Міжнародная праблематыка на старонках раеннага друку




Дата канвертавання16.03.2016
Памер113.33 Kb.


Алена Кунахавец-Плявака

Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт
МІЖНАРОДНАЯ ПРАБЛЕМАТЫКА

НА СТАРОНКАХ РАЕННАГА ДРУКУ

(на матэрыяле іванаўскай газеты «Чырвоная звязда»)
Ва ўсе часы галоўнай каштоўнасцю рэгіянальных выданняў была і застаецца паўната адлюстравання мясцовага жыцця. Пытанні палітычнага, эканамічнага, культурнага і сацыяльнага развіцця рэгіёна знаходзяць сваё пачэснае месца на старонках раённых газет. Аднак у апошнія дзесяцігоддзі рэгіянальны друк Беларусі перажывае каардынальныя змены: мясцовыя выданні вымушаны адаптоўвацца да рыначных умоў, змяняць стратэгіі рэдакцыйнай палітыкі, нанова заваёўваць чытача. Чалавеку XXI стагоддзя важна арыентавацца ў навакольным асяроддзі – не толькі ў сваім працоўным калектыве, у рэгіёне, дзе ён пражывае, але і быць дасведчаным адносна падзей, што адбываюцца ў краіне і свеце. Як паказвае практыка, з апошнім у мясцовых выданняў ёсць пэўныя праблемы. Адсутнасць цікавасці, асабліва ў рэгіянальнай прэсы, да міжнароднай праблематыкі айчынны даследчык Б.Л. Залескі называе адной з самых вострых праблем сучаснай міжнароднай журналістыкі на постсавецкай прасторы: «Гэта прывяло да таго, што ў большасці сродкаў масавай інфармацыі сёння страчана ніць развіцця міжнародных падзей, што ва ўмовах глабалізацыі інфармацыйных працэсаў багата негатыўнымі наступствамі як светапогляднага, так і цалкам прагматычнага характару» [1, с. 33].

Падводзячы вынікі кантэнт-аналізу тэматычнай дыферэнцыяцыі зместу іванаўскай раённай газеты «Чырвоная звязда» (генеральную сукупнасць даследавання склалі 62 нумары, якія выйшлі ў свет у перыяд з 1 чэрвеня па 31 снежня 2015 года – заўвага аўтара), можна зрабіць выснову: асвятленне міжнароднай тэматыкі на старонках выдання носіць павярхоўны і фрагментарны характар. Падзей міжнароднага жыцця тычацца 3,08% матэрыялаў, пры гэтым у некаторых нумарах «Чырвонай звязды» публікацыі міжнароднай тэматыкі ўвогуле адсутнічаюць, у некаторых можна знайсці адну-дзве нататкі. Дарэчы, гэты жанр карыстаецца найбольшай папулярнасцю ў супрацоўнікаў мясцовага выдання. Іншы раз пры асвятленні міжнародных падзей журналісты «раёнкі» звяртаюцца да жанраў інтэрв’ю і справаздачы, вельмі рэдка сустракаецца рэпартаж і каментарый. Часам ў такіх матэрыялах можна знайсці элементы аналітыкі, аднак у чыстым выглядзе гэтая група жанраў на старонках выдання не прадстаўлена. На наш погляд, звязана гэта з тым, што журналістам раённых газет не заўсёды хапае часу і (галоўнае) жадання для глыбокага асэнсавання праблемы, яе аналізу. Прасцей падрыхтаваць невялікі інфармацыйны матэрыял на аснове звестак, атрыманых з разнастайных інтэрнэт-рэсурсаў, напісаць тое, што «чулі і бачылі». Выкарыстанне такой неправеранай інфармацыі садзейнічае тыражыраванню замежных пунктаў гледжання як адзіна правільных і аб’ектыўных. Для вырашэння гэтай праблемы мэтазгодным бачыцца расшырэнне штата рэдакцыі ўвядзеннем новай творчай адзінкі – міжнароднага аглядальніка, які б спецыялізаваўся выключна на маніторынгу падзей міжнароднага жыцця, вызначаў іх ролю, прагназаваў развіццё сітуацый і паведамляў бы пра гэта ў сваіх публікацыях. Сёння ж гэтыя абавязкі выконвае любы творчы супрацоўнік выдання: загадчык аддзела сельскай гаспадаркі і прамысловасці, загадчык аддзела пісьмаў і масавай палітыкі, фотакарэспандэнт і нават рэдактар, што, безумоўна, пакідае адбітак на якасці такіх матэрыялаў.

Публікацыі міжнароднай тэматыкі на старонках «Чырвонай звязды» можна знайсці ў рубрыках «Коратка пра галоўнае: у вобласці, у краіне, у свеце», «Дзяржаўны клопат: Прэзідэнт. Народ. Краіна», «Актуальнае інтэрв’ю» і «Тэма тыдня». Апошняя рубрыка аднайменная мультымедыйнаму прадукту «БелТА», які вядучае інфармацыйнае агенства нашай рэспублікі распрацавала спецыяльна для рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыіі. «Беларусь зацікаўлена ў крэдыце МВФ з улікам нацыянальных інтарэсаў», «Візіт Прэзідэнта Сербіі ў Беларусь», «Прэзідэнт Беларусі прыняў актыўны ўдзел у 70-й сесіі Генеральнай асамблеі ААН», «Другі Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі прайшоў 17-18 верасня ў Сочы», «Развіццё двухбаковых адносін Беларусі і Кітая» – большасць матэрыялаў гэтай рубрыкі тычацца ўмацавання знешнеэканамічных і знешнепалітычных сувязей нашай краіны, дзейнасці Прэзідэнта і Урада. Дзякуючы творчай падтрымцы супрацоўнікаў «БелТА», мясцовыя выданні атрымліваюць інфармацыю, як кажуць, з першых вуснаў, а чытач, у сваю чаргу, мае магчымасць на старонках любімай «раёнкі» знаёміцца з падзеямі рэспубліканскага маштабу і міжнароднага жыцця. Аднак, на жаль, многія рэдакцыі рэгіянальных выданняў абмяжоўваюцца мультымедыйным прадуктам інфармацыйнага агенства: на старонках мясцовых газет пераважная большасць матэрыялаў міжнароднай тэматыкі носіць глабальны характар і ўвогуле не прадстаўлены рэгіянальны інфармацыйна-аналітычны ўзровень, які «ахоплівае, вывучае і адлюстроўвае ў беларускай прэсе міжнародную прысутнасць і ўзаемадзеянне асобных рэгіёнаў ва ўсіх яго праявах з міжнароднымі арганізацыямі, замежнымі краінамі, юрыдычнымі і фізічнымі асобамі» [2, с. 41]. Інакш кажучы, на дадзеным узроўні міжнароднай тэматыкі журналісты павінны асвятляць супрацоўніцтва гарадоў, раёнаў і абласцей нашай краіны з замежнымі партнёрамі, якое ажыццяўляецца практычна ва ўсіх сферах жыццядзейнасці чалавека (палітыка, эканоміка, культура, сацыяльная сфера).

Аналіз матэрыялаў «Чырвонай звязды» паказаў: 60% публікацый міжнароднай тэматыкі тычацца падзей рэспубліканскага маштабу, міжнародных сувязей нашай краіны («Беларуская пісьменніца – Нобелеўскі лаўрэат» – 13 кастрычніка 2015 года; «Новая старонка ў адносінах з Аўстрыяй» – 16 кастрычніка 2015 года; «Лідар Беларусі – на свяце Перамогі ў Пекіне» – 4 верасня 2015 года і г.д.). Паказальна, што 8,33% публікацый не звязаны непасрэдна з Беларуссю, аднак, на думку рэдакцыі, могуць выклікаць пэўную цікавасць у чытацкай аўдыторыі. Па-першае, таму што закранаюць інтарэсы краін-суседзяў, стратэгічных партнераў нашай рэспублікі. Па-другое, таму што раскрываюць тэмы, якія набылі шырокі міжнародны рэзананс. Напрыклад, у матэрыяле «З Азіі – у Еўропу», размешчаным у № 80 ад 27 лістапада мінулага года, ўзнімаецца тэма бежанства, у матэрыяле «Терроризму противостоит бдительность», які выйшаў у свет пад рубрыкай «Это в интересах каждого из нас», каррэспандэнт іванаўскай «раёнкі» закрануў адну з самых складаных праблем сучаснасці (№78 ад 20 лістапада 2015 года). Штуршком да напісання гэтай публікацыі сталі тэрарыстычныя акты ў Парыжы, якія забралі жыццё каля паўтары сотні чалавек і, безумоўна, не змаглі пакінуць абыякавай сусветную грамадскасць.

Пераважная большасць матэрыялаў міжнароднай тэматыкі, якія публікуюцца на старонках «Чырвонай звязды», тычыцца ўзаемааадносін Беларусі з краінамі-суседзямі: Расія – 37,5% матэрыялаў, Польшча – 25%, Украіна – 7,5%. З усходняй суседкай нашу рэспубліку аб’ядноўвае не толькі агульнае мінулае, але і агульнае імкненне да далейшага пашырэння ўсебаковага супрацоўніцтва, таму лідарства Расіі па частаце звароту журналістаў зразумела: «ГазпромЦентр – яркий символ союзных отношений Беларуси и России» – 4 верасня 2015 года; «Беларусь падтрымлівае дзеянні Расіі ў Сірыі» – 3 лістапада 2015 года; «Першы візіт – у Расію» – 20 лістапада 2015 года. Асаблівыя эканамічныя і культурныя стасункі звязваюць нашу ўсходнюю суседку і з Іванаўшчынай. Па-першае, Расія з’яўляецца асноўным рынкам збыту для беларускага вытворцы піваварнага соладу, найбуйнешага прадпрыемства Іванаўскага раёна ААТ «Белсолад» («Реалии и перспективы Белсолода» – 11 верасня 2015 года) Па-другое, менавіта адсюль, з Беларускага Палесся, бярэ пачатак род знакамітага рускага пісьменніка Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага: непадалек ад аграгарадка Дастоева археолагі знайшлі фундаменты радавога маёнтка продкаў пісьменніка. Яшчэ ў 2011 годзе на ўзроўні двух урадаў, паміж прэм’ер-міністрам Рэспублікі Беларусь і прэм’ер-міністрам Расійскай Федэрацыі была дасягнута дамоўленасць аднавіць аб’ект за кошт сродкаў Саюзнай дзяржавы. Журналісты «раёнкі» адсочваюць развіццё сітуацыі і рэгулярна знаёмяць сваіх чытачоў з ходам рэалізацыі гэтага маштабнага праекта. «Вернуть к жизни усадьбу Достоевских», «Правнук Достоевского посетил Достоево», «20 томов классика – уже в музее», «Под знаком великого гуманиста», «Прикоснуться к гению», «Спадчына Дастаеўскага – багацце Дастоева» – тэма класіка сусветнай літаратуры не пакідае старонак «Чырвонай звязды». Не застаюцца па-за кадрам журналістаў раёнкі і другія сумесныя ініцыятывы двух брацкіх народаў: рэгіянальны этап Міжнароднага кірмашу сацыяльна-педагагічных інавацый («Ярмарка инноваций – важный инструмент взращивания интеллектуальной элиты общества« – 11 верасня 2015 года), фестываль творчасці інвалідаў Саюзнай дзяржавы («Вместе мы сможем больше» – 6 лістапада 2015 года), алімпіяда школьнікаў Саюзнай дзяржавы «Россия и Беларусь: историческая и духовная общность» («Неразрывные узы дружественных стран» – 27 лістапада 2015 года).

Гістарычны аспект з’яўляецца, бадай што, самым асноўным і пры вызначэнні міжнародных адносін Беларусі з Польшчай. Станаўленне і развіццё дзвюх дзяржаў праходзіла ў адносна аднолькавых знешніх і ўнутраных гістарычных умовах, звязаных з агульнасцю, а затым і тэрытарыяльнай блізкасцю рэспублік. Нас аб’ядноўваюць знакавыя месцы і падзеі, звязаныя з імёнамі Адама Міцкевіча, Элаізы Ажэшкі, Тадэуша Касцюшка, Уладзіслава Сыракомлі, Яна Чачота, Міхаіла Клефаса Агінскага, Напалеона Орды. Дарэчы, апошні таксама з’яўляецца выхадцам з Іванаўшчыны: таленавіты літаратар, кампазітар, музыкант, мастак і педагог нарадзіўся ў радавым маёнтку Варацэвічы Пінскага павета Мінскай губерні (сёння – вёска Варацэвічы ў Іванаўскім раёне). Дзякуючы праекту «Трансгранічныя цэнтры дыялогу культур у Лосіцы і Варацэвічах», які з’яўляецца часткай Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва «Польшча – Беларусь –Украіна», палеская вёска ў хуткім часе ператворыцца ў культурны цэнтр, куды будуць з’язджацца турысты з многіх краін свету. Новая інфраструктура дасць магчымасць больш поўна задзейнічаць культурную спадчыну і турыстычны патэнцыял рэгіёна, будзе спрыяць развіццю прыгранічнага супрацоўніцтва культурнага характару. Безумоўна, гэта тэма знаходзіцца ў полі зроку журналістаў іванаўскай раёнкі («Культурны центр в Вороцевичах» – 6 лістапада 2014 года). Шырока асвятлялася на старонках выдання і ўрачыстае адкрыццё першага музея Напалеона Орды не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе («Вдохновенные дни диалога культур» – 6 лістапада 2015 года, «Праздник имени великого земляка» – 17 лістапада 2015 года). Будаўніцтва гэтага аб’екта культуры стала галоўнай задачай беларускай часткі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі. У сваю чаргу ў кастрычніку мінулага года дэлегацыя Іванаўскага раёна прымала ўдзел у адкрыцці польскага музея – Цэнтра дыялогу культур у горадзе Лосіца. Такім чынам была рэалізавана яшчэ адна частка праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі («Диалог культур – языком искусства» – 9 кастрычніка 2015 года).

Больш за два гады ўвага сусветнай грамадскасці звернута да падзей на тэрыторыі нашай геаграфічнай суседкі – Украіны. Беларускі і ўкраінскі народ аб’ядноўвае не толькі шматгадовае сяброўства, але і агульны гістарычны лёс, таму, вядома, пытанні складанага ўнутрыпалітычнага становішча паўднёвай суседкі хвалююць і жыхароў нашай краіны. Тэма ўкраінскага ўзброенага канфлікту шырока асвятлялася ў беларускіх сродках массавай інфармацыі розных узроўняў. Асабліва актуальнай яна стала для «Чырвонай звязды», таму што на поўдні Іванаўскі раён мяжуе з Валынскай вобласцю Украіны. Рэгіёны дзвюх суседніх дзяржаў звязваюць не толькі афіцыйныя, але і так званыя сацыяльныя адносіны (сяброўскія і роднасныя стасункі паміж грамадзянамі). Журналісты «раёнкі» не раз знаёмілі сваіх чытачоў з лёсам украінскіх сем’яў, якія былі вымушаны прымерыць статус бежанцаў і шукаць выратаванне за межамі сваёй краіны («Бегущие от войны» – 15 жніўня 2014 года; «Украинские семьи прижились в Тышковичах» – 30 красавіка 2015 года), з павышэннем міграцыйнай актыўнасці на старонках раённага выдання павялічылася і колькасць публікацый, якія тлумачаць правілы знаходжання замежных грамадзян на тэрыторыі нашай краіны («Проживать и работать – не нарушая закона» – 25 лістапада 2015 года; «30 дней – без регистрации. А далее?» – 1 снежня 2015 года; «Государственная граница любит порядок» – 8 снежня 2015 года).

Калі малая радзіма Напалеона Орды – вёска Варацэвічы – прывабная для заходніх замежных турыстаў, а радавы маёнтак продкаў вялікага пісьменніка Ф.М. Дастаеўскага – для расійскага боку, то фестывалі Іванаўшчыны – «Мотальскія прысмакі», «Фальклор без межаў», «Мотальская рэгата» – будуць цікавы прадстаўнікам розных краін свету. Напрыклад, у кулінарным фэсце «Мотальскія прысмакі», які з першых гадоў свайго існавання набыў статус міжнароднага, прымалі ўдзел дэлегацыі і афіцыйныя госці з Літвы, Германіі, ЗША, Швецыі, Галандыі, Ізраіля, прадстаўнікі АБСЕ, эксперты з шведскай арганізацыі «Рэгіянальная кулінарная спадчына Еўропы». Асаблівасць гэтага мерапрыемства ў тым, што фестываль стаў не толькі часткай турызму і культуры рэгіёна, але і месцам сустрэч дзяржаўных і грамадскіх дзеячаў розных краін свету. Вядома, журналісты «Чырвонай звязды» вельмі ўважліва падыходзяць да асвятлення гэтай падзеі: «Сусветная вядомасць – праз кулінарную ідэю», «Лакомства + традиции = «Мотальскія прысмакі» – 11 жніўня 2015 года, «Гостеприимным «Мотальскім прысмакам» и жара не стала помехой» – 14 жніўня 2015 года, «Трэба шукаць тое, што нас аб’ядноўвае» – 18 жніўня 2015 года.

Безумоўна, наяўнасць і разнастайнасць міжнароднай тэматыкі на старонках раённага друку вызначаецца ў першую чаргу шматграннасцю міжнародных сувязей рэгіёна. Іванаўшчына валодае велізарным гісторыка-культурным патэнцыялам, таму, зразумела, журналісты мясцовага выдання аддаюць прыярытэт культурнай тэматыцы – 36,66% публікацый. Сярод прыярытэтных тэматычных накірункаў «Чырвонай звязды» ў мінулым годзе можна назваць і палітычную сферу. Нагодай для гэтага стала правядзенне ў нашай краіне прэзідэнцкіх выбараў: сотні замежных экспертаў прыехалі ў Беларусь у якасці наглядальнікаў. Вядома, нацыянальныя сродкі масавай інфармацыі шырока асвятлялі ход выбарчай кампаніі. Не засталася ў баку і іванаўская “раёнка”. Інтэрв’ю, апытанні, нататкі, эсэ, прысвечаныя галоўнай палітычнай падзеі 2015 года, друкаваліся з нумара ў нумар: «Наблюдателей за президентскими выборами в Беларуси от ОБСЕ Иваново приятно впечатлило» – 11 верасня 2015 года, «Замежны палітолаг называе выбарчую кампанію ў Беларусі паспяховай» – 22 верасня 2015 года.

У няпросты перыяд трансфармацыі сістэмы беларускіх СМІ, развіцця новых тэхналогій мясцовая прэса зберагла сваю значнасць і вядучую ролю ў вырашэнні актуальных паўсядзённых сацыяльных, эканамічных, бытавых і палітычных праблем, перш за ўсё мясцовага маштабу. Аднак у час эканамічнага крызісу не кожны чалавек зможа дазволіць сабе выпісваць некалькі газет, таму «раёнка» (як і выданне любога іншага ўзроўню), каб не страціць пастаянных чытачоў, павіннна арыентавацца на сваю аўдыторыю і ў поўнай меры задавальняць яе інфармацыйныя патрэбы, у тым ліку і асвятленнем падзей міжнароднага жыцця. Ва ўмовах інфармацыйнага грамадства раённыя газеты знаходзяцца на мяжы працэсаў рэгіяналізацыі і глабалізацыі і павінны ўмела вар’іраваць у такім становішчы. Толькі ў гэтым выпадку ім будзе забяспечана доўгае жыццё.


Літаратура

1. Залесский, Б.Л. Интеграционный потенциал региональной прессы Союзного государства Беларуси и России / Б.Л. Залесский // Науковi працi Кам`янець–Подiльского нацiонального универсiтету iменi Iвана Огiэнка : Фiлологiчнi науки. Выпуск 25. – Кам`янець-Подiльский : ПП «Медобори–2006», 2011. – С.33-37.



2. Залесский, Б.Л. Освещение международной тематики в белорусской региональной прессе / Б.Л. Залесский // Рэгiянальная прэса: традiцыi, вопыт, перспектывы. Матэрыялы Рэспублiканскай навукова-практычнай канферэнцыi / Рэдкал.: С.В.Дубовiк (адк.рэд.) i iнш. – Мiнск, 2007. – С. 40–43.




База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка