Міністэрства сельскай гаспадаркі І харчавання рэспублікі беларусь




старонка5/9
Дата канвертавання01.05.2016
Памер1.71 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9

4. Лексіка беларускай мовы

паводле сферы ўжывання
Лексіка сучаснай беларускай мовы ў залежнасці ад сферы ўжывання падзяляецца на агульнаўжывальную і лексіку абмежаванага ўжывання.

Агульнаўжывальную лексіку складаюць словы, пашыраныя на ўсёй тэрыторыі Беларусі, у вуснай і пісьмовай формах мовы. Яны зразумелыя ўсім людзям: дрэва, вуліца, рэчка, добры, белы, ісці, пісаць, прыгожа, высока, сем і інш. Побач з агульнаўжывальнымі сустракаюцца словы, якія распаўсюджаны толькі ў асобнай мясцовасці ці сярод людзей адной прафесіі або галіны навукі. Такія словы адносяцца да лексікі абмежаванага ўжывання. Яна падзяляецца на дыялектную, спецыяльную і жаргонную.

Дыялектная лексіка. Дыялектнымі (або дыялектызмамі) лічацца словы, ужыванне якіх абмежавана пэўнай тэрыторыяй. Яны выкары-стоўваюцца ў паўночна-ўсходніх, паўднёва-заходніх і сярэднебеларус-кіх народных гаворках. Напрыклад: ясёнка ‘асенняе паліто’, шаліноўка ‘святочная хустка’, гарлянка ‘расліна, якая выкарыстоўваецца пры лячэнні захворванняў горла’, макрыца ‘пустазелле, што расце на мокрым месцы’, змануць ‘прывыкнуць’.

Спецыяльная лексіка. Да спецыяльнай лексікі адносяцца словы, што ўжываюцца прадстаўнікамі пэўнай спецыяльнасці ці галіны навукі У разрад гэтай групы лексікі абмежаванага ўжывання ўваходзяць тэрміны і прафесійныя словы (прафесіяналізмы).

Тэрміны (лац. terminus – граніца, мяжа) – афіцыйна ўзаконеныя словы, якія дакладна абазначаюць паняцці розных галін навукі, тэхнікі, вытворчасці, культуры, мастацтва. Напрыклад, у мовазнаўстве: выказнік, назоўнік, словазлучэнне; у матэматыцы: множнік, плюс, інтэграл, у батаніцы: зародак, грыбніца, суквецце, спадчыннасць. Тэрміны бываюць агульнавядомыя і вузкаспецыяльныя.

Сукупнасць тэрмінаў, якімі карыстаюцца прадстаўнікі пэўнай галіны навукі, тэхнікі, мастацтва, называюць тэрміналогіяй. Існуюць медыцынская, юрыдычная, літаратуразнаўчая, сельскагаспадарчая і іншыя тэрміналогіі.

Тэрміны знаходзяць адлюстраванне ў спецыяльных тэрміна-лагічных даведніках і слоўніках; вузкаспецыяльныя даюцца са стылістычнымі паметамі (заал., тэхн. і інш.).

Прафесіяналізмыгэта словы, пашыраныя пераважна ў вуснай мове прадстаўнікоў пэўнай прафесіі або спецыяльнасці. Яны называюць адпаведныя прылады працы, дзеянні, з’явы і г. д. Напрыклад, у вуснай мове друкароў ужываюцца прафесіяналізмы барабан ‘частка друкарскай машыны’, вальцы ‘цыліндрычныя валкі ў друкарскай машыне’, талер ‘рухомая металічная пліта ў друкарскай машыне, на якой замацоўваецца набор’, пальцы ‘частка друкарскай машыны, якая прымае надрукаваныя аркушы’. Маракі і партовыя грузчыкі ўжываюць словы-каманды віра ‘падымай!’, ‘уверх!’, майна ‘апускай!’, ‘уніз!’ і інш.

Прафесіяналізмы знаходзяцца па-за межамі лексікі беларускай літаратурнай мовы; іх значэнні не ўключаны ў слоўнікі. Але прафесіяналізмы выкарыстоўваюцца пісьменнікамі і паэтамі для стварэння праўдзівага мастацкага кантэксту: Прылады простыя, але бярог Лукаш і стрэльбіну сваю, і рог, і торбу паляўнічую, у якой чаго, чаго там толькі не было! Прынадаў розных на звяроў, сілкоў, гаючых траў з усіх лясоў, балот, якіх, бадай, і ў лекараў няма, і вабікаў на птушак. (М. Т.) Многа рэек пасцёрлася за доўгія гады, пагнуліся кастылі, тысячы буксаў перагарэлі, паз’езджаны сотні паравозаў, а чалавечае жыццёкрэмень: ні яму сонца, ні вятры, ні завеі. (Лыньк.)



Жаргонную лексіку складаюць жаргоны (франц. jargon – умоўная гаворка), да якіх адносіцца сукупнасць слоў, зразумелых толькі людзям аднолькавых ці блізкіх сацыяльных, прафесійных або бытавых інтарэсаў. Такія словы выкарыстоўваюцца замест агульнаўжывальных пераважна ў вуснай мове злачынцаў, салдат, студэнтаў, вучняў і іншых груп людзей. Напрыклад: пахан, папаня ‘неафіцыйны лідар сярод турэмшчыкаў’, дзед ‘салдат апошняга году службы ва ўзброеных сілах’, пара ‘двойка’ і пара ‘дзве гадзіны заняткаў’, здуць ‘перапісаць заданне з чужой работы’, зрэзацца ‘не вытрымаць экзамену, заліку’.

Жаргонныя словы робяць літаратурную мову незразумелай, непрыгожай, таму іх трэба пазбягаць. Аднак яны могуць уводзіцца пісьменнікам у мастацкі тэкст (кантэкст) для характарыстыкі дзеючых асоб або таго асяроддзя, у якім знаходзяцца героі: За вочы быў Мядзведзь. У вочыАндрэй Андрэевіч, Атаман, бацька, папаня. (Лыньк.) Як спуджаны верабей, кідаўся каторы філон на другі канец барака, зашываўся на нары, і чуваць было, як сапеў ён з перапуду, прыводзіў да парадку свае думкі, пачуцціто ж дагадзі чалавеку, – і, аддыхаўшыся, набіраўся смеласціна шэпты, спачуванні, уздыхі. (Лыньк.)

5. Актыўная і пасіўная лексіка
Паводле ступені ўжывання лексіка беларускай мовы падзяляецна на актыўную і пасіўную.

Да актыўнай лексікі адносяцца агульназразумелыя шырока-ўжывальныя словы, пашыраныя як у вуснай, так і ў пісьмовай форме мовы. Такіх слоў у беларускай мове большасць: маці, брат, чалавек, час, лета, хлеб, пятніца, чорны, блізка, тут і інш.



Пасіўную лексіку складаюць словы, якія маюць адценне ўстарэласці або навізны. Іх фарміраванне і функцыянаванне звязана з пэўнымі працэсамі ў грамадствё: развіццём навукі, тэхнікі, культуры і мастацтва. З’яўляюцца новыя прадметы, матэрыялы, рэчывы, з’явы, дзеянні і лексіка беларускай мовы ўзбагачаецца адпаведна іх назвамі: біёніка, смартфон, нетбук, андроід, Інтэрнэт.

Са знікненнем некаторых прадметаў, з’яў, рэчываў, матэрыялаў выходзяць з актыўнага ўжывання і іх назвы. Так, словы аэраплан, імбрычак былі пашыраны ў 20-я гг., а зараз яны заменены новымі словамі-сінонімамі самалёт, чайнік.

Словы, якія выйшлі са штодзённага ўжытку і таму атрымалі назву ўстарэлых, падзяляюцца на гістарызмы і архаізмы.

Гістарызмамі (грэч. historikos гістарычны) лічацца назвы тых прадметаў, рэчываў, матэрыялаў, з’яў, працэсаў, якія выйшлі з актыўнага ўжытку, сталі «гісторыяй»: ураднік, войт, цівун, асаднік, харунжы, лучына, фальварак. Так, зараз забыты стары звычай у беларускіх паноў аддаваць сыноў у сялянскія сем’і, назва якога – дзядзькаванне – лічыцца гістарызмам.

Архаізмы (грэч. archaios – старажытны) – устарэлыя словы, якія маюць адпаведнікі ў сучаснай беларускай мове, паколькі тыя прадметы, з’явы, працэсы, назвамі якіх яны з’яўляюцца, існуюць і ў наш час: іспытыэкзамены, лемантарбуквар, перстпалец, бортнік пчаляр, атрамант – чарніла, рандэлькакаструля.

Хоць устарэлыя словы і выйшлі з актыўнага ўжывання, яны выкарыстоўваюцца ў навуковым стылі, а таксама ў мастацкіх тэкстах для праўдзівага адлюстравання пэўнай гістарычнай эпохі. Напрыклад: Продкі Неслухоўскіх адбывалі вайсковую службу ў Вялікім княстве Літоўскім у чынах ротмістраў, харунжых, стражнікаў Брэсцкага ваяводства. (Бр.)



Неалагізмы (грэч. neos – новы, logos – слова) – словы, якія ўзніклі нядаўна і не страцілі адцення навізны. Неалагізмамі з’яўляюцца і вядомыя словы з новым значэннем: камерцыйны дырэктар, фермер, прыватызацыя, блізкае замежжа.

Уваходзячы ў пасіўны склад беларускай лсксікі, неалагізмы хутка замацоўваюцца ў мове і становяцца шырокаўжывальнымі. Так стала са словамі 1920–1930 гг. калгас, выканкам, сельсавет, касманаўт, касмадром і інш. Некаторыя неалагізмы таго часу, наадварот, сталі ўстарэлымі словамі: нэп, харчразвёрстка, камісар, стаханавец.

Блізкія да неалагізмаў аказіяналізмы – так званыя індывідуальна-аўтарскія неалагізмы, якія ствараюцца пісьменнікамі і паэтамі і маюць адценне навізны толькі ў мастацкім тэксце (кантэксце): На дварэ раптоўна заістужыла. (У. Д.) Гляджу і не магу наглядзецца на спакойны, плыўнадумны Нёман. (К-с) Я верую ў вечнабыт. (Куп.)
6. Лексікаграфія
6.1. Прадмет і задачы лексікаграфіі
Лексікаграфія (грэч. lexikos – які адносіцца да слова, слоўнікавы і grapho – пішу) – раздзел мовазнаўства, у якім вывучаюцца тэорыя і практыка складання слоўнікаў. У практычныя задачы лексікаграфіі ўваходзіць збор, сістэматызацыя, фіксацыя лексічнага матэрыялу, у тэарэтычныя – вызначэнне тыпаў слоўнікаў, прынцыпаў размеркавання слоў у слоўнікавых артыкулах, распрацоўка сістэмы памет і прыёмаў тлумачэння значэння слова. Складанне слоўнікаў выклікаецца разнастайнымі навуковымі, культурнымі і практычнымі патрэбамі: растлумачыць значэнне слоў, іх ужыванне, правапіс, паходжанне, дапамагчы ў авалоданні замежнай мовай і інш.

Загаловачнае слова падаецца ў слоўніках у пачатковай форме: назоўнік – у назоўным склоне адзіночнага ліку, прыметнік, дзеепрыметнік – у назоўным склоне адзіночнага ліку мужчынскага роду, дзеяслоў – у неазначальнай форме і г. д. Размяшчэнне слоў у слоўніку можа быць алфавітным і гнездавым. Параўн. слоўнікавыя артыкулы адных і тых жа слоў у «Беларуска-рускім слоўніку» (Мн., 1991), у якім словы падаюцца ў алфавітным парадку, і «Руска-беларускім слоўніку» (Мн., 1982), у якім выкарыстоўваецца гнездавы спосаб падачы слоў:


Смеціць – сорить, мусорить.

Смецце – сор, мусор.

Смеццевы – сорный, мусорный.

Мусор м смецце, -цця ср; ~ить несов. смецціць, засмечваць; ~ный смеццевы; ~ный ящик скрынка для смецця.

Загаловачнае слова разам са звесткамі пра яго складае слоўнікавы артыкул. У залежнасці ад тыпу слоўніка, прызначэння і структуры даецца сэнсавая, граматычная, стылістычная характарыстыка слова; пераклад на іншую мову, ілюстрацыйны матэрыял, тэрміналагічныя і фразеалагічныя спалучэнні, этымалагічная даведка.

Сэнсавую характарыстыку слова складае яго тлумачэнне. Тлумачэнне праводзіцца апісальна або шляхам лагічнага вызначэння, падборам сінонімаў, устанаўленнем словаўтваральных адносін. Усе значэнні мнагазначнага слова падаюцца ў адным слоўнікавым артыкуле і пазначаюцца арабскімі лічбамі; словы-амонімы – у розных артыкулах.

Граматычная і стылістычная характарыстыкі даюцца шляхам выкарыстання розных памет. У граматычную характарыстыку ўваходзяць назвы часцін мовы, паметы роду, трывання, ліку, асобы і інш. У стылістычную – паметы, якія паказваюць абмежаванае ўжыванне слоў (разм., абл., кніж., уст.), сферу іх выкарыстання (спец., бат., філас.).


6.2. Слоўнікі беларускай мовы
Паводле прызначэння ўсе слоўнікі аб’ядноўваюцца ў 2 асноўныя тыпы: энцыклапедычныя і лінгвістычныя.

Энцыклапедычныя слоўнікі тлумачаць не словы, а паняцці, абазначаныя гэтымі словамі; у сціслай форме ў іх выкладзены навуковыя веды пра прадметы, з’явы, падзеі; звесткі пра гістарычных асоб, дзеячаў навукі, культуры, асобныя гарады і краіны, іх прыродныя багацці і выдатныя мясціны. Загаловачнымі словамі ў энцыклапедычных слоўніках з’яўляюцца назоўнікі (уласныя і агульныя) або спалучэнні назоўнікаў з прыметнікамі і лічэбнікамі. Яны размяшчаюцца ў алфавітным парадку або паводле тэматычнага прынцыпу (па галінах ведаў). Слоўнікавыя артыкулы ў слоўніках такога тыпу не даюць граматычнай і стылістычнай характарыстык, а таксама тэрміналагічных і фразеалагічных спалучэнняў. Указваецца толькі паходжанне запазычаных тэрмінаў, і пазначана месца націску на загаловачных словах. Ілюстрацыямі ў слоўніках гэтага тыпу служаць малюнкі, табліцы, рэпрадукцыі, карты, схемы, фотаздымкі.

Адрозніваюць два віды энцыклапедычных слоўнікаў: агульныя і галіновыя. Агульныя слоўнікі даюць сістэматызаваныя звесткі па ўсіх галінах ведаў і практычнай дзейнасці, галіновыя – па адной якой-небудзь галіне ведаў. Да агульных энцыклапедычных слоўнікаў адносяцца: «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя» (БелСЭ) у 12-ці тамах (1969–1975) і «Беларуская ССР. Кароткая энцыклапедыя» (КЭБССР) у 5-ці тамах (1978–1981), да галіновых – «Этнаграфія Беларусі» (1980), «Архітэктура Беларусі» (1982), «Энцыклапедыя прыроды Беларусі» ў 5-ці тамах (1983–1986), «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі» ў 5-ці тамах (1984–1987). Выдадзены энцыклапедычныя слоўнікі «Янка Купала» (1986) і «Францыск Скарына і яго час» (1988).



Лінгвістычныя слоўнікі апісваюць словы – іх значэнне, ужыванне, паходжанне, марфемную будову, вымаўленне, напісанне. Загаловачныя словы ў лінгвістычных слоўніках размяшчаюцца або ў алфавітным, або ў алфавітна-гнездавым парадку. Слоўнікавыя артыкулы змяшчаюць сэнсавую, граматычную, стылістычную, этымалагіч-ную характарыстыкі, пераклад на іншую мову, ілюстрацыйны матэрыя, тэрміналагічныя і фразеалагічныя спалучэнні Ілюстрацыямі ў большасці лінгвістычных слоўнікаў з’яўляюцца прыклады ўжывання слоў у сказах, якія бяруцца з літаратурных крыніц.

Лінгвістычныя слоўнікі падзяляюцца на тры віды: аднамоўныя, двухмоўныя і шматмоўныя. Двухмоўныя і шматмоўныя слоўнікі – гэта перакладныя, у якіх словы адной мовы тлумачацца словамі іншай мовы або некалькіх іншых моў. Прыкладам двухмоўных перакладных слоўнікаў з’яўляюцца «Падручны польска-беларускі слоўнік» (1962), «Украінска-беларускі слоўнік» (1980), «Русско-белорусский словарь» у 2-х тамах (2-е выд., 1982), «Беларуска-рускі слоўнік» у 2-х тамах (2-е выд., 1988–1989), школьныя «Белорусско-русский словарь» (3-е выд., 1991) і «Русско-белорусский словарь» С. М. Грабчыкава (1990); шматмоўных – «Нямецка-беларуска-рускі слоўнік» (1988), «Англа-беларуска-рускі слоўнік» (1989).



Аднамоўныя слоўнікі характарызуюць словы адной мовы сродкамі той самай мовы. Паводле прызначэння аднамоўныя слоўнікі падзяляюцца на тлумачальныя, этымалагічныя, арфаграфічныя, слоўнікі сінонімаў, фразеалагічныя, марфемныя, анамастычныя і інш.

Абавязковай у тлумачальных слоўніках з’яўляецца сэнсавая характарыстыка слова. Тлумачальныя слоўнікі падзяляюцца на нарматыўныя, слоўнікі мовы пісьменніка, дыялектныя, гістарычныя.



Нарматыўныя тлумачальныя слоўнікі – «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» ў 5-ці тамах (1978–1984) і «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы для сярэдняй школы» А. Я. Баханькова, I. М. Гай-дукевіча, П. П. ІІІубы (выд. 3-е, 1979) – уключаюць і тлумачаць агульнаўжывальную лексіку беларускай літаратурнай мовы. У слоўнікавых артыкулах даецца напісанне слова, указваецца месца націску, прыводзяцца сэнсавая, граматычная, стылістычная характарыстыкі слова, ілюстрацыйны матэрыял, тэрміналагічныя і фразеалагічныя спалучэнні, у некаторых – даведкі пра паходжанне слова.

Слоўнікі мовы пісьменніка апісваюць лексіку твораў таго ці іншага пісьменніка. Гэта своеасаблівы дапаможнік пры вывучэнні асаблівасцей мовы і стылю пісьменніка (або яго канкрэтнага твора).

Прыкладам такога слоўніка з’яўляецца «Слоўнік мовы Скарыны» У. В. Анічэнкі (т. 1–2, 1977–1984). Падрыхтаваны рукапісы «Слоўніка мовы Якуба Коласа» і «Слоўніка мовы Янкі Купалы».



Дыялектныя слоўнікі фіксуюць словы адной гаворкі, групы гаворак або пэўнага дыялекту, тлумачаць іх значэнне і ўжыванне. Большасць дыялектных слоўнікаў уключае толькі такія словы, якіх няма ў літаратурнай мове або якія адрозніваюцца ад агульнаўжывальных слоў гучаннем, значэннем, словаўтварэннем. Да іх адносяцца «Дыялектны слоўнік» у 3-х тамах Ф. М. Янкоўскага (1959–1970) «Дыялектны слоўнік з гаворак Зэльвеншчыны» П. У. Сцяцко (1970), «Матэрыялы да слоўніка Гродзенскай вобласці» Т. Ф. Сцяшковіча (1972), «Дыялектны слоўнік Лоеўшчыны» Т. С. Янковай (1982), «Тураўскі слоўнік» у 5-ці тамах (1982–1987) і інш.

Гістарычныя слоўнікі характарызуюць лексіку пісьмовых помнікаў пэўнага гістарычнага перыяду. У «Гістарычным слоўніку беларускай мовы» (з 1982 па 1993 гг. выйшла 12 выпускаў) даюцца сэнсавая і граматычная характарыстыкі літаратурна-пісьмовай лексікі XIV–ХУІІІ стст., а таксама прыводзіцца прыклад ужывання слова ў якім-небудзь помніку старажытнабеларускай пісьменнасці.

Этымалагічныя слоўнікі – від лінгвістычныхслоўнікаў, у якіх раскрываюцца паходжанне слоў, іх пачатковае значэнне і змены ў значэнні слова. Шматтомны «Этымалагічны слоўнік беларускай мовы» ствараецца ў Інстытуце мовазнаўства АН Беларусі; выйшла 7 тамоў (літары А – Н, 1978–1991).

Арфаграфічныя слоўнікі даюць правільнае, замацаванае нормамі арфаграфіі напісанне слоў і іх форм. «Арфаграфічны слоўнік для сярэдняй школы» М. П. Лобана, М. Р. Судніка (6-е выд., 1990) уключае, акрамя цяжкіх выпадкаў напісання агульнаўжывальных слоў літаратурнай мовы, уласных геаграфічных назваў, прозвішчаў і некаторых асабовых імён, раздзел «Асноўныя правілы правапісу». Для пачатковай школы прызначаны «Арфаграфічны слоўнік» пад рэдакцыяй Л. П. Падгайскага (4-е выд., 1982). Карысным даведнікам па пытаннях правапісу, вымаўлення і змянення слоў з’яўляецца «Слоўнік беларускай мовы. Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне» пад рэдакцыяй М. В. Бірылы (1987).
1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка