Мду імя А. А. Куляшова




Дата канвертавання15.05.2016
Памер67.84 Kb.


Макарэвіч А.М.

УА “МДУ імя А.А. Куляшова”, Магілёў


урокі пазакласнага чытання і развіцця маўлення ў пятым класе
На сучасным этапе выкладання літаратуры ў сярэдняй школе важным фактарам з’яўляецца арганізацыя працы настаўніка і вучняў па сістэме перспектыўных ліній. Галоўныя мэты навучальнага характару пры гэтым наступныя. Фарміраванне ўменняў успрыняцця і ацэнкі:

  1. мастацкага вобраза ў кантэксце адпаведнага твора – бліжняя перспектыва;

  2. твора пісьменніка ў межах яго творчай спадчыны – сярэдняя перспектыва;

  3. мастацкага твора, спадчыны пісьменніка і нацыянальнай літаратуры ва ўзаемасувязі літаратурных праяў – дальняя перспектыва.

У сувязі з гэтым павінна адбывацца паэтапнае фарміраванне ўменняў і назапашванне ведаў для здзяйснення вучнямі адпаведных відаў дзейнасці пры падрыхтоўцы іх да выканання розных форм працы. Прычым гэтыя формы працы, алгарытмы іх выканання мэтазгодна паступова ўскладняць.

Пры гэтым важна, каб вучні выразна ўсведамлялі, на якім этапе іх навучання, у якіх відах, формах дзейнасці спатрэбіцца тое, чым яны займаюцца пры падрыхтоўцы да таго ці іншага ўрока, пры выкананні заданняў на адпаведных уроках.

Усведамленне школьнікамі бліжэйшых, сярэдніх і дальніх перспектыў іх вучэбнай дзейнасці дазваляе больш рацыянальна, эфектыўна наладжваць тыя ці іншыя формы іх працы, не паўтараючы некаторыя яе этапы, вызваляючы пры гэтым час і (галоўнае!) адпаведны запас энергіі – разумовай, фізічнай – на здзяйсненне планаў творчага характару. Рацыянальна арганізаваная інтэлектуальная дзейнасць спрыяе назапашванню не толькі фактычнай інфармацыі пэўнага кшталту, паступальнаму фарміраванню ўменняў і навыкаў адпаведнай скіраванасці, але і спрыяе ўзнікненню ў суб’екта такой дзейнасці ўпэўненасці ў сваіх сілах, жадання творчага прымянення назапашаных ведаў і навыкаў.

Паколькі ў сістэме літаратурнай адукацыі пяты клас з’яўляецца пераходным этапам ад пачатковага навучання (літаратурнае чытанне) да сярэдняга (літаратурнае навучанне), то вельмі важна з самага пачатку яго здзяйснення вучыць вучняў рацыянальнай арганізацыі працы з выхадам на развіццё іх творчых здольнасцей. Важна пры гэтым пастаянна арыентаваць школьнікаў на тое, калі, у якіх формах, відах дзейнасці спатрэбяцца ім вынікі іх працы. Такі падыход павінен быць сістэмным. У сувязі з гэтым звернемся да характарыстыкі наступных аспектаў з улікам сістэмы перспектыўных ліній: а) выбар форм навучальнай і творчай дзейнасці вучняў, вызначэнне твораў для пазакласнага чытання; б) асаблівасці арганізацыі і правядзення ўрокаў па развіцці маўлення і пазакласнага чытання.

“Вучэбная праграма для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай і рускай мовамі навучання. Беларуская літаратура. V –ХІ класы” вызначае толькі колькасць гадзін на ўрокі па развіцці маўлення і “прыкладны спіс твораў для пазакласнага чытання”.

“Прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне па вучэбным прадмеце “Беларуская літаратура”<…> (V клас агульнаадукацыйных устаноў з беларускай і рускай мовамі навучання)” не акрэслівае канкрэтныя формы творчай дзейнасці вучняў на ўроках па развіцці маўлення (даюцца рэкамендацыйныя парады адносна гэтых формаў). Што тычыцца вызначэння твораў для ўрокаў пазакласнага чытання, то яно ўвогуле адсутнічае; паколькі “Вучэбная праграма…” такое вызначэнне адсылае настаўніку: “на выбар”. Пры гэтым варта звярнуць увагу на тое, што “Прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне…” вызначае і паслядоўнасць: спачатку ідуць урокі па развіцці маўлення, а потым урокі пазакласнага чытання. Акрамя гэтага, у адносінах да ўрокаў пазакласнага чытання ў “Прыкладным каляндарна-тэматычным планаванні…” назіраецца некаторая супярэчнасць: іх паслядоўнасць, далучэнне да адпаведнага зместу “Вучэбнай праграмы…” можна характарызаваць як механічныя (адносна раўнамернае размеркаванне па чвэрцях), бо не ўлічваецца пры гэтым тэматычны, праблемны, тэарэтычны кантэкст твораў для абавязковага вывучэння. Варта было б пры гэтым вызначыць у “Прыкладным каляндарна-тэматычным планаванні…” пералік твораў для кожнага з чатырох урокаў пазакласнага чытання з улікам тэматыкі, праблематыкі, вобразаў твораў для абавязковага чытання і твораў для ўрокаў пазакласнага чытання.

Рэкамендацыйны характар гэтых частак як “Вучэбнай праграмы…”, так і “Прыкладнага каляндарна-тэматычнага планавання…”, з аднаго боку, спрыяе творчаму падыходу настаўніка да арганізацыі адпаведных урокаў, з другога, садзейнічае парушэнню сістэмнасці пры іх планаванні і правядзенні, бо настаўнік у такіх умовах “творчай самастойнасці” аказваецца дастаткова часта непадрыхтаваным да паспяховай працы. Болей за тое, як паказвае практыка, настаўнікі дастаткова часта фармальна падыходзяць да правядзення ўрокаў па развіцці маўлення, а ўрокаў пазакласнага чытання і зусім пазбягаюць, матывуючы гэта рознымі прычынамі.

У сувязі з акрэсленым вышэй прапануем адзін з магчымых варыянтаў перспектыўнага плавання ўрокаў па развіцці маўлення і пазакласнага чытання. Пры гэтым заўважым, што зыходнай метадычнай тэзай тут з’яўляецца наступная. Такія ўрокі павінны, акрамя іншага, выхоўваць у вучняў творчы падыход да выказвання сваіх думак, поглядаў, доказаў, вывадаў. Вучэбны працэс і яго вынікі на дадзеным этапе павінны спрыяць фарміраванню ў школьнікаў псіхалагічнай устаноўкі на творчы падыход да маўлення, да самастойнага ўспрыняцця літаратурнага тэксту і яго ацэнкі. Ад таго, наколькі паспяхова будзе дасягнута гэтая задача, залежыць тое, ці захочуць вучні ў далейшым творча падыходзіць да такіх відаў дзейнасці. Тут важна фарміраваць пазітыўныя іх адносіны да творчай дзейнасці, не перакрэсліць (ні кепскай адзнакай, ні неабачлівай ацэнкай, ні выбарам неадпаведных узроўню падрыхтаванасці вучняў форм працы) іх жаданне самавыявіцца.

Паколькі і ўрокі пазакласнага чытання, і ўрокі па развіцці маўлення маюць на мэце фарміраванне творчых здольнасцей вучняў, то іх неабходна праводзіць у пятым класе чатырма “парамі” (1-на + 1-на гадзіна): урок пазакласнага чытання – адразу пасля яго урок па развіцці маўлення (як гэта прапанавана “Прыкладнаым каляндарна-тэматычным планаваннем…” у адносінах да урокаў №№ 64, 65 [3]). Такая паслядоўнасць гэтых урокаў у падабенстве зместу форм працы на іх утварае своеасаблівы блок творчых урокаў. “Пары” гэтых блокаў, паводле форм працы, іх зместу, тэматычнай скіраванасці твораў, павінны цесна быць злучаны з раздзеламі, у кантэксце якіх праводзяцца. Адпаведныя формы працы ў межах гэтых блокаў, па-першае, садзейнічаюць падрыхтоўцы вучняў да больш эфектыўнай іх дзейнасці пры выкананні заданняў да ўрокаў па развіцці маўлення, па-другое, больш эфектыўным падагульненням, ілюстрацыям да папярэдне вывучанага матэрыялу тых раздзелаў, пасля якіх праводзяцца “пары”.

Перспектыўнае планаванне ўрокаў пазакласнага чытання і ўрокаў па развіцці маўлення мэтазгодна здзяйсняць у наступнай паслядоўнасці.



  1. Выбар літаратурных твораў для пазакласнага чытання, прапанаваных “Вучэбнай праграмай…”. Тут важна, каб яны тэматычна пераклікаліся з творамі, якія вывучаюцца абавязкова ў адпаведных раздзелах. Для ўрокаў пазакласнага чытання ў пятым класе прапануем наступныя творы: 1) У. Дубоўка “Як сінячок да сонца лётаў”, 2) Я. Брыль. “Цюцік”, 3) К. Каганец. “Скрыпач і ваўкі”, 4) У. Караткевіч. “Чортаў скарб”.

  2. Выбар тэмаў для ўрокаў па развіцці маўлення з “Прыкладнага каляндарна-тэматычнага планавання…”. Прапануем наступныя: 1) вуснае выказванне на тэму “Мой родны кут, як ты мне мілы!”, 2) абагульняльны ўрок-конкурс (расказванне вучнем складзенай ім казкі), 3) вусная замалёўка на падставе ўласных назіранняў за прыроднымі з’явамі, 4) разгорнуты адказ на пытанне з элементамі характарыстыкі літаратурнага героя па адным з вывучаных твораў. Урокі па гэтых тэмах у далейшым пры каляндарным планаванні можна гарманічна аб’яднаць з урокамі пазакласнага чытання дзеля ўтварэння “пар” (урок пазакласнага чытання + урок развіцця маўлення), адпаведных тэматыцы раздзелаў.

  3. Вызначэнне алгартымаў працы настаўніка і вучняў на перспектыву: час і форма аб’яўлення заданняў на перспектыву, формы падрыхтоўкі да ўрокаў пазакласнага чытання і развіцця маўлення, перспектывы канкрэтных форм працы на ўроках, пры выкананні дамашніх заданняў у кантэксце творчага выхаду на ўрокі пазакласнага чытання і развіцця маўлення.

Каляндарнае планаванне ўрокаў пазакласнага чытання і ўрокаў па развіцці маўлення ў сувязі з прыведзенымі вышэй прапановамі можа здзяйсняцца ўжо ў адпаведнасці з узроўнем падрыхтаванасці вучняў, творчымі іх здольнасцямі і інш.

Магчымымі формамі падрыхтоўчай працы да ўрокаў пазакласнага чытання і непасрэдна на гэтых уроках могуць быць тыя, якія прапанаваны Верціхоўскай у кантэксце падрыхтоўкі да ўрока і яго правядзення па творы А. Федарэнкі “Шчарбаты талер” [2, с.127 – 167].

Этапы ж падрыхтоўкі да ўрокаў па развіцці маўлення могуць быць наступнымі: а) аб’яўленне тэмаў і прыблізных да іх планаў у самым пачатку працы з адпаведным раздзелам падручніка (форма – друкаваная, на стэндзе ў кабінеце беларускай мовы і літаратуры); б) пры вывучэнні твораў для абавязковага прачытання і пазакласнага чытання мэтазгодна здзяйсняць назапашванне фактаў, фарміраванне адпаведных уменняў для наступнага выканання творчых заданняў, работ па развіцці маўлення; на кожным уроку павінен быць такі кароткі (прыблізна ў 5 хвілін) зварот; пры гэтым неабходна рабіць апорныя запісы ў літаратурных сшытках; в) невялікія творчыя дамашнія заданні.

Такім чынам, прапанаваны тут этап працы ў сістэме перспектыўных ліній пры вывучэнні беларускай літаратуры ў пятым класе спрыяе фарміраванню ўменняў аналізу мастацкага твора з паступовым назапашваннем неабходных ведаў не толькі для працы па вывучэнні іншых твораў для абавязковага вывучэння, а і для будучага вывучэння твораў на ўроках пазакласнага чытання, а таксама фарміравання адпаведных уменняў творчага выказвання вучняў у працэсе іх падрыхтоўкі да ўрокаў па развіцці маўлення і пры непасрэдным іх правядзенні. Усё гэта служыць больш паспяховаму засваенню вучнямі матэрыялу беларускай літаратуры ў пятым класе.


ЛІТАРАТУРА

    1. Вучэбная праграма для агульнаадукацыйных устаноў з беларускай і рускай мовамі навучання. Беларуская літаратура V – ХІ класы. / Зацв. Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. – Мінск: Нац. Ін-т Адукацыі, 2010. – С. 43.

    2. Верціхоўская, М.І. Урокі літаратуры: пошук і творчасць : дапаможнік для настаўнікаў / Марыя Верціхоўская. – Мінск : Литература и Искусство, 2008. – 224 с.

    3. Прыкладнае каляндарна-тэматычнае планаванне па вучэбным прадмеце “Беларуская літаратура” на 2010/2011 навучальны год (V клас агульнаадукацыйных устаноў з беларускай і рускай мовамі навучання) // http://www.adu.by/modules.php?name=News&file=article&sid=6603 Дата доступу 09.03.2011



База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка