Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь




старонка2/3
Дата канвертавання20.03.2016
Памер1 Mb.
1   2   3

Лекцыя 2 Крызіс феадальна-абсалютысцкага ладу

ў Францыі ў 1715 – 1789 гадах
2.1 Асаблівасці сацыяльна-эканамічнага развіцця

2.2 Праўленне Людовіка ХV

2.3 Нарастанне крызіса феадальна-абсалютысцкіх парадкаў пры Людовіку ХVІ
Літаратура

Манфред, А.З. Очерки истории Франции XVIII – XX вв. [Текст]. / А.З. Манфред. – М., 1961.

Блуменау, С.Ф. Людовик ХV. [Текст]. / С.Ф. Блуменау // Вопросы истории. – 2000 – №9.

Пименова, Л.А. Людовик ХVІ. [Текст]. / Л.А. Пименова // Вопросы истории. – 2000 – №3.


2.1 Войны Людовіка ХІV нанеслі вялікі ўрон Францыі. Толькі ў канцы 20-х – пачатку 30-х гадоў краіна ўступае ў перыяд хуткага эканамічнага ўздыму Ён праяўляецца ў большай ступені ў прамысловасці і гандлі. Але сельская гаспадарка і ў сярэдзіне XVІІІ ст. давала 3/4 нацыянальнага даходу. У Францыі перавагу меў сялянскі шлях развіцця капіталістычных адносін. У якасці цэнзівы сялянам належала каля 40% зямлі. Цэнзіва была вечнаспадчыным трыманнем селяніна. Калі ён выконваў ўсе павіннасці, то сеньёр не меў права сагнаць яго з зямлі. Многія сяляне яшчэ дадаткова і арэндавалі зямлю (на 1, 3, 9 год). Арэнда магла быць і пажыццёвай. За карыстанне цэнзівай селянін плаціў грашовы аброк – цэнз. Паколькі сеньёр быў уласнікам зямлі, прадаючы цэнзіву, селянін уносіў збор на карысць сеньёра. Арэнда ўяўляла сабою, як правіла, іздольшчыну. У Паўночнай Францыі распаўсюджвалася і грашовая арэнда. Паўночная Францыя вызначалася больш хуткім развіццём капіталістычнага ўкладу ў сельскай гаспадарцы, тут ужо з'яўляецца буйная капіталістычная ферма.

Фінансавая рэформа Джона Лоу дала дадатковы штуршок для пераразмеркавання зямельных уладанняў. Многія латыфундыі былі раздроблены, землі перайшлі ў рукі новых уласнікаў, часта выхадцаў з трэцяга саслоўя. Аднак ва ўмовах захавання феадальна-абсалютысцкага ладу, развіццё капіталістычных адносін сутыкаецца з цяжкасцямі. Захаванне ўласнасці сеньёраў на зямлю вяло да таго, што сяляне вымушаны несці вялікія павіннасці. Акрамя таго, у феадальнай дзяржаве селянін быў асноўным падаткаплацільшчыкам. Асноўная маса сялян застаецца беднай (60% сялян не маглі пражыць толькі з уласнай гаспадаркі). Гэтыя сялянскія гаспадаркі былі натуральнымі ці паўнатуральнымі. Тым самым значна звужаецца ўнутраны рынак, што тармазіла развіццё прамысловасці.

Больш інтэнсіўнаму развіццю сельскай гаспадаркі перашкаджала наяўнасць баналітэтных правоў сеньёраў: на валоданне млынам, пякарней, вінаградным прэсам. Феадальная дзяржава была зацікаўлена ў захаванні сялян як падаткаплацільшчыкаў. Таму яна прымала меры для захавання цэнзівы. Гэта перашкаджала павышэнню таварнасці сельскай гаспадаркі праз стварэнне буйных гаспадарак і адтоку свабодных рук у прамысловасць.

Для Францыі другой паловы ХVIII ст. характэрна ўзмацненне сеньярыальнай рэакцыі. Яна праявілася ва ўзмацненні феадальных павіннасцей, захопе сеньёрамі абшчыных зямель па праву трыяжу. Прычынай гэтага стаў рост цэнаў на сельскагаспадарчую прадукцыю.

Прамысловасць у ХVIII ст. ужо адыгрывала значную ролю ў эканоміцы Францыі, даючы 1/5 даходу краіны. Прырост прамысловай вытворчасці за ХVIII ст. склаў 60%. Найбольшае значэнне мелі баваўняна-папяровая і шоўкаткацкая галіны. Для французскай прамысловасці таго часу было характэрна значнае распаўсюджванне цэнтралізаваных мануфактур, якія ствараліся пры падтрымцы дзяржавы. Але ў XVIII ст. у Францыі ўсё ж значна больш распаўсюджанай была рассеяная мануфактура, шырока прадстаўлены ў вёсцы былі дробныя промыслы. Асаблівасцю развіцця французскай прамысловасці было шырокае выкарыстанне дробнай ручной вытворчасці. Французская мануфактура з-за беднасці асноўнай масы насельніцтва арыентавалася на задавальненне попыту вузкага кола спажыўцоў: двара, арміі, арыстакратыі. Пераважала вытворчасць тавараў раскошы і ваеннай прадукцыі.

Ва ўмовах абсалютысцкай дзяржавы капіталы знаходзіліся пад пагрозай канфіскацыі. Гэтаму спрыяла кругавая парука пры зборы падаткаў, штрафы, адвольныя канфіскацыі. Каб пазбегнуць непрыемнасцей з маёмасцю, французская буржуазія ўкладае грошы ў набыццё маёнткаў, тытулаў, пасад. Гэта давала магчымасць увайсці ў лік прывілегіраваных сасловій і гарантаваць сваю маёмасць. Але такія капіталаўкладанні змяншалі колькасць грошай, якія ўкладаліся ў прамысловасць і гандаль. Прагрэсу капіталістычнай прамысловасці перашкаджала захаванне цэхавай сістэмы, прывілеяў, манаполій.

Нягледзячы на ўсе перашкоды, французская мануфактура ў другой палове XVIII ст. дасягнула высокай ступені развіцця. Але тым больш яна адчувала тыя абмежаванні, якія на яе далейшы рост накладаў феадальна-абсалютысцкі лад.

XVIII ст. – час імклівага развіцця французскага гандлю, у першую чаргу знешняга. За 20 – 80-я гады ён вырас у 4 разы, каланіяльны гандаль – у 13 разоў. Аднак ва ўмовах абсалютызму доступ да выгаднага знешняга гандлю быў абмежаваны. Ён канцэнтраваўся ў руках нешматлікай гандлёвай алігархіі, буйных манапольных кампаній. Унутраны гандаль развіваецца павольней, але Францыя тым не менш паступова рухалася да стварэння агульнанацыянальнага рынку. Гэты працэс так і не завяршыўся да пачатку рэвалюцыі. У краіне захаваліся многія ўнутраныя мытні.

Развіццё прамысловасці і гандлю патрабуе банкаўскага разліку. Хоць колькасць банкаў і расла, але яны кантраляваліся вузкім колам фінансавай арыстакратыі, большасць банкаў знаходзілася ў Парыжы. Для простага буржуа доступ да банкаўскага крэдыту быў крайне складаным.

Змены адбываюцца і ў сацыяльнай структуры, але яна заставалася яшчэ традыцыйнаю для феадальнага грамадства. Захоўваліся карпаратыўнасць, саслоўная замкнёнасць. Духавенства і дваранства з’яўляліся прывілегіраванымі саслоўямі (духавенства – 130 тыс, дваранства – 140 тыс. чалавек з 26 млн. насельніцтва). Духавенства, каб адстойваць свае пазіцыі, пайшло на цесны саюз з абсалютнай манархіяй, прапагандуе ідэю божскага паходжання каралеўскай улады. Англійскі гісторык першай паловы ХІХ ст. Т. Карлейль пісаў: “Цяпер яны падтрымліваюць адзін аднаго і калі падут, то падут разам”. У гэты час аўтарытэт духавенства падае, таму яно з’яўляецца слабою апораю каралеўскай улады.

Слабее сацыяльная апора абсалютызму і ў асобе дваранства. Яно па-ранейшаму дзялілася на дваранства шпагі і дваранства мантыі. Апошняе фарміруецца з прадстаўнікоў трэцяга саслоўя. Вышэйшы слой дваранства быў нешматлікім – 3 тысячы чалавек. Дваранства збяднела, гэта аслабіла і яго палітычную сілу, некаторыя дваране абуржуазіліся. Сярод гэтай часткі дваранства сталі распаўсюджвацца ліберальныя ідэі, якія адмаўлялі існаванне абсалютызму як формы дзяржаўнага кіравання.

Французскі абсалютызм ужо пазбавіўся ранейшай падтрымкі буржуазіі. Буржуазія ўзмацнілася і не мела патрэбы ў апецы з боку абсалютызму. У радах буржуазіі ўмацоўваецца перакананне, што толькі атрымаўшы доступ да ўлады, можна стварыць спрыяльныя ўмовы для прадпрымальніцтва. Доступ да ўлады буржуазія разлічвала атрымаць праз стварэнне прадстаўнічай сістэмы кіравання. Вялікае незадавальненне буржуазіі выклікала сістэма саслоўных прывілеяў. Буржуазія была найбольш арганізаваным класам у радах трэцяга саслоўя, але не самым вялікім. Ёй патрэбен быў саюзнік для барацьбы супраць абсалютызму. У Францыі не склаўся вялікі клас новага дваранства, якое магло б стаць саюзнікам буржуазіі. Таму яна павінна была арыентавацца на саюз з сялянствам і гарадскім плебсам.

Як бачым, сацыяльная база французскага абсалютызму рэзка звузілася, а рады апазіцыі хутка раслі.

2.2 Людовік ХV уступіў на трон у 1715 г., калі яму было 5 гадоў. Пры ім быў прызначаны рэгент – герцаг Філіп Арлеанскі. Філіп, пасля даволі жорсткага праўлення Людовіка ХIV, ідзе на некаторыя саступкі саслоўям. Ён аднавіў правы парламентаў, правёў палітычную амністыю. Парыжскі парламент набывае вялікую палітычную вагу. Дзяржаўны апарат быў рэарганізаваны, і ўся ўлада сканцэнтравалася ў руках 6 саветаў, залежных ад Парыжскага парламента: унутраных спраў, замежных спраў, ваенны, марскі, фінансава-гандлёвы. Рост уплыву Парыжскага парламента не задавальняў дваранства. Пад яго ціскам Філіп Арлеанскі ў 1718 г. пазбаўляе Парламент права пярэчыць каралеўскім арданансам. Саветы былі ліквідаваны, а для вядзення дзяржаўных спраў прызначаліся статс-сакратары. Яны падначальваліся толькі рэгенту.

У 1716 г. Дж. Лоу пачаў фінансавую рэформу. Ён увёў у абарачэнне крэдытныя банкаўскія білеты, фактычна папяровыя грошы. Гэта дазволіла разлічыцца з дзяржаўным доўгам. Пачалася гульня на акцыях, якія выпускаў банк Лоу. Яны хутка раслі ў цане. Дваране прадаюць землі, каб набыць акцыі, што вяло да пераразмеркавання зямельнай уласнасці. У 1720 г. Лоу стаў генеральным кантралёрам фінансаў, але ў гэтым жа годзе яго сістэма рухнула. Яго рэформы садзейнічалі развіццю таварна-грашовых адносін і пераразмеркаванню маёмасці на карысць буржуазіі.

У 1723 г. Людовік ХV быў абвешчаны паўналетнім. Аўтарытэт каралеўскай улады ў гэты час зніжаўся, але сам прынцып манархіі, як формы спадчынай улады, для падаўляючай большасці французаў да пачатку рэвалюцыі заставаўся незыблімым. Як у прывілегіраваных саслоўях, так і ў простым народзе жыла моцная вера ў справядлівага караля. Калі кароль стаў правіць самастойна, улада аказалася ў руках фаварытаў. Спачатку гэта быў герцаг Бурбонскі. Пры ім Францыя была даведзена да глыбокага эканамічнага крызісу. У герцага ўзнік востры канфлікт з Парыжскім парламентам. Ён вымушаны быў у 1726 г. саступіць кіраванне кардыналу дэ Флеры.

Шэраг французскіх кансерватыўных гісторыкаў лічаць, што праўленне Людовіка ХV і дэ Флеры бало даволі паспяховым. Яны ўказваюць на рост насельніцтва, паскарэнне развіцця эканомікі. Дэ Флеры канцэнтраваў уладу ў сваіх руках. Пры гэтым ён абапіраўся на ордэн іезуітаў і праводзіў палітыку рэлігійнай нецярпімасці. Разгарнулася барацьба каталіцкай царквы супраць янсеністаў. Гэтая рэлігійная секта адстойвала ідэю аб абранасці перад богам нешматлікіх, удзелу ў вырашэнні рэлігійных спраў міран. Штодзённаю з’яваю сталі адвольныя арышты, зноў абвастрыліся адносіны манархіі з Парыжскім парламентам. Эканамічная палітыка вялася для ўзбагачэння вузкага кола фінансістаў і гандляроў-манапалістаў. Сяляне былі аддадзены пад поўную ўладу сеньёраў. Францыя перажывала імклівы рост цэн на прадукты харчавання, частаю з’яваю быў голад.

Людовік ХV быў далёкі ад кіравання краінай, у асноўным займаўся паляваннем. Праўда, часам праяўляў цікавасць да пытанняў знешняй палітыкі і рэлігіі. Пасля смерці дэ Флеры ў 1743 г. усё большую ролю ў дзяржаўных справах сталі адыгрываць фаварыткі караля (дэ Пампадур, Дзюбары і іншыя). Палітычная і ідэйная апазіцыя абсалютызму нарастала. У 1749 – 1750 гадах па Францыі пракаціліся хваляванні, звязаныя з высокімі цэнамі на харчаванне.

Нарастанне сацыяльнай напружанасці штурхала абсалютызм да правядзення некаторых рэформ. У пачатку 1750-х гадоў кароль і генеральны кантралёр фінансаў Машо пайшлі на ўвядзенне каралеўскай дзесяціны для ўсіх сасловій. Але кароль у 1751 г. пад ціскам прывілегіраваных сасловій, асабліва духавенства, вымушаны быў выдаць указ на вызваленне духавенства ад дзесяціны.

Складаннымі былі адносіны з Парыжскім парламентам. У 1753 г. парламент выказаў прытэнзіі на тое, каб не толькі рэгістраваць эдзікты, але і ўносіць у іх змены і нават ствараць іх. Кароль у адказ арыштаваў лідэраў парламента, многіх адправіў у выгнанне. У 1758 г. рэпрэсіі супраць парламента былі адменены, але гэта не прывяло для знікнення парламенцкай апазіцыі абсалютызму. Рост сацыяльных супярэчнасцей, вострая палітычная барацьба, нарастанне апазіцыі абсалютызму, спробы з яго боку правесці некаторые рэформы даюць падставы гісторыкам гаварыць пра палітычны крызіс 1750-х гадоў у Францыі (С.Ф. Блуменау).

У 1761 г. абсалютызм робіць спробу ліквідаваць Парыжскі парламент. Але гэта выклікала такое незадавальненне ў грамадстве, што Людовік ХV вымушаны быў адступіць. У 1764 г. кароль пад ціскам Парламента забараняе дзейнасць ордэну іезуітаў. У 1771 г. канцлер Мапу робіць новую спробу ліквідаваць Парламент. Большасць лідэраў Парламента былі арыштаваны, многія парламенцкія пасады выкуплены. Парыжскі і Руанскі парламенты былі заменены судовымі палатамі, якія падначальваліся каралю. Але рэформа Мапу была настолькі непапулярнаю, што людовік ХVІ, уступіўшы на трон у 1774 г., яе адразу адмяніў.

У пачатку 1770-х гадоў была зроблена спроба правесці рэформу і фінансавай сістэмы. Былі зменшаны пенсіі прыдворным, працэнты па дзяржаўных пазыках, павялічыўся кошт водкупу падаткаў. Абмяркоўвалася пытанне аб шырокім падаткаабкладанні прывілегіраваных сасловій. Як бачым, пачатак 1770-х гадоў – гэта час, калі ўрад Людовіка ХV паспрабаваў рэфармаваць архаічныя судовую і фінансавую сістэмы, але гэтыя рэформы не былі даведзены да лагічнага завяршэння.

У цараванне Людовіка ХV настае разрыў паміж буржуазіяй і абсалютызмам. І буржуазія, і блізкае да яе ліберальнае дваранства выступаюць цяпер пад сцягам асветніцкай ідэалогіі. Французскае асветніцтва рэзка крытыкавала феадальна-абсалютысцкія парадкі і прапаноўвала замяніць іх новым грамадствам, створаным на аснове рацыянальных схем, распрацаваных асветнікамі. Асветніцтва падрывала тэзіс аб божскім паходжанні каралеўскай улады, а найбольш радыкальныя яго прадстаўнікі лічылі магчымым прыбегнуць да ўзброенага паўстання ў барацьбе з тыраніяй.

Крызіс французскага абсалютызму праявіўся і ў аслабленні міжнароднага становішча Францыі. У 1733 – 1735 гады ў час вайны за польскую спадчыну Людовік ХV не змог пасадзіць на польскі трон свайго стаўленіка Станіслава Ляшчынскага. Але ён атрымаў ва ўладанне Латарынгію, і пасля яго смерці яна была далучана да Францыі. Не прынёс Францыі поспеху і ўдзел у вайне за аўстрыйскую спадчыну. У гэты час на першы план выйшла саперніцтва паміж Англіяй і Францыяй у калоніях. У гэтай барацьбе асабліва няўдалай для Францыі была сямігадовая вайна, калі яна страціла Канаду і большасць уладанняў у Індыі. Сямігадовая вайна паказала, што магутнасць Францыі – гэта міф. Французскі дыпламат граф дэ Селюр адзначаў: ”Францыя страціла свой уплыў у Еўропе. Англія спакойна панавала на морах і бесперашкодна заваёўвала абедзве Індыі. Паўночныя дзяржавы дзялілі Польшчу. … Францыя перастала быць дзяржаваю першага рангу і дазволіла заняць гэтае месца Кацярыне ІІ”.

Смерць Людовіка ХV у 1774 г. была ўспрынята грамадствам з аблягчэннем. Хаця яго палітыку нельга адназназначна характарызаваць як рэакцыйную. Ён, безумоўна, быў прыхільнікам абсалютызму, але без яго крайнасцей. Кароль спрабаваў праводзіць некаторыя прагрэсіўныя рэформы, але ў яго не хапіла палітычнай волі, каб давесці іх да завяршэння.

2.3 Людовік ХVІ узышоў на трон у 1774 г. Кароль хацеў правіць па-новаму, але пры захаванні традыцый французскага каралеўства. Т.Карлейль адзначаў, што новы кароль быў “поўны надзей зрабіць Францыю шчасліваю, але ён, на жаль, не ведаў, што для гэтага трэба зрабіць”. Кароль хацеў перш за ўсё прывесці ў парадак фінансы. Першы яго ўказ 30 мая 1774 г. быў аб адмове ад права на 24 млн. ліўраў, якія па традыцыі выплочваліся каралеве і каралю пры ўступленні на трон. Надзеі на рэформы парадзіла і рашэнне караля 25 жніўня 1774 г. адправіць у адстаўку непапулярных міністраў свайго дзеда Мапу і Церрэ і прызначыць генеральным кантралёрам фінансаў віднага дзеяча асветніцтва Робера-Жана Цюрго.

Цюрго пачынае ажыццяўляць рэформы. Ён адмяняе дзяржаўную рэгламентацыю хлебнага гандлю, дарожную паншчыну сялян, замяніўшы яе грашовым зборам, уводзіць свабоду віннага гандлю, ліквідуе цэхі і гільдыі. Гэтыя рэформы спрыялі развіццю буржуазных адносін у Францыі. Кароль першапачаткова падтрымліваў Цюрго, нават тады, калі з увядзеннем свабоднага гандлю хлебам у Францыі выраслі цэны і ў 1775 г. пачалася "мучная вайна". Сітуацыя змянілася, калі Цюрго стаў рыхтаваць праект увядзення падаткаў на прывілегіраваныя саслоўі і прапанаваў стварыць выбарныя органы ўлады. Кароль убачыў пагрозу для французскага абсалютызму і ў 1776 г. адправіў міністра ў адстаўку.

У 1777 г. Людовіка ХVІ прызначае новага генеральнага кантралёра фінансаў банкіра Жака Некера. Ён паспрабаваў прадоўжыць рэформы фінансавай сістэмы і правінцыйнага кіравання. Некер увёў рэжым эканоміі дзяржаўных сродкаў, скараціў каля 600 прыдворных пасад. Гэта выклікала рост незадаволенасці арыстакратыі, якая прывыкла да вялікіх выплат з казны. У 1781 г. Некер атрымаў адстаўку, падставай да якой стала абнародаванне ім звестак аб дзяржаўным бюджэце. Новым кантралёрам стаў Жолі дэ Флеры. Усе рэформы былі згорнуты. Вынікам стала хуткае паглыбленне фінансавага крызісу. Міністр спрабаваў справіцца з крызісам за кошт буйных займаў у фінансістаў. У 1786 г. апошняю спробу рэформаў на пярэдадні рэвалюцыі робіць новы генеральны кантралёр фінансаў Калон. Іх цэнтральным элементам павінна было стаць увядзенне падаткаабкладання прывілегіраваных саслоўяў. Праект рэформы выклікаў рэзкія пратэсты з боку прывілегіраваных і парыжскі парламент адмовіўся зарэгістраваць адпаведныя арданансы.

Фінансавы крызіс так і не быў пераадолены. Крызіс французскага абсалютызму праявіўся і ў міністэрскай чахардзе. З 1774 па 1789 г. на пасадзе генеральнага кантралёра фінансаў змянілася 12 чалавек. У такой сітуацыі праводзіць паслядоўную фінансавую палітыку было немагчыма. Французскі абсалютызм не здолеў стаць на шлях глыбокіх пераўтварэнняў. Ідэі Асветніцтва аб удасканаленні грамадства не былі ўспрыняты французскай манархіяй. У Францыі не аформіўся асветніцкі абсалютызм як сістэма кіравання, здольная правесці пэўныя рэформы ў адпаведнасці з патрабаваннямі часу. Адсутнасць неабходных рэформ і вяла Францыю да рэвалюцыі 1789 г.

Крызіс абсалютызму праяўляўся ў тым, што ўзмацняецца ізаляцыя каралеўскай улады ўнутры дваранства. Абсалютызм падвяргаўся крытыцы як з боку ліберальнага дваранства за няздольнасць правесці неабходныя рэформы, так і з боку старой арыстакратыі, якая была незадаволена змяншэннем яе ролі ў кіраванні дзяржавай і засіллем абсалютысцкай бюракратыі. Нарастае канфлікт манархіі з дваранствам мантыі, які праяўляецца ў канфлікце караля з Парламентам. У Парыжскім парламенце распалася “міністэрская партыя”, якая на працягу першых 10 гадоў праўлення Людовіка ХVI падтрымлівала яго палітыку. Менавіта парламенцкая апазіцыя, якая сфарміравалася ў 1787 – 1788 гадах, многімі гісторыкамі разглядаецца як пралог Вялікай французскай рэвалюцыі.

Сітуацыя ўскладнялася тым, што ў 1787 г. Францыя сутыкнулася з эканамічным крызісам. Гэта ў многім быў вынік англа-французскага гандлёвага дагавора 1786 г., заснаванага на прынцыпах свабоднага гандлю. Французскія прамысловыя вырабы сталі неканкурэнтназдольнымі нават на ўласным рынку.

Аўтарытэт абсалютызму не маглі ўжо ўзняць некаторыя поспехі ў знешняй палітыцы, якою кіраваў граф дэ Вержэ. Францыя падтрымала ЗША ў іх барацьбе з Англіяй. Вайна ў цэлым была пераможнаю, але не прынесла Францыі істотных тэрытарыяльных здабыткаў.

У 1787 г. крызіс улады ў Францыі стаў відавочным. Абсалютызм ніяк не мог справіцца з фінансавымі цяжкасцямі. Кароль вырашыў пайсці на скліканне асамблеі натаблей – сходу прадстаўнікоў вышэйшай арыстакратыі, якія прызначаліся каралём. Тым самым кароль фактычна прызнаваў немагчымасць правіць аднаасобна. Перад натаблямі планавалася паставіць пытанне аб увядзенні падаткаабкладання прывілегіраваных саслоўяў.

Натаблі пачынаюць працу 22 лютага 1787 г. У сваім выступленні генеральны кантралёр фінансаў Калон вымушаны быў прызнаць, што Францыя перажывае глыбокі фінансавы крызіс. Ён лічыў, што галоўная прычына гэтага ў падатковым імунітэце духавенства і дваранства. За прапанову ўвесці падаткаабкладанне на прывілегіраваныя саслоўі 10 красавіка Калон быў адпраўлены ў адстаўку. Генеральным кантралёрам становіцца дэ Брыен, стаўленік каралевы. Па яго парадзе кароль распусціў натабляў. Урад стаў на шлях далейшага павышэння падаткаў.

Але збор натабляў не прайшоў бясследна. 17 чэрвеня 1787 г. кароль дазваляе свабодны гандаль зернем. Таксама быў выдадзены каралеўскі эдзікт аб скліканні выбарных правінцыйных асамблей для вырашэння мясцовых пытанняў. Яны атрымалі права кантролю за зборам падаткаў, за фінансавай дзейнасцю мясцовай адміністрацыі. Гугенотам былі вернуты некаторыя правы.

Хутка правінцыйныя асамблеі сталі дэманстраваць сваю апазіцыйнасць. Летам 1788 г. асамблея Брытані адмовілася зацвердзіць закон аб новых падатках. Парыжскі парламент яшчэ летам 1787 г. адмовіўся рэгістраваць эдзікты аб новых падатках. Канфлікт манархіі з Парыжскім парламентам прывёў да таго, што ён быў разагнаны. Парламенты ў іншых гарадах таксама адмаўляліся рэгістраваць каралеўскія эдзікты аб падатках.

Нарастанне апазіцыі прымушае караля ісці на саступкі. Ён дае адстаўку дэ Брыену і вяртае да ўлады Некера. Той адразу зрабіў выснову, што вывесці краіну з крызісу можна толькі сумеснымі намаганнямі трох сасловій. Для аб’яднання гэтых намаганняў Некер паставіў пытанне аб скліканні Генеральных штатаў. Каб вырашыць гэтае пытанне, кароль 6 лістапада 1788 г. склікае другую нараду натаблей. Асамблея прыняла прапанову аб падвоеным прадстаўніцтве трэцяга саслоўя, але пытанне аб паімённым галасаванні не было вырашана. 12 снежня 1788 г. натаблі разышліся, а 24 студзеня 1789 г. кароль выдаў эдзікт аб выбарах генеральных штатаў. У трэцім саслоўі выбарчае права атрымалі ўсе мужчыны – падаткаплацільшчыкі з 25 гадоў. Для духавенства была дзвюхступенчатая сістэма выбараў, для дваранства – прамыя выбары, для трэцяга саслоўя – шматступеньчатыя выбары.

Такім чынам, крызіс улады ў Францыі ў 1788 – 1789 гады стаў відавочным. Абсалютызм ужо не мог правіць з дапамогаю традыцыйных інстытутаў. Адбылася значная актывізацыя апазіцыі. Масавыя выступленні адбыліся 11 – 12 ліпеня 1788 г. у Дзіжоне. Хваляванні насельніцтва, звязаныя з ростам цэнаў на прадукты харчавання, назіраліся ў Беарне, Брэтані, Дофінэ. Выбары ў Генеральныя штаты спрыялі далейшаму росту палітычнай актыўнасці. З’яўляецца велізарная колькасць брашур на палітычныя тэмы. Адной з найбольш вядомых стала брашура абата Сійеса "Што такое трэцяе саслоўе?", у якой ён найбольш грунтоўна выклаў патрабаванні трэцяга саслоўя. Тойнбі так тлумачыць прычыны апазіцыйнасці французскай буржуазіі абсалютызму: “Французскі буржуа з зайздрасцю назіраў за працвітаннем англійскай буржуазіі і прыйшоў да высновы, што і французская буржуазія магла б працвітаць не горш, калі толькі прымусіць караля Людовіка па прыкладу караля Георга дазволіць сваім подданым вырабляць усё, што заўгодна і свабодна вывозіць свае тавары на любыя рынкі”.

Французскае дваранства ў наказах генеральным штатам адстойвала свае традыцыйныя прывілеі, падавала сябе як саслоўе, найбольш верна служачае каралю, як галоўнага абаронцу Францыі. У той жа час у рады дваранства пранікаюць ідэі Асветніцтва, свабоды і правоў чалавека. Яно прыходзіць да разумення дапушчальнасці для двараніна займацца прадпрымальніцкаю дзейнасцю, служэння грамадству ў тым ліку і праз уплату падаткаў.

5 мая 1789 г. пачынаюць працаваць Генеральныя штаты, пачынаецца эпоха Вялікай французскай рэвалюцыі.


Пытанні для самакантроля

1 Як палітыка французскага абсалютызму ў 1715 – 1789 гадах уплывала на эканамічнае развіццё Францыі?

2 Як змянілася сацыяльная база французскага абсалютызму ў час праўлення Людовіка ХV і Людовіка ХVІ?

3 Спробы правядзення якіх рэформ рабіліся ў Францыі пры Людовіку ХV, і чаму яны закончыліся няўдачай?

4 Як змянілася знешнепалітычнае становішча французскага абсалютызму пры Людовіку ХV?

5 Якія рэформы спрабаваў ажыццявіць Цюрго, і чаму яны закончыліся няўдачай?

6 Што з’яўлялася асноўнай прычынай хранічнага фінансавага крызісу французскага абсалютызму ў другой палове ХVІІІ ст.?

7 Што сведчыла аб паглыбленні крызісу французскага абсалютызму ў час праўлення Людовіка ХVІ?

8 Якія вынікі мела скліканне асамблей натаблей Людовікам ХVІ?

9 Чаму кароль вымушаны быў пайсці на скліканне Генеральных штатаў, і як гэта паўплывала на становішча ў грамадстве?




Лекцыя 3 Англійскі абсалютызм

канца XV – першай паловы XVII ст.
3.1 Англійскі абсалютызм у XVI – пачатку XVII ст.

3.2 Сацыяльна-эканомічнае становішча Англіі ў першай палове XVII ст.

3.3 Англійскі абсалютызм пры першых Сцюартах
Літаратура

1. Гизо, Ф. История Английской революции. [Текст]. / Ф. Гизо. – Растов-на Дону, 1996.

2. Барг, М.Д. Великая Английская революция в портретах ее деятелей. [Текст]. / М.Д. Барг. – М., 1991.

3. История Европы. [Текст]. Т.3, 4. – М.,1990, 1994.

3.1 У 1485 г. з завяршэннем вайны руж на англійскім троне ўсталявалася дынастыя Цюдораў. Менавіта ў перыяд праўлення гэтай дынастыі да 1603 г. у Англіі склаўся і дасягнуў росквіту абсалютызм. Перад Цюдорамі стаяла задача ўмацаваць пазіцыі каралеўскай улады, якія былі моцна падарваны за час грамадзянскай вайны. Генрых VII распусціў феадальныя дружыны, зруйнаваў замкі многіх феадалаў, канфіскаваў землі тых, хто спрабаваў узняць мецяжы супраць каралеўскай улады.

Фарміраванне абсалютызму ў Англіі ішло ў спецыфічных сацыяльных умовах. У ходзе вайны руж была знішчана асноўная маса англійскай арыстакратыі. Генрых VII фарміруе новую “цюдораўскую арыстакратыю”, якая была цалкам залежнаю ад каралеўскай улады. Англійскае дваранства не было замкнутым саслоўем. Яго рады папаўняліся за кошт сельскай і гарадской буржуазіі. Гэта вяло да таго, што ў Англіі не існавала рэзкага антаганізму паміж буржуазіяй і дваранствам. Так лорд Берынг паходзіў з роду суконшчыкаў, лорд Лонсдэйл – з роду гандляроў.

Асаблівасцю англійскага абсалютызму было і тое, што парламент тут захаваўся як важны саслоўна-прадстаўнічы орган улады. З 1529 г. ён атрымаў практыку пастаянных паседжанняў. “Рэфармацыйны парламент” засядаў на працягу сямі гадоў. Колькасць дэпутатаў вырасла з 292 да 462. У 1559 г. упершыню была ўведзена практыка недатыкальнасці дэпутатаў парламента. Важнейшай прэрагатывай парламента было права ваціраваць падаткі. Хуткае развіццё капіталістычнага ўкладу ў Англіі збліжала інтарэсы новага дваранства і буржуазіі. Таму ў англійскім парламенце не было рэзкага антаганізму паміж прадстаўнікамі прывілегіраваных сасловій і трэцяга саслоўя. Джэнтры і буржуазія ў парламенце падтрымлівалі палітыку першых Цюдораў, бо мелі патрэбу ў абароне каралеўскай уладай сваіх эканамічных інтарэсаў. Толькі ў апошняй чвэрці XVI ст. можна заўважыць з’яўленне ў парламенце прыкметнай апазіцыі абсалютызму. Каралеўская ўлада мела інструменты, каб трымаць парламент пад кантролем. Манарху належала права вета на рашэнні парламента. Працэдура выбараў у парламент кантралявалася каралеўскай адміністрацыяй.

Палітыка ўмацавання каралеўскай улады была працягнута Генрыхам VIII (1509 – 1547). Ён канчаткова ліквідаваў аўтаномію паўночных графстваў і Уэльса, стварыўшы для ўпраўлення імі, адпаведна, Савет Поўначы і Савет Уэльса. У ходзе адміністрацыйных рэформ 1530-х гадоў была створана новая больш цэнтралізаваная сістэма кіравання Англіяй. Цэнтральным адміністрацыйным органам стаў Тайны савет. Склад яго вызначаўся манархам і ўключаў яго бліжэйшых саветнікаў. Асаблівасцю фарміравання бюракратычнага апарату англійскага абсалютызму было тое, што захоўвалася сістэма патранату. Буйныя чыноўнікі фарміравалі штат сваіх ведамстваў з дваран, якія знаходзіліся пад іх асабістай апекай. Гэтыя дваране атрымоўвалі грошы за службу не з казны, а ад свайго патрона.

Спецыфічнай была сістэма мясцовага самакіравання англійскага абсалютызму. Кантроль парламента над ваціраваннем падаткаў падрываў магчымасці англійскага абсалютызму ў справе будаўніцтва ваеннай і адміністрацыйнай структуры. У адрозненні ад кантынентальных краін, дзе ўладу на месцах ажыццяўляла шматлікая каралеўская бюракратыя, аплочваемая з казны, у Англіі замацаваўся прынцып выбарнай мясцовай адміністрацыі, якая не атрымлівала плату з казны. Цэнтральнае месца ў сістэме мясцовай улады належала міравым суддзям, якія вылучаліся на сходах дваранства графства і не атрымоўвалі ўтрымання з каралеўскай казны. Міравыя суддзі займаліся не толькі судавытворчасццю, а і ўсімі пытаннямі мясцовага жыцця. Але меліся ў мясцовай адміністрацыі і чыноўнікі, якія прызначаліся каралеўскай уладай.

У сілу таго, что праца асноўнай масы чыноўніцтва ў Англіі не аплочвалася каронаю, яно не ператварылася ў асобую замкнёную касту, якая цалкам забяспечвала свой дабрабыт за кошт пасад. Англійская бюракратыя захавала цесныя сувязі з тымі пластамі грамадства, з якіх яна паходзіла. Гэта перш за ўсё джэнтры і гарадская буржуазія. Эканамічныя інтарэсы бюракратыі часта супадалі з інтарэсамі гэтых пластоў. Таму калі пачало нарастаць незадавальненне новага дваранства і буржуазіі эканамічнай палітыкай манархіі, органы мясцовага самакіравання таксама часта аказваліся ў апазіцыі абсалютызму. А гэта спрыяла нарастанню крызісу абсалютызму.

Цэнтралізацыя закранула і судовую сітэму. Была ліквідавана юрыздыкцыя мясцовых сеньёраў і большая частка судовых спраў стала разглядацца каралеўскімі судамі. Цэнтральнае месца ў судовай сітэме займала Зорная палата – судовая палата, створаная для барацьбы з мецяжамі знаці.

Важнай асаблівасцю англійскага абсалютызму было тое, что ён не меў у сваім распараджэнні вялікай рэгулярнай арміі. Асновай узброеных сіл Англіі было мясцовае апалчэнне, на ўтрыманне якога кароль не нёс ніякіх затрат. Сродкі для ўтрымання атрадаў апалчэння збіраліся па графствах. З насельніцтва ўсіх графстваў, якія знаходзіліся на ўзбярэжжы, збіраліся карабельныя грошы на ўтрыманне флоту, якому манархія надавала значна больш увагі, чым арміі.

Царкоўная рэформа, якую пачаў у Англіі Генрых VIII, стала яшчэ адным крокам на шляху ўмацавання абсалютызму. Кароль і яго бліжэйшыя саветнікі пры правядзенні Рэфармацыі – Томас Кранмер і Томас Кромвель, хацелі дасягнуць дзвюх асноўных мэт: 1) ператварыць англійскую царкву ў нацыянальную царкву, незалежную ад Рыма; 2) папоўніць каралеўскую казну за кошт секулярызацыі царкоўнай маёмасці. Пачаткам рэфармацыі стаў “Акт аб супрымацыі” 1534 г., якім парламент абвясціў англійскую царкву незалежнай ад Рыма. Новая царква на чале з каралём стала важным інструментам умацавання абсалютызму. У той жа час кароль рашуча распраўляўся з прыхільнікамі кальвінісцкай рэфармацыі ў Англіі, бо бачыў у іх дзейнасці і іх дактрыне аб прымаце царкоўнай абшчына над дзяржаўнай арганізацыяй пагрозу для каралеўскай улады.

Вынікам Рэфармацыі стала секулярызацыя царкоўнай маёмасці. Землі царквы перайшлі ў рукі кароны. Але кароль вельмі хутка распрадаваў гэтыя землі дваранам. Такая аперацыя давала магчымасць умацаваць фінансавае становішча абсалютызму.

У час праўлення Лізаветы І (1558-1603) англійскі абсалютызм дасягнуў свайго росквіту, а напрыканцы гэтага царавання сталі праяўляцца ўжо і прыкметы яго крызісу. Пры Лізавеце І былі падаўлены апошнія сепаратысцкія мецяжы, якія ў паўночных графствах спрабавала ўзняць пракаталіцкі настроеная знаць у падтрымку шатландскай каралевы Марыі Сцюарт. Пры Лізавеце І значна ўзмацніліся знешнепалітычныя пазіцыі Англіі дзякуючы разгрому іспанскай “Непераможнай армады” ў 1588 г. Для ўмацавання сваёй улады каралева выкарыстоўвала англіканскую царкву. Яна была абвешчана Вярхоўным правіцелем царквы Англіі. У 1571 г. Быў прыняты англійскі сімвал веры з 39 глаў, які замацоўваў каралеўскую рэфармацыю ў краіне.

Каралева для ўмацавання сваёй улады аказвала падтрымку як арыстакратыі, так і буржуазным колам, лавіруючы паміж імі. Пратэкцыянісцкая палітыка Цюдораў садзейнічала прагрэсу прамысловай вытворчасці і гандлю. Важную ролю ў развіцці суконнай вытворчасці адыгралі каралеўскія статуты, якія забаранілі вываз шэрсці і неапрацаванага сукна з Англіі. Навігацыйныя акты Генрыха VІІ і Генрыха VІІІ заахвочвалі мараходства і гандаль (манаполіі гандлёвым кампаніям, выгнанне ганзейцаў з Англіі ў 1597 г.). Лізавета І актыўна насаджала новыя рамёствы, якіх не было ў Англіі: вытворчасць шкла, паперы, баваўняных тканін.

У той жа час заканадаўства Цюдораў утрымлівала акты, якія аб’ектыўна стрымлівалі развіццё капіталістычных адносін. Акты 1555 і 1563 гадоў абмяжоўвалі колькасць станкоў у майстэрнях і прымяненне таннай наёмнай працы. Цюдоры падтрымлівалі цэхі і ўводзілі забароны на мануфактуры, якія ўзнікалі ў сельскай мясцовасці. Схільнасць Цюдораў да кансервацыі феадальных адносін яскрава праявілася ў сельскай гаспадарцы. Яны выдавалі акты супраць агароджванняў, уводзілі абмежаванні на колькасць авечак на адной ферме. Сялянскае заканадаўства Цюдораў адлюстроўвала зацікаўленасць манархіі ў нармальным функцыянаванні сялянскіх гаспадарак. Сялянства з’яўлялася асноўным падткаплацільшчыкам і з яго масы набіраліся рэкруты ў час ваенных канфліктаў. Хаця пад ціскам буржуазіі і новага дваранства каралеўская ўлада ішла на саступкі ў пытанні аб агароджваннях, як гэта было ў 1592 – 1593 гадах. Як бычым палітыка Цюдораў – гэта палітыка лавіравання паміж інтарэсамі феадальнай арыстакратыі і інтарэсамі новых класаў, звязаных з развіццём капіталістычных адносін.

У канцы ХVІ – пачатку ХVІІ ст. праводзіць палітыку лавіравання манархіі станавілася ўсё складанней. Ва ўмовах хуткага развіцця капіталістычных адносін паскорыўся працэс збяднення старога феадальнага дваранства. Яно разлічвала атрымаць матэрыяльную падтрымку з боку каралеўскай улады. Але аказаць яе ва ўмовах фінансавага крызісу ўраду Лізаветы І было складанна.

Адначасова да горшага мяняюцца адносіны паміж каралеўскай уладаю і буржуазіяй і новым дваранствам. У апошнія гады свайго праўлення Лізавета І рэзка ўзмацніла ціск на парламент, патрабуючы ўсё новых субсідый, павялічыла пошліны з гандлёвых кампаній. Асаблівае незадавальненне насельніцтва выклікаў нябачны рост у 90-я гады ХVІ ст. колькасці манапольных кампаній. Яны падаўлялі прадпрымальніцкую свабоду. Дзяржаўнае рэгуляванне, якое раней спрыяла развіццю эканомікі, цяпер ператвараецца ў перашкоду развіцця. Інтарэсы буржуазіі сталі прыносіцца ў ахвяру на карысць арыстакратыі і кароны.

У той жа час у Англіі адбываўся імклівы рост капіталістычных адносін, а разам з ім і рост эканамічнай і палітычнай магутнасці буржуазіі і новага дваранства. У канцы ХVІ ст. яны пачынаюць выказваць прытэнзіі на ўдзел у палітычнай уладзе. Гэта прывяло да фарміравання апазіцыі ў парламенце. У апошніх парламентах Лізаветы І найбольш вострыя спрэчкі выклікала пытанне аб манаполіях.

Парушэнне балансу, раўнавагі ў сацыяльна-эканамічнай палітыцы кароны на карысць феадальных колаў, фінансавае банкруцтва кароны, нарастанне яе канфлікта з парламентам сведчаць пра тое, што ў пачатку ХVІІ ст. англійскі абсалютызм уступіў у час крызісу.

3.2 Англійская рэвалюцыя – першая рэвалюцыя агульнаеўрапейскага маштабу. Яна садзейнічала станаўленню заходняй цывілізацыі і паскорыла развіццё капіталізму. Яе вынікам стаў і крах англійскага абсалютызму. Паўстае пытанне: чаму менавіта ў Англіі адбылася першая буржуазная рэвалюцыя агульнаеўрапейскага маштабу? Прычыны трэба шукаць перш за ўсё ў асаблівасцях сацыяльна-эканамічнага развіцця Англіі ў той час. У Англіі развіццё капіталічных адносін больш ахапіла сельскую гаспадарку, чым прамысловасць, і больш закранула вёску, чым горад. Ломка феадальнага спосабу вытворчасці адбылася раней у сельскай гаспадарцы, чым у прамысловасці. Агароджванні далі штуршок для развіцця капіталізму на вёсцы. Сельская гаспадарка ўцягваецца ў рыначныя адносіны. Яна ў пачатку XVII ст. была ўжо цесна звязана як з унутраным, так і са знешнім рынкам. У гэты час адбываецца рэвалюцыя цэн, праявіўшаяся ў рэзкім падаражанні сельскагаспадарчай прадукцыі. Зямля стала прывабнай сферай для ўкладання капіталаў.

У Англіі асноўная маса зямлі належала лордам, а сяляне з'яўляліся толькі трымальнікамі зямлі. Існавалі дзве асноўныя формы трымання зямлі. Фрыгольд – гэта свабоднае трыманне, і права сялян абаранялася традыцыяй. Залежнасць фрыгольдэраў ад лорда была намінальнай, але яны складалі меншасць сялянства. Капігольд уяўляў сабою трыманне зямлі па копіі на пэўны перыяд (звычайна на 9 год). Пры заключэнні, ці перазаключэнні копіі павінны былі ўносіцца пэўныя плацяжы. Лорд пасля заканчэння тэрміну копіі мог сагнаць селяніна з зямлі. Большасць сялян адносілася да ліку капігольдэраў.

Цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю ў першай палове ХVІІ ст. раслі, адпаведна, рос і кошт зямлі, а рэнта, якую плацілі традыцыйныя трымальнікі, не магла так імкліва павышацца. Гэта не задавальняла лендлордаў. У XVI – пачатку XVII ст. з'яўляецца шмат людзей, якія хацелі ўкласці свае грошы ў зямельную ўласнасць. У асноўным гэта былі гараджане. Лорды бачылі рашэнне ў тым, каб сагнаць дробных трымальнікаў і здаць зямлю капіталістычным арэндатарам. Гэта было звязана з тым, што павіннасці, якія неслі капігольдэры і фрыгольдэры, былі ніжэй, чым рыначная арэндная плата. Таму лордам было зручней здаваць зямлю ў арэнду. Па краіне ў пачатку ХVII ст. пракатываецца хваля новых агароджванняў. У сельскай гаспадарцы Англіі капіталістычны лад імкліва выцясняе феадальны. Паступова адбываецца пераразмеркаванне зямельнай уласнасці. Новыя арэндатары былі заможныя людзі з горада, сярэдняе дваранства (джэнтры). Такіх дваран, якія ўжывалі капіталістычныя метада гаспадарання называлі новае дваранства. Частка дваранства засталася вернай старым феадальным метадам гаспадарання – гэта старое дваранства.



развіццё капіталізму дастаткова актыўна ідзе ў прамысловасці і гандлі. Пачынаецца станаўленне капіталістычнага ўкладу ў тых галінах, для развіцця якіх патрэбен быў вялікі капітал (вугальная прамысловасць, металургія) – утвараюцца цэлыя кампаніі прадпрымальнікаў. У Англіі ўзнікае значная колькасць мануфактур, але гэты працэс сутыкаецца і са значнымі перашкодамі. Адной з іх з’яўляецца захаванне цэхаў. З-за цэхавых абмежаванняў складана было адкрыць мануфактуру ў горадзе. Але самі цэхі не маглі забяспечыць патрэбы людзей у прамысловых вырабах. Каб пераадолець супраціўленне цэхаў, прадпрымальнікі сталі ствараць мануфактуры ў сельскай мясцовасці. Тут мануфактура была побач з сыравінай, мелася шмат свабодных рабочых рук. Вялікае развіццё ў гэты час атрымлівае рассеяная мануфактура, якая не патрабавала пабудовы вытворчых памяшканняў і была больш выгадная эканамічна.

Цэхі ў пачатку ХVІІ ст. перажываюць крызіс. Імкліва ідзе сацыяльнае расслаенне майстроў. Фарміруецца цэхавая вярхушка, якая бярэ пад свой кантроль збыт тавараў. Яна стварае для гэтага гандлёвыя кампаніі. Астатнія майстры становяцца больш беднымі. Цэхі разбураюцца. У Англіі ў прамысловасці складваецца цэлы комплекс супярэчнасцей: паміж мануфактурамі і цэхамі, паміж мануфактурыстамі і рабочымі, ўнутры цэхаў паміж найбольш заможнымі майстрамі і збяднелымі членамі цэха. Галоўная вытворчасць у англійскай прамысловасці ў той час – гэта вытворчасць сукна. У 20-я – 30-я гады XVII ст. назіраецца крызіс гэтай галіны, асноўныя прычыны якога – высокія падаткі і панаванне манапольных кампаній.

Больш прывабнай, у параўнанні з прамысловасцю, сферай укладання капіталу заставаўся гандль. Пачатак XVII ст. – гэта эпоха, калі лакальныя рынкі зліваюцца ў агульны нацыянальны рынак. Цэнтрам яго быў Лондан (насельніцтва – 200 тыс. чалавек). Вялікую ролю ў развіцці знешняга гандлю набылі манапольныя кампаніі: Ост.-Індская, Вест-Індская і іншыя. Доступ у гэтыя кампаніі быў абмежаваны. Большасць гандаляроў не ўваходзіла ў гытыя кампаніі. Палітыка Сцюартаў стрымлівала развіццё капіталізму (забарона агароджванняў, падтрымка цэхаў, манаполіі). Гэта спрыяла нараджэнню апазіцыі ў новых сацыяльных слаях.

Адбываюцца змены і ў сацыяльнай структуры грамадства. Вяршыню яго складала вышэйшая феадальная арыстакратыя. Назіраецца тэндэнцыя да яе збяднення, эканамічнага аслаблення. Дваранства раскалолася на старое і новае. Новае дваранства было звязана з капіталістычным укладам, старое – прытрымлівалася феадальных традыцый і парадкаў. Станаўленню новага дваранства дапамагла англійская рэфармацыя. Зямля, канфіскаваная ў царквы, была раскуплена галоўным чынам тымі дваранамі, якія сталі на шлях капіталістычнага прадпрымальніцтва. У англійскім дваранстве ў той час найбольш шматлікі пласт – гэта сярэдняе дваранства (джэнтры), якое падзялялася на тры праслойкі:

- баранеты

- эскваэры

- джэнтэльмены.

Сярод іх было шмат тых, хто пераходзіў да капіталістычных форм гаспадарання.

Сяляне ў Англіі па свайму прававому і маёмаснаму статусу таксама падзяляліся на некалькі пластоў. Па прававому статусу выдзяляліся фрыгольдэры і копігольдэры. Па маёмаснаму становішчу найбольш заможная частка сялян належала да ліку йоменаў (даход больш за 40 шылінгаў у год). Каля 28% сялян належала да катэгорыі котэраў. Гэта трымальнікі хіжын, якія мелі невялічкі кавалачак зямлі, з якога не маглі пракарміцца. Іх колькасць увесь час павялічвалася. Многія сяляне працавалі на сельскіх мануфактурах. На вёсцы пачаўся працэс сацыяльнай дыферэнцыяцыі сялянства. З аднаго боку фарміруецца слой паўпераў, з другога – з'яўляецца вярхушка сялянства (йомены).

У гарадскім насельніцтве можна выдзеліць наступныя сацыяльныя пласты: фінансава-гандлёвая алігархія, заможнае бюргерства, паўперы. Значная частка насельніцтва горада ўжо была звязана з капіталістычным укладам.

3.3 У 1603 г. памерла Лізавета I і да ўлады ў Англіі прыходзіць новая шатландская дынастыя Сцюартаў, каралём становіцца Якаў I. Ён, прыйшоўшы на англійскі трон, дрэнна разумеў сітуацыю ў Англіі. Гэта быў час калі англійскі абсалютызм уступіў у перыяд крызісу. У Англіі ў канцы XVI ст. стала відавочна, што капіталістычнаму ўкладу ўжо не патрэбна апека з боку абсалютызму. Таму англійскае бюргерства ўсё больш адмаўляе каралеўскай уладзе ў падтрымцы. Так як дваранства раскалолася, то і яно перастала быць надзейнай апорай караля. Ёю засталося толькі старое дваранства. Але мяняецца размеркаванне ўласнасці не на карысць старой арыстакратыі, у сувязі з чым змяншаецца яго як эканамічная, так і палітычная вага.

Новыя слаі дваранства занялі пануючае становішча ў парламенце. Яны спадзяваліся, што калі Якаў I узыйдзе на трон, то ён пашырыць прывілеі парламента. Але новы кароль хацеў правіць па-абсалютысцкі. У 1603 г. быў сабраны парламент, дзе Якаў I заявіў аб сваіх прытэнзіях на абсалютную ўладу, якая была, па яго словах, божскай, і толькі кароль мог склікаць парламент. Парламент склаў дакумент “Апалогія палаты абшчын”, дзе выкладаўся пункт гледжання апазіцыі, як павінна будавацца сістэма кіравання ў Англіі. Было сказана, што вярхоўная ўлада належыць парламенту на чале з каралём. Адвяргаўся тэзіс аб божскім паходжанні ўлады караля.

Спрэчка аб правах парламента і караля не была тэарэтычнай. У практычнай плоскасці пытанне звялося да таго, ці мае права кароль аднаасобна ўводзіць падаткі. Паўстала і пытанне аб рыцарскіх трыманнях. Нават лорды былі не ўласнікамі, а толькі трымальнікамі зямлі як васалы караля. Гэта давала каралю ўладу над дваранствам. Манарху была прапанавана здзелка: за 200 тыс. фунтаў сцерлінгаў (па тых часах гэта была велізарная сума) ён павінен быў пагадзіцца з правам прыватнай уласнасці на зямлю дваран, але кароль адмовіўся. З-за пастаяннай канфрантацыі кароль часта распускаў парламент да заканчэння тэрміну яго работы.

Прад’яўляючы прытэнзіі на абсалютную ўладу, Якаў І не ўлічыў, што ў той час сацыяльная база абсалютызму была ўжо вельмі вузкаю. Палітыка лавіравання паміж дваранствам і буржуазіяй стала немагчымай, бо сфарміраваўся буйны клас новага дваранства, які зблізіўся з буржуазіяй. Гэты магутны ў эканамічным плане сацыяльны блок аказаўся ў апазіцыі да каралеўскай ўлады. Старая арыстакратыя была аслаблена эканамічна і не магла ўяўляць надзейную апору абсалютызму. Кароль мог разлічваць на падтрымку гандляроў-манапалістаў. Але гэты сацыяльны слой быў нешматлікі.

Канфлікт паміж апазіцыяй і абсалютызмам закрануў і рэлігійную сферу. Ідэалогіяй англійскай рэвалюцыі становіцца пурытанізм. Па сутнасці ён успрыняў асноўныя палажэнні кальвінізму. Галоўную задачу пурытане бачылі ў паглыбленні рэфармацыі ў Англіі, каб зрабіць немагчымым вяртанне да каталіцызму. Англіканская царква мала чым адрознівалася ад каталіцкай. Перш за ўсё пурытане дабіваліся ліквідацыі епіскапату. Джэнтры, якія атрымалі царкоўныя землі, баяліся рэстаўрацыі каталіцтва. У царкоўнай сферы пурытане прапаноўвалі пераход да сістэмы, пры якой кожная абшчына будзе выбіраць прэсвітара, а ўсе рэлігійныя пытанні ў маштабе краіны будзе вырашаць савет прэсвітараў. Пурытанізм раздзяляецца на дзве плыні: прэсвітарыяне і індэпендэнты. Апошнія адстойвалі тэзіс, згодна якому кожная абшчына павінна быць свабоднай і незалежнай у рэлігійных пытаннях, і ніякі орган не павінен ажыццяўляць прымус па гэтых пытаннях. Чалавек таксама павінен быць свабодным у выбары веры, але толькі ў межах пратэстанскай рэлігіі. У 1603 г. Якаў I сабраў канферэнцыю для абмеркавання рэлігійных пытанняў і аб'явіў, што ў рэлігіі не будзе ніякіх новаўвядзенняў. Пасля гэтага на пурытан абрушыліся рэпрэсіі.

Кароль працягваў раздаваць гандлёвыя манаполіі. У 1621 г. у Англіі налічвалася 700 манаполій. Парламент прасіў спыніць продаж патэнтаў, але гэтая практыка працягвалася. Тым самым каралеўская ўлада настройвала супраць сябе шырокія колы прадпрымальнікаў, якія былі звязаны з гандлёвымі аперацыямі, але не трапілі ў лік манапалістаў. Яшчэ адна праблема, з-за якой сутыкаліся каралеўская ўлада і сацыяльныя пласты, звязаныя з развіццём капіталістычнага ўкладу – агароджванні. Каралеўская ўлада прымала законы аб забароне агароджванняў, а новаму дваранству яны былі выгадныя. Гэтыя законы часта не выконваліся, бо ў караля не было бюракратычнага апарата і моцнай арміі, каб дабіцца іх выканання. Карона галоўным чынам спаганяла штрафы за незаконныя агароджванні.

Знешняя палітыка Сцюартаў таксама незадавальняла новыя сацыяльныя пласты. Іспанія лічылася традыцыйным вораг Англіі, а Якаў І хацеў міра з Іспаніяй. З'явіўся праект шлюбу наследніка трону прынца Карла з іспанскай прынцэсай. Пурытане з ліку буржуазіі і новага дваранства баяліся пранікнення каталіцтва з Іспаніі. Шырокім было незадавальненне і няўдалай экспедыцыяй у Ла-Рашэль.

Якаў І хацеў абысціся без парламента і з 1611 па 1621 г. парламент не склікаўся. Парламент, які быў скліканы ў 1621 г., выступіў з крытыкай палітыкі караля, яго міністраў, і Якаў І яго распусціў. У 1624 г. зноў склікаецца парламент. Кароль разлічвае атрымаць ад яго субсідыі, але дэпутаты падвяргаюць рэзкай крытыцы палітыку караля і адмаўляюць у субсідыях. Канфлікт паміж каронай і парламентам абвастраецца. У такой сітуацыі ў 1625 г. Якаў I памірае.

У 1625 г. карлём Англіі становіцца Карл I. У яго пачынаюцца тыя ж сутычкі з парламентам, што былі раней пры Якаве I. Найвышэйшы іх уздым прыпадае на 1628 – 1629 гады. Вялікія фінансавыя праблемы вымушаюць караля склікаць парламент, а парламент крытыкуе палітыку караля, перш за ўсё яго імкненне да збліжэння з Іспаніяй – аплотам каталіцызму. Парламент 1628 г. быў распушчаны каралём. У 1629 г. Карл І зноў склікае парламент, які прыняў “Петыцыю аб праве”. У ёй гаварылася аб злоўжываннях каралеўскай улады, і парламент заклікаў караля вярнуцца да “традыцыйных англійскіх вольнасцей”. Парламент выказаў прытэнзіі, каб прызначаць саветнікаў караля, запатрабаваў адмены манаполій. Патрабаванні не былі прыняты і кароль зноў распусціў парламент. З 1629 г. на працягу 11 гадоў Карл І правіць без парламента. Каб справіцца з фінансавымі праблемамі, кароль аднавіў некаторыя ўжо практычна забытыя старадаўнія зборы, як “карабельныя грошы”. Гэты падатак, які некалі плацілі прыморскія графствы, цяпер распаўсюджваўся на ўсе графствы Англіі. Апазіцыя зразумела, што калі гэты збор стане рэгулярным, то ў караля будзе незалежная ад парламента крыніца фінансавання. Яна заклікае англічан не плаціць падаткі. Аб'яўлялася, што кожны, хто плаціць гэты падатак – вораг Англіі. Вялася вельмі шырокая прапаганда, якая мела поспех. Хутка збор “карабельных грошай” скараціўся да 30% ад запланаванага. Пачаліся рэпрэсіі супраць тых, хто адмаўляўся плаціць. Але аўтарытэт каралеўскай ўлады падаў. Выявілася адна са слабасцей англійскага абсалютызму – кароль не мае ні арміі, ні бюракратычнага апарату для ажыццяўлення шырокамаштабных прымусовых мер.

Каралеўская ўлада магла больш менш спраўляцца з фінансавымі цяжкасцямі, пакуль Англія жыла ва ўмовах міру. Але ў 1638 г. пачалася вайна з Шатландыяй, дзе ўсталявалася прэсвітарыянская царква. Вайна пачынаецца з-за таго, што Карл І не прызнае перамен арганізацыі царквы ў Шатландыі. Англічане церпяць шэраг паражэнняў. У 1639 г. ваенныя дзеянні былі перанесены на тэрыторыю Англіі. У такіх умовах вясной 1640 г. кароль аб'явіў аб скліканні парламента. Гэты парламент атрымаў назву “Кароткі парламент”. Ён склікаўся каб увесці новыя падаткі для фінансавання вайны, але парламент адмовіў у гэтым каралю і быў распушчаны. Восенню 1640 г. склікаецца новы парламент, які атрымаў назву "Доўгі парламент". У лістападзе 1640 г., са скліканнем "Доўгага парламента", пачынаецца англійская рэвалюцыя.


Пытанні да самакантроля

1 У чым асаблівасці фарміравання дваранскага саслоўя ў Англіі ў перыяд Сцюартаў?

2 У чым розніца паміж старым і новым дваранствам у Англіі?

3 Якія асаблівасці сістэмы кіравання, характэрныя для англійскага абсалютызму?

4 Як ажыццяўленне Рэфармацыі ў Англіі паўплывала на станаўленне сістэмы абсалютызму?

5 Як змянялася сацыяльная база англійскага абсалютызму на працягу XVI – першай паловы XVIІ ст.?

6 Чаму крызіс абсалютызму ў Англіі наступіў значна раней, чым у іншых еўрапейскіх краінах?

7. Па якіх пытаннях ішла барацьба паміж каронай і парламентам пры першых Сцюартах?

8 Якую ролю ў фарміраванні антыабсалютысцкай апазіцыі адыграў пурытанізм?

9 Што ў палітыцы англійскага абсалютызму стварала перашкоды на шляху развіцця капіталізму?

10 Чым быў выкліканы фінансавы крызіс англійскага абсалютызму ў 1630-я гады?

1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка