Міністэрства сельскай гаспадаркі І харчавання рэспублікі беларусь




старонка7/9
Дата канвертавання01.05.2016
Памер1.71 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9

5. Афіцыйна-справавы стыль і яго характэрныя асаблівасці
Выкарыстоўваецца ў сферы ўзаемаадносін паміж установамі, арганізацыямі, краінамі, асобнымі грамадзянамі ці групамі насель-ніцтва. Інакш кажучы, гэта стыль розных дакументаў (дамоў, нот, пастаноў, інструкцый, законаў) і дзелавых папер (актаў, заяў, пратаколаў, аб’яў, распісак, даведак і г. д.).

Афіцыйна-справавы стыль мае наступныя падстылі:

заканадаўчы (канстытуцыя, законы, кодэксы);

адміністрацыйна-канцылярскі (аб’явы, загады, заявы);

дыпламатычны (камюніке, канвенцыі, дэкларацыі).

Асноўныя рысы стылю – загадны характар, строгая дакладнасць, якая не дазваляе дваякага тлумачэння, афіцыйны тон, спецыфічная стандартнасць мовы.



Прадпісальны характар дакументаў выяўляецца ў сістэме моўных сродкаў. Шырока выкарыстоўваюцца дзеясловы ў неазначальнай форме: укараняць, павысіць, развіваць. Часта пры інфінітыве ўжываюцца словы неабходна, трэба, абавязаны, забараняецца, мець права. Прадпісальнае значэнне заканадаўчых тэкстаў часта перадаецца дзесловамі цяперашняга часу. У пераважнай большасці дакументаў прававыя нормы, прадпісанні ідуць ад асобы абагульненай, ад імя дзяржавы. Гэта значыць, афіцыйна-справавому стылю ўласцівы неасабовы характар выказвання, таму дзеясловы звычайна не ўжываюцца ў форме першай асобы, за выключэннем загадаў, заяў, дакладных. Дакладнасць заканадаўчага тэксту забяспечваецца перш за ўсё ўжываннем спецыяльных тэрмінаў: заяўнік, абвінавачаны, адказчык, кватэранаймальнік, даведка, пратакол, парадак дня, пастанова, рэзалюцыя. Афіцыйна-справавы стыль адметны вялікай колькасцю стандартных сродкаў – канцылярскіх штампаў. Штампы – гэта ўстойлівыя звароты, якія паўтараюцца пры апісанні аднолькавых сітуацый, абазначэнні пашыраных паняццяў: дагаворныя бакі, прыцягнуць да адказнасці, даводжу да ведама, перадаць у адпаведныя інстанцыі, узяць на кантроль, за справаздачны перыяд і г. д. Карыс-танне ўстойлівымі выразамі палягчае зносіны ў прававой і адміністрацыйнай сферы. Аднак яны не павінны дапускацца ў гутарку або мову газет, бо іх ужыванне зніжае культуру вуснага і пісьмовага маўлення. У афіцыйна-справавым стылі таксама выкарыстоўваюцца агульныя гатовыя, традыцыйна-замацаваныя формы падачы матэрыялу (усе заявы, аб’явы, аўтабіграфіі, пастановы і г. д. пішуцца па вызначанай форме).
1. Шлюб, сям’я, мацярынства, бацькоўства і дзяцінства знаходзяцца пад абаронай дзяржавы.

Жанчына і мужчына пасля дасягнення шлюбнага ўзросту маюць права на добраахвотнай аснове ўступіць у шлюб і стварыць сям’ю. Муж і жонка раўнапраўныя ў сямейных адносінах.

Бацькі або асобы, якія іх замяняюць, маюць права і абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца аб іх здароўі, развіцці і навучанні. Дзіця не павінна падвяргацца жорсткаму абыходжанню або знявазе, прыцягвацца да работ, якія могуць нанесці шкоду яго фізічнаму, разумоваму або маральнаму развіццю. Дзеці абавязаны клапаціцца пра бацькоў, а таксама пра асоб, якія іх замяняюць, і аказваць ім дапамогу.

Дзеці могуць быць аддзелены ад сваёй сям’і супраць волі бацькоў і іншых асоб, якія іх замяняюць, толькі на падставе рашэння суда, калі бацькі або іншыя асобы, якія іх замяняюць, не выконваюць сваіх абавязкаў.

Жанчынам забяспечваецца прадастаўленне роўных з мужчынамі магчымасцей у атрыманні адукацыі і прафесійнай падрыхтоўцы, у працы і вылучэнні па службе (рабоце), у грамадска-палітычнай, культурнай і іншых сферах дзейнасці, а таксама стварэнне ўмоў для аховы іх працы, іх здароўя.

Моладзі гарантуецца права на яе духоўнае, маральнае і фізічнае развіццё.

Дзяржава стварае неабходныя ўмовы для свабоднага і эфектыўнага ўдзелу моладзі ў палітычным, сацыяльным, эканамічным і культурным развіцці.
2. Наймальнік жылога памяшкання абавязаны ўносіць плату за карыстанне жылым памяшканнем і камунальныя паслугі за кожны месяц не пазней чым пятнаццатага чысла наступнага за ім месяца.

Плата за карыстанне жылым памяшканнем бярэцца зыходзячы з агульнай плошчы займанага жылога памяшкання і з улікам стаўкі платы за карыстанне жылым памяшканнем, якая вызначаецца заканадаўствам Рэспублікі Беларусь.

У кватэрах, заселеных некалькімі наймальнікамі, памер агульнай плошчы, якая даводзіцца на кожнага наймальніка і членаў яго сям’і, вызначаецца як сума займанай імі жылой плошчы дапаможных памяшканняў, налічанай прапарцыянальна агульнай плошчы жылога памяшкання.

У адзінарным памеры аплочваецца карыстанне жылым памяшканнем у межах максімальнай нормы прадастаўлення агульнай плошчы жылога памяшкання сацыяльнага карыстання з улікам колькасці членаў сям’і і наймальніка, у тым ліку і тых, якія захоўваюць права карыстання жылым памяшканнем. Такім жа чынам аплочваецца і лішняя плошча, калі яе памеры не перавышаюць на ўсю сям’ю паловы максімальнай нормы прадастаўлення агульнай плошчы жылога памяшкання сацыяльнага карыстання, якая дазваляецца на аднаго чалавека. Карыстанне аднапакаёвай кватэрай незалежна ад яе памеру аплочваецца ў адзінарным памеры. Плата за карыстанне жылым памяшканнем астатняй (лішняй) плошчы бярэцца ў павышаным памеры, які вызначае Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь.
6. Публіцыстычны стыль і яго асноўныя асаблівасці
Публіцыстычны (публіцыстычна-прамоўніцкі) стыль выкары-стоўваецца ў грамадска-палітычнай літаратуры, перыядычным друку, палітычных выступленнях, прамовах на сходах, мітынгах, у мове радыё і тэлебачання.

Прызначэнне публіцыстыкі – паведамляць навіны штодзённага жыцця, культуры, навукі, растлумачваць грамадска-палітычныя пытанні. Для публіцыстыкі характэрным з’яўляецца адзінства дзвюх асноўных функцый – інфармацыйна-зместавай і ўздзеяння. Адсюль і сумяшчэнне ў адным тэксце кніжных і гутарковых элементаў, спалучэнне стандартных і экспрэсіўных сродкаў: з аднаго боку, выкарыстанне грамадска-палітычнай тэрміналогіі, з другога боку – моўных сродкаў для выказвання настрою, пачуццяў, у прыватнасці эмацыянальна-экспрэсіўнай лексікі. У публіцыстычным творы арганічна спалучаюцца лагічна-абстрактная, або навуковая, і эмацыянальна-вобразная, або мастацкая, формы адлюстравання рэчаіснасці.

У публіцыстыцы мастацкія сродкі выкарыстоўваюцца з мэтай звярнуць увагу на пэўную думку, праблему, сацыяльную з’яву і г. д.

Асноўныя рысы стылю – агульнадаступнасць, лагічнасць, вобразнасць, эмацыянальнасць.

У газетах мы сустракаем розныя матэрыялы (карэспандэнцыі, дзяржаўныя акты, законы, інфармацыю з розных галін навукі і тэхнікі, каментарыі падзей і г. д.). У залежнасці ад тэмы і мэты паведамлення публіцыстычны тэкст можа характарызавацца пэўнай колькасцю стылёвых і лінгвістычных прымет афіцыйнага, навуковага ці мастацкага стыляў. Напрыклад, паведамленне інфармацыйнага агенцтва пра даследаванне каметы Галея сваёй тэрміналагічнай дакладнасцю, аб’ектыўнасцю, кніжнай афарбоўкай блізкае да навуковай мовы:

Аўтаматычная станцыя “Вега-1”, палёт якой ажыццяўляецца ў рамках мнагамэтавага міжнароднага праекта “Венера – камета Галея”, паспяхова выканала праграму даследаванняў каметы Галея.

Пры праходжанні станцыі “Вега-1” паблізу ядра каметы з адноснай скорасцю каля 80 кіламетраў у секунду быў ажыццёўлены трохгадзінны сеанс навуковых вымярэнняў і здымак. У сеансах сувязі на Зямлю перададзена больш як 500 тэлевізійных здымкаў, знятых праз розныя святлафільтры, што дазволіла атрымаць каляровыя адлюстраванні каметы і яе ядра” (“Звязда”).

Гэты тэкст вызначаецца навуковай строгасцю і інфармацыйнасцю, адсутнасцю суб’ектыўнай ацэнкі, сродкаў вобразнасці і эмацыя-нальнасці.

Публіцыстычныя артыкулы, радыё- і тэлеперадачы на грамадска-палітычныя тэмы адрасуюцца масаваму чытачу, слухачу, а таму іх мова павінна быць даступнай, дакладнай і выразнай. Дасягнуць гэтых камунікатыўных якасцей тэксту дазваляе выкарыстанне стылістычных рэсурсаў усіх разнавіднасцей літаратурнай мовы і народных гаворак. Аднак публіцыстыка мае і свае моўныя сродкі. Гэта адметная лексіка (ажыццявіць, здзейсніць, працаўнік, першапраходца, пачын, ініцыятыва, ініцыятар, архіважна, архіскладана). Газета выпрацоўвае і пашырае сваю фразеалогію – перыфразы і іншыя ўстойлівыя выразы (дабрачынная акцыя, гуманітарная дапамога, сацыяльная абароненасць насельніцтва, далёкае замежжа, гарачыя кропкі, стварэнне прававой дзяржавы). Даміноўнай у публіцыстыцы з’яўляецца ацэначнасць, бо адна з задач публіцыстычнага твора – уздзейнічаць на масы, сфарміраваць пэўныя адносіны да таго, пра што гаворыцца. Яна ўключае ў сябе эмацыянальнасць, экспрэсіўнасць і ўсе іншыя віды афарбоўкі, уласцівыя амаль для ўсіх стыляў і жанраў.

Ацэначнасць праяўляецца не толькі ў лексіцы, але і ў сінтаксісе. Значнымі экспрэсіўнымі магчымасцямі валодае інверсія, заснаваная на парушэнні нейтральнага парадку слоў у структуры сказа. Экспрэсіўна-выдзяляльную функцыю могуць мець пабочныя канструкцыі, якія суправаджаюць роздум аўтара, запрашаюць да ўзаемных разваг і тым самым ствараюць даверлівую танальнасць выказвання. Эмацыянальна-экспрэсіўны характар выказванню надаюць і паўторы, рытарычныя пытанні, пабуджальныя і клічныя сказы, расчлянёныя сказы, антытэза, далучэнне, у тым ліку парцэляцыя – сэнсавае і стылістычнае выдзяленне слова ці часткі сказа ў асобны сказ.

Сродкамі актывізацыі ўвагі чытача, слухача, сродкам стварэння вобразнасці і эмацыянальнасці маўлення выступаюць фразеалагізмы, крылатыя словы, прыказкі і прымаўкі. Гэтыя моўныя адзінкі бяруцца як назвы артыкулаў, нататкаў: Куды ні кінь – усюды клін; Спяць у шапку; Хто не сее, той і не вее.

1. Часам можна пачуць разважанні або нават спрэчкі: як разумець слова Радзіма, што гэта такое для чалавека – Радзіма? Ці гэта ўся неабсяжная краіна, ад акіяна да акіяна, ад мяжы да мяжы, ці тая вёска, дзе рачулка між вербалозаў падбягала да тваіх ног у маленстве, ці, можа, нават хаціна з чатырох сцен, дзе маці гушкала на руках.



Дык вось, калі падумаеш глыбей, прыгледзішся больш уважліва і пільна, дык аказваецца, што Радзіма – гэта і тыя добрыя людзі, з якімі ты ступіў у жыццё, якія заўсёды гатовы прыйсці табе на дапамогу і дзеля якіх сам ты гатовы на ўсё самае слаўнае і выдатнае і на ўсё самае скрушнае і цяжкае, нават на смерць.

Радзіма – гэта і сонца ў цябе над галавою, і паветра, якім дыхаеш, гэта і вернасць твайго сябра, і мова, якую даў табе народ, і песня, што засталася ад прадзедаў, і легенда заўтрашняга твайго дня, і гераічная слава бацькоў, і тая сонечная дарога, якой сёння ты ідзеш горда ў сваю будучыню. І вось чаму кожны чалавек без сваёй Радзімы – нішто, без Радзімы няма чалавека, няма жыцця, і вось чаму так радасна б’ецца ў кожнага сэрца, калі ён чуе пра славу і поспехі свайго роднага краю, пра шчасце і новыя ўзлёты дарагіх і знаёмых людзей.

Як прыемна, дзе б ні быў, пачуць знаёмую назву, знаёмае імя, знаёмае прозвішча! Як прыемна і радасна ведаць, што дарагая твая мясціна з гадамі пахарашэла і папрыгажэла, зазвінела новымі галасамі і песнямі.
7. Характарыстыка мастацкага стылю
Мастацкі стыль займае асобнае месца ў мове. Выкарыстоўваецца ў эстэтычнай сферы зносін, абслугоўвае патрэбы духоўнага жыцця грамадства. Гэтым стылем пішуцца літаратурныя творы розных жанраў: апавяданні, аповесці, раманы, вершы, паэмы, п’есы. Асноўная яго функцыя – эстэтычнае ўздзеянне на чытача і слухача праз мастацкія вобразы.

Разнастайная інфармацыя, суб’ектыўнасць паняццяў, унутраная іманентная логіка вымагаюць дасканалага і ў той жа час разнастайнага выбару моўных сродкаў, а таксама актыўнага ўзаемадзеяння такіх спецыфічных асаблівасцей мовы, як полісемія, сінанімія, перанос значэння і г. д.

У мастацкім стылі ўжываюцца ўсе пласты лексікі з яе прамымі і пераноснымі значэннямі, экспрэсіўна-эмацыянальнымі афарбоўкамі, усе сродкі граматыкі і асабліва сінтаксісу, багатая фразеалогія беларускай літаратурнай мовы і нават розныя нелітаратурныя моўныя адзінкі (дыялектызмы, жарганізмы і інш.) эстэтычна матываваныя і індывідуальна рэалізаваныя.

Гэты стыль вызначаецца вобразнасцю, эмацыянальнасцю, экспрэсіўнасцю і выразнасцю, сродкі выражэння якіх самыя разнастай-ныя.

Праілюструем сказанае ўрыўкам з мастацкага твора.

Дзень быў лагодны, ціхі. Сонца ўжо даўно мінула поўдзень. Прыпарвала. На далёкім захадзе, з-за зубчастых пералескаў, выплывалі, як мядзяныя горы, клубястыя хмары, пафарбаваныя сонцам у чырванаваты колер. Як прыгожа і велічна выступалі яны над краем зямлі, уздымаючыся ўсё вышэй і вышэй! У іх звілістых клубках, у невыразных абрысах таілася магутная сіла зямлі і сонца, гатовая рушыць на мірныя нівы, лясы і даліны стрэлы маланак і рэкі дажджу. Зрэдку павяваўшы ветрык зусім супакоіўся. Настала вялікая цішыня. Быў нават нейкі неакрэслены страх у гэтай нязвыклай цішыні. (Паводле Я. Коласа).
Літаратура
1. Зразікава, В. А. Беларуская мова. Эканамічная лексіка: вучэб. дапам. / В. А. Зразікава, А. В. Губкіна. – 2-е выд., дап. і перапрац. – Мінск: Изд-во Гревцова, 2010. – 216 с.

2. Каўрус, А. А. Дакумент па-беларуску. Справаводства. Бухгалтэ-рыя. Рыначная эканоміка / А. А. Каўрус. – Мінск: Беларусь, 1994. – 160 с.

3. Ляшчынская, В. А. Беларуская мова. Тэрміналагічная лексіка: Вучэб. дапам. / В. А. Ляшчынская. – Мінск: РІВШ БДУ, 2001. – 256 с.

4. Ляшчынская, В. А. Студэнту аб мове: прафесійная лексіка: Вучэб. дапам. для студэнтаў ВНУ / В. А. Ляшчынская. – Мінск: УП “ІВЦ Мінфіна”, 2003. – 243 с.

5. Цікоцкі, М. Я. Стылістыка беларускай мовы / М. Я. Цікоцкі.– Мінск: Універсітэцкае, 1995. – 294 с.


Лекцыя VІ. НАВУКОВЫ СТЫЛЬ БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ
План
1. Навуковы стыль і яго разнавіднасці.

2. Асноўныя рысы навуковага стылю.

3. Лексічны склад навуковага стылю:

а) агульнанавуковая лексіка;

б) асаблівасці тэрмінаў, спосабы іх словаўтварэння;

в) словы-арганізатары навуковай думкі.

4. Марфалагічныя і сінтаксічныя асаблівасці навуковых тэкстаў.

5. Жанры навуковага стылю. Кампазіцыйна-структурная арганіза-цыя навуковага тэксту.


1. Навуковы стыль і яго разнавіднасці
У кожнай нацыянальнай мове на працягу яе развіцця афармляюцца і замацоўваюцца грамадска ўсвядомленыя нормы ўжывання моўных сродкаў з улікам сацыяльных абставін, формы зносін (вуснай ці пісьмовай, дыялагічнай ці маналагічнай), зместу маўлення, мэт і задач выказвання. Гэтыя нормы з’яўляюцца асновай для вылучэння функцыянальных стыляў мовы. Такім чынам, “функцыянальны стыль мовы – гэта грамадска ўсвядомленая, унутрана аб’яднаная спецыфічная сістэма моўных сродкаў, якая абумоўлена мэтамі і прынцыпамі адбору гэтых сродкаў у той ці іншай сферы грамадскай дзейнасці (навуковай, дзелавой, публіцыстычнай і г. д.) і найлепшым чынам абслугоўвае зносіны ў гэтай сферы” (Цікоцкі, с. 243).

Навуковы стыль – паняцце даволі шырокае. Ён выкарыстоўваецца ў галіне навукі, тэхнікі, адукацыі і аб’ядноўвае разнастайныя па змесце і прызначэнні віды і жанры літаратуры. Навуковыя тэксты ўяўляюць сабой манаграфіі, дысертацыі, артыкулы, даклады, тэзісы, справаздачы аб навуковай дзейнасці.



Навуковы стыль – гэта сістэма моўных сродкаў, прызначаная для перадачы і захоўвання навуковых ведаў.

Рэалізуецца навуковы стыль пераважна ў пісьмовай форме, аднак на канферэнцыях, у аўдыторыях, дыскусіях можна пачуць і вуснае навуковае маўленне.

Мэта навуковага тэксту – данесці да чытача аргументаваную інфармацыю, выкладзеную лагічна, паслядоўна, ясна, аб’ектыўна.

Як піша Р. А. Будагаў, “стыль навуковага выкладу – катэгорыя строга гістарычная. У розных краінах ён ствараўся ў розны час. Перад-умовы для яго афармлення і далейшага развіцця вызначаліся: 1) агуль-ным станам навукі і навуковых выданняў у гэтай краіне; 2) сту-пенню развіцця літаратурна апрацаванай мовы; 3) вялікімі майстрамі – пісьменнікамі і вучонымі, якія звярталіся да роднай мовы ў сваіх навуковых, гістарычных і крытычных творах”.

Асноўная функцыя навуковага тэксту – данесці да чытача пэўную навуковую інфармацыю, а таксама аргументаваць вывады, даказаць навізну і каштоўнасць навуковых ідэй. Спецыфіка дадзенай функцыі вызначае і асноўныя рысы навуковага стылю: лагічнасць, яснасць, дакладнасць, аб’ектыўнасць, доказнасць, абстрагаванасць навуковага маўлення.

Сфера прымянення навуковага стылю вельмі шырокая. Гэта адзін са стыляў, які мае моцны і рознабаковы ўплыў на літаратурную мову. Шырокае і інтэнсіўнае развіццё навуковага стылю прывяло да фарміравання ў яго межах наступных разнавіднасцей (падстыляў): 1) уласна навуковага; 2) вучэбна-навуковага; 3) навукова-інфарма-тыўнага; 4) навукова-даведачнага; 5) навукова-папулярнага. Кожнаму падстылю ўласцівы свае жанры і індывідуальна-стылёвыя рысы.


2. Асноўныя рысы навуковага стылю
Сфера навуковага мыслення вызначаецца імкненнем да найбольш дакладнага, лагічнага, абстрагаванага выражэння думак, якія размяшчаюцца ў строгай паслядоўнасці.

Агульнымі рысамі навуковага стылю з’яўляюцца:

навуковая тэматыка тэкстаў;

лагічнасць выкладання матэрыялу – калі выконваюцца законы логікі ў перадачы зместу, інфармацыя падаецца ў пэўнай паслядоўнасці, згодна з планам, несупярэчліва, з выкарыстаннем спецыяльных сінтаксічных сродкаў міжфразавай сувязі;

дакладнасць выкладання дасягаецца выкарыстаннем адна-значных навуковых сродкаў, спецыяльных слоў, тэрмінаў;

доказнасць выкладання матэрыялу – калі прыводзяцца прыкла-ды, аргументы, вынікі эксперыментаў на карысць разглядаемых палажэнняў;

аб’ектыўнасць выкладання праяўляецца ў разглядзе праблемы з розных пунктаў гледжання, у адсутнасці суб’ектыўных падыходаў, эмацыянальных ацэнак, што патрабуе строгасці і дакладнасці моўных сродкаў;

насычанасць фактычнай інфармацыяй, статыстычнымі дадзе-нымі, наяўнасць графікаў, формул, табліц і г. д.;

абагульненасць, абстрактнасць выкладання навуковых тэкстаў праяўляецца ў адборы лексічных сродкаў і асаблівых сінтаксічных канструкцый, якія надаюць тэксту адназначнасць і навуковую дакладнасць.

Лагічнасць забяспечвае несупярэчлівасць навуковай аргументацыі, якая адлюстроўвае развіццё думкі ад прыватнага да агульнага, атрыманне ведаў, якія вынікаюць са зместу маўлення. Яснасць забяспечвае паслядоўнасць выкладу навуковых фактаў. Дакладнасць вызначае адназначнае разуменне навуковага тэксту, адсутнасць сэнсавых разыходжанняў паміж словам і абазначаным ім паняццем. Таму ва ўласна навуковых тэкстах вельмі рэдка выкарыстоўваюцца вобразныя, экспрэсіўныя сродкі, лексічныя адзінкі ўжываюцца пераважна ў прамым значэнні. Адназначнасці тэксту садзейнічае таксама тэрміналагічная лексіка.

Усе вышэйназваныя асаблівасці навуковага стылю можна прадставіць у наступнай схеме:


Сфера выкарыстання

Мэта выкары-стання

Асноўныя стылёвыя рысы

Характэрныя моўныя сродкі

Навука, аду-кацыя, тэхніка, вытворчасць

(падручнікі, навуковыя арты-кулы, слоўнікі, даклады, рэфе-раты і г. д.)



Перадача навуковай інфармацыі, дакладных звестак аб прадметах і з’явах.

1. Лагічнасць, даклад-насць.

2. Аб’ектыўнасць, абагульненасць, аб-страктнасць.

3. Доказнасць, аргу-ментаванасць, яснасць і г.д.

4. Адносіны да з’яў і падзей не выражаны (адсутнасць эмацыянальна-экспрэ-

сіўных сродкаў), стро- гасць выкладу.

5. Наяўнасць спецы-фічных моўных сродкаў.



Агульнаўжы-вальныя словы, абстрактная лексіка. тэрміны, прафесіяналізмы; аддзеяслоўныя назоўнікі, дзея-словы з няпэўна-асабовым значэ-ннем; “мы-аўтарскае”; канструкцыі са злучнікамі і злучальнымі словамі; безасабовыя сказы і г. д.

Спосаб выкладання матэрыялу ў навуковай літаратуры – фармальна-лагічны (калектыўны). Навуковае выкладанне пабудавана з разважанняў, мэта якіх – доказ або абвяржэнне гіпотэз, ідэй, што выяўлены ў выніку навуковых доследаў. Для таго каб разважанне было пераканаўчым, думкі павінны выкладацца ў такой паслядоўнасці, пры якой адно палажэнне выцякала б з папярэдняга і рыхтавала да ўспрымання, разумення наступнага. Навуковае выкладанне матэрыялу разлічана на лагічнае, а не на эмацыянальнае ўспрыманне.

Навуковыя тэксты розных жанраў будуюцца па адзінай лагічнай схеме. У аснове гэтай схемы знаходзіцца галоўны тэзіс – сцвяр-джэнне, якое патрабуе абгрунтавання. Тэзіс уключае ў сябе прадмет маўлення (тое, пра што гаворыцца ў тэксце) і галоўную аналізуемую прыкмету (тое, што гаворыцца аб гэтым прадмеце). Доказамі галоўнага тэзіса з’яўляюцца аргументы – довады, якія прыводзяцца ў дапамогу доказу, колькаць аргументаў залежыць ад жанру і аб’ёму навуковага тэксту. Для больш поўнай аргументацыі тэзіса неабходны таксама ілюстрацыі – прыклады, якія пацвярджаюць тэарэтычныя палажэнні. Тэкст навуковага стылю завяршаецца высновай (рэзюмэ), дзе ўтрымліваецца аналітычная ацэнка даследавання і плануюцца далейшыя доследы.

Спосаб навуковага выкладання інфармацыі можа быць прадстаўлены ў найпрасцейшай лагічнай схеме – узоры навуковага разважання.




У с т у п.

Ф а р м у л ё ў к а праблематыкі






Т э з і с




А р г у м е н т ы



В ы с н о в а
1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка