ЗАЦВЕРДЖАНА
Пастанова Міністэрства
адукацыі Рэспублікі
Беларусь
____________2007 №_______
ПАЛАЖЭННЕ
аб музеі ўстановы адукацыі
Глава 1
АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ І АСНОЎНЫЯ ТЭРМІНЫ (ПАНЯЦЦІ)
1. Музей установы адукацыі (далей – музей) – структурнае падраздзяленне ўстановы адукацыі, якое дзейнічае на падставе Закона Рэспублікі Беларусь ”Аб адукацыі“, а ў адносінах збору, уліку, захавання і выкарыстання прадметаў Музейнага фонду – Закона Рэспублікі Беларусь ”Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь“. Па форме ўласнасці адносіцца да дзяржаўных музеяў.
2. Для мэт дадзенага палажэння выкарыстоўваюцца тэрміны і азначэнні, якія вызначаны Законам Рэспублікі Беларусь ”Аб музеях і Музейным фондзе Рэспублікі Беларусь“, а таксама:
музейны прадмет – рухомы гісторыка-культурны або прыродны аб’ект, вылучаны з навакольнага асяроддзя, які паступіў у музей і ўключаны ў яго фонд;
музейны фонд установы адукацыі (далей – музейны фонд) – навукова абгрунтаваная сукупнасць музейных прадметаў, музейных калекцый і навукова-дапаможных матэрыялаў;
кніга ўліку – асноўны юрыдычны дакумент уліку (рэгістрацыі) фонду музейных прадметаў і фонду навукова-дапаможных матэрыялаў;
экспазіцыя музея ўстановы адукацыі (далей – экспазіцыя) – частка фонду музейных прадметаў і фонду навукова-дапаможных матэрыялаў, якая выстаўлена для агляду ў пэўнай сістэме.
3. Функцыі музея ўключаюць:
усебаковае вывучэнне гісторыі, культуры і прыроды свайго рэгіёну;
ахову і папулярызацыю гісторыка-культурных і прыродных каштоўнасцей роднага краю;
удзел у рашэнні навучальных і выхаваўчых задач установы адукацыі.
4. Задачамі музея з’яўляюцца:
выяўленне, вывучэнне, захаванне і належнае выкарыстанне музейных прадметаў, якія маюць культурную, гістарычную, навуковую і (або) мастацкую вартасць;
правядзенне грамадска-карыснай і культурна-адукацыйнай работы сярод навучэнцаў, бацькоў, грамадскасці.
5. Музеі ажыццяўляюць музейную дзейнасць і вядуць пошукава-даследчую, асветніцкую і грамадска-карысную працу з улікам адукацыйных і ідэйна-выхаваўчых задач.
Глава 2
ПАРАДАК СТВАРЭННЯ І ЛІКВІДАЦЫІ МУЗЕЯЎ
6. Стварэнне музея ажыццяўляецца ўстановай адукацыі пасля заключэння мясцовых органаў кіравання адукацыі і культуры Рэспублікі Беларусь аб наяўнасці належных умоў для забеспячэння дзейнасці музея.
7. Рашэнне аб адкрыцці музея прымае педагагічны савет установы адукацыі. Рашэнне ўзгадняецца з адпаведнымі аддзеламі (упраўленнямі) адукацыі і культуры і афармляецца загадам кіраўніка ўстановы адукацыі.
8. Абавязковымі ўмовамі для стварэння музея з’яўляюцца наяўнасць:
актыву навучэнцаў, здольнага ажыццяўляць сістэматычную пошукавую, фондавую, экспазіцыйную, культурна-асветніцкую работу;
зацікаўленага кіраўніка-педагога;
актыўнага ўдзелу ў музейнай дзейнасці ўсяго педагагічнага калектыву, бацькоў і іншых зацікаўленых асоб;
асобнага памяшкання і абсталявання, якія забяспечваюць захаванасць музейных экспанатаў і ўмовы для іх паказу;
не менш за 100 арыгінальных экспанатаў;
сабранай і зарэгістраванай у кнізе ўліку калекцыі музейных прадметаў, якая дае магчымасць ствараць музей вызначанага профілю.
9. Пры ліквідацыі дзейнасці музея яго музейны фонд перадаецца іншым музеям. Пытанне перадачы яго фондаў у дзяржаўныя музеі вырашаецца органамі адукацыі і культуры, афармляецца загадам кіраўніка ўстановы адукацыі са складаннем акта перадачы. Пры іншых выпадках музей кансервуецца (кіраўнік музея сумесна з прадстаўнікамі ад устаноў адукацыі і культуры складае акт наяўнасці прадметаў і памяшканне, дзе знаходзяцца фонды музея, апячатваюцца).
Глава 3
АРГАНІЗАЦЫЯ РАБОТЫ МУЗЕЯ
10. Кантроль за дзейнасцю музея ажыццяўляюць органы адукацыі. Метадычную дапамогу музеям аказваюць дзяржаўныя музеі сістэмы Міністэрства культуры, інстытуты павышэння кваліфікацыі, архівы, установы пазашкольнага выхавання і навучання.
11. Органы кіравання адукацыяй ствараюць належныя ўмовы для функцыянавання музея, а таксама для падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі настаўнікаў, якія адказваюць за дзейнасць музеяў.
12. Агульнае кіраўніцтва дзейнасцю музея ажыццяўляе кіраўнік установы адукацыі, а практычнай дзейнасцю – настаўнік, які прызначаецца загадам кіраўніка ўстановы адукацыі.
13. Работа музея арганізуецца на аснове самакіравання. Узначальвае яе савет, які выбіраецца на сходзе актыву музея.
14. Савет музея на сваіх пасяджэннях:
вырашае пытанні ўключэння ў фонды музея гістарычных, культурных і прыродных каштоўнасцей, якія паступаюць у працэсе камплектавання, пры магчымасці кансультуецца па пытаннях камплектавання са спецыялістамі дзяржаўных музеяў;
разглядае і зацвярджае перспектыўныя каляндарныя планы;
разглядае справаздачы пошукавых груп;
арганізуе падрыхтоўку экскурсаводаў, лектараў, вучобу актыву;
абмяркоўвае асноўныя пытанні дзейнасці музея.
15. З мэтай арганізацыі работы музея з ліку яго актыву могуць стварацца групы на чале з членамі савета музея: пошукавыя, фондавая (па апрацоўцы фондаў), экскурсійная.
Глава 4
ПРОФІЛІ МУЗЕЯЎ
16. Музеі ўстановы адукацыі класіфікуюцца адносна профілю, які адлюстроўвае сувязь музея з профільнай навуковай дысцыплінай:
гістарычныя (агульнагістарычныя, ваенна-гістарычныя, гістарычныя манаграфічныя (гісторыі адной падзеі), гісторыі вучнёўскіх арганізацый, гісторыі школы, гісторыі рэлігіі, археалагічныя, этнаграфічныя, сучаснай культуры, іншыя);
мастацкія (выяўленчых мастацтваў, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, народнага мастацтва, палацавага і паркавага мастацтва, мастацкія манаграфічныя, іншыя);
літаратурныя (гісторыі літаратуры, гісторыі кнігі, літаратурныя манаграфічныя, іншыя);
мемарыяльныя (пабудаваныя на падставе мемарыяльных рэчаў, размешчаных у мемарыяльным атачэнні, звычайна прысвечаныя знакамітым асобам);
архітэктурныя (гісторыі архітэктуры, музеефікаваныя помнікі архітэктуры, народнага дойлідства, іншыя);
прыродазнаўчыя (прыродазнаўчыя шырокага профілю, геаграфічныя, біялагічныя, заалагічныя, батанічныя, геалагічныя, мінералагічныя, антрапалагічныя, іншыя);
тэхнічныя (політэхнічныя, па галінах тэхнікі (авіяцыі, сувязі і г.д.), іншыя);
галіновыя (музеі, якія прысвячаюцца асобным галінам дзейнасці) сельскагаспадарчыя, медыцынскія, чыгункі, транспарту, тэатра і музыкі, іншыя;
комплексныя (музеі, у дзейнасці якіх аб’ядноўваюцца розныя профільныя адгалінаванні) краязнаўчыя, архітэктуры і этнаграфіі, гісторыка-мастацкія, гісторыка-культурныя, іншыя.
Глава 5
КАМПЛЕКТАВАННЕ І ЎЛІК МУЗЕЙНЫХ ФОНДАЎ
17. Музейны фонд падзяляецца на фонд музейных прадметаў і фонд навукова-дапаможных матэрыялаў.
18. Фонд музейных прадметаў падзяляецца на асноўны фонд музейных прадметаў, абменны фонд.
19. Асноўны фонд – найбольш каштоўная частка фонду музейных прадметаў, якія адпавядаюць профілю музея і забяспечваюць усе віды яго дзейнасці.
Да асноўнага фонду належаць:
калекцыі і асобныя музейныя прадметы, якія звязаны з найважнейшымі з’явамі і падзеямі ў жыцці беларускага і іншых народаў, дзяржавы і грамадства, з развіццём культуры і быту, навукі і тэхнікі, мастацтва і літаратуры, з жыццём і дзейнасцю дзеячаў навукі, літаратуры, культуры і мастацтва, актыўных удзельнікаў гістарычных падзей;
творы выяўленчага, дэкаратыўна-прыкладнога (у тым ліку народнага), музычнага, тэатральнага і іншых відаў мастацтва;
калекцыі і асобныя прадметы геалогіі, палеанталогіі, мінералогіі, фаўны і флоры, якія характарызуюць прыродазнаўчую гісторыю;
рукапісы ўсіх відаў, уключаючы рукапісныя і старадрукаваныя кнігі, антыкварныя, рэдкія выданні;
нумізматычныя, геральдычныя, сфрагістычныя, эпіграфічныя калекцыі і асобныя прадметы;
калекцыі зброі і вайсковай атрыбутыкі, а таксама асобныя прадметы ваеннай тэматыкі;
фонапомнікі, пласцінкі, магнітафонныя стужкі, дыскі, кіна-, відэа- і аўдыафільмы.
іншыя прадметы, якія з’яўляюцца гістарычнай, навуковай, мастацкай і культурнай каштоўнасцю.
20. У асноўны фонд можа прымацца не больш чым пяць ідэнтычных прадметаў. У выключных выпадках гэта колькасць можа быць большай, калі:
усе музейныя прадметы з’яўляюцца унікальнымі;
складаюць камплект (напрыклад, 6 лыжак, набор 12 паштовак);
усе дублетныя экзэмпляры з’яўляюцца часткай манетнага скарбу або манетна-рэчавага скарбу;
усе дублетныя экзэмпляры ўваходзяць у склад калекцыі, якая была сабрана знакамітым вучоным, калекцыянерам, дзяржаўным дзеячам і іншым (напрыклад, бібліятэка пісьменніка, нумізматычная калекцыя).
21. Абменны фонд – асобная частка музейных прадметаў, якая прызначаецца для міжмузейнага абмену. У яго склад уваходзяць:
музейныя прадметы, якія не адпавядаюць профілю музея і трапілі ў музейныя фонды ў працэсе камплектавання выпадкова або памылкова;
дублетныя музейныя прадметы – музейныя прадметы, якія адпавядаюць профілю музея і складаюць асобную групу ідэнтычных прадметаў, колькасць якіх перавышае пяць адзінак, прынятых у асноўны фонд музея.
22.Абменны фонд выкарыстоўваецца для абмену з іншымі музеямі на прадметы, якія адпавядаюць профілю музея і могуць быць выкарыстаны ва ўсіх відах дзейнасці музея.
23. Фонд навукова-дапаможных матэрыялаў – частка фондаў музея, складаецца з матэрыялаў, якія набыты або спецыяльна распрацаваны і выраблены па заказу музея для раскрыцця зместу тэм экспазіцыі або выставы. Яны не валодаюць уласцівасцямі музейнага прадмета, не маюць статусу музейных прадметаў і выконваюць дапаможную функцыю ў працэсе вывучэння, выкарыстання і экспанавання музейных прадметаў і (або) музейных калекцый.
24. Да фонду навукова-дапаможных матэрыялаў адносяцца матэрыялы, якія замяняюць аўтэнтычныя прадметы:
копіі, муляжы, макеты, мадэлі, злепкі, рэплікі, дублікаты і інш.;
табліцы, схемы, дыяграмы, чарцяжы;
планы, карты;
рэканструкцыі;
ксеракопіі;
фотакопіі;
мікра- і макраздымкі;
копіі на электронных носьбітах.
25. Чарцёж, схема, план, карта або табліца маюць статус музейнага прадмета і залічваюцца ў асноўны фонд музея, калі яны з’яўляюцца арыгіналамі, творамі мастацтва, узорамі друкаванай прадукцыі альбо гэта рукапіс, зроблены вучоным, дзяржаўным дзеячам або іншай выдатнай асобай.
26. У некаторых выпадках дапускаецца аднясенне да фонду навукова-дапаможных матэрыялаў арыгінальных прадметаў, доўгатэрміновае захаванне якіх забяспечыць немагчыма. Да гэтай катэгорыі адносяцца: прадметы з саломы, пластыліну, гіпсу, харчовых прадуктаў (вясельны каравай), сінтэтычных і палімерных матэрыялаў, фарбавальнікі, узоры сельскагаспадарчых культур і іншых натуральных матэрыялаў.
27. Склад асноўнага, абменнага і фонду навукова-дапаможных матэрылаў фіксуецца ў кнізе ўліку, якая падзяляецца на тры часткі. У першую частку ўносяцца прадметы асноўнага фонду, у другую – абменнага фонду, у трэцюю – матэрыялы навукова-дапаможнага фонду.
28. Кніга ўліку, як дакумент ахоўнага і юрыдычнага парадку, павінна быць да запаўнення пранумаравана, прашнуравана, падпісана настаўнікам, які адказвае за дзейнасць музея, кіраўніком установы адукацыі і зацверджана пячаткай установы адукацыі.
29. Улік музейных фондаў прадугледжвае рэгістрацыю і навуковую інвентарызацыю музейных прадметаў згодна з дадаткам 1.
30. Прадметы, якія паступілі ў музей у дар або набытыя іншым шляхам, падлягаюць дакладнаму дакументальнаму ўліку. Першасны юрыдычны дакумент – акт прыёму, які афармляецца адразу па паступленні прадметаў ў музей згодна з дадаткам 2.
31. Акт прыёму прадметаў на пастаяннае захаванне складаецца ў двух экзэмплярах, кожны экзэмпляр падпісваецца настаўнікам, які адказвае за дзейнасць музея, і ўладальнікам, пры гэтым прозвішчы паўтараюцца ў дужках разборліва. Адзін экзэмпляр акта прыёму перадаецца ўладальніку прадмета музейнага значэння.
32. Акты прыёму абавязкова рэгіструюцца ў ”Кнізе рэгістрацыі актаў“ згодна з дадаткам 3.
33. Усе прадметы, што паступілі ў музей на пастаяннае захаванне пасля акціравання, уносяцца саветам музея ў адпаведную частку кнігі ўліку і парадкавы нумар па кнізе ўліку прастаўляецца на прадмеце і адначасова ў акце прыёму.
34. Перадача музейных прадметаў і музейных калекцый ад аднаго музея да іншага і ад музея да іншай арганізацыі на пастаяннае або часовае захоўванне ажыццяўляецца на падставе дамоўленасці паміж імі, а таксама пры наяўнасці пісьмовага дазволу органаў кіравання адукацыяй.
35. Асноўным дакументам для перадачы музейных прадметаў і (або) музейных калекцый на пастаяннае або часовае захоўванне з’яўляецца акт перадачы, які афармляецца згодна з дадаткам 4.
36. Акт перадачы рэгіструецца ў ”Кнізе рэгістрацыі актаў“.
37. Музейныя прадметы, захаванасць якіх не можа быць забяспечана музеем установы адукацыі, у мэтах гарантавання бяспекі павінны быць перададзены ў дзяржаўныя музеі сістэмы Міністэрства культуры са складаннем акта перадачы. Захаванне ўзораў халоднай і агнястрэльнай зброі ў музеі магчыма толькі пасля адпаведнага заключэння мясцовых органаў унутраных спраў.
38. Музеі, якія змяшчаюць у сваіх калекцыях прадметы з каштоўных металаў і камянёў павінны атрымаць ва ўстаноўленым парадку ліцэнзію на музейную дзейнасць або ў мэтах гарантавання бяспекі павінны перадаць каштоўнасці ў дзяржаўныя музеі сістэмы Міністэрства культуры са складаннем акта перадачы.
39. Па правілах уліку, захавання і выкарыстання гісторыка-культурных каштоўнасцей на музеі распаўсюджваюцца палажэнні нарматыўных прававых актаў, якія дзейнічаюць для дзяржаўных музеяў Міністэрства культуры.
40. Музейныя прадметы і музейныя калекцыі з’яўляюцца дзяржаўнай уласнасцю і не падлягаюць звароту іх ранейшым уласнікам, акрамя выпадкаў, прадугледжаных заканадаўствам.
41. Юрыдычная адказнасць за арганізацыю захаванасці фондаў музея ўскладаецца на кіраўніка ўстановы адукацыі, у якой функцыянуе музей, і настаўніка, які адказвае за дзейнасць музея.
42. Музею, работа якога адпавядае патрабаванням дадзенага Палажэння, рэспубліканскім, абласнымі (Мінскім гарадскім), раённымі цэнтрамі турызму і краязнаўства навучэнскай моладзі прысвойваецца званне ”Музей установы адукацыі“ і выдаецца пашпарт.
43. Музею, які працуе больш за пяць гадоў, праводзіць вялікую культурна-адукацыйную і грамадска-карысную работу сярод навучэнцаў установы адукацыі і грамадскасці, актыўна ўдзельнічае ў раённых, абласных і рэспубліканскіх мерапрыемствах рэспубліканскім і абласнымі (Мінскім гарадскім) цэнтрамі турызму і краязнаўства надаецца найменне ”ўзорны“.
Глава 6
УКЛЮЧЭННЕ МУЗЕЙНЫХ ПРАДМЕТАЎ І МУЗЕЙНЫХ КАЛЕКЦЫЙ У МУЗЕЙНЫ ФОНД РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ І ДЗЯРЖАЎНЫ КАТАЛОГ МУЗЕЙНАГА ФОНДУ
44. Музейны фонд Рэспублікі Беларусь (далей – Музейны фонд) уяўляе сабой сукупнасць музейных фондаў дзяржаўных музеяў сістэмы Міністэрства культуры і асобных музейных прадметаў і калекцый музеяў устаноў адукацыі і прыватных музеяў.
45. Музейныя прадметы і музейныя калекцыі музеяў устаноў адукацыі ўключаюцца ў Музейны фонд на падставе пісьмова аформленых заяў.
46. Музеі прадстаўляюць у рэгіянальныя дзяржаўныя музеі сістэмы Міністэрства культуры пісьмовую інфармацыю аб наяўнасці музейных прадметаў і музейных калекцый, якія з’яўляюцца найбольш каштоўнымі і могуць быць уключаны ў Музейны фонд Рэспублікі Беларусь.
47. Упаўнаважаная камісія (далей – камісія), якая складаецца з супрацоўнікаў рэгіянальных дзяржаўных музеяў сістэмы Міністэрства культуры і органаў кіравання адукацыяй, разглядае мэтазгоднасць уключэння музейных прадметаў і музейных калекцый у Музейны фонд.
48. Камісія абавязана забяспечыць прадстаўленне ў Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь дакладнай інфармацыі аб гэтых музейных прадметах і музейных калекцыях для ўнясення яе ў Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь.
49. Музейныя прадметы і музейныя калекцыі, уключаныя ў Музейны фонд, з’яўляюцца неад’емнай часткай культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь.
50. Забараняецца выкарыстанне музейных прадметаў і музейных калекцый, уключаных у Музейны фонд, ва ўмовах, якія ствараюць пагрозу іх захаванню і (або) могуць прывесці да іх пашкоджання, страты або знішчэння. У мэтах забеспячэння захавання музейных прадметаў і музейных калекцый, уключаных у Музейны фонд, камісія накіроўвае спецыялістаў, якія ўстанаўліваюць спецыяльны рэжым захоўвання каштоўных экспанатаў, праводзяць кансервацыю і (або) рэстаўрацыю.
51. Музейныя прадметы і музейныя калекцыі, уключаныя ў Музейны фонд, могуць перадавацца ад аднаго музея да другога ў парадку ўніверсальнай правапераемнасці, у парадку абмену на іншы музейны прадмет і (або) музейную калекцыю ці іншым спосабам, які не супярэчыць заканадаўству, толькі па дамоўленасці паміж установамі адукацыі, структурнымі падраздзяленнямі якіх з’яўляюцца музеі, і з дазволу Міністэрства культуры.
52. Музейныя прадметы і музейныя калекцыі выключаюцца з Музейнага фонду ў выпадку, калі яны:
пашкоджаны ў такой ступені, што іх немагчыма рэстаўрыраваць;
страчаны або знішчаны ў выніку ўздзеяння прыродных фактараў;
выкрадзены, што пацвярджаецца адпаведнымі дзяржаўнымі органамі.
53. Пытаннямі выключэння музейных прадметаў і (або) музейных калекцый з Музейнага фонду займаецца ўпаўнаважаная камісія.
“____”___________200____г.
М.П.
А К Т №____
“____” _____________ 200____г.
з аднаго боку, і фізічная асоба ці прадстаўнік арганізацыі __________________________________________________________________________________________________________________________________________________________________________________________
з другога боку ў тым, што першыя прынялі, а другі здаў у пастаяннае захоўванне наступныя музейныя прадметы і матэрыялы:
Акт складзены ў ___ экз. і ўручаны падпісаўшым яго асобам
“____”__________200____г.
М.П.
А К Т №____
“____” _____________ 200____г.
____________________________________________________________________________________________________________________________
(назва арганізацыі, пасада, прозвішча, імя, імя па бацьку асобы, якая прыняла прадметы)
___________________________________________________________________________________________________________________________,
што першыя выдалі, а другі прыняў у пастаяннае або часовае захоўванне наступныя музейныя прадметы і матэрыялы:
Акт складзены ў ___ экз. і ўручаны падпісаўшым яго асобам