Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь Нацыянальны інстытут адукацыі




Дата канвертавання13.05.2016
Памер214.34 Kb.

powerpluswatermarkobject3


Міністэрства адукацыі рэспублікі беларусь

Нацыянальны інстытут адукацыі

Беларускі фальклор

(сямейна-абрадавая паэзія)

Праграма факультатыўных заняткаў

для VІІ класа агульнаадукацыйных устаноў

з беларускай і рускай мовамі навучання

з 12-гадовым тэрмінам навучання

Мінск 2007

Тлумачальная запіска

Факультатыў “Беларускі фальклор” для VІІ класа з’яўляецца працягам аднайменных факультатыўных курсаў для V і VІ класаў. Праграма гэтага курса распрацавана ў адпаведнасці з Канцэпцыяй профільнага навучання ва ўстановах, якія забяспечваюць атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі, з задачамі мадэрнізацыі літаратурнага навучання і суадносіцца са школьнай праграмай па беларускай літаратуры.

Курс роднай літаратуры ў VІІ класе займае адметнае месца ў сістэме школьнай літаратурнай адукацыі: праз параўнальны разгляд двух асноўных відаў (тыпаў) мастацкай творчасці – прозы і паэзіі працягваецца ўвядзенне вучняў у свет мастацтва. Факультатыў скіраваны на пашырэнне і паглыбленне асноўнага курса літаратуры, на абуджэнне ў вучняў цікавасці да прадмета ў цэлым і да вуснай народнай творчасці ў прыватнасці. Прапанаваны курс “Беларускі фальклор” будзе садзейнічаць больш глыбокаму і ўсвядомленаму спасціжэнню сямікласнікамі літаратуры як мастацкай з’явы, дапаможа вучням атрымаць сістэмнае ўяўленне пра суадносіны тыпаў мастацкай творчасці, асобных літаратурных і фальклорных жанраў, тэм і праблем.

Змест факультатыўнага курса ў VІІ класе будуецца ў цеснай пераемнасці з папярэднімі класамі і прадугледжвае далейшае спасціжэнне навучэнцамі мастацкай прыроды і жанравага багацця фальклорных твораў.

Прапанаваная праграма разлічана на 17 гадзін (на тэарэтычны матэрыял, фальклорныя тэксты і творчыя работы вучняў) і разам з праграмамі факультатыўных курсаў для пятага і шостага класаў утрымлівае інфармацыю пра ўсе асноўныя фальклорныя жанры і дае цэласнае ўяўленне пра беларускі фальклор, яго віды і жанры.

Праграма грунтуецца на прынцыпах дэмакратызацыі і гуманізацыі навучання і арыентуе на засваенне агульначалавечых духоўных і маральных каштоўнасцей, на эстэтычны і творчы характар успрымання сямікласнікамі прапанаванага матэрыялу, на індывідуальна-асобасны падыход да навучання. Праграма распрацавана на аснове грунтоўнага вывучэння праблемы і з улікам узроставых асаблівасцей і інтэлектуальных магчымасцей вучняў VІІ класа.



Мэты факультатыву:

  • далучыць сямікласнікаў да багацейшай нацыянальнай спадчыны, да народнай духоўнай культуры ў цэлым, дапамагчы спасцігнуць патрыятычны настрой, аптымістычную скіраванасць, гуманістычнную сутнасць беларускага фальклору;

  • даць цэласнае ўяўленне пра жанравае багацце і тэматычную разнастайнасць беларускага фальклору;

  • пашырыць досвед вучняў пра духоўнае і працоўнае жыццё народа, яго светапогляд, мараль, этыку, эстэтычныя ідэалы;

  • садзейнічаць успрыманню вучнямі фальклору як мастацтва слова, усведамленню яго ролі ў фарміраванні і развіцці беларускай літаратуры і нацыянальнай культуры;

  • выхоўваць асобу з гуманістычным светапоглядам, самастойным мысленнем, з развітым, высокакультурным пачуццём нацыянальнай годнасці, асобу, якая ведае свае вытокі, карані, шануе нацыянальную спадчыну, любіць сваю краіну і паважае свой народ.

Сярод традыцыйных культур еўрапейскіх народаў беларускі фальклор вызначаецца высокай развітасцю і добрай захаванасцю ўсіх жанраў і відаў. Фальклор з’яўляецца скарбніцай духоўных каштоўнасцей народа, яго мастацкім летапісам, захавальнікам багацейшых нацыянальных традыцый, быту і гаспадарчага вопыту беларусаў, абуджальнікам іх творчых здольнасцей. У вуснай народнай творчасці знайшлі грунтоўнае адлюстраванне грамадскае і сямейнае жыццё народа, яго вераванні і памкненні, сацыяльныя і эстэтычныя ідэалы, нормы звычаёвага права, погляды на чалавека і сусвет. Фальклор аднаўляе сувязь часоў, мацуе выпрацаваныя стагоддзямі традыцыі, на лепшых узорах створанага народам мастацтва фарміруе эстэтычныя пачуцці беларусаў.

Фальклор – мастацтва слова, дзе ўсё багацце ідэй выяўляецца праз мастацкія вобразы, створаныя пры дапамозе паэтычнага слова, і ў гэтым фальклор набліжаецца да літаратуры. Разам з тым паміж гэтымі відамі мастацтва існуюць прынцыповыя адрозненні. Галоўныя спецыфічныя рысы народнай творчасці – калектыўнасць, вуснасць, варыятыўнасць, асаблівасці тыпізацыі, традыцыйная паэтыка. Народная сімволіка, разнастайныя формы паралелізму, сталыя эпітэты, метафары, параўнанні і іншыя віды тропаў, асаблівасці кампазіцыі надаюць вуснай паэзіі спецыфічны каларыт.

Вусна-паэтычная творчасць як сапраўднае высокае мастацтва мае не толькі эстэтычную каштоўнасць, але і вялікае пазнавальнае і выхаваўчае значэнне. Свае важныя ўласцівасці – задавальняць эстэтычныя патрэбы народа, пашыраць кругагляд і выхоўваць лепшыя чалавечыя якасці – фальклор не страціў да нашага часу. Беларускі фальклор уяўляе з сябе вялікую каштоўнасць і як узор высокпрафесійнага народнага мастацтва, і як адна з крыніц вывучэння гісторыі роднага краю, і як дзейсны сродак выхавання маладога пакалення і абуджэння яго нацыянальнай свядомасці, і як глеба для развіцця айчыннай літаратуры і мастацтва. Вусная паэтычная творчасць надзвычай добра захавалася не толькі ў памяці беларусаў, але і ў іх актыўным карыстанні. Глыбіня зместу, дасканаласць мастацкай формы фальклорных твораў і сёння жывіць фантазію і натхняе многіх пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў, якія ў сваёй творчасці захоўваюць нацыянальныя традыцыі, выкарыстоўваюць тэмы і вобразы народнай паэзіі.

Беларускі фальклор прайшоў доўгі і складаны шлях развіцця і знітаваў у сабе ідэі і вобразы розных падзей і эпох. Увесь гэты час вусная народная творчасць была ў руху: змяняліся яе светапоглядная аснова, вобразная і паэтычная сістэмы, жанравы склад, побач з міфічнымі персанажамі з’яўляліся новыя героі. Гэта акалічнасць вымагае захавання прынцыпу гістарызму ў вывучэнні фальклору, суаднясення асобнага твора з канкрэтнымі гістарычнымі ўмовамі, якія выклікалі яго да жыцця і падтрымлівалі далейшае бытаванне. Вусна-паэтычная творчасць беларусаў акрэслівала многія маральна-этычныя нормы стасункаў людзей у грамадстве і была скіравана на ўмацаванне сям’і і сямейных адносін, на выхаванне новых пакаленняў у адпаведнасці з высокімі патрабаваннямі народнай маралі. Такая мараль вымагала ад чалавека праяўлення паважлівых адносін да людзей, сумленнасці, праўдзівасці, працавітасці, свабодалюбства і многіх іншых якасцей, якія суадносяцца з агульначалавечымі каштоўнасцямі. Дзякуючы гэтым маральным пастулатам чалавек жыў у суладдзі з прыродай, ахоўваў яе і абараняў тым самым і сябе.

У наш час грамадства праяўляе вялікую цікавасць да нацыянальнай гісторыі і культуры, да фальклору і традыцыйных абрадаў. Ідзе працэс абуджэння нацыянальнай свядомасці і гістарычнай памяці, адраджэння народных традыцый і свят. Сучасная школа актыўна ўключаецца ў гэты працэс. Прапанаваны факультатыўны курс будзе садзейнічаць больш трываламу і грунтоўнаму далучэнню маладога пакалення беларусаў да народнай спадчыны.

Школьны факультатыўны курс “Беларускі фальклор” ставіць задачы:



  • узнавіць, актывізаваць, паглыбіць і сістэматызываць тэарэтычныя і практычныя веды пра фальклор і яго жанры, набытыя школьнікамі на ўроках літаратуры і на факультатыўных занятках у V—VІ класах;

  • развіваць вобразнае ўспрыманне і творчае ўяўленне сямікласнікаў, іх эстэтычны густ;

  • удасканальваць уменні школьнікаў выразна чытаць і аналізаваць фальклорныя творы, супастаўляць іх па жанрах, тэмах, сюжэтах, вобразах, выяўленчых сродках мастацкай выразнасці, рабіць самастойныя вывады, абгрунтоўваць свае адносіны да герояў і падзей;

  • актывізаваць пазнавальную дзейнасць сямікласнікаў, развіваць іх творчыя здольнасці;

  • пашыраць чытацкі вопыт падлеткаў, павышаць іх чытацкую культуру і агульнакультурны досвед;

  • фарміраваць устойлівы інтарэс да літаратуры як школьнага прадмета і да працэсу навучання у цэлым;

  • пазнаёміць з імёнамі і асобнымі працамі найбольш вядомых фалькларыстаў, з выканаўцамі народных песень, вырабамі народных майстроў;

  • прапагандаваць народныя абрады і традыцыі, далучаць школьнікаў да арганізацыі і правядзення народных свят.

Факультатыў прапануе шырокі тэарэтыка-практычны матэрыял і прадугледжвае атрыманне вучнямі глыбокіх і трывалых ведаў, развіццё іх пазнавальнай актыўнасці, фарміраванне разнастайных уменняў і творчых здольнасцей. Навучэнцы змогуць, параўноўваючы беларускія творы з асобнымі жанрамі славянскага і сусветнага фальклору, прасачыць арганічную сувязь паміж творчасцю розных народаў, зразумець, чаму беларускі фальклор атрымаў надзвычай высокую ацэнку ў свеце.

Праграмай прапануецца прыкладнае планаванне вучэбнай нагрузкі па пэўных тэмах, аднак настаўнік можа арганізаваць факультатыў па-іншаму: на свой погляд пераразмеркаваць гадзіны, скарэктаваць аб’ём тэарэтычнага і практычнага матэрыялу, выбраць для разгляду іншыя тэксты, зыходзячы з канкрэтных абставінаў і магчымасцей, вызначыць віды і колькасць творчых заданняў для вучняў. Пажадана максімальна ўлічваць мясцовы каларыт.



Методыка правядзення факультатыўных заняткаў надзвычай багатая і разнастайная: практыкуюцца выразнае чытанне твораў, расказванне і пераказ, вусны аповед, адказ на праблемныя пытанні, творчыя заданні, самастойныя і калектыўныя міні-даследаванні, завочныя падарожжы, ілюстраванне, інсцэніраванне, стварэнне літаратурна-музычных кампазіцый і сцэнарыяў традыцыйных народных свят, а таксама розныя гульні, вандроўкі, экскурсіі, наведванне тэатраў, выставаў, музеяў народнага побыту, канцэртаў фальклорна-этнаграфічных калектываў, праслухоўванне магнітафонных запісаў, абмеркаванне адпаведных радыё- і тэлеперадач, прагляд навукова-папулярных кінафільмаў, запрашэнне на заняткі тутэйшых спевакоў і казачнікаў, запіс мясцовага фальклору, падрыхтоўка і правядзенне вечарын гумару, народнай песні, спектакляў лялькавага тэатра – батлейкі, літаратурна-краязнаўчая праца. Варта адрадзіць у сваёй школе правядзенне народных святаў. Добра было б, каб у такіх вечарынах удзельнічалі не толькі школьнікі, але і іх бацькі і сваякі, а таксама лепшыя мясцовыя музыкі. Інсцэніроўкі, песні, карагоды, гульні і танцы дапамогуць ажывіць заняткі, зробяць іх больш займальнымі і цікавымі і пакінуць у памяці выхаванцаў добры след.

Да праграмы факультатыўнага курса прапануецца неабходная літаратура.



Змест і структура факультатыўных заняткаў

Аднайменныя факультатыўныя курсы ў папярэдніх класах былі прысвечаны вывучэнню эпічных фальклорных жанраў (V клас) і народных святочных каляндарна-абрадавых комплексаў (VІ клас). Змест курса VІІ класа складаюць народныя святочныя сямейна-абрадавыя комплексы, пазаабрадавая паэзія і народная драматургія (народны тэатр і батлейка).

Фальклор – арганічная частка традыцыйнай народнай культуры. Нельга не адзначыць яго выразную функцыянальнасць: фальклор шырока ўваходзіць у абрадавыя фальклорна-этнаграфічныя комплексы. Песенны фальклор – іх неад’емны і найбольш важкі складнік. У залежнасці ад жыццёвага прызначэння традыцыйная песенная творчасць складае тры цыклы. Два першыя цыклы – каляндарна-абрадавы (каляндарна-земляробчыя песні) і сямейна-абрадавы (сямейна-родавыя песні) – аб’ядноўваюць творы, дакладна прымеркаваныя да пэўнага часу і канкрэтных абставін. У трэці цыкл уваходзяць пазаабрадавыя песні, якія непасрэдна не былі звязаны з тымі ці іншымі каляндарнымі і сямейнымі святамі і выконваліся ў розных жыццёвых абставінах. Іх спявалі на працы і ў час адпачынку, дома і ў полі, прылюдна і сам-насам. Песні гэтыя не суадносіліся ні з дзеяннямі, ні з датамі, ні са святамі, ні з гульнямі. І сёння народныя песні, гэтыя аўтэнтычныя формы традыцыйнай народнай песеннай культуры, захоўваючы свае глыбінныя асновы і ўтрымліваючы архаічныя элементы і формы, працягваюць існаваць як цэласная культурная з’ява, са сваімі разнастайнымі рэгіянальнымі і лакальнымі адметнасцямі.

Сямейна-абрадавая паэзія – адзін з самых папулярных і распаўсюджаных на ўсёй тэрыторыі Беларусі відаў народнай песеннай творчасці. Яна цесна звязана з асноўнымі этапамі зямнога шляху чалавека – нараджэннем, шлюбам і смерцю, з яго жыццём і штодзённымі клопатамі, працоўнай дзейнасцю, бытам. Абрады і паэтычныя творы як іх арганічная частка мелі мэтай праз адпаведныя дзеянні і словы паўплываць на ўяўныя звышнатуральныя сілы, прыроду і грамадства, каб палепшыць лёс чалавека, яго дабрабыт, абараніць ад усіх нягод, садзейнічаць шчасліваму жыццю. Сямейна-абрадавыя песні ў сваёй большасці адлюстроўвалі ідэал сямейных адносін у грамадстве.

Радзінныя (хрэсьбінныя) песні беларусаў з’яўляюцца культурным здабыткам у маштабе ўсёй славянскай фальклорнай традыцыі. Яны выконвалі ахоўную функцыю і былі прызначаны абараніць наванароджанае дзіця ад усяго злога і шкоднага. Пераважная большасць песень выконвалася ў час святкавання нараджэння і хрышчэння дзіцяці. У радзінных песнях услаўляліся маці і бацька немаўляці, раскрываліся іх светлыя і пяшчотныя пачуцці, а таксама беражлівыя адносіны гаспадара да сваёй жонкі і народжанага дзіцяці, ушаноўваліся бабка-павітуха і кум з кумой.

Вясельныя абрадавыя традыцыі складваліся ў глыбокай старажытнасці. Кожная эпоха ўдасканальвала шлюбныя рытуалы, у якіх выразна адбіваліся маральна-этычныя, юрыдычна-прававыя і рэлігійна-бытавыя погляды народа. Вясельныя песні выконваліся на працягу усёй шлюбнай урачыстасці і былі галоўным складнікам вясельнай цырымоніі.



Пахавальныя галашэнні – гэта часцей імправізаваныя творы, у якіх шырока выкарыстоўваліся традыцыйныя мастацкія прыёмы для аплаквання памерлага. У аснове галашэнняў ляжаць культ продкаў, вера чалавека ў бессмяротнасць душы, перакананне, што пасля смерці нябожчык можа дапамагаць або шкодзіць жывым, незаўважна з’яўляючыся з таго свету. Пахавальны абрад павінен быў абараніць сям’ю ад нападак нябожчыка, паўторнага хуткага прыходу смерці ў хату.

Пазаабрадавая паэзія беларусаў адрозніваецца тэматычнай разнастайнасцю і жыццёвай актыўнасцю, у ёй шырока адлюстраваны розныя бакі народнага жыцця. Моц ўздзеяння пазаабрадавых песень ў тым, што яны перадаюць пачуцці і перажыванні, зразумелыя і блізкія многім людзям. У гэтых песнях выявіліся лепшыя рысы нацыянальнага характару беларусаў, іх светапогляд і народная мараль. Беларуская народная песня жывіць прафесійную нацыянальную музыку, паэзію і мастацтва ў цэлым.

Дзіцячы фальклор — феномен традыцыйнай культуры беларусаў, які належыць да народнай паэтычнай творчасці і адначасова з’яўляецца галіной народнай педагогікі, неад’емнай часткай выхаваўчай сістэмы. Дзіцячы фальклор – крыніца ведаў дзіцяці, сродак засваення ім нормаў паводзін, далучэння да роднай мовы, да народнай культуры ў цэлым. Калыханкі, забаўлянкі, лічылкі, дражнілкі праз паэтычныя вобразы знаёмілі дзяцей з навакольным светам, дапамагалі спасцігаць асноўныя правілы жыцця сярод людзей і разам з тым развівалі мастацкае вобразнае мысленне, закладвалі асновы эмацыянальна-эстэтычных адносін да сусвету.

Народны тэатр – папярэднік прафесійнага тэатральнага мастацтва. Вытокі народнага тэатра – у глыбокай старажытнасці, яны звязаны з першымі спробамі чалавека да пераўвасаблення. Вылучаюцца абрадавыя ігрышчы, народныя драматычныя гульні і ўласна народная драма. На глебе народнай драматычнай творчасці ўзнікла інтэрмедыя. Інтэрмедыі адыгрывалі асаблівую ролю – з’яўляліся ўстаўкамі пацешнага зместу, напісанымі каларытнай народнай мовай. Галоўны персанаж інтэрмедыі – просты чалавек, выхадзец з народа, вясёлы, дасціпны, кемлівы.

Асобае месца ў гісторыі тэатральнага мастацтва займае лялечны тэатр батлейка – любімае народнае відовішча, першапачатковыя спектаклі якога насілі чыста рэлігійны характар, аднак з цягам часу рэлігійна-біблейскі змест паступова саступаў сваё галоўнае месца свецкім сюжэтам, сцэнам з гарадскога і сельскага жыцця.



Праграма факультатыўных заняткаў

17 гадзін

Тэма 1. Традыцыйныя сямейныя абрады беларусаў. Сямейна-абрадавыя песні (1 гадзіна).

Роля сямейна-абрадавай паэзіі ў этнічнай кансалідацыі беларускага народа, фарміраванні яго нацыянальнага менталітэту і этнічнай свядомасці, выпрацоўцы сацыяльных і маральна-этычных ідэалаў, звычаёвага права. Шматграннасць адлюстравання жыцця. Дасканаласць паэтычнай формы.



Тэма 2. Радзіны (2 гадзіны).

Радзінна-хрэсьбінныя абрады. Нацыянальная адметнасць радзінных абрадаў: арыгінальнасць беларускіх звычаяў, заснаваных на жыццёвым вопыце і на старадаўніх забабонах і вераваннях, іх магічная сіла; паэтычная змястоўнасць. Радзінная паэзія, яе сувязь з абрадамі. Тэматычнае багацце, жанравая разнастайнасць, эмацыянальнасць, вобразнасць. Асноўныя дзейныя асобы – маці, бацька, бабка-павітуха, хросныя бацькі – кум і кума. Найлепшая захаванасць беларускіх радзінных абрадаў сярод абрадаў славянскіх народаў.

Хрэсьбінныя песні. Класіфікацыя песень: велічальныя, застольныя (бяседныя) і жартоўныя песні, іх тэматыка, функцыянальнасць, эстэтыка, паэтыка. Дасціпны гумар, жартаўлівы тон, незласлівая насмешка ў творах.

Велічальных песні. Услаўленне прыгожай і разумнай, сумленнай і працавітай парадзіхі, бабкі-павітухі, бацькі дзіцяці, кума і кумы, пажаданні шчасця і долі нованароджанаму. Супасталенне жыццёвых з’яў з пейзажнымі замалёўкамі. Гіпербалізацыя, паралелізмы, сталыя эпітэты, параўнанні, разгорнутыя метафары ў радзінных песнях.

Застольныя (бяседныя) песні. Удзячнасць за спагаду і дапамогу бабцы-павітусе, уважліваму, стараннаму і клапатліваму бацьку дзіцяці, вясёлым і шчодрым куму і куме за ўдзел у хрышчэнні нованароджанага. Шчырасць зычэнняў усіх даброт. Лёгкі гумар у абмалёўцы герояў. Дамінаванне ў песнях эстэтычна-мастацкай функцыі.

Жартоўныя песні. Тэматычнае і колькаснае багацце песень пра куму, кума і бабку. Кантамінацыя сюжэтаў, камізм сітуацый, каларытнасць вобразаў. Прыпеўкі і прыгаворкі, блізкасць іх да ўкраінскіх песень.

Цераз рэчку, цераз быструю...”, “Сцелецца ды ўецца...”, “Ой, дымна, дымна ў садзе...”, “Раса пала на травіцу...”, “Як малодка дзіцятку радзіла...”, “Каб я знала, ведала...”, “Не кукуй, зязюлечка, рана...”, Бабуля к унучцы сабіралася...” (на выбар).



Тэма 3. Вяселле (3 гадзіны).

Вяселле – свята ўтварэння новай сям’і. Паходжанне і асноўныя этапы вясельнага абраду (сватанне, заручыны, агледзіны, дзявочы вечар – зборная субота, выпечка каравая, вясельнае застолле ў нявесты і ў жаніха, раздача каравая, перазовы). Рэшткі міфалагічнай свядомасці ў рытуалах традыцыйнага вяселля. Гумар і сатыра ў вясельным абрадзе.

Вяселле як драматызаванае прадстаўленне, народная опера. Вясельныя песні, іх сюжэты, тэмы, вобразы. Функцыянальна-эстэтычнае прызначэнне песень: паэтызацыя асноўных рытуальных звычаяў; ідэалізацыя і ўслаўленне маладых, іх бацькоў, сватоў; віншаванні і пажаданні маладой сям’і, магічнае спрыянне яе шчасцю, росту і дабрабыту, працвітанню іх гаспадаркі (ураджаю на палях, прыплоду ў хлявах і г. д.); стварэнне неабходнай атмасферы на розных этапах вясельнага абраду – урачыстасці, весялосці, гарэзлівасці, жартаўлівасці, смутку і інш. Велічанне і заклінанне як неад’емныя элементы абрадавай паэзіі.

Класіфікацыя вясельных песень: велічальныя, лірычныя, камічныя і жартоўна-сатырычныя, песні-павучанні маці жаніха свайму сыну, галашэнні нявесты, сіроцкія песні, прыпеўкі, прыгаворы, прамовы, тосты. Багацейшая паэтычная сімволіка вясельных песень.

Ляцелі гускі рад па раду...”, “Чаму, верабейка, да не жэнішся...”, “Прыехалі сваты на двор...”, “Дзяўчыначка мая заручоная...”, “Мамачка мая, родная мая...”, “Ой, звонка, звонка сасонка...”, “Зборная суботанька настае...”, “Кукавала зязюля ў садочку...”, “Стаяць коні пры дарозе...” (на выбар).

Тэма 4. Пахаванне, шанаванне памерлых (2 гадзіны).

Паходжанне галашэнняў, пахавальных і памінальных абрадаў, іх сувязь са старажытнымі вераваннямі, з культам продкаў. Галашэнні. Памінкі. Дзяды.



Галашэнні. Імправізацыя ў галашэннях. Асноўны змест: зварот да нябожчыка як да жывога чалавека; успамін пра яго жыццё, працу, побыт, узаемаадносіны ў сям’і, пра няшчасце, хваробу ці трагічны выпадак, якія сталі прычынай яго смерці; расповед пра сваё бязмернае гора, глыбокі смутак, душэўны боль, роспач ад страты, разгубленасць перад будучыняй; папрок свайму лёсу; зварот да прыродных з’яў і стыхій па дапамогу і інш.

Багацце сродкаў народнай паэтыкі: метафары, параўнанні, эпітэты, іншасказанні, вобразы-сімвалы, псіхалагічны паралелізм, словы з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі і інш.

Мой міленькі дружок...”, “А мая ж ты матулечка...”, “Яблычка маё недаспелае...”, Дзецятка маё роднае...”, “ Бабка мая, зязюлька мая...” (на выбар).

Тэма 5. Пазаабрадавая паэзія (4 гадзіны).

Шырокая прастора бытавання пазаабрадавых песень. Панарамная карціна народнага жыцця, яго сямейна-бытавых і сацыяльна-грамадскіх адносін, выяўленне душы народа, спрадвечных клопатаў, мар і спадзяванняў (пазаабрадавыя песні – энцыклапедыя жыцця народа). Высокая мастацкасць, паэтычная вобразнасць, багацце сродкаў мастацкага выяўлення. Напеўнасць і меладычнасць, музычнае афармленне народных песень (замацаванасць мелодыі непасрэдна за адным тэкстам).

Роля народнай песні ў развіцці прафесійнага нацыянальнага мастацтва. Выканаўцы народных песень: Міхал Забэйда-Суміцкі, Данчык (Багдан Андрусішын), Валянціна Пархоменка, Лявон Барткевіч, Іван Кірчук і інш.

Шырокая вядомасць і папулярнасць любімых сучасных песень, якія па-сутнасці сталі народнымі: „Люблю наш край...” (на словы К. Буйло), „Пагоня” (на словы М. Багдановіча), „Ой, мяцеліца!” (на словы А. Дзеружынскага), „Беларусачка” (на словы А. Ставера), „Бывайце здаровы” (на словы А. Русака) і інш.



Лірычныя песні ( любоўныя, сямейныя, сацыяльна-бытавыя). Праяўленне у песнях лепшых рыс нацыянальнага характару беларусаў. Дамінаванне лірычнага пачатку, раскрыццё глыбіні, багацця і разнастайнасці чалавечых эмоцый і перажыванняў у лірычных песнях. Песні пра каханне – адна з самых светлых і пяшчотных старонак беларускай песеннай творчасці. Адлюстраванне найбагацейшай гамы пачуццяў закаханых, іх надзеі на шчасце, мары пра годнае жыццё і спагадлівы лёс.

О, не кукуй, зязюленька, рана...”, “Зялёная вішня”, “А ў полі вярба...”, “Ці свет, ці світае...”, “Чырвоная каліначка...”, “Ой, зелена, зелена...”, “Як я пайду ў каморачку...”, “Ой палын – трава горкая...”, “А дзе тая крынічанька...”, “Што за месяц, што за ясны...” (на выбар).



Гістарычныя песні. Гістарычныя песні як паэтычныя помнікі мінулага і крыніца для вывучэння гісторыі і сацыяльных адносін. Ваярскія песені (пра татарскі палон, агрэсію казацкага войска Налівайкі, вайну са шведамі, Айчынную вайну 1812 года, руска-японскую вайну, Вялікую Айчынную вайну і інш.). Выяўленне любові да сваёй Радзімы, гонару за яе абаронцаў, нянавісці да ворагаў і прыгнятальнікаў, смутку па загінулых. Антыпрыгонніцкія песні. Барацьба за свабоду і волю – асноўны матыў песень. Песні палітзняволеных. Частушкі і прыпеўкі. Сродкі мастацкага выяўлення ў песнях.

Пра татарскі пастой”, “Каля лесу, каля цёмнага...”, “Каля рэчачкі Дняпра...”, “Ой ты, доля наша, долечка...”, “Нас не зломіць нядоля ліхая...”, “Балада аб партызанцы Галіне”, “Бывайце здаровы!..” (на выбар).



Жартоўныя песні. Жартоўныя і сатырычныя песні – узор паэтычнай дасканаласці. Глыбіня зместу, паўнакроўнасць вобразаў. Галоўныя тэмы – сямейна-бытавыя адносіны, каханне. Гумар як сродак маральнага выхавання чалавека. Песні ў выкананні скамарохаў. Песні-небыліцы.

Чаму ж мне не пець?”, “Ой, паслала мяне маці...”, “Ой, хацела ж мяне маці...”, “Сам не знаю, не ведаю...”, “Хлопец пашаньку пахае...”, “Чабарок, чабарок...”,, “Захацела бабусенька...” (на выбар).



Тэма 6. Дзіцячы фальклор (1 гадзіна).

Жанравая разнастайнасць (калыханкі, забаўлянкі, лічылкі, дражнілкі, заклічкі, скарагаворкі) і асаблівасці дзіцячага фальклору – сродку разумовага і фізічнага выхавання дзіцяці ў розныя перыяды яго жыцця. Прастата формы і зместу, элементы займальнасці ў творах. Збліжэнне з абрадавымі песнямі, трансфармацыя сюжэтаў песень, абрастанне простымі бытавымі дэталямі. Пазнавальная і мнеманічная роля дзіцячага фальклору.



Калыханкі. Прызначэнне песень – супакойваць дзіця манатонным напевам, размераным рытмам. Разнастайнасць кампазіцыі: маналог-расповед маці; маналог-зваротак да дзіцяці, да прыроды, жывёл і звяроў; дыялог. Апавядальнасць калыханак, наяўнасць фантастычнага, незвычайнага элемента. Характэрныя рысы: тонкая іронія, гумар. Сродкі дасягнення напеўнасці, пяшчотнасці: паўтарэнне асобных слоў і гукаў, ужыванне слоў з памяншальна-ласкальнымі суфіксамі, алітэрацыя, асананс, гукаперайманне і інш.

Ах ты, коцік, мой каток”, “Люлі-люлі-люлі...”, “Баю-баю-баінькі..”.



Заклічкі і прыгаворкі. Зварот да прыродных стыхій і з’яў, да жывёл і звяроў. Розныя формы звароту: просьба, патрабаванне, загад, выказаныя ў імператыўнай форме. Спяванне, рэчытацыя, рытмічнае скандаванне.

Дожджык, дожджык, секані...”, “Сонейка, сонца...”.



Забаўлянкі. Спалучэнне слова і дзеяння. Мэты: пацешыць дзіця, прывучыць да просценькіх ролевых гульняў, абрадаў, спрыянне фізічнаму і духоўнаму развіццю дзіцяці, плаўнаму пераходу да самастойнасці, актыўнасці.

Пайшоў каток пад масток...”, “Лады-лады-ладкі...”, “Саломінка”.



Дражнілкі. Гумарыстычны, сатырычны характар твораў. Асуджэнне ляноты, скнарлівасці, неахайнасці, задзірыстасці і іншых недахопаў, спрыянне выпрацоўцы самастойнага мыслення дзіцяці, актыўных адносін да навакольнага свету. Пераўвелічэнні, параўнанні, дадаткі-азначэнні, літота ў дражнілках

Сяргей-верабей...”,” Дзілінь-дзілінь-баў...”, “Наталля – пралля...”.



Лічылкі. Слоўныя формулы пераважна гумарыстычнага характару, з дапамогай якога вызначаецца чаргаванне ў гульні. Эмацыянальнасць, дынамізм, гучнасць, гарэзлівасць, жыццесцвярджальнасць лічылак, іх рытмічнасць, меладычнасць, лёгкасць вымаўлення.

Раз, два – булава...”, “Сядзіць зайчык на прыпечку...”, “Кацілася торба...” “Раз, два, тры, чатыры...”.



Тэма 7. Народны тэатр ( 2 гадзіны).

Цесная сувязь паміж вуснай паэзіяй, батлейкай і народнай драмай: элементы тэатралізацыі; узаемнае выкарыстанне асобных частак твораў, вобразаў, сюжэтаў; ужыванне адных і тых жа мастацкіх прыёмаў і сродкаў, уплыў на развіццё прафесійнай драматургіі і тэатра. Гульні на Каляды, Купалле, на вяселле. “Смаргонская акадэмія” – школа дрэсіроўшчыкаў мядзведзяў. Прадстаўленні з казой, мядзведзем, “канём”. Скамарохі. Гульня “Бахар”. Сацыяльна-сатырычная скіраванасць гульняў і камедыйных відовішчаў. Камічны выпадак, сутычка характараў – аснова інтэрмедыі. Школьны тэатр у канцы XVIII ст. на Полаччыне. Народная драма “Цар Максімілян”: спалучэнне элементаў літаратурнай творчасці і традыцыйнага народнага драматычнага дзейства. Канфлікт паміж царом Максімілянам і яго сынам Адольфам як увасабленне супрацьстаяння язычніцтва і хрысціянства. Іншыя дзейныя асобы: Скараход-маршал, Яўрэй, Кузнец, Палач, Дзед, Дзявіца, Аніка-воін, Змей-Улан, Мамай, Арол, Смерць, рыцары.

Тэатры Ігната Буйніцкага і Уладзіслава Галубка.

Тэма 8. Лялькавы тэатр батлейка (2 гадзіны).

Батлейка – самая папулярная і любімая народам святочная забава. Першапачаткавая рэлігійная аснова батлейкі. Тыповая структура спектакля: сцэны са Свяшчэннага Пісання, містэрыяльная драма “Цар Ірад”, свецкая частка. Сацыяльная афарбоўка, традыцыйная аснова, каларытны гумар свецкіх сцэн, узмацненне іх сувязі з сучаснымі падзеямі. Уладкаванне батлейкі. Героі батлейкі. Сатырычныя вобразы: мясцовае начальства, панства, духавенства.

Інтэрмедыі “Мацей і доктар”, “Антон з казой і Антоніха”, “Вольскі – купец польскі”, “Яўрэй і казак”, “Скамарох з мядзведзем” у батлейкавым тэатры.

Прагназуемыя вынікі

У працэсе знаёмства сямікласнікаў са зместам факультатыву “Беларускі фальклор” узрасце іх цікавасць да народнай вусна-паэтычнай творчасці і да народнай культуры ў цэлым; пашырыцца досвед у галіне беларускай народнай спадчыны. Вучні будуць ведаць:

тэматыку, сістэму вобразаў і жанравыя ўласцівасці народных сямейна-абрадавых і пазаабрадавых песень, народнай драмы і лялечнага тэатра батлейкі;

змест і асноўных герояў гумарыстычных і сатырычных твораў, народнага тэатра і батлейкі, рух паэтычнага пачуцця ў абрадавых і пазаабрадавых песнях;

моўныя выяўленчыя сродкі мастацкай выразнасці фальклорных твораў;

асноўныя адзнакі тэарэтычных паняццяў, з якімі пазнаёміліся на ўроках і факультатыўных занятках у VІІ і папярэдніх класах.

Вучні паглыбяць уменні:

выразна, у належным тэмпе і з захаваннем патрэбнай інтанацыі чытаць уголас фальклорныя творы розных жанраў, асэнсоўваючы іх пафас і выяўляючы свае адносіны да адлюстраванага;

узнаўляць мастацкія карціны і вобразы твораў;

разумець пафас і рух паэтычнага пачуцця ў абрадавых і пазаабрадавых народных песнях;

вызначаць асноўную тэму твора і яго праблематыку, вылучаць галоўнае ў тэксце;

самастойна дзяліць твор на сэнсава завершаныя часткі, складаць план апавядальнага твора;

падрабязна або сцісла пераказваць твор ці ўрывак з яго;

вылучаць эпізоды ці дэталі, важныя для характарыстыкі герояў, знаходзіць сувязь паміж падзеямі ў творы;

характарызаваць героя па яго паводзінах і ўчынках у святле пастаўленага настаўнікам пытання;

параўноўваць фальклорныя песенныя жанры;

адрозніваць моўныя выяўленчыя сродкі і вызначаць іх ролю ў стварэнні вобраза, раскрыцці тэмы твора;

самастойна працаваць з фальклорнымі тэкстамі, фармуляваць праблемныя пытанні і даваць на іх разгорнутыя адказы;

рыхтаваць вусныя і пісьмовыя сачыненні з элементамі апісання і разважання, вусныя водгукі на самастойна прачытаны фальклорны твор і на творы сумежных відаў мастацтва, выказваючы свае адносіны да герояў і падзей;

удзельнічаць у падрыхтоўцы сцэнараў і правядзенні народных святаў, спектакляў, у арганізацыі літаратурных вечарын, чытацкіх дыспутаў і канферэнцый.



Рэкамендаваная літаратура

  1. Беларуская вусна-паэтычная творчасць: Падруч. для філал. спец. ВНУ / К. П. Кабашнікаў, А. С. Фядосік, А. С. Ліс і інш. – Мн., 2000.

  2. Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік. – Мн., 2006.

  3. Беларуская народная творчасць савецкага часу / Склад. В.А.Захарава. – Мн., 1978.

  4. Беларускі фальклор:Жанры, віды, паэтыка. Кн. 2, 3. – Мн., 2001 – 2002.

  5. Беларускі фальклор: Хрэстаматыя: Вучэб. дапам. для філал. фак. ВНУ / Склад. К. П.Кабашнікаў, А. С. Ліс, А. С. Фядосік, І. К.Цішчанка.— Мн., 1996.

  6. Беларускі фальклор: Энцыклапедыя: У 2 т. – Мн., 2005—2006.

  7. Беларускія народныя танцы, карагоды, гульні / Склад. В.С.Семенякоў. – Мн., 1989.

  8. Беларусы. Кн. 7. Вусная паэтычная творчасць. – Мн., 2004.

  9. Вількін Я. Р. Беларускія народныя гульні. – Мн., 1969.

  10. Вяселле: Абрад / Склад. К. А. Цвірка. – Мн., 1978.

  11. Гілевіч Н. С. Паэтыка беларускай народнай лірыкі. – Мн., 1975.

  12. Гілевіч Н. С. Песні народных свят і абрадаў. – Мн., 1974.

  13. Гурскі А. І. Тайны народнай песні. – Мн., 1994.

  14. Гурскі А. І. Семантыка і паэтыка сямейнай лірыкі. – Мн., 2001.

  15. Жартоўныя песні / Склад. І. К. Цішчанка. – Мн., 1974.

  16. Жарты, анекдоты, гумарэскі / Склад. А. С. Фядосік. – Мн., 1984.

  17. Казакова І.В. Беларускі фальклор. Курс лекцый. – Мн,. 2003.

  18. Казакова І. В. Міфалагемы і магія ў беларускім абрадавым фальклоры. – Мн., 1997.

  19. Крук І. І. Сімволіка беларускай народнай культуры. – Мн., 2000.

  20. Кухаронак Т. І. Радзінныя звычаі і абрады беларусаў: канец ХІХ – ХХ ст. – Мн., 1993.

  21. Лакотка А. І., Барыс С. В. Сцежкамі дзядоў: Этнаграфічныя нарысы. Кніга для вучняў. – Мн., 1986.

  22. Лірыка беларускага вяселля / Уклад. і рэд. Н. С. Гілевіч. – Мн., 1979.

  23. Лірычныя песні / Уклад. і рэд. Н. С. Гілевіч. – Мн., 1976.

  24. Лозка А. Беларускі народны каляндар. – Мн., 1993.

  25. Народная культура Беларусі: Энцыклапедычны даведнік / Пад агул. рэд. В. С. Цітова. – Мн., 2002.

  26. Народная спадчына / Склад. А. С. Фядосік, Г. А. Пятроўская. – Мн., 1984.

  27. Народны тэатр. / Склад. М. А. Каладзінскі. – Мн., 1983.

  28. Народны тэатр / Уклад., уступ, артыкул і камент. М.А.Каладзінскага. – Мн., 1983.

  29. Пахаванні. Памінкі. Галашэнні / Уклад. У. А. Васілевіч, Т.Б.Варфаламеева. – Мн., 1986.

  30. Песні пра каханне / Склад. І. К. Цішчанка, С. Г. Нісневіч. – Мн., 1978.

  31. Песні народных свят і абрадаў / Уклад. і рэд. Н. С. Гілевіч. – Мн., 1974.

  32. Прыпеўкі / Уклад. І. К. Цішчанка. – Мн., 1989.

  33. Пятроўская Г. Л. Жывая спадчына. – Мн., 1988.

  34. Сацыяльна-бытавыя песні / Уклад. І. К. Цішчанка, В. І. Скідан, Г.В. Таўлай. – Мн., 1987.

  35. Сямейна-бытавыя песні / Склад. І. К. Цішчанка, Г. В. Таўлай. – Мн., 1984.

  36. Сысоў У. Н. З крыніц спрадвечных. – Мн., 1997.

  37. Фядосік А. С. Беларуская савецкая фалькларыстыка. – Мн., 1987.

  38. Цітовіч Г.І. Анталогія беларускай народнай песні. – Мн., 1975.

  39. Этнаграфія Беларусі: Энцыклапедыя. – Мн., 1989.


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка