Маргарыта Латышкевіч Індывідуальнае і агульнае ў перцэпцыі «казкавага часу»




Дата канвертавання29.03.2016
Памер84.92 Kb.
Маргарыта Латышкевіч

Індывідуальнае і агульнае ў перцэпцыі

«казкавага часу»: псіхафалькларыстычны аспект
Разважаючы пра спецыфіку характарыстык прасторы ў фальклорных творах, нельга не звярнуць увагі на ўзаемапранікненне паняццяў прасторы і часу. У прыватнасці, гэтае пытанне актыўна распрацоўваў М. Бахцін; уласна, менавіта дзякуючы падобнаму парадоксу стала магчымым стварэнне паняцця «хранатоп» для характарыстыкі літаратурнага твора. Пакінем, аднак, літаратуразнаўчыя разважанні ўбаку і сканцэнтруем увагу на выніках падобнага змешвання паняццяў у народнай творчасці.

Звернем увагу: апавядальнік у казцы свядома намагаецца аддаліць падзеі ад успрымальніка, прычым як па часе, так і па адлегласці. Дакладней, гэта нібыта падразумяваецца; не сакрэт, што характарыстыка першага або другога параметра можа апускацца або, як было сказана вышэй, два гэтыя параметры могуць злівацца ў адзінства. Дзеля чаго? Улічым, што аніводная казка не будзе ўтрымліваць канкрэтных указанняў на час (апрача скажоных пазнейшых напластаванняў; скажам, з’яўлення Пятра І замест звычайнага цара). Для казкі дзеючыя асобы, здавалася б, бясконца далёкія (бо жывуць во время оно, міфалагічны зацыклены час) ўяўляюцца сучаснікамі. Дакладней, з’яўляюцца сучаснікамі падчас разгортвання гістрыі перад чытачом/слухачом, падчас непасрэднага яе выканання. І гэты феномен успрымання жыццёва неабходны для ўключэння ў свет казкі, для ўключэння ў межы «гульнёвага поля».

Дзеля выяўлення законаў гэтай гульні з успрымальнікам звернемся да канкрэтнага сюжэту чарадзейнай казкі (сюжэту 465 А «Пайдзі туды, не ведаю куды»). Падобную канкрэтызацыю ў нашай сітуацыі лёгка вытлумачыць: згаданы сюжэт валодае вызначальнай характарыстыкай, якая дазволіць нам найбольш яскрава патлумачыць фенаменальнасць прасторава-часавых каардынат фальклорнай прозы (у першую чаргу – казак, канешне). Гэтая адметная для нас характарыстыка – матыў задачы (quest), які арганізуе ўсю структуру такіх твораў, актывізуе дзеянне, задае яму рух, матывацыю і напрамак.

У сувязі з гэтым матывам звышзадачы звернем увагу на літаратуразнаўчы тэрмін «авантурны час». М. М. Бахцін падае наступнае азначэнне: «Ён [час. – М. Л.] складаецца з шэрагу кароткіх адрэзкаў, што адпавядаюць асобным авантурам; унутры кожнай з іх час арганізаваны знешне – тэхнічна: важна паспець уцячы, дагнаць, апярэдзіць, з’явіцца ці не з’явіцца якраз у гэты момант у вызначаным месцы, сустрэцца ці не сустрэцца і г. д.» Згаданыя ўласцівасці «авантурнага часу» ўдала выяўляюцца ў казках сюжэту 465 («Пайдзі туды, не ведаю куды»), дзе прэзентуецца ўласны тып галоўнага героя – шукальніка, авантурніка, які і з’яўляецца выканаўцам звышзадачы-квэсту. Улічваючы спецыфіку хранатопу свету чарадзейнай казкі, мы прапануем увесці тэрмін казкавы час як тэрмін фалькларыстычны. Паспрабуем даць яму азначэнне і дзеля гэтага вылучым асаблівасці.

Такі час выяўляе сябе праз спецыфічныя моўныя сродкі: гэта могуць быць прыслоўі «нечаканасці» (раптам, нечакана, сычас, зараз, аж во) і пэўныя дзеясловы і дзеяслоўныя канструкцыі (бачыць, зараз бачаць, устрачаюць сычас, бача). Такія моўныя сродкі – не проста характарыстыкі часу, але і своеасаблівыя паказчыкі яго, што сведчаць пра разгортванне новай авантуры. Адна такая «авантура» дае штуршок наступнай і, разам з тым, агульнаму развіццю дзеяння.

Для падобных твораў, аднак, характэрная асаблівасць, што ўскладняе ход дзеяння ў параўнанні з тым жа грэчаскім раманам: знакавыя, ключавыя сітуацыі могуць паўтарацца тройчы, прычым з розным іх вырашэннем (Напрыклад, у казцы «Няшчасны Егар» паляванне ўдаецца галоўнаму герою адно з трэцяга разу). Важны не толькі лік «тры», які, безумоўна, мае надзвычайнае значэнне ў фальклоры; важнае і тое, што паляўнічаму павінны былі не ўдацца абедзьве папярэднія спробы выканання загаду цара, – для таго, каб ён апынуўся ў патрэбны час каля ляснога возера, дзе пабачыў сваю будучую жонку. Падобныя нечаканыя супадзенні (або несупадзенні) суправаджаюць казкавы час на працягу яго разгортвання, і не проста пазначаюць яго межы, а, фактычна, утвараюць яго.

Згаданую вышэй адметную групу дзеясловаў мы ўмоўна назвалі «дзеясловамі квэсту». Фактычна, гэта тыя маркеры, што паказваюць на актывізацыю казкавага часу і якія, на нашу думку, неабходныя для яго ўтварэння.

Але час не існуе сам па сабе, і выяўленне яго руху у казцы часцей за ўсё паказваецца праз рух у прасторы казачнага свету. У названай вышэй адносна невялікай па памеры казцы «Няшчасны Егар» згадваецца да дзесяці асноўных локусаў (палац, горад, лес, возера, шынок, паляна, балоты-мхі, дом правагромны, выспы і г. д.). Што ж вымагае такіх перамяшчэнняў? Безумоўна, гэта яшчэ адна ўласціваць казкавага часу. Галоўны герой зусім не выпадкова атрымлівае заданне «пайсці туды, не ведаю куды» – нязмернасць падарожжа, бясконцая далечыня яго прадугледжвае фактычна бясконцую ж адсутнасць. Сам жа герой казкі, змушаны з розных прычын накіравацца ў незвычайна далёкае падарожжа, апынаецца ў чужой і часта варожай яму прасторы (М. М. Бахцін нават уводзіць паняцце «чужой прасторы», звязанае з характарыстыкамі «авантурнага часу»). Аднак, як ні дзіўна, менавіта няведанне стаецца прычынай прыдбання героем чароўных памочнікаў (як, напрыклад, Мурзы у казцы «Няшчасны Егар»). Часам, праўда, няведанне законаў навакольнага свету прыводзіць героя да значна горшых здарэнняў. Аднак самая неспрактыкаванасць героя ў ведах пра навакольны свет, парушэнне істотных законаў гэтага свету («парушэнне табу») зноў прыводзіць да разгортвання ў прасторы і часе чарговай авантуры – а значыць, адсутнасць сувязей з наваколлем таксама можна назваць істотнай прыкметай казкавага часу.

Улічваючы псіхафалькларыстычную скіраванасць нашага даследавання, не можам не звярнуць увагі на стаўленне апавядальнікаў да падзей у казцы. Цалкам лагічна было б меркаваць, што аповед бачыцца апавядальніку апісаннем падзей невымернай даўніны. Але, распавядаючы пра выпадкі нейкага бясконца аддаленага ад моманту гаворкі казачнага часу, апавядальнік таксама мадэлюе другасную рэальнасць адносна дзеючых асоб казкі, і для апошніх гэты прошлы для апавядальніка і слухача казкі час з’яўляецца часам непасрэднага існавання, які разгортваецца па сваіх законах, якому персанажы казкі падпарадкаваныя і па-за якім не існуюць. Такім чынам, заканамернае з’яўленне формаў цяперашняга і (радзей) будучага часоў у простай мове, дыялогах або маналогах персанажаў, для якіх разгортванне падзей у часе адбываецца самым натуральным чынам.

Калі з’яўленне форм гэтых часоў у гаворцы дзеючых асоб не выклікае пытанняў, то некалькі дзіўна выглядае той факт, што абсалютная большасць дзеясловаў маўленчай дзейнасці таксама выкарыстоўваецца ў формах цяперашняга часу: гавора, спрашуе, адказуе, атвяшчае, просіць, кажа і іншыя. Фактычна – гэта выкарыстанне форм цяперашняга часу замест прошлага, якія, улічваючы словы аўтара, павінны былі ўжывацца. Вытлумачыць гэта, відаць, можна праз тое, што, па-першае, апавядальнік непасрэдна асацыіруе свае рэмаркі з маўленнем (і яго арыентаванасцю ў часе) самога персанажа; па-другое, падчас разгортвання гісторыі апавядальнік пераўвасабляецца ў кожнага з персанажаў свайго аповеду, гаворыць «замест» іх – а значыць, у дадзены канкрэтны момант гаварэння не проста ўзнаўляюцца пэўныя рэплікі, сказаныя калісьці, але гаварэнне пераствараецца нанова, фактычна, непасрэдна у працэсе выканання твора перад слухачамі.

Апошняе сцверджанне зноў прыводзіць нас да неабходнасці характарыстыкі ўзаемін паміж выканаўцам фальклору і ягоным аповедам. Найлепей, відаць, гэтыя ўзаеміны можна прасачыць у спецыфічнай формуле-канцоўцы. Насуперак частотнаму зачыну “даўным-даўно” канцоўка ў абсалютнай большасці выпадкаў непасрэдна тычыцца сучаснасці: і цяперака жывуць; і жывуць сабе і цяпер ды пажываюць і дабра нажываюць і іншыя. Такім чынам, як бачым, апавядальнік не проціпастаўляе сябе і герояў свайго аповеду па лініі часу; для яго яны адначасова –і аб’ект гісторыі, і сучаснікі. Пра такую дваістасць успрымання часу пагружанага ў «гульню» (у нашым выпадку – у казку) чалавека пісаў Э.Фінк: «[удзельнік гульні] жыве адначасова ў двух царствах: у звычайнай рэчаіснасці і ў сферы нерэальнага, уяўнага... Утвараючы свет гульні, удзельнікі не застаюцца ўбаку ад свайго стварэння, яны не застаюцца звонку, але самі ўступаюць у межы гэтага свету і адыгрываюць у ім свае ролі».

Такая пазіцыя апавядальніка зноў вяртае нас да канцэпцыі часу, якая пануе ў свеце чарадзейнай казкі, які пачынаецца бясконца даўно і доўжыцца таксама бясконца. Фактычна гэта абазначае бясконцую ўзнаўляльнасць сітуацыі, аповеду, якая ўтварае кола: як толькі герой дасягае мэты, яго подруж пачынаецца нанава, таму што апавядальнік нанава расказвае тую самую гісторыю, раздаючы ролі і відазмяняючы поле гульні.

Такім чынам, мы можам даць прапанаванаму тэрміну азначэнне: казкавы час – гэта вызначальная катэгорыя свету чарадзейнай казкі, што характарызуецца сувяззю з неабмежаванай па памеры чужой для персанажа прасторай і ўмоўнай рассечанасцю на асобныя эпізоды-авантуры, змена якіх матываваная нечаканымі супадзеннямі (або несупадзеннямі) пэўных фактараў. Знешне казкавы час выяўляецца ва ўжыванні словаў-маркераў (прыслоўяў нечаканасці і дзеясловаў квэсту), а таксама – у паўтаральнасці як знакавых сітуацый, так і ўсяго аповеду цалкам (пры ўзнаўленні апавядальнікам).

Вызначыўшыся з пытаннямі тэрміналогіі, засяродзім увагу на спецыфіцы індывідуальнага ўяўлення пра казкавы час у носьбітаў беларускага фальклору. Заўважым: мы перакананыя, што «носьбітамі» фальклорнай традыцыі з'яўляюцца ўсе прадстаўнікі этнаса – хаця і з розным узроўнем выражанасці. Безумоўна, пры правядзенні эксперыментаў неабходна ўлічваць узрост, адукацыю, сацыяльны статус, паходжанне індывіда. Аднак па-за ўласна асобаснымі фактарамі не могуць не вылучыцца пэўныя перцэптыўныя універсаліі. Устойлівая фіксацыя апошніх у свядомасці сучасных носьбітаў фальклорнай традыцыі дазволіць нам заявіць аб правамернасці ўжывання самога тэрміна «казкавы час», а таксама, магчыма, пралье святло на вытокі сувязі катэгорый прасторы і часу.

Для гэтага даследавання таксама распрацавана некалькі праектаў эксперыментаў з носьбітамі фальклору. Першы з іх па сваёй сутнасці ідэйна блізкі да псіхалінгвістычных практык. У прыватнасці, ўдзельнікам прапануецца папросту дапоўніць прыслоўямі наступныя сказы:

1) Цар … загадаў яму споўніць гэта. Сам … сеў на тры тройкі і паехаў па дзічыну.

2) Пабачыў ён аленя – і ўзрадаваўся. ... умыўся, Богу памаліўся, бярэ аленя-залатарога і вядзе да цара ў палац.

3) Як едуць, страчаюць ... – ідуць чорт і чарцяня, стары і маленькі.

4) Пайшоў Іванька ў свет, куды вочы глядзяць. ... насустрач яму ідзе дужа красівая дзеўка.

5) ... пачала яна яму прыгатаўліваць на дарогу, што яму трэба было. Ну, ён збіраецца і адпраўляецца ў дарогу.


Неабходна зазначыць, што ў арыгінальных творах (беларускіх казках) на месцы пропускаў знаходзіліся так званыя прыслоўі «нечаканасці» (раптам, нечакана, сычас, зараз, зараз жа, аж во), пра якія мы казалі вышэй. Калі звярнуць увагу на самі сказы, відавочна, што з’яўленне ў гэтых сінтаксічных канструкцыях менавіта прыслоўяў гэтай вылучанай намі групы ніяк не абумоўлена з пункту гледжання граматыкі. Гэта азначае, што тэарэтычна на месца пропуску можна паставіць любое прыслоўе.

Але гэтаму сцверджанню напрамую супярэчаць вынікі першага («пілотнага») апытання. Цікава, што абсалютная большасць удзельнікаў эксперымента (васемнаццаць чалавек з дваццаці) на месцы пропускаў рэгулярна ўжывала якраз прыслоўі «нечаканасці», часта з цяжкасцю знаходзячы тлумачэнні такому свайму выбару. Некаторыя матывавалі свой выбар сэнсавай неабходнасцю іх з’яўлення. Але калі прапанаваныя для эксперымента сінтаксічныя канструкцыі не звязаныя сінтаксічнай абумоўленасцю, што ж магло прадвызначыць ужыванне пэўных моўных адзінак? На нашу думку, адказ можа быць толькі адзін: менавіта катэгорыя «казкавага часу» дыктуе структуру твораў, а значыць – і адбор сродкаў мовы. Неабходна сказаць, што ўсе сказы былі ўзятыя з казак, аб’яднаных сюжэтам 465 АА, - з твораў, у якіх надзвычайна моцны матыў квэсту. Нагадаем: менавіта вывучэнне матэрыялу гэтых твораў дало падставы для вылучэння намі «казкавага часу» як асобнай катэгорыі.



Такім чынам, спецыфіка «казкавага часу» замацавалася ў самай фальклорнай традыцыі, носьбітамі якой, на нашу думку, з’яўляемся ўсе мы – у большай або меншай ступені. Безумоўна, індывідуальныя асаблівасці кожнага ўдзельніка эксперымента накладаюць свой адбітак на вынікі (напрыклад, сыходзячы з свайго разумення кантэксту, удзельнік выкарыстоўвае тую або іншую лексему, каб падкрэсліць важныя для яго нюансы значэння). Аднак у гэтым канкрэтным выпадку надзвычай цікавым падаецца ўжыванне лексем адной умоўнай групы, акрэсленай намі вышэй. Безумоўна, канчатковыя вынікі рабіць пакуль яшчэ рана: прайшоў толькі першы, пробны этап эксперыменту. Для нас важна ахапіць апытаннем большую колькасць удзельнікаў, розных узроставых і сацыяльных груп. Пасля на падставе такіх эксперыментаў магчымым бачыцца таксама і кампаратыўнае даследаванне.
ЛІТАРАТУРА


  1. Бахтин М.М. Литературно-критические статьи. М., 1986

  2. Пропп В.П. Структурное и историческое изучение волшебной сказки // Семиотика. Антология /сост. Ю. С. Степанов. – М., 2001

  3. Степанов Ю.С. Константы: словарь русской культуры, М. 2004

  4. Чарадзейныя казкі: у 2 ч., 2-е выд., ч.1 / склад. К.П. Кабашнікаў, Г.А. Барташэвіч, Мн., 2003

  5. Чарадзейныя казкі: у 2 ч., 2-е выд., ч.2 / склад. К.П. Кабашнікаў, Г.А. Барташэвіч, Мн., 2003








База данных защищена авторским правом ©shkola.of.by 2016
звярнуцца да адміністрацыі

    Галоўная старонка