Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь Беларускі дзяржаўны універсітэт Гістарычны факультэт




старонка2/3
Дата канвертавання15.03.2016
Памер0.66 Mb.
1   2   3
Глава ІІ.

Узаемаадносіны Польшчы і Паўднёва-Заходняй Русі ў другой палове ХІ – першай палове ХІІ стст.
У 1050-х гг у палітычным жыцці як Польшчы, так і Кіеўскага княства адбываюцца значныя змены. Пасля смерці вялікага князя Кіеўскага Яраслава І Мудрага ў 1054 г на трон сеў яго сын Ізяслаў І (1054 – 1068, 1069 – 1073, 1077 – 1078), які быў Тураўскім і Валынскім князем. Аднак яго ўлада была значна больш слабой у параўнанні з яго бацькам. З пачаткам праўлення Ізяслава адбываецца новы дынастычны крызіс, і аслабеўшае Кіеўскае княства ніколі ўжо не вернецца да былой магутнасці.

У 1058 г памёр вялікі князь Польшчы Казімір І Аднавіцель. Яго пераемнікам стаў сын Баляслаў ІІ Смелы, пры якім адбываўся новы ўздым у развіцці польскай дзяржаўнасці.

У крыніцах няма звестак пра кантакты між Польшчай і Кіеўскім княствам з канца 1040-х да канца 1060-х гг.[17] Хутчэй за ўсё ў гэтыя часы між імі захоўваліся мірныя адносіны, што былі наступствам ваенна-палітычнага саюза, заключанага яшчэ ў 30-х гг ХІ ст. Улада князя Ізяслава не была трывалай. Вялікі палітычны ўплыў мелі таксама яго браты – Чарнігаўскі князь Святаслаў і Пераяслаўскі князь Усевалад. Зноў сказваліся старыя тэндэцыі дэцэнтралізацыі Кіеўскага княства, усё больш умацоўваліся мясцовыя цэнтры. Сістэму існавання князёў у Чарнігаве і Пераяслаўлі пад зверхнасцю Кіеўскага князя яшчэ называюць княжацкім трыумвіратам, што пратрымаўся амаль 20 гадоў.

Яшчэ адной сілай, з якой прыйшлося сутыкнуцца князю Ізяславу і Яраславічам наогул, было Полацкае княства. Полацк у праўленне вялікага князя Усяслава ІІ Чарадзея (1044 – 1101) дасягнуў апагея сваёй магутнасці. Адчуваючы свой моц, Усяслаў Брачыслававіч стаў прэтэндаваць на ўладу ў Кіеве. Падчас пачаўшайся вайны пасля бітвы на Нямізе ў 1067 г князь Усяслаў быў запрошаны Яраславічамі на перамовы і ў парушэнне клятвы быў захоплены імі ў палон і разам з сынамі пасаджаны ў Кіеве ў поруб. Аднак у 1069 г у Кіеве пачалося паўстанне супраць непапулярнага князя Ізяслава, якое падтрымлівала мясцовая полацкая “партыя”[18]. Кіеўскі трон заняў вызвалены з поруба князь Усяслаў Чарадзей (1068 – 1069). Пачалася барацьба за ўладу між чарнігаўскай і валынскай групоўкамі князёў. Ізяслаў, занепакоены за сваё жыццё, збег у Польшчу да Баляслава ІІ, які быў пляменнікам яго жонкі. Пасля гэтага Баляслаў ІІ, які атрымаў магчымасць умяшальніцтва ў кіеўскія справы, адправіў у 1069 г свае войскі на Кіеў. Войскі ўзначалілі разам Баляслаў ІІ і Ізяслаў. Князь Усяслаў Чарадзей выйшаў ім насупраць са сваім войскам, аднак да ваеннага сутыкнення справа так і не дайшла. Разумеючы сваё не вельмі трывалае становішча ў Кіеве, дзе існавала моцная баярска-купецкая групоўка, што падтрымлівала Ізяслава, князь Усяслаў вырашыў не рызыкаваць і вярнуўся ў сярэдзіне красавіка 1069 г у Полацк, які працягваў заставацца значным усходнеславянскім палітычным цэнтрам. Так князь Усяслаў, які “кіеўскі дзідаю там пасад дакрануў залаты”[19], аддаў перавагу ўсё ж не Кіеву, а Полацку, дзе адчуваў надзейную падтрымку.

Пасля ад’езду Усяслава кіяўляне звярнуліся да князёў Святаслава і Усевалада з просьбай пачаць перамовы з Ізяславам і Баляславам ІІ. Перамовы пачаліся. “Усяслаў збег, не вядзі палякаў на Кіеў, бо тут ворагаў у цябе няма; калі хочаш даць волю гневу і пагубіць горад, то ведай, што нам шкада бацькоўскага стала”[20], - так “Аповесць мінулых часоў” перадае звяртанне Святаслава і Усевалада да князя Ізяслава. Ізяслаў выканаў пастаўленыя яму ўмовы, і частка палякаў вярнулася назад, а ў Кіеў быў прысланы сын Ізяслава Мсціслаў. У Кіеве пачаліся рэпрэсіі супраць прыхільнікаў князя Усяслава: некалькі дзесяткаў чалавек было забіта, некаторыя былі аслеплены. 2 мая 1069 г войскі Ізяслава і Баляслава ІІ увайшлі ў Кіеў. Ізяслаў зноў заняў трон. Ужо другі раз пасля 1018 г палякі занялі Кіеў. Далейшыя падзеі таксама нагадвалі 1018 г. Знаходжанне польскіх войскаў у Кіеве выклікала незадаволенасць мясцовай знаці і князя Ізяслава, пачаліся выступленні супраць палякаў, некаторыя з іх, напэўна, былі забіты. Атрымаўшы ўзнагароджанне за дапамогу, Баляслаў ІІ вярнуўся ў Польшчу.

Кіеўскі паход Баляслава ІІ 1069 г у польскіх крыніцах атрымаў шырокае, але вельмі тэндэнцыёзнае асвятленне. Так, у Вялікапольскай хроніцы распавядаецца пра тое, як Баляслаў ІІ увайшоў у землі Русі і “схапіўся ў ва многіх бойках з князямі Русі і, перамогшы іх, дасягнуў горада Кіева… . Саму Русь, згодна з патрэбамі сваімі асабістымі і свайго войска, абклаў данінай, асабліва харчовымі прыпасамі”.[21] На самой справе моцных ваенных дзеяняў у час гэтай вайны фактычна не вялося, і звестак пра ўплату Кіевам нейкай рэальнай даніны не існуе, таксама няма звестак і пра забойства палякамі некага “рускага караля”, пра што гаворыцца ў хроніцы. Не адпавядаюць рэчаіснасці часта і звесткі пра гэту вайну, што сустракаюцца ў “Польскай гісторыі” Яна Длугаша, напрыклад, інфармацыя пра захоп Баляславам ІІ Полацка[22], чаго ніколі не адбывалася.

Ізяслаў пасля вяртання на трон стаў праводзіць палітыку замірэння з вялікім князем Полацкім Усяславам ІІ Чарадзеем і стаў шукаць саюзу з ім. Занеспакоеныя магчымым валынска-полацкім саюзам князі Святаслаў і Усевалад выступілі супраць Ізяслава і скінулі яго з трона. Ізяслаў разам з сям’ёй зноў прыехаў у Польшчу. Ён меў вялікія грашовыя сродкі і спадзяваўся наняць польскае войска для вяртання трона. Баляслаў ІІ у гэты час, напэўна, зрабіў паход на Валынь і ў раён Бярэсця, але ад далейшых маштабных ваенных дзеянняў адмовіўся. Баляслаў ІІ узяў грошы ў Ізяслава, але ваеннай дапамогі яму не аказаў. На гэта паўплывала, напэўна, і тое, як абыйшліся з палякамі ў Кіеве ў 1068 г. Святаслаў і Усевалад сталі князямі-суправіцелямі ў Кіеве. Замест выступлення супраць Кіева Баляслаў ІІ заключыў з князем Святаславам мірную дамову, якую ад Кіева падпісваў сын князя Усевалада Уладзімір Манамах. Баляслаў ІІ ажаніўся з дачкой князя Святаслава Выславай і атрымаў ад яго ваенную дапамогу ў барацьбе з Чэхіяй.

Князь Ізяслаў, які не атрымаў польскай падтрымкі, зрабіў спробу вярнуцца на трон і атрымаць свае грошы з дапамогай Рымскага Прастола, з якім у яго былі нядрэнныя адносіны. Папа Рыгор VІІ у 1075 г патрабаваў вярнуць Ізяславу яго казну, але гэта вынікаў не мела. Больш за тое, у 1076 г Баляслаў ІІ каранаваўся каралеўскай караной, што прызнаў і Папа. Польскія ўладары зноў сталі каралямі, што было паказальнікам новага ўздыму Польскай дзяржавы.

1076 г стаў часам супрацьстаяння Польшчы, Кіеўскага княства, Саксоніі і Папства з аднаго боку і германскга імператра Генрыха ІV – з другога. Падтрымкай апошніх карыстаўся і Ізяслаў. Гэтае супрацьстаянне для Польшчы не было ўдалым, і яе саюз з чарнігава-пераяслаўскай групоўкай разладзіўся. Тым часам у снежні 1076 г памёр Кіеўскі князь Святаслаў. Занеспакоены магчымасцю аб’яднання значнай часткі зямель Русі пад уладай князя Усевалада І, Баляслаў ІІ падтрымаў Ізяслва і 15 ліпеня 1077 г той заняў кіеўскі трон ужо трэці раз. Сын Ізяслава Яраполк атрымаў Вышгарад, а пазней – Валынь і Тураў. Вяртанню Ізяслава на Кіеўскі трон, безумоўна, садзейнічала і валынская групоўка, якая была адначасова і царкоўнай групай, што супрцьстаяла Кіеўскаму мітрапаліту Георгію (1062 – 1080).

Кіеўская дзяржава ў другой палове ХІІ ст пачынае ўступаць у эпоху феадальнай дробнасці, усё больш вострымі становяцца дынастычныя канфлікты, слабее ўлада Кіеўскакга князя. У 1078 г князь Ізяслаў загінуў у бойцы са сваім пляменнікам князем Алегам. Кіеўскі трон заняў Усевалад І (1078 – 1093). Ён быў вымушаны змагацца з князем Яраполкам Ізяславічам, які працягваў падтрымліваць валынска-польскі саюз і прэтэндаваў на польскі трон. Аднак яго выступленне ў 1085 г было няўдалым, і Яраполк быў вымушаны выехаць у Польшчу.

У гэты час з аслабленнем Кіева ў землях Паўднёва-Заходняй Русі пачынае фарміравацца новая сіла – Галіцкае княства, першым князем якога ў 1084 г стаў Рурык Расціслававіч. У 1086 г быў аформлены польска-валынска-кіеўскі саюз супраць Галіча. Яраполк вярнуўся з Польшчы і зімою 1086 г адправіўся у паход на Галіч, але быў забіты пад Звянігарадам. Польска-галіцкія адносіны былі варожымі. У 1092 г новы Перамышльскі князь брат Рурыка Васілька разам з полаўцамі зрабіў паход на Польшчу і захапіў Пясочан і Прылуку. З гэтага часу пачынаецца супрацьстаянне між Польшчай і Галіцкім княствам. Яе прычыны няцяжка зразумець. Галіцкае княства, якое адклалася ад Кіева, было вымушана сутыкнуцца з суседняй Польшчай, якая не пакідала планаў павелічэння ўплыву на Паўднёва-Заходнюю Русь і, магчыма, падпарадкавання зноў Чэрвенскіх гарадоў. Князь Васілька праводзіў актыўную палітыку па ўмацаванню сваёй дзяржавы. Ён будаваў шырокія планы захопу польскіх зямель. Для гэтага быў заключаны саюз з качэўнікамі-цюркамі: печанегамі, барандзеямі, торкамі, якія вядомы пад агульнай назвай – “чорныя клобукі”.

Яшчэ адным княствам, якое ўжо склалася ў Паўднёва-Заходняй Русі, было Валынскае княства з цэнтрам ва Уладзіміры. Гістарычнай тэрыторыяй княства былі землі па правых прытоках Прыпяці і нізоўях Заходняга Буга. Валынскі трон з 1085 г займаў князь Давыд, які атрымаў прастол пасля ўцёкаў князя Яраполка ў Польшчу. Князь Давыд супрацьстаяў суседняму Галічу. Барацьбой між Галічыной і Валынню намагаўся скарыстацца новы вялікі князь Кіеўскі Святаполк ІІ (1093 – 1113; сын вялікага князя Ізяслава).

Значныя палітычныя падзеі, якія паўплывалі на далейшы лёс краіны, адбываліся ў другой палове ХІ ст і ў Польшчы. Польшча пры Баляславе ІІ Смелым перажывала адносны ўздым. Аднак ў 1079 г Баляслаў ІІ сутыкнуўся з феадальнай замовай на чале з яго братам Уладзіславам і епіскапам Кракаўскім Станіславам. Баляслаў ІІ пайшоў нават на забойства Станіслава ў 1079 г, аднак і гэта не выратавала яго ад страты трона. У 1079 г Баляслаў ІІ збег у Венгрыю. Кракаўскі трон заняў Уладзіслаў І Герман (1079 – 1102). Атрыманне ўлады ім фактычна значыла перамогу сіл феадальнай апазіцыі над цэнтральнай уладай.[23] Пераход да перыяду феадальнай дробнасці быў характэрны для большасці краін Еўропы таго часу, і Польшча таксама не стала выключэннем. Феадалы ўсё больш павялічвалі свой уплыў, ад імя слабога як палітыка Уладзіслава І краінай фактычна кіраваў ваявода Сецэх. Уладзіслаў І, пакінуўшы сабе Кракаў з Малой Польшчай і Сілезіяй, жыў у асноўным у Мазовіі, а астатнюю тэрыторыю краіны падзяліў паміж сваімі сынамі. Потым нават сталіца дзяржавы Кракаў адышла да ўдзелу сына Уладзіслава І Баляслава.

У канцы 1090-х гг пачаўся канфлікт між вялікім князем Кіеўскім Святаполкам ІІ і Валынскім князем Давыдам, пасрэднікам у канфлікце выступіў кароль Польшчы Уладзіслаў І. У 1099 г на Бузе адбыліся перамовы між бакамі, па вынікам якіх Уладзіслаў І аддаў перавагу Святаполку ІІ, які прапанаваў больш грошай. Хоць пры гэтым Уладзіслаў І і абяцаў князю Давыду дапамогу, той быў вымушаны пакінуць Уладзімір і праз Чэрвен выехаць у Польшчу. Князем ва Уладзіміры стаў сын Святаполка ІІ князь Мсціслаў.

Адначасова з гэтымі падзеямі Святаполк ІІ вёў вайну і з Галічыной, дзе, аднак, яго справы склаліся не так удала, нягледзячы і на саюз з Венгрыяй. Перамышльскія князі Васілька і Валадар Расціслававічы ў саюзе з князем Давыдам, што вярнуўся з Польшчы, і Палавецкім князем Банякам разбілі войска Святаполка ІІ у бойцы пад Перамышлям у 1099 г. Князь Давыд зноў сеў ва Уладзіміры, дзе быў забіты князь Мсціслаў. Тым не менш неўзабаве Уладзімір і Бярэсце зноў перайшлі пад уладу Святаполка ІІ, які пасадзіў там свайго сына Яраслава.

Пасля смерці караля Польшчы Уладзіслава І Германа каралём Польшчы стаў яго сын Баляслаў ІІІ Крывавусны (1102 – 1138), якога Вялікапольская хроніка называе князем, што “ пераўзыходзіў іншых князёў прыемнасцю сваіх нораваў і шчаслівымі памкненнямі дабрачыннасці”.[24] Як бы там ні было, а крыху ўзмацніць цэнтральную ўладу ён здолеў. Баляслаў ІІІ падтрымлівў саюзніцкія адносіны са Святаполкам ІІ і ў 1103 г ажаніўся з яго дачкой Збыславай. Аднак першапачаткова улада Баляслава ІІІ распаўсюджвалася амаль толькі на тэрыторыі Малой Польшчы. Яму супрацьстаялі моцныя сілы феадальнай апазіцыі на чале з яго братам князем Збігневам і ваяводам Сецэхам. Пачаўшы барацьбу за аб’яднанне краіны, Баляслаў ІІІ у 1106 г звярнуўся да сваіх саюзнікаў – Святаполка ІІ і караля Венгрыі Кальмана. Ад Святаполка ІІ на дапамогу Баляславу ІІІ прыйшло войска на чале з князем Яраславам Святаполчычам. Збігнеў быў вымушаны прызнаць сябе васалам Баляслава ІІІ і атрымаў Мазовію. Аднак Збігнеў не збіраўся здавацца так проста. У 1107 г ён пабываў у Кіеве, але не знайшоў там падтрымкі. Яму ўдалося затое атрымаць дапамогу ад Галіцкіх князёў Васількі і Валадара і полаўцаў. Падтрымку Збігневу аказаў і кароль Германіі Генрых V (1106 – 1125, імператар з 1111), і Чэхія. Тым не менш нямецка-чэшскае наступленне на Польшчу сарвалася. Збігнеў не дасягнуў сваёй мэты, і Баляслаў, як піша Гал, “выганяе яго з каралеўства польскага” і “скарае з дапамогай рускіх і венграў “ гарады, што падтрымлівалі яго.[25] Значную ролю ў гэтым адыграла і дапамога Кіева і Валыні, з якімі Польшча ў гэты час трымала шчыльны саюз. Вынікам гэтага саюзу стала і некалькі сумесных польска-рускіх паходаў супраць прусаў.

У 1113 г, пасля смерці Святаполка ІІ, кіеўскі трон заняў князь Уладзімір ІІ Манамах (1113 – 1125), які праводзіў цэнтралізатарскую палітыку. Уладзімір ІІ заключыў саюз з Галічыной і ў 1118 г з дапамогай уладзімірскага баярства скінуў з трона Валынскага князя Яраслава і замест яго пасадзіў свайго сына Андрэя. Баляслаў ІІІ не мог дапамагчы Яраславу, бо быў заняты мяцяжом феадала Скарбіміра, якога падтрымлівалі Кіеў, Перамышль і Чарнігаў. Мяцеж быў падаўлены, і ў 1120 г пачаўся пяцігадовы руска-польскі канфлікт. Сын Уладзіміра ІІ Андрэй у гэтым годзе разам з полаўцамі зрабіў паход на Польшчу. У адказ польскі саюзнік князь Яраслаў Святаполчыч зрабіў напад на Чэрвен, хоць і безвынікова. Саюз Польшчы і Галічыны зрабіў магчымым у 1123 г сумесны паход на Уладзімір, які, аднак, таксама быў няўдалым. Пад Уладзімірам загінуў Яраслаў. Пасля гэтага Польшча пайшла па шляху збліжэння з Кіевам і Чарнігавам.

Калі цэнтралізатарская палітыка Уладзіміра ІІ і яго сына Мсціслава І (1125 – 1132) яшчэ прыносіла Кіеву некаторы плён, хоць і вельмі адносны, то пасля смерці Мсціслава І палітычны поліцэнтрызм у землях Русі перамог канчаткова.[26] У гэты час Валынь з’яўляецца саюзнікам Польшчы і Смаленска, а Галічына – Суздаля, Венгрыі, Візантыі. Пад час вайны Польшчы супраць блока Чэхіі, Венгрыі і Аўстрыі ў 1132 – 1135 гг валынскія войскі ваявалі на баку Баляслава ІІІ, а галіцкія атрады князя Уладзіміра Валадаравіча дапамагалі Венгрыі.

Пасля смерці Баляслава ІІІ у 1138 г палітычная дробнасць перамагла і ў Польшчы. Па свайму тэстаменту Баляслаў ІІІ падзяліў Польшчу на ўдзелы паміж сваім сынамі: старэйшы сын Уладзіслаў ІІ Выгнаннік стаў карлём Польшчы (1138 – 1146), атрымаў цэнтральны ўдзел (Кракаўская зямля, Памор’е, частка Вялікай Польшчы) і Сілезію; Баляслаў Кучаравы – Мазовію і Куявію; Мешка Стары – частку Вялікай Польшчы з Познанню; Генрык – Сандамірскую зямлю. Кароль Уладзіслаў (сын Баляслава ІІІ І Збыславы Святаполкаўны) прытрымліваўся саюзу з Кіеўскім і Чарнігаўскім князем Усеваладам ІІ (1139 – 1146). У 1140 г Уладзіслаў зрабіў паход на Валынь, а таксама на Пераяслаў, дапамагаючы гэтым Усеваладу ІІ у яго барацьбе супраць Суздаля. З іншага боку Чарнігаў і Галіч дапамаглі каралю Уладзіславу ў 1142 г у яго барацьбе супраць групоўкі на чале з яго братамі Баляславам Кучаравым і Мешкам Старым. У гэты час таксама назіраецца і саюз Польшчы і Чарнігавам з Полацкім княствам.

Аб’яднанне Усеваладам ІІ улады над Кіевам і Валынню прывяло да канфлікту з саюзам Галіча і Суздаля. У 1144 г Усевалад зрабіў паход на Галічыну, у якім удзельнічалі і польскія атрады. Аднак трэба сказаць, што кароль Уладзіслаў, які не жадаў канчатковага разрыву з Галічам, дзейнічаў на баку Кіева не вельмі актыўна. У 1145 г на з’ездзе князёў у Кіеве, які быў прысвечаны спаткаемнай перадачы горада Ігару ІІ (Кіеўскі князь у 1146), было вырашана адправіць яго войскі, а таксама валынскія войскі на дапамогу Уладзіславу Польскаму ў барацьбе з яго братамі. Аднак Валынскі князь Ізяслаў Мсціслававіч, які быў саюзнікам братоў Уладзіслава, ухіліўся ад выконвання гэтага рашэння. Гэты паход дапамог умацаваць становішча Уладзіслава, а Ігару з братамі атрымаць такі важны фарпост на шляху ў Прусію, як Візна.

У 1146 г кароль Уладзіслаў усё ж атрымаў паразу ў барацьбе з братамі і быў вымушаны выехаць у Германію. Новым каралём Польшчы стаў Баляслаў ІV Кучаравы (1146 – 1173), пры якім працягвалі ісці бясконцыя дынастычныя міжусобіцы. Дапамагчы Уладзіславу Усевалад ІІ не змог, бо ў гэты час быў заняты паходам у Галічыну, у якім дарэчы ўдзельнічаў і Баляслаў Высокі, сын Уладзіслава.

У 1146 г вялікім князем Кіеўскім стаў Ізяслаў ІІ (1146 – 1149, 1150; унук Уладзіміра ІІ), які працягваў падтрымліваць шчыльны саюз з Баляславам ІV, што адбывалася ва ўмовах павялічэння палітычнай вагі Галічыны і Валыні.


У пачатку другой паловы ХІ ст Польшча спыняе мірныя адносіны з Кіевам, і ў 1069 г Баляслаў І, дапамагаючы Кіеўскаму князю Ізяславу І вярнуцца на трон, займае Кіеў. Аднак гэта ўсё ж не прыводзіць да вельмі моцнага пашырэння ўплыву Польшчы ў Кіеўскім княстве. Смерць Баляслава ІІ у 1081 г пачынае ў Польшчы перыяд дынастычных смут і феадальнай дробнасці.

Другая палова ХІ – першая палова ХІІ стст характэрызуюцца ўступленнем як Польшчы, так і зямель Русі ў доўгі перыяд феадальнай дробнасці. Працэс развіцця палітычнага поліцэнтрызму суправаджаўся пастаяннымі дынастычнымі канфліктамі, што вельмі моцна аслабляла абедзве дзяржавы перад тварам унутранага разладу і пагрозы знешніх ворагаў. Як і раней, землі Паўднёва-Заходняй Русі з’яўляюцца ў гэты час аб’ектам барацьбы між рознымі палітычнымі ўтварэннямі. На гэту тэрыторыю прэтэндавалі такія традыцыйныя палітычныя сілы, як Польшча і Кіеўскае княства. Аднак апошняе было вельмі аслаблена і ўжо ўсё больш страчвала кантроль над суседнімі тэрыторыямі. У гэтых умовах у землях Паўднёва-Заходняй Русі з’яўляюцца новыя дзяржаўныя ўтварэнні: Галіцкае і Валынскае княствы. Кіеў яшчэ спрабуе ўсталяваць кантроль над імі, аднак па меры яго аслаблення яны робяцца ўсё больш незалежнымі ў сваёй палітыцы і самі пачынаюць прэтэндаваць на ўплыў на Кіеў.

Польшчы ў другой палове ХІ ст і асабліва ў першай палове ХІІ ст у Паўднёвай Русі прыходзіцца сутыкнуцца ўжо не толькі з Кіеўскім княствам, але і з Галічыной і Валынню. З цягам часу менавіта яны, а не Кіеў стануць адыгрываць галоўную ролю ў гэтым рэгіёне. Лавіраванне між інтарэсамі розных бакоў і пашырэнне кантактаў Галічына і Валыні з іншымі дзяржавамі і абумовіла палітыку Польшчы ў Паўднёва-Заходняй Русі. Да сярэдзіны ХІІ ст Польшча падышла ў даволі шчыльным саюзе з Кіевам і Валынню, які добра бачны ў часы праўлення Баляслава ІV у Польшчы і Усевалада ІІ і Ізяслава ІІ у Кіеве.
Глава ІІІ.

Супрацьстаянне Польшчы, Галічыны і Валыні ў другой палове ХІІ – ХІІІ стст
Пасля смерці князя Усевалада ІІ і трынаццацідзённага праўлення яго брата Ігара ІІ вялікім князем Кіеўскім у сярэдзіне жніўня стаў Валынскі князь Ізяслаў ІІ. Новы князь уступіў у барацьбу з Растова-Суздальскім князем Юрыем Даўгарукім. Аднак канфлікт з Паўночна-Усходняй Руссю князю Ізяславу ІІ прыйшлося працягваць ва ўмовах і пастаяннай варожасці з Галіцкім князем Уладзіміркам, які ўступіў на трон пасля смерці свайго бацькі Валадара ў 1124 г. У такіх умовах для Кіева і Валыні, якія былі аб’яднаны пад уладай аднаго чалавека, было карысна працягваць саюзніцкія адносіны з Польшчай, накіраваныя супраць Галічыны і Прусіі. Прусы неаднаразова нападалі на Польшчу, што выклікала ў 1147 г сумесны польска-кіеўска-валынскі паход супраць іх. Паход цягнуўся тры месяцы, за якія прусы былі поўнасцю разгромлены.

У канцы 40-ых гг ХІІ ст канфлікт між Яраславам ІІ і Юрыем Даўгарукім яшчэ больш абастрыўся. У 1149 г Ізяслаў ІІ быў вымушаны пакінуць Кіеў і прыехаць у валынскі цэнтр – горад Уладзімір. Адтуль ён звярнуўся за дапамогай да Пястаў, чэхаў і венграў. У Луцку пачаўся збор войскаў, калі да саюзнікаў дайшлі звесткі пра падыход войск Юрыя Даўгарукага і новы напад на Польшчу прусаў. Гэта вымусіла ціснуць на Ізяслава з патрабаваннем пачаць перамовы з супернікам, што ў рэшце і адбылося. Адчуваючы сваю моц, князь Юрый патрабаваў, каб іншаземцы пакінулі Русь. Ізяслаў ІІ, вымушаны падпарадкоўвацца патрабаванням, згадзіўся на гэтыя ўмовы, адмовіўся ад прэтэнзій на Кіеў і застаўся на Валыні. Яго саюзнікі пакінулі Русь.

У 1150 г Ізяслаў ІІ зноў на кароткі час здолеў заняць кіеўскі трон, але амаль адразу зноў быў скінуты з яго Суздальскім князем. Ізяслаў і на гэты раз звяртаецца за дапамогай да Венгрыі і Польшчы, але калі венгры прыслалі свае атрады, то звестак пра дапамогу палякаў няма.[27] Аналагічная сітуацыя адбылася і ў 1152 г. Ізяслаў ІІ правёў астатні час свайго жыцця з цяжкай барацьбе за кіеўскі трон і памёр у 1154 г. У 1155 г да Польшчы за дапамогай звярнуўся яго сын Мсціслаў, але таксама безвынікова.

Атсутнасць дапамогі з боку палякоў у гэтых выпадках можна растлумачыць нестабільным становішчам унутры Польшчы, калі Пясты, не маючы моцнай улады і ў свіх уладаннях, засцерегаліся далёка выпраўляць войскі, тым больш, не будучы ўпэўненымі, што атрымаюць дапамогу ад Валыні ў выпадку такой патрэбы. Яшчэ адной прычынай нежадання палякаў дапамагчы Валыні магла быць і небяспека значнага ўзвышэння Валыні над Галічыной, што магло выклікаць дысбаланс сіл у рэгіёне.

Юрый Даўгарукі жа меў у той час даволі трывалага саюзніка – Галіцкае княства. Галіцкі князь Уладзімір неаднаразова выпраўляўся ў паходы супраць Кіеўска-Валынскага канязя Ізяслава ІІ. Так, у значнай падтрымцы галічам князя Юрыя бачыць адну з галоўных прычын яго перамогі ў 1150 г і кіеўскі летапісец: “Кіеўляне ж, што забаяліся Уладзіміра галіцкага, увелі князя Юрыя ў Кіеў. І Юрый сеў у Кіеве, і сустрэўся з Уладзімірам у Пячорскім манастыры, і ўсталявалі яны між сабой прыязнасць вялікую”. [28] Саюзнікамі князя Юрыя былі і полаўцы.

У 1153 г памёр Галіцкі князь Уладзімірка. Новым князем стаў яго сын Яраслаў Асмысл (1153 – 1187), пры якім Галічына працягвала ўзвышацца. “Кутам/ На пасадзе высока сядзіш златакутым./ Ты сваімі палкамі жалезнымі ўвышы/ Падпёр горы угорскія, шлях заступіўшы/ Каралю, й, зачыніўшы вароты Дунаю”[29], - так звяртаецца да князя Яраслава аўтар “Слова пра паход Ігаравы”. У першы год свайго праўлення князь Яраслаў выдае замуж сваю дачку за вялікапольскага князя Адона. Дапамога польскіх князёў Яраславу стала адчувальнай у 1158 г, калі яму спатрэбілася падтрымка ў барацьбе з прэтэндэнтам на галіцкі трон Іванам Берладнікам. Польскія князі даслалі ў Галіч ваенную сілу, гэтае ж адбывалася таксама і ў 1159, і ў 1169 гг.

У сярэдзіне і другой палове ХІІ ст у сітуацыі, калі і Польшча, і землі Паўднёва-Заходняй Русі знаходзіліся ў стане феадальнай дробнасці і працяглых дынастычных канфліктаў, на першы план для іх пачынаюць выходзіць у першую чаргу свае ўнутраныя справы. Найбольш актыўнымі зараз з’яўляюцца кантакты між суседнімі польскімі і паўднёварускімі княствамі.[30] Кіеў пры гэтым займае ў знешняй палітыцы польскіх князёў усё меншае месца, у 1150-ых гадах ён паступова перастае быць іх важным саюзнікам. Усё больш значнымі ж становяцца кантакты польскіх княстваў з Валынню і набіраючым сілу Галіцкім княствам, якія паступова робяцца найбольш моцнымі палітычнымі ўтварэннямі паўднёва-заходніх земляў Русі. У агульным жа з 1150-ых гг пачынаецца перыяд наогул некаторага памяншэння колькасці стасункаў між польскімі і паўднёва-рускімі землямі, што звязана з працэсам феадальнай дробнасці і ўнутранымі канфліктамі на гэтых тэрыторыях.

У 1160-ыя гг галіцка-польскія адносіны заставаліся саюзніцкімі. Адзіным выключэннем можа быць некі паход польскіх атрадаў да Чэрвена. У 70-ых гг ХІІ ст інтэнсіўнасць стасункаў між польскімі землямі і Паўднёва-Заходняй Руссю яшчэ больш падае. Валынь у той час перажывае аслабленне княжацкай улады і фактычны распад на асобныя ўдзелы. Аслабляецца княжацкая ўлада і ў Галічыне, дзе ўладзе князя Яраслава супрацьстаяць моцнае баярства і сын Уладзімір. Некалі шчыльны галіцка-польскі саюз перастае існаваць. Сведчанне гэтаму – у 1173 г Уладзімір і многія галіцкія баяры з’зджаюць у Польшчу да Баляслава ІV. Князь Яраслаў не змог перамагчы ў барацьбе з сіламі апазіцыі: Уладзімір і многія з выехаўшых баяр вярнуліся назад, сына Яраслава Алега зняволілі, незаконную жонку Настассю спалілі.

У кастрычніку 1173 г на змену Баляславу ІV Кучараваму прыйшоў князь Мешка ІІІ Стары (1173 – 1177). Пры ім саюз з Галічыной узнаўляецца. У гэты час князь Яраслаў набірае ў сваё войска наёмнікаў-палякаў. У 1174 г Мешка ІІІ дапамагае Яраславу ў барацьбе з Уладзімірам, і той бяжыць з маці і сям’ёй ў Луцк, але Луцкі князь выдае яго бацьку. У далейшым Яраслаў працягваў змагацца з сынам Уладзімірам, братам Усеваладам, які нават на некаторы час змог стаць Галіцкім князем, і феадальнай апазіцыяй. Пасля некалькіх пазбаўленняў трону князь Яраслаў усё ж змог вярнуцца да ўлады, у чым яму дапамог Мешка ІІІ.

У 1177 г Мешка ІІІ Стары быў скінуты сваім братам Казімірам ІІ Справедлівым (1177 – 1194), які і стаў новым князем-прынцэпсам. Ён змог некалькі ўмацаваць княжацкую ўладу, хоць і вельмі адносна. Казіміру ІІ падпарадкоўваліся Кракаўская і Сандамірская землі, з 1186 г – Мазовія; яго ўладу прызнавалі саюзны Галічу Познанскі князь Адон і саюзны Чарнігаву Вроцлаўскі князь Баляслаў Высокі. Казімір ІІ зноў парушае мір з Галічыной. Сын Галіцкага князя Уладзімір, што быў выгнаны бацькам, з’ехаў у Германію да імператара Фрыдрыха І Барбаросы. Імператар у гэты час не мог аказаць непасрэдную дапамогу Уладзіміру, бо рыхтаваўся да 3-га крыжовага паходу. Тым не менш ён звярнуўся да Казіміра ІІ, і той выкарыстаў магчымасць дапамогі Уладзіміру для паходу на Галіцкае княства. Малапольская армія на чале з ваяводай Мікалаем увайшла ў Галіч, і ў 1189 г Уладзімір (1189 - 1199) быў адноўлены на троне. У час яго праўлення абастраецца палітычная барацьба ў Галічыне і ва ўмовах узмацнення спроб заходневалынскага князя Рамана Мсціслававіча (пляменнік Баляславічаў) авалодаць ёю.[31]

У 1191 г Мешка ІІІ Стары змог захапіць Кракаў і выгнаць адтуль Казіміра ІІ Справедлівага. Казімір ІІ знайшоў традыцыйную падтрымку Валыні і прыхільнікі Мешкі ІІ збеглі з Кракава. Уплыў князя Рамана на Малую Польшчу яшчэ больш павялічыўся. Сведчаннем саюзніцкіх адносін між Кракавам і Валынню з’яўляюцца таксама сумесныя паходы у Яцвягію, якая была падзелена на сферы ўплыву, што выплочвалі польскім і рускім княствам даніну. Такія паходы здарыліся ў 1193 і 1196 гг. “Той жа зімою хадзіў Раман Мсціславіч на Яцвягаў помсціць, таму што яны спусташылі былі воласць яго” [32], - адзначае Галіцка-Валынскі летапіс пад 1196 г.

Пасля смерці Казіміра ІІ (магчыма, быў атручаны) у 1194 г трон перайшоў да яго сына Лешка Белага (1194 – 1227). Малапольская знаць, такім чынам не перадаўшы трон Мешку ІІІ, яшчэ раз паказала сваю адмову ад ідэі сеньярата. Такая перадача трону была адобрана і Папам Аляксандрам ІІІ. Аднак частка феадалаў законным спадчыннікам лічыла Мешку ІІІ, што стала прычынай новага абастрэння старога дынастычнага канфлікту. Ва ўмовах, калі княжацкая цэнтральная ўлада была вельмі слабой, а асноўную ролю пры двары адыгрывалі мажнаўладцы, якія пастаянна змагаліся між сабой, пра паходы на Русь ужо наўрад ці можна было думаць, тым больш, пра некую экспансію. Саюзнікам цэнтральнай улады ў твары малагадовага князя Лешкі і рэгента пры ім яго маці Алены Расціслаўны стаў Валынскі князь Раман. Калі Лешку Беламу зноў паграджала небяспека з боку Мешкі ІІІ, Уладзімірскі князь Раман, Бэлзскі князь Усевалад, мазавецкі князь Конрад даслалі да яго свае ваенныя атрады, і прыхільнікі Мешкі ІІ былі разбіты 13 верасня 1195 г у бойцы на рацэ Мазгаве і збеглі з Кракава.

Да канца 90-ых гг ХІІ ст адбываецца значнае ўзмацненне Валынскага княства. Значную ролю тут адыгрывала асоба князя Рамана, у многім дзякуючы якому былі закладзены асновы новай моцнай дзяржавы ў Паўднёва-Заходняй Русі – Галіцка-Валынскае княства. Летапісец называе князя Рамана “незапамятным уладаром усёй Русі, які перамог усе паганскія народы, мудросцю розуму стрымліваючы запаветы Божыя” [33].

У 1199 г у Галічы памёр князь Уладзімір. Нягледзячы на тое, што ў яго былі сыны, галіцкія баяры абралі князем Валынскага князя Рамана. Валынскае і Галіцкае княствы злучыліся. 1199 год лічыцца датай першага ўтварэння Галіцка-Валынскага княства. Зразумела, што частка моцнага галіцкага баярства рабіла спробы супрацьстаяць цэнтралізатарскай уладзе князя, але большасць яе прадстаўнікоў ці былі забіты, ці збеглі ў Венгрыю і, напэўна, Польшчу. Землі, канфіскаваныя ў баяраў, пайшлі на ўмацаванне княжацкага дамену. Узмацніўшы сваю дзяржаву, Раман звярнуў свой позірк на суседні Кіеў.

Кіеўскае княства да пачатку ХІІІ ст было ўжо невялікай дзяржавай, што амаль не захавала слядоў былой велічы. Кіеў перастаў аказваць моцны ўплыў на палітыку рэгіёна і стаў аб’ектам для пасягненняў моцных суседзяў. Князь Раман разам з саюзным яму Суздальскім князем Усеваладам Вялікае Гняздо выціснулі з Кіева князёў-стаўленнікаў чарнігава-смаленскай групоўкі і пасадзілі ў ім Луцкага і Валынскага князя Інгвара Яраславіча (1202 – 1203). Былы Кіеўскі князь Рурык ІІ Расціслававіч зрабіў яшчэ спробу змагацца за кіеўскі трон з дапамогай Чарнігава і Кіева, аднак атрымаў паразу. У 1203 г князь Раман захапіў Кіеў, князь Рурык быў прымусова пастрыжаны ў манахі. Кіеў быў далучаны да вялікай дзяржавы Рамана.

У ХІІІ ст Галіцка-Валынскае княства ўвайшло як моцная дзяржава з вялікай тэрыторыяй ад яцвяжскіх земляў на поўначы (захад сучаснай Беларусі і ўсход сучаснай Польшчы) да дняпроўскіх Хоцена і Бакоты на поўдні, ад Венгрыі на захадзе да Кіева на ўсходзе. Гэтая дзяржава фактычна аб’яднала ўсю Паўднёва-Заходнюю Русь і стала галоўнай сілай у рэгіёне. Нягледзячы на тое, што першае галіцка-валынскае княства праіснуе нядоўга, неўзабаве яно адрадзіцца, прычым яшчэ ў больш велічным варыянце. Маючы моцную палітычную сілу, галіцка-валынскія князі праводзілі актыўную знешнюю палітыку, пашыраючы стасункі з рознымі замежнымі дзяржавамі. Так, князь Раман усталяваў шчыльныя дыпламатычныя сувязі з Візантыяй, Германіяй, Венгрыяй, Папам, полаўцамі.

У 1205 г Раман здзейсніў некі паход у Польшчу і загінуў каля горада Завіхоста. Мэта гэтага паходу не зусім зразумелая. Лічыцца, што Раман, напэўна, выступіў супраць Лешка Белага, які быў саюзнікам Вельфаў. Хутчэй за ўсё, Галіцка-Валынскі князь будаваў пры гэтым планы паходу ў Саксонію, што не здзейснілася. Са смерцю князя Рамана Галіцка-Валынскае княства распалася, але ідэя існавання такой адзінай дзяржавы засталася. Ва ўмовах, калі ў краіне пачаліся баярскія выступленні і смуты, а восенню 1205г на Галічыну напаў Кіеўскі князь Рурык, які змог вярнуць трон: ” Рурык між тым сабраў полаўцаў … і прыйшоў на Галіч, пакінуўшы манаскі чын, - таму што яго ён прыняў быў праз боязнь перад Раманом” [34], – піша летапісец. На Паўднёва-Заходнюю Русь, зноў звярнулі ўвагу малапольскія феадалы.

У ХІІІ ст Польшча ўступіла як кангламерат асобных княстваў, між якімі ішлі пастаянныя войны. На чале краіны стаяў намінальны старэйшы князь-прынцэпс, рэальная ўлада якога абмяжоўвалася толькі малапольскімі землямі. Каралеўскага тытулу гэтыя ўмоўныя кіраўнікі дзяржавы ўжо не мелі. Кракаўскі князь-прынцэпс Лешак Белы пастаянна бароўся з прэтэндэнтамі на прастол, такімі, як Мешка ІІІ Стары, Уладзіслаў ІІ, Конрад Мазавецкі. У часы, калі Раман стварыў сваю моцную дзяржаву, Лешак Белы не меў магчымасці супернічаць з ёю, але пасля гібелі Рамана Кракаўскі князь зноў атрымаў некаторую магчымасць пашэрэння свайго ўплыву на ўсход.

Пасля смерці князя Рамана афіцыйная ўлада перайшла да яго малагадовага сыны Данііла пры рэгенстве маці княгіні Ганны (1205 – 1219). Іх падрымлівалі частка баярства і гарады, якім на карысць было захаванне адзінства дзяржавы і міра, што б спрыяла гандлю. Аднак рэальная ўлада ў краіне апынулася ў руках багатага галіцкага баярства на чале з Уладзіславам Кармільчычам. З прэтэнзіямі на галіцкія землі пачалі выступаць кіеўскія, суздальскія, чарнігаўскія, смаленскія князі. Перастаў аказваць дапамогу і былы галіцкі саюзнік кароль Венгрыі Андрэй ІІ. У гэтых умовах княгіня Ганна разам з сынамі Даніілам і Васількам выехала ў Польшчу да Лешкі Белага. Лешак Белы звярнуўся да Андрэя ІІ з прапановай сумесна выступіць на Галічыну для вяртання трона Даніілу. Кароль выказаў шкадаванне з-за таго, што Данііл быў пазбаўлены трона, але з ваеннай сілай не дапамог, болей за тое, уключыў Галіч і Уладзімір у свой тытул. Палітычная ўлада ў Галічыне і ў Валыні была захоплена прадстаўнікамі рода Ольгавічаў – Уладзімірам, Раманам, Расціславам, што былі сынамі Чарнігаўскага князя Ігара. Усходняя Валынь, Бэлзская зямля, Тураўскае княства, Пінскае княства адасобіліся ад Валыні пад уладай уласных князёў. Пачаліся новыя міжусобіцы. Пры гэтым асабліва трэба падкрэсліць узрастанне ў рэгіёне палітычнай і эканамічнай ролі гарадоў. Яны былі месцам знаходжання моцнага баярства, значнымі гандлёвымі цэнтрамі, мелі свае апалчэнне, што было важна ва ўмовах пастаянных міжусобіц.

У 1206 г Лешак Белы зрабіў першую пасля смерці Рамана спробу агрэсіі на Валынь, якая аднак скончылася няўдачай з-за супрацьстаяння з венграмі. Венгерскае каралеўства ў гэты час – моцная дзяржава, значна больш магутная, чым польскія княствы. У далейшым польскія князі былі вымушаны суадносіць свае памкненні з планамі венгерскіх каралёў. Тым больш, што рукі Лешаку Беламу звязвала яшчэ і небяспека з боку вялікапольскага князя Уладзіслава Ласканогага. Таму на працягу наступных гадоў пасля адмовы Андрэя ІІ пачаць сумесны паход на Галічыну актыўнасці з боку Лешака ў адносінах да Русі не назіраецца.

У 1209 г, скарыстаўшыся новым канфліктам між Ольгавічамі і занятасцю гэтымі праблемамі венгерскага караля, Лешак Белы разам з братам Конрадам Мазавецкім здзейсніў паход на Валынь. Пры падтрымцы Бэлзскага князя Аляксандра, пляменніка князя Рамана Мсціславіча, польскім атрадам удалося даволі хутка заняць Уладзімір. Князь Аляксандр зрабіў спробу праводзіць самастойную палітыку, таму на уладзімірскі трон польскія князі паставілі свайго родзіча Луцкага князя Інгвара. Але з-за слабасці сваёй улады ён у хуткім часе быў зноў заменены Аляксандрам. Хваляванні сярод баярства, незадаволенасць гарадоў і небяспека з боку прыхільнікаў Раманавічаў вымусілі Кракаўскага князя і князя Аляксандра пайсці на ўступкі княгіне Ганне і яе сыну Васільку (Данііл быў з 1207 г пры венгерскім двары) і аддаць ім Бэлзскае княства, а яшчэ раней – Бярэсце. Пры чым паслы з Бярэсця самі прасілі, каб гэты горад быў пераданы Раманавічам. Землі, перададзеныя Раманавічам, сталі ядром фарміравання адзінства краіны.

У Галічыне і Валыні моцна пашырыўся венгерскі ўплыў. Частка мясцовага баярства атрымала ў Венгрыі землі, параднілася з венгерскай знаццю. Некаторыя баяры мелі каталіцкія прозвішчы (напрыклад, Вітовіч), што гаворыць і пра рэлігійную экспансію з боку Венгрыі. Аднак у агульным становішча на тэрыторыі Валыні і асабліва Галічына было нестабільным. Хвалявалася насельніцтва акупаванай венграмі Галічыны, расла незадаволенасць у гарадах. У 1210 г войска венгерскага караля з дапамогай правенгерскай групоўкі баярына Уладзіслава Кармільчыча захапіла Галіцкага князя Рамана Ігаравіча, які мыўся ў лазні. Але нягледзячы на гэту спробу ўзмацніць венгерскі ўплыў, становішча ў краіне заставалася неспакойным.

У 1211 г, скарыстаўшыся смутай у краіне, у Галічыну ўвайшло польскае войска, якое разам з атрадамі Васількі, Аляксандра і яго брата Усевалада імнулася захапіць Галіч. Аднак з-за супрацьдзеяння галіцкіх і венгерскіх войск гэта спроба была няўдалай. Больш ўдалым для Лешака Белага быў 1213 г, калі ён дапамог брату князя Аляксандра Усеваладу адабраць у Раманавічаў Бэлз. Сам Лешак Белы ў гэты час здолеў захапіць шэраг пабужскіх гарадоў: Бярэсце, Угровіск, Стоўп, Вярэшчын, Комаў. Для Лешака гэта быў сапраўды вялікі поспех, бо аслабленыя міжусобнымі канфліктамі польскія князі хоць пастаянна і ўмешваліся ў паўднёва-рускія справы, але пэўную тэрыторыю не захоплівалі ўжо даўно. Гэтыя дзеянні Лешака Белага маюць пад сабою дзве асноўныя прычыны: жаданне павялічыць свой уплыў у Паўднёва-Заходняй Русі і барацьба супраць Раманавічаў, якія імкнуліся аб’яднаць Валынь і Галічыну.[35] Нягледзячы на страту Бэлза, пазіцыі Раманавічаў заставаліся даволі моцнымі, іх падтрымлівала частка феадалаў, гарадское насельніцтва, і нават у самім Кракаве на іх баку была групоўка феадалаў на чале з ваяводам Пакаславам.

Баярскае самакіраванне пры намінальным вяршынстве венгерскага караля ў Галічыне дасягнула свайго апагея. Спроба княгіні Ганны ўзяць уладу ў Галічы не ўдалася. Баярын Уладзіслаў Кармільчыч, які ў перыяд часовага ўзвышэння Раманавічаў выязджаў у Венгрыю, дзе ў яго былі зямельныя ўладанні, вярнуўся назад. Больш за гэта, у 1213 г баярамі Уладзіслаў Кармільчыч быў абвешчаны новым Галіцкім князем. Гэта быў проста здзіўляльны для гэтага часу і рэгіёну прэцэдэнт: на трон сеў не прадстаўнік княжацкай сям’і, а баярын.

Вясной 1214 г армія Лешака Белага, які зноў пайшоў на саюз з Раманавічамі, пачала паход на Галіч, абвясціўшы Уладзіслава Кармільчыча узурпатарам. Малапольска-валынскія атрады ўзялі Буковін, але з-за супрацьстаяння галіцка-венгерскіх войск авалодаць Галічам не здолелі. Тым не менш гэты паход яшчэ больш узмацніў пазіцыі Раманавічаў, бо Лешак перадаў ім Ціхомль і Пераміль. Услед за гэтым Раманавічы атрымалі нарэшце і намнога больш значны цэнтр – горад Уладзімір. Лешак Белы, не жадаючы ісці на новы канфлікт з нашчадкамі князя Рамана, быў вымушаны перадаць ім і сам валынскі цэнтр. Князю Аляксандру застаўся толькі Бэлз.

У гэтым жа 1214 г між Кракаўскім князем Лешакам Белым і каралём Венгрыі Андрэем ІІ у Спішы была заключана важная дамова, якая мела афіцыйна выгляд барацьбы з “узурпатарствам” Уладзіслава Кармільчыча. У згоднасці з ёй пяцігадовы сын Андрэя ІІ Кальман (Каламан) абвяшчаўся Галіцкім каралём і браўся шлюбам з трохгадовай дачкой Лешака Белага Саламеяй. Галіцка-Валынскі летапіс так распавядае пра гэтыя падзеі: “і сустрэўся [кароль Андрэй ІІ] з Лешакам у Спішы, і ўзяў дачку яго за сына свайго. І, паслаўшы [воінаў], схапіў [Андрэй] Уладзіслава [Кармільчыча] у Галічы, і заслаў яго. І ў той ссылцы ён памёр, знайшоўшы бяду племені свайму і дзецям сваім дзеля княжання, таму што ўсе князі не пашкадавалі за тое дзяцей яго”.[36] Заходняя Галічына разам з Перамышлям і Любачовам адыходзіла пад уладу Кракаўскага князя, астатняя частка Галічыны фактычна трапляла пад уплыў венгерскага караля. Гэты план быў рэалізаваны. З дапамогай венгерска-польскай арміі на чале з ваяводам Бенедыктам Борам Кальман быў пасаджаны ў Галічы. Князь Уладзіслаў Кармільчыч быў скінуты і скончыў свае дні ў галіцкай вязніцы. Паходам на адну Галічыну гэтыя масштабныя ваенныя дзеянні не абмяжаваліся, Лешак Белы пайшоў далей і захапіў Забужскія землі з Бярэсцем, Угровескам, Вярэшчынам, Комавам і Стоўп’ем. Уладзімір застаўся за Раманавічамі.

Гэты паход суправаджаўся не толькі ваеннай, але і рэлігійнай экспансіяй. Андрэй ІІ звярнуўся да Папы Інакенція ІІІ, каб той дазволіў каранаваць Кальмана і заключыць царкоўную унію з Рымам. Тым не менш мясцовае насельніцтва было праваслаўным і ідэі каталіцызма тут прыжываліся дрэнна.

У 1215 г Кальман быў каранаваны. Аднак планам венгерскага караля не было суджана ажыццявіцца. У Галічыне супраць венграў пачалося моцнае паўстанне, накіраванае супраць рэлігійнага прымусу. Легат Папы, які прыбыў у Галічыну, быў вымушаны з’ехаць адтуль. Лешак Белы адмовіўся дапамагаць венгерскаму каралю, нягледзячы на тое, што ён адабраў польскія ўладанні ў Галічыне.

Вайна ў Галічыне працягвалася яшчэ некалькі гадоў, але Андрэй ІІ быў адцягнуты ад яе пачаткам новага крыжовага паходу, а Лешак Белы – унутранымі польскімі міжусобіцамі. У рэшце рэшт Кальман пазбавіўся трону, а Галіцкім князем стаў Ноўгарадскі князь Мсціслаў Удалы (1219 – 1228), які атрымліваў падтрымку ад Лешака. Яго праўленне для Галічыны было даволі спрыяльным у сэнсе аб’яднання і ўмацавання краіны. У сваёй знешеяй палітыцы Мсціслаў абапіраўся на полаўцаў яго цесця хана Кацяна.

У той жа самы час пакрыху адбываецца і ўзвышэнне Валынскага княства. Князь Данііл змог далучыць у 1219 г да сваіх уладанняў Берасцейшчыну і Забужжа. У Бярэсці быў пасаджаны брат Данііла князь Васілька. Для ўмацавання свайго становішча князь Данііл у 1219 г заключыў пагадненне з літоўскімі князямі і прусамі пра сумесныя антыпольскія дзеянні. Пачынаюцца саюзніцкія адносіны князя Данііла з Конрадам, князем Мазовіі, якая даўно ўжо стала самастойнай дзяржавай. У 1220 г адбыўся напад венгерска-малапольскіх войскаў на Валынь і Галічыну, які быў адбіты пры падтрымцы Конрада. У 1222 г быў падпісаны мір з Малой Польшчай, які пратрымаўся 5 гадоў.

У 1223 г аб’яднанае войска рускіх княстваў, у тым ліку Галіцкага і Валынскага, атрымала паразу на Калцы. Пасля бойкі мангольскае войска адразу ж павярнула назад, і хоць пагроза нашэсця не наступіла яшчэ на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў, гэтыя падзеі сталі самотным прадчуваннем будучых разбурэнняў.

Працяг 1220-ых гадоў характэрызуецца пачаткам вайны Валыні з Кіевам і Чарнігавам і дапамогай Лешкам Белым князю Даніілу ў гэтай вайне, нягледзячы на тое, што яшчэ толькі ў 1226 г малапольскія атрады рабавалі Валынь. Дапамагаў Лешак Белы Валыні і яшчэ раней – у 1224 г – у змаганні з князем Мсціславам Удалым. Яшчэ больш шчыльным валынска-польскі саюз стаў пасля гібелі ад рук замоўшчыкаў у лістападзе 1227 г Лешака Белага і прыходу да ўлады ў Кракаве князя Конрада Мазавецкага. Новаму князю прыйшлося сутыкнуцца з моцнай апазіцыяй на чале з удавой князя Граміславай і іх малагадовым сынам Баляславам Сарамлівым, а таксама з вялікапольскім князем Уладзіславам і сілезскім князем Генрыхам Барадатым. Генрых І Барадаты (1230 – 1238), як і яго сын Генрых ІІ Набожны (1238 – 1241), праводзілі аб’яднальную палітыку, што стала магчымым дзякуючы некатораму ўзвышэнню Сілезіі ў гэты час. У 1229 г аб’яднаныя сілы князёў Конрада, Данііла і Васількі зрабілі паспяховы паход супраць вялікапольскага князя Уладзіслава Адоніча. Данііл і Васілька нават узялі Каліш. Гэты паход паспрыяў узмацненню ўлады Конрада Мазавецкага. У гэты ж час было заключана польска-рускае пагадненне не захопліваць адзін у аднаго сялян: “стварылі ж між сабой клятву русь і ляхі, калі будзе між імі ўсобіца, не ваяваць ляхам рускай чэлядзі, ні русі ляшскай”.[37]

А ў 1230 г ад Конрада Мазавецкага атрымаў дапамогу і Данііл, які, праводзячы сваю аб’яднальную палітыку, змог вярнуць сабе нарэшце галіцкі трон. Нягледзячы на тое, што саюз Валыні і Конрада Мазавецкага здаваўся трывалым, гэта не было так. Улада Конрада Мазавецкага была не вельмі ўстойлівай, таму князь Данііл вырашыў перайсці на бок Граміславы і Баляслава Сарамлівага, што выклікала абастрэнне адносін Валыні з Мазовіяй. У выніку гэтага ў 1235 – 1236 гг князям Даніілу і Васільку прыйшлося адбіваць напады венграў і мазаўшан. А ў 1237 – 1238 гг князь Данііл быў вымушаны ваяваць яшчэ з аднымі саюзнікамі мазаўшан – крыжакамі з Добжынскага ордэна на чале з магістрам Бруна, што ён рабіў, дарэчы, вельмі паспяхова.

У 1237 г пачалося вялікае нашэсце мангольскіх ордаў хана Батыя на Русь. У 1237, 1238, 1239 гг мангольскія войскі ішлі праз землі княстваў Русі, захопліваючы адзін горад за другім і несучы з сабою смерць і разбурэнні. У 1240 г паў адзін са старажытных цэнтраў Русі – Кіеў. Як бы гэта парадаксальна не гучала, час найбольшых разбурэнняў і смутку ў гісторыі многіх княстваў Русі стаў часам пачатку новага вялікага ўзвышэння Валынскага княства, на чале якога стаяў магутны князь Данііл, што ў шырыні сваёй палітычнай дзейнасці нават пераўзыйшоў свайго бацьку, князя Рамана. У 1238 г князь Данііл канчаткова далучыў да сваіх уладанняў Галіч, аднавіўшы гэтым Галіцка-Валынскае княства. Галіцка-Валынскае княства ва ўмовах, калі на тэрыторыі большай часткі астатняй Русі панавала феадальная дробнасць, міжусобіцы і мангольскае разбурэнне, стала самай буйной і моцнай дзяржавай рэгіёну. У 1238 г князь Данііл прадставіў свае прэтэнзіі на Кіеў. Чарнігаўскі князь Міхаіл, што ўладарыў у той час у Кіеве, збег перад тварам мангольскага нашэсця. Новы Кіеўскі князь Уладзімір Рурыкавіч хутка памёр. Адхіліўшы прэтэнзіі на горад Смаленскага князя Расціслава, князь Данііл далучыў Кіеў да сваіх уладанняў і пасадзіў там ваяводам Дмітра. Аднак далейшаму ўздыму Галіцка-Валынскага княства перашкаджалі манголы, якія ўжо падыходзілі да яго земляў. Разумеючы ўсю моц мангола-татарскай арды, князь Данііл вырашыў не выступаць супраць яе з усім сваім войскам і разам з сынам Львом выехаў у Венгрыю да караля Бэлы ІV, каб перачакаць нашэсце там. У 1241 г манголы дасягнулі Галіцка-Валынскага княства і прайшлі праз яго, захапіўшы сталічныя Галіч і Уладзімір і спаліўшы шэраг больш дробных гарадоў. Цікава, што адносна невялікія гарады Данілаў і Краменец манголы ўзяць так і не здолелі. Прайшоўшы праз землі Русі, татары пайшлі далей дзвюма шляхамі: з Уладзіміра на Польшчу і з Галіча на Венгрыю. У Польшчы, як і паўсюль, манголы неслі вялікія спусташэнні, хоць і атрымлівалі жорсткі адпор. Падыйшоўшы да Сандаміра, яны “спустошылі і горад, і Сандамірскую зямлю, не пашкадаваўшы ні полу, ні ўзросту”.[38] Тое ж назіраласяі ў іншых месцах. У сакавіку 1241 г паў Кракаў. У красавіку адбылася бойка пад Легніцай, у якой загінуў сілезскі князь Генрых ІІ Набожны (яго спадчыннікам стаў яго сын Генрых ІІІ). У 1241 жа годзе ў бітве пры Шаё загінула войска венгерскага караля Бэлы ІV. Мангольскае наступленне выдахлася толькі каля далмацінска-італьянскага ўзбярэжжа, калі хан Батый, даведаўшыся пра смерць вялікага хана Угэдэя, павярнуў назад.

Пасля адыходу манголаў за Карпаты князь Данііл вярнуўся на радзіму, пачаўся перыяд адраджэння Галіцка-Валынскага княства. Князь Данііл сутыкнуўся з неабходнасцю, па-першае, змагацца з ўмацаваўшымся баярствам, па-другое, аднаўляць гаспадарку краіны. І ў тым, і ў другім Данііл дзейнічаў з плёнам. Ён зламаў уладу баяр і зноў аб’яднаў сваю краіну. Многія феадалы былі пераможаны нават з дапамогай ваеннай сілы. Не выключэннем стала і духоўная знаць. Так, Данііл захапіў епіскапа Перамышльскага і разрабаваў яго ўладанні. Епіскапа Галіцкага выгнаў з краіны, Угроўскага епіскапа пазбавіў сана метрапаліта, а яго епіскапства закрыў. Новым мітрапалітам Русі без узгаднення з Нікейскім патрыархам Данііл прызначыў свайго канцлера Кірыла. Хутка аднаўлялася і гаспадарка краіны. Сюды сталі прыходзіць рамеснікі і сяляне з іншых, больш разбураных, зямель, вярталіся бежанцы.

Правёўшы два гады ў Заходняй Еўропе, на Русь сталі вяртацца манголы, але гэты іх праход праз землі Галіцка-Валынскага княства не прынёс значных спусташэнняў. Знешняя палітыка князя Данііла была накіравана на барацьбу з польскім князем Баляславам Сарамлівым і Венгрыяй, якія падтрымлівалі галіцкае баярства. У Польшчы князь Данііл падтрымліваў Кракаўскага князя Конрада Мазавецкага (1241 – 1243) і ваяваў з наступным малапольскім князем Баляславам V Сарамлівым (1243 – 1279). У 1245 г пачаўся сумесны паход венгерска-польскага войска супраць Галіцка-Валынскага княства. У гэтай вайне на баку князя Данііла выступіла Літоўскае княства.

Да сярэдзіны ХІІІ ст на частцы заходняй тэрыторыі сучаснай Беларусі і ўсходняй частцы сучаснай Літвы пачалося фарміраванне новай дзяржавы. У той час яшчэ нішто не паказвала, што ёй прыгатавана вялікая будучыня. Князь Міндоўг пачаў збіраць пад сваёй уладай землі ў гэтым рэгіёне, якія склалі дзяржаўнае ўтварэнне, вядомае як Літоўскае княства. У сваёй знешняй палітыцы Міндоўг стаў саюзнікам Данііла Галіцкага. Пры дапамозе князёў Міндоўга і Конрада Мазавецкага ў жніўні 1245 г Даніілу Галіцкаму ўдалося перамагчы войскі Баляслава V і Венгрыі.

Яшчэ адным старым ворагам Данііла Галіцкага быў Чарнігаўскі князь Расціслаў, з якім у 1241 – 1245 гг вялася вайна. Расціслава падтрымлівала Малая Польшча. У 1245 г князь Данііл з братам Васількам і сынам Львом паставілі кропку і ў гэтаў справе, перамогшы Расціслава і яго саюзнікаў у бітве пры Яраславе на рацэ Сан. З гэтага моманту становішча Данііла яшчэ больш умацоўваецца. У 1245 г Данііл перанёс сваю рэзідэнцыю ў пабудаваны горад Холм, які вельмі любіў і шмат зрабіў для ўладкавання жыцця ў ім. Данііл заснаваў таксама горад Львоў, які назваў у гонар свайго сына Льва.

Тэрыторыя амаль усёй Усходняй і Паўднёвай Русі з канца 30-ых пачатка 40-ых гг ХІІІ ст апынулася ў залежнасці ад мангольскай дзяржавы, на чале якой пасля смерці Угэдэя стаў Батый. Тэрыторыі Русі не былі ўключаны ў склад гэтай дзяржавы прама, захоўваліся асобныя княствы на чале з князямі, якім аднак мангольскія ханы выдавалі ярлыкі на княжанне. Галіцка-Валынскае княства было фактычна самай моцнай дзяржавай рэгіёну, значна больш трывалай, чым многія іншыя княствы. Але калі ўлічыць, што мангольская дзяржава ў той час была вельмі моцнай, наўрад ці Галіцка-Валынская Русь адна магла адкрыта супрацьстаяць ёй. Спецыфіка палітыкі князя Данііла заключалася як раз у тым, што тады ён і не збіраўся гэтага рабіць. Князь вырашыў прызнаць сваю залежнасць ад манголаў, каб захаваць спакой у сваёй дзяржаве, што пазітыўна ўплывала на яе далейшае развіццё. У 1245 – 1246 гг Данііл ажыццявіў паездку ў сталіцу Арды Сарай, дзе сустракаўся з Батыем і прызнаў сваю залежнасць ад яго. Батый, у планы якога тады таксама не ўваходзіла сутыкненне з Галіцка-Валынкім княствам, добра сустрэў Данііла і заключыў з ім адмысловае пагадненне на падтрымку.

Разумная і паспяховая палітыка князя Данііла дазволіла Галіцка-Валынскаму княству да 50-ых гг ХІІІ ст уступіць у перыяд росквіту. Князь Данііл наладжвае ў гэты час сувязі з цэлым шэрагаі еўрапейскіх краін, і яго палітыка такім чынам выходзіць на ўзровень агульнаеўрапейскай, што даўно ўжо не было характэрна для князёў Русі. Добрыя адносіны з манголамі яшчэ больш паспрыялі гэтаму. Наладзіліся адносіны і з Венгрыяй. У 1247 г сын Данііла Леў ажаніўся з дачкой караля Венгрыі Бэлы ІV. Гэта дазволіла Даніілу прыняць удзел у барацьбе Венгерскага і Чэшскага каралёў за аўстрыйскую спадчыну (паход 1248 г). У 1252 г сын князя Данііла Раман ажаніўся са спадчынніцай Аўстрыйскага герцагства Гертрудай, што дазволіла Даніілу заявіць свае прэтэнзіі на гэту тэрыторыю.[39] Цяжка ўявіць, каб знешняя палітыка якога-небудзь іншага князя Русі мела такі размах. Умацаваўшы свае пазіцыі, Данііл стаў умешвацца і ў ардынскія справы. Пры падтрымцы Данііла ярлык на Вялікае Уладзімірскае княжанне атрымаў муж яго дачкі Усцінні Ганны князь Андрэй Яраславіч. Аднак у 1252 г ярлык быў перададзены болей лаяльнаму князю Аляксандру Яраславічу (Неўскаму). У сувязі з гэтым пачалося пагаршэнне адносін князя Данііла з Ардой. У гэты час мангольскі цемнік у Паўднёва-Заходняй Русі Курэмса ажыццявіў напад на памежныя землі Галічыны і захапіў Бакоту.

Рымская курыя ўжо даўно мела планы магчымага распаўсюджвання каталіцызму ў Паўднёва-Заходняй Русі. Зараз гэта стала актуальна яшчэ і ў святле неабходнасці змагання з манголамі. У 1252г Папа Рымскі Інакенцій ІV (1243 – 1254) звяртаецца да князя Данііла з прапановай прыняць удзел у крыжовым паходзе супраць Арды, за што абяцае яму каралеўскую карону. Адначасова вяліся перамовы і пра магчымую унію з каталіцкай царквой. Данііл згаджаецца на прапанову Папы. У 1253 г Інакенцій ІV абвясціў крыжовы паход супраць Арды, прызваўшы да ўдзелу ў ім хрысціян Багеміі, Маравіі, Сербіі, Памераніі, Тэўтонскага ордэна, Літоўскага княства і Галіцка-Валынскай Русі. Аднак рэальна ў той час супраць татар ваенныя дзеянні пачало толькі Галіцка-Валынскае княства. Тут Данііл дзейнічаў таксама вельмі паспяхова: ён вызваліў Луцк, Бакоту, іншыя гарады Пабужжы і Валыні, распачаў наступленне на Кіеў, дзе княжыў Аляксандр Неўскі. Такім чынам, Данііл Галіцкі стаў першым рускім уладаром, якому ўдалося сваімі сіламі нанесці паразу манголам. Вяршыняй палітычнай дзейнасці Данііла ў гэты час стала прыняцце тытула караля і каранацыя ў студзені 1254 г у Драгічыне. Тым не менш, не атрымаўшы ваеннай падтрымкі ад сваіх саюзнікаў, Данііл не спяшаўся з лацінізацыяй сваіх земляў. Незадаволены гэтым, новы Папа Аляксандр ІV у 1255 г дазволіў каралю Літвы Міндоўгу ваяваць Галіцка-Валынскае княства.

Літоўскае княства ў сярэдзіне ХІІІ ст уяўляла сабой аб’яднанне земляў з цэнтрам у Навагародку (сучасны Навагрудак у Гродненскай вобласці Беларусі). Князь Міндоўг, які ўласна і аб’яднаў гэтыя землі, усталяваў добрыя адносіны з Рымам і ў 1253 г каранаваўся як кароль. Адносіны з Даніілам у той час у яго былі добрыя, сын апошняга Шварн ажаніўся з дачкой Міндоўга. Аднак неўзабаве адносіны між Літоўскім і Галіцкім каралямі пагоршыліся, на што паўплывала і адмова Папы ад падтрымкі Данііла. У 1255 г Данііл быў вымушаны спыніць паход на Кіеў, каб сустрэцца з войскам Міндоўга, якое Галіцкаму каралю ўдалося разбіць. Далейшыя адносіны паміж дзвюма дзяржавамі былі напружанымі. З гэтага часу Данііл спыніў адносіны з Рымскім прастолам, але захаваў каралеўскі тытул для сябе і права на гэты тытул для сваіх нашчаткаў. Нашчадкі Данііла будуць называць сябе “Rex Russiae” і “duces totius terrae Russiae, Galicie et Ladimirie” (“кароль Русі” і “князь усёй зямлі Рускай, Галіцкі і Уладзімірскі”).

Другая палова 1250-ых і пачатак 1260-ых гг характэрызаваліся развіццём складаных адносін Галіцка-Валынскай дзяржавы з манголамі, Польшчай і Літоўскай дзяржавай. У 1258 г брат Данііла князь Васілька ўдзельнічаў у сумесным карным паходзе манголаў і галічан на Літоўскую дзяржаву. У 1259 г Данііл не падпарадкаваўся патрабанням хана Бурундая і не паехаў у Арду (адправіў замест сябе сына Льва), з-за чаго быў вымушаны часова з’ехаць у Польшчу. Застаўшыся ў той час фактычна без саюзнікаў, Данііл пайшоў на ўступкі Бурундаю і дазволіў зрыць умацаванні ў шэрагу галіцкіх гарадоў. У гэтым жа годзе Данііл, Васілька і Бурундай ажыццяўляюць сумесны паход у Польшчу супраць князя Баляслава V. Ваенныя дзеянні былі праведзены з поспехам: саюнікам удалося на некаторы час ўзяць такія значныя цэнтры, як Сандамір і Люблін. “Перад святам Св. Андрэя [дзеля выкуплення] грахоў хрысціян у Сандамірскую зямлю ўварваліся татары з прусамі, рускімі, куманамі і іншымі народамі і брыдка яе спустошылі рабаўніцтвам, падпаламі і забойствамі”[40] , - так распавядае пра гэты паход Вялікапольская хроніка. Тым не менш, шырокім планам Данііла па распаўсюджванню свайго ўплыву на Польшчу з-за мангольскай пагрозы не суджана было спраўдзіцца.

Да апошніх знешепалітычных акцый караля Данііла можна аднесці новую вайну з Літоўскай дзяржавай і паходы на яцвягаў. Вайна з Літоўскай дзяржавай распачалася ў 1260 г, калі атрады сына Міндоўга Наваградскага князя Войшалка ажыццявілі напад на Луцк і забілі сына Данііла Рамана. Толькі паспяховыя ваенныя дзеянні Валынскага князя Васількі схілілі Міндоўга да міра ў 1262 г. У гэты час Данііл ажыццявіў некалькі паходаў на яцвягаў і ў рэшце рэшт змог разбіць іх прымусіў плаціць сабе даніну.

Кароль Галічыны і Валыні Данііл памёр у 1264 г у Холме і быў пахаваны там жа. Спадчыннікам Данііла на галіцкім троне стаў яго старэйшы сын Леў (1264 – 1301). Ён атрымаў каралеўскі тытул, а таксама Перамышльскае княства і Львоў, які стаў цэнтрам яго ўладання. Але яго ўладаранне над Галіцка-Валынскай Руссю не было адзінаасобным. Брат Льва Шварн (1264 – 1269; Вялікі князь Літоўскі ў 1267 – 1269) атрымаў Холмскае княства, Драгочынскае княства і горад Галіч і час ад часу таксама карыстаўся каралеўскім тытулам.[41] Асноўную ролю ў праўленне Шварна і першую частку праўлення Льва адыгрываў літоўскі напрамак у палітыцы. Пасля забойства ў 1264 г Міндоўга яго спадчыннікам стаў сын Войшалк (Св. Лаўрыш; 1264 – 1267). Шварн яшчэ да гэтага часу быў саюзнікам Войшалка і дапамагаў яму ў паходзе супраць Мазовіі. Пасля смерці Міндоўга Шварн застаўся саюзнікам Войшалка і дапамагаў яму ў барацьбе з сіламі феадальнай апазіцыі. Нядоўгае праўленне Войшалка тым не менш для Літоўскай дзяржавы мела вялікі сэнс: калі ў час праўлення Міндоўга яна часта яшчэ мела невыразныя абрысы, то пры яго сыне стала зразумела, што ў Панямонні ўзнікла новая рэальная дзяржава. Войшалк павялічыў тэрыторыю сваёй дзяржавы, далучыўшы да яе Нальшаны і Дзяволту. У гэтым яму дапамогу аказваў Шварн. Шварн як муж сястры Войшалка меў права на літоўскі трон. Працягваючы палітыку свайго бацькі, Леў таксама марыў завалодаць Літоўскай дзяржавай. Разумеючы ўсё гэта, для ўмацавання сваёй дзяржавы Войшалк ажыццявіў разумны палітычны крок і абвясціў Шварна сваім суправіцелем. Пасля чарговага зыходу “князя-манаха” у манастыр Шварн стаў фактычным кіраўніком дзяржавы. Адносіны ж Войшалка і Льва былі вельмі напружаныя. Для абмеркавання канфлікту між імі яны сустрэліся на перамове ў красавіку 1267г, калі Леў забіў Войшалка. Пасля гэтага, у 1267 – 1269 гг, Шварн кіраваў Літоўскай дзяржавай самастойна. Пасля смерці Шварна пры невядомых абставінах у 1269 г Леў зноў высунуў сваю кандытатуру на літоўскі прастол, але з гэтага нічога не атрымалася. Новым Вялікім князем Літоўскім стаў Тройдзень, і галіцкі ўплыў на Літоўскую дзяржаву значна паменшыўся.

Галіч, Холм і Драгочын пасля смерці Шварна адышлі да Льва, які стаў паўнаўладным каралём. Праўда, пэўную аўтаномію, як і раней, захоўвала Валынь. Пасля смерці князя Васількі (1231 – 1269) яе князямі былі Уладзімір Васількавіч (1269 – 1289), Мсціслаў Данілавіч (1289 – пасля 1292). Пасля 1292 г Валынь перайшла пад прамое кіраванне князя Льва.

Кароль Леў працягваў ва многім палітыку свайго бацькі па ўмацаванню дзяржавы і развіццю кантактаў з іншымі краінамі. Ён падтрымліваў актыўныя дыпламатычныя сувязі з Чэхіяй, Венгрыяй, Літвой, Тэўтонскім ордэнам. Пры Даніілу сталіцай Галіцка-Валынскай дзяржавы быў Холм. Леў у 1272 г перанёс сталіцу ва Львоў, які стаў з гэтага часу ператварацца ў буйны палітычна-эканамічны цэнтр рэгіёну. У знешняй палітыцы Льва з канца 60-ых – пачатку 70-ых гг ХІІІ ст асабліва важным становіцца заходні напрамак. У 1269 г і 1273 – 1274 гг ён разам з братам Мсціславам і стрыем Уладзімірам Васількавічам ажыццявіў паспяховыя паходы супраць яцвягаў, але асабліва значнымі на заходнім напрамку былі адносіны з Польшчай.

Польшча ў другой палове ХІІІ ст заставалася раздробленай краінай. У 1279 г памёр князь-прынцэпс Баляслаў V Сарамлівы. Кароль Чэхіі Вацлаў ІІ абвясціў сябе прэтэндэнтам на польскі трон і разам са сваім саюзнікам каралём Львом распачаў ваенны паход, каб здабыць Кракаў. Але паход быў няўдалы і кракаўскія феадалы выбралі новым князем Лешака Чорнага (1279 – 1288), мужа пляменніцы жонкі Баляслава V Грыфіны. Аднак Леў не адмовіўся ад планаў пашырэння галіцкага ўплыву на Польшчу, якія выношваў яшчэ Данііл, і распачаў доўгую барацьбу з Лешакам Чорным. На гэтым этапе Леў падтрымліваў новага кандыдата на кракаўскі трон – Баляслава, князя Мазавецкага (памёр у 1313), які быў сынам яго сястры Пераяславы. У 1281 г Лешак Чорны ўварваўся ў Галіцка-Валынскае княства, захапіў Перавораск, тым часам яшчэ адзін польскі атрад разрабаваў берасцейскія землі, хоць і атрымаў мужнае супраціўленне ваяводы Ціта.

У другой палове ХІІІ ст Галіцка-Валынскае княства на чале з каралямі Даніілам і Львом аб’яднала фактычна ўсю тэрыторыю Паўднёва-Заходняй Русі. Па-за яго межамі знаходзілася толькі Карпацкая Русь. Гэта тэрыторыя ў Х – ХІ стст уваходзіла ў склад Кіеўскага княства. Пачынаючы з ХІ ст, гэты рэгіён стаў паступова захоплівацца венгерскімі феадаламі, і ў ХІІІ ст фактычна ўся тэрыторыя Карпацкай Русі ўжо была ў складзе Венгрыі. Каля 1280 г кароль Леў Галіцкі ў выніку ваеннага паходу далучыў да Галіцка-Валынскай дзяржавы частку Закарпацця з горадам Мукачава.

Спадзяваючыся на ажыццяўленне сваіх планаў у Польшчы, Леў Галіцкі ў 1283 – 1287 гг разам з манголамі, з якімі ў яго былі даволі спакойныя адносіны, удзельнічаў у паходах у Польшчу, якія былі, дарэчы, няўдалымі. У 1288 г, пасля смерці князя Лешака Чорнага, Кракаўскім князем стаў Генрых ІV Сумленны (1288 – 1290). Вядомы яшчэ, як Генрых ІV Пробус, ён быў князем Сілезіі (1266 – 1290), трон якой перайшоў яму па спадчыне ад бацькі Генрыха ІІІ. Даўняя мара сілезскіх князёў стала рэальнасцю – адзін з іх заняў кракаўскі трон, аднак вельмі ненадоўга. Генрых ІV змагаўся з прэтэндэнтам на кракаўскі прастол – князем Баляславам Земавітавічам Мазавецкім, які быў саюзнікам караля Льва. У 1290 г Баляслаў і Леў распачалі вайну з Генрыхам ІV. Для караля Льва, у адрозненне ад папярэдніх паходаў на Польшчу, гэты паход быў даволі паспяховым. Ён нават каля 1290 г здолеў захапіць Люблінскую зямлю з самім Люблінам, якія былі часова далучаны да Галіцка-Валынскай дзяржавы, што было несумненным поспехам палітыкі Льва.

Феадальная вайна ж у Польшчы скончылася ў 1295 г каранацыяй Пшэмысла ІІ (1295 – 1300), які змог на некаторы час аб’яднаць Вялікую і Малую Польшчы і Усходняе Памор’е. Пшамысл ІІ быў атручаны. Аднак у 1300 г Польскім каралём быў каранаваны Чэшскі кароль Вацлаў ІІ (1300 – 1305), які здзейсніў сваю даўнюю мэту і атрымаў польскі трон. Кароль Вацлаў ІІ змог аб’яднаць амаль усе польскія землі, за выключэннем Сілезіі і Добжынскай зямлі.[42] У ХІV ст Польшча ўступіла пасля доўгага перыяду дробнасці фактычна адзінай краінай, што стала прадчуваннем новага яе ўздыму.

Галіцкі кароль Леў даўно жадаў ліквідаваць адмысловую аўтаномію Валыні. Яшчэ пасля смерці ў 1289 г яе князя Уладзіміра Васількавіча ён хацеў перадаць валынскі трон сабе ці сыну Юрыю, але Валынскім князем стаў Мсціслаў Данілавіч. Толькі пасля смерці апошняга Леў Галіцкі змог сам стаць князем Валыні. Перад сваёй смерцю князь Леў здзейсніў яшчэ адзін паход у Польшчу, хоць трэба прызнаць, што поўнасцю сваіх мэтаў у гэтым напрамку ён не дасягнуў.

Кароль Леў памёр у 1301 г. Новым Галіцка-Валынскім каралём стаў яго сын Юрый ( Георгій; 1301 – 1308), пры якім у Галіцка-Валынскай дзяржаве працягвала захоўвацца адносная стабільнасць.
У другой палове ХІІ ст і Польшча, і Паўднёва-Заходняя Русь не ўяўлялі сабой яшчэ адзіных дзяржаўных утварэнняў. Палітычная дробнасць, феадальныя войны, дынастычныя канфлікты былі звычайнай справай. У гэты час адбываецца шэраг канфліктаў між суседнімі княствамі Польшчы і Русі, якія ў асноўным не мелі вялікай масштабнасці. Аднак ужо ў гэты час у Паўднёва-Заходняй Русі пачынаецца важная палітычная тэндэнцыя да з’яўлення моцнай дзяржаўнасці. Цэнтрамі такой дзяржаўнасці былі Валынь і Галічына. Адносіны польскіх земляў з Кіевам, што ўжо не ўяўляе сабой некай асабліва значнай палітычнай сілы, аслабляюцца. На першы план выходзяць польска-галіцка-валынскія адносіны. Малапольскія князі, безумоўна, імкнуцца да экспансіі як тэрытарыяльнай, так і рэлігійнай на гэтыя землі, аднак, ва ўмовах дробнасці Польшчы і адначасовай венгерскай экспансіі ў Паўднёва-Заходнюю Русь, зрабіць ім гэта вельмі цяжка. У 1199 – 1205 гг князь Раман аб’ядноўвае Галічына і Валынь у адзіную дзяржаву і нават далучае Кіеў. Нягледзячы на хуткі распад гэтай дзяржавы, яе існаванне паказала магчымасць стварэння моцнай паўднёва-рускай дзяржаўнасці.

Новая дробнасць у 1205 – 1230-ых гг выклікала сабой узмацненне экспансіі ў Паўднёва-Заходнюю Русь Польшчы і Венгрыі, як ваенна-палітычнай, так і рэлігійнай. Нягледзячы на некаторыя поспехі ў гэтым сэнсе (абвяшчэнне Каламана Венгерскага Галіцкім каралём у 1213 – 1215гг, часовы падзел Галічыны між Польшчай і Венгрыяй), у 1238 г зноў з’яўляецца адзіная і моцная Галіцка-Валынская дзяржава. Умела пераадольваючы мангольскую пагрозу і змагаючыся з феадальнай апазіцыяй, яе князь Данііл адстойвае незалежнасць сваёй дзяржавы і ў 1254 г прымае тытул караля. У часы праўлення Данііла і яго сына Льва Галіцка-Валынская дзяржава з’яўляецца моцнай еўрапейскай краінай, якой і ўваходзіць у ХІV ст.

Польска-галіцкія адносіны ў другой палове ХІІІ ст заставаліся напружанымі. Галіцкія каралі ўмешваюцца ў дынастычныя канфлікты ў Польшчы, падтрымліваюць там спрэчных кандыдатаў на прастол. Аднак да ХІV ст Польшча, пасля доўгіх часоў дробнасці і смут, падыходзіць зноў аб’яднанай краінай на чале з моцнымі каралямі–Пшэмыслам ІІ і Вацлавам ІІ. У ХІV ст пачынаецца новы ўздым Польскай дзяржавы.

1   2   3


База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка