Метадычныя ўказанні і ілюстрацыйны матэрыял




Дата канвертавання01.05.2016
Памер357.39 Kb.


БЕЛАРУСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ

ФІЛАЛАГІЧНЫ ФАКУЛЬТЭТ


Кафедра тэорыі літаратуры

Вучэбна-навуковая лабараторыя беларускага фальклору



Метадычныя ўказанні і ілюстрацыйны матэрыял


да правядзення фальклорнай практыкі

студэнтаў I курса філалагічнага факультэта

Выпуск 6. МАСЛЕНІЧНЫЯ ПЕСНІ


(серыя “Беларускі фальклор у запісах выкладчыкаў і студэнтаў”)

М і н с к

2006
УДК 398 (=836) (075. 8)

ББК 82. 3 (4 Беи) 73

М 54
Рэцэнзент – доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларускай літаратуры і культуры БДУ І. В. Казакова
Аўтары:

Р. М. Кавалёва, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры тэорыі літаратуры БДУ; В. В. Прыемка, кандыдат філалагічных навук, дацэнт кафедры тэорыі літаратуры БДУ; Т. А. Марозава, кандыдат філалагічных навук, загадчык вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору пры кафедры тэорыі літаратуры БДУ; А. Ф. Літвіновіч, кандыдат філалагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік вучэбна-навуковай лабараторыі беларускага фальклору пры кафедры тэорыі літаратуры БДУ


Пад рэдакцыяй Р. М. Кавалёвай
Зацверджана на пасяджэнні вучонага савета філалагічнага факультэта

27 кастрычніка 2006 года




Вучэбнае выданне “Метадычныя ўказанні і ілюстрацыйны матэрыял да правядзення фальклорнай практыкі студэнтаў I курса філалагічнага факультэта. Выуск 6. Масленічныя песні” працягвае серыю “Беларускі фальклор у запісах выкладчыкаў і студэнтаў”, пяць выпускаў якой выйшлі ў свет на працягу 1997–1999 гадоў. Прызначана для студэнтаў першых курсаў дзённай і завочнай формаў навучання філалагічных факультэтаў ВНУ, кіраўнікам груп па правядзенні фальклорнай практыкі, настаўнікам сярэдніх школ, работнікам культурных устаноў.



ТЫПАЛОГІЯ І НАЦЫЯНАЛЬНАЯ СПЕЦЫФІКА

МАСЛЕНІЧНЫХ ПЕСЕНЬ
Масленіца пад рознымі назвамі (карнавал, кукер, запуст і інш.) вядома ўсім еўрапейскім народам. Ва ўсходніх славян яна ўведамлялася як свята праводзін зімы і сустрэчы вясны, прычым у рускіх акцэнт рабіўся на першай функцыі, а ў беларусаў і ўкраінцаў – на другой. У нядзелю Масленічнага тыдня (апошняга перад Вялікім пастом) беларусы першы раз гукалі вясну.

Звестак пра беларускую Масленіцу назапашана параўнальна няшмат. Гэта, відаць, дало падставы, спасылаючыся, напрыклад, на П. Бяссонава, лічыць, што ў нас яна не мела такога размаху, як у рускіх. Абмежаванасць масленічных абрадаў і звычаяў напачатку ХХ стагоддзя адзначаў Е. Раманаў. У фалькларыстыцы нават укаранілася памылковая думка аб адсутнасці моцнай традыцыі масленічных спеваў на Беларусі. І толькі ў наш час, дзякуючы палявым напрацоўкам, высветлілася, што такая традыцыя існуе. Мелодыі і тэксты масленічных песень захаваліся на Беларусі ва ўсёй разнастайнасці агульных усходнеславянскіх і мясцовых варыянтаў, невядомых нашым бліжэйшым суседзям. Ядро арэалу масленічных песень – Паазер’е і Цэнтральная Беларусь, у гістарычным плане гэта (за невялікім выключэннем) вобласць крывіцкай цывілізацыі. На Гомельшчыне занатаваны адзінкавыя сюжэты масленічных песень. У гэтым яна падобная да Украіны, дзе, па заключэнні назіральнікаў, уласна масленічных песень мала, пераважаюць творы з веснавой тэматыкай.

Пагаджаючыся з думкай, што Масленіца на Беларусі сапраўды святкавалася больш сціпла, чым у Расіі, заўважым, што як свята яна вядома ўсім беларусам без выключэння, у тым ліку і заходнім палешукам, хаця масленічныя песні для іх культуры не характэрны. Устойлівай рысай сучаснай вясковай Масленіцы застаюцца баляванні, застоллі з абавязковымі блінамі, варэнікамі, катанні з горак на санках, гушканне на арэлях.

Згодна з былой структурай свята масленічныя песні падзяляюцца на некалькі функцыянальна-тэматычных груп:



  • песні сустрэчы і праводзін Масленіцы;

  • песні на гуляннях;

  • абходныя песні з віншаваннем маладыдых пар;

  • песні на гуляннях, прычым набытак беларускага фальклору – гушкальныя /арэльныя/ песні, украінскага – прысвечаныя Калодзію (калодцы).

Масленічны абход двароў, у адрозненне ад каляднага, функцыянальна абмежаваны. Яго мэта – аддаць увагу маладой пары, якая павянчалася ў мінулы мясаед. Рытуальны сэнс набывала іх каханне і эратычныя здольнасці як умова працягу жыцця роду. У рускіх асаблівае значэнне надавалася публічным пацалункам. Спявалі фрывольна-жартоўныя песні, у якіх муж параўноўваўся з гуллівым жарэбчыкам, а маладзіца – з ласіцай.

Беларусы аддавалі ўвагу маладым у больш прыстойнай форме. Жанчыны вазілі маладзіцу на санях, спявалі ёй песні, прадракаючы нараджэнне дзіцяці адпаведна пачастункам: “Вазьмі сыра – родзіш сына, вазьмі мачку – родзіш дачку”. У хаце, быццам абараняючы маладуху, спявалі жартоўныя і дакорлівыя песні ў бок прыдзірлівай свекрыві і свёкра.

Вешанне на хлопцаў “калодкі” ў пакаранне за тое, што яны не выканалі свій абавязак, засталіся халастымі, – агульны звычай украінцаў і беларусаў. На Віцебшчыне калодку з паяском маглі накідваць на шыю гаспадару, а той павінен быў адкупіцца. Мяркуем, што так, відаць, адзначалі бяздзетных. Нам вядомы толькі адзін тэкст беларускай песні пра калодку з в. Ляды Дубровенскага раёна: “Калода рагочыць, сыра, бліна хочыць. Ці спёкся блін, ці зварыўся сыр?” Украінскія песні пра Калодзія ўключаюць фрывольныя намёкі і разгортваюць “біяграфію” персаніфікаванага вобраза ад нараджэння ў панядзелак да пахавальнага аплаквання ў суботу. Генезіс і семантыка вобраза Калодзія да канца не высветлена. Выказвалася думка, што песні ў абагульненым плане перадаюць “біяграфію” дрэва, але сувязь гэтых твораў з Масленіцай патрабуе дадатковага вывучэння.

Нельга сказаць, што масленічныя песні лёгка размяркоўваюцца па жанрах, хаця дамінантныя жанраўтваральныя рысы выяўляюцца ў іх даволі выразна. Стала традыцыяй вылучаць прысвечаныя Масленіцы велічальныя і дакорлівыя песні, абмяжоўваючыся ў дачыненні да астатніх аналізам зместу і агульнымі разважаннямі.

Першае, што можна заўважыць пры спробе вызначыць жанравую спецыфіку беларускіх масленічных песень, – гэта вялікая ўвага да перадачы момантаў самога свята ў форме рытуальных апавяшчэнняў пра яго надыход (“У нас сягоння масленіца, масленіца”), пра гушканне на арэлях (“А на гарэ сонца, калышуцца дзеўкі”), пра святочныя гулянні (“На вуліцы дзеўкі гулялі”). Ацэначныя моманты сустракаюцца вельмі рэдка: “Крутное калясо круціцца харашо”. Маецца на ўвазе кола з воза, якое выкарыстоўвалі ў самаробнай каруселі з прычэпленымі санкамі.

Пры ўсёй значнасці гэтых нацыянальна адметных матываў беларускай масленічнай паэзіі найбольш старажытным ядром усходнеславянскіх песень, відаць, трэба прызнаць матывы падрыхтоўкі да свята, да сутрэчы і праводзін Масленіцы, калі на вребальным узроўні замацоўваліся часавы і акцыянальна-атрыбутыўны бакі абраднасці, пачатак і канец свята, яго рэгламент.

Самым значным у масленічнай абраднасці з’яўляецца вобраз гары. У міфалагічным плане яна можа выступаць у якасці варыянта трансфармацыі Сусветнага дрэва ці ўвасабляць вобраз і мадэль Сусвету, яго цэнтр, дзе праходзіць вось. Цэнтральнае становішча масленічнай гары вынікае з шырока распаўсюджанага звычаю масавага катання з горак, прытрымлівацца якога кожны вясковец лічыў сваім абавязкам. Гара ў масленічных песнях не толькі прыродны аб’ект, а таксама і рукатворны: яе насыпаюць сырам, набіваюць блінамі, паліваюць маслам. Улічваючы семантыку свята, выкажам меркаванне наконт рытуальнай ролі палітай маслам гары: гэта лёгкі шлях зверху ўніз (для вясны) і непераадольны – знізу ўверх (для зімы). Матыў надання гары крутасці і катлівасці ў спалучэнні з беларускім заклінаннем “А ты, горачка, будзь катліва!” і азначэннем “А ад масла – гара ясна” суадносіцца з рытуальным імкненнем пракаціцца з яе хутка і як мага даўжэй, каб магічным шляхам забяспечыць урадлівасць палёў, асабліва ўраджай ільну. Вядомы заклінальныя масленічныя песні “Зарадзіся, мой лён, даўгі”, “Зарадзі, божа, лён даўгі, даўжэй лёну пасканні”, звычай жанчын прыходзіць з кудзеляю (Пружанскі раён), дзяўчат – апранацца ў хусткі з доўгімі махрамі, мужчын – далёка ездзіць на санях, “каб лён рос даўгі” (Віцебшчына).

Беларуская Масленіца не выключала элементаў карнавалу (“Апраналіся то за цыганоў, то за Янаха”, в. Вялікае Сяло Пружанскага раёна), хаця да заходнееўрапейскай Масленіцы-карнавалу ёй было далёка. І ўсё ж агульнае, што іх аб’ядноўвае, – гэта месца, роля і функцыя смеху, які вызначаў вышэйшы сэнс і славянскай Масленіцы, і карнавалу. Без уліку сутнасці смеху семантыку свята зразумець немагчыма. Як паказаў М. Бахцін, у сусветнай міфалогіі, фальклоры і народна-святочнай культуры ад антычных вакханалій, сатурналій да сярэдневечнага карнавалу смех атаясамліваўся з жыццём, росквітам прыроды. Падкрэсліваючы складаную прыроду карнавальнага смеху, М. Бахцін адзначыў такія яго рысы, як усенароднасць, універсальнасць і амбівалентнасць. Святочны смех вясёлы, радасны і – адначасова – насмешлівы, кпівы, ён і адмаўляе і сцвярджае, і хавае і адраджае.

Ва ўсходнеславянскай Масленіцы асабліва выразна прадстаўлены такія віды народнай смехавай культуры, як абрадава-відовішчныя (жартоўныя пераапрананні, смешныя забавы на гуляннях, знішчэнне пад смех прысутных пудзіла Масленіцы) і вербальнай формы. Тут маецца на ўвазе шэраг твораў, якія выконваліся на гуляннях, а ў рускіх асабліва падчас праводзін Масленіцы.

Дваістыя адносіны да Масленіцы абумовілі існаванне ў беларускім і рускім фальклоры двух супрацьлеглых па фукнцыі, але падобных па структуры жанраў: велічальных і дакорлівых, зневажальных песень. Наяўнасць у межах часавага кантынуума рознафункцыянальных твораў спрыяла стварэнню той непаўторнай амбівалентнай атмасферы свтяа, якая, у сваю чаргу, уплыала на ўспрыманне велічальных песень. Па свайму паэтычнаму ладу яны істотна адрозніваюцца, напрыклад, ад велічальных вясельных. Ёсць у іх няўлоўнае іранічнае адценне, якое вынікае з несупадзення паэтычнага вобраза Масленіцы і яе матэрыяльнага ўвасаблення ў выглядзе пудзіла. Іронія адчуваецца ў тым, што хваляцца “широкорожей” Масленіцай, хораша сустракаюць “Масленицу-кривошейку”, “на двор въезжает” не вытанчаная прыгажуня, а “широкая” Масленіца.

Кампазіцыйна ў велічальных і дакорлівых песнях вылучаюцца тры істотныя часткі:


  1. Характарыстыкі-азначэнні ці апісанні, якія тычацца самога свята і антрапаморфнага персанажа: “шырокая наша масленіца”, “ты весёлая наша Маслена” з аднаго боку, “Масленіца-каўзуха”, “широкорожая” Масленіца – з другога.

  2. Паэтычныя выказванні, якія пазначаюць стаўленне ўдзельнікаў свята да Масленіцы. Яе чакаюць (“А мы масленку дажыдалі”), сустракаюць як дарагую госцю (“Масленіцу сутракалі, сырам горачку набівалі”), а потым ад яе пазбаўляюцца, быццам ад госця, які ўжо надакучыў. На Віцебшчыне запісана песня, у якой, відаць, адлюстравалася рытуальнае знішчэнне Масленіцы: “А мы Масленіцу пракаталі, у пясок яе закапалі”.

  3. Рысы падаўца святочных даброт з’яўляюцца ў беларускай Масленіцы пад уплывам каляднай паэзіі (нагадаем: Каляда сама прывозіць людзям падарункі): “Ой, сядзела масленіца на калу, на калу, кідала масла па каму”.

  4. Адзін з асноўных матываў песень часу заканчэння свята – нараканні на Масленіцу за падман і кпіны з Масленіцы-палізухі. Песні-звароты да Масленіцы-каўзухі, якая занадта хутка скончылася. Яе папракаюць за тое, што замест сямі тыдняў яна працягнулася толькі сем дзянёчкаў “ды на большы пост пасадзіла, ды на кіслую на капутсу, ды на горкую на рэдзьку”.

Супрацьпастаўленне маладосці і старасці, перавага маладосці – тыпалагічная рыса каляндарных рытуалаў. У масленічных песнях яна грунтуецца на семантыцы свята як выгнання старой зімы і вітання маладой вясны. Станоўчы сэнс у масленічных песнях набываюць вобразы дзяўчат, маладзіц, іх гулянне і свавольствы, адмоўны – старых баб, якія псуюць гару, прабіваючы яе кулаком. Недарэчнасць свякроўчыных дакораў нявестцы высвятляецца з гратэскнага апісання знішчанага “багацця”: у быццам бы спаленай клеці “камарова сцягно мяса вісела”, “арэхава чашка круп была, у сцяне іголка больш дотата”.

Камічны свет ствараецца ў пенях, якія зневажаюць хлопцаў і ўхваляюць дзяўчат. Жыццестваральная роля смеху падмацоўваецца ў іх вобразам зайца, вядомага ў народнай культуры як эратычны сімвал.

Беларускія масленічныя песні маюць агульныя рысы з калядкамі і вяснянкамі, але роля носьбіта даброт адводзіцца ў іх ластаўцы, вобраз якой не характэрны для рускай традыцыі. У вялікай колькасці варыянтаў вядома рытуальная песня “А ў нас сёння Масленіца” з глыбокім міфалагічным падтэкстам. Сюжэтная сітуацыя песні тыпалагічна супадае з частакай палеалітычнай мастацкай кампазіцыі, дзе прадстаўлена птушка на жэрдцы ў спалучэнні з салярным знакам. У свядомасці беларусаў ластаўка звязвалася з пачаткам (“Ластаўка дзень пачынае”), скінутае ёй масла – з дабром і шчасцем: “А хто хопіць, дык таму будзе хораша ў даму”.

Значная колькасць запісаных у наш час масленічных песень з нацыянальна адметнымі матывамі дазваляе сцвярджаць, што Масленіца на Беларусі зусім не выпадковая з’ява, а арганічная частка традыцыйнай народнай культуры.



ПРОЗА МАСЛЕНІЧНАГА КОМПЛЕКСУ
Пры знаёмстве з прозай Масленічнага комплексу самае галоўнае – запісаць разгорнуты аповед пра святкаванне Масленіцы.

Асноўнае пытанне: “Як у вас святкавалі Масленіцу?”

Удакладніце, што вы хацелі б даведацца, чым пачыналася свята, што рабілі ў асобныя дні масленічнага тыдня, ці выраблялі чучала Масленіцы, які яно мела выгляд, што з ім рабілі, чым адзначалі апошні дзень масленічнага тыдня.

Звярніце ўвагу на такія тэмы масленічнай прозы, як масленічныя стравы (склад, што з імі рабілі, напрыклад, насілі на могілкі бліны, частавалі наведвальнікаў) – чучала Масленіцы – масленічныя лялькі – масленічныя пераапрананні – склад пераапранутых персанажаў (напрыклад, “мужчыны”, “старцы”, “цыганы”, “дзед”, “поп” і інш.), іх выгляд, дэталі касцюмаў – хаджэнне пераапранутых па вуліцы, наведванне хат, песні і віншаванні – катанні з гор (іх сэнс) – катанні на канях (з якой мэтай) – ушанаванне маладых шлюбных пар (хто наведваў маладуху, што казалі і спявалі, што ў адказ рабіла маладуха, ці разувалі маладых, ці распраналі маладуху, ці вазілі іх яе на санках па вуліцы) – звычай “цягаць калодку” (якім чынам, што сабой уяўляла “калодка”, каго прымушалі яе цягнуць, на каго накідвалі, каму прышпільвалі, хто і чым адкупаўся ад “калодкі”, сэнс звычаю) – звычай “цягаць ступу” – жарты, свавольствы, сваркі пераапранутых, фрывольныя паводзіны, “самадзейная музыка” (што выкарыстоўвалі ў якасці музычных інструментаў) – звычай вазіць на санях бабу-павітуху, частаваць яе – разыгрыванне традыцыйных сцэнак (напрыклад, “пахаванне дзеда”, “пахаванне бабы”) – жаночыя вечарынкі з песнямі і танцамі – масленічныя вогнішчы (дзе іх распальвалі, што туды кідалі) – провады зімы і пачатак гукання вясны.



Узоры запісаў:

а) Адзежу яму – так як і чалавеку, і абуем. Размер, як сапраўдны чалавек. Глазы наводзім, бараду з ільну. Абкруцім твар белым палатном і на ём наводзіць глазы, нос, рот вуглём. Дзеду рабілі маркоўку і вяроўкай цягалі, каб маркоўка ўстала. Накрывалі цюлем, як пакойніка.

б) На Масленку хадзілі па хатах і пелі песні парам маладых, якія пажаніліся не больш года. Гэта называлася “маладуху разуваць”. За спетую песню маладыя ставілі частаванне.

На вуліцы дзеўкі гулялі, гулялі,

Мяне, маладзеньку гукалі, гукалі...

(Песню трэба запісваць цалкам).



МАСЛЕНІЧНЫЯ ПЕСНІ

ПЕСНІ СУСТРЭЧЫ МАСЛЕНІЦЫ

УХВАЛЕНННЕ МАСЛЕНІЦЫ

У параўнанні з рускім фальклорам яскравых велічальных песень у беларусаў няма. Захаваліся толькі творы з выразным зачынам “Шырокая наша Масленіца”, але яны адносяцца да сярэдзіны свята. Большая частка твораў пачынаецца з рытуальнага апавяшчэння пра надыход Масленіцы. Напрыклад, на Віцебшчыне ў вялікай колькасці варыянтаў запісана рытуальная песня “Á ў нас сёння Масленіца” з глыбокім міфалагічным падтэкстам. Яна складаецца з двух матываў. Першы – прыляцеўшая / вылецеўшая з куста/ ластаўка ўладкоўваецца на калу. Прыгадаем абрадавыя атрыбуты “гукання вясны” – печаных “птушачак”, якіх дзеці ўмацоўвалі на доўгія шасты. Другі песенны матыў тычыцца стасункаў ластаўкі і людзей, іх дзеянняў са скінутым ластаўкай маслам. Ластаўка ведае будучыню, у яе пытаюцца пра ўраджай і асабісты лёс: “Á ці скора будзіць лецечка, лецечка? Ці зародзіць бог жыцечка, жыцечка?”, ”Што ў вёсцы дзеецца?”, “Ці будзіць свякроў матуляй?” і г. д.


Á У НАС СЁННЯ МАСЛЕНІЦА

Ад З.К. Купрыянец, А.Р. Купрыянец, В.П. Пажарскай з г. Талачына
Á ў нас сёння масленіца, масленіца,

Выліціла з куста ластавіца, ластавіца.

Села іна на калу, на калу,

Скінула масла на каму, на каму.

Á хто схопіць – то таму, то таму.

Яе дзевачкі спаймалі, спаймалі,

Да ўсю праўду пыталі, пыталі,

Á ці скора будзіць лецечка, лецечка,

Ці зародзіць бог жыцечка, жыцечка.
Запісала В. Шарчанкава ў 1984 г.
СЁННЯ У НАС МАСЛЕНІЦА...

Ад А.М. Дальчанінай (1912) з в. Юркаўшчына Лепельскага раёна

Сёння ў нас масленіца,

Выліціла з куста ластывіца.

Села іна на тыну,

Скінула масла пы каму

Á хто схопіць – той скача,

Хто ня схопіць – той плача.
Á Валечка схапіла

Да ў кубачку стапіла.

Á ў кубачку стапіла,

Свайго Йваньку паіла.

– Пі, Іванька, усё да дна,

Á я ў мамкі толькі адна.


Запісала Н. Францкевіч, А. Нагучава ў 1993 г.
Á У НАС СЯГОННЯ МАСЛЕНКА...
Ад М.І. Гаралевіч (1910) з вёскі Пяцігорск Бешанковіцкага раёна

Á ў нас сягоння масленка, масленка,

Прыляцела ластаўка, ластаўка,

Села яна на калу, на калу,

Прынесла масла па каму, па каму,

Мальчыкам па сыру, па сыру,

Дзевачкам па сыну, па сыну.
Запісала Т. Ганчарова

Á У НАС СЯННІ МАСЛЕНІЦА...

Ад Е.Ф. Духовіч (1910) з в. Русілкі Бешанковіцкага раёна

Á ў нас сёння масленіца, масленіца,

Прыляцела ластавіца, ластавіца,

Іна села на таку, на таку,

Прынесла масла па каму, па каму,

Старым дзедам па кіёчку, па кіёчку,

Маладым дзеўкам па калечку, па калечку,

Маладым мальцам па цвяточку, па цвяточку.
Запісала Л.Вяргейчык, Л. Вялічка, А. Гінько ў 1983 г.
Á У НАС СЯГОННІ МАСЛЕНІЦА...

Ад Г. І. Шлык (1915) з в.Труханавічы Чашніцкага раёна
Á ў нас сягонні масленіца, масленіца,
Прыляцела к нам ластавіца, ластавіца,
Села-пала на калу, на калу,
Кідала масла па каму, па каму.
Млода Олечка схапіла, схапіла,
У белым кубачку растапіла, растапіла,
І Ванічку напаіла, напаіла.



Запісала Н. Жукава, В. Кузьміна В. Жук у 1989 г
А У НАС СЁННЯ МАСЛЕНІЦА...
Ад Г.І. Судас (45) з в. Гараўкі Лепельскага раёна

А ў нас сёння масленіца,

Выляцела з куста ластавіца,

Села-пала на калу,

Кідала масла па каму,

А хто ўхопіць, дык таму.

Адна дзевачка ўхапіла,

Усім малойчыкам дзяліла,

А сабе ўзяла большы ўсіх,

А сама стала вышэй усіх.

А вы, малайцы, не стойце, не стойце,

Садзіцеся на коней, на коней,

Садзіцеся на коней, на коней,

Даганяйце ластаўку ў полю.

А дагнаўшы – злавіце,

А злавіўшы – звяжыце,

А звязаўшы – пытайце,

Што ў вёсцы дзеецца:

Дзевяць малайцоў жэніцца,

А дзесятый – канчаецца,

З усімі прашчаецца.
А У НАС СЯГОННЯ МАСЛЕНІЦА...

Ад М.І. Зябко (1913) з в. Доўжышча Чашніцкага раёна
А ў нас сягоння масленіца, масленіца,

Прыляцела ластавіца, ластавіца,

Села-пала на калу, на калу,

Кінула масла па каму, па каму,

А хто хопіць – дык таму, дык таму

Будзе хораша ў даму, у даму.

Наша Валечка хапліва, хапліва,

Кусок масла схапіла, схапіла,

Свайго Ванечку паіла, паіла.
Запісала В. Жыжнеўская ў 1988 г.
ОЙ, МАСЛЕНКА, БЕЛА ВУТКА…

Ад Н.С. Меншчыкавай (1978) з г. Бабруйска
Ой, Масленка, бела вутка,

Кідала масла, да не хутка.


А хто ўхопя, дык таму,

Хто не ўхопя – ліха яму.


Ой, Манечка ўхапіла,

Черяпок масла натапіла.


Черяпок масла натапіла,

Свайго сужаньку накарміла.


Запісала Т.В. Сцяпанава ў 2004 г.
ШЫРОКА НАША МАСЛЕНІЦА...

Ад В.Н. Падаляк (1927) з в. Комлі Талачынскага раёна
Шырака наша масленіца, масленіца,

Выляцела з куста ластавіца, ластавіца,

А вы , мальчыкі, на коні, на коні,

Да за ластаўкай удагоні, удагоні.

Спрасіце ў ластаўцы, у ластаўцы,

Колькі нядзель масленіца, масленіца,

Адна нядзелька, нядзелька,

І тая караценька, караценька.

Масленіца, масленіца!
Запісала Н. Шрубок у 1990 г.
А У НАС СЁННЯ МАСЛЕНІЦА...

Ад Р.С. Агеевай (1940) з в. Адаменкі Лёзненскага раёна

А ў нас сёння масленіца*,

Прыляцела ластавіца,

Села-пала на жэрдачку,

Шчабятала нам вестачку,

Што ў нас сёння масленіца.


*Кожны радок паўтараецца двойчы.

Запісала Н.А. Градовіч

А СЯГОДНЯ У НАС МАСЛЕНКА...


Ад Г.Ф. Жулінок (1904) з в. Стальяны Аршанскага раёна

А сягодня ў нас масленка,

Выляцела з куста ластаўка,

А за ею вераб’і.

Яны ў яе праўды пыталі:

“Ці будзець зіма лецічкам?

Ці будзіць свякроў матулей?”

“Будзіць зіма з марозам,

Будзіць свякроў з гразою”.
Запісала Л. Прымакова ў 1985 г.
У НАС СЯГОННЯ МАСЛЕНІЦА...

Ад В.Р. Дук (1908) з в. Дворышча Чашніцкага раёна

У нас сягоння масленіца,

Вылецела з куста ластавіца.

Садзіцеся, мальцы, на коней,

Даганіце ластаўку ў полі.

А як дагоніце – злавіце,

А як зловіце – звяжыце,

А як звяжаце – набіце,

А як наб’яце – пытайце.
Запісалі В. Грынкевіч, М. Шэндзік у 1983 г.
СЯДЗЕЛА МАСЛЕНІЦА НА КАЛУ...

Ад Г.Н. Філіпавай (1909) з в. Галашава Талачынскага раёна
Сядзела масленіца на калу,

Кідала масліца па каму,

А хто схваціць, дык таму.

Маладая Ганначка схваціла,

Яна дачку радзіла.

Бог ёй даў. І свайго міленькага напаіла.


Запісалі Н. Паўлоўская, І Рошчына ў 1989 г.

СЯГОННЯ У НАС МАСЛЕНІЦА.

Ад Г.Ц. Арцюховіч (1932) з в. Загацце Чашніцкага раёна
Сягоння ў нас масленіца

Скінула масла на палу.

А хто хопіць, дык таму.

Маладая дзяўчыначка ўхапіла,

І ў чарапочку растапіла.
Запісала В. Гамеза ў 1983 г.
А У НАС СЁННЯ МАСЛЕНІЦА...

Ад В.І. Багданоўскай (1934) з в. Машканы Сенненскага раёна

А ў нас сёння масленіца, масленіца,

Прыляцела ластавіца, ластавіца,

Прынясла бліны ў рэшаце, рэшаце,

Паставіла на стаўбе, на стаўбе.

А вы , хлопцы, не зявайце, не зявайце,

Вы гэтыя бліны пацягайце, пацягайце.
Запісалі С. Раўкова, Л. Сярмажка ў 1983 г.
У НАС СЯГОННЯ МАСЛЕНІЦА...

Ад З.Г. Трацяковай (1910) з в. Русілкі Бешанковіцкага раёна

У нас сягоння масленіца, масленіца,

Прыляцела ластавіца, ластавіца,

Іна села на калку, на калку,

Маладым дзеўкам па платку, па платку,

Старым бабам масла па куску, па куску.


Запісалі М. Антаневіч, І. Верабей, Т. Гарадзей, Г. Курзюк у 1983 г.
ШЫРОКАЯ НАША МАСЛЕНІЦА...
Ад В.І. Дунаевай (1900) з в. Юрцава Аршанскага раёна

Шырокая наша масленіца, масленіца,

Выляцела з куста ластавіца, ластавіца,

А села яна на калу, на калу,

А кідала масла па каму, па каму,

А хто зловіць, дык таму, дык таму.


Запісала Т. Шабанава ў 1991 г.
А Ў НАС СЯГОННЯ МАСЛЕНКА…

Ад А.П. Казак (1942) з г. Бабруйска
А ў нас сягоння Масленка,

Прыляцела ластаўка,

Села-пала на жэрдачку,

Шчабятала вестачку.

Наша Масленка гадавая,

Яна госцечка дарагая,

Яна пешаю к нам не ходзіць,

Усё на коніках раз’язджае,

Усіх на свята запрашае.
Запісала Ю.А.Ільіна ў 200 г.
УСЕ ЗІМЫ ЛЮТЫЯ, ЗБІРАЙЦЕСЯ…

Ад А.П. Казак (1942) з г. Бабруйску
Усе зімы лютыя, збірайцеся,

Усе ветры халодныя, злівайцеся,

Зіма лютая, зіма лютая,

Вогнішча кутай, снегам вымятай.

Бывай, зіма са снегам!

Прыходзь, вясна сассмехам!


Заўвага выканаўцы! Запрашаюць усіх у першы вясновы карагод і працягваюць спяваць.
Ой, хадзіў карагод каля нашых варот,

Ой, люлі, ой, люлі,

Каля нашых варот.

Масленка, сёння Масленка!



Запісала Ю.А. Ільіна ў 2000 г.

ПЕСНІ НА ГУЛЯННЯХ
Цэнтральным вобразам песень, якія гучалі на гуляннях, з’яўляецца вобраз гары. Станоўчае значэнне ў іх надаецца дзяўчатам і маладзіцам, ухваляецца масленічнае гулянне і нават свавольствы дзяўчат і жанок, адмоўнае – старым бабам, якія абгаворваюць нявестак, нават шкодзяць гару. Умоўна-камічны свет ствараецца ў песнях, якія зневажаюць хлопцаў і ўхваляюць дзяўчат.

Зыходзячы з кантэксту песень, можна сказаць, што, відаць, частка твораў выконвалася пад час карагодаў і танкоў. Пра гэта сведчыць, прынамсі, іх прыпеў ”Люлі-люлі” з паўтарэннем апошняга слова з папярэдняга радка.


МЫ НА ГОРАЧЦЫ ПАБЫВАЛІ...

Ад Р.С. Агеевай (1940) з в. Адаменкі Лёзненскага раёна
Мы на горачцы пабывалі,

Ай, люлі, ай, люлі, пабывалі!*

Сваю маслініцу сустракалі,

Бліны масліцам залівалі,

Ды блінамі ўсіх частавалі.

Нашай маслініцы сем дзянёчкаў

Ды сем нядзель пасточку.
*Прыпеў “Ай, люлі, ай, люлі” паўтараецца з другой часткай кожнага радка.
Запісала Д. Гардзіевіч
А МЫ МАСЛЕНКУ ДАЖЫДАЛІ...

Ад Н.Я. Якушэнка (1989) з в. Ляхаўка Гарадоцкага раёна
А мы масленку дажыдалі,

Люлі-люлі, дажыдалі,*

Сыра з масліцам праблюдалі,

Ды на горачку вынасілі,

Сырам горачку ўсыпалі,

Маслам горачку палівалі.

А, ты, горачка, будзь катліва,

А свякровушка варкатліва:

Усю нядзелюшку варкатала,

Нас на горачку не пускала.

А нам дома не сідзіцца,

Ахота з горачкі пракаціцца.

А на горачкі сняжкі пышуць,

А нас матухны дамоў клічуць.


*Прыпеў “люлі-люлі” паўтараецца з другой часткай кожнага радка.
Запісала С. Харытон у 1989 г.
А МЫ МАСЛІНКУ ДАЖЫДАЛІ...

Ад М.М. Цімафеевай (1927) з в. Ляхаўка Гарадоцкага раёна
А мы маслінку дажыдалі,

Люлі, дажыдалі.*

Сыра з масліцам праблюдалі.

Мы думалі, маслінка сем нядзелек,

Ажно маслінка сем дзянёчкаў.

А нас маслінка падаманула

Ды на большы пост пасадзіла,

Ды на кіслую на капусту,

Ды на горкую на рэдзьку.
*Прыпеў “Люлі” паўтараецца з другой часткай кожнага радка.
Запісала А. Шыманская ў 1989 г.
МЫ МАСЛІНКУ ДАЖЫДАЛІ...

Ад М.М. Варзобавай (1928) з в. Ноўка Віцебскага раёна
Мы маслінку дажыдалі,

Люлі, дажыдалі,*

У акошка паглідалі,

За вароты выхадзілі,

Сыр з маслам вынасілі,

Зверху маслам палівалі.

Ад сыра гара крута,

Ад масла гара ясна.

Ах, ты, горка, будзь катліва,

А свякроўка гаркатліва.

А нас мамкі дамоў клічуць,

А нам дамоўкі не хаціцца,

А нам хаціцца пракаціцца.

Мы думалі, маслінкі сем нядзелік,

Ажно маслінкі сем дзянёчкаў.
*Прыпеў “Люлі” паўтараецца з другой часткай кожнага радка.
Запісала Л. Клімянюк у 1992 г.
МАСЛЕНІЦА

Ад Г.І. Семянцовай (1927) з в. Раманаўка Рагачоўскага раёна
Масленіца радная,

Госця наша дарагая!

Пагасцюй тыдзень, шырокая,

Пагасцюй тыдзень, ласкавая!


Запісала В.Ю. Валчкова ў 2006 г.
МАСЛЕНІЦА

Ад Г.І. Семянцовай (1927) з в. Раманаўка Рагачоўскага раёна
Ой, масленіца-белашэйка!

Сустракалі мы цябе харашэнька:

Сырам, маслам, калачамі

Ды пячонымі блінамі.


Запісала В.Ю. Валчкова ў 2006 г.
МАСЛЕНІЦА

Ад К.Л. Сазонавай (19280 з в. Мадора Рагачоўскага раёна
А мы Масленіцу сустракалі,

Сырам гару набівалі,

Маслам гару налівалі,

На шырокі двор гукалі

Ды блінамі частавалі.
Запісала В.Ю. Валчкова ў 2006 г.

ЧАМУ Ў ЦЯБЕ ЦЯЦЕРКА...



Ад У.Ц. Красоўскай (1914) з в. Заазер’е Талачынскага раёна
Чаму ў цябе, цяцерка,

Кароткія ножкі?

Кароткі, кароткі!
Пад гару ня ўзойдуць,

А з гары ня сойдуць.

Кароткі, кароткі!
Пад гару котам,

А з гары лётам.

Кароткі, кароткі!
Чаго ў цябе, Віцечка,

Харошыя жонка?

Хароша, хароша!
Бяз мёду ні ляжыць,

Біз віна ні ўстаніць.

Хароша, хароша!
Мёдам укладаіць,

Віном падымаіць.

Хароша, хароша!
Запісалі Н.Паўлоўская, І. Рошчына ў 1989 г.
КАЗАЛІ, МАСЛЕНКІ СЕМ НЯДЗЕЛЬ...

Ад З. К.. Купрыянец, А.Р. Купрыянец, В.П. Пажарскай з г. Талачын
Казалі, масленкі сем нядзель, сем нядзель,

Адна нядзелька – й тая караценька.

Масленіца! Масленіца!

На вуліцы дзеўкі гуляюць, гуляюць,

Мяне, у маладзенькі, муж ліхій, муж ліхій,

На вуліцу гуляць ня пусціць, ня пусціць.

А хоць пусціць – позненька, позненька,

На вуліцы дзеўкі розненька, розненька.


Запісала В. Шарчанкава ў 1984 г. 1
НА ВУЛІЦЫ МАЛЬЦЫ ГУЛЯЛІ...

Ад М.І. Калдыва (1931) з в. Антаполле Чашніцкага раена
На вуліцы мальцы гулялі, гулялі,

Мяне, маладую, гукалі, гукалі.

А я, маладая, к ім не йшла, не йшла,

Сабе дарагога я знайшла, я знайшла.


Запісала А. Качанава ў1987 г.
НА ВУЛІЦЫ ДЕЎКІ ГУЛЯЮЦЬ...

Ад А. Н. Пашкевіч (1911) з в. Серкавіца Талачынскага раена
На вуліцы дзеўкі гуляюць, гуляюць,

Мяне, маладзеньку, гукаюць, гукаюць.

У мяне, маладзенькі, муж ліхі, муж ліхі,

Рана на вулку ня пусціць, ня пусціць.

А хоць пусціць – позненька, позненька

Карагод дзевак розненька, розненька.

Карагод мальчыкаў сабярэцца, сабярэцца,

А мне мілы наругнецца, наругнецца.


Запісала А. Віхрова ў 1989 г.
НА ВУЛІЦЫ ДЕЎКІ ГУЛЯЛІ...

Ад Н. Я. Каласоўскай (1916) з в. Заазер'е Талачынскага раена
На вуліцы дзеўкі гулялі, гулялі,

Мяне маладую гукалі, гукалі.

У мяне маладой муж ліхі, муж ліхі,

На вуліцу гуляць не пусціў, не пусціў

І вароцейкі зачыніў, зачыніў.

А хоць пусціў – позненька, позненька,

Усе дзевачкі розненька, розненька,

І музычынькі ў двор пашлі, ў двор пашлі,

Скрыпкі, цымбалы паняслі, паняслі.

Выду на вулку – запяю, запяю,

Усіх дзевачак сабяру, сабяру,

І музынчык трох найму, трох найму.

Буду гуляць да свету, да свету,

Да познага абеду, абеду.

А ў двор іцці баюся, баюся,

У дзяверачкі прашуся, прашуся

– Ты дзяверачка, меншы брат, меншы брат,

Завядзі мяне дадому, дадому,

Пашыю кашульку бялеву, бялеву,

Вышыю хусту шаўкову, шаўкову.

А зачуў гэта муж ліхі, муж ліхі:

– Я табе, шэльма, бок наб'ю, бок наб'ю,

Бялеву кашулю сам знашу, сам знашу,

Шоўкаву хусту сам завяжу, сам завяжу,

Цябе дадому сам давяду, сам давяду.
Запісалі Н. Паўлоўская, І. Рошчына ў 1989 г.
НА ВУЛІЦЫ ДЕЎКІ ГУЛЯЛІ...

Ад В. Ц. Калмык (1912) з в. Калмыкі

На вуліцы дзеўкі гулялі, гулялі,

Праз мяне малоду, гукалі, гукалі.

Што у мяне, маладый, муж ліхі, муж ліхі,

На вуліцу гуляць не пускаў, не пускаў,

А хоць і пусціць позненька, позненька,

Усе дзевачкі розненька, розненька,

А я ж, маладая, як гукну, як гукну,

Я усіх дзевачак сабяру, сабяру,

Скрыпкі, цымбалы я найму, я найму,

Будзем гуляць да света, да света,

Да познага абеда, абеда

А дамой іцці баюся, баюся,

Дзевярадунькі прашуся, прашуся:

“Дзевярадунька, большы брат, большы брат,

Завядзі мяне дадому, дадому,

Дам цябе хустку шаўкову, шаўкову,

Пашыю кашулю дадолу, дадолу”.

Як пачуў гэта ліхі муж, ліхі муж:

“Я табе, шэльма, бок наб'ю, бок наб'ю,

Даўгую кашулю сам знашу, сам знашу,

Шаўкову хусту ў пласт злажу, у пласт злажу.


Запісалі В. Дзераш, Т. Драздова, І. Гарошка, Н. Кісялёва ў 1989 г.

НА ГАРЭ БАБЫ СЯДЗЕЛІ...


Ад Н. Я. Каласоўскай (1916), Г. Я. Паўлоўская (1902) з в. Заазер'е Талачынскага раёна

На гарэ бабы сядзелі, сядзелі,

Кулаком зямлю прабілі, прабілі,

Аб нявестачках судзілі, судзілі:

– А мая нявестачка негадзяй, негадзяй,

У тры дні, два дні = ручайку, ручайку.

– А мая дачушка дасужа, дасужа,

Што ў бога дзень – то прасцень, то прасцень,

Што ў бога нядзелька – кудзелька, кудзелька.
Запісалі Н. Паўлоўская, І. Рошчына ў 1989 г.
НА ГАРЭ БАБЫ СЯДЗЕЛІ...

Ад К. І. Казлоўскай (77 гадоў) з в. Гараўкі Лепельскага раена

На гарэ бабы сядзелі, сядзелі,

Кулаком зямлю прабілі, прабілі,

Аб нявестачках судзілі, судзілі:

“Што мая нявестачка нядобрая бала, нядобрая была

Запаліла клець – сама проч пайшла, проч пайшла.

А ў той клеці свет дабра, свет дабра:

Саломіна дудка крупы была, крупы была,

Арэхава чашка меду была, меду была,

Камарова сцягно мяса было, мясо было.

Усе гэта згарэла, згарэла,

Каб мая нявестачка згалела, згалела”.


А НА МАСЛЕНАЙ НЯДЗЕЛІ...
Ад Н. З. Лісоўскай (1915) з в. Засеклі Аршанскага раена

А на масленай нядзелі, нядзелі,

На гарэ бабы сядзелі, сядзелі,

Кулаком землю прабілі, прабілі,

Аб нявестках судзілі, судзілі.

А яе нявестка негадзяй, негадзяй,

Па ваду пайшла – аблілася, аблілася,

Хлеб садзіла – раняла, раняла;

Адну буханку – пад загнет, пад загнет,

Другую буханку – пад загнет, пад загнет,

Трэтюю – ліш бы ў печ, ліш бы ў печ.
Запісала І. Лісоўская ў 1985 г.
ДЗЕЎКІ КАЛІНКУ ЛАМАЛІ...

Ад Н.Я. Каласоўскай (1916) з в. Заазер’е Талачынскага раёна

Дзеўкі калінку ламалі, ламалі,

Калінывы масты масцілі, масцілі

А туды й ехаў дваранін, дваранін,

Калінывы масты абламіў, абламіў.

Яго дзевачкі дагналі, дагналі,

Кыня варанога табралі, табралі,

Ліссію шубку садралі, садралі,

Як пайшоў дваранін да пана, да пана:

– А, паню мой каролю, каролю,

Нашто дзевачкам даў волю, даў волю?

Мяне дзевачкі дагналі, дагналі,

Каня варанога табралі, табралі,

Ліссію шубку садралі, садралі,

Мяне, маладога, набілі, набілі.

– Ай, дурынь ты, дваранін, дваранін,

Було дзевачык не чапаць, не чапаць,

Перад дзеўкамі шапку сняць, шапку сняць,

Бліжэй пад’ехаць – ручку даць, ручку даць.
Запісалі Н. Паўлоўская, І. Рошчына ў 1989 г.
ОЙ, КОСЮ, КОСЮ, КОСЮ ВАРАНЫ...

Ад У.К. Нямірскай (1928), Я.А. Розынка (1924) з в. Юнькі Пастоўскага раёна
Ой, косю, косю, косю вараны,*

Вывязі, косю, з чужой стараны.

Дам табе, косю, сена, аброку,

Вывязі, косю, з чужога боку.

Дам табе , косю, крынічнай вады,

Вывязі, косю, з чужой страны.

Ня есь аброку з чужога боку,

Хочыць аброку з свайго боку.

Не п’ець вадзіцы з чужой крыніцы,

Хочаць вадзіцы з сваёй крыніцы.


*Кожны радок паўтараецца.
Запісала В. Собаль ў 1991 г.
ОЙ, КОСЮ, КОСЮ,КОСЮ, ВАРАНЫ...
Ад М.І. Чарновай (1920), Т.І. Шук (1985) з в. Пятрагі Пастоўскага раёна

Ой, косю, косю, косю, вараны, #

Вывязі, косю, з чужой страны.
Дам табе, косю, сена, /а/броку,

Вывязі, косю, з чужога боку.


Дам табе, косю, крынічнай вады,

Вывязі, косю, з чужой страны.


Кожны радок паўтараецца двойчы
Запісаў Капылоў у 1985 г.
СЫНОК У МАМКІ НОЧКУ НАЧАВАЎ...

Ад М.І. Чарновай (1920), Т.І. Жук з в. Пятрагі Пастоўскага раёна
Сынок у мамкі ночку начаваў, *

Пасярод ночкі дзіўны сон відаў.

– Ой, сынку, сынку, разбяру твой сон.

Твая мілая сына радзіла,

Сына радзіла – сама чуць жыва.

Запісаў І. Капылоў у 1985 г.


*Кожны радок паўтараецца двойчы
Запісалі ў 1992 г.
МАСЛЕНКА, БЕЛЫ СЫР!

Ад Л.С. Камароўскай (1931) з в. Баева Дубровенскага раёна
Масленка, белы сыр! *

– Пабіў міня, мамінька, сукін сын.

– Ты б, маё дзіцятка, уцікла.

– А чорт яго, мамінька, уцячэць.

А чорт яго, мамінька, уцячэць,

За русую косаньку валачэць.


Запісалі ў 1992 г.
НА ГАРЭ КАРЫТА...

Ад Л.Ф. Гузунавай (1929) з в. Славені Талачынскага раёна
На гарэ карыта

Поўна вады, поўна вады.


Дзевачкі ножкі памылі, памылі,

Мальчыкі вадзічку папілі, папілі.


Дзевачкі зайчыка злавілі, злавілі,

Ды ў гаршочку зварылі, зварылі.


Дзевачкі за сталом мяса ядуць, мяса ядуць,

Мальчыкі пад сталом косці гразуць, косці гразуць.


Дзевачкі за сталом смяюцца,

Мальчыкі пад сталом гразуцца.


Запісалі ў 1989 г.
НА ГАРЭ САСОНКУ КОТ ПАДРАЎ...

Ад Л.Ф. Гізуковай (1929) з в. Салавені Талачынскага раёна
На гарэ сасонку кот падраў,

А ламінскіх хлопцаў чорт пабраў.


Асталося чатыры –

І тых чэрці стачылі.


Не так чэрці, як мошкі

Растачылі на крошкі.


Запісала Э. Пляскач у 1989 г.
НАШУ МАСЛЕНКУ КОТ ПАДРАЎ...

Ад В.І. Чэлікавай (1932) з г. Орша
Нашу масленку кот падраў,

Нашых дзевачак чорт пабраў.


На вуліцы туман сцелецца,

Дзеўкі на зайца цэляцца.


Злавілі зайца, злавілі,

У чугуночку зварылі.


Дзеўкі ядуць – смяюцца,

А хлопцы сядзяць – грызуцца.


Запісала Л. Прымакова ў 1985 г.
А НА ГАРЭ ЕЛЬНІК СЦЕЛЕЦЦА...

Ад Н.З. Лісоўскай (1915) з в. Засеклі Аршанскага раёна
А на гарэ ельнік сцеліцца,

А там зайка туліцца.

Дзевачкі зайца злавілі,

А мальчыкі – забілі.


Мальчыкі зайца лунілі,

А дзевачкі – зварылі.


Дзевачкі на стале мяса ядуць,

Мальчыкі пад сталом косці грызуць.


Запісала І. Лісоўская ў 1985 г.
МАСЛЕНІЦА

Ад К.Л. Сазонавай (1928) з в. Мадора Рагачоўскага раёна
Як на Масленай нядзелі

Са стала бліны ляцелі.

Сыр да тварог –

Усё ляцела за парог!


Запісала В.Ю. Валчкова ў 2006 г.
ГУШКАЛЬНЫЯ /АРЭЛЬНЫЯ/ ПЕСНІ
Гушкальныя песні з адмысловымі гукапераймальнымі прыпевамі-воклічкамі складаюць асобную групу. Любоўна-шлюбныя матывы з’яўляюцца ў іх скразнымі. Па кампазіцыйнай форме гушкальныя песні часцей за ўсё маналог дзяўчыны, якая просіць сябровак ускалыхнуць яе так высока, каб убачыць усё далёка: “дзе міленькі гуляе”, ”свякроў двор”, жаніцьбу сямёрых хлопцаў у суседняй весцы і г. д.
А У ПОЛІ КАЛЫСКА, ВІСІЦЬ ЯНА НІЗКА...

Ад М.С. Багуцкай (68) з в. Адрубак Дакшынскага раёна
А ў полі калыска, вісіць яна нізка,

Ой, люлі-палюлі, вісіць яна нізка.*

Калышуцца дзеўкі – слічныя паненкі,

Калышуцца хлопцы – слічныя малойцы,

Як мы, маладыя, туды захацелі,

Туды захацелі – дзіва паглядзелі.


*Паўтараецца з другой часткай кожнага радка
Запісала Н. Багуцкая
НА УЛІЦЫ АРЭЛЬКІ – КАЛЫШАЦЦА ДЕЎКІ...
Ад К.С. Бацюшкавай (1909) з г. Віцебска

На уліцы арэлькі – калышацца дзеукі,

Гу-у-та-та, гу-у-лі-ля!*

Меня, маладзеньку, гукаюць, гукаюць.

Меня, маладзеньку, бусількі, бусількі (1)

Гуляць меня не пусцюць, не пусцюць.

А хоць пусцяць – познянько, познянько,

А ўсе дзевачкі – рознянькі, рознянькі.

А як выйду я – запою, запою,

Усіх дзевачэк собяру, собяру,

Скрыпкі і цымбалу подайму, подайму,

І буду гуляць до свету, до свету,

До познего обеду, обеду.

А дамой іцці боюся, боюся,

У дзевератанькі прошуся, прошуся:

– Дзевератанька, старшый брат, старшый брат,

Заведзі меня дадому, дадому,

Дам цябе кустку (2) шалкову, шалкову,

Тонку кашулю да долу, да долу.

– Пастой, шэльма, бок проб’ю, бок проб’ю,

Тонку кашулю сам сношу, сам сношу,

Шалкову кустку матке отдам, матке отдам.


*Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.

Заўвага! Бусількі – муж,

Кустка – хустка.



Запісала Л. Антук у 1990 г.
ШЫБНІЦЕ МЯНЕ ВЫСОКА...

Ад А.П. Папковай (1911) з в. Пуські
Шыбніце мяне высока, высока,

Каб я відзіла далёка, далёка,

Што ў той дзярэўні дзеіцца, дзеіцца:

Сем мужыкоў жэняцца, жэняцца.


Запісалі І. Клімава, І. Жаўнерчык у 1989 г.
НА ВУЛІЦЫ СОНЦА, КАЛЫШУЦЦА ДЗЕУКІ

Ад Т.У. Галаўко (1964) з в. Замашша Чашніцкага раёна
На вуліцы сонца, калышуцца дзеўкі,

Гу-та-та, гу-ля-лё! *

А я, маладзенька, часу прастаяла,

Часу прастаяла, касу рашчасала.


*Прыпеў паўтараецца пасля кожнага радка.
Запісала Ж Грынчык, І. Качынская ў 1983 г.
КАЛЫШЫЦЕ, БРАЦІКІ, КАЛЫШЫЦЕ...
Ад Я.Г. Малец (1909) з в. Груздава Пастаўскага раёна

Калышыце, брацікі, калышыце,

Калышыце,

На мяне, маладзенькую, не глядзіце,

Не глядзіце,

Бо я ўжо, маладзенька, заручона,

Заручона,

І далёка замужам аддадзена,

Аддадзена.

Ой, за лесам, за лесам за цямненькім,

За цямненькім

Ой, за мужам, за мужам за п’яненькім.


Запісла В. Хмара ў 1989 г.
УСКАЛЫХНІЦЕ МЕНЯ ВЫСОКО...
Ад К.С. Бацюшкавай (1909) з г. Віцебска

Ускалыхніце мене высоко,*

Каб я відзіла далёко,

Што ў Уланавічах дзеяцца:

Дзевяць мальцэў жэняцца,

Дзевятого венчаюць,

З плеч галоўку снімаюць.
*Кожны радок паўтараецца
Запісала Л Антук у 1990 г.
ДЫ УСКАЛЫХНІЦЕ ВЫСОКА...

Ад Т.Ф. Лысёнак (1901) з в. БарэйкіПастоўскага раёна
Ды ўскалыхніце высока,

Ой, люлі-люлі, высока! *

Ды каб я відзела далёка,

Дзе мой мілінькі гуляіць,

Шалковай хусткай махаіць,

У залаты яблык качаіць.

І махнуў хустачкай – не дастаў,

Кінуў яблычкам – не папаў.



Запісала М. Мішута

А СКАЛЫХНІЦЬ МЯНЕ ВІСОКА...


Ад В.С. Кавалёвай (1939) з в. Шупекі Талачынскага раёна

А скалыхніць мяне вісока, вісока,

Каб я відзіла далёка, далёко,

А што ў Шупенях дзеіцца, дзеіццо –

Сем малайцоў жэніцца, жэніцца,

А ў Крывых толькі чатыры, чатыры,

І тых чэрві стачылі, стачылі.

А не так чэрві, як мошкі, мошкі

Патачылі на крошкі, на крошкі.

Запісалі Т. Пташнікава, В. Скарупіч, І. Сакольчык,
І. Падыніногіна, Н. Падлозная, Т. Панько ў 1989 г.


ПЕСНІ ПРАВОДЗІНАЎ МАСЛЕНІЦЫ
Асноўныя матывы песень – нараканні на Масленіцу за падман і кпіны з Масленіцы-палізухі. Масленіцу папракаюць, што замест сямі нядзелек яна працягнулася толькі сем дзянёчкаў. Творы лёгка трансфармуюцца ў песені-дакоры да Масленіцы-каўзуніцы, што тая хутка канчаецца.

Захавалася толькі адзіная песня, у якой адлюстравалася былое рытуальнае знішчэнне пудзіла Масленіцы: “А мы Масленіцу пракаталі, у пясок яе закапалі” (Віцебшчына). Новых варыянтаў названай песні пакуль што не зафіксавана.


ТЫ МАСЛІНКА-КАЎЗУХА...

Ад В.І. Дунаёвай (1900) з в. Юрцава Аршанскага раёна
– Ты маслінка-каўзуха, каўзуха,

Чаму не вялася да духа, да духа?

– Я ж бы вялася, вялася,

Каб я ўдалася, удалася.

Масленіца, масленіцу!

Запісала Т. Шабанава ў 1991 г.

МАСЛЕНІЦА-КАУЗУХА...


Ад В.В. Цыра (1929) з в. Кахановічы Верхнедзвінскага раёна

Масленіца-каўзуха, каўзуха,

Працягніся да духа, да духа!

Мы думалі, масленіцы сем нядзель,

Ажны яе, масленіцы, адзін дзень.
Запісала М. Майсеёнак у 1987 г.

А ЧАМУ ЦЯБЕ, МАСЛЯНКА...


Ад А.А. Вакар з в. Оўсішча Сенненскага раёна

А чаму цябе, маслянка,*

Ды на сем нядзель?

Адна нядзелька,

І тая караценька.
*Кожны радок паўтараецца двойчы
Запісана ў 1987 г.
МАСЛЕНКА-ПАЛІЗУХА!

Ад М.Я. Астапенка (1909) з в. Бабінічы Аршанскага раёна
Масленка-палізуха!

Усё масла паела, палізала.

Масленка-каўзуха,

Каб вілася да духа!

У каго сыр, у каго масла,

У мяне, маладой,

Канапель чарапень.

Масленка, масленка!


Запісала А.Ракоўская ў 1989 г.
МАСЛЕНІЦА, МАСЛЕНІЦА!

Ад Н.Я. Каласоўская (1916) з в. Заазер’е Талачынскага раёна
Масленіца, масленіца!

У каго сыры, у каго маслы,

Масленіца, масленіца!*

У мяне, маладэя, чарапень канапель.

Канапель натаўку, ладак намакаю,

Ладак намакаю, гасцей зазываю.

Чаму цябе, каўзель, да ня сем нядзель?

Адна нядзелька й тая караценька.


*Паўтараецца пасля кожнага радка
Запісалі Н. Паўлоўская, І Рошчына ў 1989 г.
МЫ МАСЛЕНІЦУ ПРАКАТАЛІ...

Ад Н.А. Чургель (1926) з в. Кахановічы Верхнедзвінскага раёна;

Ад Л.І. Парневіч з г.п. Варапаева Пастоўскага раёна
Мы масленіцу пракаталі,

Сырам горы укладалі,

Маслам зверху палівалі,

Штоб нашы горушкі былі крутыя,

Наша масленіца з гор катліва.

А мы масленіцу пракаталі,

У пясок яе закапалі

Ды на лета яе прыбралі.


Запісалі М. Маўсеёнак у 1987 г., А. Лапшына ў 1988 г.
АЙ, МАСЛІНІЦА-КАЎЗУХА...
Ад Л.Г. Ляхновіч (1919) з в. Нярэйша Сенненскага раёна

Ай, Маслініца-каўзуха!

Працягніся ты да духа!

А не так да духа,

Як да тройцы,

Ай, Маслініца-каўзуха,

Прыцягніся да духа!

Каб любілі малойцы.


Запісала Ю. Кудалей у 1989 г.
МАСЛЕНІЦА-КАЎЗУНІЦА...
Ад А.І. Міхайлоўскай (1922) з в. Пішчалава Аршанскага раёна

Масленіца-каўзуніца,

Масленіца-каўзуніца,

Чаму не вялася да сроку,

Да сроку?

Чаму адна нядзелька,

Нядзелька,

І тая караценька,

Караценька?

Караценька, зусім мала,

Мала.

Я ж нічогачкі не прыбрала,



Не прыбрала.

Масленіца, масленіца,

Масленіца!
Запісала А. Рогава ў 1991 г.
НАША МАСЛЕНКА КАТЛІВА

Ад А.П. Казак (1942) з г. Бабруйска
Наша Масленка катліва,

Штось катліва, ой, катліва!

А мы Масленку пракацілі,

Пракацілі, ой, пракацілі.

А цяпер пойдзем хаваці!

Нашу Масленку хаваці,

У вагонь яе кідаці,

Ды на лета прыбіраці.


Запісала Ю.А. Ільіна ў 2000 г.
ПРАГРАМА-АПЫТАЛЬНІК


  1. Якімі песнямі і як сустракалі Масленічны тыдзень? Ці былі строга вызначаныя песні, якія спявалі напачатку і напрыканцы Масленічнага тыдня?

  2. Як называлася і адзначалася памінальная субота напярэдадні Масленіцы?

  3. Якія абрадавыя стравы з’яўляліся галоўнымі, як іх рыхтавалі, калі іх ужывалі і выкарыстоўвалі?

  4. Ці існавалі масленічныя пахавальныя гульні (напрыклад, пахаванне “дзеда” і падобныя)?

  5. Як адбываліся масленічныя абходы дамоў? Хто ў іх удзельнічаў? Як сустракалі і віталі наведвальнікаў? Якія песні прымеркаваны да абрадавых абходаў?

  6. Як адбываліся масленічныя гасцяванні? Хто, да каго і калі ездзіў у госці? Якія ёсць песні пра гасцяванне (напрыклад, зяця ў цешчы)?

  7. Як адбываліся катанні з гор? Хто ў іх удзельнічаў? Ці захаваўся гэты звычай цяпер? Ці вядомы песні пра катанне?

  8. Як тлумачылі звычай катацца на конях?

  9. Якімі жартамі, прыпеўкамі, гульнямі суправаджаліся масленічныя святы?

  10. Ці вядомыя масленічныя песні пра ластавіцу, вутачак, зайчыка? Ці ведаеце вы песні пра Масленіцу-“каўзуху”, “пакатуху”, “палізуху” і г.д.? Калі спявалі такія песні – напачатку, у сярэдзіне ці напрыканцы тыдня?

  11. Што адбывалася падчас наведвання бабкай-павітухай унукаў? Ці хадзілі віншаваць маладзёнаў? Якія прыгаворы, віншаванні і песні пры гэтым выконвалі?

  12. Ці гушкаліся на арэлях? Якія песні пры гэтым спявалі?

  13. Ці ладзіліся масленічныя кірмашы? Якія гулянні пад час гэтага адбываліся? Ці існаваў звычай выбару і кражы коней?

  14. Якія масленічныя ігрышчы вам вядомы?

  15. Што вы ведаеце пра прашчоную нядзелю? Што рабілі ў гэты дзень? Як і ў каго прасілі даравання?

  16. Ці вядома ў вас пра абрад “провады Масленіцы”? Ці рабілі ляльку Масленіцы з саломы? Што яна сімвалізавала? Што далей рабілі з лялькай (неслі за вёску і спальвалі на вогнішчы; спальвалі ў цэнтры вёскі; закопвалі ў зямлю)? Што пры гэтым гаварылі? Якія песні спявалі?

ЗМЕСТ
Тыпалогія і нацыянальная адметнасць

масленічных песень…………………………………………………...3

Проза масленічнага комплексу…………………………….................8

Масленічныя песні…………………………………………………….9

Песні сустрэчы Масленіцы.

Ухваленне Масленіцы…………………………………………….9

Песні на гуляннях………………………….……………………..16

Гушкальныя (арэльня) песні…………………………...………..26

Песні праводзін Масленіцы……………………………..............29

Праграма-апытальнік……………………………………………….33





База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка