Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь




старонка3/3
Дата канвертавання20.03.2016
Памер1 Mb.
1   2   3

Лекцыя 4 Абсалютызм у краінах Паўднёва-

заходняй Еўропы
4.1 Асаблівасці фарміравання абсалютызму іспанскіх Габсбургаў.

4.2 Эканамічны ўздым і асветніцкі абсалютызм у Іспаніі ў XVIII ст.

4.3 Асноўныя тэндэнцыі развіцця Партугаліі ў другой палове XVII – XVIII ст. і фарміраванне абсалютысцкай сістэмы.

4.4 Асаблівасці сацыяльна-эканамічнага развіцця і фарміравання палітычных структур Італіі ў XVI – XVIII ст.



Літаратура

Кандэлоро, Дж. История современной Италии. [Текст]. / Дж. Кандэлоро. – М., 1978. – Т. 1.

История Италии. [Текст]. В 3-х т. – М., 1971. – Т. 1.

История Европы. [Текст]. Т.3, 4. – М.,1990, 1994.


4.1 Спецыфіка фарміравання абсалютызму ў Іспаніі звязана з асаблівасцямі сацыяльна-эканамічнага развіцця гэтай краіны. У Іспаніі ўжо ў XVI ст. адбываўся працэс экспрапрыяцыі дваранствам абшчынных зямель. Сяляне выцясняюцца на горшыя землі. Унутраны гандаль быў абмежаваны толькі мясцовымі рынкамі. Знешні (каланіяльны) гандаль з’яўляўся манаполіяй прывілегіраваных гандалёвых кампаній. Мануфактура пачынае развівацца ў XV – XVI ст., але ў сярэдзіне XVII ст. іспанская мануфактура прыходзіць у заняпад.

Важная асаблівасць гістарычнага працэсу ў Іспаніі ў пачатку новага часу – засілле каталіцкай царквы. Яна дабілася як эканамічнай, так і палітычнай самастойнасці ад дзяржавы. Умяшанне царквы ва ўнутраную палітыку адмоўна адбілася на эканамічным развіцці краіны. Праследаванні па яе ініцыятыве марыскаў і іншых рэлігійных дыседэнтаў прывялі да значнага скарачэння колькасці насельніцтва (з 10 да 6,5 млн.) і заняпаду рамясла, якое раней адыгрывала важную ролю ў развіцці іспанскай эканомікі.

Войны Рэканкісты выхоўвалі шырокія масы народа ў духу палітычнай актыўнасці і спрыялі стварэнню вялікай колькасці органаў самакіравання ў выглядзе разнастайных магістратур, якія часта не былі абмежаваны ніякімі цэнтральнымі інстытутамі ці законамі. Гарады і дваранства прысвоілі сабе шматлікія прывілеі, “фуэрос”. Цэнтралізацыі Іспаніі перашкаджала тое, што гэтае каралеўства фарміравалася з розных абласцей, якія моцна адрозніваліся па культурных і дзяржаўных традыцыях. астурыя, Леон, Галісія, Касцілія мелі готскія традыцыі. Навара, Арагон, Каталонія – франкскія. Іспанія першапачаткова ўяўляла сабою федэрацыю двух каралеўстў: Арагона і Касціліі. Таму для іспаніі на працягу ўсяго новага часу былі характэрны моцныя сепаратысцкія тэндэнцыі.

Умацаванне каралеўскай улады адбылося пры Карле І (як імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі – Карл V). Але ён быў не столькі іспанскім каралём, колькі імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі. Адпаведна, яго намаганні былі накіраваны на ўмацаванне манархічнай улады ў рамках ствараемай ім універсальнай імперыі. Яго сын, Філіп ІІ, быў ужо ўласна іспанскім каралём, і ён працягнуў намаганні свайго бацькі па ўмацаванню манархіі, але ўжо ўласна іспанскай. На думку Г. Кёнігсберга, пры гэтым манарху ўжо можна гаварыць пра ўсталяванне ранняга абсалютызму ў адной з частак іспаніі – у Касціліі. Філіп ІІ усё больш і больш ставіў у падначаленне мясцовыя картэсы і без усялякага супраціўлення з іх боку ўводзіў новыя падаткі.

Важную ролю ў кіраванні краінай сталі іграць летрадо – чыноўнікі з юрыдычнай, ці тэалагічнай адукацыяй. Яны да канца XVI ст. моцна пацяснілі знаць у справе кіравання дзяржавай.

У час трыцацігадовай вайны Іспанія панесла вялікія страты. Быў пастаўлены пад сумненне статус Іспаніі як вялікай дзяржавы. Кароль Філіп ІV адмовіўся падпісаць Вестфальскі мір у 1648 г. і працягваў вайну з Францыяй спачатку ў саюзе з Англіяй. У 1655 г. Кромвель парваў саюз з Іспаніяй і заключыў яго з Францыяй. У 1659 г. Філіп ІV пайшоў на заключэнне нявыгаднага міру з Францыяй. Буйной знешнепалітычнай няўдачай Іспаніі стала і тое, што ў 1665 г. яна вымушана была прызнаць незалежнасць Партугаліі.

У 1665 г. пачынаецца цараванне апошняга іспанскага Габсбурга Карла ІІ. Пры ім рэальная ўлада канцэнтруецца ў руках фаварытаў. У Еўропе чакалі хуткай смерці караля, здороўе якога было слабым. Паколькі ў яго не было наследніка, то пры двары разгарнулася барацьба дзвюх партый. Французская партыя выступала за тое, каб трон пасля смерці Карла ІІ перайшоў да французскіх Бурбонаў. Нямецкая, ці аўстрыйская партыя дамагалася перадачы трона аўстрыйскім Габсбургам. На першым этапе царавання Карл ІІ дзейнічае ў русле французскай палітыкі, але потым ён далучаецца да антыфранцузскіх кааліцый. Войны апошняй трэці XVII ст. былі для Іспаніі няўдалымі. Яна страчвае частку сваіх земель ў Паўднёвых Нідэрландах. Другі шлюб Карла ІІ спрыяў умацаванню пры двары германскай партыі, але перад смерцю ён прызначае сваім наследнікам французскага прынца.

Да XVIII ст. абсалютная манархія усталявалася толькі ў адной частцы Іспанскага каралеўства – Касціліі. Тут, за выключэннем некаторых аўтаномных абласцей (Навара, Галісія Астурыя), ужо склаліся адзіныя цэнтралізаваныя падатковая, мытная і адміністрацыйная сістэмы. Асаблівасцю касцільскай абсалютнай манархіі было тое, што яна развівалася ў саюзе з арыстакратыяй. Капіталістычны ўклад у Іспаніі быў вельмі слабы. Таму бюргерства не ўяўляла тут значнай эканамічнай і палітычнай сілы. У Іспаніі не было сацыяльнай базы для правядзення манархіяй палітыкі лавіравання паміж дваранствам і буржуазіяй, характэрнай для класічнага абсалютызму.

Старая сістэма саветаў, як органаў кіравання, якія засядалі ў Мадрыдзе, была разгалінаванай. Дзейнічалі дзяржаўны і ваенны саветы, саветы якія кіравалі асобнымі тэрыторыямі, існаваў інквізіцыйны савет. З умацаваннем абсалютысцкай тэндэнцыі кароль пачынае фарміраваць бюракратычную сістэму кіравання. Але з-за засілля арыстакратыі ў каралеўскіх саветах аказалася вельмі складанна стварыць кіруючыя органы міністэрскага тыпу. Толькі ў пачатку XVIII ст. ў Касціліі быў створаны кабінет-савет, у якім міністры ўзначальвалі пэўныя ведамствы. Картэсы Касціліі ў другой палове XVII ст. кароль ужо не збірае, але юрыдычна яны не спыняюць сваё існаванне. Картэсы мелі пастаянна дзеючыя органы – дэпутацыі, якія засядалі ў Мадрыдзе і давалі згоду на збор падаткаў. З 1660 г. урад стаў вырашаць пытанні ўвядзення новых падаткаўметадам апытання прадстаўленых у картэсах гарадоў паасобку і з дапамогаю ціску дамагаўся патрэбнага выніку. Але пры гэтым гарады Касціліі захоўвалі значную самастойнасць. Абсалютызм Касціліі аказаўся няздольны правесці фінансавую рэформу. Алькаба – асноўны прамы падатак, па-ранейшаму аддаваўся адкупшчыкам. Дваранства і духавенства па-ранейшаму мела падатковы імунітэт. Таму фінансавыя рэсурсы каралеўскай улады заставаліся адносна невялікімі.

Арагонскія землі мелі свае звычаі і традыцыі, і кароль асабіста, ці праз віцэ-караля, прыносіў прысягу на іх захаванне. Тут дзейнічалі дастаткова ўплывовыя картэсы, якія ў канцы XVII ст. склікаліся ўжо не рэгулярна. Затое працягвалі засядаць дэпутацыі, якія ваціравалі падаткі. Шырокай аўтаноміяй карысталіся гарады Арагона. Існаваў мясцовы суд побач з каралеўскім. У Мадрыдзе пры каралю існаваў арагонскі савет. Можна канстатаваць, што ўлада караля ў Арыгоне ў канцы XVII ст. была даволі моцнай па мерках саслоўна-прадстаўнічай манархіі, але яшчэ далёкай ад абсалютызму. Кароль ужо прызначаў важнейшых адміністратыўных асоб Арагона. Не была завершана цэнтралізацыя Іспаніі. Землі Арагона і Касціліі былі аддзелены мытнымі граніцамі.

У 1700 г. на трон уступае Філіп V Бурбон (правіў па 1746 г.). Гэта выклікала Вайну за іспанскую спадчыну. Яна прынесла Іспаніі вялікія эканамічныя страты. У 1703 г склалася пагроза таго, што Філіп V будзе звергнуты з іспанскага трона. Важную ролю ў поспехах аўстрыйскага эрц-герцага Карла адыгрывала тое, што на яго бок перайшло дваранства і гарады Арагона. 25 красавіка 1707 г. Філіп V атрымаў буйную перамогу пры Альмансе. Дзякуючы ёй ён падначаліў сабе землі Арагона. Былі знішчаны ўсе прывілеі арагонскіх зямель, картэсы распушчаны, арагонскі савет ліквідаваны, у гарады Арагона назначаны каралеўскія чыноўнікі.

Па Утрэхцкаму міру 1713 г. большасць вядучых дзяржаў Еўропы прызнала Філіпа V іспанскім каралём. У Іспаніі яму давялося сутыкнуцца з мецяжом у Каталоніі. 11 верасня 1714 г. каралеўская армія авалодала Барселонай, сталіцай Каталоніі. З завяршэннем Вайны за іспанскую спадчыну і падаўленнем унутраных мецяжоў Філіп V умацоўвае абсалютызм. З 1709 г. ён пачынае склікаць агульнаіспанскія картэсы. Але з цягам часу яны склікаюцца ўсё радзей, а функцыі іх былі абмежаваны, і яны ўжо не мелі пастаянных органаў. На ўсе землі Арагонскага каралеўства пачынаюць распаўсюджвацца некаторыя падаткі Касціліі. Але асноўны прамы падатак алькабала застаўся чыста касцільскім. Ідэя распаўсюджвання яго на Арагон сустрэла моцную крытыку і ад яе прыйшлося адмовіцца. У 1717 г. у Іспаніі былі адменены ўнутраныя мытні, што было важным крокам на шляху ўмацавання адзінства краіны.

Істотныя змены адбыліся ў цэнтральным апараце кіравання. У 1714 г. быў утвораны савет міністраў як вышэйшы орган дзяржаўнага кіравання. Старыя каралеўскія саветы захавалі чыста дарадчыя функцыі. У студзені 1716 г. кароль выдае дэкрэт аб кіраванні ў Каталоніі, згодна якому ў гэтай правінцыі ўсталёўвалася ваенная дыктатура генерал-капітана. Ваеннае кіраванне, апрабаванае ў Каталоніі, стала распаўсюджвацца і на некаторыя іншыя правінцыі. У 1718 г. кароль робіць спробу паставіць на чале правінцый інтэндантаў. Але гэты крок караля сустрэў вельмі моцнае супрацьдеянне на месцах, і ў 1724 г. ён часова ліквідаваў гэты інстытут. У 1749 г. інтэнданты зноў былі пастаўлены на чале правінцый.

4.2 XVIII ст. – гэта час пэўнага эканамічнага ўздыму ў Іспаніі. Але ён ахапіў толькі іспанскую прамысловасць. У сельскай гаспадарцы захоўваецца застой. Барселона вызначалася развіццём тэкстыльнай мануфактуры, у Астурыі ствараліся металургічныя прадпрыемствы. Нягледзячы на паскарэнне развіцця мануфактуры, пануючай формай прамысловай вытворчасці застаецца рамяство.

На вёсцы асноўная маса зямлі належыць вышэйшай знаці (грандам) і каталіцкай царкве, якая атрымоўвае велізарныя даходы. Дробныя дваране хутка бяднеюць. Большая частка дваранскіх земляўладанняў складаюць майараты, што істотна перашкаджае развіццю таварна-грашовых адносін. Вышэйшая знаць значную частку сваіх даходаў атрымоўвае ад эксплуатацыі калоній. У адрозненні ад перадавых краін Еўропы, XVIII ст. стала для Іспаніі часам умацавання эканамічных і палітычных пазіцый арыстакратыі. Асаблівасцю трэцяга саслоўя ў Іспаніі было тое, што ў ім была вельмі нізкая ўдзельная вага буржуазіі.

У сярэдзіне XVIII ст. у Іспаніі пачынаюць распаўсюджвацца ідэі асветніцтва. Іспанскія асветнікі ў сваіх працах займаліся вырашэннем эканамічных і эстэтычных праблем. Распаўсюджванне ідэй Асветніцтва стала тэарэтычнай базай для фарміравання ў Іспаніі асветніцкага абсалютызму. Правядзенне гэтай палітыкі пачынаецца ў час царавання Карла ІІІ (1759   1788). Да ўлады прыходзіць група рэфармістаў на чале з графам Арандай. Асветніцкі рух у Іспаніі вызначаўся сваёй элітарнасцю і нязначнасцю па еўрапейскіх мерках. Асноўнай арганізацыйнай структурай асветніцкага руху былі салоны. Заснавальнікам іспанскага асветніцтва быў Б.Х. Фейхао-Монтэнегро. Асноўным стрыжнем яго вучэння стала ідэя аб неабходнасці падтрымання ў краіне цэнтралізаванай манархіі, апорай якой павінен быць шчаслівы працвітаючы народ. Гэтыя ідэі і былі пакладзены Арандай у аснову палітыкі асветніцкага абсалютызму.

Асноўная задача рэформ Аранды заключалася ва ўмацаванні каралеўскай улады. Для гэтага ён імкнуўся аслабіць надзвычай моцны ў Іспаніі ўплыў каталіцкай царквы. У 1767 г. з Іспаніі быў выгнаны ордэн іезуітаў, а яго маёмасць была канфіскавана. Была праведзена аграрная рэформа, згодна якой сялянам у арэнду здаваліся землі кароны. У 60 – 70-я гады XVIII ст. рэалізаваўся праект засялення нямецкімі і французскімі каланістамі зямель у цэнтры Перынейскага паўвострава. Аграрныя пераўтварэнні мелі на мэце павелічэнне колькасці падаткаплацільшчыкаў, каб умацаваць фінансавае становішча манархіі.

Рэформы Аранды выклікалі моцнае супраціўленне арыстакратыі і духавенства, якія дабіліся яго адстаўкі. Пасля гэтага, хоць і больш асцярожна, рэформы працягваліся. У 1773 г. ідальго было дазволена займацца гандлем, а ў 1783 г. рамяством. Паступова былі зняты шматлікія абмежаванні на гандаль з калоніямі, і ўсе іспанскія порты атрымалі права на гандаль з Амерыкай. Элементам эканамічнай палітыкі стаў пратэкцыянізм, заахвочванне мануфактур, адмена цэхавых абмежаванняў. Гэта паскорыла эканамічнае развіццё краіны, асабліва Каталоніі. Яна была адзінай правінцыяй Іспаніі, дзе мануфактурная вытворчасць пераважала над рамёствамі. Бала значна пашырана сістэма адукацыі. Смерць Карла ІІІ, а затым пачатак французскай рэвалюцыі прывялі да поўнага згортвання рэформ. На рэфарматараў абрынуліся рэпрэсіі інквізіцыі, якую яны так і не рашыліся ліквідаваць. У цэлым палітыка асветніцкага абсалютызму мела ў Іспаніі абмежаваны характар. Яна некалькі ўмацавала каралеўскую ўладу, але мала змяніла традыцыйныя грамадскія адносіны.

4.3 Для партугальскай манархіі быў характэрны традыцыйны саюз з арыстакратыяй. Партугальская буржуазія да канца XVII ст. была надзвычай слабой. Яна не магла выступаць як супрацьвага арыстакратыі. Таму партугальскі абсалютызм не мог сфарміравацца класічна на аснове балансавання паміж дваранствам і буржуазіяй. Важным фактарам для фарміравання партугальскага абсалютызму стала наяўнасць вялікай каланіяльнай імперыі. Эксплуатацыя калоній давала манархіі вялікія сродкі, што дазваляла ёй задавальняць патрэбы арыстакратыі і захоўваць самастойнасць.

У 1640 г. у Патугаліі адбылося паўстанне, у выніку якога яна вызвалілася з-пад іспанскага панавання. За час панавання іспанцаў гаспадарка Партугаліі была істотна падарвана. Сітуацыя ўскладнялася вайной з Іспаніяй, якая да 1668 г. не прызнавала незалежнасць Партугаліі. Найбольш актыўнымі прыхільнікамі незалежнасці выступала сярэдняе і дробнае правінцыйнае партугальскае дваранства. Арыстакратыя ж аказалася расколатай. Многія арыстакратычныя сем’і перабраліся ў Мадрыд у час іспанскага панавання і адпалі ад партугальскай кароны.

На партугальскім троне замацавалася Браганская дынастыя. Яе першым каралём быў Жаан IV (1640 – 1656). Ён праводзіў традыцыйную для партугальскай манархіі палітыку апоры на арыстакратыю. Перш за ўсё кароль імкнуўся аднавіць зменшыўшуюся колькасна арыстакратыю. Для гэтага рады грандаў папаўняліся за кошт адданага дынастыі дробнага дваранства. Але гэтай падтрымкі ва ўмовах вайны з Іспаніяй было не дастаткова. Таму Жаан IV шукае падтрымкі ў розных сасловій. У сілу гэтага ў Партугаліі часова ўзрастае роля саслоўна-прадстаўнічых органаў – картэсаў. Яны часта склікаліся, мелі манапольнае права на ваціраванне падаткаў, фарміравалі свой пастаянна дзеючы орган – Камітэт трох сасловій, для кантролю за дзейнасцю фінансавай адміністрацыі.

Пасля заключэння міру з Іспаніяй роля картэсаў адразу рэзка знізілася. Кароль склікае іх вельмі рэдка. Яны пазбавіліся права ваціраваць падаткі і займаліся толькі дынастычнымі пытаннямі. У кіраванні краінай кароль стаў абапірацца на сістэму саветаў, у якіх галоўную ролю адыгрывалі прадстаўнікі арыстакратыі. Каб аслабіць яе ўплыў, кароль стаў шырока выкарыстоўваць для кіравання краінай і сакратароў каралеўскага кабінета. Адзін з іх, які ведаў агульнай палітыкай, стаў называцца дзяржаўным сакратаром. Незалежнасць манархіі ад арыстакратыі ўмацоўвалася і дзякуючы спецыфіцы падатковай сістэмы. Карона 75% сваіх даходаў атрымоўвала дзякуючы ўскосным падаткам на знешні гандаль, увядзенне якіх не патрабавала згоды сасловій. Фінансавыя магчымасці манарха павялічыліся, калі ў канцы XVII ст. у Бразіліі пачалася здабыча золата.

У першай палове XVIII ст. Партугалія ў сацыяльна-эканамічным плане застаецца адсталай краінай. Гэта параджае неабходнасць рэформ, ажыццяўлення палітыкі асветніцкага абсалютызму. Правядзенне яе звязана з праўленнем Жозе І (1750 – 1777) і яго першага міністра маркіза Памбала. Ён імкнуўся да цэнтралізаванага кіравання краінай, падтрымліваў развіццё гандлю. Каб падавіць супраціўленне з боку кансерватыўных сіл, ён ператварыў Партугалію ў сапраўдную паліцэйскую дзяржаву, шырока выкарыстоўваў тэрор. У аснове яго эканамічнай палітыкі былі ідэі меркантылізму. Памбала імкнуўся да павелічэння вытворчасці хлеба ў краіне і змяншэння яго імпарту, каб грошы не выцякалі з краіны. Для нарошчвання экспарту ствараліся гандлёвыя манапольныя кампаніі, якія падтрымліваліся дзяржавай. Атрымала распаўсюджванне практыка стварэння каралеўскіх мануфактур. Памбала лічыў, што каталіцкая царква з’яўляецца перашкодай на шляху мадэрнізацыі Партугаліі, таму набходна абмежаваць яе ўплыў. У 50-я гады XVIII ст. ён разгарнуў барацьбу з іезуітамі. У 1759 г. была праведзена канфіскацыя маёмасці ордэна іезуітаў. Рэформа адукацыі ў 1759 г. прывяла да адкрыцця значнай колькасці пачатковых школ, рэарганізацыі універсітэтаў, з'явіліся тэхніка-эканамічныя вучэбныя ўстановы – "Гандлёвая школа" і інш.

Ідэалогія асветніцтва не атрымала значнага распаўсюджвання ў Партугаліі. Царкоўная цэнзура была адменена, але ёй на змену прыйшла дзяржаўная. Кнігі асветнікаў заставаліся пад забаронай. Атрымоўвалася так, што рэформы, праводзіўшыеся ў духу Асветніцтва, не абапіраліся на асветніцкую ідэалогію. Таму ў значнай ступені ўмоўна можна гаварыць аб асветніцкім абсалютызме ў Партугаліі. Памбала выступаў як апекун буржуазіі, але гэта робіцца каб выкарыстаць багацце буржуазіі для ўмацавання абсалютысцкай дзяржавы. Панаванне арыстакратыі не было зломлена, нягледзячы на тое, што асобныя яе прадстаўнікі падвергліся рэпрэсіям. Палітыка Памбала не атрымала шырокай падтрымкі ў грамадстве. Супраць яе рашуча выступілі кансерватыўныя колы. Дробная і сярэдняя буржуазія была незадаволена стварэннем манаполій. Пасля смерці Жозе І у 1777 г. палітыка асветніцкага абсалютызму была згорнута. Яна не аказала істотнага ўплыву на развіццё Партугаліі.

4.4 У Італіі ўмацаванне манархічнай улады адбывалася на мясцовым узроўні, у межах тых невялікіх дзяржаў, на якія яна была раздроблена. У савойскім герцагстве ў другой палове XVI ст. у час праўлення герцага Эмануіла Феліберта рэзка ўзмацняецца цэнтралізатарская тэндэнцыя. Усё кіраванне канцэнцэнтруецца ў руках герцага. Саслоўныя органы больш не склікаюцца. Бюракратычны апарат бярэ пад свой кантроль традыцыйную мясцовую адміністрацыю. Адбываецца ўніфікацыя судовай сістэмы. Дваранства было пазбаўлена ранейшай палітычнай самастойнасці, але захавала феадальные правы ў дачыненні да сялян.

У неапалітанскім каралеўстве фарміраванне абсалютысцкай сістэмы ішло ва ўмовах іспанскага панавання. Вярхоўная ўлада належала віцэ-каралю. Ён праводзіў палітыку, накіраваную на абмежаванне правоў мясцовых баронаў, часта абапіраючыся на вярхушку трэцяга саслоўя. Але гэтая палітыка была непаслядоўнай. У Неапалітанскім каралеўстве, як і Савойскім герцагстве, абсалютызм складваўся ва ўмовах, калі сацыяльная структура грамадства была для гэтага яшчэ не гатова. У Неапалітанскім каралеўстве эканамічнае развіццё і непаслядоўная палітыка іспанскіх улад спрыяла далейшаму ўмацаванню дваранства і аслабленню буржуазіі. У выніку фарміраванне абсалютызму тут спынілася на пачатковай стадыі.

Пасля Вестфальскага дагавора Італія засталася раздробленай, знаходзілася пад уплывам моцных еўрапейскіх дзяржаў: Іспанія валодала Мантуяй, Міланам, Неапалем, Сіцыліяй. Значны ўплыў мела і Францыя. Толькі Савойскае герцагства змагло захаваць сваю самастойнасць. Італія перажывала эканамічны заняпад. Трыцацігадовая вайна, іспанскае панаванне падарвалі эканоміку краіны. Іспанскія Габсбургі бачылі асноўную задачу свайго праўлення ў Італіі ў тым, каб выкачваць з яе максімум сродкаў. Гандль і земляробства прыходзяць у заняпад, прамысловасць знікла амаль цалкам, не вытрымаўшы замежнай канкурэнцыі. Ва ўмовах рэгрэсу прамысловасці італьянскім экспартам становіцца выключна прадукцыя сельскай гаспадаркі. Тармазіла развіццё мануфактур і раздробленасць краіны, шматлікія ўнутраныя мытныя граніцы. Развіццё капіталізму было прыпынена і адкінута назад. Больш павольна да эканамічнага заняпаду рухалася Венецыянская рэспубліка. Гэты працэс паскорыўся з-за турэцкай экспансіі. На працягу другой паловы XVII – пачатку ХVІІІ ст. Венецыя вядзе амаль бесперапынныя вайны супраць Турцыі, у якіх церпіць паражэнне. Па дагавору 1717 г. яна саступіла Турцыі ўсе свае ўладанні на Усходзе.

У сацыяльнай сферы адбываецца размыў буржуазных слаёў грамадства. Буржуазія пачынае актыўна ўкладаць сродкі не ў прамысловасць і гандаль, а набывае землю. Дзякуючы гэтаму многія буржуа пераходзілі ў дваранскае саслоўе. У сельскай гаспадарцы панавала буйная зямельная ўласнасць, але меліся і рэгіянальныя асаблівасці. На Поўдні латыфундыі працавалі на рынак і паступова ператвараліся ў рыначныя гаспадаркі. Яны выкарыстоўвалі працу сельскіх батракоў. На Поўначы сеньёры не вялі гаспадарку самі. Яны здавалі зямлю ў арэнду на ўмовах іздольшчыны.

Новыя спусташэнні Італіі прынесла Вайна за іспанскую спадчыну. іспанскае панаванне ў Італіі было падарвана. Перавагу на Апенінскім паўвостраве атрымала Аўстрыя. У час Вайны за іспанскую спадчыну ўзмацнілася Савайскае герцагства. Герцаг Віктар Амадей ІІ у 1713 г. атрымаў тытул караля. У першай палове XVIII ст. на тэрыторыі Ітьаліі адбывалася шмат войнаў, у ходзе якіх Іспанія спрабавала вярнуць свае ўладанні. У выніку іх Сардзінія далучаецца да Савойскага герцэгства, і з 1720 г. стала ўжывацца назва Сардзінскае каралеўства (Савойя, П'емонт, Сардзінія). Сіцылія адыйшла да Неапалітанскага каралеўства, якое яшчэ называюць Каралеўствам абедзвюх Сіцылій. Поўночная Італія засталася пад кантролем Аўстрыі, якая спрабавала захапіць і Генуэзскую рэспубліку.

Пасля 1748 г. у Італіі ўсталяваўся мір, і пачаўся эканамічны ўздым краіны. Ён ахапіў у найбольшай ступені Ламбардыю, П'емонт, Таскану. Тут сельская гаспадарка прыносіла значныя даходы. У выніку італьянская буржуазія аддае перавагу капіталаўкладанням у сельскую гаспадарку. Пры гэтым буржуа часта зганялі з зямлі тардыцыйных трымальнікаў і арганізоўвалі буйныя фермы капіталістычнага тыпу. А ўчарашнія арандатары працавалі на іх у ролі батракоў. Пачынае адраджацца і прамысловасць, перш за ўсё шоўкаткацтва на тэрыторыі Ламбардыі, П'емонта. Менавіта ў гэтай галіне ўзнікае шэраг цэнтралізаваных мануфактур, на некаторых з якіх працавала па некалькі соцен рабочых. Актыўней сталі развівацца рамяство і рассеяныя мануфактуры.

У Цэнтральнай і Паўднёвай Італіі эканамічны ўздым быў менш прыкметны. Тут на вёсцы таксама з’яўляюцца буйныя арандатары. Але яны не вядуць гаспадарку самастойна, а здаюць сялянам землю ў субарэнду. На Поўдні імкліва павялічваліся натуральныя плацяжы, бо на замежных рынках хутка раслі цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю. Новая аграрная буржуазія на Поўдні захоўвае феадальныя спосабы эксплуатацыі сялян, у выніку чаго фарміруецца яе саюз з дваранствам. Тым не менш, буржуазнае землеўладанне расло. Гэты працэс суправаджаўся захопам абшчынных зямель і згонам сялян з зямлі. На шляху развіцця эканомікі застаецца шмат перашкод: палітычная раздробленнасць, замежнае панаванне, сярэдневякавыя рэгламентацыі, вузкі ўнутраны рынак.

У другой палове XVIII ст. для палітычнага жыцця былі характэрны рэформы ў духу асветніцкага абсалютызму. Перадумовай для іх ажыццяўлення стала распаўсюджанне ідэй Асветніцтва. Найбольш значнымі прадстаўнікамі гэтай ідэйна-палітычнай плыні ў Італіі з’яўляліся Джамбаціста Віко і Чэзарэ Бекарыа. Рэформы былі нацэлены на пераадоленне сацыяльна-эканамічнай і палітычнай адсталасці Італіі. Для італьянскіх дзяржаў было характэрна засілле каталіцкай царквы, якая часта ўшчамляла інтарэсы свецкай улады. Таму адным з напрамкаў рэформ сталі меры па абмежаванню ўмяшання каталіцкай царквы ў дзяржаўныя справы. У неапалітанскім каралеўстве ўлады забаранілі пашырэнне царкоўнага землеўладання, урэзалі правы царкоўных судоў, забаранілі інквізіцыю, закрылі шэраг манастыроў і забаранілі дзейнасць царкоўных ордэнаў, канфіскаваўшы іх маёмасць.

Нарастаўшыя фінансавыя цяжкасці прымушалі правесці падатковыя рэформы. У Парме, Таскане, Неапалітанскім каралеўстве адбылося абмежаванне падатковага імунітэту дваранства і духавенства, была адменена сістэма перадачы збору падаткаў адкупшчыкам. У Ламбардыі была праведзена рэвізія ўсіх зямельных уладанняў і па яе выніках уведзены пазямельны падатак для ўсіх сасловій. Гэта ўмацоўвала фінансавае становішча мясцовых манархаў. Найбольш яскравым прыкладам манарха-асветніка ў Італіі стаў герцаг Тасканы Петр Леапольд. Ён пашырыў мясцовае самакіраванне, увёў новы крымінальны кодэкс, які грунтаваўся на асветніцкіх ідэях Ч. Бекарыа. Але рэформы ў цэлым не змянілі феадальны характар сацыяльна-эканамічных і палітычных структур у італьянскіх дзяржавах.
Пытанні для самакантроля

1 Ахарактарызуйце дзяржаўны лад Іспаніі пры Карле І і Філіпе ІІ.

2 Якія асаблівасці ўтварэння іспанскай дзяржавы паўплывалі на працэс фарміравання іспанскага абсалютызму?

3 Як характар эканамічнага развіцця Іспаніі паўплываў на асаблівасці абсалютызму ў гэтай краіне?

4 Якія сацыяльныя слаі з’яўляліся апорай абсалютызму ў Іспаніі?

5 У чым спецыфіка фарміравання сістэмы абсалютызму ў Партугаліі пасля аднаўлення незалежнасці?

6 Якія задачы вырашаліся ў ходзе правядзення рэформ асветніцкага абсалютызму ў Іспаніі і Партугаліі?

7 На колькі шырокай была сацыяльная база палітыкі асветніцкага абсалютызму ў гэтых краінах?

8 Як сацыяльн-эканамічныя ўмовы паўплывалі на асаблівасці сістэмы абслютызму ў італьянскіх дзяржавах?


Лекцыя 5 Сістэма абсалютызму ва ўладаннях

аўстрыйскіх габсбургаў у XVI – XVIII ст.
5.1 Палітыка цэнтралізацыі аўстрыйскіх імператараў у XVI – XVII ст.

5.2 Аўстрыя ў першай палове XVIII ст.

5.3 Асветніцкі абсалютызм у аўстрыйскіх уладаннях.
Літаратура

История Европы. [Текст]. Т. 3, 4. – М,. 1990, 1994.

Пристер, Е. Краткая история Австрии. [Текст]. / Е. Пристер. – М., 1952.

Шимов, Я. Австро-Венгерская империя. [Текст]. / Я. Шимов. – М., 2003.


5.1 На пачатку новага часу ўладанні аўстрыйскіх Габсбургаў складаліся са шматлікіх частак, якія моцна адрозніваліся паміж сабою. Зараджэнне імперыі Габсбургаў адбываецца ў канцы XV ст., калі ім удалося заключыць некалькі ўдалых дынастычных шлюбаў. У 1477 г. быў заключаны шлюб сына рымска-германскага караля Фрыдрыха ІІІ Максімільяна з дачкою герцага бургундскага Марыяй. Праз некаторы час гэта прынесла Габсбургам уладанне над Нідэрландамі. Шлюб паміж Філіпам Габсбургам і Хуанай Касцільскай паклаў пачатак імперыі Габсбургаў, над якой не заходзіла сонца. У 1519 г. іспанскія і аўстрыйскія ўладанні аб’яднаў пад сваёй уладаю іх сын імператар Карл V, які быў выбраны імператарам Свяшчэннай Рымскай імперыі. У 1515 г. у выніку двайнога шлюбу Габсбургі парадніліся з Уладзіславам ІІ Ягелонам, які быў каралём Венгрыі і Чэхіі. Пасля бітвы пры Мохачы ў 1526 г., у якой загінуў новы кароль Венгрыі і Чэхіі Людовік Ягелон, Габсбургі атрымалі чэшскую і вянгерскую кароны. На думку Тойнбі, менавіта дзякуючы здабыткам 1526 г. і ўзнікла імперыя Габсбургаў. У час праўлення Карла V яна ўспрымалася як чыста іспанская дзяржава. Яе фарміраванне і развіццё звязана з барацьбой з асманскай агрэсіяй. Яна стала тым выклікам, адказ на які стаў важным стымулам для цэнтралізацыі імперыя Габсбургаў. Гэта найбольш адпавядае прамежку часу ад першай асады Вены туркамі ў 1529 г. да апошняй асады ў1683 г.

Аўстрыйская дзяржава развівалася як складаны сембіёз народаў і дзяржаўных традыцый. Карл V, стаўшы імператарам, імкнуўся да стварэння централізаванай імперыі. Імкненне імператара да цэнтралізацыі сустрэла дружнае супраціўленне як з боку пратэстанцкіх, так і каталіцкіх князёў. І тыя і другія не жадалі ўмацавання Габсбургаў. У 1531 г. брат імператара Фердынанд быў выбраны рымскім каралём. У той жа час наследнікам Карла ў Іспаніі, Нідэрландах, Неапале, на Сіцыліі стаў яго сын Філіп. Так габсбургі раздзяліліся на дзве галіны: іспанскую і аўстрыйскую.

Фердынанд у сваіх уладаннях у Аўстрыі, Чэхіі і Венгрыі правёў адміністрацыйную рэформу, стварыўшы для іх цэнтральныя органы кіравання: тайны савет, ваенны савет, палацавая палата. Гэтая рэформа паклала пачатак ператварэнню спадчыных уладанняў Габсбургаў у адзіную дзяржаву і іх адміністратыўнаму аддзяленню ад Свяшчэннай Рымскай імперыі. Але ў 1558 г. для таго, каб атрымаць імператарскую карону, Фердынанд І вымушаны быў падзяліцца ўладаю з курфюрстамі. Пасля прызнання ім калектыўнай адказнасці імператара і імперскіх князёў за стан рэчаў у імперыі, надзеі на стварэнне ў Германіі цэнтралізаванай манархіі ў той час рухнулі. Ландтагі захавалі за сабою права заканадаўчай ініцыятывы, ваціравання падаткаў, іх збору і расходавання сабраных сродкаў. Яны адхілілі прапанову імператара аб стварэнні пастаяннай цэнтральнай арміі. Кожная правінцыя па рашэнню ландтага выстаўляла свой вайсковы кантынгент.

Трыцацігадовая вайна прадэманстравала, што спробы імператара аб'яднаць Германію не ўдаліся, і яго ўлада з’яўляецца чыста намінальнаю. Ужо ў пачатку вайны ў 1619 г. у большасці цэнтральнаеўрапейскіх уладанняў Габсбургаў улада перайшла ў рукі саслоўных органаў асобных земляў. Падаўленне чэшскага паўстання ў 1620 г. прывяло да ўмацавання ўлады Габсбургаў у Чэхіі. Згодна з Абноўленым земскім улажэннем 1627 г. усе дзяржаўныя пасады ў Чэхіі займаліся па прызначэнню манарха. Роля мясцовых саслоўных органаў была абмежавана толькі ваціраваннем падаткаў. Але ў іншых землях адбылося хучэй аслабленне цэнтралізатарскіх тэндэнцый.

Важным інструментам умацаванні ўлады Габсбургаў у іх спадчыных уладаннях стала створаная ў час Трыцацігадовай вайны пастаянная армія. У выніку вайны Габсбургам удалося захаваць панаванне на тэрыторыях, якія складалі іх спадчыну (Аўстрыя, Чэхія, Маравія, частка Венгрыі). Дзяржаўны лад гэтых уладанняў характарызаваўся спалучэннем цэнтралізаванага апарата з актыўнымі саслоўна-прадстаўнічымі органамі. Ступень цэнтралізацыі была больш высокая ў Аўстрыі і Чэхіі. У Чэхіі Гасбургі сталі спадчынымі манархамі з 1627 г. У Венгрыі ж кароль быў выбіраемы да 1687 г. Тытул імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі ўздымаў аўтарытэт Габсбургаў на міжнароднай арэне і даваў ім магчымасць выступаць арбітрам у спрэчках паміж нямецкімі князямі.

Значнае ўзмацненне цэнтралізацыі ва ўладаннях Габсбургаў адбывалася пры імператары Леапольду І (1657 – 1705). Пры яго ўтупленні на трон Аўстрыйскія герцагствы і Чэхія яшчэ мелі дастаткова моцныя саслоўна-прадстаўнічыя органы, у якіх панавала дваранства. І ўсё ж у сярэдзіне XVII ст. многія ўладныя прэрагатывы саслоўных органаў адыходзяць у мінулае. Усталёўваецца права манарха займацца заканадаўствам без гэтых органаў. У чэшскіх сеймаў было аднята права кантролю над узвядзеннем у дваранскае саслоўе. Сеймы маглі абмяркоўваць тыя ці іншыя пытанні, толькі са згоды караля. Чэшскае каталіцкае дваранства становіцца галоўнай апорай імператара. Пасля падаўлення паўстання 1627 г. землі, канфіскаваныя ў пратэстанскага дваранства, былі перададзены каталіцкаму. Гэта новае каталіцкае дваранства ў чэшскіх землях стала надзейнаю апораю манархіі ў Чэхіі. Аўстрыйскія ландтагі яшчэ захавалі заканадаўчую ініцыятыву. Саслоўныя сходы па-ранейшаму ваціравалі асноўны прамы падатак (кантрыбуцыю) і надзвычайныя зборы (турэцкія грошы). Яны захавалі права набіраць вайсковыя кантынгенты. Выканаўцамі рашэнняў сейма выступалі самі дваране.

Сістэма саслоўных органаў супрацьстаяла цэнтральнаму дзяржаўнаму апарату. Спачатку вышэйшым цэнтральным органам улады ў спадчыных уладаннях Габсбургаў быў Тайны савет, потым у 1665 г. з яго вылучылася Тайная канферэнцыя, якая ведала знешняй палітыкай. Фінансамі ведала гофкамера, якая наступае на фінансавыя правы сеймаў. Кіраўніцтва арміяй знаходзіцца ў руках прыдворнага ваеннага савета гофкрыгсрата, але яму падначальваліся толькі ўласна імператарскія войскі. Імператарская армія паступова павялічваецца: 1688 г. – 14 тыс., 1703 – 129 тыс. Значэнне ж сеймавага кантынгента зніжаецца. Тым не менш, да 20-х гадоў ХVIII cт. захоўваецца сістэма набору ў армію па асобных землях манархіі.

Для кожнай часткі ўладанняў Габсбургаў былі ўтвораны дзяржаўныя канцылярыі на месцах, якія адыгрывалі важную ролю ў складанні цэнтралізаванага бюракратычнага апарата. Справамі Свяшчэннай рымскай імперыі займаецца рэйхсканцэлярыя. Утвараюцца канцэлярыі для аўстрыйскіх, чэшскіх, вянгерскіх земляў. Кіруючыя пасады ў бюракратычных органах займае прыдворная арыстакратыя. Менавіта яна аказалася здольнаю без аглядкі на мясцовыя прывілеі і традыцыі згуртавацца вакол манархіі. Сіла Габсбургаў заключалася ў тым, што да сярэдзіны XVII ст. нямецкая арыстакратыя і новая чэшская арыстакратыя зліліся ў адзін правячы слой, які падтрымліваў цэнтралізатарскую палітыку манархіі.

У другой палове XVII ст. імператар пачынае фарміраваць і мясцовыя органы ўлады. Напрыклад, у чэшскіх землях дзейнічае апеляцыйны суд, у Маравіі і Сілезіі – земскія старасты, як органы, непасрэдна падначальваючыеся імператару. Манархія імкнецца вызваліцца ад залежнасці і ў справе збору падаткаў. У 1682 г. збор турэцкіх грошай быў дэклараваны Леапольдам І без кансультацыі з прадстаўнічымі органамі, і такая практыка становіцца пастаяннай. У 1690 г. без кансультацыі з сасловіямі імператар уводзіць новы падатак (капетацыю), што выклікала моцнае супраціўленне з боку сеймаў. Ён спрабуе аднаасобна ўвесці і акцызны збор.

Умацаванне цэнтралізацыі ў розных частках уладанняў Габсбургаў адбывалася ў розных сацыяльна-эканамічных умовах. У Аўстрыі існаваў сеньярыяльны лад на вёсцы. Тут сеньёр раздаваў землі ў трыманне сялянам. Аўстрыйскі селянін быў асабіста свабодным. Аўстрыйскі сеньёр павінен быў плаціць агульны падатк з зямель свайго дамена і сцецыяльны збор са сваіх сеньярыяльных праў. У Чэхіі ўсталявалася паншчына-прыгонніцкая сістэма. Чэшскі селянін з’яўляўся прыгонным. Чэшскія феадалы паступова вызваляліся ад уплаты прамога падатка на зямлю, поўная адмена якога была афіцыйна зафіксавана ў 1705 г.

У Венгрыі ўсталяванне абсалютнай улады было больш складаным. Тут кароль быў выбарны. Венгерскі сейм захаваў права заканадаўчай ініцыятывы, пажыццёва выбіраў главу мясцовай адміністрацыі з 4 кандыдатаў, якіх прадстаўляў кароль. Вянгерская знаць з недаверам ставілася да Габсбургаў як да іншаземнай манархіі. Апазіцыя Габсбургам у Венгрыі ўзмацнялася тым, што моцныя пазіцыі тут меў пратэстантызм. Каб справіцца з апазіцыяй, Леапольд І спрабуе як мага радзей склікаць венгерскі сейм (за 48 гадоў яго праўлення сейм быў скліканы толькі 4 разы). У 1670 г. Леапольд І, скарыстаўшы як падставу нязначнае паўстанне, уводзіць у Венгрыі сістэму ваеннай акупацыі. Але ў 1681 г. ён вымушаны быў склікаць сейм і вярнуцца да традыцыйнай сістэмы кіравання. Пасля перамогі ў вайне з туркамі Леапольд І у 1687 г. дабіваецца прызнання яго спадчыным манархам Венгрыі. Абапіраючыся на моцную пастаянную армію, кароль стаў самастойна ўводзіць у Венгрыі падаткі, парушыўшы ў 1696 г. нават падатковы імунітэт вянгерскага дваранства.

Адказам на жорсткую цэнтралізатарскую палітыку леапольда І у Венгрыі стала нацыянальнае паўстанне венграў пад кіраўніцтвам Феранца Ракаці ў 1703 -1711 гадах. Падавіўшы паўстанне, Габсбургі ўсё ж вымушаны былі вярнуцца да традыцыйнага кіравання. Венгрыя захавала асобы статус у складзе габсбургскіх уладанняў. Зноў стаў актыўна працаваць венгерскі сейм. Але пасля паўстання Ракаці венгерскі сейм у цэлым ужо заставаўся лаяльным у дачыненні да Габсбургаў. Тым не менш, пераход да абсалютызму ў Венгрыі зацягнуўся ў параўнанні з аўстрыйскімі і чэшскімі землямі.

5.2 У 1699 г. завяршылася вайна Аўстрыі з Турцыяй, якая цягнулася з 1683 г. Па ўмовах Карлавацкага міру пад уладу Габсбургаў перайшла ўся Венгрыя і Трансільванія. У выніку Вайны за іспанскую спадчыну, па Утрэхцкаму і Раштацкаму дагаворах Аўстрыя атрымала Іспанскія Нідэрланды, Ламбардыю, Неапаль і Сардынію. Затым сардынія была саступлена савойскаму герцагу ў абмен на Сіцылію. Аўстрыя аказалася ўцягнутаю ў доўгія войны з Іспаніяй за італьянскія землі. У 1735 г. аўстрыйцы вымушаны былі саступіць іспанскім Бурбонам неапаль і Сіцылію.

Імператар Карл VІ не меў сына і гэта ўздымала пытанне аб захаванні цэласнасці ўладанняў аўстрыйскіх Габсбургаў. У 1719 г. імператар выдаў Прагматычную санкцыю, у якой заявіў, што спадчыныя землі Габсбургаў на вечныя часы застаюцца непадзельнымі і перадаюцца, пры адсутнасці мужчыны-наследніка, старэйшай дачцэ. Унутры Аўстрыі прагматычная санкцыя атрымала шырокую падтрымку. Дваранства, як пануючы клас Аўстрыі, было зацікаўлена ў захаванні адзінства краіны. Таго ж патрабавалі і эканамічныя інтарэсы буржуазіі, пераважна нямецкай. З 1720 па 1723 г. Прагматычная санкцыя без праблем атрымала юрыдычнае прызнанне ва ўсіх правінцыях імперыі. Яе таксама прызналі вядучыя еўрапейскія краіны – Іспанія, Расія, Прусія, Англія, Галандыя, Францыя.

Нягледзячы на гэтае прызнанне, у 1740 г. успыхнула Вайна за аўстрыйскую спадчыну. Супраць Аўстрыі выступілі Францыя, Прусія, Саксонія, Савоя, Іспанія, Баварыя. На баку Аўстрыі былі Англія і Расія. У выніку вайны Аўстрыя саступіла Прусіі Сілезію – адну з найбольш багатых правінцый.

Важнай для Аўстрыі па-ранейшаму заставалася турэцкая праблема. Аўстра-турэцкая вайна 1716 – 1718 гадоў была паспяховаю для Габсбургаў. Па мірнаму дагавору Аўстрыя атрымала Банат, Боснію, Белград. Але наступная вайна з Турцыяй у 1737 – 1739 гадах аказалася для аўстрыі няўдалай. Яна страціла ўсе землі на поўдзень ад Дуная.

У ХVIII ст. аўстрыйская прамысловасць уступіла ў мануфактурную стадыю развіцця. З сярэдніх вякоў Аўстрыя атрымала ў спадчыну развітую горна-рудную прамысловасць у Чэхіі, Ціролі. У Чэхіі, Сілезіі актыўна развівалася таксама палатняная мануфактурная вытворчасць. Ніжняя Аўстрыя з Венай сталі цэнтрамі шарсцяной і баваўняна-папяровай прамысловасці. Шэраг буйных мануфактур было створана дзяржавай. Напрыклад, на дзяржаўнай мануфактуры ў Лінцы было занята 30 тыс рабочых. На вёсцы памешчыкі пачалі ствараць прыгонніцкія манафактуры. Тэкстыльныя і металічныя вырабы, прадметы раскошы прадаваліся пераважна на ўнутраным рынку. Больш актыўнае развіццё ўнутранага гандлю ў ХVIII ст. спрыяла збліжэнню розных частак уладанняў Габсбургаў. Знешні гандаль Аўстрыі быў слабым. Больш развітая ў прамысловым плане Чэхія пастаўляла на экспарт палатно, багемскае шкло, паперу. Вена пастаўляла за мяжу шоўк, люстэркі, фарфор. Аўстрыйскі экспарт у асноўным ішоў на Балканы. Аўстрыйскі гандлёвы капітал эксплуатаваў Венгрыю, Трансільванію як рынкі збыту тавараў. Вялікае значэнне як гандлёвыя шляхі мелі рэкі. У ХVIII ст. былі пабудаваны першыя шасейныя дарогі, якія злучылі Вену, Прагу, Брно. Трыест і Фіуме былі абвешчаны вольнымі портамі і сталі буйнымі цэнтрамі знешняга гандлю. Але ў цэлым марскі гандаль не адыгрываў істотнай ролі ў развіцці эканомікі.

Нараджаўшаяся капіталістычная прамысловасць знаходзілася пераважна пад кантролем нямецкай буржуазіі. У асноўным да нямецкай народнасці належала і бюракратыя, значная частка гарадскога насельніцтва Венгрыі і славянскіх земляў. Немцы ўсё больш займаюць пануючае становішча ў розных сферах грамадскага жыцця ва ўладаннях Габсбургаў. У выніку сацыяльныя супярэчнасці ўсё больш перапляталіся з нацыянальнымі.

У Венгрыі пачынаецца канфіскацыя зямель, якія належалі ўдзельнікам паўстання 1703 – 1711 гадоў. Іх атрымалі ў асноўным аўстрыйскія афіцэры, каталіцкія прылаты, фінансісты з Вены. Атрымаўшыя землю ў Венгрыі нямецкія дваране разам з той часткай вянгерскага дваранства, якая засталася вернаю Габсбургам у час паўстання, склалі новуя арыстакратыю Венгрыі, лаяльную манархіі.

Эканамічная палітыка Габсбургаў была накіравана на тое, каб прымусіць Венгрыю гандляваць сельскагаспадарчымі таварамі з Аўстрыяй. Падаўляюцца спробы Венгрыі стварыць сваю прамысловасць. Венгрыя становіца крыніцай сыравіны для аўстрыйскай прамысловасці і манапольным рынкам для збыту прамысловых тавараў.

Важнай асаблівасцю абсалютызму аўстрыйскіх Габсбургаў было тое, што ён меў наднацыянальны характар. Сацыяльныя пласты, зацікаўленыя ва ўмацаванні манархіі, не мелі сувязей з нацыянальнымі інтарэсамі тых краін, на тэрыторыі якіх яны дзейнічалі. Асаблівасцю аўстрыйскага абсалютызму да сярэдзіны ХVIII ст. было і тое, што ён быў каталіцкім і арыстакратычным. Ваенная і цывільная бюракратыя яшчэ не іграла той ролі ў кіраванні краінай, якую яна мела ў Францыі, ці ў Прусіі.

5.3 У 1740-я гады ў Аўстрыі пачынаецца серыя рэформ, якія праводзяцца ў русле асветніцкага абсалютызму. Асноўная мэта рэформ заключалася ва ўмацаванні абсалютызму. Марыя-Тэрэзія, пасля ўступлення на трон у 1740 г., пачынае рэарганізоўваць адміністратыўную сістэму, спачатку ў Аўстрыі і Чэхіі. У 1749 г. была ўтворана дырэкторыя – спецыяльны цэнтральны дзяржаўны орган для гэтых зямель. Следам марыя-тэрэзія стварае правінцыйныя органы, незалежныя ад саслоўна-прадстаўнічых органаў і падначаленыя толькі цэнтральнай адміністрацыі ў Вене. У 1760 г. быў заснаваны вышэйшы дзяржаўны савет у якасці вышэйшага дарадчага органа пры імператары.

Рэформа 1749 г. уводзіць цэнтралізаваны набор у аўстрыйскую армію на аснове каскрыпцыйных спісаў. Дваранства, духавенства, чыноўнікі, заможнае бюргерства вызваляліся ад ваенных набораў. Асноўны цяжар ваеннай службы несла сялянства. Большая частка салдат пасля 2-3 гадоў тэрміновай службы працягвалі службу ў запасе і перыядычна выклікаліся на зборы. Памешчыкі былі не задаволены гэтым, бо сяляне на працяглы час адрываліся ад работ. Гарадскія магістраты плацілі падаткі на ўтрыманне арміі.

Ваенная рэформа пацягнула значны рост падаткаў, што выклікала незадавальненне саслоўяў. Каб зламаць іх супраціўленне, імператрыца ідзе на правядзенне рэформы, па якой саслоўныя органы ваціравалі падаткі не штогод, а адразу на 10 год. Затым Марыя-Тэрэзія выдае ўказ аб усеагульным падаходным падатку, што стала важным крокам на шляху ліквідацыі саслоўных прывілеяў. У 1751 г. яна выдае дэкрэт, які забараняе памешчыкам зганяць сялян з зямлі. Тым самым імператрыца імкнулася не дапусціць змяншэння колькасці падаткаплацільшчыкаў і рэкрутаў.

У рамках палітыкі асветніцкага абсалютызму Марыя-тэрэзія правяла некаторыя аграрныя пераўтварэнні. У 1769 г. памешчыкі пазбаўляюцца права судзіць і караць прыгонных сялян. З 1771 па 1778 г. імператрыца выдала серыю ўказаў аб скарачэнні паншчыны, аб выкупе сялянамі права спадчынага ўладання зямлёй, якую яны апрацоўвалі. Паншчына была абмежавана 3 днямі на тыдзень пры 10-гадзінным рабочым дні. У каронных землях прыгоннае права было адмянена.

Значныя перамены адбыліся ў сістэме судавытворчасці. У Аўстрыі былі адменены пыткі, скарацілася прымяненне смяротнага пакарання. Важнае значэнне мелі рэформы ў галіне асветы. Была створана вялікая колькасць пачатковых школ. Сярэдняя і вышэйшая школа ў сувязі з ліквідацыяй ордэна іезуітаў перайшла ў рукі дзяржавы. Галоўным вынікам праўлення Марыі-Тэрэзіі было завяршэнне станаўлення абсалютысцкай сістэмы ў Аўстрыі і Чэхіі.

Працяг палітыкі асветніцкага абсалютызму звязаны з праўленнем Іосіфа ІІ, які ў 1780 г. становіцца самастойным правіцелем. У лістападзе 1781 г. ён выдае ўказ аб адмене прыгоннага права ў Чэхіі, Маравіі і Галіцыі. Сяляне атрымалі асабістую свабоду, але за карыстанне зямлёю павінны былі выконваць паншчыну і іншыя павіннасці на карысць памешчыка. Выкуп надзела быў магчымы толькі са згоды памешчыка. Адмена паншчыны была распаўсюджана на Аўстрыю і Венгрыю. Рэформа 1781 г. садзейнічала ператоку насельніцтва з вёскі ў горад і, адпаведна, мадэрнізацыі грамадства ў Цэнтральнай Еўропе. Патрэбы развіцця эканомікі прымушалі манарха садзейнічаць развіццю адукацыі. Іосіф ІІ уводзіць абавязковае 7-гадовае навучанне, а на бацькоў, якія не пускалі дзяцей у школу, накладае двайны падатак.

У 1789 г. быў выдадзены ўказ, які дакладна вызначаў павіннасці сялян. Паншчына адмянялася цалкам, 70% валавога даходу з сялянскай гаспадаркі павінна было заставацца селяніну, 18% – атрымоўваў памешчык, 12% – дзяржава. Іосіф ІІ лічыў, што гэтымі мерамі ён гарантуе захаванне селяніна як падаткаплацільшчыка і прадухіляе магчымую аграрную рэвалюцыю. Наступленне на прыгоннае права выклікала моцнае супраціўленне дваранства, асабліва ў Венгрыі.

У духу асветніцтва Іосіф ІІ праводзіць палітыку верацярпімасці. У 1781 г. былі прыняты эдзікты, якія ўраўнялі ў правах з каталікамі праваслаўных і пратэстантаў, а з 1782 г. – і яўрэяў. Імператар лічыў, што царква павінна стаць часткаю дзяржаўнага апарата. Былі зачынены многія манастыры, іх маёмасць перайшла ў рукі кароны. Была аслаблена залежнасць каталіцкай царквы ў Аўстрыі ад рыма. Наступленне на пазіцыі царквы было важным элементам палітыкі асветніцкага абсалютызму. Іосіф ІІ зачыніў 700 мужчынскіх і 2000 жаночых манастыроў, канфіскаваў велізарныя царкоўныя маёмасці. Кліру было забаронена непасрэдна звяртацца ў Рым, мінуючы каралеўскую ўладу.

Кіруючы шматнацыянальнай імперыяй, імператар лічыў, што можна ўмацаваць яе цэласнаць толькі праз жорсткую цэнтралізацыю. Пры ім была ліквідавана аўтаномія асобных зямель. Германізацыя Венгрыі і іншых правінцый стала афіцыйнай ўрадавай палітыкай. Гэта выклікала супраціўленне, найбольш значным праяўленнем якога стала рэвалюцыя ў Паўднёвых Нідэрландах, якая ўспыхнула ў 1788 г. У 1789 г. на мяжы паўстання апынулася і Венгрыя, дзе Іосіф ІІ асабліва рэзка праводзіў палітыку цэнтралізацыі і анямечвання. Венгерскае дваранства было адхілена ад кіравання краінай праз саслоўныя органы. Уся ўлада перайшла ў рукі каралеўскіх чыноўнікаў. З 1784 г. выкладанне ў вянгерскіх школах можна было весці толькі на нямецкай мове. Яна ж была моваю дзяржаўнай адміністрацыі. Незадавальненне дваранства выклікала і палітыка Іосіфа ІІ, накіраваная на некаторае паляпшэнне становішча сялянства.

У цэлым рэформы Іосіфа ІІ унеслі істотныя змены ў сістэму кіравання зямель, якія ўваходзілі ва ўладанні Габсбургаў. Да канца праўлення Іосіфа ІІ Аўстрыя фактычна стала адзінаю дзяржаваю. Але рэформы не падарвалі асноў феадалізму. У нацыянальным пытанні палітыка Іосіфа ІІ можа быць ахарактарызавана як рэакцыйная. Рэвалюцыя ў Паўднёвых Нідэрландах і Вялікая французская рэвалюцыя прывялі да згортвання рэформаў. У 1790 г. Іосіф ІІ памірае. Тым самым быў скончаны перыяд асветніцкага абсалютызму ў Аўстрыі. Новы імператар Леапольд ІІ пачынае праводзіць палітыку контррэформаў.

Як піша расійскі даследчык Я. Шымаў, імператар Іосіф ІІ у многім апярэдзіў свой час, а таму быў проста асуджаны на паражэнне. Але яно было тактычным, а не стратэгічным. Тойнбі указвае, што філосаф-цар аказаўся няздольным выратаваць сваіх суайчыннікаў ад крушэння распадаючагася грамадства. Гэта быў прысуд асветніцкаму абсалютызму ў цэлым. У той жа час асветніцкі абсалютызм можна трактаваць, згодна А. Ніканаву, як спробу прыстасаваць элементы новага індустрыяльнага грамадства да ўжо існуючай абсалютысцкай сістэмы кіравання. Гэта аказалася немагчымым у Аўстрыі, таму рэформы былі асуджаны на няўдачу.


Пытанні для самакантроля

1 У выніку якіх падзей адбылося фарміраванне імперыі аўстрыйскіх Габсбургаў?

2 Ахарактарызуйце цэнтралізатарскую палітыку Карла V і Фердзенанда І.

3 У якой ступені ўдалося ўмацаваць цэнтралізацыю ва ўладаннях Габсбургаў Леапольду І?

4 Якія фактары сацыяльна-эканамічнага развіцця ў першай палове XVIII ст. спрыялі ўзмацненню цэнтралізатарскіх тэндэнцый ва ўладаннях аўстрыйскіх Габсбургаў?

5 Пералічыце і ахарактарызуйце важнейшыя рэформы Марыі-Тэрэзіі.

6 Якія важнейшыя пераўтварэнні былі праведзены ва ўладаннях аўстрыйскіх Габсбургаў у рамках палітыкі асветніцкага абсалютызму Іосіфам ІІ?

Лекцыя 6 Асаблівасці фарміравання абсалютысцкіх сістэм у Германіі ў другой палове XVIIXVIII ст.
6.1 Вынікі трыцацігадовай вайны. Фарміраванне княжскага абсалютызму.

6.2 Станаўленне Пруска-Брандэнбургскай дзяржавы.

6.3 Асветніцкі абсалютызм. Фрыдрых ІІ.
Літаратура

1 Германская история в новое и новейшее время. [Текст]. – М., 1970. – т. 1.

2 Перцов, В.Н. Очерки истории Германии в XVIII в. [Текст]. / В.Н. Перцов. – Мн., 1959.

3 Перцов, В.Н. Гогенцолерны. [Текст]. / В.Н. Перцов. – М., 1996

4 История Европы. [Текст]. Т. 3,4. – М., 1990, 1994.
6.1 Пасля Вестфальскага міру Германія была амаль выключана з міжнароднага гандлю. Гэта ў многім было звязана з тым, што германскія дзяржавы фактычна страцілі выхад да Балтыйскага і Паўночнага мораў у сувязі са швецкімі тэрытарыяльнымі захопамі. Назіраецца заняпад ранейшых прамысловых цэнтраў. сельская гаспадарка таксама была падарвана вайной. Дваранства, каб хучэй аднавіць сваю гаспадарку, пачынае ўзмацняць эксплуатацыю сялян. памешчыкі захопліваюць ранейшыя сялянскія палі і абшчынныя землі. Найбольшы размах гэты працэс набыў ва Усходняй Германіі –Прусія, Мекленбург. У Заходняй Германіі сяляне заставаліся трымальнікамі сваіх спадчыных надзелаў. Паншчына тут ужо не з'яўлялася асноўным відам сялянскіх павіннасцей. Была распаўсюджана феадальная рэнта ў выглядзе разнастайных плацяжоў, і склалася сеньярыяльная гаспадарка.

Ва Усходняй Германіі пераважала паншчынная гаспадарка, якая грунтавалася на працы асабіста залежных сялян. Тут утварыўся вялікі слой бяззямельных сялян (прыгонных батракоў), якія часам атрымлівалі невялікі кавалак зямлі. Ва ўсходнегерманскіх землях у руках памешчыкаў апынулася і судовая ўлада (вотчыны суд). Трыцацігадовая вайна прывяла да ўпадку рамёстваў. На рынак пачынаюць актыўна пранікаць замежныя тавары (галандскія, французскія, англійскія). Германская прамысловасць не вытрымлівае канкурэнцыі.

Толькі з канца XVII ст. у Германіі пачынаецца некаторае эканамічнае ажыўленне. Найбольш выразна яно праявілася ў развіцці вясковых хатніх промыслаў. Яны актыўна распаўсюджваюцца там, дзе была нізкая ўрадлівасць глебы (Цюрынгія, Сілезія, Саксонія). Паступова сельскія промыслы прыбліжаюцца да ўзроўня рассеянай мануфактуры.

У другой палове XVII – XVIII ст. германскія гарады захоўваюць дзяленне на імперскія і княжскія. Імперскія гарады мелі права пасылаць дэпутатаў у імперскі рэйхстаг. Калі ў сярэдзіне XVII ст. налічвалася 150 імперскіх гарадоў, то ў канцы XVIII ст. гэты статус захаваў толькі 51 горад. Гарадскія вярхі накіроўвалі капіталы ў зямельную ўласнасць, набыццё тытулаў. З'яўляюцца гарады новага тыпу – гарады-сталіцы (Берлін, Дрэздан), якія хутка раслі. У іх каля паловы насельніцтва складалі чыноўнікі, ваенныя. У германскіх дзяржавах эканамічны поспех буржуазіі ў рашаючай ступені залежаў ад дзяржаўнай падтрымкі. У сувязі з гэтым пачынае выхоўвацца схільнасць нямецкай буржуазіі да супрацоўніцтва з дзяржавай.

Найбольш падыходзячай формай праўлення для Германіі ў другой палове XVII – XVIII ст. стаў княжскі абсалютызм. Абсалютызм тут пачынае ўсталёўвацца ва ўмовах упадку гарадоў, у выніку чаго замацоўваецца эканамічная і палітычная раздробленасць краіны. Германскае бюргерства так і не ператварылася яшчэ ў буржуазію, у моцную сацыяльна-палітычную сілу. У сувязі з гэтым германскія князі не мелі патрэбы праводзіць палітыку лавіравання паміж дваранствам і буржуазіяй. У германскіх дзяржавах фарміруецца саюз княжскай улады і дваранства. Гэты саюз трымаўся на тым, што абсалютызм гарантаваў усе прывілеі дваранства. Галоўнай апорай абсалютызму стала дробнае дваранства. Моцная каралеўская ўлада гарантавала абарону дробных памешчыкаў ад выступленняў сялян, давала магчымасць атрымаць дадатковы даход ад афіцэрскіх і прыдворных пасад. Дваранская сацыяльная база германскага абсалютызму садзейнічала таму, што з яго ўсталяваннем замацоўваюцца феадальныя адносіны.

Важнейшай апорай мясцовых манархаў стала чыноўніцтва, якое фарміравалася пераважна з высока адукаваных юрыстаў. Яшчэ адной важнай апорай княжскага абсалютызму стаў афіцэрскі корпус. Для дробных дваран, чыя гаспадарка часта была ў заняпадзе, служба ў княжскай арміі была ледзве не адзіным сродкам паправіць сваё матэрыяльнае становішча. Мілітарызацыя дваранства прывяла да фарміравання ваенна-дзяржаўнага саюза паміж дваранствам і манархіяй. Ва ўмовах Рэфармацыі і рэлігіёзных войнаў германскія князі змаглі паставіць пад свой кантроль і царкву, што і было замацанвана ў Аўгсбургскім рэлігійным міры 1555 г. формулай “чыя ўлада – таго і вера”.

Вестфальскі мірны дагавор прадугледжваў рэформу дзяржаўнага ладу Свяшчэннай Рымскай імперыі. Але ў чэрвені 1653 г. быў скліканы ранейшы вышэйшы орган улады ў імперыі – агульнагерманскі сейм. Краіна засталася раздробленай на 360 княстваў. Акрамя таго ў Германіі існавала некалькі тысяч імперскіх рыцараў, самастойныя імперскія гарады. Асабліва вялікай была раздробленасць на Захадзе і на Паўднёвым захадзе. На чале Свяшчэннай Рымскай імперыі стаяў імператар з дынастыі аўстрыйскіх Габсбургаў. Габсбургі адстойвалі ідэю ўніверсальнай наднацыянальнай імперыі, што не спрыяла руху краіны да аб’яднання. У імператара не было ні арміі ні фінансаў, абапірацца ён мог на рэсурсы толькі сваіх спадчыных уладанняў. Князі былі цалкам суверэнныя. Курфюрсты пры абранні новага імператара прад’яўлялі яму капітуляцыі, якія абмяжоўвалі яго ўладу. Рэфармацыя і рэлігійны канфлікт паміж каталікамі і пратэстантамі, які набыў палітычны характар, таксама не спрыялі кансалідацыі Германіі.

Рэйхстаг складаўся з трох курый. Першая – курыя курфюрстаў. Спачатку яна складалася з 8, а з 1692 г. – з 9 князёў, якія мелі права выбіраць імператара. Другая – курыя князёў. У яе ўваходзілі яшчэ 98 найбольш магутных князёў. Трэцяя – курыя імперскіх гарадоў. Яна была малаўплывоваю, яе дэпутаты галасавалі пасля дзвюх першых і ўжо не маглі, як правіла, паўплываць на прынятае рашэнне. З 1663 г. князі перасталі асабіста з’яўляцца ў рэйхстаг. Гараджане таксама неахвотна збіраюцца там, бо не бачылі магчымасці рэальна ўплываць на рашэнні сейма. Яшчэ адным агульнагерманскім органам быў імперскі суд. Ён таксама рэальнага ўплыву не меў.

Раздробленасць Германіі вяла да таго, што краіна становіцца ахвярай агрэсіі іншых дзяржаў. З 1648 г. па 1721 г. на тэрыторыі Германіі было 10 войнаў. У час іх імператар, каб атрымаць падтрымку князёў, павінен быў ісці ім на ўсё новыя саступкі. Так, каб дабіцца падтрымкі брандэнбургскага курфюрста ў час Вайны за іспанскую спадчыну, імператар вымушаны быў дараваць яму каралеўскую карону.

6.2 Гогенцолерны пачалі правіць у Брандэнбургу з 1415 г. Цэнтральным элементам палітыкі гэтай дынастыі стала пашырэнне іх уладанняў. У першай палове XVIІ ст. у склад Брандэнбурга ўвайшлі Клеве-Юліхскае герцагства на Рэйне і герцагства Прусія на ўсходзе. Тры часткі ўладанняў брандэнбургскіх курфюрстаў былі аддзелены адна ад адной тэрыторыямі іншых германскіх дзяржаў. Гогенцолерны пастаянна імкнуліся да аб’яднання сваіх уладанняў у адно цэлае. Таму галоўнай іх задачай стала стварэнне трох інструментаў заваёўніцкай палітыкі: арміі, моцнай фінансавай базы і эфектыўнай бюракратычнай сістэмы. Манархія ў Брандэнбургу набывае з самага пачатку яскрава выражаны мілітарысцкі характар.

Важным этапам узмацнення Брандэнбурга стала Трыцацігадовая вайна. Па Вестфальскаму міру ў яго склад увайшла Усходняя Памеранія. У германскай кансерватыўнай гістарыяграфіі стваральнікам Брандэнбургска-Прускай дзяржавы лічыцца курфюрст Фрыдрых-Вільгельм І, які правіў у 1640 – 1688 гадах. Пры ім Брандэнбург вырас у буйную ваенную дзяржаву, пашырыўся за кошт новых тэрытарыяльных захопаў і стаў дамінуючай дзяржавай паўночнай Германіі.

Нягледзячы на тэрытарыяльны рост, у сярэдзіне XVIІ ст. уладанні Гогенцолернаў уяўлялі сабою тыпавую ласкутную дзяржаву. Яе асобныя часткі былі звязаны толькі асабістай уніяй. Невялікі тайны савет пры курфюрсце быў фактычна адзіным агульным цэнтральным органам кіравання. Усе ўладанні Гогенцолернаў былі землямі з моцнымі саслоўна-прадстаўнічымі органамі і абмежаванай княжскай ўладай. У Брандэнбургу без згоды ландтага курфюрст не мог весці знешнюю палітыку, ўводзіць і збіраць падаткі.

У сацыяльна-эканамічным плане ўсе землі Гогенцолернаў, за выключэннем Рэйнскіх герцагстваў, характарызаваліся панаваннем прыгонніцкіх парадкаў, абсалютнай перавагай юнкерства ў сацыяльнай сістэме і слабасцю гарадоў. У ландтагах гараджанам адводзілася роля бяссільнай апазіцыі. Гогенцолерны традыцыйна падтрымлівалі дваранства ў барацьбе з гарадамі. Ваціруемы брандэнбургскім ландтагам асноўны падатак, кантрыбуцыя, з даўніх часоў размяркоўвалася паміж гарадамі і вёскай у прапорцыі 2 да 1, затым – 59% да 41%. Пры гэтым дваранскія маёнткі ўвогуле не плацілі кантрыбуцыю, яна цалкам клалася на сялянскія гаспадаркі. У Прускім герцагстве дваранства згодна традыцыі не карысталася падатковым імунітэтам. Таму тут ландтагі, каб абараніць інтарэсы дваранства, ваціравалі пераважна ўскосныя падаткі, якія ў асноўным плацілі гарады.

Пачатак станаўлення абсалютызму ў Брандэнбургу-Прусіі звязаны з праўленнем Фрыдрыха-Вільгельма І. Яшчэ яго папярэднікі ў час Трыцацігадовай вайны пачалі збіраць падаткі без згоды ландтагаў. Пасля заключэння Вестфальскага міру брандэнбургскае юнкерства занялося аднаўленнем сваіх гаспадарак і выступала супраць амбіцыйных знешнепалітычных планаў курфюрста, якія патрабавалі вялікіх выдаткаў і росту падаткаў. Таму Фрыдрых-Вільгельм І у 1652 г. склікаў Вялікі ландтаг. Курфюрст прапанаваў увесці акцызны збор на ўсе гандлёвыя здзелкі і распаўсюдзіць яго на ўсе саслоўі. Дэпутаты ад дваранства рашуча выступілі супраць гэтага. Яны прапанавалі курфюрсту вацірававь традыцыйную кантрыбуцыю пры ўмове пацверджаня іх традыцыйных прывілеяў і правоў на прыгонных. Фырых-Вільгельм І абнародаваў адпаведны ўказ, які замацаваў паўнату ўлады памешчыка над сялянамі. Былі крайне абмежаваны правы бюргерства на набыццё зямлі. У замен курфюрст атрымаў субсідыю і ўдзельнічаў у вайне 1655 – 1660 гадоў на баку Швецыі супраць Рэчы Паспалітай. За час вайны ён стварыў вялікую армію і з яе дапамогаю пачаў збіраць кантрыбуцыю, якая значна перавышала ваціраваную ландтагам. Курфюрст захаваў гэты метад спагнання кантрыбуцыі пасля заключэння міру.

У 1680 г. Фрыдрых-Вільгельм І без згоды ландтага ўвёў акцыз ва ўсіх курфюршскіх гарадах. З наступнага года ён быў распаўсюджаны і на гарады, якія належалі дваранам. Але гэта быў адзіны ўдар па інтарэсах дваранства. На вёску акцыз не распаўсюджваўся. Яна па-ранейшаму плаціла кантрыбуцыю, ад якой дваране былі вызвалены. Спагнанне акцызу перайшло ад гарадскіх улад да чыноўнікаў курфюрста. З гэтага часу пачынае хутка расці бюракратычны апарат Брандэнбурга, у якім вялікую ролю адыгрываюць ваенныя. Курфюрст Фрыдрых-Вільгельм І з 1660 г. стварае сістэму камісараў (штэйератаў), якія адказваюць за збор падаткаў і акцызаў. У Брандэнбургу ўсталявалася з 1680-х гадоў двайная сістэма кіравання: цывільная (на вёсцы); ваенная (ў гарадах). Дваранства захоўвае на вёсцы самакіраванне і ўладу ў сваіх руках, а ў гарадах акцыз збірае генералкргскамісарыят, які складаўся з афіцэраў.

Услед за Брандэнбургам абсалютызм перамог і ў Прускім герцагстве. У 1660 г яна вызвалілася ад васальнай залежнасці ад Польшчы. Тым самым саслоўныя органы Прусіі страцілі магчымаць апеліраваць да польскага караля ў спрэчках з герцагам. З 1670-х гадоў Фрыдрых-Вільгельм І і ў Прусіі пачаў збіраць падаткі з дапамогай арміі без санкцыі ландтага. У 1716 г. прускі ландтаг канчаткова быў пазбаўлены права ваціраваць пазямельныя падаткі.

Курфюрсты імкнуліся абмежаваць палітычную самастойнасць дваранства, але ніколі не даводзілі справу да крайнасці. Задача заключалася ў тым, каб ператварыць дваранства з самастойнай палітычнай сілы ў інструмент палітыкі манарха, надзелены грамадскай пашанай і эканамічнай незалежнасцю.

Была ўсталявана дзяржаўная апека над гарадамі. Гэта зрабіла абсалютызм зацікаўленым у паспяховым развіцці гарадской эканомікі. Палітыка эканамічнай падтрымкі гарадоў знайшла сваё адлюстраванне перш за ўсё ў меркантылізме. Але ў сувязі са слабасцю буржуазіі гэтая палітыка не набыла ў Брандэнбургу-Прусіі яскрава выражанага характару. У цэлым у Германіі абсалютызм не адыгрываў такой вялікай станоўчай ролі ў развіцці прамысловасці і гандлю, як у Францыі ці Англіі.

Вялікае значэнне для развіцця брандэнбургскай эканомікі мела іміграцыйная палітыка. Для Брандэнбурга была характэрна рэлігійная цярпімасць. Так склалася, што з пачатку XVIІ ст. кальвінізм тут існаваў як рэлігія курфюрстаў, а лютэранства – большасці насельніцтва. Верацярпімасць дазволіла курфюрстам запрашаць перасяляцца ў Брандэнбург тых, хто падвяргаўся рэлігійнаму праследаванню на радзіме. Напрыклад, у Брандэнбург перасяліліся 20 тыс. французскіх гугенотаў, сярод якіх было шмат рамесленікаў, гандляроў. Дякуючы перасяленцам з іншых краін у Брандэнбургу былі створаны мануфактуры па вытворчасці сукна, паперы, аксаміту, шпалер.

Да канца XVIІ ст. пры Фрыдрыху-Фільгельму І у Брандэнбургу склалася сваеасаблівая “двухпавярховая” сістэма кіравання. На верхнім паверсе строга цэнтралізаваная манархічная ўлада, якая абапіралася на бюракратычны апарат. Унізе, на вёсцы, засталася патрыярхальная ўлада памешчыка. У яго руках была мясцовая юстыцыя, паліцэйскія і адміністрацыйныя функцыі.

У 1701 г. курфюрст Фрыдрых ІІІ (1688-1713) атрымлівае тытул караля Прусіі (кароль Фрыдрых І). Прусія прымае ўдзел у Вайне за іспанскую спадчыну і ў Паўночнай вайне. У выніку гэтых войн яна атрымала Заходнюю Памеранію. Пры Фрыдрыху-Вільгельме І (1713 - 1740) Прусія канчаткова афармляецца як мілітарысцкая дзяржава. Кароль імкнецца адыгрываць ролю строгага, але справядлівага правіцеля ў дачыненні да сваіх подданых, бацькі-гасудара, які дбае пра патрэбы простага народа.

Буйнейшай рэформай Фрыдрыха-Вільгельма стала ўвядзенне кантанальнага рэгламента ў 1733 г. Ім быў канчаткова аформлены воінскі абавязак прыгонных сялян. Ад службы ў арміі вызваляліся сяляне заможных сем'яў, каб не падрываць іх гаспадаркі, і беззямельныя бабылі, якія не мелі сродкаў на набыццё ваеннай амуніцыі. Прыгонныя сяляне станавіліся асноўнай сілай арміі, і патрэба ў сялянах-рэкрутах прымушала дзяржаву абараняць сялян ад праізволу памешчыкаў, не дапускаць іх разарэння. Прызыўнік служыў 1,5   2 гады, потым прыпісваўся да акругі (кантона) і нёс службу ў запасе, прыцягваючыся па 2   3 месяцы ў год на ваенныя зборы. Памешчык з’яўляўся камандзірам сваіх прыгонных сялян, калі яны прызываліся ў армію. Кантаністы складалі 2/3 прускай арміі, а 1/3 – наёмнікі. У 1740 г. яна складала 80 тысяч чалавек. Яе ўтрыманне патрабавала велізарных падаткаў. Галоўная мэта ўнутранай палітыкі Фрыдрыха-Вільгельма І заключалася ў тым, каб арганізаваць максімальна эфектыўны збор падаткаў. Для гэтага было створана Генеральнае вярхоўнае ўпраўленне фінансаў, вайны і ўдзелаў. Быў ажыццёўлены новы перапіс, павялічыліся ўскосныя падаткі.

Гэта выклікала незадавальненне некаторай часткі дваранства, бо змяншаўся іх даход ад эксплуатацыі прыгонных сялян. Але большасць дваран падтрымала курс караля на мілітарызацыю краіны. Наяўнасць вялікай колькасці афіцэрскіх пасад давала магчымасць перш за ўсё малодшым сынам юнкераў рабіць добрую кар’еру і мець стабільны даход. Ваенная прафесія была найбольш прыстыжнай у краіне. Але за гэтыя перавагі дваранства вымушана было падначальвацца жорсткай дзяржаўнай дысцыпліне. Дваране былі абавязаны служыць у арміі. Кароль забараняў дваранам займацца прадпрыймальніцтвам, наймацца на службу ў іншыя дзяржавы. уся эканамічная дзейнасць у Прусіі знаходзілася пад дзяржаўным кантролем. Кароль давёў да абсалюта палітыку меркантылізму. За час праўлення караля-капрала, як называлі Фрыдрыха-Вільгельма І, краіна ператварылася ў адну вялікую казарму.

6.3 31 мая 1740 г. на прускі трон уступіў Фрыдрых ІІ. З яго праўленнем звязана правядзенне ў Прусіі палітыкі асветніцкага абсалютызму. Але перш за ўсё ён прадоўжыў палітыку мілітарызацыі. Армія дасягнула 186 тысяч чалавек і была галоўным інструментам, з дапамогай якога Фрыдрых ІІ імкнуўся ператварыць Прусію ў вялікую дзяржаву. Кароль разумеў, што для дасягнення гэтай мэты неабходная і моцная эканоміка, развіццё навукі, адукацыі, культуры. Кароль адмяніў цэнзуру, выдаў дэкрэт аб верацярпімасці, часта выстаўляў сябе абаронцам свабоды слова, думкі. Аднавіла сваю дзейнасць акадэмія навук. Быў складзены праект "Агульнага земскага ўлажэння", які прадугледжваў незалежнасць судовай улады. З яго прыняццем быў створаны агульнадзяржаўны кодэкс законаў. У судзебнай справе адмяняюцца пыткі, але захаваліся элементы саслоўнай няроўнасці перад судом. У рэлігійнай сферы праводзілася палітыка рэлігійнай цярпімасці.

Унутраная палітыка Фрыдрыха ІІ у цэлым была накіравана на абарону інтарэсаў дваранства. За ім захаваліся ўсе правы і прывілеі ў дачыненні да сялян. Кароль стварыў дваранскія банкі, дваранам аддавалася перавага пры заняцці афіцэрскіх і чыноўніцкіх пасад. Дваранства вызвалялася ад падаткаў (акрамя Сілезіі і герцагстваў на Рэйне).

У сваёй палітыцы ў дачыненні да сялянства кароль сутыкнуўся з неабходнасцю захаваць селяніна як падаткаплацільшчыка і рэкрута, не абмяжоўваючы пры гэтым правы памешчыка. Яшчэ ў 1739 г. Фрыдрых-Вільгельм І забараніў сваім указам зганяць селяніна з зямлі без замены яго іншым. Фрыдрых ІІ працягнуў гэтую палітыку. Яна была нацэлена на захаванне класа сялян у цэлым, але не абараняла асобнага селяніна. Памешчыку не было складанна знайсці замену непажаданнаму трымальніку надзела.

У 1763 г. Фрыдрых ІІ зрабіў спробу адмяніць прыгоннае права ў Памераніі, але сутыкнуўся з такім моцным супраціўленнем дваранства, што быў вымушаны адступіць. Каралём была зроблена спроба палепшыць становішча сялян, якія з'яўляліся трымальнікамі каралеўскіх зямель. У 1777 г. ім было гарантавана права ўласнасці на надзел і перадачы яго ў спадчыну.

У эканоміцы Фрыдрых ІІ быў прыхільнікам палітыкі меркантылізму і імкнуўся забяспечыць максімальны прыток грошай ў дзяржаву. Для гэтага кароль усяляк абмяжоўваў імпарт, уводзячы высокія мытныя пошліны. З 1766 г. стала прымяняцца практыка забороны ўвоза розных тавараў. У адпаведныя спісы патрапіла 490 прадметаў. Але меркантылізм не мог кампенсаваць недахоп капіталу, тэхнічных ведаў, агульную слабасць прускага прадпрымальніцтва. Недахоп капіталу не ўдавалася кампенсаваць і дзяржаўнымі субсідыямі, бо 2/3 бюджэта Прусіі ішло на ўтрыманне арміі. Вялікія субсідыі выдаваліся дваранам. Мануфактуры, калі і атрымоўвалі субсідыі ад караля, то, як правіла, зусім нязначныя. Некаторыя галіны прамысловасці былі выключна дзяржаўнымі. Так адбылося ў горнай прамысловасці. Буйныя дзяржаўныя мануфактуры насаджаліся штучна, часта прыходзілі да банкрутства. Толькі нямногія галіны, як палатняная вытворчасць на тэрыторыі Сілезіі, развіваліся паспяхова. Дробная рэгламентацыя, да якой прыбягаў кароль, падаўляла прадпрымальніцкую ініцыятыву, шкодзіла вытворчасці. Суб’ектыўныя погляды караля таксама перашкаджалі росту прамысловасці. Так, Фрыдрых ІІ лічыў шкодным укараненне машын у вытворчасць, бо яны замяняюць шмат людзей і перашкаджаюць росту насельніцтва.

Адмоўна адбіваўся на развіцці прамысловасці вялікі падатковы ціск. Вёска па-ранейшаму плаціла прамы пазямельны падатак – кантрыбуцыю, а горад – акцыз на гандлёвыя аперацыі. Пры гэтым гандляваць можна было толькі ў гарадах, а ў вёсцы гандаль быў забаронены. Была ўстаноўлена каралеўская манаполія на соль, тытунь, каву. Пры гэтым поданыя вымушаны былі купляць гэтыя тавары ў вялікай колькасці. Асноўны клопат эканамічнай палітыкі Фрыдрыха ІІ зводзіўся да максімальнага папаўнення казны.

Прусія пры Фрыдрыху ІІ засталася ваеннай і дваранскай дзяржавай. Пры гэтым яна набыла яшчэ адну рысу: усталяваўся рэжым дробнага ўмяшання дзяржавы ў гаспадарку, прыватнае жыццё. цэнтралізацыя дзяржаўнага кіравання дасягнула крайніх форм. Усе функцыі мясцовага самакіравання перайшлі ў рукі каралеўскіх чыноўнікаў. Кароль асабіста вырашаў, якія фабрыкі засноўваць, колькасць вырабляемых тавараў, дзе сяліць каланістаў.

Па-за сістэмай дзяржаўнай цэнтралізацыі застаўся дваранскі маёнтак. Тут улада належала памешчыку. У гэтым заключаўся кампраміс паміж манархічнай формай улады і арыстакратычнымі прывілеямі дваран.

Важнейшым элементам палітыкі прускага абсалютызму стала знешняя агрэсія. У Аўстрыі ў 1740 г. была захоплена Сілезія. У час сямігадовай вайны Фрыдрых ІІ захаваў Сілезію. У 1772 г. ён прыняў удзел у першым падзеле Рэчы Паспалітай. Тэрыторыя Прусіі павялічылася за час яго праўлення са 119 тысяч км2 да 195 тысяч км2, а яе насельніцтва з 2240000 чалавек да 5430000. Прусія стала адной з вялікіх дзяржаў Еўропы. Пры гэтым Фрыдрых ІІ не імкнуўся ажыццявіць агульнагерманскую ідэю, а дзейнічаў толькі як прускі кароль і разглядаў Германію як поле для пашырэння Прусіі.

У цэлым палітыка асветніцкага абсалютызму Фрыдрыха ІІ не прывяла да прагрэсіўнага перавароту ў жыцці краіны. Яна ўмацавала абсалютысцкія структуры і фактычна ператварыла Прусію ў ваенна-бюракратычную, дыспатычную дзяржаву. Тут так і не склалася адукаванага і актыўнага трэцяга саслоўя. Прускае грамадства было адвучана Фрыдрыхам ІІ ад усялякай самастойнасці. Вынікам гэтага стала тое, што ў пачатаку XIX ст. Прусія сутыкнулася з глыбокім крызісам.
Пытанні для самакантроля

1 Ахарактарызуйце сістэму ўлады ў Свяшчэннай Рымскай імперыі ў XVIІ ст.

2 Чаму ў германіі сфарміраваўся менавіта княжскі абсалютызм?

3 Ахарактарызуйце сацыяльную базу абсалютызму ў германскіх дзяржавах?

4 Як адбывалася фарміраванне тэрытарыяльных уладанняў Гогенцолернаў у XVIІ ст.?

5 Ахарактарызуйце палітыку курфюрста Фрыдрыха-Вільгельма І па ўмацаванню абсалютысцкай улады.

6 У выніку якіх падзей Пруска-Брандэнбургская дзяржава ператварылася ў каралеўства?

7 Якія важнейшыя рысы прускага абсалютызму ў час праўлення караля Фрыдрыха-Вільгельма І?

8 Якія фактары сацыяльна-эканамічнага развіцця Прусіі паўплывалі на характар прускай манархіі?

9 Якія рысы палітыкі Фрыдрыха ІІ дазваляюць характарызаваць яе як палітыку асветніцкага абсалютызму?

10 Назавіце асноўныя рысы сацыяльна-эканамічнай палітыкі Фрыдрыха ІІ?

Вучэбнае выданне


Мязга Мікалай Мікалаевіч


еўрапейскі абсалютызм у канцы xv–xviii ст.
тэксты лекцый
для студэнтаў спецыяльнасцей

1-21 03 01-01 Гісторыя (айчыная і ўсеагульная)

1-02 01 02-04 Гісторыя. Замежная мова (англійская)

У аўтарскай рэдакцыі


Ліцэнзія № 02330/0133208 ад 30. 04.04.

Падпісана ў друк ________. Фармат 60х84 1/16.

Папера афсетная. Рызографія. Умоўна-друк. арк. ____.

. Ул.-выд. арк. ____ . Тыраж 60 экз. Заказ № ____.

Выдавец і паліграфічнае афармленне:

ўстановы адукацыі "Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт

імя Францыска Скарыны"

ЛІ № 02330/0549481 ад 14. 05. 2009.

ЛІ № 02330/0150450 ад 03. 02. 2009

Вул. Савецкая,104, 246019, г. Гомель




1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка