныя тэмы ("I з'езд РСДРП у Мінску”, “Падпісанне Маніфеста аб утварэнні БССР” і інш.). Плённа працавалі Н.Гаўрыленка, І.Давідовіч, Я.Красоўскі і іншыя.

3 1925 г. на Беларусі сістэматычна арганізоўваліся мастацкія выстаўкі. Галоўнай тэмай іх быў паказ рэвалюцыйнай героікі, людзей працы. Развіваўся сюжэтна-тэматычны жанр, прысвечаны гісторыка-рэвалюцыйнаму мінуламу, людзям працы. Побач з сюжэтна-тэматычным жанрам, актыўна развіваўся пейзаж, нацюрморт, партрэтны жывапіс. У гэтым жанры працавалі М.Філіповіч, Ул.Кудрэвіч, Ю.Пэн, М.Дучыц, В.Волкаў, Я.Кругер, М.Станюта, К.Касмачоў, Г.Ізэргіне, Соф'я Лі і іншыя.

Беларускія мастакі актыўна ўдзельнічалі ў распрацоўцы агітплакатаў, газетнай і часопіснай графікі, кніжнай ілюстрацыі. Яны працавалі таксама ў стылі лінагравюры, ксілаграфіі, афорта. Пашырэнне тэатральнай дзейнасці спрыяла развіццю дэкаратыўнага мастацтва. Выдатнымі мастакамі–дэкаратарамі сталі Аскар Марыкс, Леанід Нікіцін. У афармленні спектакляў яны шырока ўжывалі народнае адзенне, ткацтва, прадметы побыту, што стварала рэальную абстаноўку і набліжала артыстаў да народа.

На 30-я гады прыпаў росквіт талента Вітольда Бялыніцкага–Бірулі з аршаншчыны. Ён стварыў у гэты час такія вядомыя лірычныя пейзажы, як "Аголеныя бярозкі”, "Лёд пайшоў", "Пачатак вясны”, "Ранняя вясна".

Важнай падзеяй у культурным жыцці рэспублікі з'явілася адкрыццё ў 1939 г. Дэяржаўнай карціннай галерэі, якая сабрала вялікія каштоўнасці. Акрамя палотнаў беларускіх мастакоў, у ёй было шмат карцін майстроў рускага і заходняга жывапісу. Галерэя праводзіла вялікую работу па эстэтычнаму выхаванню працоўных, аказвала творчую дапамогу мастакам.

Аналізуючы развіццё музычнай культуры, трэба нагадаць. што поспехі ў станаўленні музычнага мастацтва былі дасягнуты ўжо ў першыя гады савецкай улады. Спачатку ў музычным жыцці пераважала творчасць харавых калектываў, створаных на самадзейнай выснове. Адначасова складваліся ўмовы і рабіліся першыя крокі да стварэння прафесіянальнага музычнага тэатра, нацыянальнай оперы. Вялікую ролю ў падрыхтоўцы прафесійных музычных кадраў, у мастацкім выхаванні працоўных адыгралі народныя кансерваторыі ў Віцебску, Гомелі, Бабруйску. Значнай з'явай стала адкрыццё Беларускага музычнага тэхнікума ў Мінску. Оперны і балетны класы, музычныя калектывы тэхнікума з´явіліся асновай Беларускай студыі оперы і балета (з 1933 г. Дзяржаўны тэатр оперы і балета), сімфанічнага аркестра Беларускага радыёцэнтра, філарманічнага аркестра народных інструментаў.

У 1932 г. арганізоўваецца Беларуская дзяржаўная кансерваторыя, хор пры радыёцэнтры, у 1937 г. адкрыта Беларуская дэяржаўная філармонія. Філармонія аб'яднала сімфанічны і народны аркестры, харавую капэлу, ансамбль беларускай народнай песні і танца, вакальны і смычковы квартэты. Беларускія цымбалісты І.Жыновіч, А.Астрамецкі, піяніст А.Клумаў і іншыя ўдзельнічалі ва Ўсесаюзных музычных конкурсах. У 1938 г. ствараецца Ансамбль песні і танца Беларускай ваеннай акругі.

Развіццю эстраднага мастацтва спрыяла стварэнне ў Беластоку Дзяржаўнага джаза БССР, мастацкім кіраўніком якога з'яўляўся Эдзі Рознер. Калектыў карыстаўся такой папулярнасцю, што з яго творчасцю азнаёміўся нават сам Сталін. Там жа ў Беластоку ў 1940 г. быў арганізаваны Беларускі ансамбль песні і танца пад кіраўніцтвам Р.Шырмы (з 1957 г. Дзяржаўная акадэмічная капэла БССР). Кампазітарскія і музычныя жанры аб'ядноўваў створаны ў 1934 г. Саюз кампазітараў.

У 20-я гады пачалася і адразу ж набыла даволі інтэнсіўны характар дзейнасць першых беларускіх савецкіх прафесійных кампазітараў (М.Чуркіна, М.Аладава, Я.Цікоцкага, Р.Пукста, А.Туранкова, М.Анца, М.Крошнера, В.Залатарова, М.Куліковіча-Шчаглова, М.Равенскага і інш..), былі закладзены асновы сімфоніі, квартэта, фартэпіяна, квінтэта, кантаты, раманса, масавай харавой песні.

Найбольш вядомымі творамі кампазітараў былі: першая беларуская рэвалюцыйная опера "Вызваленне працы” М.Чуркіна і камічная опера "Тарас на Парнасе” М.Аладава, "Міхась Падгорны" Я.Цікоцкага, "У пушчах Палесся" А.Багатырова, "Кветка шчасця" А.Туранкова і першы нацыянальны балет "Салавей" М.Крошнера. Выканаўцамі гэтых твораў былі таленавітыя майстры опернага і балетнага мастацтва Л.Александроўская, Р.Млодак, І.Балоцін і інш.

Да 1938 г. кампазітары Беларусі напісалі больш за 100 масавых песень, звыш 20 буйных сімфоній, 12 камерных твораў. Некаторыя з напісаных народных песень - "Бывайце здаровы" І.Любана, "Вечарынка ў калгасе" С.Палонскага - сталі шырока вядомымі. Добра вядомымі былі і песні "Каваль", "Рабочы палац" А.Туранкова, "Першамайскі марш" М.Чуркіна і іншыя.

Значнае месца надавалася запісу і апрацоўцы народных песень. У цэлым беларуская музычная культура пры мастацкай недасканаласці многіх твораў абапіралася на народную песеннасць, узбагачала скарбонку беларускай культуры. Многія творы 20–30-х гадоў не страцілі свайго мастацкага значэння і засталіся рэпертуарнымі і зараз.

Адначасова з музычным развівалася тэатральнае мастацтва. 3 1917 г. арганізоўваліся новыя тэатры і шматлікія гурткі, якія з пачаткам першай сусветнай вайны спынілі сваю дзейнасць. У Мінску пачало дзейнічаць Першае таварыства беларускай драмы і камедыі (арганізатар Ф.Ждановіч), якое адыграла важную ролю ў станаўленні беларускага тэатральнага мастацтва. Асабліва развіццё тэатральнага мастацтва пачалося пасля вызвалення Мінска. У 1920 г. адчыніў дзверы БДТ-1 (зараз тэатр імя Я.Купалы), БДТ-2 (пад кіраўніцтвам У.Галубка); у 1926 г. – БДТ-3 (пазней – тэатр імя Я.Коласа ў Віцебску). У трупы гэтых тэатраў увайшлі найбольш таленавітыя прадстаўнікі нацыянальнай сцэны, якія і вызначылі яе развіццё. Гэта В.Галіна, Г.Глебаў, Г.Грыгоніс, К.Міронава, Б.Платонаў, Л.Ржэцкая, Ул.Уладамірскі, А.Ільінскі, П.Маўчанаў, К.Саннікаў, С.Станюта і інш.

У сувязі з культурным патрабаваннем вёскі ў сярэдзіне 30-х гадоў узніклі і дзейнічалі вандроўныя калгасна-саўгасныя тэатры. У 1938 г. іх працавала 8 (у Гомелі, Бабруйску, Барысаве, Слуцку, Полацку, Рагачове, Мазыры, Лепелі). Аб прафесійным узроўні гэтых творчых калектываў сведчыць той факт, што на базе Мазырскага тэатра быў створаны Палескі абласны тэатр, а на базе Барысаўскага ў 1939 г. – Пінскі абласны драмтэатр. 3 развіццём тэатраў расла і колькасць наведвальнікаў. Напрыклад, калі ў 1937 г. іх наведалі 999,4 тыс.чалавек, то ў 1939 г. – 1518 тысяч.

Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР там разгарнулася праца па стварэнню тэатраў. На пачатку 1941 г. у Беластоку працавалі беларускі і польскі драмтэатры, у Брэсце – рускі і яўрэйскі, у Гародні – рускі драматычны і лялечны, у Вілейцы, Баранавічах і Пінску – беларускія драмтэатры.

3 пачатку свайго існавання беларускі савецкі тэатр звяртаўся да твораў, прысвечаных гістарычнаму мінуламу, разнастайным праблемам сучаснага жыцця. Гэта спектаклі – “На купалле" М.Чарота, "Машэка”, "Кастусь Каліноўскі", "Перамога" Я.Міровіча, "Бязвінная кроў", "Ганжа” У.Галубка.

У сярэдзіне 30-х гадоў беларускія тэатры ўступілі ў пару сваёй сталасці. Важнае значэнне ў гэтым мела засваенне сістэмы Станіслаўскага, творчай практыкі МХАТа. Вядучыя тэатры рэспублікі ўзбагачалі рэпертуары творамі беларускіх аўтараў, лепшымі ўзорамі рускай і замежнай класікі. Выкарыстоўвалася драматургія В.Дуніна-Марцінкевіча ("Пінская шляхта"), Я.Купалы ("Прымакі", "Паўлінка"), З.Бядулі ("Салавей"), А.Астроўскага ("Беспасажніца") ("Ваўкі і авечкі"), І.В.Шылера ("Каварства і каханне").

Разам з развіццём тэатральнага мастацтва пасля 1917 г. пачынаецца станаўленне беларускай савецкай літаратуры. У тых ці іншых формах яна існавала ўжо ў перыяд грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі. Так, у гэты час пісаў вершы-заклікі Я.Купала, працаваў над патрыятычнымі вершамі Я.Колас, у газеце "Дзянніца” друкаваў свае творы Ц.Гартны. Пачалі пісаць 3. Бядуля, М.Чарот.

У пачатку 20-х гадоў беларуская літаратура вызначаецца бурным развіццём і ўздымам. Значную ролю ў гэтым адыграла газета "Савецкая Беларусь", якая пачала выдавацца з ліпеня 1920 г. Яна друкавала творы М.Чарота, К.Крапівы, К.Чорнага, М.Лынькова, М.Зарэцкага, В.Каваля, А.Звонака.

Выданнем беларускай літаратуры актыўна займалася заснаванае ў 1922 г. выдавецтва "Адраджэнне", часопісы "Маладняк” (1923–1932 гады), "Узвышша" (1927–1933 гады). Літаратурныя творы друкаваліся ў 25 газетах і 15 часопісах.

У 20 – 30-я гады ў беларускую літаратуру ўвайшлі новыя людзі: М.Чарот, У.Дубоўка, А.Дудар, У.Хадыка, М.Лужанін, А.Куляшоў, А. Бабарэка, А.Вольны, Я.Пушча, А.Аляксандровіч і іншыя. Гэтыя пісьменнікі і паэты аб'ядналіся ў арганізацыю "Маладняк". Мэта іх арганізацыі – стварэнне новага рэвалюцыйнага мастацтва. Але пры ажыццяўленні гэтай мары маладнякоўцы часта дапускалі памылкі ў адносінах да культурнай спадчыны, недастаткова ўвагі надавалі мастацкай вартасці твораў, былі вельмі ідэалагізаваны, палітызаваны. У 1928 г. "Маладняк" быў ператвораны ў Беларускую асацыяцыю пралетарскіх пісьменнікаў, якая была ліквідавана ў 1932 годзе.

Істотны ўклад у тагачаснае літаратурнае жыццё ўнеслі пісьменніцкае аб'яднанне "Узвышша” і згуртаванне "Полымя".

У пачатку 30-х гадоў у літаратурным жыцці БССР адбыліся сур'ёзныя змены. Пастановай ЦК УКП(б) ад 23 красавіка 1932 г. "Аб перабудове літаратурна-мастацкіх арганізацый" усе літаратурныя структуры ліквідаваліся і стваралася адна – Саюз савецкіх пісьменнікаў. Ён праводзіў лінію партыйнасці ў мастацкай творчасці, якая выражалася ў метадзе сацыялістычнага рэалізму. Гэты метад у якасці асноўнага зацвердзіў і Першы з'езд пісьменнікаў Беларусі, які адбыўся ў чэрвені 1934 года.

Лагічным вынікам правядзення метаду сацыялістычнага рэалізму з'явілася ідэалагізацыя рэвалюцыйных падзей і існуючага ў краіне грамадскага ладу. Наперакор праўдзе, савецкі чалавек стаў прадстаўляцца як творца і гаспадар новага жыцця. Пра гэта сведчаць многія літаратурныя творы, хоць часам і напісаныя на высокім мастацкім узроўні. Гэта творы А.Александровіча, С.Грахоўскага, Э.Самуйлёнка, М..Скрыгана, М.Хведаровіча і іншых. Аповесць П.Галавача "Спалох на загонах", напрыклад, якая рэкламавалася як выдатная літаратурная з'ява, сваім зместам апраўдвала формы і сродкі, з дапамогай якіх праводзілася масавае рассяляньванне краіны.

Метад сацыялістычнага рэалізму стаў выкарыстоўвацца для таго, каб сканцэнтраваць увагу на распачатых пераўтварэннях і адцягнуць народ ад цяжкасцей, пралікаў і злачынстваў кіраўніцтва. Услаўленне дасягненняў павінна было адвесці цені ад лідэраў, прыкрыць негатыўнае. На справе метад у многім стаў сродкам замазвання, прыхарошвання недахопаў, ідэалагічнай апрацоўкі мас, што савецкі лад–самы справядлівы і адзіна магчымы.

Укараненне метаду значна адбілася на стане літаратуры, усяго мастацтва. Героі сталі рэзка падзяляцца на станоўчых і адмоўных. 3 літаратуры знікаюць персанажы гультаёў, п'яніц. Творы становяцца маралізатарскімі.

Са стварэннем саюза пісьменнікаў над усімі творчымі дзеячамі усталёўваецца жорсткі ідэалагічны кантроль, цэнзура. Вялікая роля ў гэтым кантролі адводзілася створанаму галоўнаму ўпраўленню па справах літаратуры і выдавецтваў - Галоўліту.

20–30-я гады з´яўляюцца перыядам развіцця беларускай паэзіі (тут працавалі – Я.Колас, Я.Купала, Ц.Гартны, А.Гурло, К.Крапіва, К.Губарэвіч, А.Дудар, П.Глебка, П.Трус, М.Лужанін і іншыя); прозы – Я.Колас, М.Лынькоў, З.Бядуля і інш.; рамана – Я.Колас "На ростанях", "У палескай глушы”, “У глыбіні Палесся", Ц.Гартны –“Сокі цаліны", Я.Нёманскі – "Драпежнікі", Я.Мурашка – “Сын", З.Бядуля – "Язэп Крушынскі", М.Зарэцкі – “Сцежкі-дарожкі".

Ствараецца беларуская драматургія (драма і камедыя). На гэтай глебе працавалі Я.Купала, Л.Радзевіч, М.Чарот, Я.Міровіч, К.Чорны, К.Крапіва і іншыя.

У 1920 годзе на экраны выйшаў першы беларускі мастацкі кінафільм "Лясная быль" (рэжысёр Ю.Тарыч), прысвечаны барацьбе партызан у 20-я гады. Ю.Тарыч у І930 г. стварыў і першую беларускую гукавую стужку "Пераварот". Ён жа зняў і такія карціны, як “Да заўтра", “Джэнтэльмен і певень", "У вялікім горадзе", "Песня вясны". Вядомымі режысёрамі сталі Уладзімір Гардзін (фільм "Кастусь Каліноўскі"), Ул.Корш-Саблін (фільм "У агні народжаная" і інш.). На беларускай кінастудыі сваю творчую дзейнасць пачыналі кампазітары І.Дунаеўскі, А.Туранкоў, акцёры – Л.Кіт, М.Чаркасаў, М.Сіманаў.

20-я – 30-я гады былі часам стварэння беларускага радыё, друку, навукі. Беларускія вучоныя – акадэмік Ц.Бурцін займаўся праблемамі адноснасці і праводзіў даследванні па пытаннях дыферэнцыяльных ураўненняў; акадэмік І.Некрашэвіч, Б.Сняткоў даследвалі праблемы радыёфізікі і электронікі; акадэмік А.Кайгародаў стварыў беларускую геафізічную абсерваторыю; акадэмік М.Прыляжаеў адкрыў рэакцыю, пры дапамозе якой ствараліся новыя класы арганічных злучэнняў (альдэгіды, кіслоты і інш); акадэмік Б. Ерафееў заклаў асновы тапакінематыкі і г.д.
ІУ. Разглядаючы пытанне развіцця культуры ў Заходняй Беларусі трэба ведаць, што, нягледзячы на крайне абмежаваныя магчымасці, культурнае жыццё ў Заходняй Беларусі не замірала. Тут пэўнае развіццё атрымала беларуская літаратура, жывапіс, народная творчасць. Яшчэ ў 20-я гады на хвалі ўздыму рэвалюцыйна–дэмакратычнага вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі з народных глыбінь выйшла прагрэсіўная беларуская літаратура. У перыядычных выданнях пачалі друкавацца творы М.Васілька, А.Салагуба, П.Пестрака, М.Машары, В.Таўлая, М.Засіма і іншых. У гэты ж час выявіўся паэтычны талент Максіма Танка. Яго першы зборнік вершаў "На этапах" (1936 год) адразу звярнуў увагу літаратурных і грамадскіх колаў. У 1937 – 1938 гг. выходзяць новыя паэтычныя зборнікі пісьменнікаў. Добра вядомымі сталі паэмы М.Танка "Журавінавы цвет", "Нарач", “Каліноўскі”.

Працавалі ў Заходняй Беларусі выдатныя публіцысты – А.Альшэўскі, Я.Міско, В.Харужая; навукоўцы – Б.Тарашкевіч, С.Рак-Міхайлоўскі, І.Дварчанін. З ёй звязана творчасць У.Жылкі, М.Гарэцкага, Н.Тараса, многіх іншых.

Значнай падзеяй ў культурным жыцці Заходняй Беларусі стала выданне ў 1937 годзе зборнікаў вершаў М.Васілька "3 сялянскіх ніў", М.Машары “З-пад стрэх саламяных”. Лепшым дасягненнем паэтычнага таленту В.Таўлая з´явілася яго паэма "Таварыш". У Заходняй Беларусі пачыналі сваю творчасць Я.Брыль, П.Граніт, А.Дубровіч, С.Крывец і іншыя. Чалавек працы, яго жыццё, патрэбы, барацьба за свабоду, чалавечую і нацыянальную годнасць, – знаходзіліся ў цэнтры ўвагі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў. Разам з гэтым, дзеячы беларускай культуры Заходняй Беларусі змаглі таксама стварыць распрацоўкі ў выглядзе асобных навукова-тэарэтычных і публіцыстычных прац ў галіне гісторыі, літаратуразнаўства, грамадскай думкі. У 1921 г. ў Вільні выйшла з друку “Хрэстаматыя беларускай літаратуры", якую склаў М.Гарэцкі, у 1927 г. – "Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры ад 1905 года" І.Дварчаніна. У 1926г. С.Паўловіч апублікаваў брашуру "Аб арганізацыі беларускай працоўнай школы". Культурна–асветніцкую работу ажыццяўляла створанае "Таварыства беларускай школы".

У Заходняй Беларусі пачыналі творчы шлях мастакі Я.Драздовіч, П.Сергіевіч, М.Сяўрук. Язэп Драздовіч першым у беларускім мастацтве пачаў пісаць на касмічную тэму. Ім створаны тры серыі карцін – "Жыццё на Марсе", "Жыццё на Сатурне", "Жыццё на Месяцы". Добра вядомыя карціны Пятра Сергіевіча "Студэнтка Вольга Чэрнік”, "Беларуская настаўніца", "Дзяўчынка ў сінім сарафане"; Міхася Сяўрука –"Ля студні”, "Жніво". Творчасці гэтых мастакоў уласціва глыбокая народнасць, пранікненне ў характар адлюстраванай асобы.

Працавалі ў Заходняй Беларусі кампазітары К.Галкоўскі, Л.Рагоўскі, М.Забейда–Суміцкі. Плённую працу па стварэнню народных хораў і збору беларускіх народных песень праводзілі Р.Шырма, Г. Цітовіч.

Беларускай нацыянальнай інтэлігенцыяй ствараліся гурткі мастацкай самадзейнасці, даваліся канцэрты. У рэпертуары пераважалі беларускія народныя песні, танцы. Драматычныя калектывы ставілі спектаклі “Прымакі” Я.Купалы, “Антось Лата” Я.Коласа, “Суд” У. Галубка.

3 пачатку 20-х гадоў пэўнае развіццё атрымала і адукацыя на беларускай мове. Аднак да сярэдэіны 20-х гадоў у сувязі з узмацненнем палітыкі паланізацыі амаль усе беларускія школы былі зачынены. Так, калі ў 1918–19гг. дзейнічала больш 350 такіх школ, то ў 1926 г. іх засталося ўсяго пяць. Гэта выклікала грамадскія пратэсты за аднаўленне беларускай школы. У выніку чаго ўрад Пілсудскага дазволіў адкрыць 29 беларускіх і 49 змешаных беларуска-польскіх школ, 4 гімназіі – у Вільні, Клецку, Навагрудку і Радашковічах. Аднак усе яны ў першай палове 30-х гадоў зноў былі зачынены. Недастаткова існавала і польскіх школ. Таму непісьменных сярод насельніцтва Заходняй Беларусі ва ўзросце звыш 10-ці гадоў налічвалася 43 працэнты. Вынікам недастатковага развіцця адукацыі і нацыянальнага прыгнёту з'явілася нязначная колькасць беларускай інтэлігенцыі.

У дзяржаўных установах Заходняй Беларусі не дазвалялася карыстацца беларускай мовай, беларусаў не бралі на дзяржаўную службу. Культурнае жыццё беларускага народа пастаянна абмяжоўвалася і падаўлялася. Не было беларускіх тэатраў, закрываліся нацыянальныя клубы, бібліятэкі, прагрэсіўныя газеты. Колькасць апошніх пастаянна скарачалася. Напрыклад, калі ў 1927 годзе выдавалася 27 беларускіх легальных газет, то ў 1932 г. іх засталося толькі шэсць. Толькі пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР развіццё культуры стала шматзмястоўным.


У. Беларуская культура ў 20-я – 30-я гады ХХ стагоддзя дасягнула значных поспехаў. Яны маглі б быць яшчэ большымі калі б не масавыя рэпрэсіі.

Рэпрэсіі – гэта неабгрунтаванае прыцягненне да крымінальнай адказнасці за так званыя “контррэвалюцыйныя злачынствы”. Прычыны рэпрэсій былі абумоўлены тыранічнай прыродай таталітарнага палітычнага савецкага рэжыму, які ўзяў на ўзбраенне метад дыктату, фарсіраванай індустрыялізацыі і гвалтоўнай калектывізацыі. Яны вынікалі з лозунгу “дагонім і перагонім”, сталінскага вучэння аб абвастрэнні класавай барацьбы ў перыяд будаўніцтва сацыялізма. “Рэпрэсіі ў галіне сацыялістычнага будаўніцтва, – сцвярджаў Сталін, – з’яўляюцца неабходным элементам наступлення” (Сталин И.В. Соч., т. 13, с. 41). Рэпрэсіі вынікалі і з камуністычнай ідэі інтэрнацыяналізму, сусветнай рэвалюцыі.

На Беларусі рэпрэсіі пачаліся ўжо ў першыя гады савецкай улады. З 20-х гадоў у рэспубліцы, як і ў цэлым па СССР, пачаў фарміравацца рэпрэсіўны механізм, які ўключаў заканадаўчую базу, а таксама сістэму судовых і пазасудовых органаў, папраўна – працоўных лагераў. Спачатку ў якасці метадаў рэпрэсіі выкарыстоўвалася крытыка, а потым арышты, лагеры, растрэлы.

Рэпрэсіі закранулі ўсе слаі беларускага грамадства. Да растрэлу прыгаворваліся нават дзеці з 12–гадовага ўзросту. Ужо ў 1920 годзе было арыштавана 860 членаў Беларускай партыі сацыял-рэвалюцыянераў. Арышты і пакаранні ўзмацніліся ў канцы 20-х – пачатку 30-х гадоў, калі пачалася барацьба з так званым нацыянал-дэмакратызмам. Гэтая барацьба была накіравана супраць беларусізацыі, беларускай мовы і культуры. Прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі абвінавачвалі ў тым, што яны быццам бы ставілі нацыянальныя інтарэсы вышэй за класавыя.

Кульмінацыяй распраў над інтэлігенцыяй у 1930–31 гг. стала сфабрыкаваная справа аб нацдэмаўскай контррэвалюцыйнай арганізацыі “Саюз вызвалення Беларусі”. Па ёй было арыштавана 108 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі. Сярод арыштаваных былі нарком асветы А.Баліцкі, З.Жылуновіч, прэзідэнт АН БССР У. Ігнатоўскі. Абвінавачванне ў прыналежнасці да кіраўніцтва “СВБ” было прад’яўлена Я.Купалу, Я.Коласу. Я. Купала ў знак пратэсту нават зрабіў спробу самагубства.

У 1933 г. пачалася новая хваля рэпрэсій. Людзей арыштоўвалі за ўжыванне беларускай мовы, выданне на ёй літаратуры, за працы па гісторыі, якія быццам бы не аб’ектыўна яе трактавалі. Былі арыштаваны І.Дварчанін, М.Лунін, Л.Калюта, Ю.Таўбін і іншыя. У гэтым жа годзе былі раскрыты 59 паўстанцкіх, 19 дыверсійных груп, 20 шпіёнскіх ячэек, 4 тэрарыстычныя арганізацыі.

Найбольш вялікія страты беларуская культура панесла ў 1937–1938 гадах. У гэтыя гады рэпрэсіраваны А. Дудар, М.Зарэцкі, П.Галавач, В.Вольны, В.Каваль, Т.Кляшторны, Ю.Лявонны, В.Маракоў, І. Харык і шмат іншых. Зноў згусціліся хмары над Я.Купалам і Я.Коласам. На першага было выбіта 41 паказанне, на другога – 31.

Цяжкія страты панесла тэатральнае мастацтва ( Ф.Ждановіч, М.Рафальскі, У.Галубок і інш.), навука. У 1930 годзе былі арыштаваны 33 навуковыя супрацоўнікі, 1935 – 16, 1936 – 15, 1937 – 45, 1938 – 27. Сярод арыштаваных былі прэзідэнт АН Беларусі І.Сурта, віцэ-прэзідэнт Т.Домбаль, акадэмікі Я.Афанасьеў, Б.Тарашкевіч, В.Сербента. На працягу 1930 –1938 гг. зняты з пастоў і арыштаваны 5 наркомаў асветы (ужо адзначаны А. Баліцкі, а таксама А.Пластун, А.Чарнушэвіч, А.Дзякаў, У.Півавараў). Страты панеслі кампазітары, мастакі, святары.

Рэпрэсіі падвяргалася мова, ужыванне якой скарачалі. Скарачаліся беларускамоўныя школы, народныя дамы, хаты–чытальні, змяншалася выданне беларускіх кніг і газет, справаводства пераводзілася на рускую мову, з пасад кіраўнікоў звальняліся беларусы, распускаліся беларускія краязнаўчыя арганізацыі. Нерэпрэсіраваная частка інтэлігенцыі вымушана была стаць на шлях прыстасавання да рэжыму. Прыстасаваныя павінны былі чарніць вядомых дзеячаў беларускай культуры. Паэт-дэмакрат Ф. Багушэвіч быў абвешчаны “кулацкім паэтам”. Я.Карскі –“вялікадзяржаўным чарнасоценцам”, пісьменнік М. Гарэцкі – контррэвалюцыянерам. Адмаўлялася і забаранялася ўсё тое, што было зроблена арыштаванымі. Панавалі цэнзура, стан страху.

З верасня 1939 г. рэпрэсіі закранулі і далучаную да БССР Заходнюю Беларусь. Больш як 100 тысяч жыхароў Заходняй Беларусі было дэпартавана ў Сібір, нямала расстраляна як агентаў польскай разведкі.

Усяго за перыяд 1917–1953 гг. на Беларусі было рэпрэсіравана больш 600 тысяч жыхароў рэспублікі. Толькі пісьменнікаў арыштавана 238 чалавек, якіх пасля смерці Сталіна ў жывых засталося 20 (“Звязда”, 1992, 19 сакавіка). З ліку вядомых дзеячаў беларускага нацыянальнага руху 1917–1924 гг. рэпрэсіраваны ўсе, хто застаўся жыць на тэрыторыі СССР. У 30-я гады арыштавана 26 акадэмікаў, 6 членаў-карэспандэнтаў АН БССР. Гэтыя рэпрэсіі абяскроўвалі беларускую інтэлігенцыю, падрывалі яе творчыя сілы, ламалі лёс, моцна тармазілі культурнае развіццё.

Зараз ідзе працэс рэабілітацыі тых, хто быў рэпрэсіраваны. Рэабілітавана больш за 200 тысяч жыхароў Беларусі. Гэта лічба сведчыць аб тым, што рэпрэсіі былі незаконнымі. Многія не будуць рэабілітаваны ўвогуле, бо іх сем’і знішчаны поўнасцю і зараз няма каму ўзбудзіць справу. Але, няглядзячы на вялікія страты, культура беларускага народа працягвала развівацца.

Такім чынам, культурнае жыццё ў 20-я – 30-я гады праходзіла ў складаных, часта драматычных умовах. Гэта быў час значных дасягненняў і цяжкіх страт.

1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка