Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “беларускі дзяржаўны універсітэт”




старонка2/5
Дата канвертавання15.03.2016
Памер0.87 Mb.
1   2   3   4   5
ГЛАВА 2. НАСАДЖЭННЕ АСАДНІЦТВА І ПРАВЯДЗЕННЕ ПАРЦЭЛЯЦЫІ Ў ПАЛЕСКІМ ВАЯВОДСТВЕ
У выніку падпісання 18 сакавіка 1921 г. Рыжскага мірнага дагавору [Дадатак 1] паміж урадамі Савецкай Расіі (які выступіў таксама па даручэнню ўрада Савецкай Беларусі) і ўрада Савецкай Украіны, з аднаго боку, і ўрадам Польшчы з другога, заходнебеларускія землі плошчай 82 тысячы км2 з 2,6 мільёнамі чалавек насельніцтва апынуліся ў складзе Другой Рэчы Паспалітай [10, с. 51; 108, с. 422; 116, с. 26; 121, s. 124; 127, s. 106; 131, s. 21].

Тэрыторыя Заходняй Беларусі ўвайшла ў склад чатырох ваяводств: Палескага, Наваградскага, Віленскага і Беластоцкага. Плошча Палескага ваяводства складала 36,825 тысяч км2 з насельніцтвам - паводле перапісу 9 снежня 1931 г. - 1 131 939 чалавек, Палескае ваяводства ў асноўным супадала з тэрыторыяй сучаснай Брэсцкай вобласці - падраздзялялася на 10 паветаў: Брэст-Бужскі, Драгічынскі, Камень-Кашырскі, Кобрынскі, Косаўскі, Лунінецкі, Пінскі, Пружанскі, Сарненскі (з 1929 г. у складзе Валынскага ваяводства), Столінскі [Дадатак 2, 3]. У ваяводстве было 12 гарадоў, 79 вясковых гмін [6, с. 31; 50, с. 3; 70, с. 143; 113, c. 1; 115, с. 179]. Гэта было самае вялікае па плошчы ваяводства ў гісторыі Другой Рэчы Паспалітай - у розныя гады яно складала 1/10-1/9 яе тэрыторыі [Дадатак 4, 5] - і адначасова самае адсталае [12, с. 222; 76, с. 384; 100, с. 104; 144, с. 99].

КАНФЕСІЙНЫ СКЛАД НАСЕЛЬНІЦТВА ПАЛЕСКАГА ВАЯВОДСТВА (у тысячах чалавек) [136, s. 59]




рыма-каталікі

праваслаўныя

іудзеі

горад

29,1

64,3

41,5

вёска

51,8

86,3

52,5

У 1921 г. 82,0% усяго працаздольнага насельніцтва Палескага ваяводства было занята ў сферы сельскай гаспадаркі (у цэнтральнай Польшчы - 63,8%), на 1931 г. - 81,3% на Палессі і 61% у Польшчы. Глеба пераважна бедная, пясчаная - ураджай жыта складаў прыкладна 480-800 кг з га, у Польшчы - 1136 кг з га. 40% тэрыторыі Палескага ваяводства было забагнена [9, с. 11; 75, с. 10; 119, с. 22; 122, s. 178; 128, s. 327; 145, s. 110-115]. Аграрныя адносіны на тэрыторыі Палескага ваяводства характарызаваліся захаваннем значнай колькасці феадальна-прыгонніцкіх перажыткаў, панаваннем буйнога памешчыцкага землеўладання, беззямеллем і малазямеллем сялян, а таксама яго масавым збядненнем. У 1922 г. каля 4500 памешчыцкіх гаспадарак Палескага ваяводства (0,9% усіх гаспадарак) валодала амаль 4,7 млн гектараў (58% прыватнаўласніцкай зямлі), вядучае месца ў памешчыцкім землеўладанні займалі буйныя латыфундыі плошчай ад 2 да 10 і болей тысяч гектараў зямлі. На тэрыторыі Палескага ваяводства ў 1921 г. налічвалася 857 маёнткаў плошчай больш за 50 га кожны [Дадатак 6] - агульнай плошчай 146 985 га [72, с. 77; 123, s. 67]. Каля 500 палескіх магнатаў мелі больш як па 1000 га. Такой канцэнтрацыі зямельнай уласнасці не было ні ў адной з тагачасных краін Еўропы. Асобныя польскія зямельныя магнаты (Радзівіл, Патоцкі, Сапега, Тышкевіч, Мяйштовіч, Рачкевіч і інш.) валодалі ў Палескім ваяводстве дзесяткамі тысяч гектараў зямлі [73, с. 96].

Уладанні князя Караля Радзівіла толькі ў Столінскім павеце (“Давідгрудэк“) налічвалі ў розны час ад 142 250 га да 155 200 га, што складала 27% тэрыторыі павета [21, с. 99-100; 28, с. 15; 48, с. 17; 89, с. 16; 96, с. 31; 102, с. 9], але трэба адзначыць, што асноўную частку гэтага маярата складалі лясы і неўжыткі [30, с. 139; 101, с. 21; 114, с. 227].

МАЯРАТ КАРАЛЯ РАДЗІВІЛА “ДАВІДГРУДЭК”

зямлі (га)

пахата

луга

паша

лясы

няўжыткі

142 250,38

1481

4510,83

1576

46226,55

88456

На іншым баку знаходзілася каля 480 тысяч сялянскіх гаспадарак (больш 99% сельскагаспадарчага насельніцтва ваяводства), якія валодалі толькі 3,3 млн га (42%) ворнай зямлі, прычым 8250 сялян-палешукоў мела ў сярэднем па 0,5 га, а каля 20% сялян былі зусім беззямельнымі [6, с. 32]. У цэлым у руках памешчыкаў, якія складалі меней 1% усіх землеўладальнікаў, знаходзілася звыш 50% зямельных угоддзяў.

Эканамічнае становішча сялян Палескага ваяводства не было аднолькавым. Тагачаснае сялянства Палескага ваяводства ў 1921-1939 гг. па маёмасным становішчы можна падзяліць на чатыры найбольш буйныя групы:

1) Найбольш заможныя сяляне, якія валодалі больш 7 гектараў зямлі. Трымаюць па 2-3 кані, 2 і болей каровы. Яны пастаянна наймалі парабкаў і сезонных рабочых, якім плацяць за дзень работы па 2-2 ½ злотых з гаспадарскімі харчамі;

2) Другая частка сялян – тыя, хто меў “трацяк” (7-8 гектар). Яны валодаюць звычайна па 1 кані, некаторыя трымаюць жарабят;

3) Сяляне, якія маюць па 5 гектар. У іх не хапае да вясны свайго хлеба і таму Яны наймаюцца на працу да заможных сялян. Частка з іх працавала дазорцамі ў полі і атрымоўвалі плату ад грамадства;

4) Зусім бедная частка сялян, якая валодала па 1 ½-2 гектарамі зямлі і навогул беззямельныя. Яны пастаянна наймаюцца да больш заможных сялян, а таксама бяруць на адпрацоўку бульбу [84, с. 90-91; 87, с. 92-93].

У 1927 г. у Палескім ваяводстве колькасць сялян, якія не мелі каня, складала 34,7% гаспадарак, аднаго каня мелі 50,9%. Не мелі кароў 15% гаспадарак, а 18,6% гаспадарак мелі карову, але не мелі каня [65, c. 40; 96, с.31, 50; Дадатак 7, 8].

АГУЛЬНАЯ КОЛЬКАСЦЬ СЕЛЬСКАГАСПАДАРЧАЙ ЖЫВЁЛЫ

НА 100 ГА ЗЯМЛІ Ў ПАЛЕСКІМ ВАЯВОДСТВЕ

[21, с. 138-139; 49, с. 104-105; 144, s. 32]



коней

буйной рагатай жывёлы

свіней

авечак

разам

9,0

23,0

12,6

12,9

21,5

Дзяржава аказвала фінансавую і іншую дапамогу найбольш бедным сялянскім гаспадаркам. Так, у 1921 г. сялянам Жабінкаўскай гміны Кобрынскага павета было выдзелена 3436 пудоў бульбы і аказана фінансавая дапамога ў 564 009 марак, Сяхновіцкай - на асенні сеў 4324 пуды жыта. Праводзіўся таксама збор ахвяраванняў на карысць сямей афіцэраў, салдатаў, а таксама сірот [82, с. 156].

У 1932 г. у сувязі з неўраджаем жыта склалася цяжкае становішча з хлебам у Лунінецкім павеце - ужо зімою скончыліся сялянскія запасы хлеба. У сувязі з гэтым 17 лютага 1932 г. мясцовыя ўлады склалі спісы найбольш пацярпелых сялян па 20 вёсках павету.

Лунінецкі павятовы стараста В. Чахоўскі неаднойчы звяртаўся з просьбай аб дастаўцы ў павет неабходнай колькасці збожжа бясплатна. Дапамога была аказана, але праз год зноў склалася такая ж сітуацыя. 30 снежня 1932 г. новы павятовы стараста паведамляў у Брэст, што атрыманы крэдыт яшчэ на 150 тон жыта, з якога выдзелена: гаспадаркам Лунінецкай гміны - 30 тон, Лахвенскай - 20, Чучавіцкай - 40 тон і гэтак далей [85, с. 256].

Створаны ў Столінскім павеце камітэт “Зімовая дапамога” (“Zimova pomoc”) выдзеліў у 1938 г. беспрацоўным 11 860 кг жыта, 91 184 кг бульбы, 300 м3 дроў. Для арганізацыі харчавання 1040 дзяцей з маламаёмасных сямей выдзялялася 600 кг цукру, 825 кг кавы, 6 тон бульбы. Было таксама створана дабрачыннае таварыства “Caritas”, якое дзейнічала пад асабістым патранатам князя К. Радзівіла, яно выдзеліла больш 3000 злотых дзецям беднякоў на абутак і адзенне [88, с. 138-139].

Большасць сялян Палескага ваяводства не мелі магчымасць узяць неабходныя крэдыты на льготных умовах для паспяховага вядзення сваёй сельскай гаспадаркі. Дзяржаўны банк за крэдыты на куплю зямлі браў не менш 12% гадавых. Акрамя таго, памешчыкі валодалі правам выбару пакупніка і таму патрабавалі за зямлю вельмі высокую плату і нярэдка ў доларах. Так, у канцы мая 1922 г. Брэсцкі Зямельны камісарыят прыслаў прадстаўнікоў у Лахвенскую гміну Лунінецкага павета і абвясціла сялянам, што хто мае намер атрымаць зямлю ў арэнду з двара “Лахва”, то няхай прыедзе ў Лунінец і прывязе грошы з мэтаю атрымання кантракту на арэнду зямлі. Сяляне вёскі Любенскае з ахвотай згадзіліся, бо мелі вельмі мала ўласнай зямлі. На цэлую вёску, якая налічвала 800 асоб, прыпадала зямлі і пашы толькі каля 900 дзесяцін, з іх прыдатных для пахаты - каля 400. Сяляне сабралі 3 мільёны марак, прадаўшы хто што меў: коней, кароў і г. д., і выехалі ў Лунінец.

Аднак прадстаўнікі Зямельнага камісарыяту не з`явіліся, разам з тым двор “Лахва” быў заарэндаваны панамі Левандоўскім і Ленкевічам, якія ўжо ад сябе здаюць у арэнду сялянам землі. Такім чынам, прадстаўнікі Зямельнай камісіі падманулі сялян, а таксама навялі іх на страты. Аб гэтым пасламі ад Беларускай сялянска-работніцкай грамады быў пададзены пратэст у Сейм Рэчы Паспалітай 15 сакавіка 1923 г. [54, с. 23].

Бадай адзінае прыемнае для сялян выключэнне - банк, заснаваны Беларускай сялянска-работніцкай грамадой 8 лістапада 1925 г. Аддзяленне гэтага банка існавала ў Пінску і прадастаўляла сялянам на льготных умовах невялікія крэдыты на пакупку зямлі за кошт паявых узносаў, працэнтаў па ссудам і некаторых іншых банкаўскіх аперацый [102, с. 92; 18, с. 401, 425; 36, Арк. 4; Дадатак 9].

УДЗЕЛЬНАЯ ВАГА СЕЛЬСКАГАСПАДАРЧЫХ УГОДДЗЯЎ ПА ПАЛЕСКАМУ ВАВОДСТВУ [60, с. 39]



пашня

луга

пастбішча

лясы

сады і агароды

забалочаныя

22,8%

19,5 %

10,4%

25,8%

0,9%

20,6%

ДРОБНЫЯ ГАСПАДАРКІ ПАЛЕСКАГА ВАЯВОДСТВА [58, с. 38]



тыс. гаспадарак

менш 2 га

2-7 га

5-20 га

20-100 га

141,3

99,5%


20,4

14,4%


47,3

33,3%


66,1

46,5%


7,5

5,3%


Неабходна адзначыць, што для сялян розныя падаткі былі вялікім цяжарам. Базавая стаўка зямельнага падатку складала на гаспадарку да 5 га - 2,26 злотых з 1 га, 5-15 га - 2,12 злотых, 15-60 га - 1,89 злотых, акрамя таго трэба дабавіць так званае “мясцовае дапаўненне” ў памеры 100% ад базавага падатку з сувязі з крызісам, ураўняльны падатак, на маёмасць, узносы на экспартную прэмію (дзеля таго, каб памешчык мог вывозіць хлеб за мяжу і прадаваць яго там па танным кошце - за гэта ўрад плаціў яму прэмію, сродкі на якую ішлі з кішэні мясцовых сялян), на ўтрыманне мясцовай адміністрацыі [22, с. 16].

З мэтай павышэння якасці апрацоўкі зямлі і вядзення сельскай гаспадаркі польскія ўлады праводзілі штогод розныя сельскагаспадарчыя выставы-продажы і конкурсы сярод мясцовых сялян. Напрыклад, 30 верасня 1928 г. па ініцыятыве Палескага акруговага Таварыства сельскай гаспадаркі (ПАТСГ) ў вёсцы Парэчча Пінскага павета прайшла дэманстрацыя жывёлагадоўлі, на якую з Парэцкай гміны дастаўлена 76 галоў буйной рагатай жывёлы і 47 коней. Дэманстрацыя была адкрыта ў прысутнасці пана старасты В. Балдона, віцэ-прэзідэнта ПАТСГ у вёсцы Парэчча А.Я. Сянкевіча. Судзейская камісія ў складзе п. В. Арды, інспектара самакіравання, Я. Чэрэйскага, ветэрынарнага ўрача, і А. Пінінскага выдала 6 пахвальных грамат, 4 плуга і 11 грашовых узнагарод. Іх атрымалі:

- п. Тадэвуш Арда з в. Дастоева - пахвальную грамату за развядзенне нізкарослай жывёлы;

- п. Ян Сенкевіч з Кажэнева - за бугая чырвона-польскай пароды;

- п. Вітольд Арда з Навошчыц - адзін пахвальны ліст за кабылу напалову арабскай пароды, другі - за жарабца;

- п. Юзаф Цырман з Дастоева і Мікалай Раманюк - пахвальныя лісты.

Плугі атрымалі сяляне Адам Мельнік, Сяргей Бутыч, Юзаф Цырман, Раман Кандрацюк.

Узнагароды па 15 злотых атрымалі Ян Таранюк, Якуб Чугай, Шыман Барпанек, Мікалай Рамнюк, Даніла Саўчук.

Узнагароды па 10 злотых атрымалі Ян Кандрацюк, Максім Антонік, Юзаф Каленскі, Антон Кандрацюк.

Асноўнай мэтай правядзення дэманстрацыі было “заахвочванне далейшага развіцця рацыянальнай жывёлагадоўлі ў Парэцкай гміне Пінскага павета” [86, с. 173-174].

У 1930 г. на праведзеным конкурсе на лепшую сельскагаспадарчую прадукцыю сярод сялян Брэсцкага, Пінскага, Лунінецкага паветаў, першае месца па вырошчванню парасят заняла Ганна Макоўская з Лахвы [85, с. 256].

Сяляне задыхаліся ад недахопу зямлі, церазпалосіцы - у вёсцы нарастала сацыяльная напружанасць, каб зняць яе і забяспечыць прадуктовую бяспеку краіны польскаму ўраду жыццёва неабходна было як мага хутчэй правесці тут аграрную рэформу.

10 ліпеня 1919 г., у перыяд пад’ёму ў Польшчы рэвалюцыйнага руху, Сейм пасля працяглых дыскусій па прапанове ўрада Падэрэўскага прыняў так званыя “Прынцыпы зямельнай рэформы і адзяржаўлення лясоў” - першы закон аб аграрнай рэформе, згодна якому ствараўся дзяржаўны зямельны фонд з свабодных зямель, якія ў выніку войн засталіся без гаспадароў [124, s. 80; 135, s. 8], а таксама праводзіўся выкуп і парцэляцыя часткі памешчыцкіх зямель звыш устаноўленага максімальнага памеру зямлі: для Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны гэты максімум вызначаўся ў 400 га, у той час як для этнічнай Польшчы - 180 га. Але ўладальнікі семянных, жывёлагадоўчых, рыбных і іншых спецыялізаваных, а таксама высокапрадукцыйных гаспадарак вызваляліся ад прымусовай парцэляцыі належачай ім зямлі.

У кіруючых колах палітычных партый і ўрадавых сферах ішло абмеркаванне розных праектаў аграрнай рэформы. У Сейме была створана камісія аграрных рэформ. “Сейм спрабаваў заваяваць сялянства аграрнай рэформай”, - пісаў вядомы польскі палітычны дзеяч В. Студніцкі. Гэты закон не быў апублікаваны ў дзяржаўным друкаваным органе “Dziennik ustaw Rzeczy Pospolitej Polskiej”, а пагэтаму не прыняў сілу закона і не меў абавязковай сілы [52, с. 25].

Праз год - 15 ліпеня 1920 г. - у час найбольшай небяспекі для існавання Польскай дзяржавы, калі Чырвоная Армія стаяла пад сценамі Варшавы і пад пытаннем было само існаванне незалежнай рэспублікі, Сейм у хуткім парадку, нават без абмеркавання, аднагалосна прыняў новы - больш радыкальны - закон аб зямельнай рэформе: “Выканаўчыя правілы да закону аб зямельнай рэформы ад 10 ліпеня 1919 г.”, якія прадугледжвалі надзяленне зямлёю малазямельных і беззямельных сялян - выкуп яе за палову рыначнага кошту зямлі [21, с. 181; 30, с. 140; 52, с. 25; 99, с. 198-199]. 80% утвараемага зямельнага фонду вызначалася менавіта для гэтай катэгорыі сялян. Першынства ў набыцці зямлі адводзілася інвалідам вайны, сельскагаспадарчым рабочым і малазямельным сялянам. Меркавалася аказанне ім дзеля набыцця зямлі вялікай дапамогі ў форме ільготных крэдытаў.

У першай польскай канстытуцыі Другой Рэчы Паспалітай, прынятай Сеймам 17 сакавіка 1921 г., нічога не гаварылася аб аграрнай рэформе, падкрэслівалася толькі неабходнасць змянення аграрнага строю краіны. Разам з тым зацвярджалася недатыкальнасць любой прыватнай уласнасці, што ставіла пад сумненне адпаведнасць прынятага закона аб аграрнай рэформе Канстытуцыі, таму на практыцы быў ажыццёўлены зусім іншы праект рэформы - больш кансерватыўны, але магчымы для рэалізацыі [26, с. 7; 96, с. 34; 106, с. 406; 117, с. 194; 132, p. 128; 134, s. 2-3].

Грашовая ўзнагарода за адчужэнне ў дзяржаўны фонд зямлі ўстанаўлівалася ў палову цаны, а прадавалася сялянам па рыначнай. З маёнткаў, за якія выплачвалася звыш 500 тысяч марак, утрымлівалася ад 5 да 30% у фонд надзелу зямлёю бедных, заслужаных ваенных, інвалідаў і салдат. Аплату за зямлю ўласнікі атрымлівалі не наяўнымі грашыма, а 4%-мі часовымі распіскамі, якія ў будучым павінны былі быць заменены 4%-й дзяржаўнай рэнтай. Тым, каму выдзяляліся парцэлы, дзяржава павінна была выдаць доўгатэрміновую пазыку праз сельгасбанк, а інваліды і салдаты польскай арміі атрымоўвалі яе бясплатна [52, с. 26].

17 снежня 1920 г. польскі Сейм па прапанове ўрада Вінцэнта Вітаса прыняў закон аб асадніцтве [Дадатак 10, 11]. Гэты закон падзяляўся на дзве часткі, якія дапаўнялі адна другую і складалі неразрыўнае адзінства. Першая з іх устанаўлівала парадак надзялення зямлёю дабраахвотнікаў і заслужаных салдат польскай арміі, па другой пачынаў існаваць асобны зямельны фонд з плошчаў на ўсходніх землях Рэчы Паспалітай. Гэтыя землі былі вызначаны для рассялення асаднікаў [17, с. 17; 53, с. 172; 55, с. 41].

У распараджэнні старшыні галоўнага зямельнага ўпраўлення ад 23 красавіка 1921 г. тлумачыцца, каго закон разумеў пад салдатамі польскай арміі. Гэта радавыя, сяржанты, афіцэры і прыроўненыя да іх служачыя польскай арміі і падраздзяленняў добраахвотнікаў (апалчэнцаў), якія неслі ваенную службу не менш чатырох месяцаў. Да іх ліку адносіліся і генералы. Усе яны мелі права на бясплатнае надзяленне зямлёю. Згодна з законам не маглі атрымаць зямлі тыя салдаты, якія былі пакараныя за злачынствы супраць узброеных сіл польскай дзяржавы, а тасама тыя, што самавольна бралі ў карыстанне чужыя землі [78, с. 202; 101, с. 69].

У першую чаргу гэта адносілася да салдат-беларусаў, украінцаў і палякаў, мабілізаваных у армію ўсходней Варшавы і якія да гэтага прымалі ўдзел у размеркаванні памешчыцкіх зямель [29, с. 253-254; 68, с. 9].

У канцы 1924 г. урад В. Грабскага выступіў з новым законапраектам па аграрнаму пытанню. 26 ліпеня 1925 г. Сейм пры прамой падтрымцы праўрадавых партый ППС і “Вызваленне” адхіліў заканапраект левых партый і прыняў шырокавядомы “Закон аб правядзенні зямельнай рэформы”, які ўвайшоў у гісторыю пад назвай “Закон аб парцэляцыі і асадніцтве” [1, с. 7; 20, с. 88; 63, с. 120; 98, с. 103; 120, s. 112; 126, s. 215; 143, s. 297].

28 снежня 1925 г. Сеймам быў прыняты канчатковы варыянт аграрнай рэформы, які фактычна адмяніў зямельную рэформу 1920 г. - гэты варыянт дапускаў магчымасць адчужэння прыватных зямель праз выкуп па кошту, вызначаным урадам, акрамя таго прадугледжваў пашырэнне прывілеяў памешчыкаў, а таксама свабодны продаж зямлі па рыначным кошце. Акрамя таго, памешчык мог выбіраць надзел зямлі пад правядзенне парцэляцыі – зразумела, што там была найгоршая зямля. Законам прадугледжвалася парцэляцыя 200 000 га зямлі штогод (на працягу першых дзесяці гадоў) [13, с. 44; 133, s. 21; 134, s. 6].

На падставе распараджэння Савета Міністраў Польшы ад 23 сакавіка 1921 г. (Збор законаў Рэчы Паспалітай, 1921 № 30 - 178) на тэрыторыі Палескага ваяводства была створана Палеская акруговая дэлегатура з цэнтрам у горадзе Брэсце дзеля правядзення аграрнай рэформы і нагляду за стварэннем фонда свабодных зямель, выдачы асаднікаў надаўчых актаў на атрыманне зямлі [Дадатак 12], парцэляцыі, хутарызацыі сялянскіх гаспадарак і ліквідацыяй сервітутаў. Палеская акруговая дэлегатура падпарадкоўвалася Галоўнай зямельнай управе.

Дзейнасць камісіі распаўсюджвалася на Брэсцкі, Драгічынскі, Камень-Кашырскі, Кобрынскі, Косаўскі, Лунінецкі, Пінскі, Пружанскі, Сарненскі паветы Палескага ваяводства.

Згодна распараджэнню Савета Міністраў Польшчы ад 20 сакавіка 1922 г. (Збор законаў Рэчы Паспалітай 1922 № 41 - 345) Палеская акруговая дэлегатура была пераіменавана ў Палескае акруговае зямельнае ўпарадкаванне Галоўнай зямельнай управы з цэнтрам у г. Брэсце.

Акруговая зямельная ўправа мела наступныя аддзелы:



  • адміністрацыйны (кіраваў работай управы);

  • сельскагаспадарчы (займаўся правядзеннем парцэляцыі і надзяленнем асаднікаў зямлёю);

  • тэхнічны (кантраляваў правядзенне зямельна-тэхнічных работ);

  • аддзел меліярацыі.

Пры ўправе функцыянаваў акруговы зямельны камісарыят, які разбіраў спрэчныя пытанні, узнікаўшыя пад час правядзення рэформы: асабліва пад час хутарызацыі, ліквідацыі сервітутаў; праводзіў ацэнку стану зямель для фонду аграрнай рэформы, вызначаў плошчу зямлі ў памешчыцкіх маёнтках, якія належалі парцэляцыі. Кіраўніком камісарыята з`яўляўся старшыня акруговай зямельнай управы. Членамі яго былі ваявода, акруговы суддзя, прадстаўнікі ад Міністэрства сельскай гаспадаркі, акруговай зямельнай управы і 6 членаў ад землеўладальнікаў. Акруговы зямельны камісарыят з`яўляўся апеляцыйным органам у адносінах да акруговай зямельнай управы [52, с. 26].

У адпаведнасці з законам ад 11 жніўня 1923 г. (Збор законаў Рэчы Паспалітай, 1923 № 90 - 706) камісарыят перайшоў пад уладу Міністэрства сельскай гаспадаркі і зямельных рэформ.

У 1932 г. згодна закону ад 17 лютага 1932 г. (Збор законаў Рэчы Паспалітай, 1932 № 19 - 129) на чале камісарыята прызначаўся ваявода. У 1933 г. згодна распараджэння прэзідэнта Рэчы Паспалітай ад 27 кастрычніка 1933 г. Палеская акруговая зямельная ўправа ліквідавалася, а яго функцыі перайшлі да сельскагаспадарчага аддзела ваяводскай управы [33, Арк. 1-2].

У паветах ствараліся павятовыя зямельныя камісарыяты, які падпарадкоўваўся акруговай дэлегатуры, на чале якіх стаяў павятовы зямельны камісар, і падпарадкоўваўся ў сваёй дзейнасці акруговаму камісару. Сетка іх была зацверджана старшынёй галоўнага зямельнага ўпраўлення 10 ліпеня 1922 г. На чале павятовага зямельнага ўпраўлення знаходзіўся камісар. У адрозненне ад адміністрацыйна-тэратарыяльнага дзялення павятовыя зямельныя ўпраўленні не падзяляліся на больш дробныя структурныя адзінкі [56, с. 94].

Асноўная мэта, якую праследаваў ўрад Другой Рэчы Паспалітай была ў тым, каб умацаваць на тэрыторыі Палескага ваяводства эканамічныя пазіцыі найбольш заможнай часткі сялянства, з якой меркавалася стварыць сваю палітычную апору на новадалучаных землях і з дапамогай якіх меркавалася стварыць тут надзейную прадуктовую базу: “Земельное устройство Речи Посполитой Польши должно опереться прежде всего на сильные, здоровые и способные к интенсивной продукции крестьянские хозяйства” [5, с. 22; 25, с. 39; 64, с. 45; 96, с. 35; 133, s. 24]. Акрамя таго, з гэтай жа мэтай, меркавалася насадзіць на пустуючых землях Заходняй Беларусі ваенных асаднікаў-каланістаў з ліку “легіянераў” - былых удзельнікаў савецка-польскай вайны 1919-1920 гг., забяспечыць памешчыкаў сродкамі для ўзнаўлення разбуранай гаспадаркі, умацаваць становішча найбольш заможных сялян, пашырыць унутраны рынак.

Засяленне беларуска-украінскіх акраін польскімі каланістамі пачалося яшчэ ў 1920 г., калі гэтыя тэрыторыі былі акупаваны польскімі войскамі [58, с. 13]. У снежні 1920 г. Сеймам быў прыняты закон, паводле якога ўсе бежанцы-беларусы, якія не вярнуцца дадому да 1 красавіка 1921 г., пазбаўляюцца сваёй зямлі, а на гэтых землях урад вырашыў таксама пасяліць ваенных і цывільных асаднікаў [63, с. 121]. Але на практыцы гэты закон фактычна не выконваўся - мясцовыя ўлады часта прадастаўлялі зямлю і тым сялянам, якія вярнуліся дадому пазней азначанага тэрміну.

На канферэнцыі вавод і начальнікаў зямельных аддзелаў генерал Янушкевіч казаў: “Мы павінны ясна ўсведамляць, што без умацавання польскага элемента немагчыма весці барацьбу за ўсходнія землі. Найбольш рашучым саюзнікам у гэтай барацьбе будзе вясковы асаднік. Таму трэба як мага больш іх адбіраць з Цэнтральнай Польшчы... Польская культура павінна гаспадарыць на паўночна-ўсходніх ускраінах...” [29, с. 253].

Урад меркаваў з дапамогай асаднікаў дасягнуць таксама яшчэ некалькіх важных мэт:

1. Аблегчыць мабілізацыю ў польскую армію (ваенаслужачыя мелі магчымасць атрымаць надзел зямлі);

2. З дапамогай перасялення на ўсход жыхароў карэннай Польшчы, урад спрабаваў зменшыць зямельны голад у цэнтральных ваяводствах краіны;

3. Падтрымаць і ўмацаваць пазіцыі буйных землеўладальнікаў;

4. Стварыць надзейную прадуктовую базу на выпадак вайны;

5. Канцэнтраванне ўздоўж савецкай мяжы асаднікаў давала магчымасць выкарыстаць іх супраць савецкай улады ў выпадку ваеннай неабходнасці;

6. Падтрымаць антысавецкія элементы, якія ў будучым можна было выкарыстаць у выпадку вайны з Савецкім Саюзам;

7. У абавязак асаднікаў уваходзілі таксама збор звестак агентурнага характару, дапамога ў барацьбе з партызанамі і садзейнічанне пры аб`яўленні прызыву ва ўзброеныя сілы, арганізацыя варты для мастоў і чыгунак [29, c. 253; 56, с. 96-97; 68, с. 24; 101, с. 72-73]. Асаднікі ігралі таксама ролю запаснога ўзброенага атраду, гатовага ў выпадку неабходнасці выконваць некаторыя паліцэйскія функцыі [80, с. 96].

Для вызначэння зямель, якіх можна было адвесці пад “асады“ ствараліся сумесныя камісіі з прадстаўнікоў Міністэрстваў рольных рэформ, фінансаў, вайсковых спраў. Галоўнымі крытэрыямі былі: якасць і колькасць свабоднай зямлі, а таксама яе аддаленасць ад шляхоў зносін. Так, прадстаўнік Міністэрства вайсковых спраў паручнік Лявон Грушніцкі 26-27 кастрычніка 1922 г. ездзіў у маёнтак Толшча Высока-Літоўскай гміны Брэсцкага павету для агляду зямель пад будучыя асады - дзяржава кампенсавала яму кошт чыгуначнага білету ў 1000 марак, а таксама праезд амнібусам ад станцыі да месца прызначэння - 400 марак [35, Арк. 32].

Падбор асаднікаў і размеркаванне іх фактычна ажыццяўляў Генштаб. Падбіралі і размяркоўвалі асаднікаў сістэмна. Уся займаемая пад асады зямля, а таксама бліжэйшыя тэрыторыі разбіваюцца на сектары, пры чым “улічваецца ваенны профіль”. Рэгулярна праводзіліся ваенныя заняткі. Ніжэйшае звяно кіруецца афіцэрам, які таксама жыве тут жа ў асадзе. Далей ідуць гмінныя, павятовыя і акружныя арганізацыі. Паміж гэтымі арганізацыямі існуе пастаянная сувязь і дысцыпліна як у войску. Асаднікі падпарадкаваны вышэйшаму ваеннаму камандаванню, разам з тым трымаюць непасрэдную сувязь з тымі часцямі войск, якія расквартараваны ў дадзенай мясцовасці [15, с. 40; Дадатак 13].

Палескае ваяводства мела стратэгічна важнае - памежнае - значэнне, таму яно павінна было быць густа заселена перасяленцамі з Польшчы. Першапачаткова планавалася перасяліць на Палессе з цэнтральнай Польшчы каля 100 тысяч каланістаў. Гэтая тэрыторыя здавалася кіраўніцтву Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы найбольш надзейнай і паспяховай, таму што мясцовае насельніцтва “не мела ніякай нацыянальнай свядомасці, было палітычна малаарганізаваным”, таму для правядзення каланізацыі на думку польскіх улад не павінна было нічога пашкодзіць [69, с. 34; 80, с. 98].

Ваенным каланістам для арганізацыі гаспадарак дзяржава бясплатна выдзяляла коней, буйную рагатую жывёлу, свіней. Толькі ў 1922 г. ваенныя асаднікі Брэсцкага павета атрымалі 180 коней, 200 кароў, 90 авечак, 140 свіней, 4000 пудоў зерня для пасеву, 5000 пудоў бульбы [60, с. 31; Дадатак 14, 15, 16].

Ужо ў пачатку 1923 г. для асаднікаў ў Палескім ваяводстве было выдзелена 128 тысяч гектараў: Брэсцкі павет - 6 тысяч га, Пружанскі - 5,5 тыс., Драгічынскі - 8 тыс., Кобрынскі - 6 тыс., Косаўскі - 10 тысяч га. Да 1 студзеня 1923 г. тут расселены 991 асаднік. З іх 20-25% складалі афіцэры, прыкладна столькі ж - інваліды і асабліва вызначыўшыяся ў савецка-польскай вайне легіянеры. Кожны асаднік атрымоўваў пасведчанне і знак асадніка [58, с. 17; 101, с. 77]. Але не ўсе асаднікі змаглі арганізаваць тут сваю гаспадарку, таму некаторыя з іх прадалі сваю зямлю і выехалі назад у Польшчу, таму на 1929 г. у Палескім ваяводстве налічвалася ўжо прыблізна 900 асаднікаў, якія валодалі каля 128 тысячамі га зямлі [61, с.161; 88, с. 137].

Большасць асаднікаў атрымоўвала ў Палескім ваяводстве па нізкім кошце ці навогул бясплатна па 15-45 га зямлі ў залежнасці ад воінскіх заслуг і звання: па прынятаму правілу палкоўнік атрымоўваў 30 гектараў зямлі, капітан - 20, паручнік - 15, радавы - каля 9-10 га, але былі і такія асаднікі, якія атрымалі толькі па 3-5 гектараў зямлі. Асаднікамі станавіліся таксама і генералы - адзін з бліжэйшых паплечнікаў Ю. Пілсудскага генерал Жалігоўскі па вельмі нізкім кошце набыў у Драгічынскім павеце звыш 500 га зямлі, а таксама вялікую яе колькасць у іншых ваяводствах [96, с. 37; 101, с. 73-74]. Пры надзяленні зямлёю асаднікаў, польскія ўлады ўлічвалі ў першую чаргу іх ваенныя заслугі і лаяльнасць да польскага панавання на гэтых землях, і толькі ў другую на іх здольнасць займацца сельскай гаспадаркай. Некаторыя асаднікі Палескага ваяводства былі добра вядомы сваёй храбрасцю і мужнасцю, праяўленнымі пад час савецка-польскай вайны - напрыклад, асаднік Ялінскі (асада Сялец Пружанскага павета) быў узнагароджаны чатырма польскімі ордэнамі “Віртуці Мілітары” [93, с. 107].

Дзеля атрымання зямлі асадніку неабходна было знайсці двух паручыцеляў, якія б неслі адказнасць у выпадку яго неплацежаздольнасці [41, Арк. 11]. Здараліся і унікальныя выпадкі: у маёнтку Баравікі Косаўскай гміны Косаўскага павету перасялілася з Кракаўскага ваяводства сям’я ваеннага асадніка Францішка Стылінскага. Бацька атрымаў 44,79 га зямлі, а яго сыны: Мар’ян - 25,03 га, Ян Стылінскія - 24,69 га. Пры гэтым бацька з сынамі выступілі паручыцелямі адзін аднаго. Гэтыя асаднікі сумесна валодалі шматлікімі прыладамі працы, вялікай колькасцю сельскагаспадарчай жывёлы і птушак, кожны з іх уносіў на свой надзел больш чым тону ўгнаенняў, што забяспечвала на іх землях добры ўраджай [38, Арк. 63].

Памер аплаты за зямлю быў прыроўнены да 30-100 кг збожжа за 1 га штогод з выплатай дзяржаве на працягу 30 гадоў, пачынаючы з пятага года пасля атрымання зямлі. Дзяржава аказвала дапамогу натурай або грашыма для абзавядзення гаспадаркай. На гаспадарку выдзялялася 80 м3 будматэрыялаў і 2 млн марак грашыма, інвентаром або зернем. Асаднік павінен быў пасяліцца на сваім водрубе на працягу года і ў трохгадовы перыяд асвоіць яго [52, с. 27].

Некаторыя асаднікі атрымоўвалі нават па два і больш надзелаў: напрыклад, у Валовельскай гміне Драгічынскага павета надзелы № 19 і № 19а дасталіся Феліксу Следзю, а надзелы № 20 і № 22 - Феліксу Паўлоўскаму, надзелы № 4 і № 4а плошчай больш за 25 га атрымаў асаднік Жыгімонт Шляхетка [51, с. 62; 63, с. 120-121]. На кожнага асадніка ў Палескім ваяводстве ў сярэднім прыпадала 23,7 га, у той жа час у Віленскім - 16,5 га, у Навагрудскім - 18,5 га Большыя надзелы асаднікаў Палескага ваяводства можна растлумачыць нізкай якасцю выдзяляемай ім тут зямлі [93, с. 44].

Асаднікам праз Дзяржаўны банк выдаваліся ільготныя крэдыты звычайна пад 4, 7 або 12% гадавых, але здараліся асобныя выпадкі, што некаторыя з іх не маглі своечасова выплаціць патрабуемыя сродкі: так, у 1930 г. асаднік маёнтка Варацэвічы Іванаўскай гміны Драгічынскага павету Ісідор Ласковіч не здолеў своечасова выплаціць узятую пазыку з працэнтамі ў памеры 1073,33 злотых (№ пазыкі 232454). Банк абавязаў яго выплаціць гэтую суму на працягу двух наступных гадоў [43, Арк. 5].

У сувязі з тым, што многія асаднікі да вайны не мелі ніякіх адносін да сельскай гаспадаркі, для іх ствараліся спецыяльныя курсы, на якіх вучылі асновам правільнага вядзення сельскай гаспадаркі. Усе асаднікі аб`ядноўваліся ў саюз, які атрымаў назву “Саюз былых абаронцаў усходніх ускраін” [67, с. 24].

На месцах ствараліся розныя гурткі і арганізацыі - “Кулкі Рольнічэ”, “Каса Стэфчыка”, “Стшэлец” і іншыя, дзе галоўную ролю ігралі асаднікі. Яны вучылі сялян новым метадам вядзення сельскай гаспадаркі, арганізоўвалі спартыўныя спаборніцтвы, тэатральныя і музычныя прадстаўленні [15, с. 48; Дадатак 17, 18, 19]. Так, у Луніне Саюзам сельскай моладзі былі арганізаваны спецыяльныя сельскагаспадарчыя курсы, у 1929 г. адна група сялян займалася ў вёсцы Дубай, а другая ездзіла ў Сарны і вывучала здабычу, апрацоўку і выкарыстанне торфу і праходзіла вытворчую практыку [85, с. 256].

Акрамя таго, ствараліся сельскагаспадарчыя гандлёвыя таварыствы і аб`яднанні сельскіх гаспадынь. Сельскагаспадарчыя таварыствы ўтрымоўвалі свае крамы па продажы прадуктаў паляводства, жывёлагадоўлі. Улады ўсяляк падтрымлівалі прыватнаўласніцкія настроі сялян, заахвочвала развіццё заможных гаспадарак. Спецыяльныя аграномы выязджалі ў вёскі з мэтай арганізацыі сельскагаспадарчых таварыстваў [61, с. 161; 91, с. 71].

Частка асаднікаў здавала свае землі ў арэнду мясцовым сялянам - гэта давала каланістам магчымасць працягваць несці ваенную службу, працаваць у банку, на пошце, чыгунцы [98, с. 28-29].

Для таго, каб папярэдзіць нерацыянальнае выкарыстанне грошай, выдзеленых на крэдыты, урадам устанаўліваліся праверкі гаспадарак. Пры выкарыстанні пазык не па прызначэнні асадніку пагражалі такія меры пакарання, як датэрміновае вяртанне грошай, ці, у выключных выпадках, пазбаўленне ўчастка. У выніку такіх праверак у 1930 г. сваіх участкаў было аазбаўлена 36 асаднікаў Брэсцкага павета [56, с. 97].

Варта адзначыць, што асаднікі сумесна з паліцыяй разганялі мітынгі і сходы, сазваныя беларускімі дэпутатамі Сейма. Так, 6 мая 1924 г. імі быў сарваны мітынг у Пружанах, 8 мая - у Даўгінаве, дзе збіралася болей чым па 2000 чалавек, а 25 мая - зноў у Пружанах [2, с. 43; 101, с. 75].

У 1924 г. асаднікі і найбольш заможныя сяляне, спецыяльна сазваныя з Пружанскага, Косаўскага, Драгічынскага паветаў, разагналі мітынг сялян сабраны пасламі Сейма ў мястэчку Картуз-Бяроза Пружанскага павета [15, с. 49]. У часе прамовы пасла Валошына группа асаднікаў пачала свістаць, тупаць нагамі, пхацца праз народ да трыбуны, але дэлегаты стаялі разам, не дапускаючы асаднікаў да трыбуны. Тады нападаючыя разбіліся на групы па 10-15 чалавек з камандай старшага па чыну, у якіх былі чырвона-белыя павязкі і какарды, і пачалі біць удзельнікаў сходу. Аб гэтым здарэнні таксама быў пададзены пратэст у Сейм Рэчы Паспалітай [54, с. 92].

У мэтах асабістай бяспекі асаднікі сяліліся супольна хутарамі, мелі права насіць і валодаць зброяй - кожны асаднік меў халодную зброю, вінтоўку і рэвальвер, а некаторыя - па некаторых звестках - нават ручныя кулямёты, [19, с. 356-357; 67, с. 24] - усе меры перадасцярогі не былі дарэмнымі, бо назіраліся выпадкі разгрому асадніцкіх хутароў і памешчыцкіх маёнткаў партызанамі і паўстаўшымі сялянамі: напрыклад, 19 чэрвеня 1922 г. імі спалены маёнтак Добрае Дрэва Лунінецкай гміны Лунінецкага павета, а таксама вёскі Беразное і Дубянец, а ў ноч на 26 жніўня 1923 г. яны разграмілі паліцэйскі ўчастак, гмінную ўправу і асаду ў мястэчку Целяханы Косаўскага павета, а 24 верасня 1924 г. маёнтак Юзефуў Беразноўскай гміны Пінскага павету, у ноч з 2 на 3 кастрычніка 1924 г. партызанскі атрад у складзе 30 чалавек разграміў маёнтак і атакаваў пастарунак у Кажан-Гарадку Столінскага павета [95, с. 68; 98, с. 61; 102, с. 42, 55; 111, с. 27].

Самым вядомым выступленнем сялян супраць асаднікаў стала так званае “Навасёлкаўскае паўстанне сялян” 1933 г. 25 ліпеня 1933 г. у вёску Ляплёўка Кобрынскага павета [Дадатак 20] прыехаў секвестратар з 3 паліцэйскімі і стаў забіраць за нядоімкі каштоўную маёмасць і жывёлу. Сяляне прагналі паліцэйскіх, але, пакідаючы вёску, тыя адкрылі агонь і смяротна паранілі камуніста Лявона Баганскага. Ноччу ў Ляплёўку прыбыў атрад паліцэйскіх і правёў крывавую пацыфікацыю [31, с. 127].

Брэсцкі акруговы камітэт КПЗБ прыняў рашэнне ў адказ на гэтае злачынства правесці паход сялян на маёнтак братоў Марачэўскіх. Вечарам 3 жніўня 1933 г. узброеная група сялян некалькіх вёсак Кобрынскага павета разграміла двары асаднікаў хутара Бельск - Казіміра Ксёнскага, Францішка Костка і Анджэя Выжыкоўскага - і захапіла там толькі рэвальвер, наган, вінтоўку, шаблю, сядло - такім чынам чуткі аб небывалым узбраенні асаднікаў аказаліся перабольшанымі [3, с. 177]. Болей ста ўзброеных сялян рушыла на пастарунак у вёсцы Навасёлкі, дзе на некалькі гадзін завязалася перастрэлка з прадстаўнікамі праваахоўчых органаў. На досвітку падыйшоў атрад паліцыі з Брэста, з дапамогай якога паўстанне было падаўлена. Ваенна-палявы суд у Кобрыне прыгаварыў 8 сялян да смяротнай кары, а Р. Каплан трохі пазней да 15 гадоў турэмнага заключэння. З-за масавага пратэсту мера пакарання была зменена на пажыццёвае заключэнне [57, с. 98; 65, с. 288-289; 101, с. 185-186; 102, с. 124-130; 107, с. 9, 233-234].

Разам з ваеннымі асаднікамі дзяржава заахвочвала сюды перасяленне і цывільных асаднікаў, якія займалі месцы чыноўнікаў, настаўнікаў, але гэты працэс у параўнанні з насаджэння ваеннага асадніцтва не набыў такога памеру і размаху. Некаторыя цывільныя асаднікі потым нават перайшлі ў ваеннае асадніцтва. Мяркуючы па дадзеным на 1931 г. найбольш паспяхова ішло насаджэнне асадніцтва ў Брэсцкім павеце - на канец года тут было 25 асад і 197 каланістаў, у 1936 г. - ужо 29 і 193, на 1937 г. - 25 і 204 [80, с. 96; Дадатак 13, 16]. Растлумачыць гэта можна лепшай якасцю зямлі і блізкасцю Брэста-Бужскага - эканамічнага і адміністратыўнага цэнтра павета і ваяводства.

У цеснай сувязі з насаджэннем асадніцтва ішло правядзенне тут парцэляцыі, якая праводзілася за кошт дзяржаўных і памешчыцкіх зямель, сюды ж уключаліся перайшоўшыя ва ўласнасць дзяржавы пустуючыя землі: уладанні некаторых памешчыкаў непольскага паходжання, былыя ўладанні царскай сям’і і замежных грамадзян і арганізацый, кінутыя маёнткі і сялянскія гаспадаркі, на якіх не аб’явіліся законныя ўладальнікі (бежанцы), а таксама царкоўныя і іншыя землі [72, с. 78; 110, с. 424].

Пры правядзенні парцэляцыі паветы падзяляліся на раёны па катэгорыі зямлі. Так, Пінскі павет дзяліўся на чатыры раёны: першы - паблізу Пінска, ворная зямля чацвёртага класа каштавала 900 злотых за 1 га, пятага - 600, шостага - 400; другі раён - сярэдняя цана зямлі чацвёртага класа - 600 злотых, пятага - 450, шостага - 350 і гэтак далей [52, с. 27; Дадатак 21].

Варта адзначыць, што ў склад беззямельных уключаны ў асноўным асаднікі. Просты селянін не мог купіць зямлю з-за яе высокага кошту: у 1927 г. адзін га зямлі ў Палескім ваяводстве каштаваў 660 злотых, у Віленскім - 610, у Наваградскім - 830 злотых, а ў цэнтральных ваяводствах Польшчы яна была намнога вышэй - у Варшаўскім ваяводстве - 1320 злотых, у Кракаўскім - 3310 злотых за 1 га. Цана зямлі на Беларусі была самай нізкай з-за яе дрэннай якасці. На кожнага асадніка ў Палескім ваяводстве прыходзілася да сярэдзіны 1932 г. па 23,7 га, па льготным кошце яны атрымалі больш 2/3 распарцэляванай зямлі, астатняяя частка папала ў рукі мясцовых заможных сялян, гандляроў і спекулянтаў [96, с. 36-37].

У кастрычніку 1937 г. палескі ваявода Вацлаў Костэк-Бернацкі выдаў да павятовых стараст сакрэтны загад, у якім забараняў праводзіць у адносінах да мяркуемых пакупнікоў зямлі ўсялякую нацыянальную і рэлігійную дыскрымінацыю, але строга-настрага забараніў прадаваць зямлю камуністам незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання [8, с. 436].

Пры прыняцці закона аб вайсковым асадніцтве агаворвалася, што 17% распарцэляванай зямлі павінна адыйсці мясцоваму сялянству, але на практыцы гэтае правіла не выконвалася [104, с. 118]. У выніку парцэляцыі ў Палескім ваяводстве з 338 дробных арандатараў, выказаўшых жаданне купіць зямлю, толькі 22 чалавека атрымалі такую магчымасць [96, с. 36]. Як пісаў былы міністр аграрных рэформ В. Станевіч: “Землі на Усходзе выкарыстаны галоўным чынам на ваеннае асадніцтва” [101, с. 121].

Напрыклад, калі на Бярозаўшчыне, пры агульнай зямельнай плошчы каля 110 000 гектар, звыш 60 000 гектар зямлі належала памешчыкам, асаднікам і кулакам, а на астатняй плошчы, з якіх ворныя землі складалі 23,5 тысяч дзесяцін, вымушаны былі туліцца 57 000 сялян. На едака прыходзілася менш 0,5 гектара ворнай зямлі. Калі ўлічыць, што гэтыя землі былі не самай лепшай якасці, то можна ўявіць, як магла пражыць сям’я з 5-7 чалавек (а такіх сямей было больш паловы) на надзеле ў 3-3,5 гектара [79, c. 56].

Як паведамляў у сваім пісьме ўраду палескі ваявода: “Галеча палешукоў так веліка, як нідзе ў краіне. Ёсць некалькі тысяч гаспадарак, якія каштуюць разам з гаспадарчымі пабудовамі 40-70 злотых. А ёсць і такія гаспадаркі, за якіх … нельга даць і некалькіх злотых. Налічваецца каля 15 тысяч гаспадарак з менш 1 гектара дрэннай зямлі… Спецыфічная з`ява Палесся – не сустракаемая нідзе болей галеча, сельская і гарадская, уласнікаў, якія не разглядаюцца як беспрацоўныя і якія ўжо са снежня ядуць молатую кару і мякіну… - гэта значыць галеча, якую немагчыма параўнаць з найбольш вострай галечай другіх вялікіх і малых цэнтраў у дзяржаве” [96, с. 87].

Становішча сялян Палескага ваяводства было досыць цяжкім, яны масава пакутавалі ад недахопу зямлі, частых неўраджаяў і паводак, высокіх падаткаў і штрафаў, таму недзіўна, што многія з іх з непадробнай радасцю і надзеяй сустракалі ў верасні 1939 г. Чырвоную Армію, але вельмі хутка шмат каго з іх чакала горкае расчараванне.



Падводзячы вынікі трэба адзначыць, што аграрная рэформа польскіх улад характарызавалася перш за ўсё масавым насаджэннем асадніцтва - за 1921-1939 гг. на тэрыторыі Палескага ваяводства было паселена каля 1150 вайсковых і цывільных асаднікаў, якіх польскія ўлады разглядалі ў якасці сваёй палітычнай апоры, супрацьвагі ўплыву тут камуністаў, і таму перадалі ім сельскагаспадарчыя землі, якія ў выніку першай сусветнай і польска-савецкай войн, засталіся без гаспадара. Звыш 2/3 распарцэляванай зямлі трапіла ў іх рукі, астатнюю распарцэляваную зямлю атрымалі мясцовыя заможныя сяляне і гандляры. Сяляне Палескага ваяводства праваслаўнага веравызнання зямлі пры правядзенні парцэляцыі амаль не атрымалі з-за яе высокага кошту і свайго цяжкага матэрыяльнага становішча, а таксама мэтанакіраванай палітыкі польскіх улад - у рукі гэтых сялян перайшло менш 17% распарцэляванай уладамі зямлі.

З правядзеннем аграрнай рэформы ў разглядаемы перыяд паскаралася эканамічная дыферэнцыяцыя сялянства Палескага ваяводства і масавае разарэнне яго бяднейшай часткі, што было заканамерным і непазбежным вынікам развіцця капіталістычных адносін.



1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка