ЧАЛАВЕК І СВЕТ
ТЛУМАЧАЛЬНАЯ ЗАПІСКА
Вучэбны прадмет «Чалавек і свет» уяўляе сабой інтэграцыю трох адукацыйных кампанентаў: «Прырода і чалавек», «Чалавек і грамадства», «Чалавек і яго здароўе». Складанай часткай адукацыйнага кампанента «Чалавек і грамадства» з’яўляецца змястоўны блок «Мая Радзіма — Беларусь».
Мэта вучэбнага прадмета «Чалавек і свет» — фарміраванне першапачатковых ведаў аб прыродзе, грамадстве і чалавеку, асновах экалагічнай культуры і здаровага ладу жыцця, грамадзянскае выхаванне малодшых школьнікаў.
Дасягненне ўказанай мэты прадугледжвае рашэнне наступных задач:
-
фарміраванне ўяўленняў і паняццяў пра аб’екты і з’явы прыроды і грамадскае жыццё, падвядзенне вучняў да элементарнага разумення сувязяў у сістэме «прырода—чалавек—грамадства» і ўсведамлення свайго месца ў навакольным свеце;
-
фарміраванне першапачатковых уяўленняў і элементарных паняццяў аб гістарычным шляху беларускага народа на аснове знаёмства вучняў з асобамі і важнейшымі падзеямі айчыннай гісторыі;
-
выхаванне патрыятызму, любові і павагі да сваёй Радзімы, нацыянальнай самасвядомасці, гуманных адносін да ўсяго жывога, развіццё патрэбнасці ў пазнанні прыроды;
-
фарміраванне маральных якасцей асобы (добразычлівасці, спагадлівасці, пачуцця абавязку і да т. п.);
-
фарміраванне ўяўленняў аб тым, што чалавек — частка прыроды і яго здароўе і жыццё ў значнай ступені залежаць ад стану навакольнага асяроддзя; выпрацоўка неабходных уменняў і навыкаў здаровага ладу жыцця;
-
фарміраванне вопыту інтэлектуальнай і творчай дзейнасці, развіццё агульнавучэбных і прадметных уменняў, неабходных для далейшага авалодання сістэматычнымі ведамі па біялогіі, геаграфіі, грамадазнаўстве і гісторыі, для самаразвіцця і самавыхавання.
У аснову зместу вучэбнага прадмета «Чалавек і свет» пакладзена канцэпцыя экалагічнай адукацыі асобы. Таму адна з найважнейшых задач — фарміраванне ў малодшых школьнікаў асноў экалагічнай культуры, што прадугледжвае засваенне дзецьмі пэўных экалагічных ведаў і ўменняў, правільнае і ўсвядомленае выкарыстанне іх у какрэтных жыццёвых сітуацыях, адказныя адносіны да прыроды і свайго арганізма. Вядучымі ў сістэме экалагічных ведаў з’яўляюцца веды аб сувязях і ўзаемасувязях у прыродзе, значэнні прыроды ў цэлым і яе кампанентаў і элементаў. Гэтыя веды складаюць аснову экалагічнай свядомасці асобы, здольнай будаваць свае паводзіны ў прыродзе на аснове самастойных разважанняў і вывадаў. Але каб зразумець, што ў прыродзе ўсё ўзаемазвязана, што прырода — найвялікшая каштоўнасць на Зямлі, школьнікі ўжо ў першыя гады навучання павінны атрымаць навукова дакладныя фактычныя веды аб навакольных аб’ектах і з’явах нежывой і жывой прыроды.
У І класе ў працэсе назіранняў за сезоннымі з’явамі малодшыя школьнікі атрымліваюць канкрэтныя веды аб раслінах і жывёлах бліжэйшага акружэння. Адказваючы на пытанні «Чаму птушкі адлятаюць у цёплыя краіны?», «Чаму адны звяры на зіму ўпадаюць у спячку, а другія вядуць актыўны лад жыцця?», вучні ўпэўніваюцца ў тым, што ў прыродзе ўсё ўзаемазвязана і што змены ў жыцці раслін і жывёл з’яўляюцца прыстасаваннем да ўмоў існавання (да змен у нежывой прыродзе). Такім чынам, ужо з І класа ў дзяцей фарміруюцца элементы экалагічных ведаў.
На першым годзе навучання школьнікі замацоўваюць навыкі асабістай і грамадскай гігіены, якія яны набылі ў дзіцячым садку. У працэсе атрымання звестак аб тым, чаму і як уплывае прырода на настрой і самаадчуванне чалавека, пашыраюцца і паглыбляюцца веды пра здаровы лад жыцця.
Акцэнтуецца ўвага на развіцці ў вучняў уяўленняў аб тым, што чалавек — неад’емная частка прыроды і грамадства. Ужо з І класа ў школьнікаў фарміруецца ўяўленне пра краіну, у якой яны жывуць, яе назву, прыгажосць і непаўторнасць прыроды сваёй Радзімы, роднага кутка, які ўвасабляе ў сабе жывы вобраз Айчыны. Вучні знаёмяцца з асновнымі правамі дзіцяці.
Улічваючы, што фарміраванне асобы дзіцяці пачынаецца ў сям’і, у працэссе вывучэння тэмы «Я і мая сям’я» вялікая ўвага надаецца выхаванню любові да сваіх блізкіх, якая праяўляецца ў клопаце пра родных, у адказнасці разам з іншымі членамі сям’і за парадак і ўтульнасць ва ўласнай кватэры, у доме.
У ІІ класе элементарныя веды аб кампанентах нежывой прыроды — паветры, вадзе, глебе служаць асновай для фарміравання такіх паняццяў, як «расліны і жывёлы — жывыя арганізмы», «сувязь жывой і нежывой прыроды», «умовы, неабходныя для жыцця раслін і жывёл» і інш.
Мэта раздзела «Свет раслін» — паказаць разнастайнасць расліннага свету бліжэйшага акружэння, яго ролю ў прыродзе і жыцці чалавека. Пры знаёмстве з разнастайнасцю расліннага свету праводзіцца работа па класіфікацыі раслін на групы па розных істотных адзнаках: знешняй будове, выкарыстанні чалавекам і да т. п.
Пры вывучэнні раздзела «Свет жывёл» у школьнікаў фарміруюцца элементарныя паняцці: «звяры», «птушкі», «насякомыя» і да т. п. Вучні атрымліваюць веды пра асаблівасці знешняга выгляду і паводзін асобных жывёл як прыстасаванні да ўмоў жыцця.
Веды пра лад жыцця, харчаванне жывёл дапамогуць вучням ІІ класа зразумець, што паміж рознымі жывёламі існуюць цесныя сувязі, што ў прыродзе няма «шкодных» жывёл, што ўсе жывёлы ў прыродзе неабходныя.
Матэрыял аб тым, як жывёлы клапоцяцца пра сваіх дзіцянят, будзе спрыяць фарміраванню ў малодшых школьнікаў добрых, гуманных адносін да ўсяго жывога, а ў выніку, і станаўленню такіх якасцей асобы, як спагадлівасць, дабрыня, што потым праявіцца і ў адносінах да людзей.
Звесткі пра ваду, паветра, навакольны раслінны свет выкарыстоўваюцца для далейшага развіцця ведаў пра здаровы лад жыцця (значэнне чыстага паветра, вады, прагулак і адпачынку ў лесе і да т. п. для здароўя чалавека).
У ІІІ класе веды пра кампаненты нежывой прыроды пашыраюцца ў працэсе знаёмства з формамі паверхні, вадаёмамі, карыснымі выкапнямі. Як і раней, асноўнымі элементамі ведаў тут з’яўляюцца веды пра значэнне тых ці іншых кампанентаў прыроды, меры па яе ахове.
Пры вывучэнні раздзела «Мая краіна» вялікая ўвага надаецца фарміраванню ў малодшых школьнікаў вядучых экалагічных паняццяў: «сувязь раслін і жывёл з навакольным асяроддзем», «прыроднае згуртаванне» і да т. п.
Фарміраванне вызначаных экалагічных паняццяў дапаможа школьнікам усвядоміць, што ўсе жыхары лесу, балота, вадаёма звязаны адзін з адным прамымі і ўскоснымі сувязямі, разбурэнне якіх непазбежна прыводзіць да парушэння прыроднай раўнавагі. Вучні пераконваюцца ў тым, як важна ведаць гэтыя ўзаемасувязі, каб не наносіць шкоду прыродзе.
Атрыманне картаграфічных ведаў і ўменняў падрыхтуе вучняў ІІІ класа да фарміравання элементарнага ўяўлення пра разнастайнасць прыроды Зямлі.
Атрыманне элементарных ведаў пра будову чалавечага арганізма служаць асновай для фарміравання санітарна-гігіенічных навыкаў і іншых кампанентаў здаровага ладу жыцця.
У ІV класе вучні прыступаюць да вывучэння змястоўнага блока «Мая Радзіма — Беларусь», які мае прапедэўтычны характар і забяспечвае стварэнне ўмоў для пераходу да сістэматычнага вывучэння гісторыі ў базавай школе. Засваенне зместу гэтага блока звязана з развіццём якасцей асобы і здольнасцей малодшых школьнікаў, неабходных для іх паступовай падрыхтоўкі да выканання агульных для ўсіх грамадзян нашай рэспублікі сацыяльных функцый, якія абумоўленыя сістэмай каштоўнасцей, што прынятыя ў нашым грамадстве. Вывучэнне блока «Мая Радзіма — Беларусь» зарыентавана на ўсведамленне малодшымі школьнікамі сваёй прыналежнасці да беларускага народа праз азнаямленне з самымі важнымі культурна-гістарычнымі каштоўнасцямі Беларусі і прыкладамі духоўна-маральнай дзейнасці гістарычных асоб.
Вувучэнне азначанага блока будзе садзейнічаць развіццю пазнавальнага інтарэсу вучняў да айчыннай гісторыі праз уздзеянне на іх эмацыянальную сферу, развіццё ўнутранага свету асобы, якая адчувае прыгажосць роднага краю, з павагай адносіцца да гістарычнага мінулага і сучаснасці сваёй краіны.
Для авалодання змястоўным блокам «Мая Радзіма — Беларусь» прадугледжваецца інтэграванне прыродазнаўчых, геаграфічных ведаў з літаратуразнаўчымі, грамадазнаўчымі, гістарычнымі.
Вучэбны матэрыял спрыяе асэнсаванню дзецьмі сябе як членаў грамадства, грамадзян Рэспублікі Беларусь і як часткі прыроды. Адабраны матэрыял дапаможа малодшым школьнікам на аснове атрыманных ведаў зрабіць вывады аб тым, што прырода і людзі — адно цэлае, прырода — наш дом, яна чакае дапамогі чалавека, клопат аб навакольным асяроддзі — абавязак кожнага грамадзяніна сваёй краіны.
Пры вывучэнні прадмета «Чалавек і свет» рэкамендуецца выкарыстоўваць разнастайныя формы работы: экскурсіі ў прыроду, мэтавыя прагулкі, урокі-гульні, урокі-падарожжы, урокі — вусныя часопісы, урокі-мікрадаследаванні, урокі-святы і да т. п. Разам з франтальнымі і індывідуальнымі формамі работы неабходна ўключаць малодшых школьнікаў у калектыўную дзейнасць (парная, групавая работа з выкарыстаннем навейшых методык: «Навучанне равеснікаў», «Мазаіка» і інш.).
Разнастайнасцю павінны адрознівацца метады, прыёмы і сродкі навучання. Першапачатковае значэнне надаецца назіранням у прыродзе, практычным работам, дэманстрацыйным і лабараторным вопытам, практычнай дзейнасці па ахове прыроды.
Важнае месца ў вучэбным працэсе адводзіцца гульнёвай дзейнасці, накіраванай не толькі на засваенне прадметных ведаў і ўменняў, але і на развіццё спосабаў лагічнага мыслення, на авалоданне вучнямі пэўнымі правіламі паводзін у прыродзе, грамадстве, на выпрацоўку ўменняў і навыкаў здаровага ладу жыцця.
Для паспяховага засваення праграмы павінны выкарыстоўвацца таксама метады і прыёмы, якія садзейнічаюць узмацненню эмацыянальнага ўспрыняцця школьнікамі вучэбнага матэрыялу і выклікаюць у іх унутраную гатоўнасць дзейнічаць у адпаведнасці са сфармуляванымі экалагічнымі законамі. Выкананню гэтых задач дапамогуць назіранні за непаўторнай прыгажосцю прыроды, аналіз паўсядзённага жыцця, выкарыстанне яркага і вобразнага слова літаратурнага твора, мастацкіх карцін, фонахрэстаматый, сродкаў музычнага і выяўленчага мастацтва.
Вучэбны прадмет «Чалавек і свет» узаемадзейнічае з іншымі адукацыйнымі прадметамі пачатковай школы: «Литературное чтение» на рускай і беларускай мовах, «Выяўленчае мастацтва», «Працоўнае навучанне», «Фізічная культура і здароўе» і інш. Прыродазнаўчы і грамадазнаўчы матэрыял раскрываецца ў адпаведнасці са спецыфікай названых прадметаў з новага боку. Так, веды, якія дзеці атрымалі на ўроках літаратурнага чытання пра такія якасці асобы, як дружба, добразычлівасць, узаемадапамога, выкарыстоўваюцца пры вывучэнні адукацыйнага кампанента «Чалавек і грамадства».
Звесткі аб сезонныз з’явах у прыродзе, аб паводзінах, вобразе жыцця жывёл актуалізуюцца пры вывучэнні расліннага і жывёльнага свету роднага краю (І— ІІ клас), розных прыродных згуртаванняў (ІІІ клас).
Веды аб правілах догляду за хатнімі раслінамі, прадугледжаныя праграмай па працоўнаму навучанню, прымяняюцца пры вывучэнні тэмы «Умовы, неабходныя для жыцця раслін» і г. д.
І КЛАС
(30 г)
Наша Радзіма — Рэспубліка Беларусь (2 г)
Мы жывём у Рэспубліцы Беларусь. Дзяржаўны Герб Рэспублікі Беларусь. Дзяржаўны Сцяг Рэспублікі Беларусь. Мінск — сталіца нашай Радзімы. Наша Радзіма — краіна блакітных рэк, азёр і лясоў. Дзе знаходзіцца наша школа (горад, вёска).
Навакольны свет раслін і жывёл. Што такое прырода. Агульнае ўяўленне пра жывую і нежывую прыроду.
Асеннія змены ў нежывой прыродзе,
жыцці раслін, жывёл і чалавека (9 г)
Экскурсіі (3—4) у лес, парк на тэмы: «Змены ў прыродзе ранняй восенню», «Залатая восень у прыродзе», «Позняя восень» і інш.
Летнія і асеннія месяцы. Змены ў нежывой прыродзе восенню ў параўнанні з летам: зніжэнне вышыні сонца, паніжэнне тэмпературы паветра і вады; змены відаў ападкаў, першыя замаразкі1.
Расліны — частка жывой прыроды. Разнастайнасць і прыгажосць раслін: дрэвы, кусты і травы. Расліны школьнага двара. Маё любімае дрэва, куст. Расліны летам і восенню. Выспяванне пладоў і насення.
Залатая восень. Разнастайнасць асенняй афарбоўкі лістоў дрэў і кустоў. Позняя восень. Лістапад. Завяданне травяністых раслін. Прычыны асенніх змен у жыцці раслін.
Дзікія і свойскія жывёлы Беларусі. Змены ў іх жыцці восенню: змены ў жыцці птушак, насякомых, звяроў і іншых жывёл.
Уплыў змен у нежывой прыродзе, у жыцці раслін на жыццё чалавека восенню. Як правільна апранацца восенню, загартоўваць арганізм. Чым карысныя асеннія прагулкі ў лесе, парку, іх уплыў на здароўе і настрой чалавека.
Асеннія плады і насенне — крыніца здароўя. Шыпшына — скарбонка вітамінаў. Садавіна і агародніна — крыніца вітамінаў. Правілы ўжывання садавіны і агародніны.
Правілы асабістай гігіены. Догляд зубоў, пазногцяў і валасоў. Як даглядаць адзенне і абутак. Рэжым дня. Чаму трэба прытрымлівацца рэжыму дня.
Асеннія з’явы ў прыродзе (абагульняльны ўрок).
Зімовыя змены ў нежывой прыродзе,
жыцці раслін, жывёл і чалавека (9 г)
Экскурсіі (2—3) у прыроду на тэмы: «Прыгажосць зімовага лесу», «Сляды і гукі ў зімовым лесе» і інш.
Першы снег — прымета набліжэння зімы. Змены ў нежывой прыродзе зімой: нізкае месцазнаходжанне Сонца, паніжэнне тэмпературы паветра ў параўнанні з восенню, замярзанне вадаёмаў і глебы. Снег і лёд, снегапады, завеі і да т. п. Правілы паводзін на вуліцы ў снегапад, падчас галалёду.
Як зімуюць расліны. Хвойныя і ліставыя дрэвы і кусты зімой. Каго корміць дрэва ў зімовы час. Хто зімуе на дрэве і пад ім. Клопат чалавека аб захаванні дрэў.
Змены ў жыцці дзікіх жывёл зімой. Іх прычыны: чаму зімой нельга пабачыць жаб, рапух, насякомых. Жыццё птушак зімой. Чаму адны жывёлы (напрыклад, мядзведзь) на зіму засынаюць, а іншыя (вавёрка, ліса) і зімой вядуць актыўны лад жыцця.
Дапамога чалавека дзікім жывёлам. Удзел дзяцей у падкормцы жывёл зімой. Змены ў працы людзей зімой: праца на палях, жывёлагадоўчых фермах, у рамонтных майстэрнях і г. д. Змены ў жыцці дзяцей зімой.
Мой горад (вёска). Галоўная вуліца (плошча) нашага горада (вёскі). Правілы дарожнага руху. Культурна-асветніцкія ўстановы горада (вёскі): бібліятэка, клуб, кінатэатр, спартыўныя збудаванні.
Я і мая сям’я. Значэнне сям’і ў жыцці чалавека. Добразычлівыя зносіны ў сям’і. Правы і абавязкі дзіцяці і бацькоў. Адказнасць дзяцей за свае ўчынкі.
Клопат чалавека аб сваім здароўі зімой. Папярэджанне пераахаладжэння арганізма. Як правільна апранацца, загартоўваць арганізм зімой. Правілы паводзін на лёдзе пры катанні на каньках, санках. Значэнне для здароўя зімовых прагулак у парку, лесе. Папярэджанне прастудных захворванняў.
Небяспечныя сітуацыі ў доме. Нумары тэлефонаў, па якіх можна выклікаць пажарных, міліцыю, хуткую дапамогу, службу газу.
Вясеннія змены ў нежывой прыродзе,
жыцці раслін, жывёл і чалавека (6 г)
Экскурсіі (3—4) у прыроду на тэмы: «Ранняя вясна ў лесе», «Гукі і пахі вясенняга лесу», «Раннеквітнеючыя расліны — упрыгажэнне прыроды».
Ранняя вясна. Сакавік — першы месяц вясны. Змяненне месцазнаходжання Сонца. Павышэнне тэмпературы паветра. Таянне снегу. Асцярожна — крыгаход! Вясенні разліў рэк (паводка). Правілы паводзін каля вадаёмаў вясной.
Вясна — час абуджэння раслін. Набуханне пупышак на дрэвах і кустах. Раннеквітнеючыя расліны — корм для насякомых, якія абудзіліся пасля зімовай спячкі. Неабходнасць беражлівых адносін да вясенніх першацветаў.
Выкарыстанне жыватворнай сілы прыроды вясной. Прагулкі і гульні ў парку, скверы, бяспечныя месцы для гульняў. Як апранацца вясной.
Змены ў жыцці дзікіх жывёл (насякомых, птушак, звяроў) вясной. Залежнасць паміж тэрмінам прылёту птушак і наяўнасцю корму. Гнездаванне птушак. Адносіны да птушак у гэты адказны ў іх жыцці час.
Вясенняя праца на палях, у садах, парках, скверах і на вуліцах гарадоў і вёсак.
Уплыў людзей на жыццё раслін і жывёл (вырубка лясоў, збіранне букетаў з прыгожа квітнеючых раслін, лоўля прыгожых матылёў, разбурэнне мурашнікаў, рыбная лоўля і да т. п.). Неабходнасць аховы раслін (у тым ліку раннеквітнеючых), жывёл роднага краю. Удзел дзяцей у прыродаахоўных мерапрыемствах.
Вясеннія з’явы ў прыродзе (абагульняльны ўрок).
Летнія змены ў нежывой прыродзе,
жыцці раслін, жывёл і чалавека (4 г)
Экскурсіі (1—2, у залежнасці ад мясцовых умоў) на тэмы: «Цвіценне раслін, назіранне за паводзінамі птушак, насякомых», «Правілы паводзін на лузе, каля вадаёмаў».
Змены ў нежывой прыродзе летам. Летнія навальніцы. Правілы паводзін падчас навальніцы.
Расліны летам: цвіценне траў, паспяванне ягад. Ядавітыя расліны (воўчае лыка, мудранка). Жыццё жывёл летам, іх клопат аб патомстве.
Ахова прыроды і здароўя чалавека: правілы паводзін на лузе, каля вадаёмаў і ў вадзе. Небяспечныя сітуацыі пры сустрэчы са змеямі, ядавітымі раслінамі і да т. п.
Летняе загартоўванне арганізма. Загар.
Змены ў прыродзе і працы людзей у розныя поры года.
ПАТРАБАВАННІ ДА ПАДРЫХТОЎКІ ВУЧНЯЎ І класа
Вучні павінны мець першапачатковыя ў я ў л е н н і :
пра тое, што такое прырода;
аб прадметах жывой і нежывой прыроды;
аб ролі Сонца як крыніцы святла і цяпла, неабходных для жыцця жывой прыроды;
аб жывёлах свойскіх і дзікіх;
аб неабходнасці беражлівых адносін да ўсяго жывога;
аб сезонных зменах у нежывой прыродзе, у жыцці раслін, жывёл і чалавека;
аб неабходнасці падкормкі птушак і звяроў зімой і ранняй вясной;
аб значэнні для здароўя знаходжання на свежым паветры ў розныя поры года;
аб рэжыме дня, яго складніках;
аб асноўных правілах асабістай і грамадскай гігіены;
аб карысці садавіны і гародніны;
аб месцы, дзе можна і дзе нельга гуляць;
аб правілах паводзін на вадзе.
Вучні павінны в е д а ц ь:
назву краіны, у якой яны жывуць, яе сталіцу;
сваё прозвішча, імя і імя па бацьку;
імёны і імёны па бацьку бацькоў;
свой дамашні адрас;
нумары тэлефонаў службы вызаву эекстраных служб (хуткая дапамога, міліцыя і да т. п.).
Вучні павінны ў м е ц ь :
адрозніваць некалькі відаў дрэў (3—4), кустоў (1—2) бліжэйшага акружэння;
адрозніваць асноўныя віды садавіны і агародніны, выконваць правілы гігіены пры іх ужыванні;
адрозніваць некалькі відаў насякомых (1—2), птушак (2—3), звяроў (3—4);
пералічваць асноўныя змены, якія адбываюцца ў жыцці раслін і жывёл, у працы людзей у розныя поры года;
тлумачыць прычыны назіраемых сезонных змен у прыродзе (даступныя разуменню дзяцей);
прытрымлівацца правілаў асабістай гігіены;
выклікаць у выпадку неабходнасці пажарных, міліцыю, хуткую дапамогу, службу газу або паклікаць на дапамогу дарослых.
ІІ КЛАС
(34 г)
ПРЫРОДА І ЧАЛАВЕК (27 г)
Уводзіны (1 г)
Прырода вакол цябе. Прадметы прыроды і працы чалавека. Прырода жывая і нежывая. Сувязь жывой і нежывой прыроды, узаемасувязі раслін і жывёл.
Нежывая прырода і чалавек (7 гадзін)
Паветра і жыццё (4 г). Значэнне паветра. Крыніцы забруджвання паветра, ахова паветра.
Чыстае паветра — залог здароўя чалавека. Прагулкі на чыстым паветры, іх значэнне для ўмацавання арганізма чалавека. Азбука харчавання.
Аказанне першай дапамогі пры няшчасных выпадках, траўмах (ударах, вывіхах, пераломах, парэзах).
Вада і жыццё (2 г). Вада ў прыродзе, яе значэнне. Крыніцы забруджвання вады, ахова вады. Вада і здароўе. Значэнне чыстай вады для арганізма чалавека. Якую ваду можна піць.
Глеба, яе значэнне (1 г). Значэнне глебы ў жыцці раслін, жылёл і чалавека. Ахова глебы. Прычыны пажараў, іх згубнае ўздзеянне на глебу. Чаму нельга спальваць сухую траву.
Жывая прырода і чалавек (19 г)
Расліны і чалавек (9 г). Расліны як частка жывой прыроды. Часткі раслін. Умовы, неабходныя для росту і развіцця раслін. Разнастайнасць раслін. Расліны дзікарослыя і культурныя. Найбольш распаўсюджаныя культурныя расліны агарода і саду. Праца людзей па вырошчванні культурных раслін (садавіны, агародніны).
Найбольш распаўсюджаныя дзікарослыя расліны роднага краю (дрэвы, кусты, травы). Лекавыя і ядавітыя расліны. Значэнне раслін у прыродзе і жыцці людзей. Дзікарослыя прыгожа квітнеючыя расліны ў небяспецы. Ахова раслін чалавекам. Чырвоная кніга Рэспублікі Беларусь. Удзел школьнікаў у ахове раслін. Правілы прыродаахоўных паводзін (беражлівыя адносіны да раслін, насякомых, птушак і г. д.).
Грыбы (1 г). Грыбы — асобая група жывых арганізмаў. Ядомыя і ядавітыя грыбы. Правілы збірання грыбоў.
Жывёлы і чалавек (9 г). Разнастайнасць жывёл: насякомыя, рыбы, земнаводныя, паўзуны, птушкі, звяры. Хто чым харчуецца. Сувязі, якія існуюць паміж раслінамі і жывёламі, паміж жывой і нежывой прыродай. Якіх правілаў трэба прытрымлівацца чалавеку, каб садзейнічаць захаванню прыродных сувязяў.
Клопат жывёл (звяроў, птушак) аб сваіх дзіцянятах. Меры, накіраваныя на ахову жывёл у адказны перыяд іх жыцця (гадаванне патомства).
Практычныя работы. Часткі раслін. Разглядванне і апісанне (вуснае) культурных і дзікарослых раслін.
Экскурсіі (3—4) на агарод, у сад, лес або бліжэйшы парк, сквер, школьны двор.
ЧАЛАВЕК І ГРАМАДСТВА (7 г)
Я і мая сям’я (2 г). Сямейныя традыцыі і звычаі. Будні і святы. Сумесны адпачынак. Радавод маёй сям’і.
Права дзіцяці (1 г). Што такое права. Усе людзі розныя, але правы ва ўсіх аднолькавыя. Права дзіцяці на абарону ад бязлітаснасці і насілля.
Школьны калектыў (1 г). Этыка адносін у калектыве. Наш клас у школьным калектыве. Правы і абавязкі школьніка. Знешні выгляд школьніка. Правілы паводзін у школе.
Правілы паводзін у грамадскіх месцах (у музеі, бібліятэцы, транспарце, на вуліцы і да т. п.) (2 г). Як правільна выбраць месца для гульняў і прагулак (чаму нельга гуляць уздоўж вуліцы, дзе рухаецца вялікая колькасць транспарту).
Правілы пажарнай бяспекі (1 г). Чым небяспечны пажар. Як весці сябе пры пажары.
Экскурсія ў бібліатэку ці музей, на пошту ці ў магазін і да т. п.
Урок-практыкум «Радавод маёй сям’і».
АСНОЎНЫЯ ПАТРАБАВАННІ ДА ПАДРЫХТОЎКІ ВУЧНЯЎ ІІ Класа
Вучні павінны в е д а ц ь:
што такое прырода;
прыметы жывой прыроды;
некалькі відаў найбольш распаўсюджаных дзікарослых і культурных дрэў, кустоў і траў;
некалькі відаў найбольш распаўсюджаных насякомых (2—3), птушак (3—4) і звяроў (4—5) роднага краю;
некалькі відаў раслін і жывёл (2—3), занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь;
правілы паводзін у прыродзе (чаму нельга збіраць букеты з прыгожа квітнеючых раслін на лузе, у лесе, лавіць каляровых матылёў, жаб і інш.) і ў грамадскіх месцах (у бібліятэцы, транспарце, на вуліцы і да т. п.);
правілы зносін з равеснікамі і дарослымі;
якое значэнне для здароўя мае знаходжанне на свежым паветры;
чаму неабходна праветрываць кватэру і класныя памяшканні;
якія прадукты карысныя для здароўя;
значэнне чыстай вады для здароўя чалавека.
Вучні павінны ў м е ц ь :
выкарыстоўваць словы прывітання, звароту, падзякі;
выконваць правілы этыкету ў сумеснай калектыўнай працы і ў гульнях з аднагодкамі;
выконваць правілы паводзін у грамадскіх месцах;
сачыць за сваім знешнім выглядам;
удзельнічаць у падтрымцы чысціні і ўтульнасці ў доме;
адрозніваць (па істотных прыметах):
а) жывыя і нежывыя прадметы прыроды;
б) некалькі відаў найбольш распаўсюджаных дзікарослых і культурных дрэў (3—4), кустоў (2—3), траў (2—3) роднага краю;
в) некалькі відаў раслін і жывёл (2—3), занесеных у Чырвоную кнігу Рэспублікі Беларусь;
г) лекавыя і ядавітыя расліны (2—3);
д) некалькі відаў найбольш распаўсюджаных насякомых (2—3), птушак (3—4) і звяроў (4—5) роднага краю;
пад кіраўніцтвам настаўніка, выхавацеля праводзіць назіранні за раслінамі, жывёламі;
выконваць нормы і правілы прыродаахоўных паводзін;
удзельнічаць у даступнай прыродаахоўнай дзейнасці;
папярэджваць розныя бытавыя траўмы, аказваць першую дапамогу пры апёках, драпінах, парэзах.
ІІІ КЛАС
(35 г)
ПРЫРОДА І ЧАЛАВЕК (27 г)
Арыентаванне на мясцовасці (3 г)
Гарызонт, бакі гарызонту. Арыентаванне па Сонцы, компасе і мясцовых прыродных прыметах.
Практычныя работы. Засваенне спосабаў арыентавання на мясцовасці па Сонцы, компасе і мясцовых прыметах.
Зямля на глобусе і карце (2 г)
Глобус — мадэль Зямлі. Фізічная карта паўшар’яў. Мацерыкі і акіяны.
Практычныя работы. Чытанне карты: знаходжанне мацерыкоў, акіянаў на глобусе і карце паўшар’яў.
Мая краіна (18 г)
Формы зямной паверхні (3 г). Раўніны і горы як асноўныя формы паверхні Зямлі. Узгорак. Гара. Раўнінны характар паверхні Рэспублікі Беларусь, яго значэнне. Раўніны, нізіны, узвышшы на фізічнай карце Беларусі.
Разнастайнасць вадаёмаў (2 г). Рэкі і азёры. Водныя багацці Рэспублікі Беларусь. Іх выкарыстанне чалавекам і ахова. Найбуйнейшыя рэкі і азёры на фізічнай карце Беларусі.
Найбольш распаўсюджаныя карысныя выкапні (3 г). Пясок, гліна, калійная соль, торф, іх выкарыстанне. Багацці недраў роднай зямлі. Выкарыстанне карысных выкапняў чалавекам і іх ахова.
Раслінны і жывёльны свет Беларусі (10 г). Што такое прыроднае згуртаванне. Асноўныя прыродныя згуртаванні роднага краю: лес, балота. Значэнне балот у прыродзе. Уплыў дзейнасці чалавека на прыродныя згуртаванні.
Поле — згуртаванне, створанае чалавекам. Жывёлы, якія жывуць у полі. Узаемасувязі паміж раслінамі і жывёламі поля.
Ахоўныя тэрыторыі: нацыянальны парк «Белавежская пушча».
Практычныя работы. Знаходжанне асноўных формаў зямной паверхні, найбуйнейшых рэк і азёр на фізічнай карце Беларусі. Знаёмства з узорамі карысных выкапняў з калекцыі.
Экскурсіі ў прыроду (3—4). Прыкладныя тэмы: «Формы зямной паверхні, вадаёмы, карысныя выкапні роднага краю» (комплексная), «Асноўныя прыродныя згуртаванні роднага краю (лес, балота)» (з улікам магчымасцей рэгіёна), «Расліны і жывёлы поля». Экскурсіі праводзяцца ў пачатку навучальнага года.
Разнастайнасць прыроды на Зямлі (4 г)
Расліны і жывёлы розных куткоў Зямлі. Залежнасць разнастайнасці расліннага і жывёльнага свету Зямлі ад наяўнасці цеплыні і вільгаці.
ЧАЛАВЕК І ЯГО ЗДАРОЎЕ (8 г)
Чалавек — частка прыроды (1 г). Арганізм чалавека. Правы дзяцей на абарону ад насільнага перамяшчэння і выкрадання. Правілы паводзін у небяспечных сітуацыях.
Як чалавек успрымае навакольны свет (1 г). Вочы — орган зроку, вушы — орган слыху. Гігіена гэтых органаў пачуццяў.
Права на асабістую ахову дзяцей з асаблівасцямі развіцця. Неабходнасць уважлівых адносін да іх.
Мозг (1 г). Галаўны мозг — галоўны орган, які кіруе работай усіх іншых органаў.
Скура (1 г). Яе значэнне для арганізма чалавека. Гігіена скуры.
Апора цела і рух (1 г). Правілы выпрацоўкі і захавання правільнай паставы.
Дыханне (1 г). Органы дыхання. Гігіена дыхання. Значэнне чыстага паветра для здароўя чалавека. Шкода курэння.
Значэнне правільнага харчавання для арганізма, які расце (1 г). Догляд зубоў. Шкода алкаголю.
Ахова дзяцей, якія жывуць на тэрыторыях, што папакутвалі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1 г).
АСНОЎНЫЯ ПАТРАБАВАННІ ДА ПАДРЫХТОЎКІ ВУЧНЯЎ ІІІ класа
Вучні павінны в е д а ц ь:
што такое гарызонт;
асноўныя і прамежкавыя бакі гарызонту, розныя спосабы арыентавання на мясцовасці;
асноўныя формы паверхні Беларусі;
асноўныя прыродныя згуртаванні роднага краю (лес, балота);
3—4 віды найбольш распаўсюджаных раслін і жывёл леса, балота, поля;
значэнне прыроды для чалавека, уплыў дзейнасці людзей на прыроду;
ахова прыроды — доўг і абавязак кожнага чалавека;
правілы выпрацоўкі і захавання добрай паставы;
значэнне скуры для арганізма;
правілы догляду за скурай;
правілы догляду за зубамі;
асноўныя правілы аховы зроку і слыху;
пра шкодны ўплыў курэння і алкаголю на арганізм чалавека;
значэнне здаровага харчавання для арганізма школьніка.
Вучні павінны ў м е ц ь:
арыентавацца па компасе і некаторых мясцовых прыметах;
паказваць мацерыкі і акіяны на глобусе, фізічнай карце паўшар’яў;
адрозніваць некалькі відаў найбольш распаўсюджаных раслін і жывёл лесу, балота, поля;
праводзіць экалагічнае прагназіраванне (рашаць задачы тыпу «Што будзе, калі…»);
выконваць правілы паводзін у прыродзе, якія адпавядаюць экалагічным нормам, абгрунтоўваць неабходнасць іх выканання.
IV клас
МАЯ РАДЗІМА — БЕЛАРУСЬ (35 ч)
Уводзіны (1 г)
Як працаваць з вучэбным дапаможнікам. Паняцці «Радзіма» і «Бацькаўшчына».
Раздзел І. Геаграфічныя і гістарычныя звесткі аб нашай Радзіме (8 г)
Нашы продкі (1 г). Рассяленне ўсходнеславянскіх плямён на тэрыторыі Беларусі. Легендарныя продкі беларусаў.
Мы і нашы суседзі (1 г). Размяшчэнне Беларусі на карце Еўропы. Краі-ны — суседкі Беларусі. Тэрытарыяльна-адміністрацыйны падзел Рэспублікі Беларусь. Насельніцтва Беларусі. Вызначэнне месцараспалажэння сталіцы і абласных цэнтраў на тэрытарыяльна-адміністрацыйнай карце Рэспублікі Беларусь.
Зямля блакітных рэк і азёр (1 г). Рэкі і азёры як сведкі гістарычнага мінулага нашай краіны. Беларускія рэкі — шляхі зносін і абмену. Легенда пра возера Свіцязь. Матывы роднага краю ў творчасці польскага паэта, ураджэнца Беларусі Адама Міцкевіча.
Наша Радзіма на гістарычнай карце (1 г). Асаблівасці гістарычнай карты. Азнаямленне з умоўнымі абазначэннямі на гістарычнай карце.
«Стужка часу» (1 г). Гістарычныя падзеі і іх даты. Працягласць і паслядоўнасць гістарычных падзей. Вызначэнне перыядаў «да нашай эры» і «наша эра» на стужцы часу.
Маўклівыя сведкі мінуўшчыны (1 г). Адкуль узяліся камяні на беларускай зямлі. Роля камянёў у жыцці і вераваннях старажытных жыхароў Беларусі. Курганы як помнікі гісторыі.
Як да нас прыйшла кніга (1 г). Пісьмовыя гістарычныя крыніцы пра нашу Бацькаўшчыну. Берасцяныя граматы. Летапісы. Рукапісныя кнігі. Запавет Кірылы Тураўскага.
Першыя друкаваныя кнігі (1 г). Кнігавыдавецкая дзейнасць усход-неславянскага першадрукара Францыска Скарыны. Ф. Скарына як патрыёт Бацькаўшчыны. Выдавец першай друкаванай на тэрыторыі Беларусі кнігі Сымон Будны — прадаўжальнік справы Ф. Скарыны.
Раздзел ІІ. Гісторыя Беларусі ў паданнях, падзеях і імёнах (18 г)
Князёўна з трыма імёнамі (1 г). Легендарныя і летапісныя звесткі пра полацкую князёўну Рагнеду. Полацкі князь Ізяслаў — сын Рагнеды.
Яраслаў Мудры — сын Рагнеды (1 г). Старажытнаруская дзяржава ўсходніх славян Кіеўская Русь. Асветніцкая дзейнасць Яраслава Мудрага і яго запавет сынам.
Усяслаў Чарадзей (1 г). Легенды і гістарычныя звесткі аб Полацкай зямлі. Полацкі князь Усяслаў Чарадзей. Полацкі Сафійскі сабор як сімвал магутнасці княства і гістарычны помнік.
Еўфрасіння Полацкая (1 г). Жыццёвы шлях і асветніцкая дзейнасць Еўфрасінні Полацкай. Крыж Еўфрасінні Полацкай як культурна-хрысціянская каштоўнасць беларускага народа. Спаса-Еўфрасіннеўская царква.
У абарону сваёй зямлі (1 г). Аб’яднанне беларускіх і літоўскіх зямель супраць крыжацкай пагрозы ў адну дзяржаву — Вялікае княства Літоўскае. Вялікі князь Вітаўт. Грунвальдская бітва.
Па якіх законах жылі нашы продкі (1 г). Законы штодзённага жыцця людзей. Агульнанародны збор у Полацкім княстве — веча. Статут Вялікага княства Літоўскага. Леў Сапега.
Адкуль пайшлі назвы нашых гарадоў (3 г). Беларускія гарады ў гістарычным мінулым. Полацк і Тураў. Наша сталіца і абласныя гарады ў старажытнасці: гады ўзнікнення, паходжанне назваў, гербы. Развіццё гарадскіх рамёстваў. Азнаямленне з гісторыяй паходжання назвы свайго населенага пункта.
Пад сценамі старажытных замкаў (1 г). Замкі на карце Беларусі. Крэўскі, Гродзенскі, Нясвіжскі, Мірскі замкі як помнікі гісторыі і культуры. Сынкавіцкая царква-крэпасць.
У краіне майстроў (1 г). Рамесныя вырабы беларускіх майстроў. Слуцкія паясы і іх выраб. Каляровая кафля.
Ад батлейкі да тэатра (1 г). Народны лялечны тэатр — батлейка. Асветніцкая дзейнасць Сімяона Полацкага. Слонімскі тэатр Міхала Казіміра Агінскага. Паланез «Развітанне з Радзімай» Міхала Клеафаса Агінскага.
У што верылі нашы продкі (1 г). Вера ў існаванне духаў. Прыняцце хрысціянства, будаўніцтва цэркваў і манастыроў, заснаванне школ. Веравызнанні ў Беларусі. Верацярпімасць.
Пясняр сялянскай долі (1 г). Прыгонны стан сялян і яго адмена. Ф. Багушэвіч — абаронца працоўнага люду. Запавет Ф. Багушэвіча берагчы і шанаваць родную мову.
Славутыя дзеячы навукі і культуры (1 г). Даследаванні Яўхіма Карскага. Дзейнасць братоў Тышкевічаў. Адлюстраванне ў творчасці Янкі Купалы і Якуба Коласа тэмы роднага краю. Першы прэзідэнт Беларускай Акадэміі навук гісторык Усевалад Ігнатоўскі.
Будаўніцтва новага жыцця (1 г). Кастрычніцкая рэвалюцыя і ўстанаўленне Савецкай улады ў Беларусі. Утварэнне БССР і СССР. Развіццё народнай гаспадаркі: будаўніцтва прамысловых прадпрыемстваў і стварэнне калгасаў у 1920—1930-я гады. Развіццё культуры і адукацыі, вырашэнне моўнага пытання ў 1920—1930-я гады. Жыццё насельніцтва Заходняй Беларусі і ўз’яднанне яе з БССР.
Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны (2 г). Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Мужныя абаронцы Брэсцкай крэпасці. Патрыятызм беларускага народа. Славуты партызан дзед Талаш і юны партызан Марат Казей. Дзейнасць падпольшчыкаў на чале з Канстанцінам Заслонавым. Трагедыя вёскі Хатынь. Лагер Трасцянец. Вызваленне Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Легендарны подзвіг Трыфана Лук’яновіча.
Раздзел ІІІ. Мая рэспубліка (7 г)
Багацце нашай краіны (1 г). Пасляваеннае аднаўленне народнай гаспадаркі Беларусі. Вырабы беларускай прамысловасці. Зямля — карміцелька жыхароў нашай краіны. Прадукцыя сельскай гаспадаркі. Транспарт і шляхі зносін.
Тут мінуўшчына з сучаснасцю сышліся (2 г). Новыя гарады на карце Беларусі. Салігорск: паданні і рэчаіснасць. Наваполацк: сучаснае нафтаперапрацоўчае прадпрыемства побач са старажытным Полацкам. Светлагорск: горад энергетыкаў і хімікаў. Жодзіна: подзвіг сыноў маці-патрыёткі А. Ф. Купрыянавай, сучасны прамысловы воблік горада. Новыя прафесіі жыхароў Беларусі.
Мінск — сталіца нашай дзяржавы (1 г). Мінск: старажытны і сучасны цэнтр нашай рэспублікі. Мінск — «Горад-герой». Адлюстраванне гістарычных падзей, імён дзеячаў гісторыі і культуры ў назвах гарадскіх праспектаў, вуліц і плошчаў.
Мая рэспубліка (1 г). Утварэнне Рэспублікі Беларусь. Садружнасць Незалежных Дзяржаў. Органы дзяржаўнай улады ў нашай рэспубліцы. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь — кіраўнік нашай дзяржавы. Наша краіна — адна з заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Саюз Беларусі і Расіі.
Закон Рэспублікі Беларусь «Аб правах дзіцяці», яго асноўны змест. Асноўныя правы дзіцяці. Права на адукацыю і адпачынак. Дзеці і рэлігія.
Дзяржаўны герб нашай краіны (1 г). Адлюстраванне ў Дзяржаўным Гербе Рэспублікі Беларусь геаграфічнага становішча Беларусі, традыцый нашых продкаў, якасцей характару беларусаў.
Сцяг беларускай дзяржавы (1 г). Гісторыя сцяга БССР. Сімвалы колераў Дзяржаўнага Сцяга Рэспублікі Беларусь. Адлюстраванне ў арнаменце Дзяржаўнага Сцяга Рэспублікі Беларусь працалюбства беларускага народа. Чырвоны сцяг — сімвал мужнасці нашага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Абагульненне (1 г)
У працэссе навучання малодшыя школьнікі паступова авалодваюць наступнымі вучэбнымі ўменнямі:
складаць невялікае паведамленне пра знакамітых гістарычных асоб і дзеячаў культуры з апорай на тэкст вучэбнага дапаможніка;
складаць апісанне па гістарычнай ілюстрацыі;
узнаўляць змест гістарычных паняццяў з дапамогай слоўніка, размешчанага ў вучэбным дапаможніку;
паказваць на карце і абазначаць на контурнай карце з дапамогай картасхем вучэбнага дапаможніка і атласа тэрыторыю і межы Рэспублікі Беларусь, сталіцу і абласныя цэнтры, месца свайго пражывання;
вызначаць паслядоўнасць гістарычных падзей на «стужцы часу», а таксама карыстаючыся спісам асноўных дат, якія пададзены ў вучэбным дапаможніку.
АСНОЎНЫЯ ПАТРАБАВАННІ ДА ПАДРЫХТОЎКІ ВУЧНЯЎ IV КЛАСА
У выніку навучання вучні павінны в е д а ц ь:
назву дзяржавы, яе сталіцу і абласныя цэнтры;
дзяржаўную сімволіку Рэспублікі Беларусь;
імёны 2—3 гістарычных асоб і дзеячаў культуры Беларусі;
1—2 памятныя мясціны свайго роднага краю.
Вучні павінны у м е ц ь:
складаць невялікае паведамленне пра знакамітых гістарычных асоб і дзеячаў культуры з апорай на тэкст вучэбнага дапаможніка;
складаць вуснае апісанне па гістарычнай ілюстрацыі.
|