Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь установа адукацыі “беларускі дзяржаўны універсітэт”




старонка1/5
Дата канвертавання15.03.2016
Памер0.87 Mb.
  1   2   3   4   5


МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

УСТАНОВА АДУКАЦЫІ

БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ”

УДК 947,6 На правах рукапісу

Гарматны Віталь Пятровіч


ПРАВЯДЗЕННЕ АГРАРНАЙ РЭФОРМЫ Ў ПАЛЕСКІМ ВАЯВОДСТВЕ (1921-1939 гг.)

07.00.02 - айчынная гісторыя


Дысертацыя на суісканне вучонай ступені

магістра гістарычных навук


Навуковы кіраўнік:

доктар гістарычных навук,

прафесар Зялінскі

Пётр Іосіфавіч



МІНСК

2007

ЗМЕСТ
ПЕРАЛІК УМОЎНЫХ СКАРАЧЭННЯЎ…………………………………........C. 3

УВОДЗІНЫ………………………………………………………..……………C. 4-7

ГЛАВА 1. ГІСТАРЫЯГРАФІЯ І КРЫНІЦЫ…………………………..……C. 8-18

ГЛАВА 2. НАСАДЖЭННЕ АСАДНІЦТВА І ПРАВЯДЗЕННЕ ПАРЦЭЛЯЦЫІ.……………………………………………………..………..C. 19-38

ГЛАВА 3. КАМАСАЦЫЯ СЕЛЬСКАЙ ГАСПАДАРКІ І ЛІКВІДАЦЫЯ СЕРВІТУТАЎ………………………………………………………………..C. 39-51

ЗАКЛЮЧЭННЕ………………………………………………………….......C. 52-53

БІБЛІЯГРАФІЧНЫ СПІС…………………………………………………...C. 54-67

ДАДАТАК……………………………………………………………………C. 68-90



ПЕРАЛІК УМОЎНЫХ СКАРАЧЭННЯЎ
РП - Рэч Паспалітая

СМ - Савет Міністраў

КПЗБ - Камуністычная Партыя Заходняй Беларусі

КПП - Камуністычная Партыя Польшчы

КСМЗБ - Камуністычны Саюз Моладзі Заходняй Беларусі

БСРГ - Беларуская сялянска-работніцкая грамада

СССР - Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік

БССР - Беларуская Саветская Сацыялістычная Рэспубліка

ППС - Польская партыя сацыялістычная

ЦК - Центральный Комитет

МОПР - Международная организация помощи революционерам

ДАБВ - Дзяржаўны архіў Брэсцкай вобласці

ПАТСГ - Палескае акруговае таварыства сельскай гаспадаркі

УВОДЗІНЫ
Гісторыя Беларусі да другой сярэдзіны ХХ стагоддзя - гэта пераважна аграрная гісторыя. Сялянства складала абсалютную большасць беларускага насельніцтва, адыгрывала рашучую ролю ў эканоміцы краіны. Фактычны ўзровень вядзення сельскай гаспадаркі на Беларусі доўгі час заставаўся на адносна невысокім узроўні, на працягу многіх дзесяцігоддзяў гаспадарка беларускага селяніна характарызавалася захаваннем значнай колькасці перажыткаў, якія тармазілі яе далейшае развіццё. З мэтай ліквідацыі гэтых перажыткаў і павышэння ўзроўня развіцця сельскай гаспадаркі Беларусі ўладамі неаднаразова праводзіліся сельскагаспадарчыя рэформы: Устава на валокі 1557 г., адмена прыгоннага права 1861 г., сталыпінская аграрная рэформа, калектывізацыя і іншыя. Не стаў выключэннем і перыяд знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе Другой Рэчы Паспалітай (1921-1939 гг.).

У выніку падпісання Рыжскага мірнага дагавора 18 сакавіка 1921 г. амаль палова беларускіх зямель аказалася ў складзе Польшчы. У гады першай сусветнай і савецка-польскай войн, якія працягваліся на тэрыторыі Беларусі амаль пяць гадоў, сельская гаспадарка краю была цалкам разбурана. Перад польскім урадам стала адна з асноўных праблем - падняць з руін сельскую гаспадарку Заходняй Беларусі (у тым ліку і Палескага ваяводства). З гэтай мэтай польскія ўлады правялі на тэрыторыі Заходняй Беларусі аграрную рэформу, якая нягледзячы на сваю абмежаванасць і незавершанасць аказала значны ўплыў на сацыяльна-эканамічнае развіццё краю, паспрыяла неафіцыйнаму падзелу Беларусі на Заходнюю і Усходнюю - найбольш ярка гэты падзел праявіўся ў галіне сельскай гаспадаркі.

Аграрная рэформа польскіх улад на тэрыторыі Заходняй Беларусі і ў прыватнасці на тэрыторыі Палескага ваяводства ў разглядаемы перыяд даволі слаба асветлена ў савецкай, польскай і беларускай гістарыяграфіі. Абумоўлена гэта тым, што польскія гісторыкі больш увагі аддаюць правядзенню аграрнай рэформы на тэрыторыі Польшчы, а савецкія гісторыкі больш увагі надавалі асвятленню нацыянальна-вызваленчай і рэвалюцыйна-дэмакратычнай барацьбы палескага сялянства, таму аграрная гісторыя Палескага ваяводства ў разглядаемы перыяд пададзена даволі сціпла і павярхоўна. Перад сучаснымі беларускімі гісторыкамі стаіць вельмі важная задача - паказаць гісторыю Заходняй Беларусі ў складзе Другой Рэчы Паспалітай з нацыянальных пазіцый.

Аграрная рэформа, праведзеная польскімі ўладамі, заслугоўвае большай увагі з боку беларускіх і польскіх даследчыкаў. Цяпер сельская гаспадарка Беларусі таксама патрабуе карэннай аграрнай рэформы, таму неабходна лепей вывучыць праведзеныя раней аграрныя рэформы, ў тым ліку і ажыццёўленую польскімі ўладамі ў 1921-1939 гг. У сувязі з гэтым аўтар паставіў перад сабою мэту - больш падрабязна даследаваць правядзенне і вынікі аграрнай рэформы на тэрыторыі Палескага ваяводства ў 1921-1939 гг.



Для дасягнення гэтай мэты неабходна вырашыць наступныя задачы:

  1. разгледзець насаджэнне асадніцтва і правядзенне парцэляцыі;

  2. паказаць правядзенне камасацыі і ліквідацыі сервітутаў.

Работа ахоплівае храналагічна 1921-1939 гг. - перыяд знаходжання Палескага ваяводства ў складзе Другой Рэчы Паспалітай. Разглядаецца правядзенне аграрнай рэформы на тэрыторыі Палескага ваяводства (у тым ліку Сарненскага павета да 1929 г. і Камень-Кашырскага, тэрыторыя якіх зараз знаходзіцца ў складзе Украіны).

З асобнымі палажэннямі работы аўтар выступаў на канферэнцыях:

1) “Правядзенне аграрнай рэформы на тэрыторыі Палескага ваяводства (1921-1939 гг.) на Рэспубліканскай навуковай канферэнцыі “Шлях у навуку”, прысвечанай 15-годдзю гістарычнага факультэта БрДУ імя А.С. Пушкіна, 15 снежня 2006 г. (у друку);

2) “Аграрная рэформа ў Заходняй Беларусі (1921-1939 гг.)” на IV Рэспубліканскай навуковай студэнцкай канферэнцыі “Нацыянальная эканоміка Рэспублікі Беларусь: праблемы і перспектывы развіцця” у БДЭУ, 16-17 мая 2007 г. (у друку);

3) “Камасацыя сельскай гаспадаркі Палескага ваяводства” на IX рэспубліканскай міжуніверсітэцкай канферэнцыі маладых вучоных у БрДУ імя А.С. Пушкіна, 18 мая 2007 г. (у друку).

Акрамя таго аўтарам дысертацыі падрыхтаваны навуковы артыкул “Сялянскія сервітуты ў Палескім ваяводстве (1919-1939 гг.)”, які пабачыць свет у зборніку студэнцкіх навуковых прац “Моладзь Берасцейшчыны-2007”.

Палажэнні, якія выносяцца на абарону:

1) У выніку першай сусветнай і савецка-польскай (1919-1921 гг.) войн сельская гаспадарка Палескага ваяводства была амаль цалкам разбурана, захоўвалася значная колькасць феадальных перажыткаў, таму тут жыццёванеабходна было як мага хутчэйшае правядзенне карэннай аграрнай рэформы;

2) Палескае ваяводства ў складзе Другой Рэчы Паспалітай (1921-1939 гг.) было самай вялікай па плошчы і адначасова самай адсталай у сацыяльна-эканамічным плане адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай: у сельскай гаспадарцы панавала буйное памешчыцкае землеўладанне, у мясцовых сялян катастрафічна не хапала ворнай жывёлы і свойскай жывёлы для яе апрацоўкі, 40% тэрыторыі ваяводства было забагнена;

3) Аграрная рэформа на тэрыторыі Палескага ваяводства ў 1921-1939 гг. праводзілася польскімі ўладамі на аснове законаў, прынятых Сеймам 10 ліпеня 1919 г., 7 мая 1920 г., 15 ліпеня 1920 г., 17 снежня 1920 г., 10 студзеня 1922 г., 31 ліпеня 1923 г., 26 ліпеня 1925 г., 31 ліпеня 1934 г. і складалася з насаджэння асадніцтва, правядзення парцэляцыі і камасацыі, ліквідацыі сервітутаў і меліярацыі;

4) Асноўным мерапрыемствам аграрнай рэформы ў Палескім ваяводстве ў разглядаемы перыяд было насаджэнне асадніцтва. Палескаму ваяводству ў планах польскіх улад адводзілася асаблівае знчэнне з-за яго памежнага становішча, таму планавалася засяліць яго асаднікамі найбольш шчыльна, за 1921-1939 гг. на тэрыторыі Палескага ваяводства было паселена каля 1200 асаднікаў. Асаднікі ігралі ролю палітычнай апоры польскіх улад, выступалі ў якасці каланізацыйнага элементу на тэрыторыі Палескага ваяводства, але ацэньваць ролю асаднікаў у гісторыі Заходняй Беларусі адназначна негатыўна нельга, бо яны ўняслі свой уклад у паляпшэнне культуры вядзення сялянамі сваёй гаспадаркі, а таксама іх агульнаадукацыйнага ўзроўню дзякуючы арганізацыі тут тэатральных, музычных і спартыўных таварыств;

5) Правядзенне парцэляцыі - продажы польскімі ўладамі ворнай зямлі дробнымі надзеламі (парцэламі) - праводзілася ў інтарэсах асаднікаў, памешчыкаў і найбольш заможнай часткі сялянства. У іх рукі трапіла больш 2/3 распарцэляванай зямлі. Мясцовыя сяляне праваслаўнага веравызнання зямлі амаль не атрымалі з-за яе высокага кошту і дыскрымінацыйнай палітыкі польскіх улад пры яе правядзенні;

6) Камасацыя прадугледжвала аб`яднанне сялянскіх надзелаў і стварэнне хутароў - аб`ектыўна камасацыя была прагрэсіўнай з`явай і ўяўляла сабою працяг сталыпінскай аграрнай рэформы. Было створана 118 480 хутароў на зямлі памерам 986 299 га. Правядзенне камасацыі было ўскладнена цяжкім матэрыяльным становішчам мясцовага насельніцтва;

7) Ліквідацыя сервітутаў прыводзіла да збяднення сялян, якія трацілі пры гэтым магчымасць трымаць свойскую жывёлу і птушак, збіраць у лесе грыбы і ягады. У выніку ліквідацыі 75% сервітутных зямель перайшло ва ўласнасць памешчыкаў і асаднікаў, таму ліквідацыя сервітутаў праходзіла ў асноўным у прымусовым парадку;

8) Аграрная рэформа не была праведзена да канца, але аказала вялікае значэнне на далейшае развіццё сельскай гаспадаркі Палескага ваяводства, спрыяла ліквідацыі феадальных перажыткаў, паляпшэнню культуры апрацоўкі зямлі, спрыяла хуткай эканамічнай дыфферэнцыяцыі мясцовага сялянства.

Магістэрская дысертацыя складаецца з пераліка ўмоўных скарачэнняў, уводзін, трох глаў, заключэння, бібліяграфічнага спіса, дадаткаў. Аўтар выказвае шчырую дапамогу ўсім, хто дапамагаў у напісанні гэтай работы. Матэрыялы дысертацыі могуць быць выкарыстаны пры выкладанні курса “Гісторыя Беларусі”, у рабоце краязнаўчага гуртка.



ГЛАВА 1. ГІСТАРЫЯГРАФІЯ І КРЫНІЦЫ

Вывучэнне гісторыі Палескага ваяводства 1921-1939 гг., калі яно, як і ўся Заходняя Беларусь, знаходзілася ў складзе Польскай дзяржавы, было і застаецца адным з важных напрамкаў даследавання айчыннай гістарычнай навукі. Таму за апошнія некалькі дзесяцігоддзяў беларускімі гісторыкамі зроблена значная праца па вывучэнню сацыяльна-эканамічнага развіцця Заходняй Беларусі пад уладай Польшчы ў міжваенны перыяд, у тым ліку і па правядзенні аграрнай рэформы ў Палескім ваяводстве - састаўной частцы Заходняй Беларусі. Варта адзначыць, што на сённяшні дзень у беларускай і замежнай гістарыяграфіі фактычна адсутнічаюць навуковыя працы, прысвечаныя менавіта Палескаму ваяводству - таму пры напісанні работы аўтару прыйшлося выкарыстоўваць у асноўным працы, прысвечаныя гісторыі сельскай гаспадаркі ўсёй Заходняй Беларусі азначанага перыяду, а таксама артыкулы з навуковых выданняў і энцыклапедычных даведнікаў, матэрыялы перыядычнага друку і статыстычных зборнікаў, архіўныя дакументы, частка якіх уводзіцца аўтарам у навуковы абарот упершыню.

Гістарыяграфія Палескага ваяводства 1921-1939 гг. развівалася ў адным рэчышчы з усёй беларускай гістарычнай навукай, якая ў савецкі час знаходзілася ў падпарадкаваным становішчы ў адносінах да дзяржаўна-партыйнага апарату, паступова атаясамлівалася з дзяржаўнай ідэалогіяй. Сам працэс вывучэння і асвятлення ў друку пытанняў гісторыі Заходняй Беларусі напрамую залежаў ад стаўлення да гэтай праблемы кіраўніцтва савецкай краіны, ад змянення грамадска-палітычнай сітуацыі ў СССР.

Працэс станаўлення і развіцця гістарыяграфіі гісторыі Палескага ваяводства 1921-1939 гг. можна падзяліць на тры буйныя перыяды:


1) 1921 г. - першая палова 30-х гадоў. Пасля Рыжскага мірнага дагавору для савецкага кіраўніцтва паўстала задача вырашэння пытання аб Заходняй Беларусі, знаходжанне якой у складзе Польскай дзяржавы лічылася часовай з`явай. Для прапаганды антыпольскіх настрояў сярод мясцовага насельніцтва ўзнікла неабходнасць ідэалагічнага забеспячэння мерапрыемстваў па практычнай рэалізацыі намераў савецкага ўраду. Таму ў гэты час усе матэрыялы, якія змяшчаліся ў цэнтральным друку, усе кнігі, прысвечаныя Заходняй Беларусі носяць яскрава выражаны ідэалагічны характар. Іх мэтай быў паказ цяжкага становішча працоўных Заходняй Беларусі, зыходзячы з чаго неаднаразова выказвалася думка аб неабходнасці разгортвання рэвалюцыйнага руху за сацыяльнае і нацыянальнае вызваленне і ўз`яднанне з БССР.

З цягам часу ўзнікла неабходнасць больш актыўнай і грунтоўнай навуковай працы па вывучэнню гісторыі Палескага ваяводства, Заходняй Беларусі і Польшчы навогуле. Гэтыя задачы павінна была вырашыць Камісія па вывучэнню Заходняй Беларусі спачатку пры Прэзідыуме Інбелкульта, а потым пры АН БССР, якая выдавала Інфармацыйны бюлетэнь, а таксама Інстытут польскай культуры. Аўтарамі публікацый былі як гісторыкі, так і актыўныя ўдзельнікі заходнебеларускага руху. З гэтымі навуковымі ўстановамі была звязана асноўная навуковая і выдавецкая праца па праблемах гісторыі Заходняй Беларусі;

2) Наступны этап прыпадае на 1930-я - першую палову 50-х гадоў. У 30-я гады ўзмацнілася ідэалагізацыя гістарычных даследаванняў, абсалютызацыя класавых падыходаў. Гісторыкі былі пастаўлены пад жорсткі ідэалагічны кантроль партыі. На вывучэнне названых праблем сур`ёзны адбітак накладвала грамадска-палітычнае становішча ў краіне, асабліва шматлікія працэсы над ворагамі народу, палітычныя рэпрэсіі. Актыўным чысткам падвяргаліся навукова-даследчыцкія ўстановы, так, у другой палове 30-х гадоў усе ўстановы, якія займаліся даследаваннем гісторыі Заходняй Беларусі былі ліквідаваны. Усё гэта, а таксама роспуск у 1938 г. Камуністычнай партыі Польшчы і яе складаючай часткі КПЗБ, далучэнне Заходняй Беларусі да БССР у выніку паходу Чырвонай Арміі на захад у верасні 1939 г., прычынілася да таго, што вывучэнне гісторыі Заходняй Беларусі звузілася да канстатацыі ў схематычнай форме прычын, станаўлення і развіцця рэвалюцыйнага руху. Асаблівы ўсплеск гістарычных даследаванняў адбыўся ў 1939-1940 гг., але ўсе яны насілі ярка выражаны “заказны характар”: ідэалагічна абаснаваць неабходнасць далучэння Заходняй Беларусі да БССР [21, 22, 48-50, 63, 67, 68]. У літаратуры канца 30-х-пачатку 50-х гадоў пры разглядзе праблем гісторыі сялянства Заходняй Беларусі назіраўся схематызм, перабольшвалася стыхійнасць і рэвалюцыйнасць працоўных мас;

3) Трэці перыяд - другая палова 50-х гадоў - 80-я гады - стаў самым плённым і выніковым у развіцці гістарыяграфіі аграрнай гісторыі Палескага ваяводства. Рэабілітацыя ў выніку ХХ з`езду КПСС Кампартыі Польшчы і яе складаючых частак КПЗБ і КПЗУ дала магутны штуршок для даследавання пытанняў гісторыі Заходняй Беларусі і, ў першую чаргу, гісторыі КПЗБ. Гісторыка-партыйная тэматыка стала дамінуючай. Тэматыка КПЗБ і звязаныя з ёю пытанні сацыяльна-эканамічнай гісторыі Заходняй Беларусі (у тым ліку і правядзенне аграрнай рэформы на тэрыторыі Палескага ваяводства), пачалі ўключацца ў планы навукова-даследчыцкай працы Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КПБ і Інстытута гісторыі АН БССР, шэрагу кафедр вузаў рэспублікі. На падставе абароненых дысертацый было выдадзена шмат манаграфій і навуковых і навукова-папулярных артыкулаў у перыядычных выданнях. Але панаваўшая ў краіне ў навуковай сферы марксісцка-ленінская метадалогія абмяжоўвала магчымасці даследчыкаў па вывучэнню пытанняў гісторыі Палескага ваяводства. З другой паловы 80-х гг. даследаванне аграрнай гісторыі Палескага ваяводства прыкметна запаволілася, што было звязана з агульным метадалагічным крызісам савецкай гістарычнай навукі.

На новы ўзровень выйшла гістарычная навука Беларусі пасля набыцця краінай сапраўднай дзяржаўнай незалежнасці, яна пазбавілася ідэалагічнага кантролю і ўціску з боку партыйных органаў. З пачатку 1990-х гадоў адбываліся істотныя зрухі ў гістарыяграфіі гісторыі Палескага ваяводства. Яны звязаны з адыходам ад пануючай класавай метадалогіі, увядзеннем у навуковы абарот новых, раней недаступных архіўных матэрыялаў. Пытанні яе гісторыі сталі разглядацца ў кантэксце больш шырокіх тэм – замест пануючага вывучэння нацыянальна-вызваленчага руху і дзейнасці КПЗБ, цяпер сталі больш падрабязна і ўсебакова даследавацца пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёну, маёмасны і прававы стан заходнебеларускага сялянства, працэсы яго маёмаснай дыферэнцыяцыі.

Сярод польскіх і беларускіх гісторыкаў ідуць вострыя дыскусіі наконт эканамічнага становішча заходнебеларускіх зямель у складзе Польскай дзяржавы. Частка гісторыкаў, імкнучыся разбурыць стэрэатыпы, створаныя савецкімі гісторыкамі аб каланіяльным становішчы Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы, даказвае, што не ўсё было так дрэнна на “Крэсах Усходніх”, звяртаюць увагу на тое, што параўнаўчая эканамічная адсталасць зямель Заходняй Беларусі (асабліва Палескага ваяводства) ў параўнанні з самой Польшчай, былі выкліканы не столькі эканамічнай палітыкай польскага ўраду, колькі папярэдніх ўладаў. Урадавыя колы Польшчы ставілі задачу уніфікаваць адсталыя ў эканамічных адносінах усходнія ваяводствы і падцягнуць іх да ўзроўню больш развітых цэнтральных і заходніх рэгіёнаў краіны, паставіць сельскую гаспадарку Палескага ваяводства на аснову новых - капіталістычных - адносін, менавіта з гэтай мэтай праводзілася аграрная рэформа.

Увесь комплекс навуковых прац і крыніц па аграрнай гісторыі Палескага ваяводства разглядаемага перыяду можна раздзяліць на наступныя асноўныя падраздзелы:


  1. навуковая літаратура і даследаванні:

а) працы савецкіх гісторыкаў;

б) працы польскіх гісторыкаў:

- міжваеннага перыяду;

- перыяду існавання Польскай Народнай Рэспублікі (1945-1991 гг.);

- сучасная польская гістарыграфія;

в) працы сучасных беларускіх гісторыкаў;

г) даследаванні англамоўных даследчыкаў;


  1. артыкулы з навуковых перыядычных выданняў;

  2. артыкулы, змешчаныя ў зборніках матэрыялаў канферэнцый, статыстычных дадзеных, энцыклапедый і даведнікаў;

  3. архіўныя дакументы.

Даследаванне аграрнай гісторыі Палескага ваяводства ў перыяд яго знаходжання ў складзе Другой Рэчы Паспалітай (1921-1939 гг.) пачалося яшчэ ў разглядаемы перыяд. У 1933 г. выйшла ў свет кніга Л. Гака “Аграрная палітыка польскіх паноў у Заходняй Беларусі” [15], у якой аўтар з падрабязна разглядае аграрныя пераўтварэнні польскага ўраду, аналізуе заканадаўчыя акты, прынятыя польскім урадам па аграрнай праблеме, падкрэслівае галоўную мэту палітыкі польскіх ўлад - з дапамогай асаднікаў стварыць сабе моцную сацыяльную апору сярод сялянства Палескага ваяводства, стварыць тут надзейную прадуктовую базу. Л. Гак робіць цікавае параўнанне асаднікаў з казакамі, якіх калісьці царскія ўлады ўзбройвалі і сялілі на памежных землях для аховы іх ад знешніх ворагаў, але на думку аўтара даклада, гэтае параўнанне не зусім правільнае, бо казакі фарміраваліся стыхійна за кошт збеглых прыгонных сялян, а асадніцтва было мэтанакіраванай палітыкай польскага ўраду, які дасылаў сюды палітычна правераных асоб. Аўтар кнігі паказвае асаднікаў з самага негатыўнага боку, адмаўляе іх гаспадарчую кампетэнтнасць, робіць іх “крывавымі прыгнятальнікамі заходнебеларускага сялянства” з не самымі высокімі маральнымі якасцямі, - на думку аўтара дысертацыі гэтая ацэнка не зусім адпавядае ісціне - асаднікам адводзіліся сельскагаспадарчыя ўгоддзі, якія ў выніку войн засталіся без гаспадара, а найм сялян на працу заключаўся па ўзаемнай згодзе, таму казаць аб такой негатыўнай ацэнцы інстытута асадніцтва неправамерна.

У многім таксама перадузята разглядалася становішча заходнебеларускіх зямель (“Крэсаў Усходніх”) і ў польскай літаратуры міжваеннага часу. Тагачасных польскіх гісторыкаў (Е. Мейера, К. Сракоўскага, Л. Градзіцкага, В. Яворскага, С. Галасевіча, Л. Васілеўскага, А. Акаловіча, Б. Азміцкага і іншых) больш хвалявала пытанне радыкалізацыі і паступовае апанаванне беларускага нацыянальнага руху камуністамі, а што датычыцца развіцця сельскай гаспадаркі Палескага ваяводства ў разглядаемы перыяд, то гэтыя даследчыкі яўна “прыхарошваюць” аграрную палітыку польскіх улад - нічога не пішуць аб масавым разарэнні дробных сялян, неапраўданай падатковай палітыцы і так далей, паказваюць у асноўным толькі станоўчыя бакі дзяржаўнай палітыкі, ідэалагічна абасноўваюць знаходжанне заходнебеларускіх зямель у складзе Польскай дзяржавы.

У 1954 г. выйшла ў свет грунтоўнае даследаванне вядомага даследчыка Л. Гросфальда “Экономический кризис 1929-1933 гг. в Польше” [24], у якім аўтар прааналізаваў уплыў сусветнага эканамічнага крызісу на розныя бакі сельскай гаспадаркі тагачаснай Польшчы, паказаў асаблівасці становішча зямель Палескага ваяводства як найбольш вялікага па плошчы і самага адсталага па эканамічным развіцці, прааналізаваў падатковую палітыку польскіх улад, якія – на думку аўтара даследавання – за кошт бяднейшага сялянства жадалі знізіць негатыўны ўплыў крызісу на эканоміку дзяржавы.

Беларускі даследчык А.А. Сарокін прысвяціў сваю працу “Аграрный вопрос в Западной Белоруссии. 1920-1939 гг.” [101] даследаванню аграрнага пытання ў Заходняй Беларусі ў азначаны перыяд, зрабіў грунтоўны аналіз заканадаўчых актаў аграрнай рэформы і праграм найбольш уплывовых у гэты час польскіх палітычных партый, а таксама палітыку польскага ўраду ў галіне сельскай гаспадаркі, падрабязна апісаў становішча тагачаснай вёскі Палескага ваяводства, яе праблемы і цяжкасці. Аўтар працы ўпершыню ў гістарыяграфіі гісторыі Заходняй Беларусі звярнуў увагу на такую акалічнасць, як напружаныя адносіны паміж многімі асаднікамі і мясцовымі заходнебеларускімі памешчыкамі, якія бачылі ў іх сваіх непасрэдных эканамічных канкурэнтаў. Сарокін А.А. з’яўляецца таксама аўтарам даследавання “Освободительное и революционное крестьянское движение в Западной Белоруссии (1920-1939 гг.)” [102], у якім падрабязна разгледзеў сялянскі рух на тэрыторыі тагачаснага Палескага ваяводства, выкліканы правядзеннем аграрнай рэформы, але разам з тым Сарокін перабольшваў масавасць і характар сялянскага руха, што было аснлўным недахопам не толькі гэтай працы, але і ўсіх даследванняў, прысвечаным гісторыі Заходняй Беларусі, зробленых савецкімі гісторыкамі.

У 1970-я гг. было выдадзена некалькі зборнікаў дакументаў па гісторыі Заходняй Беларусі, а таксама зборнікаў успамінаў былых членаў КПЗБ - актыўных удзельнікаў нацыянальна-вызваленчага руху на тэрыторыі Заходняй Беларусі (“Борьба трудящихся Западной Белоруссии за своё социальное и национальное освобождение и воссоединение с БССР”, “Они не стали на колени”, “У суровыя гады падполля” і іншыя) [7, 8, 107], у якіх сабраны багаты факталагічны матэрыял па аграрнай гісторыі Палескага ваяводства пад уладай Польшчы ў гэты перыяд, але гэтыя матэрыялы падабраны вельмі тэндэнцыйна, што прывяло да аднабаковага – адназначна негатыўнага – паказу становішча заходнебеларускіх зямель у складзе Польскай дзяржавы ў разглядаемы перыяд. Складальнікі зборнікаў паставілі сваёй мэтай сабраць дакументы пра масавую і вострую барацьбу сялян Палескага ваяводства супраць правядзення мерапрыемстваў аграрнай рэформы польскіх улад: насаджэння асадніцтва, правядзення парцэляцыі, камасацыі і хутарызацыі сельскай гаспадаркі, масавай ліквідацыі сервітутаў, таму навуковая вартасць гэтагых зборнікаў значна зніжана і сацыяльна-эканамічнае развіццё Палескага ваяводства ў азначаны перыяд пададзена фрагментарна, аднабакова і схематычна, у рамках панаваўшых тады ў навуцы догм пра “антаганістычную класавую барацьбу сялян Заходняй Беларусі супраць нянавісных, крывавых прыгнятальнікаў - паноў і памешчыкаў”.

Развіццё сельскай гаспадарцы Палескага ваяводства ў азначаны перыяд разглядаецца таксама ў даследаванні Кухарава Я.Б. “Сельское хозяйство Западной Белоруссии (1919-1939 гг.)” [60], у якім аўтар шмат увагі адвёў правядзенню аграрнай рэформы на тэрыторыі тагачаснага Палескага ваяводства, паказаў з якімі мэтамі яна праводзілася польскім урадам, праналізаваў яе асноўныя складаючыя часткі і мерапрыемствы, а таксама вынікі і значэнне рэформы для заходнебеларускага сялянства. Аўтар працы падрабязна апісаў тагачаснае становішча сельскай гаспадаркі Палескага ваяводства, прынамсі асноўныя пераўтварэнні, праведзеныя польскім ўрадам у аграрнай сферы, склаў на аснове шматлікіх архіўных і дакументальных крыніц падрабязныя статыстычныя табліцы па асноўным пытанням сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёну: маёмасны стан заходнебеларускага сялянства, тэмпы насаджэння асадніцтва і ўзаемаадносіны асаднікаў з мясцовымі сялянамі, ход правядзення парцэляцыі і гэтак далей.

У сваіх кнігах “Революционно-демократическое движение в Западной Белоруссии (1927-1939 гг.)” [94] і “Революционное и национально-освободительное движение в Западной Белоруссии в 1920-1939 гг.” (сумесна з І.В. Палуянам) [95] У.А. Палуян бачыць асноўныя прычыны сялянскага руху на тэрыторыі тагачаснага Палескага ваяводства ў тым, што такія мерапрыемствы польскага ўрада ў аграрнай сферы, як перш за ўсё масавае насаджэнне асадніцтва, правядзенне парцэляцыі, камасацыя і хутарызацыя сялянскіх гаспадарак, крывавыя пацыфікацыі і ліцытацыі сялянскіх гаспадарак, ліквідацыя сервітутаў на карысць памешчыкаў і асаднікаў, высокія падаткі, захаванне такіх паўфеадальных перажыткаў, як шарваркі, натуральная аплата сялянскай працы, - усё гэта прыводзіла да рэзкага пагаршэння эканамічнага становішча мясцовага насельніцтва, што ў спалучэнні з сацыяльным, палітычным і нацыянальным бяспраўем беларускага сялянства выклікала рэзкае незадавальненне і было падставай для разгортвання тут масавага сялянскага і партызанскага руху. Разам з тым аўтар кнігі перабольшвае масавасць і размах барацьбы мясцовага сялянства, у выніку чаго ствараецца ўражанне, што сялянства Палескага ваяводства поўнасцю адмоўна выступала супраць правядзення польскімі ўладамі любых мерапрыемстваў у рамках аграрнай рэформы, што, безумоўна, не адпавядае ісціне.

Уплыву сусветнага эканамічнага крызісу 1929-1933 гг. на сацыяльна-эканамічнае развіццё зямель Заходняй Беларусі прысвяціў сваё грунтоўнае даследаванне “Западная Белоруссия в период экономического кризиса. 1929-1933 гг.” [96] беларускі гісторык У.А. Палуян, які прывёў дакладныя лічбы спаду памераў сельскагаспадарчай вытворчасці Палескага ваяводства, паказаў уплыў эканамічнага крызісу на яе структуру і змяненне рынкаў збыту сельскагаспадарчай прадукцыі, праслядзіў працэс маёмаснай дыферэнцыяцыі сялян Палескага ваяводства.

Цікавае даследаванне зрабіў вядомы беларускі навуковец, доктар гістарычных навук Я.С. Паўлаў “Драматычны лёс польскіх асаднікаў” (у зборніку “Болевые точки “Истории Беларуси”) [74, 92], у якім на падставе багатага архіўнага матэрыялу падрабязна прааналізаваў маёмаснае палажэнне і сацыяльнае паходжанне польскіх асаднікаў, па-новаму падыйшоў да апісання іх гаспадарчай дзейнасці, паказаў хібы і недакладнасці, панаваўшыя ў папярэдніх працах даследчыкаў.

17-18 верасня 1999 г. у Беларускім дзяржаўным універсітэце адбылася навукова-тэарэтычная канферэнцыя “Праблемы ўз`яднання Заходняй Беларусі з БССР: гісторыя і сучаснасць”. Па яе выніках выдадзены зборнік навуковых артыкулаў [52, 59], у якім асветлены многія дагэтуль малавядомыя старонкі Заходняй Беларусі пад уладай Польшчы, у тым ліку і правядзенне аграрнай рэформы ў Палескім ваяводстве.

Паралельна з беларускімі гісторыкамі ў гэты час дадзеную праблему плённа даследавалі і польскія аўтары. Значнае месца палеская праблематыка займае ў працах Е. Тамашэўскага (“Z dziejow Polesia 1921-1939”, Warszawa, 1963; “Rzeczpospolita wielu narodow”, Warszawa, 1963), дзе знайшлі сваё адлюстраванне многія бакі аграрнай палітыкі польскіх уладаў на тэрыторыі палескага рэгіёну. Вядомы даследчык С. Інглот у сваёй “Гісторыі хлопаў польскіх” (“Historia chlopow Polskich”) [126] адвёў нямала старонак паказу палажэння сялянства Палескага ваяводства, параўноўваў яго становішча з сялянствам цэнтральнай Польшчы, паказваў асаблівасці развіцця заходнебеларускіх зямель у разглядаемы перыяд, працэс насаджэння на гэтых землях польскіх асаднікаў, мерапрыемствы па камасацыі і хутарызацыі сялянскай гаспадаркі.

Вядомы польскі даследчык Я. Стабняк-Смаргажэўска прысвяціла сваё даследаванне “Kresowe osadnictwo wojskowe 1920-1945” [141] становішчу польскіх асаднікаў на тэрыторыі не толькі тагачаснай Заходняй Беларусі, але і Заходняй Украіны. Інтарэс Стабняк-Смагажэўскай да гэтай тэмы выкліканы тым, што яе бацькі самі з’яўляліся асаднікамі, таму аўтарка падрабязна прааналізавала на падставе шматлікіх архіўных крыніц колькасны і якасны склад ваенных асаднікаў, іх гаспадарчую, палітычную і культурную дзейнасць на тэрыторыі Палескага ваяводства, прывяла шмат новых, раней невядомых фактаў з гісторыі асадніцтва на гэтых землях.

Сярод англамоўных даследчыкаў трэба адзначыць гісторыка І.С. Любашку - эмігранта з Беларусі, які ў сваім даследаванні “Беларусь пад савецкай уладай. 1917-1957” (“Belorussia under Soviet rule. 1917-1957”) [132] разгледзеў таксама эканамічнае развіццё Палескага ваяводства ў складзе Польскай дзяржавы ў 1921-1939 гг., паказаў неабходнасць правядзення тут карэннай аграрнай рэформы, асноўныя мэты польскага ўраду ў аграрнай сферы, а таксама правядзенне і вынікі аграрнай рэформы на гэтай тэрыторыі ў гэты час.

Сярод сучасных беларускіх даследчыкаў аграрнымі пераўтварэннямі на тэрыторыі Палескага ваяводства ў 1919-1939 гг. займаецца С.М. Грэсь, але яго навуковыя працы можна расцаніць як прадаўжэнне савецкай гістарыяграфіі: неправамернае выкарыстанне такіх тэрмінаў як “кулак”, “сялянская рэвалюцыя” ў дачыненні да гісторыі Заходняй Беларусі не дазваляюць усебакова асвятліць складаную гісторыю сялянства Палескага ваяводства пад уладай Польшчы, бо ўся аграрная гісторыя Палескага ваяводства ў разглядаемы перыяд зводзіцца толькі да класавай барацьбы сялян супраць сваіх памешчыкаў, якія бясконца іх прыгняталі [26-31].

З архіўных матэрыялаў аўтарам дысертацыі выкарыстаны ў асноўным дакументы з фонду № 60 з Дзяржаўнага архіва Брэскай вобласці (ДАБВ) ў г. Брэст - “Матэрыялы Палескай акруговай управы Міністэрства зямельных рэформ”. У гэтым фондзе ўтрымліваюцца данясенні мясцовых павятовых стараст аб ходзе правядзення ў іх паветах аграрнай рэформы, справаздачы палескага ваяводы і ваяводскай рады, матэрыялы аб дзейнасці Сеймавых паслоў ад Палескага ваяводства і дзейнасці тут польскіх палітычных партый, асабістыя справы і службовыя дзённікі землемераў, інжынераў і іншых асоб, занятых тагачаснымі польскімі ўладамі пры правядзенні аграрнай рэформы, скаргі і прашэнні мясцовых сялян, заявы і вопісы гаспадаркі асаднікаў Палескага ваяводства, звесткі аб выдадзеных пазыках, статыстычныя зборнікі і матэрыялы мясцовага перыядычнага друку [32-47], а таксама шмат матэрыялаў аб падрыўной дзейнасці мясцовых арганізацый КПЗБ, якая выступалі супраць правядзення тут польскімі ўладамі аграрнай рэформы, спецыяльна кампраметавала ў вачах сялян Палескага ваяводства мэты і характар яе правядзення, арганізоўвала іх на барацьбу супраць правядзення польскімі ўладамі гэтай рэформы ўвогуле.

Гэтыя дакументы даюць багаты статыстычны і факталагічны матэрыял, неабходны для напісання дысертацыі, дазваляюць з розных бакоў і больш грунтоўна разгледзець характар, мэты і вынікі правядзення польскімі ўладамі аграрнай рэформы на тэрыторыі Палескага ваяводства ў разглядаемы перыяд, паказаць маёмасны стан і далейшую эканамічную дыферэнцыяцыю мясцовага сялянства, выкліканую правядзеннем тут уладамі аграрнай рэформы. Частка гэтых матэрыялаў уводзіцца аўтарам у навуковы абарот упершыню.


Падводзячы вынікі трэба адзначыць, што аграрнай гісторыі Палескага ваяводства ў міжваенны час ў гістарыяграфіі адведзена не так ужо і шмат месца, бо савецкія даследчыкі звярталі ўвагу ў асноўным на класавую барацьбу, - таму далёка не ўсе яшчэ старонкі складанай гісторыі ваяводства атрымалі сваё адпаведнае асвятленне ў працах гісторыкаў, у тым ліку і правядзенне польскімі ўладамі аграрнай рэформы ў 1921-1939 гг.

Як пісаў вядомы польскі даследчык гісторыі “Крэсаў Усходніх” Я.Е. Мілеўскі: “Многія ацэнкі савецкай гістарыяграфіі патрабуюць пераасэнсавання, бо яны даваліся пад моцным націскам палітыкі. Польшча не была маці для беларусаў, хутчэй яна была мачахай, але і Сталін не быў для БССР бацькам. Перад беларускімі гісторыкамі стаіць вельмі важная задача – даць беларускую нацыянальную ацэнку гісторыі Заходняй Беларусі пад уладай Польшчы” [66, с. 190].



  1   2   3   4   5


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка