Міністэрства сельскай гаспадаркі І харчавання рэспублікі беларусь




старонка3/9
Дата канвертавання01.05.2016
Памер1.71 Mb.
1   2   3   4   5   6   7   8   9

Літаратура
1. Беларуская мова: Энцыклапедыя. – Мінск, 1994.

2. Германовіч, І. К. Беларускія мовазнаўцы. Нарысы жыцця і навуковай дзейнасці / І. К. Германовіч. – Мінск, 1985.

3. Ляшчынская, В. А. Студэнту аб мове: прафесійная лексіка / В. А. Ляшчынская. – Мінск, 2003.

4. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. – Мінск, 1995.

5. Плотнікаў, Б. А. Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум / Б. А. Плотнікаў, Л. А. Антанюк.– Мінск: Інтэрпрэссэрвіс, Кніжны дом, 2003.

6. Сямешка, Л. І. Курс беларускай мовы / Л. І. Сямешка, І. Р. Шкра-ба, З. І Бадзевіч. – Мінск.,1996.

7. Шакун, Л. М. Карані нашай мовы / Л. М. Шакун // Роднае слова. – 1996. – № 9. – С. 108–119.

8. Шакун, Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы / Л. М. Шакун. – Мінск, 1984.

9. Беларусазнаўства: Навучальны дапаможнік / Под рэд. П. Бры-гадзіна. – Мінск: Завігар, 1998. – С. 123–151.

Лекцыя ІІІ. БЕЛАРУСКАЯ МОВА

СЯРОД ІНШЫХ МОЎ СВЕТУ
План

1. Сем’і моў.

2. Індаеўрапейская сям’я моў і яе моўныя групы.

3. Індаеўрапеізмы ў сучаснай беларускай мове.

4. Групы сучасных славянскіх моў.
1. Сем’і моў
Паводле звестак вучоных, у нашы дні вядома каля 5000 розных моў (жывых і мёртвых). Па іншых звестках, на Зямлі налічваецца ад 2,5 да 5 тыс. моў), з якіх на 180 мовах размаўляюць амаль тры з паловай мільярды жыхароў Зямлі, а 4000 моў абслугоўваюць нязначную частку насельніцтва нашай планеты. Часам мовай карыстаюцца толькі сотні і нават дзясяткі людзей.

У залежнасці ад паходжання і наяўнасці ці адсутнасці агульных рыс усе мовы свету падзяляюцца на роднасныя і няроднасныя. Роднасныя мовы аб’ядноўваюцца ў сем’і.

Мовазнаўства выдзяляе індаеўрапейскую, іберыйска-каўказскую, фіна-ўгорскую, цюркскую, мангольскую, тунгуса-манчжурскую, кітайска-тыбецкую, аўстраазіяцкую, дравідый-скую, семіта-хаміцкую, кайсанскую і іншыя групы моў, кожная з якіх складаецца або з некалькіх груп (напрыклад, фіна-ўгорская сям’я падзяляецца на дзве групы – фінскую і ўгорскую, якія, у сваю чаргу, складаюцца з некалькіх моў), або з некалькіх моў (напрыклад, дравідыйская сям’я ўключае наступныя мовы: тэлугу, тамільскую, малаялам, каннара і інш., якія пашыраны на поўдні Індыі, часткова на Цэйлоне, у асобных раёнах Пакістана і Афганістана).

Некаторыя мовы з’яўляюцца ізаляванымі, яны не ўваходзяць у склад сем’яў або груп: японская мова, на якой гаворыць звыш 110 млн. чалавек, карэйская і інш.


2. Індаеўрапейская сям’я моў
Беларуская мова ўваходзіць у адну з самых вялікіх сем’яў Еўразіі – індаеўрапейскую. У нас час кожны другі чалавек на планеце гаворыць на мовах гэтай сям’і.

Індаеўрапейскія мовы гучаць на велізарных прасторах Еўразіі, на працягу апошніх пяці стагоддзяў яны пашырыліся таксама ў Паўночнай і Паўднёвай Амерыцы, Аўстраліі і часткова Афрыцы.

Індаеўрапейская сям’я падзяляецца на 16 моўных груп: раманская (французская, італьянская, іспанская, партугальская, румынская, малдаўская, рэтараманская, правансальская, сардзінская, каталанская і мёртвая лацінская мова і іншыя гаворкі, якія захаваліся ў пісьмовых помніках), германская (нямецкая, англійская, шведская, дацкая, нарвежская, ісландская, фарэрская, галандская, фламандская, фрызская, ідыш і мёртвыя гоцкая, бургундская і вандальская мовы), кельцкая (шатландская, ірландская, гальская, брэтонская, уэльская, або валійская, і мёртвая карнуэльская), балтыйская (літоўская, латышская і мёртвыя мовы – пруская і яцвяжская), іранская (персідская, таджыкская, курдская, пушту, белуджская, ваханская, асецінская, талышская і інш., а таксама мёртвыя старажытнапер-сідская, мідыйская, скіфская, харэзмійская, парфянская і інш.), індыйская (хіндзі, урду, пенджабі, біхары, маратхі, орыя, бенгалі і інш., новаіндыйскія мовы, цыганская, а таксама мёртвыя мовы санскрыт, ведыйская, пракрыты і палі), славянская і інш. У індаеўрапейскую сям’ю ўваходзяць і асобныя мовы – грэчаская, албанская, армянская і мёртвыя старажытнагрэчаская і сярэднягрэчаская, або візантыйская.

У складзе індаеўрапейскіх моў ёсць і так званыя “мёртвыя мовы”, якімі ўжо ніхто не карыстаецца. Адны з іх збераглі толькі сваю назву ды невялікую колькасць уласных імёнаў. Такімі з’яўляюцца, напрыклад, старажытныя мовы Малой Азіі: хецкая, лувійская, палайская і пазнейшыя лідзійская і лікійская. Ад іншых засталіся пісьмовыя помнікі. Напрыклад, на ведыйскай мове ад II тыс. да н. э. захаваўся зборнік свяшчэнных тэкстаў “Веды”; на санскрыце (у класічным яго варыянце) – эпічныя паэмы “Махабхарата” і “Рамаяна”; на авестыйскай мове – зборнік свяшчэнных тэкстаў сярэдзіны I тыс. да н. э. “Авеста”. Некаторыя “мёртвыя” мовы выкарыстоўваюцца для богаслужэння: царкоўнаславянская (змененая стараславянская – першая пісьмовая мова славян) – у праваслаўнай царкве, лацінская – у каталіцкай царкве.

Зараз індаеўрапейскія мовы вельмі адрозніваюцца паміж сабой, але быў перыяд іх блізкасці, калі існавала адзіная індаеўрапейская мова, якая толькі падзялялася на дыялекты. Ад тых часоў ва ўсіх індаеўрапейскіх мовах застаўся даволі вялікі пласт слоў, якімі карысталіся тысячы гадоў таму старажытныя індаеўрапейцы (арыі) і ў якіх замацоўвалі яны свае веды пра навакольны свет і пра сябе.
3. Індаеўрапеізмы ў беларускай мове
У беларускай мове індаеўрапейскімі паводле паходжання з’яўляюцца тэматычныя групы слоў, што абазначаюць паняцці духоўнага і культурнага жыцця: бог, вера, дух, дзіва, бяда і інш.; часавыя паняцці: век, месяц, дзень, ноч, вечар і інш.; назвы з’яў прыроды: агонь, вада, вецер, дым, неба, снег, холад і інш.; тэрміны роднасці, сваяцтва і іншых адносін паміж людзьмі: маці, брат, сястра, зяць, госць, друг і інш.; назвы частак цела чалавека: вока, вуха, зуб, кроў, мозг, нос і інш.; найменні жывых істот, раслін: звер, алень, воўк, вуж, каза, журавель, дуб, бяроза, вярба, лён, зерне, семя і інш.; назвы прымет якасці: новы, стары, жывы, злы, сухі і інш.; назвы дзеянняў, стану: быць, браць, будзіць, верыць, гарэць, драмаць і інш.

Індаеўрапеізмамі з’яўляюцца таксама некаторыя лічэбнікі (два, тры, дзесяць, сто і інш.), займеннікі (ты, вы, сам), службовыя словы (без, да, а, ды, не і інш.). Падабенства гэтых слоў выяўляецца ва ўсіх індаеўрапейскіх мовах або ў асобных іх групах, што сведчыць, з аднаго боку, пра роднасць гэтых моў, з другога – пра сам факт іх паходжання. Параўн.: бел. дзень, рус. день, польск. dzіеń, балг. ден, літ. dіепа, ст.-інд. dinam, лац. dіеs, ст.-ірланд. dепus і г. д. Беларуская мова атрымала ў спадчыну індаеўрапейскую лексіку з мовы старажытных славянскіх плямёнаў, што вылучыліся з агульнаіндаеў-рапейскага этнічнага адзінства недзе на мяжы III і II тыс. да н. э.


4. Славянская група моў
Беларуская мова належыць да славянскай групы моў.

Славянскія мовы з’яўляюцца роднымі больш чым для 200 мільёнаў чалавек, прадстаўнікоў розных славянскіх народаў. Гучаць славянскія мовы на значнай частцы тэрыторыі Еўропы.

Навука аб сям’і славянскіх моў – параўнальна-гістарычнае славянскае мовазнаўства – імкнецца заглянуць яшчэ далей, у таямнічыя глыбіні сівых вякоў, у перадгісторыю славян, высветліць, як склаўся гэты народ і яго мова, дзе і кім ён быў народжаны і выпеставаны. Адносна паходжання славян вучоныя мяркуюць па-рознаму. Адны гавораць, што пачатак славянству паклала нейкае адно племя старажытных насельнікаў Еўропы – напаўміфічнага еўрапейскага народа, блізкага па мове да старажытных продкаў сучасных жыхароў Індыі. Іншыя лічаць славянства “сплавам” розных па мове і культуры плямён. Аднак што б там ні было ў перадгісторыі, гісторыя славян і іх моў пачыналася з адзінства: быў адзін славянскі народ і ў яго была адна мова.

Сучасныя славянскія мовы падзяляюцца на тры групы:

усходнеславянская: беларуская, руская, украінская мовы. Гэта група самая малая па колькасці моў, але самая вялікая па колькасці славян, што гавораць на мовах гэтай групы (звыш 180 млн. чалавек). Беларускую мову лічаць роднай каля 80 % карэннага насельніцтва нашай рэспублікі. Акрамя таго, ёй карыстаюцца больш за 1 млн. беларусаў, якія жывуць у розных краінах свету;

заходнеславянская: польская, кашубская, чэшская, славацкая, сербалужыцкая (верхня- і ніжнялужыцкая) і мёртвая палабская мова. Носьбіты гэтых моў, якіх больш за 50 млн. чалавек, жывуць цяпер на тэрыторыі Польшчы, Чэхіі, Славакіі і часткова Германіі. Найбуйней-шая ў гэтай групе – польская мова. На ёй гавораць каля 30 млн. палякаў. Чэшская (каля 10 млн. чалавек) і славацкая (больш за 4,5 млн. чалавек) мовы – гэта роднасныя мовы народаў Чэхіі і Славакіі. Абедзве яны маюць багатую сучасную літаратуру. Алфавіт, як і ў іншых заходнеславянскіх мовах, створаны на аснове лацінкі;

паўднёваславянская: балгарская, македонская, сербская, харвацкая, славенская мовы. Носьбіты гэтых моў, якіх больш за 30 млн. чалавек, жывуць у асноўным на Балканскім паўвостраве – у Балгарыі, Македоніі, Сербіі, Харватыі, Славеніі, Босніі і Герцагавіне, а таксама ў сумежных з імі краінах (Грэцыі, Аўстрыі, Венгрыі і інш.). На балгарскай мове гавораць больш за 7 млн. чалавек (Балгарыя). Македонская (больш за 1 млн. чалавек) пашырана ў Югаславіі, а таксама ў Балгарыі і Грэцыі.

На аснове групы гаворак старажытнабалгарскай мовы ў ІХ ст. склалася яшчэ адна мова, якая хоць і не была моваю асобнага славянскага народа, але існавала і развівалася на працягу ўсяго сярэдневяковага перыяду гісторыі славян. Гэта названая вышэй стараславянская (ці старажытнацаркоўнаславянская) мова. Цяпер яна лічыцца мёртвай. У мінулым жа стараславянская мова была літаратурнай пісьмовай мовай у розных славян. У Х ст. яна пачала ўжывацца і ў Старажытнай Русі ў сувязі з прыняццем хрысціянскай рэлігіі. Карысталіся ёй у богаслужэнні. Яе ўплыў адзначаецца ў сучасных літаратурных мовах некаторых славянскіх народаў (шмат царкоўнаславянізмаў, у прыватнасці, у рускай мове).

Славянскія моўныя групы выдзяляюцца на аснове агульных асаблівасцей, уласцівых мовам, што ўтвараюць пэўную групу.

Усе славяне карыстаюцца двума тыпамі пісьма – кірылічным і лацінскім. Найбольш распаўсюджана кірыліца (Беларусь, Расія, Украіна, Сербія і Чарнагорыя, Македонія, Балгарыя, часткова Боснія і Герцагавіна). У Польшчы, Чэхіі, Харватыі, Славеніі выкарыстоўваюць лацінскі алфавіт.

На працягу апошняга тысячагоддзя славянскія мовы развіваліся ў розных умовах. Тым не менш і сёння здзіўляе незвычайная блізкасць гэтых моў у лексічным складзе і структуры слова, у агульнасці каранёў, граматычных форм, сінтаксічных канструкцый.

Адзін славянін без цяжкасці або з пэўнаю цяжкасцю разумее другога (беларус – паляка, чэх – рускага і г. д.) нават без спецыяльнай адукацыі. Ва ўсіх славянскіх мовах ёсць вялікі пласт лексікі, якую называюць агульнаславянскай. Гэта галоўным чынам словы, што былі яшчэ ў далёкі дапісьмовы час у так званай агульнаславянскай мове-аснове. Ва ўсіх славянскіх мовах амаль аднолькава гучаць старажытныя словы, звязаныя з сямейнымі і вытворчымі адносінамі, з раслінным і жывёльным светам, назвы пор года, частак чалавечага цела і інш. Усё гэта – водгалас старажытных сувязяў продкаў славян. Разам з тым блізкасць славянскіх моў часткова тлумачыцца і агульнасцю гістарычнага лёсу асобных груп славян.


Літаратура
1. Беларуская мова: Энцыклапедыя. – Минск, 1994.

2 Германовіч, І. К. Беларускія мовазнаўцы. Нарысы жыцця і навуковай дзейнасці / І. К. Германовіч. – Мінск, 1985.

3. Ляшчынская, В. А. Студэнту аб мове: прафесійная лексіка / В. А. Ляшчынская – Мінск, 2003.

4. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік. – Мінск, 1995.

5. Плотнікаў, Б. А. Беларуская мова. Лінгвістычны кампендыум / Б. А.Плотнікаў, Л. А. Антанюк.– Мінск: Інтэрпрэссэрвіс, Кніжны дом, 2003.

6. Сямешка, Л. І. Курс беларускай мовы / Л. І. Сямешка, І. Р. Шкраба, З. І Бадзевіч.– Мінск, 1996.

7. Шакун, Л. М. Карані нашай мовы / Л. М. Шакун // Роднае слова. – 1996. – № 9. – С. 108–119.

8. Шакун, Л. М. Гісторыя беларускай літаратурнай мовы / Л. М. Шакун. – Мінск, 1984.

9. Беларусазнаўства: навучальны дапаможнік / Под рэд. П. Бры-гадзіна. – Мінск: Завігар, 1998. – С. 123–151.

Лекцыя IV. ЛЕКСІКАЛОГІЯ І ЛЕКСІКАГРАФІЯ

БЕЛАРУСКАЙ МОВЫ
План
1. Лексікалогія як раздзел мовазнаўства.

2. Слова і яго значэнне.

3. Лексіка беларускай мовы паводле паходжання.



3.1. Спрадвечна беларуская лексіка.

3.2. Запазычаная лексіка ў беларускай мове.

4. Лексіка беларускай мовы паводле сферы ўжывання.

5. Актыўная і пасіўная лексіка.

6. Лексікаграфія.

6.1. Прадмет і задачы лексікаграфіі.

6.2. Слоўнікі беларускай мовы.

6.3. Этапы развіцця беларускай лексікаграфіі.
1. Лексікалогія як раздзел мовазнаўства
Сукупнасць слоў той ці іншай мовы складае яе лексіку (грэч. lехіsякі адносіцца да слова, слоўнікавы). Лексікай называюць таксама словы, што ўжываюцца ў творах таго ці іншага пісьменніка, у пэўнай сферы дзейнасці чалавека (тэрміналагічная і прафесійная лексіка), у якой-небудзь гаворцы (дыялектная лексіка) і інш. Багацце лексічнага запасу беларускай мовы шырока адлюстравана ў слоўніках: напрыклад, у «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы» ў 5-ці тамах (1977–1984) звыш 100 тысяч слоў і фразеалагізмаў. Лексікалогія (грэч. lехіkоs – які адносіцца да слова, слоўнікавы і logos – вучэнне) – раздзел мовазнаўства, які вывучае лексіку мовы. У лексікалогіі даецца азначэнне слова як асноўнай адзінкі мовы, высвятляюцца шляхі развіцця значэнняў слова, вызначаецца іх стылістычнае адрозненне. Лексікалогія звязана з іншымі раздзеламі лінгвістыкі, якія вывучаюць слова: стылістыкай, лексікаграфіяй, фразеалогіяй і інш.

Стылістыка (грэч. stylos – прылада для пісьма ў старажытных грэкаў) вывучае спосабы выкарыстання моўных сродкаў у залежнасці ад мэты і характару выказвання, мэты паведамлення. Лексікаграфія (грэч. lехіkоs – слоўнікавы, grapho – пішу) вывучае тэорыю і практыку складання слоўнікаў розных тыпаў. Фразеалогія (грэч. рhrasis – выраз і gos – вучэнне, навука) вывучае і апісвае ўстойлівыя словазлучэнні, іх паходжанне, значэнне і класіфікацыю.

Лексічны склад мовы пастаянна змяняецца: адны словы выходзяць з актыўнага ўжывання, знікаюць, другія – з’яўляюцца. У гэтых адносі-нах лексіка мовы рэзка адрозніваецца ад фанетыкі, якая ўключае некалькі дзясяткаў вельмі ўстойлівых адзінак, і ад граматыкі, дзе колькасць адзінак (марфем, словаформаў, тыпаў сказаў, словазлучэнняў) не большая за некалькі соцень, і яны на працягу доўгага часу змяняюцца нязначна.


2. Слова і яго значэнне
Аб’ектам вывучэння ў лексікалогіі выступае слова – адзінка мовы. У слове адлюстраваны вопыт і вынікі пазнавальнай, працоўнай дзейнасці чалавека на працягу тысячагоддзяў.

Слова як лексічная адзінка мае свае характэрныя рысы: фанетычную і граматычную аформленасць, значэнне, выдзяляльнасць і аднаў-ляльнасць у мове. Гукавая абалонка – знешняя форма слова, а лексічнае значэнне, сэнс – унутраная. Напрыклад, знешняя форма слова вятрак 6 гукаў і 6 літар, размешчаных у пэўным парадку, а змест, лексічнае значэнне слова – суаднесенасць з прадметам навакольнага свету – ветраны млын. Сувязь паміж формай і зместам слова ўмоўная, яна гістарычна замацавана ў мове і аформлена ў слоўніках розных тыпаў.

Адна з характэрных рыс слова – яго абагульняльны характар, у мове няма слоў для абазначэння кожнага асобнага прадмета. Абагульненае ўяўленне людзей пра з’явы, прадметы, іх прыметы і ўласцівасці адлюстроўваецца ў выглядзе паняццяў. Паняцце – гэта адна з формаў мыслення, што абагульнена адлюстроўвае ў свядомасці людзей аб’ектыўную рэчаіснасць. У свядомасці чалавека паняцці замацоў-ваюцца і афармляюцца з дапамогай слоў, паміж словам і паняццем устанаўліваецца цесная сувязь, адзінства.



Слова – гэта фанетычна і граматычна аформленая адзінка мовы, якая мае пэўнае значэнне і выступае сродкам моўных зносін.

Пераважную большасць лексікі беларускай мовы складаюць словы самастойныя (паўназначныя), якія выконваюць намінатыўную функцыю: называюць з’явы, прадметы навакольнага свету. Службовыя словы (прыназоўнікі, злучнікі, часціцы) не выконваюць намінатыўнай функцыі і не маюць лексічнага значэння.

Словы самастойных часцін мовы маюць лексічнае і граматычнае значэнне.

Лексічнае значэнне – гэта ўнутраны змест слова, суаднесенасць яго гукавой абалонкі з пэўным прадметам або з’явай рэчаіснасці. Напрыклад, калі мы вымаўляем, чуем слова абрус, у нашай свядомасці ўзнікае ўяўленне аб прадметах рэчаіснасці, за якімі замацавана гэта слова. Лексічныя значэнні слоў гістарычна ўстаноўлены грамадствам, суадносяцца з пэўнымі прадметамі, дзеяннямі, прыметамі і характарызуюцца ўстойлівасцю. Лексічнае значэнне слова з’яўляецца індувідуальным.

Лексічныя значэнні слова разнастайныя па сваёй прыродзе. У працэсе гістарычнага развіцця грамадства, навукі, культуры, мастацтва з’яўляюцца новыя прадметы, паняцці. Яны павінны атрымаць назву, каб можна было адрозніць іх ад іншых. Назвы бываюць матываваныя і нематываваныя. Калі слова матываванае, можна вызначыць, на аснове чаго, якой характэрнай рысы яно ўзнікла. Гэта словы з вытворнай асновай, яны матывуюцца, тлумачацца з дапамогай іншых слоў: завушніцы ад слова вуха, сухмень ад слова сухі, маладзік ад слова малады, трактарыст ад слова трактар. Для нематываваных слоў-назваў нельга вызначыць, на аснове чаго, якіх характэрных прымет яны ўзніклі. Утварэнне такой назвы немагчыма растлумачыць з дапамогай іншых слоў. Нематываваныя словы маюць невытворную аснову: лес, пыл, град, свежы.



Граматычнае значэнне – гэта значэнне, уласцівае слову як часціне мовы. Напрыклад, словы возера, клён, праца, бераг маюць рознае лексічнае значэнне, а граматычнае значэнне іх аднолькавае: для ўсіх гэтых слоў уласцівая прадметнасць, яны маюць род, змяняюцца па ліках, склонах. Граматычныя значэнні аб’ядноўваюць словы ў адну часціну мовы. Слова – гэта адзінства лексічнага і граматычнага значэнняў.

Носьбіт лексічнага значэння – аснова слова, параўнайце: лес, лясны, лесавы, ляснік, лясісты, леснічоўка, лясун і інш. Граматычнае ж значэнне слова выражаецца з дапамогай канчаткаў, формаўтваральных суфіксаў, прыставак, дапаможных слоў, націску.

Словы могуць мець адно ці некалькі лексічных значэнняў. У залежнасці ад гэтага яны падзяляюцца на адназначныя і мнагазначныя.

Адназначныя словы маюць адно лексічнае значэнне. Такіх слоў у мове няшмат, звычайна гэта тэрміны: дэфіс, нейрон, флексія, катэт, косінус; уласныя назвы: Свіцязь, Купала, Гомель, Сатурн, ІІрыпяць. Большасць слоў у беларускай мове мнагазначныя. Напрыклад, слова браня мае 2 значэнні: 1) металічная засцерагальная вопратка воіна ў мінулым; панцыр, латы, кальчуга; 2) стальная абшыўка, танка, баявога карабля, бронецягніка.

Мнагазначныя словы – яркі стылёвы сродак, яны выкарыстоўваюцца ў мове твораў мастацкай літаратуры для стварэння вобразаў, перадачы эмацыянальнага, душэўнага настрою герояў, малюнкаў прыроды і інш.


1   2   3   4   5   6   7   8   9


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка